Нацыянальна-дзяржаўная палiтыка i змены этнiчнай структуры насельнiцтва Беларусi ў 1945-1989 гг.

 

          Валянцiн МАЗЕЦ (Мiнск)

 

Насельнiцтва Беларусi ў яе сучасных межах напярэдаднi Вялiкай Айчыннай вайны складала 9,2 млн. чалавек. [1] Пасля значных дэмаграфiчных стратаў, атрыманых у час вайны, у 1945 г. насельнiцтва Беларусi складала 6264,8 тыс. чалавек. [2]

Палiтыка, што праводзiлася ў СССР у галiне нацыянальных адносiнаў у першае пасляваеннае дзесяцiгоддзе, у агульных рысах супадала з нацыянальнай палiтыкай перадваеннага перыяду. Гэта пряўлялася i ў барацьбе з «нацыяналiзмам», i ў пашырэннi сферы ўжывання рускай мовы. Барацьба з праявамi нацыянальнага руху ў саюзных рэспублiках ажыццяўлялася пераважна рэпрэсiўнымi метадамi.

На тэрыторыi Беларусi шырокай партызанскай узброенай барацьбы супраць Савецкай улады, як гэта адбывалася ў Прыбалтыцы або на Украiне, не назiралася. Такая сiтуацыя была абумоўлена тым, што органы НКУС iмкнулiся тут выявiць нават слабыя парасткi патэнцыйна магчымага нацыянальнага супрацiву беларусаў таталiтарнай сiстэме. Пратэст супраць таталiтарнай сiстэмы ў першыя пасляваенныя гады выспяваў у асяродзi моладзi, якая лiчыла неабходным абарону нацыянальных правоў i свабод. Карнымi органамi былi выкрыты падпольныя патррыятычныя арганiзацыi i группы моладзi ў Слонiме, Баранавiцкiм настаўнiцкiм iнстытуце, Жыровiцкiм сельскагаспадарчым тэхнiкуме, Ганцавiцкiм, Глыбокскiм i Пастаўскiм педагагiчных вучылiшчах.

Барацьба за захаванне i развiцце беларускай мовы i культуры ўладамi разглядалася як вялiкае злачынства, носьбiты крамольных думак былi арыштаваныя i пакараныя.Ва ўмовах пашырэння атмасферы ўсеагульнага недаверу нават знаходжанне на акупаванай тэрыторыi ў час вайны пачынае разглядацца як вялiкае злачынства. У лютым 1945 года была прынята пастанова ЦК КП(б)Б «Аб перавыхаваннi грамадства ў духу савецкага патрыятызму i нянавiсцi да нямецкiх акупантаў». Менавiта таму, з мэтаю «перавыхавання», на працягу першага пасляваеннага дзесяцiгодзя з Беларусi было вывезена каля 1 мiльёна чалавек, пераважна прадстаўнiкоў грамадска-прафесiйнай элiты, што карысталiся пэўным аўтарытэтам у мясцовага насельнiцтва, а значыць, патэнцыйна маглi праводзiць адносна самастойную палiтыку, знаходзячыся на кiруючых пасадах. Замест iх былi прысланыя з Расii спецыялiсты, якiя не зведалi акупацыi i былi лаяльнымi i паслухмянымi. У вынiку такой ратацыi кадраў ужо ў 1946 годзе на Беларусi было зменена 83% старшыняў калгасаў i больш 90% кiраўнiкоў раённай i гарадской адмiнiстрацыi. [3]

У той жа час, на працягу 1946 — 1950 гг. адбываецца даволi iнтэнсiўны адток насельнiцтва Беларусi ў iншыя рэспублiкi Савецкага Саюза. Ён быў выклiканы цэлым шэрагам фактараў. Адным з такiх фактараў было навучанне моладзi ў сiстэме фабрычназаводскага навучання (ФЗН). Суадносiны тых хто навучаўся ў Беларусi i па-за межамi рэспублiкi складалi прыкладна 1 да 5. Так, у гэты перыяд часу каля 35% выпускнiкоў школ фабрычна-заводскага навучання, рамесных i чыгуначных вучылiшчаў БССР працавала на прадпрыемствах i будоўлях Масквы, Ленiнграда, Адэсы, Камсамольскана-Амуры, Сахалiна, лесазаводах Архангельска i Мурманска. Калi мець на ўвазе, што ўсяго за гады чацвёртай пяцiгодкi навучальныя ўстановы працоўных рэзерваў БССР выпусцiлi 79 тысяч маладых рабочых, то, паводле падлiкаў, атрымоўваецца, што прыкладна 27,7 тыс. чалавек на працягу 1946 — 1950 гг. пакiнулi тэрыторыю БССР. [4]

З вышэй указанай колькасцi толькi ў 1946 г. 4,5 тыс. выпускнiкоў вучылiшчаў i школ ФЗН рэспублiкi было паслана ў Данбас, а на аднаўленнi Сталiнграда працавала 6,7 тыс. чалавек, якiя скончылi на Беларусi будаўнiчыя школы ФЗН. [5] Больш 3 тыс. маладых людзей былi накiраваныя дзеля навучання пры машынабудаўнiчых прадпрыемствах СССР. Уладкаваўшыся на новым месцы, яны неахвотна вярталiся назад. Гэта пры тым, што эканомiка Беларусi за час вайны панесла вялiкiя страты, а па стану на 1 лiпеня 1946 г. прамысловасць БССР была ўкамплектавана рабочай сiлай толькi на 63%. [6]

У наступныя гады забяспечанасць эканомiкi рэспублiкi кадрамi не палепшылася. Так, па стану на 1-га студзеня 1948 года прамысловасць, транспарт i сувязь былi ўкамплектаваны iнжынерамi толькi на 59%. Ва ўмовах вострага недахопу квалiфiкаваных спецыялiстаў у розных галiнах народнай гаспадаркi ў 1950 г. з 326 выпускнiкоў БПi на працы ў БССР засталося толькi 183, са 126 выпускнiкоў Беларускага леса-тэхнiчнага iнстытута — 83 чалавекi. [7] Уладкаваўшыся на новым месцы, беларуская моладзь неахвотна вярталася назад. Такая кадравая палiтыка вымушала кiраўнiцтва рэспублiкi звяртацца да саюзнага кiраўнiцтва з просьбаю накiраваць у БССР выпускнiкоў аналагiчных школ ФЗН з iншых рэспублiк СССР.

У пасляваенны час захоўвалася высокая iнтэнсiўнасць мiжрэспублiканскай мiграцыi. Як ужо адзначалася вышэй вялiкая колькасць беларусаў у 1946 — 1950 гг. была накiравана дзеля аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркi iншых рэспублiк СССР. У сваю чаргу, у першыя пасляваенныя гады на Беларусь адбывалася даволi iнтэнсiўная мiграцыя рабочых з Расii i Украiны на аўтамабiльны заводы i iншыя прадпрыемствы. У вынiку ў 1950 годзе колькасць насельнiцтва рэспублiкi ў параўнаннi з 1945 г. павялiчылася амаль на 19% i дасягнула 7709 тыс. чалавек. [8] У сваю чаргу, масавыя мiграцыi з iншых саюзных рэспублiк прыводзiлi да размывання этнiчнай структуры насельнiцтва беларускiх гарадоў. Прыезжыя фармiравалi своеасаблiвы тып культуры — савецкi, якi грунтаваўся на рускамоўнай аснове.

Такая ж палiтыка ратацыi кадраў праводзiлася i ў наступныя дзесядзiгоддзi. Нягледзячы на тое, што ў 50-я гады попыт на працоўную сiлу ў рэспублiцы адставаў ад тэмпаў яе павелiчэнння, паводле рашэння дзяржаўных органаў праводзiцца арганiзаваны вываз найбольш працаздольнага насельнiцтва Беларусi, пераважна моладзi, з мэтаю iндустрыялiзацыi i асваення раёнаў Поўначы i Сiбiры, дзеля асваення цалiнных зямель Казахстана. Найбольш значны адток насельнiцтва назiраўся ў 1951 — 1953 гг., калi адмоўнае сальда мiграцыi склала 473,7 тыс. чалавек. [9]

Акрамя мiжрэспублiканскага перамяшчэння насельнiцтва, у гэты перыяд адбывалася мiжнародная мiграцыя, у прыватнасцi ў Польшчу. У вераснi 1951 г. Савет Мiнiстраў СССР прыняў пастанову «Аб высяленнi кулакоў з Беларускай ССР». У 1952 г. колькасць вывезеных у Сiбiр, Казахстан i Якуцiю дасягнула амаль 30 тыс. чалавек. [10] Адмоўнае сальда

мiграцыi насельнiцтва ў 1951 — 1953 гг. перавысiла нават памеры яго натуральнага прыросту. У вынiку, паводле праведзеных намi падлiкаў колькасць насельнiцтва БССР да 1954 г. не толькi не павялiчылася ў параўнаннi з 1951 г., але нават паменшылася на 95,5 тыс чалавек.

Побач з арыштамi, дэпартацыямi i высылкамi, важнейшым кампанентам у рэалiзацыi нацыянальна-дзяржаўнай палiтыкi з’яўлялася iдэалагiчная барацьба з любымi праявамi нацыянальнага руху. 20 студзеня 1945 года ЦК ВКП(б) прыняў пастанову «Аб палiтычнай рабоце партыйных арганiзацый сярод насельнiцтва заходнiх абласцей БССР», галоўным зместам якой быў заклiк да барацьбы супраць «беларускiх буржуазных нацыяналiстаў»: «У друку i ва ўсёй агiтацыйна-прапагандысцкай рабоце паказваць працоўным: што беларуска-нямецкiя нацыяналiсты былi i застаюцца наймiтамi нямецкiх захопнiкаў, саўдзельнiкамi iх злачынстваў супраць беларускага народа». [11]

Рэалiзуючы пастанову, сродкi масавай iнфармацыi iмкнулiся сфармiраваць ў грамадскай свядомасцi стэрэатып пра цесную узаемасувязь беларускага нацыянальнага руху з фашысцкiмi акупантамi. Шырокая кампанiя барацьбы з праявамi нацыянальнага руху разгарнулася ў БССР. У пастанове 1947 года ЦК ВКП(б) «Аб рабоце ЦК КП(б)Б», пастанове бюро ЦК КП(б)Б (лiпень 1947 г.) «Аб рабоце Саюза савецкiх пiсьменнiкаў i рэдкалегii лiтаратурна-мастацкiх часопiсаў БССР па выкананню пастановы ЦК ВКП(б) «Аб часопiсах «Звезда» i «Ленiнград», у шэрагу публiкацый былi падвергнуты крытыцы беларускiя пiсьменнiкi, лiтаратуразнаўцы i гiсторыкi за «праявы рэцэдыву буржуазнанацыяналiстычных канцэпцый» . [12]

Была зроблена выснова, што «беларускi нацыяналiзм заўсёды быў i ёсць самым горшым узорам нiзкапаклонства перад iмперыялiстычным Захадам». [13] Iдэалагiчная кампанiя ў некаторых выпадках завяршалася чарговымi арыштамi, але яны ўжо не мелi такога масавага характару, як перад вайной. Па другiм разе былi арыштаваныя Станiслаў Шушкевiч, Андрэй Александровiч, Барыс Мiкулiч, Сяргей Грахоўскi i iншыя.

Тэндэндцыя ў нацыянальна-дзяржаўнай палiтыцы, накiраваная на падаўленне любых праяваў нацыянальнага руху, захоўвалася ў рэспублiцы i ў наступныя гады. Так, у «Матэрыялах да справаздачнага дакладу ЦК КП(б)Б ХIХ з’езду» падкрэслiвалася, што партыя лiчыла сваёй галоўнай задачай «арганiзацыю iдэалагiчнай барацьбы супраць любых праяваў нацыяналiзму» [14]. Такiм чынам, назiраецца лагiчны працяг ранейшай палiтыкi партыi ў нацыянальным пытаннi.

Даволi адметным фактарам нацыянальнай палiтыкi партыi ў СССР пасля вайны стала пашырэнне сферы ўжытку рускай мовы лiтаральна ва ўсiх саюзных рэспублiках. Найбольш адчувальным гэты працэс быў у БССР. Гэта праявiлася ў скарачэннi колькасцi беларускамоўных школ i павялiчэннi колькасцi рускамоўных. Так у 1945/46 навучальным годзе з 28 мiнскiх школ палова былi беларускамоўнымi, то ў 1952/53 годзе — з 46 толькi 9. У тым жа, 1952/53 годзе, 29 раённых цэнтраў Заходняй Беларусi не мелi ўвогуле беларускамоўных школ. [15]

Галоўным праваднiком палiтыкi русiфiкацыi выступалi дзяржаўна-партыйныя структуры. Так, у красавiку 1951 г. Мiнiстэрства асветы БССР сваiм загадам адмянiла ў рускамоўных школах пераводныя экзамены i экзамены на атэстат сталасцi па беларускай мове. У 1952 годзе па прапанове ЦК КП(б)Б у БДУ было абмежаванае выкладанне беларускай гiсторыi i культуры, праз некаторы час беларуская мова была амаль цалкам выцесненая са сценаў гэтай навучальнай установы. У школе выкладанне гiсторыi беларускага народа ажыццяўлялася ў рамках курса гiсторыi СССР.

У чэрвенi 1952 года была прынятая пастанова «Пра ход выкладання рускай i беларускай моваў у школах БССР у святле вучэнняў таварыша Сталiна пра мовазнаўства». У пастанове падкрэслiвалася неабходнасць валодання рускай мовай усiмi грамадзянамi БССР. Канчатковаю мэтаю нацыянальна-дзяржаўнай палiтыкi абвяшчалася стварэнне адзiнай савецкай нацыi з рускаю моваю i савецкаю культураю. Такiм чынам, у першае пасляваеннае дзесяцiгоддзе нацыянальная палiтыка ВКП(б) —КПСС усё больш пачынала нагадваць асобныя рысы палiтыкi Расiйскай iмперыi ў галiне нацыянальных адносiнаў з яе вялiкадзяржаўным шавiнiзмам.

Пэўныя змены ў нацыянальнай палiтыцы КПСС i Савецкай дзяржавы адбылiся пасля смерцi Сталiна. Пры агульнай лiбералiзацыi палiтычнага жыцця партыйным кiраўнiцтвам на ХХ з’ездзе КПСС дэкларуецца, «што ў нацыянальнай палiтыцы партыя грунтавалася i грунтуецца на ленiнскiм палажэннi пра тое, што сацыялiзм не толькi не лiквiдуе нацыянальныя адрозненнi i асаблiвасцi, а, наадварот, забяспечвае ўсебаковае развiццё i росквiт эканомiкi i культуры ўсiх нацыяў i народнасцяў. Партыя павiнна i надалей самым ўважлiвым чынам улiчваць гэтыя асаблiвасцi ва ўсёй сваёй практычнай працы». [16]

У 1954 г. па заклiку Камунiстычнай партыi быў распачаты мэтавы набор беларускай моладзi на асваенне неабжытых прастораў стэпаў Казахстана i Сiбiры. У сакавiку 1954 г. дэлегаты 18 з’езда ЛКСМБ праводзiлi першы атрад пасланцоў камсамола Беларусi на асваенне цалiнных i абложных зямель. У 1958 г. на цалiнных землях Казахстану сабiралi ўраджай i будавалi дамы ўжо каля 11 тыс. камсамольцаў рэспублiкi. [17] Усяго за 1954-1958 гг. на цалiну для ўборкi ўраджаю ў асноўным па камсамольскiх накiраваннях выязджала каля 50 тыс. беларускiх юнакоў i дзяўчат. [18] Прыкладна такая ж колькасць беларускай моладзi працавала ў другой палове 50-х гг. на будоўлях Хабараўска i Кольскага паўвострава, у шахтах Данбаса, на электрыфiкацыi чыгункi Масква —Уладзiвасток, будаўнiцтве Казахстанскай Магнiткi. [19]

У пастанове чэрвеньскага 1957 г. Пленума ЦК КПСС «Пра антыпартыйную групу Малянкова Г.М., Кагановiча Л.М., Молатава В.М.» вышэй адзначаныя партыйныя функцыянеры былi абвiнавачаныя ў тым, што «яны былi супраць пашырэння правоў саюзных рэспублiк у галiне эканамiчнага i культурнага будаўнiцтва, у галiне заканадаўства, а таксама супраць узмацнення ролi мясцовых Саветаў у вырашэннi гэтых задач». Падкрэслiвалася, што гэтым «антыпартыйная група супрацьдзейнiчала цвёрдаму курсу партыi, скiраванаму на больш хуткае развiццё эканомiкi i культуры ў нацыянальных рэспублiках, што забяспечвае далейшае ўмацаванне ленiнскай дружбы памiж усiмi народамi нашай краiны». [20]

Умацоўваць дружбу памiж народамi вышэйшае партыйнае кiраўнiцтва планавала шляхам пашырэння сферы ўжытку рускай мовы. Так, на мiжрэспублiканскай партканферэнцыi ў жнiўнi 1956 года была прынятая дэкларацыя, у якой адзначалася, што руская мова павiнна стаць другой роднай мовай для ўсiх савецкiх народаў i элементам узбагачэння лексiкi мясцовых моў. У маi 1957 года прымаецца пастанова Савета Мiнiстраў БССР «Аб удакладненнi i частковых зменах iснуючага беларускага правапiсу», паводле якой адбывалася лiквiдацыя адметнасцяў беларускай мовы шляхам замены раздзяляльнага мяккага знаку на апостраф. [21] У 1959 годзе быў прыняты Закон СССР «Аб умацаваннi сувязi школы з жыццём i пра далейшае развiццё сiстэмы народнай адукацыi ў СССР». У адпаведнасцi з новым законам неабходнасць вывучэння роднай мовы тытульнай нацыi ў саюзных рэспублiках як асобнага прадмета ў рускамоўных школах цалкам залежала ад жадання бацькоў i вучняў.

У вынiку з канца 50-х гадоў у шэрагу саюзных рэспублiк пачынае фармiравацца хуткiмi тэмпамi даволi значны пласт так званага «рускамоўнага насельнiцтва», якi папаўняўся ў асноўным прадстаўнiкамi маладога пакалення, што па шэрагу абставiн не мелi магчымасцi атрымлiваць вышэйшую адукацыю на роднай мове. Ва ўмовах, калi мовай навучання пераважнай большасцi вышэйшых навучальных установаў рэспублiкi была руская, большасць бацькоў, асаблiва ў гарадах, рабiлi свой выбар не на карысць беларускай мовы.

У вынiку пачалося iмклiвае скарачэнне колькасцi школаў з беларускай мовай навучання: у 1955/56 навучальным годзе налiчвалася 10730 беларускамоўных агульнаадукацыйных школ, у 1965/66 годзе — 9872 школы, а ў 1985/1986 годзе засталося толькi 3983 школы, што складала толькi 23% з iх агульнай колькасцi. [22]. Скарачэнне беларускамоўных школ суправаджалася катастрафiчным змяншэннем колькасцi вучняў у гэтых школах. Так, калi ў 1955/56 навучальным годзе на беларускай мове вучылася 78,5 %, у 1960/1961 - 70,8 %, а ў 1980/81 г. — толькi 35%, то ў 1986/87 г. — толькi 23,1% школьнiкаў. [23]

Знаходзячыся на святкаваннi 40-годдзя з дня абвяшчэння БССР у Мiнску, М.С.Хрушчоў падкрэслiў: «Чым хутчэй усе мы будзем на рускай мове, тым хутчэй пабудуем камунiзм». Падыходы да правядзення нацыянальнай палiтыкi ў той час былi даволi супярэчлiвымi, але ўсё большую моц паступова набiрае тэндэнцыя, скiраваная на стварэнне наднацыянальнай сацыялiстычнай супольнасцi - савецкага народа. У прынятай 9 студзеня 1960 года пастанове ЦК КПСС «Пра задачы партыйнай прапаганды ў сучасных умовах» падкрэслiвалася, што «партыйныя арганiзацыi i камiтэты павiнны строга ўлiчваць у прапагандысцкай рабоце нацыянальныя асаблiвасцi разнастайных пластоў насельнiцтва нашай краiны, зрабiўшы галоўны нацiск на iнтэрнацыянальнае выхаванне працоўных, на далейшае ўмацаванне дружбы народаў, на няўхiльнае зблiжэнне i ўсебаковае ўзаемнае ўзбагачэнне сацыялiстычных нацый». [24]

Як i ў папярэднiя гады, гучыць заклiк «весцi непрымiрымую барацьбу супраць праяваў буржуазнага нацыяналiзму, супраць тэндэнцый да iдэалiзацыi i затушоўвання сацыяльных супярэчнасцяў мiнулага, да фальшавання сапраўднай гiсторыi той цi iншай нацыi i яе ўзаемааадносiнаў з iншымi народамi СССР, супраць асобных праяваў нацыянальнай замкнёнасцi i выключнасцi». [25]

Змест палiтыкi партыйных i дзяржаўных органоў па нацыянальнаму пытанню быў добра раскрыты ў прынятай ХХII-м з’ездам КПСС новай праграмы КПСС. У праграме адзначалася, што працэс станаўлення камунiстычнай нацыi адбываецца ў вынiку фармiравання новых, агульных для ўсiх народаў нацыянальных элементаў i асаблiвасцяў. Праграмай прадуглежвалася злiццё паасобных народаў у адзiную камунiстычную сусветную нацыю i iх моваў — у сусветную мову [26]. Дэкларавалася ўдасканаленне нацыянальнай дзяржаўнасцi народаў СССР i ўмацаванне Савецкага Саюза як шматнацыянальнай дзяржавы.

У галiне нацыянальных адносiн праграмнай задачаю КПСС абвяшчалася таксама развiццё сацыялiстычнага iнтэрнацыяналiзму як вышэйшай якасцi ўсiх савецкiх людзей, а таксама «барацьба супраць праяваў шавiнiзму i нацыяналiзму, супраць тэндэнцый да нацыянальнай абмежаванасцi i выключнасцi, да iдэалiзацыi мiнулага i замоўчвання сацыяльных супярэчнасцяў у гiсторыi народаў, супраць нацыянальных звычаяў i традыцыяў», якiя, на думку распрацоўшчыкаў праграмы перашкаджалi «камунiстычнаму будаўнiцтву». [27] Падкрэслiвалася таксама, што «лiквiдацыя праяваў нацыяналiзму адпавядае iнтарэсам усiх нацый i народнасцяў СССР», а «кожная савецкая рэспублiка зможа далей квiтнець i ўмацоўвацца толькi ў вялiкай сям’i братнiх сацыялiстычных нацый СССР». [28]

У сферы культуры дэклараваўся клопат пра далейшы росквiт нацыянальных культураў народаў СССР, але пры гэтым лiчылася неабходным умацаванне iх iнтэрнацыянальнай асновы, стварэнне агульнасавецкай культуры камунiзму праз пашырэнне грамадскiх функцый рускай мовы як мовы мiжнацыянальных зносiн шматнацыянальнай дзяржавы. Так, у праграме КПСС падкрэслiвалася: «Працэс дабраахвотнага вывучэння побач з роднай мовай рускай мовы, якi адбываецца ў жыццi, мае станоўчае значэнне, так як гэта садзейнiчае узаемнаму абмену вопытам i далучэнню кожнай нацыi i народнасцi да культурных дасягненняў ўсiх iншых народаў СССР i да сусветнай культуры» [29]. Дэкларавалася таксама, што руская мова распаўсюджваецца паралельна з росквiтам нацыянальных моваў, не выцясняючы iх. Падкрэслiвалася,што ў СССР адсутнiчае штучная асiмiляцыя нацый, а зблiжэнне i частковае злiццё этнiчных групаў ажыццяўляецца на строга дабраахвотных пачатках, яно несумяшчальна з прывiлеяваным становiшчам той цi iншай этнiчнай або нацыянальнай групы. На практыцы гэта абсалютна не адпавядала рэчаiснасцi.

Рэалiзацыя на практыцы абвешчаных праграмных палажэнняў КПСС у значнай ступенi залежала ад цэлага комплексу фактараў: эканамiчных, палiтычных, культурных. У рэальным жыццi дасягнуць здэклараванага злiцця нацый было справай даволi складанай, так як нацыянальныя традыцыi i культура былi даволi моцнымi. А гэта, у сваю чаргу, выклiкала незадавальненне вышэйшага партыйнага кiраўнiцтва. Так, пастанова ЦК КПСС «Аб кiраўнiцтве Мiнскага абкаму Камунiстычнай партыi Беларусi iдэалагiчнай работай» ад 6 чэрвеня 1962 года заклiкае звярнуць увагу партыйных арганiзацый на неабходнасць выхавання ў працоўных «пачуцця савецкага патрыятызму i сацыялiстычнага iнтэрнацыяналiзму, настойлiва весцi барацьбу супраць самых дробных праяваў местачковасцi, пакланення састарэлым рэакцыйным звычаям, супраць нацыяналiстычных перажыткаў i рознымi сродкамi прапагандаваць дасягненнi братнiх народаў Савецкага Саюза ў будаўнiцтве камунiзма, умацаваннi дружбы i няўхiльным зблiжэннi сацыялiстычных нацый, развiццё новых, iнтэрнацыянальных па сваёй сутнасцi традыцый народаў СССР». [30]

Нацыянальнае пытанне закраналася i на пленуме ЦК КПСС у чэрвенi 1963 года. У прынятай на пленуме пастанове «Пра чарговыя задачы iдэалагiчнай работы партыi» падкрэслiвалася, што «савецкi патрыятызм па сутнасцi сваёй iнтэрнацыянальны i несумяшчальны з тэндэнцыямi да нацыянальнай абмежаванасцi, незалежна ад таго, у якой форме яны праяўляюцца», а «выхаванне савецкага патрыятызму да сацыялiстычнай Радзiмы, да вялiкай Камунiстычнай партыi Савецкага Саюза — важнейшая, першачарговая задача iдэалагiчнай работы». [31] Пленум абавязваў партыйныя арганiзацыi ўзмацнiць работу па выхаванню ў працоўных пачуцця сацыялiстычнага iнтэрнацыяналiзму, весцi непрымiрымую барацьбу супраць любых праяваў нацыяналiзму: местачковасцi, прапаведвання нацыянальнай выключнасцi i абасобленасцi, iдэалiзацыi мiнулага, ухвалення рэакцыйных традыцый i звычаяў. Падкрэслiвалася, што «нацыяналiзм па сваёй сутнасцi з’яўляецца варожым сацыялiзму, дружбе народаў, супярэчыць аб’ектыўнаму працэсу развiцця i зблiжэння сацыялiстычных нацый» [32].

Абвешчаны ў пачатку 60-х гадоў партыйным кiраўнiцтвам лозунг пра непазбежнае злiццё нацый у працэсе будаўнiцтва камунiзму найбольш паслядоўна ажыццяўляўся на практыцы ў БССР, што прывяло да прынiжэння ролi беларускай мовы лiтаральна ва ўсiх сферах жыцця грамадства i павелiчэння ролi рускай мовы, якая з’яўлялася сродкам мiжнацыянальных зносiн. Менавiта мова, якая з’яўляецца адной з галоўных прыкметаў этнасу i яго стрыжнем, паступова выцяснялася з ужытку. Пра гэта сведчаць наступныя факты. Нават нягледзячы на тое, што 1959 да 1989 года колькасць асобаў, якiя назвалi роднай мовай беларускую, павялiчылася з 6358,0 тыс. да 6664,1 тыс., або ў 1,05 раза, удзельная вага асобаў, што назвалi роднай мовай беларускую, ва ўсёй колькасцi насельнiцтва рэспублiкi скарацiлася з 78,93% у 1959 г. да 65,64% у 1989 г.

За той перыяд часу, колькасць чалавек, якiя назвалi роднай мовай рускую, вырасла з 1309,6 тыс. да 3243,1 тыс., або у 2,48 раза, а удзельная вага павялiчылася з 16,26 % да 31,95%. Пры правядзеннi перапiсу 1979 года рускую мову назвалi роднай 2697,5 тысяч чалавек, з якiх 1116,5 тысяч —рускiя, 1581 тысяча прадстаўнiкоў iншай нацыянальнасцi. Акрамя таго, 5107 тысяч заявiлi, што яны свабодна валодаюць рускай мовай у якасцi другой мовы. Так, паводле перапiсу, 62% беларусаў вольна валодалi рускай мовай, а 16% лiчылi рускую мову сваёй роднай. [33]

У вынiку разгортвання аб’ектыўнага працэсу ўрбанiзацыi ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў назiраецца значны прыток патэнцыйных носьбiтаў нацыянальнай iдэi — вясковых жыхароў, у гарады, што стварала пэўныя рэзервы для развiцця нацыянальнай свядомасцi. Фактычна на працягу жыцця толькi аднаго пакалення этнасацыяльная структура насельнiцтва БССР iстотна змянiлася. Працэсы урбанiзацыя закранулi ўсе без выключэння нацыянальнасцi, якiя жывуць у рэспублiцы. У пасляваенны час масавы прыток сельскiх жыхароў паўплываў на этнiчнае аблiчча гараджан.

Аднак у даволi складаных i супярэчлiвых працэсах адаптацыi беларусы вымушаны былi пераходзiць на выкарыстанне ў побыце i паўсядзённым жыццi рускай мовы, якая выступала ў якасцi галоўнага камунiкатыўнага сродку лiтаральна для ўсiх нацыянальнасцяў, што жывуць у гарадах Беларусi. Характарызуючы этнакультурныя працэсы, што адбывалiся ў той час, Сяргей Дубавец даволi трапна падкрэслiў: «Сялянская нацыя : рынулася ў горад, дзе яе чакала гарадская культура — руска-савецкая.» [34]

Сярод гарадскога насельнiцтва удзельная вага беларусаў, якiя назвалi роднай рускую мову складала ў 1970 г. 24%, у той час як адпаведны паказчык па рэспублiцы складаў 9,8%. [35] Яшчэ большым быў гэты паказчык у Мiнску — 39,3% беларусаў назвалi рускую мову роднай. Менш 50% жыхароў беларускай сталiцы — Мiнска, абласных цэнтраў: Гомеля, Вiцебска, Гродна, Брэста, калыскi беларускай дзяржаўнасцi — Полацка, а таксама адносна вялiкiх беларускiх гарадоў —Бабруйска, Пiнска, i Наваполацка назвалi беларускую мову роднай паводле дадзеных перапiсу 1989 г. Толькi ў Вiлейцы i Наваградку больш 80% гараджан назвалi беларускую мову сваёй роднай. Ад 70 да 80% жыхароў Маладзечна, Крычава, Койданава (Дзяржынску) i Лепеля выказалiся на карысць беларускай мовы.Паступова знiжалася ўдзельная вага беларусаў, якiя валодалi беларускай мовай. Так, калi ў сельскай мясцовасцi з 1959 да 1989 года гэтае знiжэнне склала 1,52%, то ўдзельная вага беларусаў у гарадах, якiя назвалi роднай беларускую мову паменшылася з 77,52% да 69,85%. Толькi ў 20 з 38 гарадоў абласнога падпарадкавання больш 75% беларусаў назвалi роднай беларускую мову. Пераважна гэта невялiкiя гарады, удзельная вага насельнiцтва якiх не перавышае 20% ад агульнай колькасцi насельнiцтва 38 гарадоў.

Менавiта ў гарадах, паводле меркавання даследчыкаў, найбольш хуткiмi тэмпамi iшоў працэс рускамоўнай асiмiляцыi прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў у Беларусi. Так, напрыклад, паводле перапiсу 1970 г. рускую мову назвалi роднай ў гарадах 54,5% украiнцаў, 55% армян, 56% латышоў, 80,3% яўрэяў.[36]

Пэўныя карэктывы ў правядзенне нацыянальнай палiтыкi ў СССР былi ўнесеныя на ХХIV з’ездзе КПСС. Адзначалася, што партыя i далей будзе ўмацоўваць Саюз Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк, паслядоўна ажыццяўляючы ленiнскi курс на росквiт сацыялiстычных нацый i iх паступовае зблiжэнне. [37]. Далейшае ўмацаванне СССР праводзiць шляхам барацьбы з «тэндэнцыяй да нацыянальнай абмежаванасцi i выключнасцi, да iдэалiзацыi мiнулага i замоўчвання сацыяльных супярэчнасцяў у гiсторыi народаў», з «састарэлымi норавамi i звычаямi». [38]

У пастанове ЦК КПСС «Пра падрыхтоўку да 50 годдзя стварэння Саюза Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк» у якасцi аб’ектыўнай заканамернасцi развiцця сацыялiзму былi вылучаны «цяснейшае адзiнства, усебаковы росвiт i няўхiльнае зблiжэнне ўсiх нацый i народнасцяў Савецкай краiны» i зроблена выснова пра тое, што «за гады будаўнiцтва сацыялiзму i камунiзму ў СССР узнiкла новая гiстарычная супольнасць людзей — савецкi народ i выраслi пакаленнi сапраўдных iнтэрнацыяналiстаў — самаадданых змагароў за камунiзм». [39]

Такiм чынам, замест дэклараванага раней «злiцця» нацый абвяшчаецца палiтыка «зблiжэння» так як стала вiдавочным — нельга разлiчваць на поўнае знiкненне характэрных рысаў асобных нацый i народнасцяў у СССР. Разам з тым, у асобных рэспублiках СССР руская мова паступова ўмацоўвала свае пазiцыi. Гэта назiралася галоўным чынам на Беларусi, дзе ў 70-я гады рускай мовай валодала каля 57% насельнiцтва, на Украiне — каля 50%, а таксама ў сярэднеазiяцкiх рэспублiках. Але у Эстонii ўжыванне рускай мовы скарацiлася ў 70-я гады з 29% да 24,2%. Грузiнскi народ выказаў свой пратэст супраць ураўнавання ў правах рускай i грузiнскай мовы ў якасцi дзяржаўных у Грузii. [40]

У 1977 годзе была прынята новая Канстытуцыя СССР. У артыкуле 70-м Канстытуцыi абвяшчалася, што «Саюз Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк — адзiная саюзная шматнацыянальная дзяржава, створаная на аснове прынцыпа сацыялiстычнага федэралiзму, у вынiку свабоднага самавызначэння нацый i добраахвотнага аб’яднання роўнапраўных Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiк». [41] У Канстытуцыi быў зроблены вывад пра сацыяльна-палiтычнае i iнтэрнацыянальнае адзiнства савецкага грамадства. У 36 артыкуле Канстытуцыi СССР адзначалася, што «якое б там не было прамое цi ўскоснае абмежаванне правоў цi, наадварот, устанаўленне прамых або ўскосных перавагаў гамадзян ў залежнасцi ад iх расавай або нацыянальнай прыналежнасцi, таксама як i любая прапаганда расавай i нацыянальнай выключнасцi або нянавiсцi i грэбавання, караецца законам». Разам з тым, уся сiстэма iнтэрнацыянальна-патрыятычнага выхавання працоўных у СССР была накiраваная на «пераадоленне нацыяналiстычных забабонаў, умацаванне дружбы народаў, iнтэрнацыянальнага адзiнства савецкага народа ў цэлым.» [42] Паводле Канстытуцыi, за кожнай саюзнай рэспублiкай захоўвалася права свабоднага выхаду са складу СССР.

Далейшая распрацоўка асноўных канцэптуальных палажэнняў палiтыкi партыi ў нацыянальным пытаннi знайшла адлюстраванне ў пастанове, прысвечанай 60-й гадавiне з дня ўтварэння СССР. У пастанове падкрэслiвалася, што «сацыялiстычная па зместу, шматгранная паводле сваiх нацыянальных формаў, iнтэрнацыянальная па характару савецкая культура стала вялiкаю сiлаю iдэйнамаральнага згуртавання нацый i народнасцяў Савецкага Саюза». [43] Дэкларавалася, што «КПСС змагалася i заўсёды будзе рашуча змагацца супраць такiх чужых прыродзе сацыялiзму праяваў, як шавiнiзм або нацыяналiзм, супраць любых нацыяналiстычных вывiхаў, цi гэта антысемiтызм або сiянiзм». [44]

У пастанове таксама звернута ўвага на такi iстотны момант, як узаемаадносiны памiж прадстаўнiкамi розных нацыянальнасцяў у саюзных рэспублiках: «Так як у шэрагу рэспублiк за апошнiя гады значна павялiчылася колькасць грамадзянаў некарэнных нацыянальнасцяў, якiя маюць свае спецыфiчныя запатрабаваннi ў галiне мовы, культуры i побыта, партыйныя камiтэты абавязаныя глыбей разумець гэтыя праблемы, своечасова прапаноўваць шляхi iх вырашэння». [45]

У пасляваенны перыяд тэрытарыяльная кампактнасць беларусаў некалькi паменшылася, удзельная вага iх ва ўсiм насельнiцтве рэспублiкi панiзiлася на 3,2%, нягледзячы на павелiчэнне колькасцi ў 1,2 раза. Гэта тлумачыцца даволi значнай мiграцыяй беларусаў за межы Беларусi i прытокам iншанацыянальнага насельнiцтва. Больш за ўсё беларусаў на тэрыторыi былога СССР (па-за межамi Беларусi) было ў Расii, на Ўкраiне, у Казахстане i рэспублiках Прыбалтыкi. [46] Апынуўшыся па-за межамi сваёй рэспублiкi, яны праз пэўны час страчвалi сваю этнiчную адметнасць i асiмiлявалiся.

Характэрна, што колькасць беларусаў у межах рэспублiкi расла больш марудна, чым у цэлым па СССР. Пра гэта сведчаць наступныя лiчбы. За мiжперапiсны перыяд 1959 — 1970 гг. колькасць беларусаў у рэспублiцы павялiчылася на 757575 чалавек, а прырост склаў 11%, прырост беларусаў у цэлым па СССР за той жа мiжперапiсны перыяд склаў 12,6%, па-за межамi Беларусi — 21,6%. У 1970-1979 гг. тэмпы прыросту беларусаў прыкметна знiзiлiся: колькасць беларусаў на тэрыторыi сваёй рэспублiкi павялiчылася толькi на 278345 чал., а прырост склаў 3,8%; прырост у цэлым па СССР —4,3%, па-за межамi БССР — 7%. За наступны мiжперапiсны перыяд колькасць беларусаў у рэспублiцы вырасла на 336668 чалавек, а прырост склаў адпаведна — 4,4%; 5,7% i 11,1%.

Тэмпы росту iншанацыянальнага насельнiцтва ў Беларусi былi наступнымi: за 1959-1970 гг. яго прырост склаў 11%, за 1970-1979 гг. — 13%, за 1979-1989 гг. — 13%. Колькасць рускiх у рэспублiцы за 1959-1989 гг. вырасла больш чым у 2 разы, а ўдзельная вага iх ва ўсiм насельнiцтве павялiчылася на 5%. Рост колькасцi рускiх у рэспублiцы адбываўся шляхам мiграцыi з-за межаў Беларусi, а таксама за кошт натуральнага прыросту i злiцця з iмi прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцей (галоўным чынам праз мiжнацыянальныя шлюбы). У пасляваенны перыяд удзельная вага палякаў ў насельнiцтве рэспублiкi ўвесь час знiжалася. За мiжперапiсны перыяд 1959-1970 гг. колькасць палякаў паменшылася на 156281 чалавек. У 1970-1979 гг. i 1979-1989 гг. колькасць палякаў павялiчвалася адпаведна на 20569 i 14551 чалавек. Вялiкую ролю у гэтым адыгралi працэсы кансалiдацыi беларускага этнасу (Значная частка у свой час апалячаных беларусаў, якiя не ведалi польскай мовы i культуры, пры перапiсах 1970, 1979 i 1989 гг назвалi сябе беларусамi.). Найбольш значнае рассяленне палякаў у Гродзенскай вобласцi.

Даволi хуткiмi тэмпамi павялiчвалася колькасць i ўдзельная вага ўкраiнцаў у складзе насельнiцтва Беларусi. Так з 1959 да 1970 года колькасць украiнцаў павялiчылася на 77778 чалавек, з 1970 да 1979 г. — на 40146 чал., з 1979 да 1989 г. — на 60023 чал. Прырост колькасцi склаў адпаведна 40,7%, 17,4% i 20,6%. Самыя вялiкiя групы украiнцаў пражываюць на Палессi у этнакантактнай зоне, якая мяжуе з Украiнай.

Колькасць яўрэяў, з другога месца (да вайны) перамясцiлася у 1959 годзе на чацвёртае, з 1970 г. — на пятае ў нацыянальным складзе насельнiцтва Беларусi. Адбылося гэта ў значнай меры ў вынiку Халакосту, а таксама пад ўплывам асiмiляцыйных працэсаў i эмiграцыi. Так, пачынаючы з 70-х гг. даволi прыкметна павялiчвалася эмiграцыя яўрэяў у iзраiль.

Назiралася таксама даволi ўстойлiвая тэндэнцыя павелiчэння ў рэспублiцы колькасцi малдаван, цыганоў, немцаў, узбекаў i азербайджанцаў. Так колькасць малдаван з моманту перапiсу 1959 г. да перапiсу 1989 г. павялiчылася ў 6,8 раза, узбекаў — у 4 разы, немцаў i азербайджанцаў — амаль у 3 разы, цыганоў — у 2,3 раза.

Такiм чынам, на працягу разглядаемага перыяду нацыянальная палiтыка КПСС i савецкай дзяржавы характарызавалася барацьбой супраць любых праяваў нацыянальнай самасвядомасцi, якая нязменна характарызавалася як нацыяналiзм, а таксама супраць нацыянальных b“ $kfk) i звычаяў. У той жа час адбывалася размыванне этнiчнай структуры насельнiцтва шляхам памяншэння ў складзе рэспублiкi ўдзельнай вагi беларусаў i адпаведна —павелiчэння ўдзельнай вагi прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў.

Дынамiка этнiчнай структуры насельнiцтва вызначалася адносна высокiм узроўнем мiграцыi, як унутрырэспублiканскай, так i мiжрэспублiканскай у межах тагачаснага СССР. Адным з вызначальных фактараў дынамiкi этнiчнай структуры была ўрбанiзацыя, у вынiку якой пачынаючы з 1975 года колькасць гарадскога насельнiцтва пераважала колькасць сельскага. Змены этнiчнай структуры суправаджалiся павышэннем статуса рускай мовы як камунiкатыўнага сродку ў жыццi насельнiцтва рэспублiкi i знiжэннем ролi беларускай мовы. Паводле пераканання вышэйшага партыйна-дзяржаўнага кiраўнiцтва рэспублiкi, дзеля паспяховага будаўнiцтва камунiзму неабходна адмовiцца ад нацыянальнай свядомасцi i культуры. Таму на працягу разглядаемага перыяду праводзiлася палiтыка выцяснення нацыянальнай мовы i культуры з паўсядзённага i грамадскага жыцця i пашырэння ўжытку рускай мовы, што, у сваю чаргу, адбiлася негатыўна i на этнiчных працэсах, якiя адбывалiся на Беларусi.

Зыходзячы з вышэй адзначанага, можна зрабiць выснову, што эксперымент па стварэннi новай супольнасцi людзей пад назвай «савецкi народ» з найбольшым поспехам быў праведзены ў БССР.


          ЛIТАРАТУРА:

1. Раков А. А. Население БССР. Минск. 1969, с.16.
2. Раков А. А. Население БССР:, с.17.
3. Мiрановiч Яўген. Навейшая гiсторыя Беларусi. Беласток.—1999, с.177.
4. Гiсторыя Беларускай ССР у пяцi тамах. Т.5. Мн. 1975. С. 480.
5. Мазурова Я. С. Государственные трудовые резервы Белоруссии в годы четвёртой пятилетки. Минск, 1962, стр. 88.
6. НА РБ. Ф.4. воп.29, спр.521, арк.4.
7. Гiстарычная навука i гiстарычная адукацыя ў Рэспублiцы Беларусь: стан i перспектывы развiцця: Матэрыялы ii Усебел. Канф. Гiсторыкаў, Мiнск, 10-11 крас. 1997 г. — Мн.: БДУ, 1999, с.197 - 198.
8. Раков А. А. Население БССР:, с.17.
9. Раков А. А. Население БССР. Мн. 1969, с.89.
10. Мiрановiч Яўген. с.174.
11. Вопросы истории КПСС. 1984. №11, с.12.
12. Лiтаратура i мастацтва, 1947, 19 лiпеня.
13. Лiтаратура i мастацтва, 1947, 4 кастрычнiка.
14. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь. Ф.4, воп.47, спр.179, арк. 35.
15. Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi. — Мн., 1996, с. 336.
16. Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях сьездов, конференций и пленумов ЦК(1898 — 1986). Т.9. 1956 — 1960. — М., 1986, с. 21- 22.
17. Петрашкевич А., Гудень И. Победу одерживают мужественные. Минск. 1961, с.72-73.
18. Комсомол Белоруссии. Цифры и факты. Минск, 1968, с.61.
19. Коммунист Белоруссии, 1958, №10, с.90.
20. Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях сьездов, конференций и пленумов ЦК(1898 — 1986). Т.9. 1956 — 1960. — М., 1986, с. 185.
21. Коммунист Белоруссии. 1957, №5, с.75.
22. Лiтаратура i мастацтва. 1989. 2 чэрвеня.
23. Мiкулiч Т. М. Мова i этнiчная самасвядомасць. — Мн. 1996, с.97, 104; Беларусы. Т.4: Вытокi i этнiчнае развiццё. — Мн., 2001, с.405.
24. КПСС в резолюциях: Т.9, с. 502.
25. КПСС в резолюциях: Т.9, с. 502.
26. Программа Коммунистической партии Советского Союза. — М., 1961, с.114.
27. КПСС в резолюциях:. Т.10, с. 165.
28. КПСС в резолюциях :. Т. 10, с. 166.
29. Программа Коммунистической партии Советского Союза. М., 1962, с.115 — 116.
30. КПСС в резолюциях : Т. 10, с.250.
31. КПСС в резолюциях : Т. 10, с.356.
32. КПСС в резолюциях :Т.10, с.357.
33. Численность и состав населения СССР: По данным Всесоюзной переписи населения 1979 г. М., 1985. С. 108.
34. Неман, 1991, N10, с.189.
35. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. Т. IV, с.195.
36. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года, т.IV, сс.192-193.
37. Материалы ХХIV сьезда КПСС. М., 1971, с. 76.
38. Материалы ХХIV сьзда КССС. с.76.
39. КПСС в резолюциях:, Т.12, с.193.
40. Хоскинг Джеффри. История Советского Союза. 1917-1991. — М., 1995, с. 440.
41. Конституция (Основной Закон) Союза Советских Социалистических Республик. М., 1978, с.26.
42. Национальная политика КПСС: Очерк историографии . Бурмистрова Т.Ю., Зайцева Е.А., Захаров И.З., Шурыгин Е.И. — М.: Политиздат, 1981, с.78.
43. КПСС в резолюциях: Т.14, с.253.
44. КПСС в резолюциях: Т.14, с. 256.
45. КПСС в резолюциях: Т.14, с. 256.
46. Шахотько Л. П. Население Республики Беларусь в конце ХХ века. Мн., 1996, с.21.

 
 
Яндекс.Метрика