Лiстападаўская рэвалюцыя 1918 года ў Германii i Беларусi

 

          Сяргей ТРАЦЦЯК (Мiнск)

 

У канцы верасня — пачатку кастрычнiка 1918 г. знешнепалiтычнае становiшча РСФСР змянiлася карэнным чынам. Старшыня СНК у лiсце да Л.Б.Каменева зазначаў, што факт паражэння Германii ў Першай сусветнай вайне рабiў немагчымай ранейшую палiтыку лавiравання памiж варагуючымi iмперыялiстычнымi каалiцыямi, i пачынаць у такiх умовах перагаворы «аб пераглядзе Брэста» (або iсцi на прамую дэнансацыю Брэсцкага мiру) было б заўчасна: «Вычакаць трэба» [1].

Заўчасныя ваенныя i дыпламатычныя дэмаршы Савецкай Расii былi б на руку толькi iмперыялiстам Антанты i Германii. У апошнiя тыднi Брэста ўрад «ратавання кайзера i дынастыi» на чале з прынцам Максам Бадэнскiм рабiў лiхаманкавыя спробы прадухiлiць даўно наспелы рэвалюцыйны выбух i дабiцца «пачэснага мiру» Германii з Антантай на прынцыпах ваеннага саюза супраць РСФСР i захавання за Германiяй яе «сферы адказнасцi» у Расii. 4 лiстапада 1918 г. ва ўмовах пачаўшайся рэвалюцыi германскi ўрад разарваў адносiны з РСФСР, што асобныя савецкiя кiраўнiкi расцанiлi як дэнансацыю Брэсцкага мiру з боку Германii. Аднак выратаваць манархiю не ўдалося. 9 лiстапада 1918 г. Германiя была абвешчана дэмакратычнай рэспублiкай. У розных кутках Германii стваралiся Саветы рабочых i салдацкiх дэпутатаў. Здавалася, што «германскi Кастрычнiк» не за гарамi. Урад РСФСР выказаў гатоўнасць прызнаць правасацыялiстычны ўрад у Берлiне, калi ён будзе прызнаны ўсiмi Саветамi Германii.

Але Берлiнскi ўрад, якi выражаў iнтарэсы блока ваеншчыны i правых, праяўляў варожасць у дачыненнi РСФСР i iмкнуўся да ўдзелу ў антысавецкай вайне. 11 лiстапада 1918 г. актам Камп’енскага перамiр’я быў дэ-факта аформлены саюз Германii i Антанты супраць Савецкай Расii. Германскiя войскi заставалiся ў «рускiх абласцях» «для аховы парадку» аж да змены iх войскамi Антанты i павiнны былi непасрэдна ўдзельнiчаць у ваенных аперацыях супраць «бальшавiкоў» [2]. Але з разлiку скарыстаць супраць Савецкай Расii акупацыйную германскую армiю нiчога не атрымалася. Працэс разлажэння германскага Усходняга фронта набыў незваротны характар. 16 лiстапада 1918 г. германскае камандаванне было вымушана аддаць загад аб эвакуацыi сваiх войскаў з Расii.

Яшчэ раней, 13 лiстапада 1918 г. УЦВК РСФСР прыняў пастанову аб ануляваннi Брэст-Лiтоўскага мiрнага дагавора i Берлiнскага дадатковага дагавора. Савецкая Расiя прапанавала братнiм народам Германii i Аўстрыi ў асобе iх рабочых i салдацкiх Саветаў неадкладна распачаць урэгуляванне ўсiх пытанняў, звязаных са скасаваннем Брэст-Лiтоўскай сiстэмы, кiруючыся прынцыпамi, абвешчанымi Кастрычнiцкай рэвалюцыяй, i заключыць братнi абарончы i наступальны саюз, найперш дзеля паспяховага ачышчэння раёнаў германскай акупацыi ад мясцовай i аўстра-германскай белагвардзейшчыны.

Акт 13 лiстапада 1918 г. не азначаў абвяшчэння Саветамi вайны Германii, i Заходнi паход Чырвонай Армii 1918—1919 гг. меў характар не ваеннай, а вайскова-дыпламатычнай аперацыi. Складанай часткай Заходняга пахода былi аперацыi ў Беларусi.

7 кастрычнiка 1918 г. Галоўнае камандаванне РСЧА у справаздачы палiтычнаму i ваеннаму кiраўнiцтву РСФСР зазначала: «...Нi ў якiм разе нельга давярацца таму, што германцы сур’ёзна жадаюць усталяваць з намi добрасуседскiя адносiны» [3].

У пачатку лiстапада 1918 г. здавалася, што горшы сцэнарый пачаў спраўджвацца. 5 лiстапада 1918 г. УЦВК i СНК РСФСР разаслалi радыяграму ўсiм Саветам, камандзiрам i камiсарам Чырвонай Армii з паведамленнем пра разрыў Германiяй дыпламатычных адносiн з РСФСР i папярэджаннем: «Хоць няма прыкмет, што прымушаюць чакаць ваеннага наступу на нас Германii, трэба быць гатовымi на выпадак усякiх нечаканасцяў з яе боку. Цалкам верагодны наступ на нас белагвардзейцаў, i супраць нападу апошнiх усе меры павiнны быць неадкладна прынятыя» [4].

У той жа дзень Галоўнае камандаванне РСЧА дало дырэктыву камандаванням Паўночнага фронта, Заходняга раёна абароны i Петраградскай ваеннай акругi давесцi ўсе часцi i злучэннi да баявых штатаў i быць гатовымi ўвесцi ў дзеянне план аперацый супраць германскага ўварвання. 6 лiстапада 1918 г. У.i.Ленiн i Я.М.Свердлаў асабiста прапанавалi А.Ф.Мяснiкову тэрмiнова накiравацца ў Смаленск, каб адтуль iнфармаваць Маскву пра становiшча на дэмаркацыйнай лiнii i прыняць меры на выпадак ускладненняў. Адначасова Мяснiкоў атрымаў указанне, не раздражняючы немцаў, прадухiлiць разрабаванне iмi ачышчаемых мясцовасцяў [5].

Праз некалькi дзён сiтуацыя абвастраецца. 11 лiстапада 1918 г. у Вялiжскiм павеце пачаўся мяцеж, якi ахапiў амаль усю Вiцебскую губерню. Мяцежнiкi мелi сувязь з белай Паўночнай армiяй. Адначасова контррэвалюцыйны мяцеж, вядомы як «жыгалаўшчына», ахапiў шэраг паветаў Магiлёўскай i Смаленскай губерняў. iдэолагамi, кiраўнiкамi i найбольш актыўнымi ўдзельнiкамi паўстання былi правыя эсэры, кадэты, чарнасоценцы, святары, асобы, якiя непасрэдна пацярпелi ад Савецкай улады — памешчыкi, кулакi, былыя афiцэры i вызваленыя па амнiстыi заложнiкi.

Мяцежная «Дабраахвотнiцкая народная армiя» iмкнулася захапiць павятовыя гарады Парэчча, Вялiж, Духаўшчыну, Белы i губернскiя цэнтры Смаленск i Вiцебск, але гэтаму перашкодзiла ў цэлым хаатычная арганiзацыя паўстання. Яна ж спрыяла яго досыць хуткаму падаўленню. Спалучаючы ваенныя мерапрыемствы i рэпрэсii з мерапрыемствамi палiтычнага i сацыяльна-эканамiчнага характара, скiраванымi на адрыў бядняцка-серадняцкай масы ад кулацка-афiцэрскай галоўкi мяцяжу, бальшавiкi да канца лiстапада аднавiлi сваю ўладу ў мяцежных валасцях, знiшчылi або рассеялi ўсе буйныя бандфармiраваннi, а рэшту найбольш актыўных мяцежнiкў загналi ў лясы.

Але ў першыя днi мяцяжу камандаванне Заходняга раёна абароны не выключала, што дзеяннi «дабраахвотнiкаў» могуць быць скаардынаваныя з германскiм наступленнем. Загадам ад 14 лiстапада 1918 г. начальнiкi Пскоўскай i 17-й стралковых дывiзiй атрымалi задачу падрыхтаваць да абароны «вузлы супрацiўлення», звярнуць асаблiвую ўвагу на ахову важнейшых чыгуначных аб’ектаў i падрыхтоўку iх да падрыву ў выпадку вымушанага адыходу [6].

Сiтуацыя вельмi хутка высветлiлася, i ўжо 15 лiстапада 1918 г. камандаванне Заходняга раёна абароны ставiць сваiм войскам наступальныя задачы: прасоўваючыся адразу ж за адыходзячымi германскiмi войскамi, трывала авалодваць важнейшымi адмiнiстрацыйнымi цэнтрамi i чыгуначнымi вузламi, арганiзоўваць у вызваленых мясцовасцях цвёрдую рэвалюцыйную ўладу, не дапускаючы праяў анархii, бандытызму i «бясчынстваў безадказных элементаў», браць на ўлiк i пад ахову ўсю пакiнутую акупантамi ваенную i грамадзянскую маёмасць [7]. Часовае грамадзянскае кiраванне ў вызваленых мясцовасцях ускладалася на ваенныя Саветы. 16 лiстапада 1918 г. была атрымана дырэктыва Галоўнага камандавання РСЧА арганiзаваць глыбокую разведку ў напрамках Рэжыцы, Полацка, Барысава, Бабруйска, Гомеля i, пры магчымасцi, заняць iх [8].

У ноч на 17 лiстапада 1918 г. часцi Заходняй армii перайшлi дэмаркацыйную лiнiю. З 20 лiстапада 1918 г. на фронт армii пачалi прыбываць эшалоны Заходняй стралковай дывiзii, сфармiраванай з польскiх iнтэрнацяналiстаў, добра ўзброенай i экiпiраванай. Яна атрымала задачу наступаць на важнейшым Мiнскiм напрамку; Пскоўская i 17-я дывiзii дейнiчалi адпаведна на Вiленскiм i Пiнскiм напрамках. «Хуткi часамi адыход немцаў, адсутнасць конскага саставу i абозу прымусiлi часцi армii прасоўвацца наперад ... у вагонах ... i пакiдаць iх на больш працяглы час, калi немцы спынялiся i калi вялiся прагаворы наконт далейшага ачышчэння акупаванай iмi вобласцi», або калi ўзнiкала патрэба рассеяць белагвардзейскiя банды ў мясцовасцях, прылягаючых да чыгункi. З падыходам да ўчасткаў, перашытых немцамi на еўрапейскую каляю, войскi Заходняй армii былi вымушаныя iсцi паходным маршам, «што замаруджвала тэмпы i пагаршала забеспячэнне часцей, асаблiва харчаваннем» [9].

Тым не менш, ужо 21 лiстапада савецкiя войскi занялi Полацк i Жлобiн, 24-га — Дрысу, 28-га — Бабруйск, 2 снежня —Барысаў, 8-га — Слуцк, 9-га — Дзвiнск. У 9 гадзiн ранiцы 10 снежня 1918 г. чырвоныя войскi ўвайлi ў Мiнск, дзе раззброiлi некалькi соцень германскiх афiцэраў. Пазней iнтэрнiраваных немцаў у запламбiраваных вагонах адаслалi на радзiму. У той жа дзень войскi Заходняй армii атрымалi задачу: замацаваўшыся на лiнii Крэйцбург-Дзвiнск, працягваць наступленне на Мiтаву, Панявеж, Вiльню, Лiду, Баранавiчы, Пiнск, Мазыр; Якабштадт, Дзвiнск i Мiнск прывесцi ў абарончы стан [10]. 11 снежня войскi армii занялi Глыбокае, 14-га — Вiлейку, 18-га — Маладзечна, 27-га — Навагрудак.

На Палессi аперацыi развiвалiся больш марудна i складана. Германскае камандаванне да апошняга дня эвакуацыi iмкнулася ўтрымаць у сваiх руках Палескую чыгунку, сканцэнтраваўшы ўздоўж яе звыш 30 тыс. салдат i афiцэраў. Савецкi бок заключыў вельмi спрыяльныя для германаў пагадненнi i быў гатовы пагадзiцца нават на падзел улады ў зоне чыгункi на час эвакуацыi з Гомельскiм салдацкiм Саветам. Але салдацкiя Саветы ў Гомелi, Лунiнцы i iншых гарадах Палесся паддалiся цiску Вялiкага салдацкага Савета ў Кiеве, вышэйшага камандавання i правых сацыял-дэмакратаў i, грубейшым чынам парушыўшы ўсе раней заключаныя пагадненнi, узялi бок мясцовых белагвардзейцаў i украiнскiх пятлюраўцаў.

Абстаноўка на Палессi рэзка ўскладнiлася, але ў вынiку ўмелага спалучэння перагавораў, забастовак, актаў сабатажу i баявых дзеянняў савецкiя войскi i чырвонапаўстанцкiя атрады вызвалiлi 6 студзеня 1919 г. Баранавiчы, 9-га —Лунiнец, 10-га — Лiду, 12-га — Мазыр, 12-14-га —Гомель, 14-га — Слонiм i Рэчыцу, 25-га — Пiнск. Новыя ўмовы эвакуацыi былi куды менш спрыяльныя для германскага боку (у прыватнасцi, акупацыйныя войскi пры адыходзе былi прымушаны здаць большую частку зброi, баепрыпасаў i рыштунку савецкiм прадстаўнiкам). Савецкi бок атрымаў права яшчэ да заканчэння эвакуацыi германскiх часцей карыстацца Палескай чыгункай у мэтах аператыўных перакiдак.

Пасля лiквiдацыi «Палескай пробкi» Заходняя армiя, падмацаваная 8-й стралковай дывiзiяй, атрымала задачу выйсцi на лiнiю Коўна-Гродна-р.Нёман-Брэст-Лiтоўск i там замацавацца. Добра разумеючы, што такi крок азначае «casus belli з Польшчай», Глаўком усiмi ўзброенымi сiламi Рэспублiкi I.Вацэцiс даказваў Ленiну яго абсалютную неабходнасць i апраўданасць: «...З пункту гледжання стратэгii больш выгоды, каб спрэчныя вобласцi перайшлi ў нашы рукi да развязвання пытання дыпламатычным шляхам або сiлаю зброi» [11].

Але Ковенская i Гродзенская аперацыi скончылiся для чырвоных безвынiкова. На рубяжы р.Нёман-Асавец-Беласток-Брэст-Лiтоўск яны сустрэлi ўпартае супрацiўленне 20-тысячнага белагерманскага Усходнепрускага дабраахвотнiцкага корпуса, якi прапусцiў на ўсход каля 15 тыс. польскiх легiянераў. Ужо 16 студзеня 1919 г. пачалiся баi з белапалякамi ў раёне Лiды, а 28 студзеня — у раёне Слонiма, якiя ў канцы лютага 1919 г. перараслi ў паўнамасштабную захопiцкую вайну памешчыцка-буржуазнай Польшчы супраць Беларусi i Лiтвы.

У сярэдзiне лютага 1919 г. Заходняя армiя перайшла да вымушанай абароны на лiнii Панявеж-Вiльня-Вiлькамiр-Жослi-Лiда-Слонiм-р.Шчара-Агiнскi канал-Пiнск-Сарны. Стомленасць войскаў, агульны недахоп сiл i сродкаў, раздаджанасць тылу не дазволiлi вызвалiць у зiмовую кампанiю 1918-1919 гг. усю тэрыторыю Беларусi i Лiтвы i выйсцi на дзяржаўную гранiцу РСФСР студзеня 1918 г. Але i дасягнутае ўражвае. Параўнальна невялiкая Заходняя армiя (7620 штыкоў i 220 шабель пры 54 гарматах i 204 кулямётах у пачатку пахода, 43700 штыкоў i 2150 шабель пры 145 гарматах i 548 кулямётах у канцы пахода) без вялiкiх баёў, карыстаючыся i папаўняючыся амаль выключна мясцовымi рэсурсамi, у кароткiя тэрмiны прайшлi ў цяжкiх зiмовых умовах ад Дняпра да Зэльвы i Ружан [12]. Гэты поспех стаў магчымы, дзякуючы рэвалюцыйнаму бражэнню ў германскай армii на Усходзе i падтрымцы чырвонаармейцам збоку мясцовага насельнiцтва.

Кiраўнiцтва РСФСР, iмкнучыся не дапусцiць развязвання шкоднай для iнтарэсаў сусветнай сацыялiстычнай рэвалюцыi германа-савецкай вайны, прадпiсвала займаць ачышчаемыя германцамi тэрыторыi толькi на падставе пагадненняў з германскiм камандаваннем i салдацкiмi Саветамi пад непасрэдным кантролем штабоў армiй i франтоў. Для вядзення перагавораў i заключэння пагадненняў з германцамi у штаб Заходняй армii быў прызначаны паўнамоцны прадстаўнiк НКЗС РСФСР Д.З.Мануiльскi, якi адыграў вялiкую ролю ў справе лiквiдацыi «Палескай пробкi».

Урад РСФСР i Часовы рабоча-сялянскi ўрад Беларусi пакiнулi ў сiле да апошняга дня эвакуацыi ўсе распараджэннi i загады германскiх улад, што датычылiся парадку ачышчэння Беларусi. Ад немцаў патрабавалi толькi не ўмешвацца ва ўнутраную барацьбу ў ачышчаемых i акупаваных раёнах на баку антыбальшавiцкiх сiл, не аказваць ваеннага супрацiўлення прасоўванню савецкiх войскаў, не рабаваць i не знiшчаць дзяржаўную i прыватную маёмасць, не разбураць шляхi зносiн i лiнii сувязi — наогул, добрасумленна выконваць усе пагадненнi наконт парадку эвакуацыi, заключаныя да i пасля 13 лiстапада 1918 г.

Савецкае кiраўнiцтва i мясцовае камунiстычнае падполле iмкнулiся прыцягнуць рэвалюцыйных германскiх салдат да непасрэднага ўдзелу ў аднаўленнi Савецкай улады ў раёнах, што падлягалi ачышчэнню — гэта бачылася важным сродкам замацаваць руска-германскую рэвалюцыйную салiдарнасць. Дзе-нiдзе гэта ўдавалася. У Полацку i Полацкiм павеце пасля атрымання 12 лiстапада 1918 г. весткi пра звяржэнне манархii ўлада перайшла да салдацкага Савета, якi раззброiў афiцэраў i мясцовых белагвардзейцаў, правёў выбары каманднага састава, сфармiраваў для аховы парадку змешаную рэвалюцыйную мiлiцыю з мясцовых жыхароў i германскiх салдат, вызвалiў палiтвязняў i правёў арышты контррэвалюцыянераў i спекулянтаў, але не здолеў пры адыходзе з Полацка прадухiлiць самачынных рэквiзiцый, рабунку i знiшчэння гарадской маёмасцi, продажу насельнiцтву зброi i баепрыпасаў i iншых анархiчных эксцэсаў [13]. У Бабруйску, Асiповiчах i Жлобiне ўладу да заканчэння эвакуацыi здзяйснялi змешаныя Саветы з рэвалюцыйных германскiх салдат i мясцовых рабочых, якiя ў цэласцi перадалi гарады прадстаўнiкам савецкага боку.

Аднак ступень рэвалюцыянiзавання часцей 10-й германскай армii была неаднолькавая. Не ва ўсiх часцях салдацкiя Саветы трымалi ўладу. У большасцi салдацкiх Саветаў верхаводзiлi контррэвалюцыйнае афiцэрства i правыя сацыял-дэмакраты, якiя iмкнулiся адхiлiць Саветы ад удзелу ў правядзеннi эвакуацыi (асаблiва гэта датычылася раёну Палескай чыгункi). Войскi, сканцэнтраваныя на тэрыторыi т.зв. «Лiтоўскай Дзяржавы», былi амаль выключна контррэвалюцыйныя. Салдацкi Савет 10-й армii не здолеў пазбавiць улады генерала Э.Фалькенгайма i яго штаб, i апошнiя ваўсю гэтым карысталiся. Германскiя генералы сiстэматычна парушалi тэрмiны i ўмовы эвакуацыi, разбуралi населеныя пункты i чыгуначныя збудаваннi, працягвалi палiтыку незаконных рэквiзiцый i прамых рабункаў, непрыхавана падбухторвалi сваiх салдат да марадзёрства, узбройвалi мясцовых контррэвалюцыянераў i нярэдка бралi iх пад ахову ад чырвонаармейцаў i партызан [14].

Правакуючы бясконцыя канфлiкты з мясцовым насельнiцтвам i чырвонаармейцамi, «рэспублiканскiя» генералы i iх сацыял-дэмакратычныя клеўрэты мелi на мэце развязаць у рэшце рэшт савецка-германскую вайну. Але салдацкая маса актыўна супрацiўлялася ўсякай спробе зацягнуць эвакуацыю, сутыкаючыся штодня з выразна прасавецкiмi настроямi i дзеяннямi мясцовага насельнiцтва.

Яшчэ да прыхода часцей Чырвонай Армii ў акупаваных раёнах Беларусi пачалi ўзнiкаць часовыя органы рэвалюцыйнай улады. Часцей за ўсё гэта былi рэвалюцыйныя (выканаўчыя) камiтэты, якiя стваралiся бальшавiцкiм падполлем i дзейнiчалi, у залежнасцi ад абставiн, адкрыта, паўпадпольна цi падпольна. Бальшавiцкiя рэўкомы, абапiраючыся на партызанскiя атрады i баявыя дружыны, процiдзейнiчалi разрабаванню края адыходзячымi германскiмi войскамi i польскiмi легiянерамi, зрывалi спробы германскай белагвардзейшчыны перадаць уладу ў ачышчаемых раёнах мясцовым контррэвалюцыянерам, раззбройвалi белыя дружыны, вялi барацьбу з бандытызмам i спекуляцыяй. Рэўкомы ўзялi ўладу ў большасцi валасцей Мiнскай i Вiцебскай губерняў; Палескаму рэўкому, створанаму ў снежнi 1918 г. пры Рэўваенсавеце «Палескай Чырвонапаўстанцкай армii», перайшла ўся паўната грамадзянскай улады ў вызваленых раёнах Палесся.

Нярэдка стваралiся падпольныя Саветы. Бальшавiцкае падполле iмкнулася трымаць гэтыя каалiцыйныя органы пад сваiм надзейным кантролем i кiраўнiцтвам. Мiнскi Савет рабочых дэпутатаў, абраны ў пачатку снежня 1918 г. пасля няўдалай спробы сканструяваць сумесны з немцамi рабоча-салдацкi Савет, ужо 7 снежня 1918 г. абвясцiў сябе органам улады ў горадзе. Яго атрады ўзялi пад ахову важнейшыя гарадскiя аб’екты i чыгуначны вузел. З 28 лiстапада 1918 г. здзяйсняў уладу Барысаўскi Савет. У снежнi 1918-студзенi 1919 г. Саветы былi створаны ў Гродна i амаль ва ўсiх павятовых цэнтрах i валасцях Гродзенскай губернi.

Дзеяннi партызанскiх i паўстанцкiх атрадаў, сабатаж чыгуначнiкаў рабiлi ў шэрагу выпадкаў немагчымым не тое што вываз нарабаванага дабра, а нават эвакуацыю цяжкога ўзбраення i вайсковых складоў. Толькi на станцыi Жлобiн было затрыманазвыш 100 вагонаў з грузамi, на станцыi Мiнск-Таварная — 195 паравозаў i 1480 вагонаў, на станцыях Маладзечна, Асiповiчы, Бабруйск, Полацк, Баранавiчы — 176 паравозаў, 456 вагонаў, звыш 40 тыс. пудоў зерня, 50 тыс. пудоў жалеза i жалезных вырабаў, iншая маёмасць [15]. Войскi Заходняй армii ўзялi ў якасцi трафеяў вялiкую колькасць баепрыпасаў, гармат, бамбамётаў, кулямётаў i вiнтовак. Войскi Заходняй i Латвiйскай армiй ўзялi ў Беларусi i Прыбалтыцы вялiкую колькасць трафеяў — шмат баепрыпасаў, 2 бронецягнiкi, 150 гармат i бамбамётаў, 205 кулямётаў i 70100 вiнтовак [16].

Распад акупацыйнай германскай армii i непрыхаваная падтрымка прасоўванню чырвоных з боку працоўных Беларусi дэмаралiзавалi антыбальшавiцкiя сiлы ў краi, паралiзавалi iх дзейнасць, зрабiлi немагчымым разгортванне (як то было на Украiне i ў Прыбалтыцы) грамадзянскай вайны ў ачышчаемых ад акупантаў раёнах Беларусi.

Рада БНР была занепакоеная перспектываю апынуцца пасля адыходу немцаў сам-насам з Савецкай Расiяй. Штаб генерала Ц.Кандратовiча з дазволу акупантаў i па даручэннi «Беларускай Рады» узяўся за арганiзацыю белай Заходняй («Нацыянальнай») армii, разлiчваючы вельмi хутка сабраць пад свае сцягi 10 тыс. чал. Гэтых сiл хапiла б, каб стрымаць 8-тысячную Заходнюю армiю чырвоных. Але дабраахвотнiкаў змагацца за «беларускую iдэю» (яна ж —»нацыянальная» iдэя рускiх белагвардзейцаў) набралося няшмат, запiс iх iшоў марудна, а з наблiжэннем да Мiнска чырвоных войскаў спынiўся наогул.

Не маючы нi масавай сацыяльнай падтрымкi, нi рэальнай узброенай сiлы, Рада БНР рассылала «незлiчоныя дэлегацыi i тэлеграмы ва ўсе бакi, да ўсiх, хто толькi можа падтрымаць яе» [17]. Двойчы ў кастрычнiку-лiстападзе 1918 г. яе дэлегацыi наведвалi Берлiн, дзе беспаспяхова дамагалiся дыпламатычнага прызнання БНР i аказання ёй ваеннай дапамогi. Дэлегацыi «Беларускай Рады» наведалi Швейцарыю, ЗША, звярталiся да «Мiжсаюзнiцкай нарады» у Ясах, але нi дыпламатычнага прызнання, нi «ваеннай дапамогi» БНР з боку Антанты не дамаглiся.

Пасля вiдавочнага правалу «акцыi Кандратовiча» Рада БНР звярнулася да непасрэдных суседзяў, дамагаючыся ад iх ваеннай дапамогi аж да акупацыi Беларусi украiнскiмi або «мiжнароднымi» войскамi [18].

«Беларуская Рада» паспрабавала дамовiцца i з тою сiлай, супраць якой збiралася ваяваць — з Савецкай Расiяй. У пачатку цi другой дэкадзе лiстапада 1918 г. лiдэр беларускiх сацыял-дэмакратаў А.Луцкевiч па запрашэннi Савецкага ўрада наведаў Маскву для асабiстых перагавораў з Ленiным. Старшыня СНК РСФСР, iмкнучыся не дапусцiць развязвання ў Беларусi грамадзянскай вайны i з найменшымi стратамi вярнуць Расii Заходнюю Беларусь, разлiчваў схiлiць БСДП i яе лiдэра да прызнання Савецкай улады i да ўдзелу ў будучым Савецкiм урадзе Беларусi, пазбягаючы зараней вызначаць дзяржаўны статус апошняй. Наадварот, А.Луцкевiч беспадстаўна разглядаў свой вiзiт у Маскву i перагаворы з Ленiным як «мiждзяржаўныя» i не сыходзiў з платформы кастрычнiка 1918 г.: спачатку прызнайце незалежнасць БНР, а ўжо тады яе ўрад прыме Савецкую канстытуцыю i рашэнне аб «федэраваннi» з РСФСР.

Нягледзячы на заключэнне прынцыповай дамоўленасцi аб завяршэннi перагавораў наконт удзелу БСДП у Савецкiм урадзе Беларусi у Мiнску пасля прыходу туды савецкiх войскаў, А.Луцкевiч фактычна перакрэслiў яе, пераключыўшыся на т.зв. «лiтоўскi варыянт». На перагаворах 15-27 лiстапада 1918 г. памiж Лiтоўскай Тарыбай i Вiленскай Беларускай Радай (старшынёй апошняй таксама быў А.Луцкевiч) было дасягнута пагадненне наконт таго, што землi Заходняй Беларусi i Палесся ўвойдуць у «Лiтоўскую Дзяржаву» на правах аўтаномнай адзiнкi. Беларуская мова ў Лiтве абвяшчалася дзяржаўнай, а невялiчкiя беларускiя вайсковыя часцi ў Гродна (агулам 200 чалавек) улiвалiся ў лiтоўскае войска.

6 членаў Вiленскай Рады ўвайшлi ў склад Тарыбы, а мiнiстр нацыянальных спраў ва ўрадзе Луцкевiча сацыял-федэралiст Я.Варонка заняў у лiтоўскiм урадзе пасаду мiнiстра беларускiх спраў. Варонка выразна раскрыў сэнс пагаднення «Беларускай Рады» з Тарыбай. Прызнаная Антантай у яе «брэст-лiтоўскiх» гранiцах, Лiтоўская Дзяржава стварыла для беларусаў «моцны заслон ... з боку захаду, паўднёвага захаду i поўдня, а Агульнабеларускi ўрад мог ужо спакойна весцi сваю мiжнародную акцыю на ўсход ад той лiнii, што меркавалася як усходняя гранiца новай Лiтоўскай Дзяржавы, калi гэтая гранiца не праходзiла па ўсходзе Беларускай Народнай Рэспублiкi (выдзелена мною. — Т.С.)» [19].

23 лiстапада 1918 г. Рада БНР прымае рашэнне ў чарговы раз звярнуцца да Савецкага ўрада з просьбаю аб дыпламатычным прызнаннi. 29 лiстапада 1918 г. яна публiкуе т.зв. «4-ю Статутную грамату», у якой заклiкае «народы Беларусi» ствараць «беларускiя сялянскiя i работнiцкiя рады» на месцах «у звязi з Радай БНР», не даваць «земствам», «чыноўнiкам», «усякiм самазванцам i чужынцам» накiнуць ярмо на Беларусь i да склiкання «Устаноўчага Сойму» падтрымваць парадак, усталяваны «заканадаўчымi установамi» БНР [20]. Гэты дакумент, якi БПС-Р адмовiлася прызнаваць наогул, выклiкаў здзеклiвую рэакцыю як бальшавiкоў, так i меншавiцка-эсэраўскага «Часовага Савета Беларускага краю». Апошняму камандаванне 10-й армii мела намер перадаць уладу ў Мiнску пры сваiм адыходзе [21], i гэта, як бачым, надзвычай устрывожыла «Беларускую Раду».

«Беларуская Рада» i пасля 13 лiстапада 1918 г. аказалася няздольнай ажыццявiць iдэалы абвешчанай «нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыi 25 Сакавiка».

25 сакавiка 1918 г. беларускiя незалежнiкi — рэвалюцыйныя дэмакраты, першымi ўслед за К.Калiноўскiм не толькi выкiнулi лозунг нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасцi Беларусi, але i паспрабавалi правесцi яго ў жыццё. У дадзеным выпадку назiралася пэўная iнверсiя: на акупаванай германскiмi iнтэрвентамi тэрыторыi былi абвешчаны дэмакратычныя iдэi аб нацыянальнай свабодзе i дзяржаўнай самастойнасцi, якiя яшчэ трэба было напоўнiць рэальным зместам. Умовы, ў якiх прыйшлося дзейнiчаць БНР i яе прыхiльнiкам, спрыяльнымi назваць нельга. Аднак нават у тых умовах можна было б дабiцца большага, калi б не суб’ектыўныя пралiкi беларускiх незалежнiкаў, iх фатальная схiльнасць прымаць жаданае за iснуючае i здзяйсняць тактычна неабачлiвыя крокi.

I ў новых паслялiстападаўскiх умовах беларускiя дзеячы дэманстравалi усё той жа iнтэлiгенцкi аутызм, прыхiльнасць ранейшай заганнай тактыцы «адзiнага нацыянальнага фронту» i адстойвання ўсiмi сiламi «цацачнай незалежнасцi». Толькi партыя беларускiх эсэраў зрабiла належныя высновы з сумнай «радаўскай эпапеi 1918 года», дзякуючы чаму стала ў 1919-1920 гг. буйнейшай i уплывовейшай палiтычнай партыяй Заходняй i Цэнтральнай Беларусi. Але тады, у 1918 г., не яна вызначала палiтыку Рады.

Усё гэта не дало Беларускай Народнай Рэспублiцы магчымасцi ператварыцца хаця б у дзяржавападобнае ўтварэнне. Яна так i засталася палiтычным цэнтрам з прэтэнзiямi на прадстаўнiцтва нацыянальна-дзяржаўных iнтарэсаў Беларусi, цацкаю, якою цешылiся беларускiя нацыянал-дэмакраты, —своеасаблiвым «зародкам дзяржавы». 3 снежня 1918 г., калi стала ясна, што немцы здадуць Мiнск чырвоным без бою, «Беларуская Рада» эвакуiравалася ў Вiльню. Што ж датычыцца «Часовага Савета Беларускага краю», то ён з наблiжэннем да Мiнска чырвоных войскаў цiхенька знiк, нiбы растаў у паветры.

У канцы 1918 г. антыбальшавiцкiя сiлы краю бачылi сваё выратаванне толькi ў хутчэйшым прыходзе на Беларусь новых «культуртрэгераў». Сцяг «культуртрэгерства» на Усходзе з аслабелых рук Другога рэйха перахапiла нованароджаная памешчыцка-буржуазная «белая» Польшча. Пагроза нашэсця з Захаду паскорыла самавызначэнне Беларусi на савецкай аснове.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. Ленин В. И. Полн. собр. соч. Т.50. С.184-185.
2. Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т.2. — М.: Изд-во АН СССР,1964. С.16.
3. Директивы Главного командования Красной Армии (1917-1920): Сб. документов. — М.: Воениздат, 1969. С.119.
4. Декреты Советской власти. Т.3. — М.: ИПЛ, 1964. С.524-525.
5. Мясникян (Мясников) А. Ф. Избранные произведения. — Ер.: Айастан, 1965. С.539-540.
6. Борьба за Советскую власть в Белоруссии (1918 — 1920): Сб. док. В 2-х т. Т.1. — Мн.: Беларусь, 1968. С.305-307.
7. Там же. С.308-310.
8. Директивы Главного командования Красной Армии. С.176.
9. История гражданской войны в СССР. В 2-х т. Т.1. — М.: Воениздат, 1980. С.267.
10. Директивы Главного командования Красной Армии. С.184.
11. Там же, С.147.
12. История гражданской войны в СССР. Т.1. С.266.
13. Учёные записки кафедры марксизма-ленинизма Витебского государственного педагогического института им. С.М.Кирова. Вып. VII.: [Витебщина в первые годы Советской власти: Сб. статей.] — Витебск, 1957. С.103-105; Иностранная военная интервенция в Белоруссии: 1917-1920. — Мн.: НиТ, 1990. С.139.
14. Германская белагвардзейшчына нават падводзiла пад свае злачынныя дзеяннi «тэарэтычную» базу. Гл., напр.: Разгром немецких захватчиков в 1918 году: Сб. документов и материалов. — М.: ОГИЗ-ГИПЛ, 1943. С.143-144.15. История гражданской войны в СССР. Т.1. С.268; Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. — Мн.: Аверсэв, 1998. С.334.
16. Падлiчана паводле: Из истории гражданской войны в СССР: Сб. документов и материалов. Т.1. М., 1960. С.166.
17. Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.359.
18. Архiвы Беларускай Народнай Рэспублiкi. Т.1. Кн.1. —Вiльня-Нью-Ёрк. Мн.-Прага, 1998. С.291, 313; Борьба за Советскую власть в Белоруссии. Т.1. С.338, 476.
19. Гл.: Турук Ф. Белорусское движение. — Мн., 1994. С.47, 122; Воронко И.Я. Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Историко-политический очерк. — Ковна, 1919. С.11.
20. Архiвы БНР. Т.1. Кн.1. С.306-308.
21. Ковалик С. Ф. Автобиография. Деятели СССР и революционного движения России: Энциклопедический словарь Гранат. — М.: СЭ, 1989. С.108.

 
 
Яндекс.Метрика