Таталiтарызм i сродкi масавай iнфармацыi ў Беларусi

 

          Валянцiн МАЗЕЦ (Мiнск)

 

Фармiраванне  адмiнiстрацыйна-каманднай, таталiтарнай сiстэмы ў СССР у цэлым i ў БССР у прыватнасцi залежала ў значнай ступенi ад месца i ролi ў гэтай сiстэме сродкаў масавай iнфармацыi. Менавiта ўстанаўленне манаполii на СМI з’яўлялася адной з першачарговых задач, якую iмкнулiся партыйна-савецкiя органы ў БССР. Так, ужо ў студзенi 1921 года Прэзiдыум ЦВК БССР прыняў пастанову “Аб утварэннi Дзяржаўнага выдавецтва Беларусi i цэнтралiзацыi друкарскай справы”. У гэтым жа годзе было зацверджана “Палажэнне аб Дзяржаўным выдавецтве”, якiм былi вызначаны асноўныя задачы: выпуск уласных выданняў i рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасцi ў рэспублiцы [1]. Пры Белдзяржвыдавецтве быў зацверджаны аддзел перыядычнага друку. У гэты аддзел увайшлi прадстаўнiкi  ўсiх газет, што выдавалiся на тэрыторыi  БССР. Такiм чынам, дзяржавай былi зроблены першыя крокi , накiраваныя  на ўстанаўлення кантролю за сродкамi масавай iнфармацыi.

 У красавiку 1922 года па iнiцыятыве Iнбелкульта было створана кааператыўнае выдавецкае таварыства “Адраджэнне” на чале з Антонам Балiцкiм. Да канца 1922 года таварыствам было выпушчана 13 назваў падручнiкаў, навукова-папулярнай i мастацкай лiтаратуры. Таварыства паспела выпусцiць лiтаратурна-навуковы веснiк “Адраджэнне”, змест асобных артыкулаў якога Цэнтральным бюро КП(б)Б быў успрыняты як антысавецкi. Таму восенню 1922 года ЦБ КП(б)Б праводзiць рэарганiзацыю выдавецкага таварыства “Адраджэнне” у выдавецтва “Савецкая Беларусь”, а са снежня 1922 года пачаў выходзiць новы лiтаратурна-мастацкi часопiс “Полымя”.

Значная ўвага адводзiцца пытанням палiтычнай асветы i прапаганды. Таму ў маi 1922 года  было арганiзавана партыйнае выдавецтва “Наперад”, галоўнай мэтаю якога быў выпуск прапагандысцкай лiтаратуры. За 1922 год выдавецтва  выпусцiла 4 нумары часопiса “Наперад”, матэрыялы ХI канферэнцыi КП(б)Б i некалькi прапагандысцкiх брашураў [2].

Паступова  ў БССР усталёўваецца цэнзура. Па iнiцыятыве ЦБ КП(б)Б, у адпаведнасцi з пастановай СНК БССР у студзенi 1923 года было створана Галоўнае ўпраўленне  па справах лiтаратуры i выдавецтваў (Галоўлiт). Галоўлiт з’яўляўся структурным звяном Наркамату асветы, а палiтычнае кiраўнiцтва Галоўлiтам  ажыццяўляў аддзел друку ЦК КП(б)Б. З моманту стварэння Галоўлiт разглядаецца партыйнымi органамi як галоўны орган iдэалагiчнай барацьбы, якi павiнен быў не дапускаць выхаду публiкацый, змест якiх супярэчыў афiцыйнай iдэалогii.     

У 1923 годзе адбываецца далейшае ўзмацненне партыйнага кантролю за сродкамi масавай iнфармацыi. У маi пры агiтацыйна-прапагандысцкiм аддзеле ЦК КП(б)Б быў створаны Савет па друку [3].  Савет па друку сiстэматычна разглядаў планы выдавецтваў “Белтрэстдрук” i “Савецкая Беларусь”. У 1923 годзе пачынаюць выходзiць перыядычныя выданнi ЦК ЛКСМБ: “Маладняк”, “Малады араты”, “Чырвоная змена”, “Дэр юнгер арбэтэр”. Усяго, паводле праведзеных падлiкаў, у 1923 годзе выходзiла 20 часопiсаў i 26 газет.

У чэрвенi 1924 года выдавецтвы “Белтрэстдрук” i “Савецкая Беларусь” былi аб’яднаныя ў Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва, якое ўзначалiў Змiцер Жылуновiч. Белдзяржвыдавецтва выпусцiла ў 1924/1925 выдавецкiм годзе 135 назваў кнiг i брашураў, з якiх на беларускай мове – 100, на iдыш – 15, на расейскай – 12. Упершыню суадносiны змянiлiся на карысць беларускамоўных выданняў i па рэспублiцы ў цэлым [4].  Павялiчваецца колькасць часопiсаў з 25 да 43, а газет – з 33 да 42, пераважная большасць якiх выходзiла на беларускай мове.

Павелiчэнне  колькасцi перыядычных выданняў суправаджаецца ўзмацненнем партыйнага кантролю. 30 верасня 1925 года пры Народным камiсарыяце ўнутранага гандлю быў створаны Камiтэт па рэгуляванню дзейнасцi выдавецтваў, у абавязкi якога ўваходзiў кантроль за дзейнасцю выдавецкiх прадпрыемстваў, а таксама арганiзацый, як дзяржаўных, так i грамадскiх, прыватных, што займаюцца гандлем i распаўсюджваннем друкаванай прадукцыi, а таксама рэгуляванне гаспадарча-камерцыйнай дзейнасцi па выданню i распаўсюджванню перыядычных i неперыядычных выданняў [5].

Перыядычныя выданнi адлюстроўвалi  на сваiх старонках поспехi i цяжкасцi працэсу беларусiзацыi, галоўныя падзеi грамадска-палiтычнага жыцця, развiццё эканомiкi i культуры рэспублiкi. Разам з тым, усё больш месца адводзiцца пытанням агiтацыi i прапаганды. Да канца 1929 года ў БССР працавала 5 выдавецтваў рэспублiканскага значэння, 5 часопiсна-газетных выдавецтваў пры абласных газетах, а таксама 8 рэдакцыйна-выдавецкiх адделаў [6].

У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў  адбываецца ўсталяванне асноўных прынцыпаў  iдэалагiчнай работы, адпавядаючых набiраўшай моц таталiтарнай сiстэме. У склаўшыхся ўмовах сродкi масавай iнфармацыi  i кнiгi выходзяць на першы план у барацьбе на iдэалагiчным фронце. Так, у чэрвенi 1929 г. на паседжаннi ЦК КП(б)Б быў падвергнуты рэзкай крытыцы артыкул Зм. Жылуновiча “20 год назад. (Успамiны з мiнулага). Яго аўтара звольнiлi ўжо чарговы раз, на гэты раз з працы ў рэдакцыi часопiса “Полымя” [7].

У адпаведнасцi з прынятаю ў студзенi 1930 г. пастановаю “Аб зацвярджэннi палажэння пра дзяржаўныя i грамадскiя выдавецтвы” стваралася строгая сiстэма планавання работы выдавецтваў i кантролю за iх дзейнасцю. У гэтым жа годзе ЦК КП(б)Б  прынiмае разгорнутую пастанову  па справаздачы Белдзяржвыдавецтва. Пастановай прадугледжвалася  ўзмацненне адказнасцi рэдактараў i палiтычных рэдактараў за змест выпускаемай лiтаратуры. Для ажыццяўлення палiтыкi ў выдавецкай справе было прапанавана ўмацаваць Белдзяржвыдавецтва i кнiгагандлёвыя органы работнiкамi-камунiстамi [8]. Трэба адзначыць, што гэтая пастанова з’явiлася працягам палiтыкi ЦК КП(б) Б у выдавецкай справе, накiраванай на ўсталяванне ўсебаковага кантролю за сродкамi масавай iнфармацыi.

28 студзеня 1930 года  у артыкуле газеты “Звязда” адзначалася: “Камунiстычны друк – калектыўны агiтатар, прапагандыст i арганiзатар сацыялiстычнай рэканструкцыi народнае гаспадаркi, мацнейшая зброя  ленiнскай нацыянальнай палiтыкi партыi.”

Вялiкая ўвага партыйнымi органамi надавалася такому сродку масавай iнфармацыi, як радыё. У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў у БССР разгортваецца радыёфiкацыя. Радыё разглядаецца як сродак прапаганды задач камунiстычнае партыi i магутны сродак палiтычнага i культурнага выхаваньня працоўных мас, як вострая зброя, якая дапамагае змагацца i перамагаць заклятага ворага – кулака, нэпмана i iх саюзнiкаў – папоў усiх масцей i iншых ворагаў пралетарыяту.” [9].

Перад перыядычнымi выданнямi ў пачатку 30-х гадоў партыйнымi органамi ставiлася задача iдэалагiчнага забяспячэння правядзенню калектывiзацыi: “Беларуская вёска” павiнна рашуча выправiць свае памылкi. Не плясьцiся ў хвасьце, а быць на чале сацыялiстычнай перабудовы вёскi” [10]. У 1930 годзе пачалi выходзiць спецыяльныя перыядычныя выданнi рэспублiканскага маштабу, у якiх прапагандуецца iдэя калектывiзацыi сельскай гаспадаркi: часопiсы “Шляхi калектывiзацыi”, “Беларуская работнiца i сялянка”, “Сельская i лясная гаспадарка”.

Разгорнутая ў БССР антырэлiгiйная кампанiя знайшла сваё адлюстраванне ў сродках масавай iнфармацыi. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва наладзiла выпуск лiтаратуры, аб’яднанай у “Бiблiятэку бязбожнiка”.

У прывiтаннi Беларускаму Дзяржаўнаму выдавецтву Менскi  акруговы камiтэт КП(б)Б  у сувязi з пяцiгоддзем  падкрэслiвалася “вялiкая арганiзуючая i выхаваўчая роля друку, як зброi культурнай рэвалюцыi, як зброi нацыянальнай палiтыкi партыi для барацьбы з беларускiм нацыянал-дэмакратызмам  i шавiнiзмам усiх колераў” [11]. Менавiта гэтым задачам i была падпарадкавана ўся дзейнасць БДВ i перыядычнага  друку. Самай галоўнай iдэалагiчнай задачай, што стаяла перад перыядычным друкам ў пачатку 30-х гадоў,  была барацьба супраць беларускага нацыянальнага руху, на актыўных дзеячоў якога былi навешаны ярлыкi “нацыянальных дэмакратаў” i “ворагаў народа”.

Акадэмiк Васiль Шчарбакоў у сваёй кнiзе “Класавая барацьба i гiстарычная навука на Беларусi” адзначаў: “У адносiнах выкрыцця варожых установак i вылазак чуждых нам гiсторыкаў Беларусi асаблiва вялiкiя заслугi  мае газета “Звязда” i часопiс “Большэвiк Беларусi” – органы ЦК КП(б)Б. I ў “Звяздзе” i ў “Большэвiку Беларусi” з’яўляецца цэлы рад крытычных, выкрываючых шкодныя ўстаноўкi артыкулаў i рэцэнзiй.” [12]. Сапраўды, на старонках часопiса “Большэвiк Беларусi” рэгулярна друкавалiся, часта ананiмныя, рэцэнзii-даносы на творы асобных пiсьменнiкаў, паэтаў, навукоўцаў [13]. I. Данiльчык i Я. Карнейчык у артыкуле “Супраць нацыянал-дэмократычных выпраўленняў гiсторыi Савецкай Беларусi” выступаюць з правакацыйным заклiкам: “Хутчэй варушэцеся з прызнаньнем i асуджэньнем сваiх нацыянал-дэмакратычных памылак, - скажам i мы ў заключэньне iншым нацыянал-дэмакратычным ухiлiстым” [14]. Менавiта на аснове асабiстых   прызнанняў , як сведчыць юрыдычная практыка 30-х гадоў, даволi часта будавалiся абвiнавачваннi i выносiлiся прысуды.

Адчувальны ўклад у пошук i выкрыццё “ворагаў” быў зроблены часопiсам “Савецкая краiна”. У артыкуле Л. Бабровiча i Iв. Шпiлеўскага “Супраць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскiх тэорый у этнографii” носьбiтамi гэтых тэорый былi названыя Я. Лёсiк, С. Некрашэвiч, М. Каспяровiч, а галоўным iдэолагам – В. Ластоўскi. У другiм сваiм артыкуле “Мовазнаўства, як сродак клясавай барацьбы ў руках беларускiх нацыянал-дэмакратаў” Л. Бабровiч i Iв. Шпiлеўскi ўчыняюць сапраўдны пагром беларускага мовазнаўства, скiраваўшы свой галоўны ўдар супраць супрацоўнiкаў Iнстытута мовы Беларускай Акадэмii навук: Я.Лёсiка, I. Чаржынскага, М.Гуткоўскага i iншых [15].

Уся выдавецкая справа ў 30-я гады знаходзiцца пад жорсткiм кантролем з боку партыйных органаў. Адной з самых распаўсюджаных формаў даносаў, пасля якiх прымалiся адпаведныя меры, былi дакладныя запiскi. Характэрным сведчаннем гэтага з’яўляецца “Дакладная запiска” за 11 лютага 1933 года ў ЦК КП(б)Б Я.Сiнiцкага, у якой той дае характарыстыку часопiсаў “Шляхi калектывiзацыi”, “Паляўнiчы Беларусi”, “Тэхнiка ў масы” i “Савецкая краiна” за 1932 год. Рэдакцыя часопiса “Шляхi калектывiзацыi” была абвiнавачана ў тым, што у часопiсе“амаль зусiм не закраналася пытаньне  барацьбы з кулацкiмi контррэвалюцыйнымi элементамi, якiя ўсялякiмi спосабамi iмкнулiся сарваць збожжазагатоўкi” [16]. Недахопы “Паляўнiчага Беларусi”, па меркаванню Я. Сiнiцкага, заключалiся ў тым, што ў гэтым часопiсе “палiтычныя артыкулы не зусiм удалыя i не зусiм канкрэтныя, г.зн. не праламляюць дырэктыў партыi i ўраду ў канкрэтнай галiне сваёй работы” i ўвогуле “гэта лiшнi, казённы, ведамственны зборнiчак рэзалюцый, пастаноў Белахотсаюзу з аздобай “творчасцю” лiтаратурных халтуршчыкаў В. Целеша i Т. Кляшторнага” [17].  Рэдакцыя часопiса “Тэхнiка масам” была абвiнавачана ў тым, што “Маркс, Энгельс i Ленiн, - характарызавалiся ў адным з артыкулаў, - як  вялiкiя тэарэтыкi, а  т. Сталiн – толькi як вялiкi практык.”  Рэдакцыя часопiса “Савецкая краiна”, нягледзячы нават на ранейшыя заслугi ў выкрыццi “ворагаў народа”, была падвергнута рэзкай крытыцы нават за выкарыстанне тэрмiна “адраджэнне” у №9 часопiса за 1932 год у артыкуле “Тарфяныя рэсурсы БССР”. “Рэдакцыя ня можа не знаць, што лёзунг “адраджэньня” нацдэмаўскi, контррэвалюцыйны лёзунг” – падкрэслiў Я. Сiнiцкi [18].

На падставе дакладной запiскi 18 красавiка 1933 года Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне закрыць вышэй адзначаныя часопiсы i яшчэ 7 выданняў. Пастановаю прадугледжвалася “абавязаць рэдактараў i членаў рэдкалегiй часопiсаў пад iх персанальную адказнасць забяспечыць сапраўды бальшавiцкi кантроль за зьместам  часопiсаў” [19]. Разам з рэдактарамi часопiсаў адказнасць за змест часопiсаў  ускладвалася  i на кiраўнiкоў тых установаў i арганiзацый, выданнем якiх з’яўляўся часопiс.

Выступаючы перад рабселькораўцамi Мiнскага раёну, загадчык аддзелу культуры i прапаганды ленiнiзму ЦК КП(б)Б Д. Конiк выказаў бачаннне партыйнымi органамi ролi i месца сродкаў масавай iнфармацыi ў грамадстве: “у адрозненне ад буржуазнай прэсы, наш друк з’яўляецца магутнай зброяй у руках большэвiцкай партыi, зброяй класавай барацьбы” [20].

У 1934 годзе пачаў выходзiць часопiс “Большэвiцкi друк”, разлiчаны на партыйны актыў, работнiкаў райкамаў i гаркамаў, цэнтральных, раённых, гарадскiх, палiтаддзельскiх, фабрычна-завадскiх i транспартных газет i рабселькораў БССР. Перад рэдакцыяй гэтага часопiса была пастаўлена задача: кiраўнiцтва друкам i дапамога ў рабоце рэдакцыям газет, кiраўнiцтва рабселькораўскiм рухам. Дзеля дэталёвага аналiзу выпускаемай друкаванай прадукцыi выдаецца крытыка-бiблiяграфiчны бюлетэнь.

Нягледзячы  на закрыццё асобных перыядычных выданняў, да сярэдзiны 30-х гадоў iх агульная колькасць не змяншалася, а наадварот – павялiчвалася. Так,  калi ў 1925 годзе ў БССР выходзiлi 42 друкаваныя газеты, то ў 1930 годзе iх было ужо 118, а ў 1934 – 349, з якiх 11 – цэнтральных, 75 – раённых газет. Амаль кожны калгас, саўгас i iншыя прадпремствы i арганiзацыi мелi свой насценны друк. Гэтыя факты сведчаць пра тое, якую вялiкую ролю адыгрывалi сродкi масавай iнфармацыi ў iдэалагiчнай апрацоўцы насельнiцтва.

Дзеля падрыхтоўкi журналiстаў восенью 1932 г. быў арганiзаваны Камунiстычны iнстытут журналiстыкi (КIЖ). Да першага лiпеня 1934 г. у iм навучалася 189 чалавек i быў праведзены першы выпуск 37 работнiкаў раённага i палiтаддзельскага друку. Падрыхтоўка новых журналсцкiх кадраў была рэччу вельмi неабходнай у той час. Пасля праведзеных у пачатку 30-х гадоў масавых чыстак у рэдакцыях i выдавецтвах БССР адчуваецца востры недахоп кадраў. Пра гэта сведчыць пiсьмо сакратара ЦК КП(б) Б  Гiкалы у ЦК ВКП(б). У пiсьме ён адзначае:”На сучасны момант не хапае каля 70 кiруючых работнiкаў друку. Рэдакцыi цэнтральных газет рэспублiкi: “Звязда”, “Рабочий”,  рэспублiканскай яўрэйскай газеты “Октябрь”, польскай газеты “Орка”, газеты шэрагу прамысловых раёнаў, Белдзяржвыдат, Галоўлiт i    КIЖ  адчуваюць выключна вострую патрэбу у квалiфiкаванных партыйных газетных кадрах.” Вырашыць гэтую праблему ўласнымi сiламi Гiкала лiчыў не магчымым. Асаблiва цяжкая сiтуацыя з кадрамi была ў Галоўлiце. З 12 штатных работнiках Галоўлiта пасля праведзеных чыстак у 1936 годзе засталося толькi 2. Не было начальнiка Галоўлiта, намеснiка i 5 рэдактараў [21].

Кола рэпрэсiй паступова набiрала свае абароты ў рэспублiцы. Гэта адбiвалася i на выдавецкай справе. Пачынаючы з 1932 г.  да 1937 г. колькасць часопiсаў скарацiлася  з 28 да 10, а тыраж  - з  1 млн. 488 тысяч экзэмпляраў да 584 тысяч. З 1934 да 1937 года  агульная колькасць выпускаемых газет скарацiлася з 349 да 197, а iх тыраж зменшыўся з 23 млн. 169 тысяч да 19 млн. 767 тысяч [22].

У 1937-1939 гг. перыядычныя выданнi  становяцца сродкам абгрунтавання  разгорнутых у дзяржаве масавых рэпрэсiй. Дастаткова толькi паглядзець адныя назвы артыкулаў газеты “Звязда” за студзень–сакавiк 1938 года: “Лiквiдаваць шкоднiцтва ў ахове здароўя”, “Варожая рука арудуе у калгасе “Чырвоны араты”,    “Шкоднiкi ў лясгасе” (9 студзеня ),  “Тройчы праклятыя шпiёны i правакатары”, “Калi вораг не здаецца – яго знiшчаюць” (6 сакавiка), “Дзякуй НКВД, якi выкрыў змяiнае гняздо шпiёнаў”, “Прысуд адзiн iм  - расстраляць” (12 сакавiка), “Народ вiтае прыгавор”, “Да канца выкарчуем усiх ворагаў” (15 сакавiка ).

Даволi выразная характарыстыка месца перыядычнага друку ў грамадстве ў той час была дадзена загадчыкам аддзелу друку i выдавецтваў ЦК КП(б)Б В. Малiна. У артыкуле “Самая вострая i самая моцная зброя нашай партыi” ён падкрэслiвае: “Друк – адзiная зброя, пры дапамозе  якой партыя штодзённа, штогадзiнна гаворыць з рабочым класам  на сваёй, патрэбнай яму мове, - але разам з тым, - пэўная  частка работнiкаў  друку БССР не здала сур’ёзнага палiтычнага экзамена i не апраўдала высокага давер’я, якое iм аказвае партыя, i што не ўсе яшчэ газеты поўнасцю апраўдваюць сваё высокае назначэнне калектыўнага прапагандыста, агiтатара i арганiзатара” [23].

15 сакавiка 1938 года ЦК ВКП(б) прымае пастанову “Аб асвятленнi ў газетах пытанняў партыйнага жыцця”. У гэтай пастанове крытыкавалася работа рэдакцый газет “Звязда” i “Советская Белоруссия” за “бессiстэмнасць i павярхоўнасць у асвятленнi пытанняў партыйнага жыцця”.

Вострай крытыцы з боку партыйных органаў рэспублiкi былi падвергнуты рэдакцыi раённых газет –  веткаўскай, асвейскай, прапойскай i бярэзiнскай раённых газет –  за вельмi слабое асвятленне партыйнага жыцця. 

Ад усiх супрацоўнiкаў  СМI партыйныя органы патрабуюць павышэння пiльнасцi “не на словах, а на справе,  ўмець распазнаваць i зрываць маскi з сапраўдных ворагаў партыi, рабочага класа, выкрываць шкурнiкаў, кар’ерыстаў i перастрахоўшчыкаў” [24]. Газеты былi абавязаныя “ўсебакова весцi сваю работу па паказу перамог сацыялiстычнага будаўнiцтва ў Беларускай ССР, паказу росквiту культуры, нацыянальнай па форме, сацыялiстычнай па зместу, паказу росту матэрыяльнай забяспечанасцi жыцця працоўных.”

Пры гэтым задача “далейшага ачышчэння кадраў работнiкаў друку ад               прытаiўшыхся  i пакуль яшчэ нявыкрытых ворагаў i iншых чужых  элементаў” лiчылася важнейшай i галоўнейшай задачай работнiкаў сродкаў масавай iнфармацыi.

У 1938 годзе быў апублiкаваны “Кароткi курс гiсторыi ВКП(б)”. Па частках  яго друкавалi цэнтральныя рэспублiканскiя газеты “Советская Белоруссия” i “Звязда”. 14 лiстапада 1938 года ЦК ВКП(б) прынiмае пастанову “Аб арганiзацыi партыйнай прапаганды ў сувязi з выпускам “Кароткага курса гiсторыi ВКП(б)”, у якой вызначаецца роля сродкаў  масавай  iнфармацыi ў прапагандзе марксiзма-ленiнiзма. У адпаведнасцi з гэтаю пастановаю аб’ядноўвалiся  аддзелы партыйнай прапаганды i агiтацыi i  аддзелы друку i выдавецтваў як у апараце ЦК, так i ў апаратах ЦК нацыянальных  камунiстычных партый у адзiныя аддзелы прапаганды i агiтацыi [25].    

Такiм чынам, на працягу 20-х – 30-х адбываецца ўсталяванне сiстэматычнага, ўсебаковага кантролю за сродкамi масавай iнфармацыi. Паступова павялiчваецца агульная колькасць i тыраж перыядычных выданняў, нягледзячы на закрыццё асобных газет i часопiсаў, пра што сведчаць дадзеныя таблiц № 55 i № 59 статыстычнага зборнiка “Друк Беларускай ССР. 1918 – 1980”. Перыядычныя выданнi ва ўмовах усталявання таталiтарнага рэжыму з’яўлялiся сродкам iдэалагiчнага ўздзеяння на шырокiя масы насельнiцтва з мэтаю апраўдання дзеянняў уладаў у час правядзення рэпрэсiй. Вялiкую ролю ва ўзаемаадносiнах памiж сродкамi масавай iнфармацыi i дзяржаваю мела цэнзура, што ажыццяўлялася Галоўлiтам. Шляхам ускладвання персанальнай адказнасцi за змест газеты цi часопiса на рэдактара выдання партыйна-дзяржаўныя органы дабiвалiся безумоўнага падпарадкавання iх сваiм iнтарэсам, выключалi верагоднасць прапаганды СМI альтэрнатыўных iдэалагiчных канцэпцый.

Другая сусветная вайна, якая прынесла вялiкiя чалавечыя i  матэрыяльныя страты, разам з тым прывяла да iстотнага паслаблення iдэалагiчнага кантроля з боку дзяржавы. Выклiкана гэта было цэлым шэрагам фактараў. Усталяванне на Беларусi акупацыйнага рэжыму зрабiла немагчымым функцыянаванне тут  савецкай палiтычнай сiстэмы. Праяўленне масавага гераiзму i спадзяванне на лiбералiзацыю палiтычнага жыцця пасля вайны, знаёмства  франтавiкоў з узроўнем жыцця ў краiнах за межамi СССР прывялi да пераасэнсавання ўсёй сiстэмы жыццёвых каштоўнасцяў.

Для аднаўлення ранейшых пазiцый партыйна-дзяржаўным органам неабходна было правесцi значную iдэалагiчна-прапагандысцкую  апрацоўку насельнiцтва. Работа тут вядзецца адначасова па некалькi накiрунках. Па-першае, таталiтарная дзяржава iдзе па  апрабаваным яшчэ да вайны шляху. Ужо ў 1943 годзе аднаўляе сваю дзейнасць Галоўнае упраўленне па справах лiтаратуры i выдавецтваў (Галоўлiт) пры СНК БССР, што разгортвае даволi актыўную дзейнасць з мэтаю наладжвання ўсеабдымнага кантролю ў iнфармацыйнай сферы.

Да пачатку 1945 года аддзяленнi Галоўлiта дзейнiчалi ва ўсiх абласцях рэспублiкi, за выключэннем Полацкай. У сувязi з гэтым сакратару  па прапагандзе i агiтацыi Полацкага абкаму КП(б)Б Сiдаровiчу старшыня Галоўлiта Дадзiёмава ў сакавiку 1945 года накiравала лiст з патрабаваннем “прыняць меры для прызначэння начальнiка Абллiту” [26].

У красавiку 1945 года Галоўлiтам былi накiраваны пiсьмы ў шэраг райкамаў КП(б)Б з патрабаваннем выслаць у Галоўлiт сiгнальны i абавязковы экзэмпляры газет.

Кiраўнiк Галоўлiта звяртаецца да сакратароў шэрагу райкамаў КП(б)Б (Красная Слабада i Старыя Дарогi Бабруйскай вобласцi; Зэльва, Масты i Свiслач Гродзенскай, 2-х раёнаў Палескай вобласцi, 2-х – Гомельскай i 4-х – Магiлеўскай вобл.) з патрабаваннем высылаць у Галоўлiт на  2 сiгнальных i 2 абавязковых экземпляры раенных газет [27]. Летам 1945 года Галоўлiт праверыў 15 нумароў абласной газеты “Гомельская праўда” за 16 чэрвеня – 10 лiпеня i 12 раённых газет з 15 чэрвеня  па 15 лiпеня, каб устанавiць, як перыядычны друк Гомельскай вобласцi выконвае свае задачы, як “калектыўны прапагандыст, агiтатар i калектыўны арганiзатар народу на выкананне рашэнняў  партыi  i ўраду” [28]. Кiраўнiк Абллiту Бельцер атрымаў указанне “прыняць меры, накiраваныя на тое, каб палiтычныя рэдактары i райлiты больш пiльна сачылi за характарам публiкуемых матэрыялаў [29].

Iдэалагiчны цiск  органаў цэнзуры ўзмацняўся з кожным месяцам. Так,  ужо ў жнiўнi 1945 года ўсiм Абллiтам “для бесперабойнага палiтычнага  кантролю за раённымi газетамi” было прапанавана “у самым тэрмiновым парадку правесцi вылучэнне ў кожным раёне намеснiкаў райлiтаў” [30].

Старшыня Галоўлiта Ф.I. Дадзiёмава выявiла парушэнне ўстаноўленага дзяржаўнага парадку ажыццяўлення палiтычнага кантролю за друка з боку кiраўнiка БелТА Трацякова. Парушэнне заключалася у тым, што Трацякоў накiраваў “вечаровы дадатковы веснiк рэспублiканскай iнфармацыi” газеты i радыёкамiтэту без вiзы цэнзара” [31].

Пасля праверкi перыёдыкi Баранавiцкай абласной i 3-х  раённых газет усiм Абллiтам было накiравана пiсьмо з патрабаваннем “тэрмiнова вылучыць у кожным раёне намеснiкаў райлiтаў дзеля ажыццяўлення пастаяннага палiтычнага кантролю за раённымi газетамi”. Вынiкi працы Галоўлiта за 1944-1945 гады былi наступнымi: забаронены выпуск 37 тэкставых i 9 фотаiлюстраваных твораў [32].

Перыядычны друк Баранавiцкай вобласцi ў чарговы раз становiцца аб’ектам крытыкi органаў цэнзуры ў 1946 годзе. На гэты раз намеснiк загадчыка аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КП(б)Б Бугаёў адзначае нездавальняючую работу рэдакцыi Казловiцкай раённай газеты “Сцяг перамогi”: “Сiстэматычна парушаюцца правiлы цэнзуры: газета выходзiць без вiзы райлiта” [33]. З мэтаю ажыццяўлення больш дзейснага кантролю ў iдэалагiчнай сферы 15 чэрвеня 1946 года прынiмаецца Пастанова Савета Мiнiстраў БССР, у адпаведнасцi з якой усе афiцыйныя матэрыялы, што накiроўвалiся ў друк, рэдакцыi газет Беларусi павiнны былi атрымлiваць ад БелТА [34]. Планам  мерапрыемстваў Галоўлiта на 1948 год прадугледжвалася узмацнiць iдэалагiчны кантроль органаў цэнзуры над усiмi вiдамi друкаванай прадукцыi [35].

Разам з тым, i сам Галоўлiт знаходзiцца  пад пiльным кантролем партыйных  органаў. У вынiку праверкi, арганiзаванай ЦК КП(б)Б  у 1948 годзе, было выяўлена, што кiраўнiцтва  Галоўлiта  i яго супрацоўнiкi  не дабiлiся рэзкага ўзмацнення палiтыка-iдэалагiчнага кантролю за друкаванай прадукцыяй [36]. У сiстэме Галоўлiта БССР на той час працавала 95 чалавек, з якiх 42 – беларусы. Адукацыйны ўзровень цэнзараў быў адносна невысокi: вышэйшую адукацыю мелi 16, незакончаную вышэйшую – 10, сярэднюю – 40,  незакончаную сярэднюю – 18, пачатковую – 11.

Пастаяннае ўзрастанне iдэалагiчнага цiску прыводзiла да таго, што цэнзары не спраўлялiся са сваiмi абавязкамi. Таму ў 1947 годзе ў апараце Галоўлiта пры штаце 28 чалавек на працу было прынята 11 i  звольнена 10 чалавек. За 1947-1948 гады склад Вiцебскага Абллiту  абнавiўся на 100%, Маладзечанскага i Баранавiцкага – на 50-60%. Па вынiках праверкi Галоўлiта  прымаецца рашэнне ўмацаваць кiраўнiцтва Галоўлiта i склад яго цэнзараў [37].

Паводле дадзеных статыстычнага зборнiка “Друк Беларускай ССР. 1918-1980” у 1946 годзе выходзiла 196 назваў газет агульным гадавым тыражом 134 млн. 223 тысячы экзэмпляраў. У 1953 годзе выходзiла 343 газеты, гадавы тыраж якiх дасягаў 214 млн. 512 тыс. экзэмпляраў. У 1955 годзе пры знiжэннi колькасцi газет  да 218 назваў iх гадавы тыраж, тым не менш, павялiчыўся да 233 мiльёнаў 203 тыс. экзэмпляраў. Павелiчэнне назiраецца ў выпуску часопiсаў. Так, у 1946 годзе выходзiла толькi 8 часопiсаў, гадавы тыраж якiх складаў 1359 тысячы экзэмпляраў, то ў 1955 годзе выйшла 16 часопiсаў i 2 блакноты агiтатара гадавым тыражом у 3 млн. 098 тысяч i 1 млн. 280 тысяч экзэмпляраў адпаведна [38].

Iдэалагiчныя пытаннi займалi першачарговае месца ў рабоце СМI. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што з агульнага лiку выпускаемых часопiсаў выданнi грамадска-палiтычнай тэматыкi ў 1946 годзе складалi: 4 назвы часопiсаў гадавым тыражом 844 тыс. экзэмпляраў, а ў 1955 – 7 часопiсаў з агульным гадавым тыражом ў 3 млн. 243 тыс. Экзэмпляраў [39].  Такiм чынам iх удзельная вага ў агульным тыражы выпускаемых часопiсаў павялiчылася з 62% да 74%.

Статыстычныя дадзенныя сведчаць таксама пра павелiчэнне выпуску ў БССР колькасцi газет i часопiсаў на рускай мове на працягу 1946-1955 гадоў. Так, у 1946 годзе выходзiла 158 газет i 8 часопiсаў на беларускай i 38 газет i 2 часопiсы на рускай мове. У 1955 г. iх суадносiны былi наступнымi: 177 газет i 14 часопiсаў на беларускай мове i 41 газета i 25 часопiсаў – на рускай мове. Калi параўнаць агульны гадавы тыраж, то ён сведчыць пра павелiчэнне ўдзельнай вагi рускамоўнага друку. Калi ў 1946 годзе выпускалася газет на беларускай мове тыражом 95 млн. 685 тыс. экзэмпляраў i на рускай мове – 38 млн. 538 тыс., то ў 1955 годзе суадносiны былi: 140 млн. 624 тыс на беларускай мове, 123 млн. 133 тысячы – на рускай мове. Калi ў 1946 годзе гадавы тыраж часопiсаў на рускай мове складаў крыху больш 1%, то ў 1955 годзе ён складаў больш 31% ад агульнага аб'ёму. У кастрычнiку 1947 года прымаецца Пастанова ЦК ВКП(б) пра выданне ўсiх абласных газет рэспублiкi на 2-х мовах: беларускай i рускай, у адпаведнасцi з якой Брэсцкая , Гродзенская, Маладзечанская, Пiнская i Полацкая абласныя газеты сталi двухмоўнымi [40]. Такiм чынам,  прыведзеныя вышэй факты сведчылi пра набiраўшую моц тэндэнцыю на пашырэнне сферы ўплыву расiйскай мовы ў БССР у пасляваеннае дзесяцiгоддзе.

Сродкi масавай iнфармацыi, i ў першую чаргу перыядычны друк, партыя трымала пад сваiм пастаянным кантролем. 16 сакавiка 1946 года на Бюро ЦК КП(б)Б  была прынята пастанова “Пра меры паляпшэння работы рэспублiканскiх камсамольскiх i пiянерскiх газет”, у адпаведнасцi з якою аддзелы прапаганды ЦК КП(б)Б  i ЦК ЛКСМБ павiнны былi ўзмацнiць кiраўнiцтва i кантроль за работаю камсамольскiх газет, забяспечыць рашучае паляпшэнне iдэйна-палiтычнага зместу газет “Сталинская молодёжь” i “Чырвоная Змена” [41].

Аналiзуючы работу рэспублiканскiх газет з 1-га красавiка да 15 мая 1947 года, загадчык сектару Друку аддзела Агiтацыi i прапаганды ЦК КП(б)Б Л.Стэрын зрабiў выснову, што “Советская Белоруссия” i “Звязда” дрэнна асвятляюць пытаннi партыйнага жыцця i палiтычнай работы ў масах [42].  Кансультант упраўлення прапаганды i агiтацыi ЦК КП(б)Б Г. Канавалаў быў незадаволены тым, што газеты “Советская Белоруссия” i “Звязда” не выступiлi з артыкуламi, у якiх выкрываецца нiзкапаклонства перад рэакцыйнай буржуазнай культурай Захаду [43]. У лiпенi 1947 года, пасля абмеркавання ў ЦК КП(б)Б работы рэдакцыi газеты “Лiтаратура i мастацтва”, быў зацверджаны новы склад рэдкалегii, а таксама было падкрэслена, што на сваiх старонках газета “павiнна весцi непрымiрымую барацьбу за чыстату савецкай iдэалогii, супраць усiх праяваў нацыяналiзму, апалiтычнасцi i безыдэйнасцi ў беларускай культуры, лiтаратуры i мастацтва” [44].

З мэтаю павышэння эфектыўнасцi iдэалагiчна-прапагадысцкай работы газет у лютым – сакавiку 1948 года праводзiлiся 10-дзённыя  семiнары для загадчыкаў аддзелаў партыйнага жыцця i савецкага будаўнiцтва шэрагу  рэспублiканскiх i раённых газет у рэдакцыях газет “Правда” i “Известия”. У жнiўнi 1948 года ЦК КП(б)Б прымае пастанову “Аб рабоце газеты “Звязда”, у адпаведнасцi з якой рэдакцыя газеты была абавязана павысiць iдэйны ўзровень публiкуемых у газеце матэрыялаў па пытаннях iдэалагiчнай работы партарганiзацыi, звярнуўшы асаблiвую ўвагу на прапаганду савецкага патрыятызму, на распаўсюджванне атэiстычнага светапогляду [45].

У першае пасвяваеннае дзесяцiгоддзе вялiкая iдэалагiчная работа праводзiлася ў заходнiх абласцях Беларусi. У 1947 годзе ў Маладзечанскай, Баранавiцкай, Пiнскай, Гродзенскай i Брэсцкай абласцях выходзiла 5 абласных, 5 гарадскiх i 77 раённых газет, што былi важным сродкам ажыццяўлення палiтыкi партыi. Паводле мерквання загадчыка Сектара  друку Л.Стэрына, многiя газеты сталi баявымi памочнiкамi партыйных i савецкiх арганiзацый. Асаблiвых  поспехаў у iдэалагiчнай рабоце, на яго думку,  дасягнулi Ашмянская, Лунiнецкая i Стаўбцоўская раённыя газеты. Разам з тым, паводле меркавання партыйнага функцыянера, не ўсе райкамы i абкамы КП(б)Б выкарыстоўвалi свае газеты як сродак палiтычнай работы, не заўсёды ажыццяўлялi пастаяннае палiтычнае кiраўнiцтва газетамi, а рэдакцыi Гродзенскай i Брэсцкай абласных газет слаба праводзiлi прапаганду савецкага ладу, савецкай сацыялiстычнай iдэалогii [46].

Рэдакцыi газет у абавязковым парадку складалi  тэматычныя планы работы, што павiнны былi зацвярджацца адпаведнымi партыйнымi органамi. Аналiз тэматычных планаў работы дае падставу зрабiць выснову, што сродкi масавай iнфармацыi выконвалi ў першую чаргу функцыю агiтацыйна-прапагандысцкую, а не носьбiта iнфармацыi. Так, тэматычным планам на сакавiк – красавiк 1949 года прадугледжвалася апублiкаваць у газеце “Звязда” 26 перадавых артыкулаў прапагандысцкага зместу: “Палепшыць партыйную прапаганду”, “Наладзiць сiстэматычную работу з прапагандыстамi” i г.д. У артыкуле “Друк i пытаннi iдэалагiчнай работы” (Звязда, 1952, 16 сакавiка.)  было адзначана: “Партыя патрабуе ад газет, каб яны з дня ў дзень узмацнялi сваю ўвагу iдэалагiчнаму выхаванню мас.” У лiстападзе 1952 года была арганiзавана рэспублiканская нарада рэдактараў газет, прысвечаная пытанням паляпшэння зместу i iдэйна-палiтычнага ўзроўню друку рэспублiкi з удзелам 400 чалавек [47]. Раённыя i палiтаддзельскiя газеты былi абавязаныя “нястомна паляпшаць iдэалагiчную работу” [48].

Пастановаю Бюро ЦК КПБ  ад 17 красавiка 1954 года “Аб правядзеннi Дня друку” партыйным арганiзацыям  на месцах было рэкамендавана арганiзаваць выступленнi агiтатараў  пра ролю савецкага друку ў барацьбе за стварэнне ў дзяржаве багатых запасаў прадуктаў харчавання для насельнiцтва i сыравiны для лёгкай i харчовай прамысловасцi [49].

Дзеля падтрымання функцыi агiтацыi i прапаганды на належным узроўнi партыйныя органы праводзяць рэгулярныя праверкi работы рэдакцый. Так,  у пачатку 1950 года была падвергнута крытыцы работа рэдакцый газет “Чырвоная змена” i “Сталинская молодёжь”, а восенню 1950 года было прынятае рашэнне ЦК КП(б)Б “Аб рабоце рэдкалегii газеты “Лiтаратура i мастацтва”. “Важнейшым абавязкам газеты, – падкрэслiваецца ў пастанове ЦК КП(б)Б,  –  з’яўляецца барацьба за стварэнне высокаiдэйных i высокамастацкiх твораў у святле рашэнняў ЦК ВКП(б) па пытаннях iдэалогii i ўказанняў тав. Сталiна I.В. адносна марксiзма ў мовазнаўстве” [50].

У эфектыўнасцi iдэалагiчнай прапаганды важную ролю меў не толькi змест друкаванай прадукцыi, але i ступень ахопу насельнiцтва. Разам з тым, падпiска на кастрычнiк 1946 года пяцi з 11 абласных газет не перавышала нават паловы ўстаноўленага тыражу. У сувязi з гэтым сакратары Абкамаў КП(б)Б атрымалi ўказанне з ЦК тэрмiнова выканаць устаноўлены тыраж падпiскi [51]. Пытанне падпiскi на перыядычныя выданнi паўставала даволi востра i ў далейшым. Так, напрыклад, у 1948 годзе ў Маладзечанскай вобласцi тыраж выпiсваемых насельнiцтвам газет на працягу года знiжаўся. У сувязi з гэтым iнструктар сектару друку, палiграфii i выдавецтва Пучынскi прапануе запатрабаваць ад Маладзечанскага абкаму КП(б)Б бальшавiцкай адказнасцi за работу i стан друку ў вобласцi, умацаваць газеты палiтычна ўстойлiвымi i падрыхтаванымi людзьмi [52]. 1 снежня 1948 года“Звязда” у сваiм перадавым артыкуле “Бальшавiцкi друк – у шырокiя масы працоўных” заклiкае больш актыўна арганiзоўваць падпiску на перыядычныя выданнi. 22 верасня 1951 года ЦК КП(б)Б  прынiмае спецыяльную пастанову “Пра распаўсюджванне i дастаўку перыядычнага друку ў рэспублiцы”. 

Значную ўвагу ў першае пасляваеннае дзесяцiгоддзе  ўдзялялi партыйныя органы не толькi перыядычнаму друку, але i радыёвяшчанню. Менавiта ў пасляваенны перыяд радыё становiцца сапраўды масавым сродкам iнфармацыi. Па стану на 1 студзеня 1949 года ў БССР працавала 397 радыёвузлоў, што складала 202 % даваеннага ўзроўню. Былi  ўстаноўлены 163 тысячы 730 радыёкропак, з якiх – 33 тысячы 570 – у  сельскай мясцовасцi [53].  У 1954 годзе працавала ўжо 398 тысяч радыёкропак [54].  Мясцовае вяшчанне ў рэспублiцы ажыццяўлялi 12 абласных i 79 раённых рэдакцый.

“Газета без паперы” павiнна была ўзорна выконваць сваю задачу прапагандыста iдэяў марксiзма-ленiнiзма, палiтыкi Камунiстычнай партыi i Савецкага ўрада. ЦК КП(б)Б у сваёй пастанове ад 16 снежня 1946 года па пытанню “Пра стан беларускага радыёвяшчання i мерах па яго паляпшэнню” выказаў незадавальненне станам радыёвяшчання i адзначыў неадпаведнасць яго ўзроўня новым задачам партыi ў галiне iдэалагiчнай работы [55].   Грамадска-палiтычныя перадачы, паводле меркавання  партыйных органаў, павiнны былi займаць значную частку эфiрнага часу. Аб’ём  палiтычнага вяшчання павялiчваўся штогод. Так, за другую палову 1947 года былi падрыхтаваны 153 перадачы грамадска-палiтычнага зместу, а за адпаведны перыяд 1948 года – больш 500 перадач [56].  Быў наладжаны кантроль за зместам перадач з боку партыйных органаў   на ўсiх узроўнях радыёвяшчання. Усе перадачы, нават i адрасаваныя дзецям, за тры днi да выхаду ў эфiр, павiнны былi прайсцi строгую цэнзуру. Перадачы, што транслiраваў абласны радыёкамiтэт, вiзiравалi рэдактар, старшыня абласнога радыёкамiтэту i ўпаўнаважаны Абллiту. У адпаведнасцi з пастановаю ЦК КП(б)Б “Пра раённае вяшчанне Беларускай ССР” аддзелы прапаганды i агiтацыi раённых партыйных камiтэтаў павiнны былi ажыццяўляць сiстэматычны кантроль за дзейнасцю раённага вяшчання, дапамагаць у складаннi планаў работы, у стварэннi шырокага аўтарскага калектыву з лiку партыйных i савецкiх работнiкаў [57].

Такiм чынам, сродкi масавай iнфармацыi ў пасляваеннае дзесяцiгоддзе  адлюстроўвалi ўсе працэсы, што адбывалiся ў дзяржаве, выконвалi функцыю прапагандыста палiтыкi партыi. Перыядычныя выданнi  павiнны былi ахапiць як мага большую колькасць насельнiцтва, таму тыраж газет i часопiсаў павялiчваўся. СМI па-ранейшаму знаходзiлiся пад татальным кантролем з боку партыйных органаў.

Мэты i задачы сродкаў масавай iнфармацыi ў наступныя гады iстотна не змянiлiся. Iх абавязкам была прапаганда iдэяў марксiзма-ленiнiзма, а важнейшай задачай – выхаванне ў савецкiх людзей яснага разумення неабходнасцi барацьбы за пабудову камунiзма. Усiмi сваiмi выступленнямi газеты павiнны былi дапамагаць партарганiзацыям, прапагандыстам, агiтатарам у праводзiмай iмi выхаваўчай рабоце, садзейнiчаць хутчэйшаму пераадоленню перажыткаў мiнулага ў свядомасцi людзей, весцi непрымiрымую барацьбу супраць усялякiх праяваў буржуазнай iдэалогii. Дадзеная задача магла быць выкананая толькi пры ўмове “павышэння ўзроўню партыйнага кiраўнiцтва газетамi, часопiсамi, выдавецтвамi, узмацнення кантролю за iх работай”.  15 – 16  студзеня 1956 года  рэдакцыi рэспублiканскiх газет “Звязда”, “Советская Белоруссия” i “Колхозная правда” апублiкавалi праект Дырэктываў ХХ з’езду КПСС, а 18 студзеня змясцiлi карэспандэнцыi  з паведамленнямi пра ўсеагульную падтрымку праекта працоўнымi рэспублiкi. Аўтарамi гэтых карэспандэнцый былi ў асноўным уласныя карэспандэнты газет [58].  Публiкацыя вялiкай колькасцi афiцыйных партыйных матэрыялаў iстотна звужала магчымасцi рэдакцый газет усебакова асвятляць пытаннi грамадска-палiтычнага i культурнага жыцця рэспублiкi.

У адпаведнасцi з прапановаю  аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КПБ была вызначана адказнасць работнiкаў аддзелаў ЦК  за змест адпаведных перыядычных выданняў. Работнiкi  адмiнiстрацыйнага аддзела павiнны былi кантраляваць змест часопiса “Здравоохранение Белоруссии” i газеты “Фiзкультурнiк Беларусi”, работнiкi аддзела школ – “Настаўнiцкай газеты” i часопiсаў “Савецкая школа” i “У дапамогу настаўнiку”, работнiкi аддзела навукi i ВНУ – шматтыражак ВНУ. Уводзiлася  i   персанальнае размеркаванне абавязкаў супрацоўнiкаў сектару друку i выдавецтваў ЦК па кантролю за зместам адпаведных выданняў. Г.В.Канавалаў  ажыццяўляў кантроль за газетамi “Звязда”  i “ЛiМ”, часопiсам “Беларусь”,  яму таксама даручалася займацца выдавецтвамi i кнiжным гандлем. В.Е. Цiтавец  назiраў за газетамi “Звязда” i “Советская Белорусия”,  часопiсамi “Полымя” i “Вожык”, займаўся палiграфiяй i распаўсюджваннем друку. С.В. Марцалеў  ажыццяўляў кантроль за газетамi “Советская Белоруссия” i газетамi Гродзенскай, Маладзечанскай i Вiцебскай абласцей,  часопiсам “Работнiца i сялянка”, а А.Н. Мацко  – за работай БелТА, упраўленнем радыёiнфармацыi, за газетамi “Мiнская праўда”, “Чырвоная змена”, “Знамя юности”, часопiсам “Советская Отчизна”. Г.Л. Напрэеў кантраляваў змест часопiса “Маладосць газеты “Калгасная праўда”, перыядычных выданняў Гомельскай, Брэсцкай i Магiлеўскай абласцей” [59].  Акрамя гэтага, iнструктар аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КПБ А. Толсцiк зрабiў шэраг заўваг i прапановаў Галоўлiту:

1.  Мала мерапрыемстваў па прафiлактыцы, па папярэджванню парушэнняў у друку. Было б мэтазгодна ўстанавiць афiцыйна час i дзень для газет, часопiсаў, выдавецтваў (па чарзе) для правядзення кансультацый па матэрыялах, якiя рыхтуюцца да друку.

2.  Заняткi цэнзары павiнны праводзiць не па рэдакцыях, а з групамi работнiкаў газет, часопiсаў, выдавецтваў па асобных галiнах [60].                                                                                               

 Дзеля выканання  загаду Галоўлiта СССР  ад 16 чэрвеня 1960 года i з мэтаю паляпшэння палiтыка-iдэалагiчнага кантролю i кантролю навукова-тэхнiчнай лiтаратуры i запаўнення даведачнай картатэкi Галоўлiт БССР  павiнен быў сачыць за выступленнямi, крытычнымi артыкуламi, якiя ўяўлялi iнтарэс з пункту погляду цэнзуры i сiстэматычна, па панядзелках, рабiць абзорныя iнфармацыi гэтых матэрыялаў на цэнзарскiх занятках [61].    Толькi ў маi 1959 года было праверана папярэднiм кантролем 390 нумароў абласных i рэспублiканскiх, 113 раённых i гарадскiх газет.

Празмерная цэнзура, асаблiва на месцах, нават парушала  “Адзiныя правiлы друку i выпуску адкрытых твораў друку”. Магiлёўскi Абллiт забаранiў Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii друкаваць усю вучэбна-метадычную лiтаратуру, нават пiсьмы з заданнямi студэнтам-завочнiкам [62].

Паводле дадзеных статыстычнага зборнiка, у 1956 годзе выходзiла 215 газет агульным тыражом 236 млн. 436 тыс. экзэмпляраў. У 1962 годзе, пасля праведзенай рэарганiзацыi (замест раённых газет пачалi выходзiць мiжраённыя) колькасць газет зменшылася да 133, але тыраж павялiчыўся i склаў 366 млн. 491 тыс. экз. У 1965 годзе тыраж 137 газет дасягнуў 441 млн. 447 тыс. экз., а ў 1985 годзе выходзiла 212 газет тыражом 839 млн. экз.  Выпуск перыядычных выданняў з’яўляўся яскравым паказчыкам тэндэнцыi пашырэння дэнацыяналiзацыi. Пачынаючы з 1959 года гадавы тыраж газет на рускай мове перавышаў тыраж беларускамоўных перыядычных выданняў. Калi ў 1958 годзе выдавалася 213 газет тыражом 140 млн. 941 тысяча экз. на беларускай мове i 47 газет тыражом 139 млн. 332 тысячы экз. на рускай мове, то ў 1959 годзе выходзiла 214 газет тыражом 144 млн. 65 тысяч на беларускай мове i 46 газет  тыражом 147 млн. 353 тысячы экз. на рускай мове. Павелiчэнне памеру тыражу газет на рускай мове адбывалася верагодней за усё, за кошт рэспублiканскiх i шматтыражных выданняў.  У 1956 годзе выходзiла 7 рэспублiканскiх газет на беларускай i 6 – на рускай мове, пасля рэарганiзацыi ў 1963 годзе – 5 на беларускай i 5 на рускай мове.

У 1962 годзе,  пасля праведзеннай у адпаведнасцi з пастановай ЦК КПБ ад 21 красавiка 1962 года рэарганiзацыяй, суадносiны беларускамоўных i рускамоўных газет у абласцях былi наступныя. У Гомельскай вобласцi ўсе 26 мiжраённых газет выходзiлi на беларускай мове, у Магiлёўскай было 17 беларускiх i 1 руская, у Мiнскай – 23 беларуская i 2 рускiх, у Вiцебскай – 2 гарадскiх i 11 мiжраённых на беларускай мове, у Брэсцкай – 5 беларускiх i 4 рускiя мiжраённыя газеты, у Гродзенскай – 5 беларускiх i 4 рускiх мiжраённых газеты. Асаблiва значнымi былi тэмпы русiфiкацыi гродзенскай абласной газеты, якая фармальна лiчылася 2-х моўнай. Калi ў 1955 г. тыраж “Гродненскай правды” складаў 18 600 экземпляраў, а “Гродзенскай праўды” – 5 тысяч экз., то ў 1960 годзе суадносiны былi наступнымi: 38 тысяч 800 экз. – на рускай мове i 1 тысяча на беларускай мове, 45 тысяч 896 гродзенскай абласной газеты, на рускай мове – 45 тысяч 523 экзэмпляры [63].

Пашырэнне русiфiкацыi выклiкала асобныя пратэсты з боку нацыянальна свядомых людзей. Так, у пачатку 1964 года ў рэдакцыю газеты “Лiтаратура i мастацтва” звярнулiся жыхары в. Гарадзечна Навагрудскага раёна. У сваiм пiсьме яны падкрэслiвалi, што “пры поўнай свабодзе друку i агромных магчымасцях развiцця роднага друкаванага слова мы нiяк  ня можам (ужо каторы год!) знайсцi i купiць насценны або настольны беларускi каляндар. Многiя людзi хацелi б выяснiць: што за чужакi заселi ў беларускiм выдавецтве ў Мiнску? I хто iм даў права вясьцi дэнацыяналiзатарскую палiтыку? Хiба яны нiколi ня чыталi твораў Ленiна аб нацыянальным пытаннi?” [64].

Важнае значэнне для эфектыўнасцi ўплыву на насельнiцтва перыядычнага друку мела яго рэалiзацыя: па падпiсцы i ў рознiчным  гандлi. Распаўсюджванне перыядычнага друку сярод насельнiцтва разглядалася партыйнымi органамi як выключна важная справа. У 1956 годзе крытыцы былi падвергнуты партарганiзацыi Маладзечанскай вобласцi, дзе быў нiзкi ўзровень падпiскi [65]. На працягу 1957 года зацверджаны ЦК КПБ тыраж часопiсаў, за выключэннем часопiса “Беларусь”, не быў асвоены. Гэта было вынiкам таго, што “Саюздрук” настолькi застрахаваўся, што амаль не браў на рэалiзацыю ў рознiчны гандаль нават невялiкай колькасцi часопiсаў. У вынiку нездавальняючага распаўсюджвання газет i часопiсаў у 1957 годзе дзяржаве былi нанесены незапланаваныя страты ў памеры 911 тысяч рублёў. Дзеля выпраўлення гэтых хiбаў у распаўсюджваннi газет i часопiсаў у рэспублiцы ЦК КПБ сваёй пастановаю ад 30 верасня 1958 года абавязаў гаркамы i райкамы стварыць групы пазаштатных iнструктараў для распаўсюджвання перыядычнага друку. Iнструктары павiнны былi кантраляваць работу пунктаў прыёму iндывiдуальнай падпiскi i дапамагаць праводзiць падпiску на месцах [66]. Прынятыя меры давалi некаторае  паляпшэнне ў справе падпiскi. Так, калi ў 1960 годзе на кожную тысячу насельнiцтва рэспублiкi выпiсвалася 510 экз. перыядычных выданняў, то ў 1962 годзе – 630 экз.

У пачатку 1968 года была прынятая пастанова ЦК КПСС “Пра павышэнне адказнасцi кiраўнiкоў органаў друку, радыё, тэлебачання, кiнематаграфii, установаў культуры i мастацтва за iдэйна-палiтычны ўзровень публiкуемых матэрыялаў i рэпертуару”. Меры яе рэалiзацыi прадугледжвалiся пастановаю Бюро ЦК КПБ ад 28 сакавiка 1969 года.

Прапаганда камунiстычнага будаўнiцтва, фармiраванне марксiсцкага светапогляду ў працоўных знаходзiлiся ў цэнтры ўвагi беларускага радыё i тэлебачання. З 1955 года пачаў працаваць Мiнскi тэлецэнтр, рэтрансляцыйныя станцыi ў Баранавiчах, Бабруйску i Гродна. У 1959 годзе ў насельнiцтва рэспублiкi было каля 30 тысяч тэлевiзараў, што дазваляла глядзець тэлепраграмы больш 1 мiльёну чалавек.. Да 1967 года было радыёфiкаваны больш 95% усiх населеных пунктаў Беларусi. Радыё- i тэлевяшчанне з’яўлялiся важным участкам iдэалагiчнай дзейнасцi партыi. У лiстападзе 1958 года Бюро ЦК КПБ у сваёй пастанове адзначае шэраг iстотных недахопаў у рабоце Мiнскай студыi тэлебачання: нiзкi ўзровень перадач на грамадска-палiтычныя тэмы, недастатковы ўзровень мастацкiх перадач. Трансляцыю запiсаных на плёнку музычных перадач можна было ажыццяўляць на радыё толькi з дазволу Галоўлiта. У адпаведнасцi з цэнзурнымi правiламi рэдакцыi тэлеперадач былi абавязаныя складаць тэматычныя перспектыўныя планы работы.   У  маi 1962 года Камiтэт па радыёвяшчаннi i тэлебачаннi пры Савеце Мiнiстраў БССР прапанаваў на разгляд ЦК КПБ перспектыўны план мерапрыемстваў па ўзмацненню камунiстычнага выхавання моладзi”, якiм было прадугледжана наступнае:      

1. Серыя прапагандысцкiх гутарак: “Камсамол – верны памочнiк партыi”, “Камсамолец не шукае лёгкiх шляхоў”, “Бяры з камунiстаў прыклад”;

2. Цыкл перадачаў “Працаваць i жыць,  як Iльiч”, “Ленiн – чалавек, таварыш i сябар”;

3. Рэгулярна перадаваць папулярныя радыёкампазiцыi або гутаркi пра выдатных дзеячоў Камунiстычнай партыi i Савецкай дзяржавы;

4. Арганiзаваць цыкл перадач для дзяцей i моладзi “Ты будзеш жыць i працаваць у камунiстычным грамадстве”.

Усеагульны i сiстэмны кантроль партыйных органаў , слабая аператыўнасць савецкiх СМI ў асвятленнi падзеяў  павышалi iнтарэс насельнiцтва да альтэрнатыўных крынiц iнфармацыi. Таму пытаннi, звязаныя з глушэннем замежных радыёстанцый, знаходзiлiся ў цэнтры ўвагi партыйнага кiраўнiцтва. У сакавiку 1959 года пастановаю Бюро ЦК КПБ  Мiнiстэрству сувязi было выдзелена 2 мiлiёны рублёў на ўстанаўленне спецыяльнай апаратуры для глушэння антысавецкiх перадач.  У 1966 годзе ў структуры Дзяржаўнага камiтэту па радыёвяшчанню i тэлебачанню быў створаны аддзел радыёперахопу, якi  павiнен быў рыхтаваць спецыяльныя бюлетэнi для абмежаванага кола асобаў.

У наступныя дзесяцiгоддзi функцыянавання адмiнiстрацыйна-каманднай сiстэмы ў БССР функцыi СМI iстотным чынам не змянiлiся. Так, у матэрыялах ХХYI з’езда КПБ адзначалася патрэба “забяспечыць далейшае павышэнне арганiзатарскай i прапагандысцкай ролi друку, радыё i тэлебачання. Важнейшая iх задача – глыбока асвятляць тэорыю i практыку камунiстычнага будаўнiцтва, актыўна фармiраваць iдэйныя i маральныя якасцi нашых людзей, мабiлiзоўваць працоўных на паспяховае ажыццяўленне народнагаспадарчых планаў, шырэй прапагандаваць дасягненнi навукi i перадавога вопыту” [67]. У пачатку 80-х гг. у сувязi з нарастаннем сацыяльна-эканамiчнага крызiсу партыйнае кiраўнiцтва iмкнецца ўзмацнiць iдэалагiчную работу. Пра гэта сведчыць шэраг пастановаў ЦК КПСС: “Аб мерах па ўзмацненню абароны насельнiцтва ад антысавецкага радыёвяшчання” (снежань 1983); “Пра далейшае развiццё i ўдасканальванне перыядычнага друку для дзяцей i моладзi”(кастрычнiк 1985), “ Пра работу з кадрамi ў ТАСС”(снежань 1985).

Разам з тым, новаю з’яваю грамадскага-палiтычнага жыцця Беларусi ў 70-я – 80-я гады ХХстагоддзя быў пазацэнзурны друк. Паводле звестак складальнiкаў каталёга “Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусi (1971 – 1990), (Менск, 1998), у 70-я – 1990 гады выходзiла больш 100 пазацэнзурных выданняў. Пры гэтым, нягледзячы на спробы партыйных органаў захаваць цэнзуру, роля Галоўлiта ў 80-я гады паступова змяншаецца. Так, у 1988 г. штат Галоўлiта рэспублiкi быў скарочаны на 41%, функцыi яго былi абмежаваныя. У 1991 годзе Галоўлiт быў скасаваны. 30 лiстапада 1988 года было спынена глушэнне перадач замежных радыёстанцый.

Такiм чынам, перыядычны друк  i iншыя сродкi масавай iнфармацыi  садзейнiчалi станаўленню  i ўмацаванню камандна-адмiнiстрацыйнай сiстэмы ў БССР, сталi неад’емнай часткай гэтай сiстэмы i ў руках дзяржаўна-партыйнага кiраўнiцтва былi адносна эфектыўным сродкам манiпуляцыi грамадскай свядомасцю.


          Литература:

1.        НАРБ. Ф. 238, воп. 1, спр. 4, арк. 26.
2.        Там жа,  воп. 2, спр. 8, арк. 24.
3.        Там жа. Ф.4, воп. 1, спр. 674, арк. 8.
4.        Там жа. Ф. 17, воп. 1, спр. 25, арк. 45.
5.        Там жа, спр. 6, арк. 120.
6.        Там жа. Ф.4, воп. 7, спр. 262, арк. 28-35.
7.        Там жа,  воп.3, спр.38, арк. 27.
8.        Там жа, арк. 1005-1006.
9.        Звязда, 1930, 16 лютага.
10.     Там жа, 14 лютага.
11.     Там жа, 28 студзеня.
12.     Шчарбакоў В. Класавая барацьба i гiстарычная навука на Беларусi.- Мн., 1934, с.88.
13.     У няволi буржуазнага нацыяналiзма // Большэвiк Беларусi, 1928, №3; Барацьба супраць ухiлаў на гiстарычным фронце // Там сама, 1929, №9; Сянкевiч А. Клясавая барацьба ў беларускай лiтаратуры; Якаўлеў Л. Клясавы твар беларускага нацыянал-дэмократа // Там сама, 1930, №8-9. Данiльчык i Карнейчык у артыкуле “Супраць нацыянал-дэмократычных выпраўленняў гiсторыi Савецкай Беларусi” выступаюць з правакацыйным заклiкам: “Хутчэй варушыцеся з прызнаньнем i асуджэньнем сваiх нацыянал-дэмакратычных памылак,- скажам мы i ў заключэнне iншым нацыянал-дэмократычным ухiлiстым” // Большэвiк Беларусi, 1930, №1-2, с. 143.
14.      Большэвiк Беларусi, 1930, №1-2,  с.143.
15.      Савецкая краiна, 1931, №№ 1-3.
16.      НАРБ, Ф.4, воп. 21, спр. 364, арк. 14.
17.      Там жа, арк.26.
18.      Там жа, арк. 41.
19.      Там жа, воп. 3, спр.100, арк. 45-46.
20.      Большэвiцкi друк, 1934, № 7,
21.      НАРБ. Ф.4, воп.21, спр. 884, арк. 17-18.
22.     Друк Беларускай ССР. 1918-1980: Статыстычны зборнiк (Склад. Л.П.Рабушка).- Мн., 1983, с. 144-157.
23.     Звязда, 1938, 5 мая.
24.     Там жа.
25.     Там жа, 15 лiстапада.
26.     НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр. 51, арк. 162.
27.     Там жа, арк. 165-178.
28.     Там жа,  арк. 251,
29.     Там жа, арк. 254.
30.     Там жа, арк. 261.
31.     Там жа, арк. 11.
32.     Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi. Мн., 1996, с. 346.
33.     НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр.112, арк. 269.
34.     Там жа,  спр. 111, арк. 32.
35.     Там жа,  спр. 163, арк. 317.
36.     Там жа,  спр. 164, арк. 1.
37.     Там жа,  арк. 10.
38.     Друк Беларускай ССР, с. 146-147.
39.     Там жа, с. 150-151.
40.     НАРБ. Ф.4, воп. 47,   спр. 111, арк. 378.
41.     Там жа,  спр. 51, арк. 207.
42.     Там жа, спр. 112, арк. 149.
43.     Там жа,  спр. 163, арк. 99.
44.     Лiтаратура i мастацтва, 1947, 2 жнiўня.
45.     НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 164, арк. 70.
46.     Там жа,  спр. 112, арк. 78.
47.     Там жа,  спр. 369, арк. 90.
48.     Звязда, 1953, 15 сакавiка.
49.     НАРБ. Ф. 4, воп. 81, спр. 852, арк. 6.
50.     Лiтаратура i мастацтва, 1950, 18 лiстапада.
51.     НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 111, арк. 64.
52.     Там жа, спр. 164, арк. 56.
53.     Там жа, спр. 156, арк. 14.
54.     Звязда,  1954, 7 мая.
55.     НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 156, арк. 39.
56.     Там жа, спр. 155, арк. 62; спр. 156, арк. 112.
57.     Там жа,  спр. 156, арк. 264.
58.     Там жа, спр. 426, арк. 76.
59.     Там жа, спр. 440, арк. 66.
60.     Там жа, спр. 447, арк. 162.
61.     Там жа, спр. 477, арк. 164.
62.     Там жа, спр. 526, арк. 14.
63.     Там жа, спр. 506, арк. 88.
64.     Там жа, спр. 525, арк. 153.
65.     Звязда, 1956, 16 лiстапада.
66.     НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр. 492, арк. 135.
67.     КПБ  в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК, т.6.- Мн., 1987, с. 22.

 
 
Яндекс.Метрика