Бальшавiцкiя рэпрэсii супрацоўнiкаў Беларускай акадэмii навук

 

          Радзiм ГАРЭЦКI (Мiнск)

 

Вытокi Беларускай акадэмii навук (БАН) зыходзяць з утварэння ў 1921 г. Навукова-Тэрмiналагiчнай камiсii пры Народным камiсарыяце асветы, якая на наступны год была ператворана ў Iнстытут беларускай культуры (Iнбелкульт). Дзейнасць Iнбелкульта праходзiла ў час, калi працягваўся працэс беларускага нацыянальнага адраджэння. У 20-е гады мiнулага стагоддзя адбывалася палiтыка беларусiзацыi. З часам Iнбелкульт пачаў ахоплiваць ня толькi грамадазнаўчыя навукi, але i навукi аб прыродзе. У яго складзе была вялiкая колькасць секцый, камiсiй, аддзелаў, якiя вялi разнастайныя даследаваннi [1]. Старшынi Iнбелкульта – С.М.Некрашэвiч (1922–1925 гг.), У.М.Iгнатоўскi (1925–1928 гг.). Iнбелкульт, па сутнасцi, пачаў выконваць ролю нацыянальнай акадэмii навук, i таму ўжо ў 1924 г. кiраўнiкi Iнбелкульта звярнулiся да Урада БССР з прапановай ператварыць гэты iнстытут у Беларускую акадэмiю навук (БАН). Але дазвол трэба было атрымаць з Масквы, i ён прыйшоў толькi праз 4 гады.

13 кастрычнiка 1928 г. Бюро ЦК КП(б)Б ухвалiла пастанову Савета Народных Камiсараў БССР аб арганiзацыi БАН на базе Iнбелкульта [2]. 26 снежня 1928 г. спiсы першых акадэмiкаў у колькасцi 31чалавекi, папярэднi абраныя спецыяльнай урадавай камiсiяй на чале з сакратаром Цэнтральнага Выканаўчага Камiтэта БССР А.I.Хацкевiчам, былi зацверджаны СНК БССР, а 1 студзеня 1929 г. адбылося урачыстае адкрыццё БАН, якое прыстасавалi да 10-годдзя Савецкай Беларусi. Прэзiдэнтам БАН быў прызначаны вядомы гiсторык В.М.Iгнатоўскi. 14 акадэмiкаў былi раней членамi Iнбелкульта.

Сярод першых акадэмiкаў-заснавальнiкаў БАН былi абраны выдатныя пiсьменнiкi Янка Купала i Якуб Колас, буйныя вучоныя — мовазнаўцы М.М.Дурнаво, С.М.Некрашэвiч, Я.Ю.Лёсiк, Б.А.Тарашкевiч, гiсторыкi В.У.Ластоўскi, У.I.Пiчэта, А.Н.Ясiнскi i iнш. Самым маладым (28 год) быў эканамiст Г.I.Гарэцкi — дырэктар Беларускага навукова-даследчага iнстытута сельскай i лясной гаспадаркi. Наогул БАН па складу i накiрунку дзейнасцi атрымалася дастаткова нацыянальнай. Хаця 9 сябраў былi абраны з АН СССР i Усеукраiнскай акадэмii навук. У той жа час ужо тады “палiтычнае сiта” не прапусцiла такiх буйных беларускiх вучоных як Я.Ф.Карскi, А.К.Сержпутоўскi, М.У.Доўнар-Запольскi, А.А.Смолiч, I.Л.Дыла, вядомы пiсьменнiк М.I.Гарэцкi.

Яшчэ ў канцы 1927 г. XV з”езд УКП(б) намецiў курс на калектывiзацыю сельскай гаспадаркi i “наступ сацыялiзма па ўсяму фронту”. На наступны год павялiчалася барацьба супраць усякiх праяў “антикоммунистических идеологий и немарксистских уклонов”, “буржуазной нацдемовщины” i г.д. 1929 г. — год “великого перелома”, супольнай калектывiзацыi, новай ”чистки” партыi пад знакам барацьбы супраць трацкiстаў, правых апартунiстаў, буржуазных нацыяналiстаў i г.д. Гэта быў год пераходу да дзiкiх таталiтарных метадаў кiраўнiцтва краiнай, калi, па словах Сталiна, “репрессии в области социалистического строительства являются необходимым элементом наступления”. Савецкi Саюз паступова ператвараўся ў сапраўдны “архiпелаг ГУЛАГ”.

Незадаволенасць выклiкала i новаствораная БАН, якая здавалася занадта нацыянальнай. З Масквы прагучаў сiгнал супраць “нацдэмаў” у выглядзе шэрагу артыкулаў, якiя надрукавала газэта “Комсомольская правда”. Яны мелi выразныя назвы: “Тени прошлого”, “Призрак Столыпина в стенах Наркомзема”, “Любимая мозоль национал-демократов”, “С камнем за пазухой”, “Под прикрытием национальных особенностей”, “Кулацкая политика под советским флагом. Тайное стало явным”, “Новая национал-демократическая вылазка” i г.д. У гэтых артыкулах крытыкавалася дзейнасць новых акадэмiкаў З.Х.Жылуновiча, Я.Ю.Лёсiка, С.М.Некрашэвiча, У.I.Пiчэты, А.Балiцкага, Г.I.Гарэцкага, “бывшего белогвардейца” В.У.Ластоўскага, “бывшего деникинца” I.I.Замоцiна, а таксама М.I.Гарэцкага, I.I.Цвiкевiча i iнш.

Ужо ў канцы 1929 г. знялi з пасады i выключылi з партыi А.Балiцкага — наркама асветы, вызвалiлi ад абавязкаў вiцэ-прэзiдэнта БАН С.М.Некрашэвiча i неадменнага сакратара БАН В.У.Ластоўскага. У вераснi выключылi з БАН акадэмiка М.М.Дурнаво, а ў пачатку 1930 г. — украiнскага гiсторыка, акадэмiка М.I.Яворскага, якога аб”явiлi авантурыстам i немарксiсцкiм гiсторыкам i арыштавалi ў сувязi з працэсам “Саюз вызвалення Украiны”.

У 1930 г. па iнсперыраваным АДПУ справам “Саюз вызвалення Беларусi (СВБ)” i “Беларускi фiлiял Працоўнай сялянскай партыi (ПСП)” былi арыштаваны вялiкiя групы беларускай iнтэлiгенцыi: па першай справе 108 чал., па другой — 59. Праз год па справе “СВБ” несудовы прыгавор вынесены 86 чал., з iх 4 чалавекi былi прысуджаны да збаўлення волi тэрмiнам на 10 год, астатнiя — да 5 год высылкi цi канцлагероў; па справе “ПСП” 6 чалавек — да расстрэлу (чатыром замянiлi на 10 гадоў зняволення ў канцлагеры), 13 чал. — да такога ж пакарання, астатнiм — розныя тэрмiны адбыцця ў лагерах цi высылкi.

З БАН у лiку асуджаных па гэтым справам аказалася 30 вучоных, што склала амаль 1/3 усяго складу акадэмii, якая ў той час яе стварэння налiчвала каля 100 супрацоўнiкаў [3]. Тады ж была прынята пастанова СНК БССР:

“В связи с установлением вредной деятельности группы академиков Белорусской академии наук, деятельность которых была направлена против диктатуры пролетариата и на срыв успешного социалистического строительства, Совет Народных Комиссаров БССР постановляет исключить из состава Белорусской Академии наук академиков В.Ю.Ластовского, В.И.Пичету, Я.Ю.Лёсика, С.М.Некрашевича, Г.И.Горецкого, А.Д.Дубаха, лишив их звания академиков, как врагов пролетарской диктатуры.

Председатель Совета Народных Комиссаров БССР Н.Голодед”.

Гэтая пастанова была прынята да рашэння пазасудовага органа АДПУ i таму тым больш з”яўлялася незаконнай.

Сярод асуджаных быў ня толькi мой бацька — акадэмiк Гаўрыла Гарэцкi, але i яго брат Максiм Гарэцкi — пiсьменнiк i лiтаратуразнаўца. Бацька быў асуджаны па артыкулах 58-6(шпiянаж), 58-7 (падрыў дзяржаўнай прамысловасцi, транспарту, гандлю, грашовага звароту, кааперацыi), 58-11 (арганiзаваная антысавецкая дзейнасць цi ўдзел у антысавецкай арганiзацыi) i прысуджаны да расстрэлу, а пазней — з заменай гэтага пакарання зняволеннем у канцлагер тэрмiнам на 10 год. Ён быў адасланы ў Салаўкi, але затым трапiў на будаўнiцтва Беламорска-Балтыйскага канала ў Карэлiю. Максiм Гарэцкi быў асуджаны на 5 год высылкi ў г.Вятка (Кiраў).

Прэзiдэнт БАН гiсторык В.Iгнатоўскi быў абвiнавачаны ў тым, што “вел борьбу против национальной политики партии..., служил ширмой для прикрытия национал-демократических элементов и превращения Белорусской академии наук в плацдарм для контрреволюционной деятельности нацдемовской организации...”, затым быў выключаны з партыi. В.Iгнатоўскi не вытрымаў гэтых здзекаў, ня бачыў выйсця з такой сiтуацыi i таму 4 лютага 1931 г. пакончыў жыццё самагубствам.

Ужо ў 1933 г. была выдумана новая справа неiснуючай “контрреволюционной повстанческой и шпионско-диверсионной организации” пад назвай “Беларускi нацыянальны цэнтр”. Пакаранне панеслi 97 чал. (галоўным чынам, гэта былi людзi, якiя ўнеслi значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэння ў Заходняй Беларусi). Сярод iх 26 чал. прысуджаны да расстрэлу (16 з заменай на 10 год лагераў). З БАН 16 супрацоўнiкаў было арыштавана i выслана.

Найбольш магутны удар па навуковым кадрам БАН быў нанесены ў 1937-38 гг. Тады арыштавалi многiх буйных вучоных, у тым лiку 13 акадэмiкаў i 6 членаў-карэспандэнтаў. Сярод iх пiсьменнiк i грамадскi дзеяч — першы старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусi ў 1919 г. акад. З.Х.Жылуновiч (Цiшка Гартны), прэзiдэнты БАН П.В.Горын (Каляда) i I.З.Сурта, вiцэ-прэзiдэнт В.К.Шчарбакоў, неадменны сакратар П.Я.Панкевiч, лiдэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi, кiраўнiк беларускай парламенцкай фракцыi Сойма Пальшчы, аўтар першай “Беларускай граматыкi для школ” Б.А.Тарашкевiч. Былi арыштаваны вядомыя вучоныя – акадэмiкi: Я.Н.Афанасьеў, Ц.Л.Бурстын, Т.Ф.Домбаль, I.I.Замоцiн, С.Ю.Матулайцiс, I.А.Пятровiч, В.А.Сербента.

Усе абвiнавачвання i справы былi сфабрыкаваны АДПУ-НКУС-МДБ, прызнаннi атрыманы шляхам маральнага i фiзычнага нацiску (у тым лiку карцары, так званыя “парылкi”, уяўныя расстрэлы, катаваннi). Арыштам садзейнiчала грамадская атмасфера таго часу: страх, хлусня, падазронасць, недавер”е, што выгукала даносы, абвiнавачваннi.

БАН у адносiнах да навуковых кадраў аказалася настолькi аголенай, што павiнны былi зачынiць Iнстытуты фiласофii i савецкага будаўнiцтва, фiзiка-тэхнiчны, а Iнстытут эканомiкi перавесцi ў Дзяржплан БССР.

У 1930 г. у БАН было арыштавана 33 супрацоўнiкаў, у 1933 г. — 16, 1936 г. — 15, 1937 г. — 45, 1938 г. — 27. Усяго каля 140 чал., сярод якiх людзi розных нацыянальнасцей, але галоўным чынам беларусы (96 чал.). Трэба ўлiчыць, што ў 1937 г. агульная колькасць супрацоўнiкаў БАН складала 580 чал. Па афiцыйным матэрыялам, якiя атрыманы з КДБ БССР, вызначана, што 42 чал. з лiку арыштаваных былi расстрэляны ў канцы 30-х гадоў у Мiнску [3]. Сярод iх амаль усе арыштаваныя акадэмiкi i члены-карэспандэнты БАН. Усе яны цяпер рэабiлiтаваны. Тое ж можна сказаць i пра большасць астатнiх рэпрэсiраваных вучоных БАН.

Больш канкрэтна пра далейшы лёс вучоных можна прасачыць на прыкладзе маiх бацькi i дзядзькi — братоў Гарэцкiх.

Бацьку з улiкам паспяховай працы тэрмiн зняволення быў скарочаны i ён ўжо ў 1934 г. быў вызвалены, але яму строга раiлi застацца на будаўнiцтве Беламорска-Балтыйскага канала, дзе ён i працаваў у Мядзьведжай Гары (Карэлiя) iнжынерам-геолагам i куды перавёз сваю сям”ю з Менску. У Максiма Гарэцкага ў 1935 г. таксама скончыўся тэрмiн высылкi i ён разам з сям”ёй пераехаў у пас.Пясочня (пазней – г.Кiраў) Смаленскай вобл., дзе працаваў у сярэдняй школе настаўнiкам рускай мовы i лiтаратуры. У 1935 г. у в.Малая Багацькаўка (Мсцiслаўшчына ў Беларусi) памёрла мацi братоў i, ня гледзячы на тое, што яны ўжо былi вызвалены, яны не атрымалi дазволу, каб паехаць на пахаванне.

У ноч з 3 на 4 лiстапада 1937 г. Максiм Гарэцкi быў зноў арыштаваны, у хуткiм часе пераведзеныi ў турму г.Вязьма, а ўжо 5 студзеня 1938 г. рашэннем Тройкi быў прыгавораны да расстрэлу [4].

М.М.Iлькевiч [5] — начальнiк цэнтра грамадзкiх сувязей Упраўлення Федэральнай службы кантрразведкi РФ па Смаленскай вобласцi — надрукаваў у сувязi з гэтым два дакумента. Першы дакумент складзены за 14 дзён да расстрэлу Максiма Гарэцкага. Гэта пратакол № 85 ад 5 студзеня 1938 г. пад грыфам “Сов. секретно”:

“Нач. особой оперативной группы

УНКВД с/о ст. лейтенанту милиции —

тов.Завьялову (лично)

Препровождая при этом выписки из протокола № 85 Заседания Тройки УНКВД с/о от 5 января 1938 года ПРИКАЗЫВАЮ привести в исполнение решение Тройки в отношении осужденных К РАССТРЕЛУ: [далей iдзе пералiк прозвiшчаў, iмён i iмён па-бацьку 43 чал. i пад № 30 — “Горецкого Максима Ивановича”].

Акт о расстреле и выписки из протокола передайте в 8 Отдел УГБ УНКВД Смол. обл.

Приложение. 43 выписки.

Зам. нач. Управления НКВД Смол. обл.

капитан Государственной Безопасности (Викторов)”.

Каб уявiць маштаб рэпрэсiй i тэрора ўлад супраць свайго народу, М.М.Iлькевiч прааналiзаваў гэты пратакол далей. Ён налiчвае 45 лiстоў машынапiснага тэксту. Усяго разгледжана 84 угалоўна-следчых спраў, па якiх праходзiла 450 чал., з iх 220 чал. прыгаворана да расстрэлу. Гэтым днём (5 студзеня) аформлена 4 пратаколы пасяджэння Тройкi. Было разгледжана 406 угалоўна-следчых спраў па абвiнавачанню 930 чал., з якiх 587 (63%) былi прыгавораны да расстрэлу i пазней расстраляны. Усе яны цяпер рэабiлiтаваны.

Другi дакумент:

“Совершенно секретно:

АКТ

1938 года, февраля 10-го дня. Мы, нижеподписавшиеся, Начальник Особой Оперативной Группы Управления НКВД СССР Смоленской области — Старший Лейтенант Милиции Завьялов, Врид Коменданта Управления НКВД СССР Смоленской обл. — Младший Лейтенант Государственной Безопасности Власов и Помощник Коменданта Управления НКВД Смоленской области Грибов, сего числа, на основании предписания Зам Нач Управления НКВД СССР Смоленской области — Капитана Государственной Безопасности тов. Викторова от 28-го января 1938 года за № 60253/8, привели в исполнение решение Заседания Тройки УНКВД Смоленской области от 5-го января 1938 года (протокол № 85) в отношении осужденных к расстрелу: [далей iдзе пералiк 40 прозвiшчаў, iмён i iмён па-бацьку, пад № 30 “Горецкого Максима Ивановича”].

Перечисленные осужденные, всего в числе сорока человек, из места содержания под стражей были взяты в 14 часов 45 минут 10-го февраля 1938 года, а решение Заседания Тройки приведено в исполнение путем расстрела в 15 часов того же 10-го февраля 1938 г.

Трупы зарыты на установленную глубину, о чем и составлен настоящий акт в одном экземпляре.

Нач. Особ оперативной группы

Ст. Лейтенант Милиции  (Завьялов)

Врид Коменданта Управления НКВД

СССР Млад. Лейтенант Госбезопасности  (Власов)

Помощник Коменданта Управления

НКВД  (Грибов)”

У акце пералiчаны прозвiшчы 40 чалавек, 3 чалавекi былi расстрэляны гэтымi катамi пазней. Максiм Гарэцкi не дажыў да 45-цiгоддзя 8 дзён.

Уканцы кастрычнiка 1937 г. у Мядзьведжай Гары быў арыштаваны i Гаўрыла Гарэцкi — лiчылася, што асуджаныя па артыкулу 58-6 (шпiянаж) “не разуружились”, да i наогул дабiралi недабiтых ”ворагаў народа”. Як найбольш “небяспечнага”, яго адаслалi на допыт у Маскву, пасля чаго вызвалiлi. А ў гэты час з 27 катрычнiка па 4 лiстапада (усяго за 1 тыдзень!) пад Мядзьведжай Гарой у ўрочышчы Сандармох, было расстрэлена каля 9 тысяч зняволеных з розных турмаў Белбалтлага. Толькi з Салавецкай турмы было расстрэлена 1111 зняволеных i сярод iх 102 беларуса, а ў лiку апошнiх акадэмiкi БАН М.Яворскi i М.Дурнаво [6].

Сiтуацыя паўтарылася на наступны год, калi Гарэцкi з 8 траўня 1938 па 22 чэрвеня 1939 г. больш за год адсядзеў у сталiнскiх казематах, прычым адведаў голад i збiенне, карцары i здзекi. Дайшоў да таго, што хацеў зкончыць жыццё самагубствам. Зноў яго адправiлi ў маскоўскую Бутырку, а ў гэты час групу зняволеных, у якую спачатку ўваходзiў i Гарэцкi, расстрэлялi пад Мядзьведжай Гарой.

Гаўрыла Гарэцкi быў рэабiлiтаваны ў 1958 г., але ў званнi акадэмiка аднавiлi толькi ў 1965 г., а ў Менск дазволiлi звярнуцца ў 1969 г., амаль пасля 40 гадоў выгнання. Ён стаў заснавальнiкам новай навукi — палеапатамалогii (вучэнне пра рэкi геалагiчнага мiнулага), стварыў вядомую ў свеце беларускую школу даследчыкаў геалогii антрапагену, быў на чале Камiсii па вывучэнню чацвярцёвага перыяду АН СССР, савецкай секцыi Мiжнароднай асацыяцыi па вывучэнню чацвярцёвага перыяду, надрукаваў шэраг манаграфiй, за якiя атрымаў Дзяржаўную прэмiю СССР, а затым разам са сваiмi вучнямi — Дзяржаўную прэмiю БССР i г.д.

У гонар Максiма Гарэцкага, якога прызналi класiкам беларускай лiтаратуры, названы вулiцы ў Менску, Мсцiслаўле, Горках, Маладзечна, працуе музей у М.Багацькаўцы, ёсць помнiкi ў Менску i Вязьме i шэраг мемарыяльных дошак.

Па падлiках У.I.Адамушкi (1994) i iншых гiсторыкаў, толькi па архiўных матэрыялах Беларусi ў 1920 — 50 гг. судовымi i нясудовымi органамi рэспублiкi па палiтычных матывах было пакарана больш за 250 тыс. грамадзян. З iх за ”контррэвалюцыйную дзейнасць” да расстрэлу прыгаворана больш за 35 тысяч чалавек, прычым гэта праходзiла кожны год, пачынаючы з 1919 i па 1953 гг. (выключэнне толькi 1923 г., калi па палiтычных матывах нiкога не пакаралi), а пiкi такiх спраў трапiлi на 1929 — 33 гг. i асаблiва 1937 — 38 гг. Адмiнiстратыўную высылку атрымалi больш за 350 тыс. чалавек. Значыць, усяго толькi па афiцыйным дадзеным, якiя пацверджаны дакументамi, рэпрэсiўныя меры былi прымянены больш чым да 600 тыс. чалавек. Гэта лiчба мiнiмальная. У сапраўднасцi лiчба рэпрэсiраваных значна большая, асаблiва, калi ўлiчыць перыядычнае знiшчэнне дакументаў у адпаведных органах, прымусовае i “дабрачыннае” перасяленне родных i блiзкiх разам з рэпрэсiраваннымi, асуджэнне жыхароў Беларусi па за межамi рэспублiкi, паўторныя пакараннi i г.д. Па думцы гiсторыка I.М.Кузняцова, якi спецыяльна распрацоўвае гэтую тэму, лiчба рэспрэсiраваных жыхароў Беларусi, наблiжаецца да 1.5 млн. чалавек.

Так было. Але гэта нiколi не павiнна паўтарыцца!


          Литература:

1. Iнстытут беларускай культуры. Мн.: Навука i тэхнiка. 1993. – 255 с.
2. Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929 – 1945). Мн.: Навука i тэхнiка. 1988. – 182 м.
3. Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Мн.: Навука i тэхнiка. 1992. – 120 с.
4. Гарэцкi Радзiм. Ахвярую сваiм “Я”… Мн.: Беларуская навука. 1998. – 287 с.
5. Илькевич Н. Расстрелены в Вязьме. Новое о М.И.Горецком // Край Смоленский. 1994. № 1-2. С. 129 – 144.
6. Кобец-Филимонова Е. «Беларусь – Соловки – Сандромох. 1937 (Расстрелянные списки белорусов и осужденных в Беларуси) // «Народная воля» 19 снежня 1997 г. № 227(349).

 
 
Яндекс.Метрика