Прымусовая ратацыя насельнiцтва ў беларускiм пагранiччы

 

          Iрына РАМАНАВА (Мiнск)

 

Ад аўтара: Артыкул з’яўляецца дапрацаваным i пашыраным варыянтам артыкула “Зона”. Беларускае памежжа па савецкi бок дзяржаўнае мяжы”, якi быў надрукаваны ў часопiсе “Спадчына”, 2001, №1-2.

З сярэдзiны 1920-х гг. у СССР пачалося “будаўнiцтва сацыялiзму ў асобна ўзятай краiне”. Еўрапейскiя краiны савецкай прапагандай падаюцца не як плацдарм для разгортвання рэвалюцыi, а як варожы капiталiстычны свет, гатовы кожную хвiлiну пачаць ваенную агрэсiю супраць СССР. Разам з цэментаваннем таталiтарнай дзяржавы знутры (шляхам фiзiчнага вынiшчэння альбо iзаляцыi патэнцыяльнай апазiцыi) пачынае стварацца жалезная заслона супраць варожых уплываў Захаду, умацоўваюцца межы, вядуцца ваенныя прыгатаваннi.

Тая акалiчнасць, што БССР, УССР i Ленiнградская вобласць з’яўлялiся мяжой памiж дзвюма «варожымi сiстэмамi» — сацыялiстычнай i капiталiстычнай,— накладвала адбiтак на ўсе бакi жыцця грамадства гэтых рэгiёнаў. Паралельна з агульнымi, так званымi сацыялiстычнымi пераўтварэннямi (iндустрыялiзацыя, гвалтоўная калектывiзацыя, разгром апазiцый, рэпрэсii) тут рэалiзоўваўся комплекс мерапрыемстваў па забеспячэннi надзейнасцi заходнiх рубяжоў СССР. Зыходзячы з таго, што высокi ўзровень эканамiчнага развiцця ў мiрны час дазволiў бы ў выпадку неабходнасцi хутка перавесцi народную гаспадарку памежжа на ваенны лад, урадам краiны да канца 1920-х гадоў быў распрацаваны комплекс прыярытэтных напрамкаў развiцця пагранiчных раёнаў, якi ўключаў у сябе шырокi спектр ваенных, палiтычных, эканамiчных i культурных мерапрыемстваў.

Пастановай ЦК КП(б)Б (люты 1929 г.) выкананне пяцiгадовага плана ў памежжы прадугледжвалася за тры гады, за гэты ж час планавалася лiквiдаваць тут непiсьменнасць сярод дзяцей 12—15-гадовага ўзросту, давесцi долю камунiстаў i камсамольцаў сярод настаўнiцкага складу не менш чым да 50%, адкрыць шырокую сетку хатаў-чытальняў, павялiчыць завоз тавараў, знiзiць нормы сельскагаспадарчага падатку i адлiчэннi па страхаваннi. Пастановай ЦК КП(б)Б i СНК БССР ад 11 студзеня 1932 г. праграма ўзмацнення пагранпаласы была канкрэтызавана, для памежных раёнаў устанаўлiвалася спецыяльнае фiнансаванне. Трактарцэнтр абавязваўся неадкладна забяспечыць пагранiчча трактарамi i сельгасiнвентаром, Белкалгасцэнтр – падрыхтаваць адпаведныя матэрыяльна-бытавыя ўмовы для прыёму i размяшчэння ў калгасах беларускага памежжа 350 калгаснiкаў з раёнаў нiжняй i сярэдняй Волгi. Той жа Белкалгасцэнтр i райкамы КП(б)Б павiнны былi ўмацаваць кiруючы склад усiх нацыянальных калгасаў, правесцi праверку на “iдэалагiчную трываласць” мясцовых калгаснiкаў-нацменаў, перавесцi сюды кадры з iншых раёнаў рэспублiкi. На кiруючую працу ў памежныя калгасы накiроўвалiся 100 партыйцаў i камсамольцаў з кантынгенту памежнай аховы. Наркамату земляробства даручалася арганiзаваць у 1932 г. 10 чырвонаармейскiх калгасаў, а таксама папоўнiць iснуючыя калгасы былымi чырвонаармейцамi з тым, каб “во всех колхозах, непосредственно прилегающих к границе, красноармейцы составляли крепкое руководящее ядро” [1].

Мерапрыемствы ваеннага парадку былi накiраваны на забеспячэнне падчас магчымай вайны ўмоў для правядзення вайсковай мабiлiзацыi i арганiзацыi абароны на тэрыторыi БССР. Прадугледжвалася: прыстасаванне цывiльных будынкаў пад вайсковыя шпiталi, рэквiзiцыя сродкаў аўтатранспарту для патрэб армii i эвакуацыi, пераарыентацыя машынна-трактарных станцый (МТС) для рамонту вайсковай тэхнiкi, стварэнне зборных мабiлiзацыйных пунктаў, падрыхтоўка мабiлiзацыйнага рэзерву з мiлiцыi, забеспячэнне запасаў палiва, харчавання, iншых матэрыяльна-тэхнiчных рэсурсаў i г.д. [2].

Памежны па савецка-польскай i савецка-латышскай межаў, што пралягалi на тэрыторыi БССР, у канцы 20-х гадоў уключаў 40 раёнаў, якiя падзялялiся на дзве групы. Група “А”складалася з 7 апорных раёнаў: Асвейскi, Полацкi, Лепельскi, Дзяржынскi, Слуцкi, Жыткавiцкi, Мазырскi. Група “Б” падзялялася на дзве зоны: першая зона ўключала ў сябе 15 раёнаў (Асвейскi, Бягомльскi, Ушацкi, Заслаўскi, Капыльскi, Чырвонаслабадскi, Мiнскi, Плешчанiцкi, Лагойскi, Лельчыцкi, Любанскi, Старобiнскi, Расонскi, Тураўскi, Уздзенскi); другая зона складалася з 18 раёнаў (Сiрацiнскi, Бешанковiцкi, Чашнiцкi, Крупскi, Барысаўскi, Смалявiцкi, Бярэзiнскi, Чэрвеньскi, Пухавiцкi, Клiчаўскi, Асiповiцкi, Бабруйскi, Старадарожскi, Глускi, Парыцкi, Петрыкаўскi, Ельскi i Нараўлянскi).

Задачай першачарговай значнасцi станавiлася «стварэнне палiтычна надзейнага кантынгенту насельнiцтва памежжа». На 1 студзеня 1935 г. жыхарства раёнаў групы “А” складала каля 550 тыс., групы “Б” — больш за 1,5 млн. Чалавек [3]. Такiм чынам, больш за 2 млн. чалавек былi ўключаны ў працэс фармiравання новага тыпу чалавека — насельнiк савецкага памежжа. Для рэалiзацыi гэтай устаноўкi планавалася: 1) выдаленне (так званыя чысткi) з памежнай паласы ўсiх недобранадзейных элементаў (паказчыкамi чаго з’яўлялiся палiтычныя погляды, сацыяльнае паходжанне i становiшча, сувязь з замежжам i iнш.), 2) засяленне гэтай тэрыторыi палiтычна надзейнымi людзьмi: чырвонаармейцамi, камунiстамi i камсамольцамi, актывiстамi i перадавiкамi.

Чысткi пачалiся, як вядома, адразу пасля рэвалюцыi, праводзiлiся яны i ў 1920-я гады. Але масавы характар палiтычныя рэпрэсii супраць жыхароў пагранiчных тэрыторый набылi падчас “вялiкага пералому”. Так, калi ў 1925—1926 гг. адсюль было выселена 229 чалавек, то у 1928—1929 гг. на лесапавалы поўначы Расii органы ДПУ адправiлi ўжо 2068 чалавек [4]. 11 верасня 1929 г. кiраўнiцтва БССР дакладвала ў Маскву: “Неабходна таксама прыняць пад ўвагу наша памежжа, дзе гэтым летам дзеля разгрому контррэвалюцыйных польскiх кулацкiх гнёздаў выселена з Беларусi 600 гаспадарак i зямля перададзена беднаце” [5]. Праз дзесяць дзён была накiравана яшчэ адна дакладная запiска ў ЦК ВКП(б), у якой прыводзiлiся лiчбы пра высяленне чарговай партыi “былых землеўласнiкаў i контррэвалюцыйнага элемента”. Шмат з iх былi прыгавораны да розных тэрмiнаў зняволення ў канцлагеры i нават да “вышэйшай меры сацыялiстычнай абароны за шпiянаж i iншую контррэвалюцыйную дзейнасць” — расстрэлу. У заключэннi партыйнай справаздачы з Мiнску заяўлялася: “Бюро ЦК [КП(б)Б] просiць ЦК ВКП(б) у сувязi памежным становiшчам: дазволiць зрабiць дадатковае высяленне з Беларусi былых абшарнiкаў i буйных землеўласнiкаў” [6].

Палiтыка калектывiзаццыi i раскулачвання ў БССР, у сувязi з яе пагранiчнасцю, праводзiлася больш жорстка. Так, згодна з урадавай пастановай, высяленню ў аддаленыя мясцовасцi падлягалi толькi аднесеныя да кулакоў другой катэгорыi.

[6 лютага 1930 г. усiм акругкамам i райкамам КП(б)Б быў разасланы цыркулярны лiст, скiм даводзiлася як належыць паступiць з якой катэгорыяй кулакоў: “а) першая катэгорыя – гэта контррэвалюцыйны кулацкi актыў – павiнен быць неадкладна лiквiдаваны шляхам заключэння ў конц. лагеры; б) другую катэгорыю павiнны скласцi астатнiя элементы кулацкага актыву, асаблiва з найбольш багатых кулакоў i паў-абшарнiкаў, якiя падлягаюць высылкi ясцовасцi Саюзу ССР; в) у трэцюю катэгорыю ўваходзяць астатнiя кулацкiя гаспадаркi, якiя застаюцца ў межах району, акругi альбо рэспублiкi, але падлягаюць рассяленьню на новых, адводзiмых iм за межамi калгасных гаспадарак вучастках горшай зямлi. Агульная колькасць гаспадарак усiх трох катэгорый павiнна скласцi ў сярэднiм по БССР 3-3,5%. Гэтае паказанне (3-3,5%) мае мэтай сканцэнтраваць удар па сапраўды кулацкiх гаспадарках i безумоўна папярэдзiць распаўсюджваньне гэтых мерапрыемстваў на якую-небудзь частку серэднякоў. (НАРБ, Ф. 4, воп. 21, спр.192, л. 205-206].

Аднак у маi 1931 г. сакратары райкамаў кампартыi i старшынi райвыканкамаў Беларусi атрымалi цыркуляр, у якiм паведамлялася: “Дырэктыўнымi органамi прынята рашэнне аб ачышчэннi тэрыторыi БССР, як памежнай, ад рэшткаў кулацтва. Пад гэтую катэгорыю, акрамя кулакоў 3-й катэгорыi будуць аднесены былыя кулакi, заможнiкi i эксплуататары ў мiнулым, абрэзаныя падчас рэвалюцыi, незалежна ад таго выплочвалi апошнiя падатак цi не. Уся праца па высяленнi кулацкiх сем’яў ускладзена на органы ДПУ[…] На працягу 19—21 траўня г.г., у мэтах папярэджання ўцёкаў кулацкiх сем’яў i асаблiва працаздольнай iх часткi, будзе праведзена забранне главаў [сем’яў] i ўсiх працаздольных мужчын, якiя падлягалi высяленню…” [7].

З 1935 г. на ўсе адмiнiстрацыйныя тэрыторыi, дзе мелiся ўмацаваныя раёны, распаўсюджвалася палажэнне аб 7,5-кiламетровай зоне, уезд куды дазваляўся толькi па спецпрапусках. Ва ўсiх населеных пунктах памежнай зоны арганiзоўваўся iнстытут начных вартаўнiкоў. У кожным сельсавеце, якi прылягаў да дзяржаўнай мяжы, i у сельсаветах, дзе размяшчалiся “укрепрайоны”, уводзiўся ў штат старшы мiлiцыянер i пажарны — усяго 146 чалавек па рэспублiцы. Зноў меркавалася правесцi чарговую чыстку. Дзеля гэтага неабходна было арыштаваць 1,6 тыс. чалавек “актыўнага кулацка-варожага элемента», перасялiць 6 тыс сем’яў, члены якiх былi раней рэпрэсаваны альбо ўцяклi закардон [8].

Канец курсу на сусветную сацыялiстычную рэвалюцыю адпавядаў таксама нарастанню негатыўных настрояў у адносiнах да Польшчы, якая, згодна з савецкай прапагандай, адыгрывала ролю авангарда “сусветнага iмперыялiзму”, гатовага пачаць ваенную агрэсiю супраць СССР. Гэты фактар (разам з манiякальным пошукам ворагаў) знайшоў свой адбiтак на павышэннi падазронасцi ўладаў у адносiнах да палякаў. Тычылася гэта i iншых нацыянальных меншасцей, перш за ўсё тых, гiстарычныя радзiмы якiх мелi агульную мяжу з СССР. Прадстаўнiкi гэтых нацыянальнасцей аўтаматычна пераўтваралiся ў “пятую калону” iмперыялiзму i не мелi права быць сведкамi ваенных прыгатаванняў савецкай краiны. Цэлыя народы, якiя вякамi жылi на тэрыторыях былой Расiйскай iмперыi, залiчвалiся да “элементу недобранадзейнага” i падлягалi прэвентыўна рэпрэсiям. Пiльная ўлада лiчыла, што нацыянальнасць грамадзянiна сведчыць сама па сабе аб магчымасцi здрады i шпiянажу: прадстаўнiкi польскай нацыянальнасцi “шпiёнiлi”, як правiла, на карысць “фашысцкай Польшчы”, латышы – Латвii i г.д. Улiчваючы шматнацыянальны склад нашай краiны, яе гiстарычнае мiнулае, у вынiку якога даволi цяжка было вызначыць, хто з’яўляецца палякам, а хто беларусам, а таксама падзел тэрыторыi краiны згодна з Рыжскiм дагаворам на дзве часткi, якi меў вынiкам разрыў не толькi суседскiх сувязяў, але i роднасных, вiдавочна, што пошукi шпiёнаў сярод “чужых” (г.зн. нацыянальных меншасцей) тычылiся ў значнай меры i “сваiх” (беларусаў).

Чысткi па нацыянальнай прыкмеце пачалiся яшчэ ў 1920-я гады i ў першую чаргу закранулi працаўнiкоў чыгуначнага транспарту (чыгункi лiчылiся адным з важнейшых стратэгiчных элементаў). У 1923 г. на аснове загада Наркамата шляхоў зносiн была створана “Асобая камiсiя па чыстцы транспарта ад усялякага падазронага элемента i агентаў польскай, латвiйскай, лiтоўскай, румынскай i фiнскай нацыянальнасцей”. У вынiку яе дзейнасцi звальненню толькi з Заходняй чыгункi, якая была прызнана прыфрантавой, падлягалi каля 1 тыс. чалавек [9]. У той час, у адрозненнi ад больш позняга перыяду, большасць са звольненых iншым рэпрэсiям не падвяргалася, камiсiям раiлася ўтойваць сапраўдныя прычыны звальнення. У 1927 г. была праведзена чыстка ад “недобранадзейнага элемента” Заходняй i МББ чыгунак [10].

Рэпрэсii набывалi ўсё большы размах. Улады перайшлi ад лiквiдацыi i iзаляцыi асобных сацыяльных груп i катэгорый насельнiцтва да шырокамаштабных акцый. У вынiку “праведзенай органамi ДПУ працы па раскрыццю паўстанцкiх i шпiёнскiх арганiзацый сярод польскага насельнiцтва” у 1929 г. з БССР было выселена 1,5 тыс. польскiх сем’яў [11]. У 1931 г. ДПУ праводзiла “Майскую аперацыю”, у вынiку якой з памежнай зоны выселiлi яшчэ 860 сем’яў (3928 чалавек). Але, як адзначалася ў справаздачы, яшчэ патрэбна было выселiць каля 800 чалавек [12].

У лiпенi-жнiўнi 1937 г. на Беларускай чыгунцы было «выкрыта некалькi шпiёнска-дыверсiйных гнёздаў i шырока разгалiнаваная япона-нямецкая, трацкiсцка-бухарынская шкоднiцкая арганiзацыя». Сярод асаблiва значных гнёздаў ворагаў называлiся буйныя чыгуначныя вузлы (Гомель, Магiлёў, Жлобiн, Асiповiчы, Унеча, Крычаў, Слуцк). Сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву дакладвалi, што сярод выкрытых шпiёнска-дыверсiйных i шкоднiцкiх арганiзацый асаблiва вялiкае месца займае «Польская арганiзацыя вайсковая», якая мела сваёй мэтай шпiянаж, арганiзацыю дыверсiй i тэрора, нацыянальна-фашысцкую апрацоўку палякаў, якiя жывуць на важнейшых участках дарогi. Акрамя таго дакладвалася, што на Гомельскiм ПВРЗ выяўлена контррэвалюцыйная «Паўстанцкая арганiзацыя». У дакладной прыводзiлiся наступныя факты, якiя на думку складальнiкаў гэтага дакумента з’яўлялiся пераканаўчымi доказамi варожай дзйнасцi: «Разоблаченный и арестованный некий Новаковский, шпион, состоявший в данной организации, признал: «Я всю жизнь не перевариваю русских». Бывший председатель дорпрофсожа Иванов, разоблаченный как активный член «ПОВ», при разборе его дела на заседании парткома управления дороги заявил: «Если за что меня надо осуждать, так за то, что я родился в Польше. Сегодня обо мне разбирается вопрос или как в результате клеветы, или за то, что я родился в Польше […] Бывший конторщик распорядительного отдела ст. Гомель Милонович, ныне арестован как антисоветский элемент, высказывался: «Еще Польша не сгинела, пока мы живем» [13].

На допыце 4 чэрвеня 1939 г. у якасцi сведкi па незаконных дзеяннях НКУС Хайкiн паказаў, што “будучи под стражей во 2-й камере, в которой находилась группа арестованных колхозников из дер. Рудня-Столбунская, Светиловичского р-на, по фамилии Гулякевичи и Громыко, в количестве 7 чел., а в соседних камерах сидело еще из их деревни, причем – они рассказывали, что из их колхоза привели около 40 чел. Всех их допрашивал следователь Кошкин, они говорили, что он их избивал, в результате чего получил от них ложные показания о якобы их принадлежности к к.р. орагнизации […] “ПЛОВ”, “ПОВ” и другие слова, не зная содержания, что это обозначает, и эти колхозники между собой ругались – почему они клеветали друг на друга” [14].

«Шырокая сетка трацкiсцкiх, дыверсiйна-паўстанцкiх i польскiх арганiзацый (ПОВ) была ўскрыта» у г. Вiцебску, кiраўнiцтва апошняй прыпiсвалася ксяндзу Райко Станiславу. Арганiзацыя «мела сваiх прадстаўнiкоў на транспарце, у паравозным дэпо, у вадаканале, на буйных прадпрыемствах горада (фабрыка iмя Кагановiча, лесазавод №3, аддзел харчгандлю, iнвалiдная кааперацыя), у авiябрыгадзе, шпiёны i дыверсанты займалi адказныя пасады ў самiм апараце гарадскога камiтэта партыi, камсамола, стварылi ў 21 польскай школе польска-нямецкую шпiёнскую рэзiдэнтуру» i г.д. [15].

У жнiўнi 1937 г. у адпаведнасцi з загадам НКУС СССР (быў зацверджаны Палiтбюро СССР 9 жнiўня 1937 г.) «О ликвидации польских диверсионно-шпионских групп и организаций ПОВ (Польской организации войсковой)» было рэпрэсавана больш за 18 тыс. Чалавек [16]. Гэтая аперацыя па часе i задачах часткова супала з iншай больш маштабнай акцыяй, «О ликвидации польской, немецкой и латышской агентуры в БССР», (праводзiлася на падставе загада НКУС БССР у жнiўнi 1937 г. — вераснi 1938 г.). У ходзе гэтай кампанii ў раёнах, якiя непасрэдна прылягалi да мяжы, i ў важных стратэгiчных пунктах (напрыклад Мiнск) высяленню падлягалi ўсе палякi, латышы i немцы, уключаючы актывiстаў савецкай улады i партыйцаў. У раёнах, якiя знаходзiлiся далей ад мяжы, кампанiя насiла выбырчы характар – высяленню падлягалi жыхары вёсак, размешчаных на стратэгiчных тэрыторыях, напрыклад на чыгуначных станцыях [17]. У вынiку правядзення гэтай аперацыi было арыштавана 21 407 “польскiх шпiёнаў, дыверсантаў i ўдзельнiкаў паўстанцкiх арганiзацый”, 563 чалавекi “нямецкай агентуры”, 1 459 – латышскай [18]. З агульнага лiку арыштаваных каля 19 тыс. чалавек да канца 1938 г. было асуджана па 1-й катэгорыi (г.зн. да расстрэлу). Пагранiчнае становiшча былога польскага нацыянальнага раёна (Дзяржынскага) прадвызначыла лёс яго жыхароў, амаль усе яны былi рэпрэсаваны. Iдэя выкарыстання працэсаў пашырэння правоў нацыянальных меншасцей з мэтай прапаганды рэвалюцыi была адкiнута. Не патрэбнымi сталi i падрыхтаваныя нацыянальныя кадры, якiя ў выпадку рэвалюцыi, маглi б правесцi сацыялiстычныя пераўтварэннi на сваiх гiстарычных радзiмах. Антыпольскiя рэпрэсii ахапiлi таксама частку каталiкоў, якiя раней уладамi квалiфiкавалiся як “беларусы-каталiкi”.

Па нацыянальнасцi “агентура” размяркоўвалася наступным чынам: беларусаў – больш за 10 тыс., палякаў – больш за 9 тыс., яўрэяў (у асноўным палiтэмiгранты i перабежчыкi з Польшчы) — больш за 1 тыс., латышоў – больш за 1 тыс., немцаў – больш за 0,5 тыс., рускiх – каля 400, украiнцаў i лiтоўцаў – прыкладна па 200 чалавек, больш за 100 iншых.

Уяўленне аб тым, як вёўся пошук агентуры могуць даць вытрымкi з двух наступных дакументаў: “… б. нач. райотделения УГБ Воловик (в настоящее время работает в Бобруйском отделе УГБ) вторично созвал оперативных работников и указал, что Речицкому району дано задание выявить и арестовать 300 человек вышеуказанных национальностей [палякаў, латышоў, немцаў i iнш. – I.Р.], для чего дал задание выявить по предприятиям и сельсоветам таких лиц» [19]. «По указанию Горбаленя [нач. Вiцебскага гораддзела НКУС – I.Р.] Ходырев передопросил арестованную Чижевскую, которая была осуждена, как польагент к ВМН и получил показания, что она является участницей к-р латышской фашистской организации, и назвала около 60 участников организации. При допросе Ходырев под руками имел список латышей, посещавших латышский клуб и задал ей вопрос – знает ли она таких-то лиц, на что Чижевская ответила, что знает. Тогда Ходырев и записал всех 60 человек как участников к-р латышской организации» [20].

У 1938 г. НКУС сабраў даведкi на ўвесь камандны склад вайсковых кадраў БВА. Справы вайскоўцаў, якiя нарадзiлiся за мяжой цi мелi там родных, перадавалiся на разгляд “двоек” з усiмi вынiкаючымi адсюль наступствамi [21].

Састаўной часткай рэпрэсiй стала пашпартызацыя насельнiцтва i ўвядзенне рэжыму прапiскi. У 1935 г. у памежнай закрытай зоне пашпартызацыю i перарэгiстрацыю выдадзеных раней пашпартоў было загадана правесцi ў двухмесячны тэрмiн. “Недобранадзейны элемент”, якога паводле “ацэнкi” тагачаснага партыйнага кiраўнiка БССР Гiкалы, налiчвалася звыш 2 тыс. сем’яў, падлягаў высяленню з пагранiчнай зоны (першапачаткова прапаноўвалася 2/3 з iх расстраляць, не вывозячы за межы рэспублiкi). Гэтай жа пастановай прадугледжвалася зацвердзiць на кiруючых пасадах у савецкiм i партыйным апараце памежных акругоў “таварышаў з вопытам ваенна-чэкiсцкай работы” [22]. Праявiлi тут уласную iнiцыятыву i мясцовыя ўлады. З Оршы, Вiцебска i Бабруйска ў ЦК КП(б)Б былi накiраваны хадайнiцтвы аб увядзеннi ў гэтых раёнах рэжыму пагранiчный зоны (“очищение от классовых врагов, введение режима прописки”).

Пад час пашпартызацыi ўсе дадзеныя аб прадстаўнiках нацыянальных меншасцей, або прыбылых з-за мяжы (незалежна ад нацыянальнасцi) перадавалiся ў аддзелы НКУС, дзе толькi на падставе гэтага выпiсвалiся даведкi на арышт [23]. Так, напрыклад, за подпiсам начальнiка УНКУС Вiцебскай вобласцi Раднова П.Я. у 1937 г. ва ўсе раёны вобласцi была спушчана дырэктыва, якая ўтрымлiвала сцвярджэнне, што там, дзе ёсць “латышскае насельнiцтва, то там абавязкова павiнна быць контррэвалюцыйная арганiзацыя”, якую загадвалася неадкладна лiквiдаваць [24]. Аналагiчная сiтуацыя назiралася i ў iншых месцах – масавыя арышты па нацыянальнай прыкмеце праводзiлiся незалежна ад наяўнасцi кампраметуючых матэрыялаў.

У 1938 г. пачалася расправа з тымi, хто здзяйсняў масавы тэрор у папярэднiя гады, работнiкамi АДПУ—НКУС. Арыштаваны сярод iншых былы загадчык аддзела УДБ НКУС Гепштэйн А.М. на допыце 7 сакавiка 1939 г. паказаў: “«…Был установлен фактически такой порядок, при котором белоруса или русского если это был не кулак, не контрабандист и так дальше, а честный человек, арестовывали по одному только показанию (разумеется кроме тех случаев, когда это было детальное прямое и убедительное показания и кроме случаев отдельных ошибок). А поляка, а позже немца и латыша – по одному даже косвенному показанию – арестовывали… Линия на арест в первую очередь поляков привела в конце концов к тому, что на местах при составлении справок на арест, часто на основании только того, что у человека польская фамилия или имя в установочных данных за глаза писали «поляк», зная, что при этом Минск обязательно даст санкцию на арест” [25].

Былы пракурор БССР Наседкiн на пасяджэннi Бюро ЦК КП(б)Б 26 лiпеня 1939 г. адзначаў: “Массовые аресты, главным образом, проводились по линии военной прокуратуры, потому что в Белоруссии арестовывали, главным образом, по 68 ст. – за шпионаж” [26].

Падчас следства паводле сфабрыкаванай справы “Аб’яднанае антысавецкае падполле ў Беларусi” (1937 г. ) (куды органы ўключылi нацыянал-дэмакратаў, трацкiстаў, правых, Польскую арганiзацыю вайсковую (ПОВ), былых бундаўцаў i эсэраў, усе антысавецкiя групоўкi, якiя ўжо «выкрылi» i яшчэ «выкрывалi») было “выяўлена”, што цэнтр гэтай арганiзацыi “широко развертывал и безнаказанно проводил практическую контрреволюционную деятельность в пограничных районах БССР [...] Несмотря на то, что двадцать девять пограничных районов Белоруссии являются запретной зоной с особым режимом, в них оседало значительное количество быв[ших] кулаков, как ранее репрессированных, так и скрывшихся от репрессий, церковников, сектантов, бывших активных непосредственных участников антисоветских вооруженных восстаний и их пособников, контрабандистов и укрывателей шпионско-диверсионного элемента. Эти контингенты, оседая в пограничных районах, имели и всяческим способом систематически поддерживали организационные и родственные связи с Польшей, являясь одной из надежных баз польских и немецких разведывательных органов” [27]. У выкананне аператыўнага загаду наркама унутраных спраў СССР Яжова толькi па гэтай справе ў памежных раёнах БССР было расстраляна 1 210 чалавек i 2 066 асуджана на розныя тэрмiны зняволення ў турмах i канцлагерах.

Члены сем’яў рэпрэсаваных у БССР пакiнуты быць не маглi, так як гэта, згодна са справаздачай рэспублiканскага НКУС, «может дать врагу известную базу для продолжения активной шпионской, диверсионной, вредительской и другой контрреволюционной деятельности” [28].

Падставы для антысавецкiх настрояў у сем’яў рэпрэсаваных сапраўды мелiся. Як паведамлялi чэкiсцкiя крынiцы з Жыткавiцкага раёна, становiшча такiх сем’яў не адрознiвалася ад жабрацкага: жылi яны найчасцей у “падсобках” цi ў паўразваленых хатах, голад, хваробы, немагчымасць уладкавацца на працу, адсутнасць сродкаў iснавання. Зразумела, паведамлялася гэта не з прычыны неабходнасцi аказання гэтым сем’ям матэрыяльнай дапамогi, а таму, што “нахождение этих семей раскулаченных и осужденных с подобным имущественным положением на территории пограничного района совершенно недопустимо, ибо […] они сами являются самыми злостными контрреволюционерами, агитаторами против всех мероприятий партии и правительства. Необходимо принять срочные меры к освобождению района от подобных лиц” [29].

Па прапанове Наркама унутраных спраў БССР Бермана ўсе члены сем’яў рэпрэсаваных падлягалi дэпартацыi ў аддаленыя мясцовасцi СССР [30].

На 20 кастрычнiка 1937 г. па 1-й катэгорыi [г.зн.расстраляна] толькi з 29 памежных раёнаў рэспублiкi было рэпрэсавана разам з сем’ямi 4483 чалавек, па 2-й [г.зн. арыштавана]– 7623 [31].

Тэрор савецкiх рэпрэсiўных органаў вымусiў сялянства пачаць выкарыстоўваць у адказ метады як пасiўнага, так i адкрытага ўзброенага супрацiву. Чэкiсты ў аператыўных паведамленнях адзначалi, што “кулацтва, якое яшчэ заставалася ў польскай вёсцы”, дзейнiчае сумесна з каталiцкiм клiрам, не збiраецца складваць зброю i працягвае супрацiўляцца саветам, змянiўшы толькi формы i метады змагання. Сяляне пачалi сем’ямi пераходзiць на польскi бок. Улады суседняй Польшчы iшлi насустрач перабежчыкам. Пасля трохдзённага затрымання i высвятлення абставiн, уцекачоў адпускалi да раднi, а хто не меў у Польшчы сваякоў, забяспечвалi часовай працай [32].

Менавiта наступствамi польскай прапаганды ўлады тлумачылi прычыны хваляванняў сялян у вёсках Стадолiчы i Сiмонiчы (Лельчыцкi раён), Ляскавiчы (Петрыкаўскi раён), Ляхавiчы (Жыткавiцкi раён) у так званы “период перегибов в коллективизации”, а не гэтымi самымi “перегибами”. Сялянскiя выступленнi суправаджалiся арыштамi ўпаўнаважаных акругi, мясцовых работнiкаў, узброеным супрацiўленнем чырвонаармейскiм аддзелам. Мелiся ахвяры з абодвух бакоў [33]. Занепакоенасць у кiраўнiцтва БССР выклiкалi падзеi пачатку 1930-х гг. у Лельчыцкiм раёне. Тут “помимо мелких шпионских и контрреволюционных группировок” лiквiдавалi “польскую паўстанцкую арганiзацыю”, якая налiчвала, паводле чэкiсцкiх падлiкаў, 103 чалавекi, з iх 43 асудзiлi да расстрэлу. Да 1 лiпеня 1931 г. з гэтага раёна ў Польшчу перайшло каля 200 чалавек, шмат сялян хавалiся ў лясных пушчах [34]. У ЦК КП(б)Б паведамлялася: “Практычная дзейнасьць уцёкшых у лес выразiлася ў тым, што група ў лiку 80—85 чалавек узброенай сiлай iмкнулася прарвацца ў Польшчу, але была адбiта пагранiчнiкамi. Пасьля таго частка з астаўшыхся разабралася маленькiмi групкамi па лясох i асаблiвай дзейнасьцi не праяўляла. Патрэбна адзначыць, што калi б гэтай групе ўдалося-б прарвацца ў Польшчу, то цяга з боку сялян да пераходаў праз гранiцу яшчэ больш узмацнiлася-б, т. як сярод сялянства моцна была распаўсюджана агiтацыя аб тым, што «если кто из крестьян побывает в Польше, то его по возвращении из Польши обратно Сов. Власть не будет обкладывать ни твердым заданием, ни индивидуально облагать» i г.д. таму што “эти крестьяне буду находится под особым покровительством Польши, а в Польше с СССР по этому вопросу есть договоренность». Як нi наiвен сэнс гэтае агiтацыi але-ж яна мела свае посьпехi. Настрой сялян аднаасобнiкаў быў нейкiм чакаючым. Людзi чакалi нейкай перамены бо ўцякаўшыя ў лес пакiдалi ўсю сваю маёмасьць дома. Па шэрагу вёсак пры прыезьдзе не было вiдаць нiводнай душа i гэтыя вёскi напамiналi становiшча ўсё роўно як пасьля бойкi з ворагам. Частка сялян удзень працавала на полi, а на ноч уходзiла ў лес» [35]. Органы ГПУ абвесцiлi “пяцiдзёнку” добраахвотнай яўкi ўцекачоў. Пасля заканчэння тэрмiну былi арганiзаваны аблавы ў лясах Лельчыцкага, Петрыкаўскага i Тураўскага раёнаў. У вынiку аперацыi летам 1931 г. добраахвотна з лясоў вярнулiся 44 чалавекi, былi забiты 21, паранены 3, захоплены падчас аблаваў 68, збеглi 87. У 1932—1933 гг. у Лельчыцкiм раёне была лiквiдавана яшчэ адна “контррэвалюцыйная арганiзацыя», якая складалася з 27 “паўстанцкiх ячэек”. Розныя вiды i тэрмiны пакарання атрымалi 168 чалавек [36].

Аднак колькасць “ворагаў” савецкай улады не змяншалася. Як адзначалася ў справаздачы з Плешчанiц: “[У] раёне кожны год лiквiдуецца 2—3 контррэвалюцыйныя паўстанцкiя арганiзацыi. Не паспяваюць лiквiдаваць адну арганiзацыю, як вырастае другая” [37].

У справаздачах з месц адзначалася, што не апошняй прычынай незадаволенасцi насельнiцтва палiтыкай улад, былi цяжкасцi з харчаваннем, якiя ўзнiклi ў вынiку рэалiзацыi “хозяйственно-политических мероприятий” [38]. Пра “цяжкасцi з харчаваннем” сказана вельмi мякка: у шэрагу раёнаў БССР у гэты час сяляне мерлi з голаду [39].

У вынiку шматлiкiх высылак-перасяленняў у шэрагу гаспадарак не стала каму працаваць. У дакладной “Аб росце калектывiзацыi ў БССР” (1934 г.) адзначалася, што ў многiх калгасах стварылася вялiкая зямельная перагружанасць, якая адмоўна адбiваецца на развiццi калгасаў. У асобных калгасах на двор прыходзiлася па 30,4 i, нават, 53,6 гектараў [40]. У 1934 г. з Плешчанiц даводзiлi да ведама кiраўнiцтва: “(...) осталось большое количество дворов, где лишь дети и 70 летние старики. Если учесть не двор, а трудоспособных, то приходится на трудоспособного мужчину 15-25 га пахоты и 10-15 га сенокосу»” [41]. Далей адзначалася: “Те колхозы, где 10—12 га на двор не имеют чем выполнить поставки и получили отсрочки, не имели семян на озимый сев – получили ссуду, не имеют кормов для свиноферм, не обеспечены полностью семенами и колхозники уже голодают. В этих колхозах колхозники голодали прошлый год, сейчас трут мелко сено и пекут лепешки, дети занимаются нищенством” [42].

У 1934 г. начальнiк Упраўлення памежнай аховы i войск ДПУ БССР Радзiн дакладваў у ЦК КП(б)Б: “У сувязi з шэрагам мерапрыемстваў, праведзеных за апошнi час урадам у пагранiчных раёнах Беларусi, як, напрыклад, ачыстка калгасаў ад кулацкага i варожага элемента, пашпартызацыя ў 100-кiламетровай памежнай зоне, а таксама рэпрэсii ў дачыненнi кулацкага элемента, што сабатуе гаспадарча-палiтычныя кампанii — узмацнiлiся эмiгранцкiя настроi i спробы з боку антысавецкага i контррэвалюцыйнага элемента да нелегальнага зыходу за кардон, асаблiва сярод той часткi, якая мае там радню” [43]. Эмiгранцкiя настроi органамi ДПУ былi зафiксаваны амаль па ўсяму беларускаму памежжу, але найбольшы размах яны набылi ў Жыткавiцкiм, Тураўскiм i Дрысенскiм раёнах. Сялян выкрывалi падчас продажу маёмасцi ў абмен на золата; яны разлiчвалi за кардон пайсцi “налегке” [44]. Кiраўнiк памежнай службы БССР адзначаў, што ў Лагойскiм i часткова Заслаўскiм раёнах распаўсюджвалiся чуткi, што ўвесну 1934 г. усё насельнiцтва беларуска-польскага памежжа, будзе высяляцца ў глыб краiны. Каб пазбегнуць прымусовага перасялення ў неабжытыя раёны, некаторыя iмкнулiся прэвентыўна з’ехаць далей ад мяжы. Найчасцей ехалi на Украiну. З Лагойскага раёна, напрыклад, выехалi 12 сем’яў аднаасобнiкаў. Прадбачлiвыя сяляне з в. Рудакi Заслаўскага раёна заслалi наперад трох хадакоў-калгаснiкаў, пасля вяртання якiх уся вёска збiралася “ў прочкi”, на поўдзень [45]. Туды ж, на Украiну з’ехала 20 сем’яў з в. Тонеж Тураўскага раёна, 17 сем’яў з калгаса “Полымя Камуны” Жыткавiцкага раёна. А чатыры сям’i з калгаса в.Малая Малiшава, што на Тураўшчыне, вырашылi з’ехаць у Сiбiр [46].

“Выбарчы агляд” 154 хутароў, размешчаных у 7,5-кiламетровым памежным пасе Заслаўскага, Мiнскага i Уздзенскага раёнаў, якi быў праведзены ў 1937 г. спецорганамi, “высветлiў”: 75 двароў мелi родных у Польшчы, а гаспадары 118 двароў “составляют контрреволюционный актив, который проводит антиколхозную работу”. “Контррэвалюцыйны актыў” быў выяўлены сярод насельнiкаў хутароў у памежнай зоне Капыльскага i Старобiнскага раёнаў. Адзначалася таксама, што “особое значение имеют хуторские хозяйства в деле подготовки польской разведкой повстанческих групп и организаций к моменту войны между Польшей и СССР”. Звыш 100 жыхароў хутароў Старобiнскага раёна былi прыцягнуты да адказнасцi па справе паўстанцкай арганiзацыi “Беларуская Рэвалюцыйная Партыя” (БРП); на тэрыторыi гэтага ж раёна “была раскрыта” паўстанцкая арганiзацыя “створаная агентамi польскай разведкi”, тое ж самае было “выяўлена” i на хутарах Ветрынскага, Чырвонаслабадскога, Ельскага, Бягомльскага i Лельчыцкага раёнаў. У справаздачы НКУС адзначалася: “калi трэба, колькасць гэтых прыкладаў можна значна павялiчыць […] па справах польскiх шпiёнаў i паўстанцкiх арганiзацый няма амаль нiводнай, дзе б не праходзiлi, як актыўныя ўдзельнiкi, жырахы хутароў, а самi хутары — як явачныя кватэры i пункты перапраў”. Такiя справы складалi да 70 % ад агульнай лiчбы [47]. Побач з лiквiдацыяй усiх «шпiёнскiх гнёздаў», быў узяты курс на разгром апошнiх хутарскiх гаспадарак шляхам так званага «сцягвання».

Вось дадзеныя са справаздачы наркама унутраных спраў: “В колхозе дер. Тонеж, состоящего из 80 дворов после произведенных арестов все мужское население составляет 3 человека […] В колхозе «Красноармеец» Плещеничского района в 1937 г. рабочих мужчин было 29 из них в конце года и начале 1938 года – арестовано 23. Таким образом в разгар весеннего сева этого года и последующих сельхозработ в колхозе осталось 6 мужчин и 40 женщин” [48]. Аналагiчная карцiна назiралася ў iншых населеных пунктах. Праблема аграрнай перанаселенасцi беларускай вёскi была вырашана радыкальна.

Асаблiвую ўвагу партыйна-чэкiсцкiя органы надавалi добранадзейнасцi спецыялiстаў памежжа, у сувязi з чым кадры ўсiх узроўняў перыядычна падвяргалiся праверкам i чысткам. ЦК КП(б)Б на аснове матэрыялаў, якiя паступiлi з 9 пагранiчных раёнаў, 8 мая 1932 г. прыняў пастанову “Аб мерапрыемствах па адбору належнай колькасцi спецыялiстаў для перакiдкi iх з тылавых раёнаў БССР у памежныя раёны”, паводле якой неабходна было замянiць 260 працаўнiкоў розных прафесiй. 7 жнiўня 1932 г. Сакратарыят ЦК прыняў дырэктыву аб тэрмiновай “вычыстцы” першай паласы памежжа ад класава-варожых элементаў сярод настаўнiцтва i замене iх партыйцамi i камсамольцамi з тылавых раёнаў. У выкананне гэтай дырэктывы з памежных раёнаў было знята 486 чалавек, на змену iм мабiлiзавалi 551 (242 было паслана з тылавых раёнаў i 309 – з педтэхнiкумаў i настаўнiцкiх курсаў) [49]. У тылавыя раёны было выслана 34 спецыялiсты-мэдыкi, а на iх месцы пераведзены “правераныя”. Падобная практыка праводзiлася i па лiнii iншых рэспублiканскiх наркаматаў [50]. Толькi са снежня 1932 г. да сакавiка 1933 г. з пагранпаласы “адклiкалi” 2180 чалавек, лiквiдавалi 146 “контррэвалюцыйных арганiзацый i груповак раскрадальнiкаў сацыялiстычнай маёмасцi”, з калгасаў была вычышчана 801 гаспадарка, было вызвалена ад пасадаў у дзяржапараце 150 чалавек. На змену iм, толькi ў раёны 1-й зоны ЦК КП(б)Б у 1932 г. паслаў 1 492 чалавек [51], сярод якiх быў значны працэнт камунiстаў i камсамольцаў. Як дасягненне прыводзiўся той факт, што да пачатку 1933/34 навучальнага года ў 10-кiламетровым пагранiчным пасе сярод педагогаў камунiсты i камсамольцы складалi 91%, а астатнiя 9% настаўнiкаў — беспартыйныя жонкi альбо родныя адказных працаўнiкоў раёна цi чырвонаармейскага каманднага складу [52]. У хуткiм часе склад кадраў гэтай тэрыторыi кiраўнiцтвам рэспублiкi зноў быў прызнаны нездавальняючым. У справаздачы ў ЦК КП(б)Б адзначалася: “Однако этот административный удар не был закреплен организационной и массово-политической работой для повышения бдительности партийных организаций и трудящихся масс. В результате ряд колхозов и звеньев аппарата все еще продолжает оставаться сильно засоренным” [53].

З мэтай умацавання пагранiчных раёнаў ЦК КП(б)Б накiраваў сюды ў 1933 г. на партыйныя i савецкiя пасады 148 камунiстаў i “правераных савецкiх работнiкаў”, у тым лiку з цэнтральных рэспублiканскiх структур. У Дзяржынскi (польскi) раён у якасцi сакратара партыйнага райкама быў пасланы сакратар парткалегii ЦКК вядомы бальшавiцкi функцыянер Чэслаў Дамброўскi, а загадчык польскага сектара ЦК КП(б)Б Урублеўскi быў накiраваны загадчыкам аддзела гэтага раёна, намеснiк НК РСI Турлай быў пасланы сакратаром Полацкага раёна i iнш. [54].

Кiраўнiцтва БССР сутыкнулася з праблемай, якая паўстала ў вынiку бясконцых кадравых перакiдак, — слабае веданне мясцовай спецыфiкi, адсутнасць дастатковага вопыту работы з вясковымi жыхарамi, нiзкi прафесiяналiзм партыйных “выдвиженцев”. У 1933 г. супрацоўнiк iнструктарскага аддзела ЦК КП(б)Б Берзон дакладваў: “В результате такой текучести работники не успевают изучить свой район. До сих пор ряд важнейших районных органов не укомплектован […] при этом процент обеспеченности сельского хозяйства специалистами тыловых районов выше пограничных. В центральных белорусских организациях нет тщательного отбора посылаемых кадров в пограничные районы. Например, Наркомпрос в порядке кампании без достаточной подготовки провел работу по укреплению учительскими кадрами погранполосы, послав учителей из тыловых районов, а также учащихся техникумов и курсов в количестве 500 человек. В результате районы жалуются на слабость и неопытность новых учителей, среди которых имеются социально-чуждые элементы” [55]. Падобная iнфармацыя паступала i з iншых раёнаў. Да таго ж, з памежжа недобранадзейныя высялялiся хутка, а замена iм прыбывала з вялiкiм спазненнем, што стварала дэфiцыт кадраў практычна па ўсiх галiнах. Аднак вынiкi ўсiх папярэднiх праверак былi прызнаны нездавальняючымi, колькасць “недобранадзейнага элемента” – значнай.

У лiпенi 1935 г. Бюро ЦК КП(б)Б зноў запланавала правесцi чарговую праверку насельнiцтва памежжа, у першую чаргу спецыялiстаў усiх узроўняў. Высяленню падлягалi: асобы, якiя мелi сваякоў у замежжы, былыя царскiя жандары i афiцэры, ”лiшэнцы”, выхадцы з кулацкiх сем’яў, святары, былыя крымiнальнiкi, а таксама ўсе не надзейныя ў палiтычным сэнсе асобы, якiя раней належалi да той цi iншай партыйнай апазiцыi (трацкiсты, зiноўеўцы i iнш.). Татальнай праверцы падлягалi ўсе работнiкi райвыканкамаў (за выключэннем старшыняў), сельсаветаў, калгасаў, МТС, усе аграномы, брыгадзiры трактарных брыгад, настаўнiкi, работнiкi кааперацыi, мясцовыя супрацоўнiкi мiлiцыi, пракуратуры, суда, выключэнне складаў апарат НКУС. У адпаведнасцi з iнструкцыяй, усе мерапрыемствы загадвалася праводзiць “строго конспиративно и не допускать оглашения” [56]. Для рэалiзацыi задачы ўтваралiся раённыя “тройкi” (старшыня райвыканкама, упаўнаважаны супрацоўнiк ДПУ i прадстаўнiк Цэнтральнай кантрольнай камiсii Народнага Камiсарыята Рабоча-Сялянскай Iнспекцыi — ЦКК НК РСI).

Праверка павiнна была праходзiць па прапанаванаму цэнтрам сцэнарыю. Старшыня райвыканкама выклiкаў да сябе кiраўнiкоў устаноў i пад выглядам улiку кадраў даваў апошнiм на запаўненне спецанкеты. Кiраўнiкi нiжэйшых структур у сваю чаргу забяспечвалi запаўненне анкет сваiмi падначаленымi таксама ў сваiх кабiнетах (катэгарычна забаранялася выдаваць анкету на рукi). Далей “тройка” праз апарат НКУС i мясцовы райвыканком правярала на адпаведнасць усе прыведзеныя ў анкеце дадзеныя. Пасля анкетавання i праверак раённыя “тройкi” на сваiм пасяджэннi разглядалi кожную асобу. Рашэннi “тройкi” пра лёс таго цi iншага работнiка ўступалi ў сiлу пасля зацвярджэння Рэспублiканскай камiсiяй [57].

У 1936 г. паводле рашэнняў раённых “троек” толькi па 9 памежных раёнах пераводу ў тылавыя падлягалi больш за 200 чалавек па наступных матывах: сувязь з замежжам – 125, як класава-чужы элемент – 63, як антысавецкi элемент – 6, як асобы, што неапраўдалi сябе на займаемай пасадзе – 23, на паўторны разгляд былi вернуты матэрыялы на 25 чалавек [58].

Паводле пастановы СНК БССР i ЦК КП(б)Б, зацверджанай у Маскве 29 снежня 1935 г., з 500-метровай паласы падлягалi высяленню 887 гаспадарак тутэйшых калгаснiкаў i аднаасобнiкаў, замест iх планавалася завербаваць 2 тыс. сем’яў з тылавых раёнаў.

Расказвае Курда Я.А.: “Жылi мы ў Мiнскай вобласцi, Дзяржынскi раён, Ляхавiцкi сельсавет, в.Плоска. Кулакоў вывозiлi ў 1929—1930-х гадах, а нас вывозiлi ў 1935 г., кагда ўбiлi Кiрава. Не кулакi мы. Ацец быў прадсядацель калхоза, быў калхоз перадавы гадоў два цi тры. А патом вдруг снялi атца i за тры месяца i вывезлi. I прыслалi парцiйнага, ацец не быў парцiйны. А мы не знаем, за што вывезлi. Атца арыставалi, забралi. Аб’явiлi, прачыталi: перасяляецца ад пагранiчнай паласы на вечнае жыцельства. А куды, не сказалi. Так, што тыдзень сабiрайцесь, прадавайце, што у вас ёсць: свiннi там. Я малая ж была, мне 13 гадоў было. Мы сабiралiсь. Мама прадала свiннi. А карову, сказалi, можаце узяць, бо ў вас дзецi. А нас трое, яшчэ два браты ў мяне меншыя за мяне. “I 30 пудоў грузу бярыце, — сказалi, — Мука, зярно, што можаце, бярэце”. Чаго нас выслалi, мы i сёння не знаем. Ешчо брата папiнага высылалi, там саседзей, там за тры кiлометры. Не адных нас, многа выслалi. А мы ж не палякi, мы ж у Савецкiм саюзе жылi. Высылалi i праваслаўных беларусаў, у 1935 г. Нiчога радзiцелям не казалi, толькi, што перасяляем ад пагранiчнай паласы. Бярыце i пiлы, i тапары. Выслалi ж у тундру. Там бесканечная тундра. Мы былi там усё врэмя.

Пагрузiлi i павязлi да Дзяржынска. Пагрузiлi ў поезд, i карову, i мы. Патом атца пад утра выпусцiлi, прывялi ў вагон, там цэлы эшалон быў людзей. I мы ехалi. Думалi, мо ў Сiбiр, а нас павезлi на Север – Котлас. У Котласе астаноўка была, як павезлi, а там перагружалi. Перагрузка была на паром, вязлi ў Комi АССР, у Сыктывкар. Ад Сыктывкара трысты з чым-та кiлометраў былi, ад раёна 120 км. Усць-Куломскi раён. Параходам плылi па Савернай Дзвiне. Тут пасёлкi былi распаложаны. Чэраз тыдзень мы прыехалi.

Там было вольнае пасяленiе. Не нада было хадзiць атмячацца. Прывезлi туды i жывiце. Вот i раён, вот i сельсавет. Там былi новыя баракi. Там жа людзi жылi, каторыя былi высланы ў 29—30-м гаду [...] Кагда к Маскве падходзiў Гiтлер, сказалi, што снята перасяленне з нас, што мы такiя як усе людзi. Пайшлi на фронт нашы, то палавiна не вярнулась. Да таго ж мы былi пад камендантам. Там камендант быў у пасёлку...” [59].

Адабраныя для перасялення ў пагранiчныя раёны добранадзейныя (з лiку планавых 2000 калгаснiкаў), нягледзячы на праведзеную агiтацыйную кампанiю, ехаць немаведама куды не жадалi i патрабавалi дазволу паслаць наперад у месцы перасялення сваiх хадакоў, каб азнаёмiцца з умовамi жыцця. У гэтым iм было адмоўлена.

Падчас перасялення справа даходзiла да кур’ёзаў: у Мсцiслаўскiм раёне будучых прысяленцаў, магчыма з ласкi мясцовага вастраслова, называлi — “абiсiнцы”. Старшыня памежнага калгаса “Чырвоная Дуброва” Ханеўскi ў сваiм афiцыйным лiсце ў мясцовы райвыканкам так i падаў: “Прозьба выдать в наш колхоз 5 трудоспособных семей абиссинцев” [60].

Усе мерапрыемствы, звязаныя з перасяленнем, абстаўлялiся параднай шумiхай: да станцыi адпраўлення перасяленцаў праводзiла само кiраўнiцтва раёна, арганiзоўвалiся святочныя мiтынгi з аркестрамi i прамовамi. З Полацкага раёна паведамлялi: “Среди завербованных настроение хорошее, каждый подготовился к отъезду, чувствует себя лучшим колхозником района, которого направляют в погранрайоны, как районы имеющие особое значение для нашей Республики и всего СССР” [61]. Але свята канчалася адразу пасля прыезду на новае месца, новапрыбылыя пачыналi ўсведамляць, што яны страцiлi: адразу ўчынялася праверка дакументаў, забiралiся пашпарты, затым перасяленцаў разбiралi старшынi сельсаветаў i калгасаў “паводле папярэдне падрыхтаваных спiсаў” [62].

Перасяленцам не дазвалялася перавозiць свае ранейшыя хаты i гаспадарчыя пабудовы, перавоз хлеба, бульбы i фуражу лiмiтаваўся, лiшак раiлася здаваць нарыхтоўчым канторам пад квiткi з правам атрымання той жа колькасцi на новым месцы жыхарства. На практыцы ж пастановы аб матэрыяльным забяспячэннi перасяленцаў выконвалiся не цалкам i не заўсёды. Так, нават абяцаная грашовая дапамога выплочвалася не ў поўным памеры – спачатку выдавалi па 450 руб., а пасля скарацiлi да 250 руб. [63].

Што чакала ўдарнiкаў-калгаснiкаў у памежных раёнах, адлюстроўвае справаздача начальнiка палiтаддзела Плешчанiцкай МТС Сапуна: “Для стимулирования переселения было решено: освободить переселенные семьи на 1 год от всех сельскохозяйственных поставок и платежей. В с/х поставки колхозников входит картофель с огорода, мясо, молоко и налоги. Затем, выдать им на квартирное оборудование по 500 руб., 5 пудов хлеба и 15 картофеля […] Колхозники поверили и поехали из хороших колхозов в разваленные, с тыловых колхозов, где они пользовались полной свободой – на границу, где каждый раз идя на работу он должен брать пропуск в заставе, а если забудет взять паспорт на работу, его заберут. Как стемнеет, он должен закрыть наглухо окна и никуда не выходить. Если к нему хочет приехать родственник с другой деревни в гости, он должен получить на это разрешение. Сейчас у этого переселенца забирают корову за несдачу мяса и молока. Угрожают оштрафовать и судить за то, что он не возвращает полученных 5 пудов хлеба и 15 картофеля […] Районные заготовительные организации заявляют: у вас решение ЦК есть, а у нас по советской линии нет, поэтому мы обязаны с переселенцев взыскивать” [64].

Пра добрабыт насельнiцтва ў памежных раёнах БССР яскрава сведчыць калектыўная петыцыя ў раённы аддзел НКУС калгаснiкаў, якiя былi пераселены са Смалявiцкага ў Чырвонаслабадскi раён: “Благодарим Вас за хорошее переселение, что дали нам хорошую жизнь за нашу стахановскую работу, что мы так стояли за советскую власть грудью и нам так приходится страдать без хлеба и без воды, огородили хаты, как плот, и повсаживали, что у некоторых и сидеть нет как, хлевов нет, стоит скотина под открытым небом. Вы нам говорили, что все готовое, как хаты, так и холодные постройки, а тут ничего нет и еще люди относятся плохо, называют валацаки, чего вы припавзли к нам, вы нам не потребны и крутят нам трудодни […] Выбирали самых честных людей и такую дали жизнь, что мы не можем переносить, обманули нас, мы порешили свои хозяйства, продали свои хаты, все проели, а теперь как мы будем жить. […] Нам теперь смерть не страшна, и детей не оставим страдать на чужой стороне, пусть лежат с нами вместе в могиле” [65].

Праз нейкi час, нягледзячы на адсутнасць дакументаў, пачалiся ўцёкi перасяленцаў, былых савецкiх актывiстаў i надзейных грамадзян. Да лiстапада 1936 г. у Плешчанiцкiм раёне з 120 сем’яў перасяленцаў з’ехала 48, у Ветрынскiм раёне з 124 да сярэдзiны 1937 г. уцяклi 34, ва Ушацкiм з 97 — 27, у Бягомльскiм з 87 сямей— 17. З месцаў дакладвалi: “Перасяленцы ў большасцi выпадкаў з’язджаюць таемна, ноччу” [66].

Пастановай ЦК КП(б)Б ад 31 снежня 1936 г. старшыням сельсаветаў даручалася за два месяцы перанесцi ў цэнтры калгасаў усе хутары, якiя знаходзiлiся ў 500-метровым памежным пасе. Усе пабудовы выселеных падлягалi зносу, у памежных вёсках трэба было значна палепшыць знешнi выгляд пабудоў: адрамантаваць дахi, платы, гаспадарчыя пабудовы, пабялiць трубы i г.д. [67]. Гэтай акцыi надавалася вялiкае знешнепалiтычнае значэнне: мясцоваму кiраўнiцтву даводзiлася, што памежныя калгасы – вiтрына дасягненняў савецкай улады. Аднак у 1938 г. сакратар ЦК КП(б)Б П.Панамарэнка вымушаны быў канстатаваць правал i гэтай кампанii: “Пограничные селения выглядят неприглядно, строения кроются соломой. Отсутствует электрификация, в то время как на польской стороне на границе, как правило, стоят благоустроенные помещичьи и кулацкие усадьбы […] В пограничных районах не созданы материально-культурные условия для работников: низкая заработная плата, плохие жилищные условия, мало культурных учреждений […] Отсутствует совершенно местная промышленность” [68].

У шэрагу iншых мерапрыемстваў па ўмацаваннi дзяржаўнай мяжы СССР вялiкiя надзеi бальшавiцкае кiраўнiцтва ўскладвала на чырвонаармейскiя калгасы, свайго роду ваенныя паселiшчы, “апорныя пункты не толькi ў абарончым сэнсе, але i ў палiтыка-эканамiчным”. Арганiзацыя апошнiх меркавалася ў Калiнiнскай, Ленiнградскай, Вiннiцкай абласцях, у Азова-Чарнаморскiм краi i ў БССР. Асноўным кантынгентам для такога роду калгасаў павiнны былi стаць дэмабiлiзаваныя вайскоўцы.

Паводле пастановы ЦК КП(б)Б i СНК БССР ад 11 студзеня 1932 г. прадугледжвалася стварэнне 12 чырвонаармейскiх калгасаў на 825 чалавек, а таксама прысяленне ў 137 iснуючых памежных калгасаў 2105 вайскоўцаў з тым, каб яны ў памежжы складалi “крепкое и руководящее ядро” [69]. Вербавалiся чырвонаармейцы, якiя падлягалi дэмабiлiзацыi i да вайсковай службы працавалi калгаснiкамi альбо сельскагаспадарчымi рабочымi. Аднаасобнiкаў агiтаваць дазвалялася ў выключных выпадках, пасля дасканалай праверкi кожнага [70]. Чырвонаармейцы, якiя накiроўвалiся ў памежжа, павiнны былi атрымлiваць цэнтралiзаваны паёк ад райсаюза, сямейным абяцалася хата, карова, усiм — грашовая дапамога (па 300 руб. на сям’ю i па 150 руб. халасцякам). Белкаапсаюз абавязваўся выдаць вопратку, абутак, кухонны посуд. На першым часе чырвонаармейскiя калгасы вызвалялiся ад дзяржаўных сельскагаспадарчых паставак [71].

Тры калгасы такога тыпу ў БССР былi створаны ў 1929 —1930 гг. Першы — камуна Рэўваенсавета Беларускай вайсковай акругi (Любанскi раён) — паўстаў на Мар’iнскiх балотах. Абшары, адведзеныя пад гаспадарку, уяўлялi сабой неасвоеную тарфяную глебу, пакрытую лесам i хмызняком. У 1933 г. у Беларусi было ўжо 13 чырвонаармейскiх калгасаў: у Полацкiм раёне — 5, Лельчыцкiм — 2, Лагойскiм, Дзяржынскiм, Капыльскiм, Чырвонаслабадскiм, Любанскiм i Петрыкаўскiм — па 1.

Пры падвядзеннi ў 1933 г. вынiкаў кампанii па арганiзацыi такiх калгасаў канстатавалася, што пастанова выканана не ў поўнай меры: завербаваць удалося толькi 2 274 чалавек, а на месцы прыбылi ўсяго 1 669 [72].

Першае, з чым сутыкалiся чырвонаармейцы на новым месцы жыхарства — адсутнасць прымальнага жылля. Замест абяцаных асобных i ўтульных хат найчасцей iх сялiлi ў непадрыхтаваныя памяшканнi, альбо, нават, у сянныя хлявы (Полацкi, Лельчыцкi раёны), у лепшым выпадку перасяленцаў размяшчалi ў якасцi квартырантаў у калгаснiкаў. Мясцовае жыхарства да чырвонаармейцаў ставiлася непрыхiльна: “[П]рислали нахлебников; на кой черт нам нужны на зиму” [73]. Былi зафiксаваны выпадкi, калi “дэмбеляў” агiтавалi ехаць назад: маўляў, у калгасе дрэнна жыць, няма чаго есцi. У Заслаўскiм i Уздзенскiм раёнах сяляне, выпякаючы хлеб для вайскоўцаў-калгаснiкаў, адмыслова дадавалi ў муку зямлю.

З верасня 1932 г. да лютага 1933 г. з чырвонаармейскiх калгасаў пайшло 484 чалавек [74]. Галоўнай прычынай ўцёкаў называлася “зусiм нездавальняючая работа па адбору завербаваных непасрэдна ў вайсковых часцях”. Прыводзiлiся факты, калi чырвонаармейцы ехалi сюды, каб раней звольнiцца з войска, атрымаць абмундзiраванне, “пад’ёмныя” грошы i вярнуцца на радзiму [75].

Чырвонаармейскiя калгасы патрабавалi значных грашовых укладанняў i пастаяннай увагi з боку партыйна-савецкiх органаў. Праўдападобна, што галоўнымi прычынамi вытворчай неэфэктыўнасцi гэтых калгасаў былi безгаспадарлiвасць i спажывецкая псiхалогiя дэмабiлiзаваных. У адной са справаздач паведамлялася: “… неудовлетворительно в отдельных колхозах проведена уборка урожая 1932 г. и поднятие зяби. Особенно надо отметить скверное качество обработки земли. Ход подготовки к севу в большинстве красноармейских колхозов организован плохо” [76]. Паводле вынiкаў 1932 г. з 13 калгасаў толькi тры выканалi план на сяўбе на 100 %.

З чырвонаармейскага калгаса iмя Сталiна Дзяржынскага раёна пiсалi ў цэнтр: “Если даже при своевременной организации помощи другими колхозами нашего района весенний сев по колхозу имени Сталина будет выполнен полностью, при наличии обеспечения колхоза недостающими семенами, то прошлые годы показали, что урожай из-за недостатка рабочей силы почти в половинном размере сгнивал и оставался на поле неубранным […] а после уборки и обмолота фактически не достает для создания семенных фондов и на протяжении 3-х лет колхозники по трудодням не получали, а все время обеспечивались из фондов центральных и районых организаций” [77].

У сакавiку 1933 г. Бюро ЦК КП(б)Б разгледзела вынiкi арганiзацыi чырвонаармейскiх калгасаў i прыйшло да высновы, што адпаведная дырэктыва ЦК ВКП(б) i СНК СССР не выканана. Зноў ставiлася задача ўмацавання вайсковых гаспадарак.

Для рэалiзацыi партыйнай дырэктывы выконваючы абавязкi камандуючага войскамi БВА А.Цiмашэнка загадаў камандзiрам часцей: “Немедленно развернуть работу по вербовке из подлежащих к увольнению крепких, политически устойчивых красноармейцев и младших командиров. В составе завербованных должно быть не менее 50% партийцев, комсомольцев и 90% переселяющихся с семьями. Ответственность за качество вербовки и закрепление завербованных в колхозах возложить лично на комдивов и начподивов. Разъяснить завербованным политическое оборонное значение красноармейских колхозов, их задачи по преодолению трудностей” [78].

Але нiякiя партыйныя пастановы i загады не маглi ўзняць вытворчасць i фiнансавы стан гаспадарак, работнiкi якiх не былi зацiкаўлены ў вынiках працы. Гэтыя гаспадарчыя структуры трымалiся за кошт дзяржаўных датацый. Наркам земляробства Бенек дакладваў у СНК БССР, што запазычанасць чырвонаармейскiх калгасаў дзяржаве на 1 студзеня 1934 г. склала больш за 1,5 млн. руб. “Эта сумма старого долга, — працягваў ён, — в значительной степени отягощает экономический подъем красноармейских колхозов и отражается на моральном состоянии завербованных и вербуемых красноармейских семей” [79]. Пастановай СНК БССР ад 4 кастрычнiка 1935 г. “Аб мерапрыемствах па ўмацаванню чырвонаармейскiх калгасаў” з названых гаспадарак спiсвалiся ўсе запазычанасцi, як па натуральных пастаўках, так i па грашовых плацяжах [80].

План 1934 г. па дадатковаму перасяленню былых вайскоўцоў у памежныя раёны, як i ў папярэднiя гады, выкананы не быў. Наогул на пачатак 1937 г. у чырвонаармейскiх калгасах рэспублiкi засталiся 363 сям’i чырвонаармейцаў [81].

У дакладной Сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкi ад 4 жнiўня 1938 г. накiраванай на iмя Сталiна прызнаваўся правал кампанii з арганiзацыяй чырвонаармейскiх калгасаў i прапаноўваўся варыянт са стварэннем другой лiнii аховы мяжы ў выглядзе 320 спецхутароў [82]. У гэтай жа дакладной, на падставе дадзеных НКУС БССР, паведамлялася: “В Белорусской ССР 16 пограничных районов, из которых 14 граничат с Польшей и 2 с Латвией. […] В пограничных районах и районах, расположенных вблизи границы, в настоящее время выявлено около 600 человек бывших кулаков, 900 человек церковно-сектантского актива, 550 человек участников политбанд, 200 человек бывших эсеров, 280 человек бывших бундовцев, 150 человек чинов бывшей жандармерии и полиции, 75 человек бывших офицеров царской белой армии, 79 человек сионистов, 65 человек еврейских клерикалов, 8000 человек и членов семей репрессированных органами НКВД. Все эти элементы, безусловно, являются базой для шпионско-вредительской и террористической работы иностранных разведок […] В пограничных районах вскрыт ряд антисоветских повстанческих формирований и большое количество диверсионно-вредительских групп в колхозах, куда преимущественно входили бывшие церковники, сектанты и другие социально-чуждые элементы” [83]. I далей: “[в] целях дальнейшего улучшения работы, хозяйственно-политического положения пограничных районов и усиления госграниц от проникновения нарушителей” партыйны кiраўнiк БССР звяртаўся ў ЦК ВКП(б) i асабiста да “правадыра”: “Разрешить выселение из погранрайонов за пределы БССР семей репрессированных, контрреволюционные и повстанческие элементы и лиц, имеющих близкие связи с Польшей и Латвией” [84].

Да канца 1939 г. СССР перанёс сваю мяжу далей на Захад. Памежным пасам памiж “дзвюма варагуючымi сiстэмамi”, сярод iншых, зноў стала тэрыторыя Беларусi, а патынцыяльнымi “ворагамi” i “шпiёнамi” – яе жыхары. Рэпрэсii i дэпартацыi “ворагаў” i “недобранадзейных” былi працягнуты.


          Литература:

1. НАРБ, ф.4, воп.21, спр. 392, л. 115.
2. Тамсама, спр. 529, л. 226—331.
3. Тамсама, спр. 527, арк. 17, спр. 684, арк. 27
4. Тамсама, спр. 192, л.149—150.
5. Тамсама, л. 147.
6. Тамсама, л. 149—150.
7. Тамсама, спр. 277, л.325—329.
8. Тамсама, спр. 764, л.3—4.
9. Тамсама, спр. 3, л.116—117.
10. Тамсама, спр. 117, л.274.
11. Тамсама, спр. 322, л.5—6.
12. Тамсама, спр. 279, л.38—52.
13. Тамсама, спр.1039, л.36, 37,38, 42
14. Тамсама, спр. 1690, л.221.
15. Тамсама, спр.1097, л.147—151
16. О.В.Хлевнюк. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. – М.: РОССПЭН, 1996.—с.190.
17. Iwanow M. Pierwszy narod ukarany: Polacy w Zwiazku Radzieckim, 1921— 1939. — Warszawa, 1991— с.374.
18. Адамушка У.I. Палiтычныя рэпрэсii 20—50-х гадоў на Беларусi. – Мн., 1994. С.55—56.
19. НАРБ, ф. 4, воп. 21, спр. 1718, л.19.
20. Тамсама, спр. 1688, л. 63.
21. Тамсама, спр.1677, л.16.
22. Тамсама, спр. 764, л. 29—32.
23. Тамсама, спр. 1703, л.9.
24. Тамсама, спр. 1698, л.9.
25. Тамсама, спр. 1703, л. 10.
26. Тамсама, спр. 1501, л. 31.
27. Тамсама, спр. 1098, л.97.
28. Тамсама.
29. Тамсама, спр, 987, л. 14.
30. Тамсама, спр. 1098, л. 97.
31. Тамсама, л. 101—103.
32. Тамсама, спр. 279, л. 38—52.
33. Тамсама, спр. 392, л.144.
34. Тамсама, спр. 391, л. 103.
35. Тамсама, спр. 392, л. 149.
36. Тамсама, л. 316; спр. 279, л. 58.
37. Тамсама, спр. 657, л. 40.
38. Тамсама, спр. 689, л. 140.
39. Гл.: Раманава I. Голад 1932—1934 гг. i БССР / / Спадчына. 2003. №1—2, с.80—91.
40. Тамсама, спр.619, л.38, 39
41. Тамсама, спр.657, л. 34—37.
42. Тамсама, спр. 657, л. 33, 36.
43. Тамсама, спр. 689, л. 136.
44. Тамсама, л.40.
45. Тамсама, л.3.
46. Тамсама, л. 136—140.
47. Тамсама, спр.1098, л. 87—91.
48. Тамсама, спр. 1392, л. 199.
49. Тамсама, спр. 527, л.193.
50. Тамсама, л. 257.
51. Тамсама, спр. 529, л.52—55 .
52. Тамсама, спр. 528, л. 288.
53. Тамсама, спр. 529, л.52—53.
54. Тамсама, спр. 639, л. 349—350.
55. Тамсама, спр. 529, л. 29.
56. Тамсама, спр.309, л. 60—61.
57. Тамсама, спр. 781, л. 23—25.
58. Тамсама, спр. 882, л.76.
59. Архiў I.Раманавай. Курда Я.А., 1922 г. нараджэння, г.п. Мiр, Карэлiцкi раён, Гродзенская вобласць.
60. Тамсама, спр. 764, л. 226—227.
61. Тамсама, спр. 910, л. 19.
62. Тамсама, л. 4.
63. Тамсама, спр. 764, л. 225, 227.
64. Тамсама, спр. 658, л. 263.
65. Тамсама, спр. 910, л. 100 .
66. Тамсама, спр. 910, л.185; спр. 1015, л. 3.
67. Тамсама, спр.1055, л. 2.
68. Тамсама, спр. 1268, л. 39.
69. Тамсама, спр. 528, л.51 .
70. Тамсама, спр. 684, л. 191.
71. Тамсама, спр.529, л. 41; спр. 654, л.126—127.
72. Тамсама, спр. 528, л. 181.
73. Тамсама, л.112—113.
74. Тамсама, спр. 528, л. 181.
75. Тамсама, спр.527, л. 111—112.
76. Тамсама, спр.527, л.114.
77. Тамсама, спр.654, л.123
78. Тамсама, спр.529, л. 41.
79. Тамсама, спр. 683, л. 155.
80. Тамсама, спр. 822, л. 290.
81. Тамсама, спр. 878, л. 118.
82. Тамсама, спр. 1268, л. 41.
83. Тамсама, л. 37—38.
84. Тамсама, л.41.

 
 
Яндекс.Метрика