Савецкiя рэпрэсii ў Заходняй Беларусi

 

кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 гг.

          Юры ГРЫБОЎСКІ (Мінск)

 

Пасля інкарпарацыі Заходняй Беларусі ў склад СССР новыя ўлады на далучаных тэрыторыях распачалі хвалю мерапрыемстваў, накіраваных на грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пе-раўтварэнні. Ажыццяўляючы нацыяналізацыю і калектывізацыю, савецкія ўлады перайшлі да адкрытых рэпрэсіяў супраць «класавых ворагаў». Адным з першых рэпрэсіўных крокаў на былых польскіх тэрыторыях сталі масавыя арышты «сацыяльна небяспечнага элемента». Рэпрэсіі супраць былых польскіх грамадзянаў адбываліся незалежна ад нацыянальнасці. Згодна з расейскімі крыніцамі, з каст-рычніка 1939 па люты 1941 г. было арыштавана ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны 95500 чал. Беларусы сярод іх складалі 7549 чал. (8 %), 178 асобаў да арышту пражывалі ў заходніх абласцях УССР. Найбольшая колькасць беларусаў была арыштаваная на працягу 1940 г., агулам дасягнуўшы 4580 (6 %) [1].
Па дадзеных сучасных расейскіх даследчыкаў вынікае, што з верасня 1939 па чэрвень 1941 г. у заходніх абласцях БССР і УССР было арыштавана 107140 чал. Асобы беларускай нацыянальнасці складалі ў гэтай групе 8091 чал. (7,4 %) [2].

Многія з вязняў новай улады трапілі ў спісы тых, каго «прысудзілі» да смяротнага пакарання. Толькі на сакавік 1940 г. у турмах заходніх абласцей БССР і УССР знаходзілася 18632 былых афіцэраў і паліцыянтаў; 10685 вязняў былі пазначаны палякамі, астатнія беларусамі, габрэямі, украінцамі і інш. [3]. 3 снежня 1939 г. ЦК ВКП (б) зацвердзіла прапанову НКУС аб арышце і ўзяцці на ўлік усіх кадравых польскіх афіцэраў [4]. Па прапанове Л. Берыі і згодна з рашэннем Палітбюро ЦК ВКП (б) 11 тыс. чал. з вышэйзгаданай катэгорыі падлягалі расстрэлу. Па савецкіх дадзеных на працягу красавіка-траўня 1940 г. было закатавана 7305 чал. Колькі сярод іх было беларусаў – невядома. Найбольш замардавалі ў Менскай турме (каля 3 тыс. чал.), куды ў сакавіку 1940 г. было транспартавана з Вілейкі 500 асобаў, з Пінску — 500, з Берасця — 1500, з Баранавічаў — 450 [5]. З успамінаў некаторых палякаў — былых вязняў Менскай турмы выні кае, што нацыянальны склад арыштаваных быў стракатым: беларусы — 15%, украінцы — 5 %, палякі — 75 % [6].

Яшчэ адным сродкам рэпрэсіяў у Заходняй Беларусі сталі дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны Савецкага Саюза. Гэтыя дэпартацыі, праведзеныя органамі савецкай дзяржбяспекі ў 1940-1941 гг.,закраналі людзей усіх нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусаў, дакладную колькасць якіх вызначыць немагчыма.

Дэпартацыя ў Заходняй Беларусі адбывалася ў чатыры этапы. 23 лютага 1940 г. у аддаленыя рэгіёны СССР былі прымусова вывезеныя 33749 асаднікоў і 17561 службоўцаў лясной варты. Пра прысутнасць беларусаў сярод іх сведчаць польскія крыніцы. Па дадзеных Міністэрства вайсковых спраў за 1938 г. беларусы сярод леснікоў Палескага ваяводства складалі 68,6 %, Віленскага — 41,9 %, Наваградскага — 29,8 %, Беластоцкага — 25,4 %. Такім чынам, агульная колькасць леснікоў-беларусаў складала 1540 чал. (8,1 %). Найбольш іх было ў Палескім ваяводзтве — 808 асобаў, найменш — у Беластоцкім — 90 [7]. Каб вылічыць колькасць асаднікаў больш дякладна, варта прыгадаць ускосныя дадзеныя, што на Палессі ў межваенны час пражываў 91 былы вайсковец праваслаўнага веравызнання, які меў надзел ад польскага ўрада.. Звыш 51 % жонак польскіх асаднікаў у паўночна-ўсходніх ваяводствах былі мясцовага паходжання, што дазваляе лічыць іх дзяцей на палову беларусамі [8].
Па дадзеных савецкіх крыніцаў, сярод цывільных асаднікаў, якія на люты 1940 г пражывалі ў Заходняй Беларусі, беларусы налічвалі 4,9 %[9].

Другая дэпартацыя была выканана 13 красавіка 1940 г, падчас якой з заходніх абласцей БССР было выселена 26777 чал., галоўным чынам — паліцыянтаў, ураднікаў, настаўнікаў, святароў, удзелыгікаў антысавецкага руху і сяброў некамуністычных партыяў. Безумоўна, большасць дэпартаваных складалі палякі па нацыянальнасці. Праз адсутнасць адпаведных архіўных крыніцаў немагчыма акрэсліць дакладнай колькасці беларусаў сярод дэпартаваных у гэты час. Маюцца толькі ўскосныя звесткі. Напрыклад, сярод 3231 удзельнікаў польскага антысавецкага падполля, арыштаваных НКУС з кастрычніка 1939 па ліпень 1940 г, беларусы складалі 184 чал. [10].

29 чэрвеня 1940 г адбылася другая хваля дэпартацыі, якая распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводстваў Польшчы. Пераважную большасць сярод іх складалі асобы габрэйскага паходжання, аднак трапляліся і беларусы, якія складалі 1703 чал. Як падаюць польскія крыніцы, 1701 (0,24 %) дэпартаваных у чэрвені 1940 г. складалі асобы беларускай нацыянальнасці [11]. Падчас гэтае дэпартацыі ў Сібір было вывезена 22879 асобаў.

У часе чацвёртай дэпартацыі ў чэрвені 1941 г. было вывезена 22353 чал. Вызначаючы колькасць беларусаў сярод дэпартаваных польскіх грамадзянаў, можна звярнуцца да польскіх і савецкіх крыніцаў. Такім чынам, згодна са звесткамі НКУС на красавік 1941 г., сярод польскіх грамадзянаў, вывезеных у Сібір у выніку лютаўскай і красавіцкай дэпартацыяў і расселеных у 21 заходней вобласці СССР, беларусы складалі 9084 асобы [12]. Маюцца, аднак, звесткі з расейскіх архіваў, якія сведчаць, што дэпартаваных беларусаў сярод двух вышэйзгаданых хваляў было 10802 чал. [13]. Аналіз дадзеных іншых дакументаў НКУС за 1941 г. дазваляе дапусціць, што ў вьніку толькі адной лютаўскай дэпартацыі асаднікаў і службоўцаў лясной варты, асобы, пазначаныя ў дакументах беларусамі, складалі звыш 11 тыс чал. (8,1 %) [14]. Разам з тым, іншыя крыніцы НКУС СССР падаюць, што асобы беларускай нацыянальнасці складалі каля Іб тыс. чал. (13,4 % ад агульнай колькасці дэпартаваных з заходніх абласцсй БССР і УССР [15].

Амбасада Польшчы ў СССР у 1942 г. лічыла, што польскія грамадзяне беларускай нацыянальнасці складалі 6 %, а г.зв. «палешукі» - яшчэ 4 %. 3 нататкі Л. Берыі да I. Сталіна ад 15 студзеня 1943 г. вынікае, што ў справе дэпартаваных польскіх грамадзянаў беларусы складалі 27418 чал. (8 %) [16]. Польскі гісторык Д. Бацькоўскі сцвярджае, што колькасны ўдзел беларусаў ва ўсіх дэпартацыях варта ацэньваць у 20—25 тыс. чал. [17]. На нашу думку, менавіта гэтую лічбу варта праняць у якасці найбольш максімальна аб'ектыўнай.

Савецкая ўлада праводзіла высяленні незалежна ад нацыянальнага паходжання. За своеасаблівы крытэрый браліся іншыя прыкметы: стаўленне да савецкай улады і яе дзеянняў. «Ачышчэнне гарадоў і мястэчак ад варожага элемента» адбывалася класічнымі сродкамі Берыі і Цанавы: стаўленне і дзейнасць кожнага асобнага чалавека не бралася пад увагу, арышты і дэпартацыі распаўсюджваліся на ўсіх грамадзян, якія падазраваліся ў нелаяльнасці да савецкай улады [18]. Да варожых элементаў, якія падлягалі рэпрэсіям, часам траплялі грамадзяне, якія не вылучаліся нейкімі антысавецкімі поглядамі і не належалі да актыву антысавецкай дзейнасці. У хуткім часе былі дэпартаваны і звычайныя сяляне, залічаныя да ліку г. зв. кулакоў. Яскравым прыкладам стаў выпадак з Аляксеем Сапегам — селянінам Наваградскага павета. Сваякі Сапегі ўзгадвалі: «Нягледзячы на адно прозвішча з вядомымі магнатамі Вялікага княства, сям'я мела невялікую гаспадарку. Аднак былі дэпартаваныя за супраціў залажэнню калгасаў» [19].
Сям'я Мікалая Дземідовіча з Валожыншчыны ў лютым 1940 г. Не належала да асаднікаў, але мела засцянковую (хутарную) гаспадарку, таму была прымусова дэпартаваная. Падобны лёс напаткаў Хведара Жынгаля з Дзісненшчыны і шмат іншых [20].

Адначасова з дэпартацыямі насельніцтва органы НКУС праводзілі арышты ўсіх палітычна-актыўных людзей любой нацыянальнасці, якія пражывалі на тэрыторыі даваеннай Польшчы, у тым ліку — беларускай [21]. Сярод іх апынуліся вядомыя грамадска-палітычныя і культурныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы: Вячаслаў Багдановіч, Фелікс Галавач, а. Генадзь Шыма-ноўскі, Аляксей Назарэўскі, Фабіян Ярэміч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Пётр Сыч, Уладзімір Самойла, Віктар Астроўскі, Наталля Арсен'ева і інш. Некаторыя з іх яшчэ ў 20-я гады абіраліся ў Сойм 2-й Рэчы Паспалітай. У савецкіх вязніцах загінулі Антон Луцкевіч і Францішак Умястоўскі.

Польскія крыніцы лічаць, што беларусы і украінцы сярод дэпартаваных і арыштаваных складалі 18—20 % ад агульнай колькасці [22]. Некаторыя мясціны, дзе адбываліся высылкі былых польскіх грамадзянаў, у тым ліку і беларусаў, можна лакалізаваць. Напрыклад, у Акцюбінскай і Кустанайскай вобласці на 1943 г. пражывала звыш 12 тыс. дэпартаваных польскіх грамадзянаў, у тым ліку 10 % беларусаў. У Валагодскай вобласці ў 1943 г. пражывалі 703 дэпартаваныя, пераважна сяляне і леснікі з Наваградчыны. У Молатаўскім раёне было размешчана каля 10 тыс. польскіх грамадзянаў, з якіх нацыянальныя меншасці складалі 20—30 %. Сярод звыш 7 тыс. дэпартаваных у Свярдлоўскую вобласць знаходзілася 15 % непалякаў [23].

3 дапамогай архіўных крыніцаў можна вызначыць месцы высылкі беларускіх леснікоў, дэпартаваных у лютым 1940 г. У прыватнасці, у Архангельскую вобласць было вывезена 4450 леснікоў, якія вызначалі сябе беларусамі, у Іркуцкую — 875, у Омскую — 759, у Алтайскі край — 700, у Валагодскую вобласць — 700, у Новасібірскую — 695, у Свярдлоўскую — 460, у Комі АССР — 443, у Казахстан — 400, у Молатаўскую вобласць — 397, Чэлябінскую — 225, Яраслаўскую — 126, Башкірскую АССР — 117 і г. д. 3 гэтай статыстыкі бачна, што адным з найбольш «беларускіх» абшараў СССР стала Архангельская вобласць, дзе адсотак беларусаў сярод дэпартаваных польскіх грамадзянаў складаў 9,2 % (у тым ліку 12 % з першай дэпартацыі і 0,4 % - з другой). 3 цягам часу (на 1943 г.) гэтая лічба павялічылася да 12,6 % [24].

Па нашых падліках, беларусы з далучаных да БССР абласцей сярод вывезеных савецкімі ўладамі ў глыб СССР складалі не менш 20-25 тыс. Безумоўна, па разнастайных прычынах далёка не ўсім з іх удалося трапіць у польскія вайсковыя фармаванні, якія ствараліся ў 1941—1944 гг. на тэрыторыі СССР. Больш паловы дэпартаваных складалі жанчыны і дзеці, а таксама няздольныя па ўзросце альбо стане здароўя да службы ў войску [25]. Аднак, пэўная частка ўсё ж папоўніла шэрагі польскіх узброеных сілаў.

Каб характарызаваць міжнацыянальныя ўзаемаадносіны ў польскіх «спецпасяленнях», варта звярнуцца да ўспамінаў непасрэдных відавочцаў. Напрыклад, сям'я сына лесніка з Піншчыны Міхася Швэдзюка ў лютым 1940 г. была дэпартаваная ў Комі АССР. Былы вязень сталінскіх спецпасяленняў узгадвае: «У нашым пасёлку (10-ы квартал) былі пераважна беларусы, якія складалі нават да 70 %. У іншым пасёлку магло быць інакш. Леснікі, якія складаліся амаль на 100 % з беларусаў, паходзілі з Палесся — ад Берасця, Антопаля, Кобрына, Драгічына і Пінска ажно да Лунінца. Сярод асаднікаў на100 % былі палякі. На бацькаўшчыне ўсе дэпартаваныя цяжка працавалі, таму хутка прыстасаваліся да працы па высяканні лесу. Паміж беларусамі-леснікамі і палякамі-асаднікамі не было аніякай варожасці, ніякіх антаганізмаў на націянальнай глебе, а тым больш на рэлігійнай. У лагерную ўправу ўваходзілі як беларусы, гэтак і палякі. Яна не фаварытазавала беларусаў перад палякамі, і наадварот... » [26].
3 успамінаў ужо паляка на нацыянальнасці Вольфа Мазца, які знаходзіўся ў працоўным лагеры ў Мурманскай вобласці, вынікае, што ўсе беларусы разам з палякамі былі гатовыя «памерці за белага арла... » [27]. Трэба падкрэсліць, што ва ўспамінах палякаў-вязняў савецкіх спецпасяленняў, польскія грамадзяне беларускай нацыянальнасці характарызуюцца большасцю людзьмі, якія «разам з палякамі не ішлі на супрацоўніцгва з бальшавікамі, шукаючы выключна працы і кавалак хлеба... » [28].

Дэпартаваныя ў глыб СССР знаходзіліся ў складаных і цяжкіх умовах, іх жыцце было пастаўленае на ўзровень барацьбы выжывання. У многіх «спецпаселішчах» паўночных рэгіёнаў СССР з неспрыяльнымі для былых польскіх грамадзянаў кліматам жыллё не было прыстасаванае да зімовага часу, захоўвалася ў антысанітарньіх умовах. Нярэдка здараліся выпадкі, калі «спецпасяленцы» размяшчаліся ў памяшканнях былых харчовых складоў альбо гаспадарчых пабудоваў, дзе адсутнічалі звычайныя бытавыя прылады, посуд, электрычнасць [29]. Часта ў 40-градусны мароз адсутнічала ацяпленне жылых памяшканняў. Былы вязень Фелікс Гемпель, які адбываў тэрмін зняволення ў Ухце (Комі АССР), узгадваў, што пасля вяртання з цяжкай працы ў капальнях вязні атрымоўвалі толькі па 500 грамаў хлеба [30].

Падчас дэпартацыі асаднікаў і леснікоў кожнай сям’і дазвалялася браць з сабою адзенне, бялізну, бытавыя рэчы і каштоўнасці агульнай вагой не больш 500 кг. У дарозе на чыгунцы спецпасяленцы атрымоўвалі па 800 грам хлеба штодня. Рассяленне ў спецпаселішчах прадугледжвалася ад 100 да 500 сямей у кожным [31].

Згодна з «Палажэннем аб спецпаселішчах і працоўным уладкаванні асаднікаў, выселеных з заходніх абласцей УССР і БССР», дэпартаваныя ў асноўным накіроўваліся на лесапавал у таежныя куты Кіраўскай, Пермскай, Валагодзкай, Архангельскай, Іванаўскай, Новасібірскай і інш. абласцей, Комі АССР, Алтайскі і Краснаярскі краі. За імі быў усталяваны пільны кантроль і жорсткая дысцыпліна. Адміністрацыйнае кіраванне спецпаселішчамі ажыцяўлялася раённымі і пасялковымі камендатурамі НКУС. Найдрабнейшыя агрэхі на працы праследаваліся жорсткім чынам. У прыватнасці, 15-хвіліннае спазненне каралася трыма месяцамі папраўчых працаў. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. Прадугледжваў яшчэ больш жорсткія пакаранні [32].

Такім чынам, пасля інкарпарацыі Захлдняй Беларусі ў склад СССР новыя ўлады распачалі рэпрэсіі супраць “сацыяльна небяспечных элементаў”, якія закранулі грамадзянаў усіх нацыянальнасцяў, у тым ліку і беларусаў. На пачатак нямецка-савецкай вайны ў аддаленых рэгіёнах Савецкага Саюза знаходзілася звыш 320 тыс. Былых польскіх грамадзянаў, прымусова дэпартаваных з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Не менш 20-25 тыс. з іх – беларусы.

Сацыяльны склад быў вельмі разнастайны, аднак пераважала сялянства і былыя супрацоўнікі лясной варты. У час сібірскай высылкі паміж дэпартаванымі не было заўважана канфліктаў па нацыянальнай глебе. Савецкі ўрад паставіў “спецпасяленцаў” ва ўмовы выжывання, не забяспечыўшы ім належнай сацыяльнай і прававой аховы. У палітычным і эканамічным алане гэтыя людзі былі прыгнечаныя і пакрыўджаныя. Усё далейшае жыццё гэтыя людзі, перажыўшы фізічныя і маральныя пакуты, лічылі савецкую дзяржаву “нялюдскай зямлёй”. Яны хацелі толькі аднаго: вярнуць польскае падданства.


          Литература::

1. Гурьянов А.Э. Польские поселенцы в СССР в 1940-1941 гг. // Репрессии против поляков и польских граждан / Сост. А.Э.Гурьянов. М., 1997. С. 88-89.
2. Bockowski D. Czas nadziej. Obywatele Rzeczypospolitej Polskej w ZSRR i opieka nad nimi placowek polskich w latach 1940-1943, Warszawa1999. S. 39.
3. Лебедева Н.С. Четвертый раздел Польши и катынская трагедия. С. 267.
4. Там жа.
5. Там жа. С. 275.
6. IPMS, Relacja Feliksa Gampela, sygn.: kol. 138/2759.
7. CAW, sygn.: I. 303. 3. 451. k.4.
8. Stobniak-Smogorzewska J. Kresowe osadnictwo wojskowe, 1921-1945, Warszawa, 2003. S. 125.
9. Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954 гг.), Гродно, 2004. С.94.
10. Грыбоўскі Ю., Козак К. Забытыя жаўнеры Польскага войска ў часы Другой сусветнай вайны. Мн., 2003. С. 23.
11. Bockowski D. Czas nadziej. S. 83.
12. НАРБ, ф.4п, воп. 21, спр. 2086.
13. Яжборовская Н., Яблокова А., Парсаданова В. Катынский синдром в советско-польских и российско-польских отношениях. М., 2001. С. 119; Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С. 32.
14. Падлік зроблены на падставе: Gurjanow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941) // Swiat NIEpozegnany. Zydzi na dawnych ziemiach wschdnich Rzeczpospolitej w XVIII-XX wieku / Pod red.: K.Jasiewicza. Warszawa-London, 2004. S. 91.
15. Gurianow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941). S.109.
16. Bockowski D. Czas nadziej. S. 91.
17. Там жа. S. 89-90.
18. Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С. 31.
19. Dloga droga do domu // Glos Pomorza. 2000. 26 czerwca.
20. Архіў аўтара, Успаміны Хведара Жынгаля.
21. SPP, Deportacja ludnosci ze wschodnich ziem polskich w latach 1939-1941, sygn.: 3-1-1-1-1, k. 237-246.
22. Там жа, k. 245.
23. Bloch Czeslaw, Polacy na Obczyznie. 1939-1945 // Wojskowy Przeglad Historyczny, Nr.2 z 1990 r. S. 79-109.
24. Gurjanow A. Zydzi jako specpieresielency-biezency w Obwodzie Archangielskim (1940-1941). S.110.
25. SPP, Deportacja ludnoscy ze wschodnich ziem polskich w latach 1939-1941, sygn.: 3-1-1-1-1, k. 244.
26. Архіў аўтара, Успаміны Міхася Швэдзюка. С. 26-28.
27. IPMS, relacja Wolfa Mazeca, sygn.: kol. 138/ 288/ 184.
28. Bloch Czeslaw, Polacy na Obczyznie. 1939-1945 // Wojskowy Przeglad Historyczny, Nr. 2 z 1990 r. S.86.
29. Buchalo H. Ukraincy w polskich Silach Zbrojnych w czasie II wojny swiatowej // Polska-Ukraina: trudne pytania. N. 9. Materialy IX i X miedzynarodowego seminarium historycznego «Stosunki polsko-ukrainskie w latach II wojny swiatowej». Warszawa, 2002. S. 137.
30. IPMS, Relacja Feliksa Gampela, sygn.: kol. 138 / 2759.
31. Знешняя палітыка Беларусі. Зборнік дакументаў і м атэрыялаў. Т.3. Мн., 2001. С. 195-197.
32. Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Беларуси в 1939-1941 гг. С.312.

 
 
Яндекс.Метрика