Запатрабаванне часу і беларуская гістарычная навука.
Валянцiн ГРЫЦКЕВIЧ (Санкт-Пецярбург)
1
У пачатку 1980-х гадоў група мексiканскiх гiсторыкаў узяла сабе за
мэту прасачыць напрамкi вывучэння сваёй навукi ў краiнах, якiя сталi на шлях
развiцця i якiя вымушаны жыць у суседстве з магутнымi гiганцкiмi дзяржавамi. На
думку аднаго з гэтых даследчыкаў, Э. А. Камiна, гiсторыя неабходная,
-- каб
задавальняць патрэбы i адказваць на пытаннi сённяшняга дня;
-- каб абуджаць
i ўмацоўваць пачуццё тоеснасцi;
-- каб памагчы адшукаць сэнс адзiночнага цi
калектыўнага iснавання;
-- каб зрабiць уладу правамоцнай, навязаць пункт
погляду пераможцаў цi каб супрацьпаставiць ёй, абаранiць версiю пераможаных;
-- каб быць для жыцця прыкладам, узятым з бясконцага спiсу чалавечых
учынкаў;
-- каб доўга i не спяшаючыся сузiраць мiнулае, што прыносiць
задавальненне i абуджае фантазiю, задавальняе цiкавасць, якую выклiкаюць у нас
лёсы нашых народаў i цывiлiзацый;
-- гiсторыя паўтарае доўгую i цяжкую
дарогу навукi, служыць разуменню i памяцi, пазнанню i даследаванню;
--
гiсторыя дапамагае вызвалiцца ад мiнулага, пазбегнуць бескантрольнага ўплыву
мiнулага на пакаленнi, якiя не ведаюць яго, выключае сiтуацыю, прадбачаную ў
афарызме Артэга-i-Гасета: «Народы, якiя не ведаюць свайго мiнулага, асуджаны на
яго паўтарэнне».
Незалежна ад правiльнасцi пералiчаных аксiёмных адказаў цi прычын, якiмi кiруецца гiсторык, фактам з'яўляецца тое, што народы звяртаюцца да гiсторыi часцей тады, калi надыходзiць неспакойны час, калi перад грамадствам узнiкаюць новыя задачы.
Цiкавасць да гiсторыi заўсёды няўтольная. Гэта не толькi цiкавасць да яшчэ не вядомых фактаў, але i патрэба пераасэнсаваць ужо вядомыя. Гэтыя цiкавасць i патрэба залежаць ад культуры, з пазiцыi якой адбываецца такое пераасэнсаванне. Найчасцей увага да гiсторыi ўзмацняецца ў часы ўзрушэнняў i благiх прыкмет, няўпэўненасцi i змен, калi гiсторыя здаецца людзям настолькi неабходнай i карыснай, што яны паддаюцца спакусе перагледзець яе нанава.
У многiх народаў, не выключаючы i беларускi, цiкавасць да гiсторыi выклiкаецца балючай стратай спадчыны, упэўненасцi i даверу, крызiсам самасвядомасцi: i нацыянальнай i гiстарычнай [1].
Не кажучы пра нацыянальную свядомасць (гэтая тэма патрабуе спецыяльнага гiстарычнага аналiзу), спынюся на свядомасцi гiстарычнай. Гэты вiд свядомасцi, на думку вядомага польскага спецыялiста ў метадалогii гiсторыi Ежы Тапольскага, - не гiстарычныя веды, а «фактар, якi прадвызначае чалавечыя дзеяннi i якому грамадства надае культурны сэнс, разнастайныя веды пра мiнулае, якiмi разам з пэўнай сiстэмай каштоўнасцей можа распараджацца тая цi iншая асоба або грамадская група» [2].
Гiстарычная самасвядомасць складаецца не толькi з пэўных гiстарычных ведаў, але i з мiфаў, легендаў i г. д., гэтаксама як i прызнаная людзьмi сiстэма духоўных каштоўнасцей. Можна валодаць багатым запасам звестак i мець слаба развiтую гiстарычную свядомасць.
Гiстарычная свядомасць, як i iншыя з'явы духоўнага жыцця, нестабiльная, пастаянна мяняецца, пераацэньваецца. Тыповы прыклад гэтага — дыскусiя ў нашым грамадстве пра дзейнасць альтэрнатыўных персанажаў мiнулага. На думку вядомага маскоўскага сацыёлага Юрыя Лявады, гэтая дыскусiя добра працвярэзiла грамадства, дала магчымасць усвядомiць уласнае месца ў каардынатах сацыяльнай прасторы i часу.
Па меры таго, як знiмаўся арэол святасцi з дзеячаў мiнулага i адмоўных характарыстык з iх палiтычных апанентаў, гэтыя людзi пачынаюць усведамляцца як рэальныя персанажы, па-за ўсялякiмi схемамi процiборства герояў i лiхадзеяў [3]. Гiсторыю станаўлення савецкага грамадства, у склад якога ўваходзiць i большасць беларусаў (наiўна было б адмаўляць, што кiраўнiкам Савецкага Саюза ўдалося тое, чаго не здолелi зрабiць iхнiя папярэднiкi ў царскай Расii,— аб'яднаць усе народы краiны ў пэўны русiфiкаваны суперэтнас), пачынаюць цяпер бачыць не як плен ленiнскiх i сталiнскiх прадвызначэнняў, а як вынiк барацьбы.
Гэта не дзiва пасля дзесяцiгоддзяў самавольнага тлумачэння падзей мiнулага. Марк Алданаў паўстагоддзя таму назад меў магчымасць сказаць за мяжой тое, што было вядома ў нас кожнаму, хто ўмеў чытаць i думаць:
«Калi бярэш у рукi бальшавiцкi артыкул цi кнiгу пра Кастрычнiцкi пераварот i наступныя пасля яго падзеi, то найперш трэба глянуць на год выдання: асвятленне падзей, а то i самi падзеi абсалютна мяняюцца ў залежнасцi ад таго, што загадана пiсаць i каму трэба дагадзiць. Калi, напрыклад, на вокладцы 1920 год, то я загадзя ведаю, што пераварот 25 кастрычнiка зроблены Ленiным i Троцкiм. Калi ж навуковая праца цi ўспамiны вiдавочцаў пазначаны 1930 годам, то, зразумела, усё зрабiлi Ленiн i Сталiн. Троцкi тут ужо быў нi пры чым. Трохi ў меншай ступенi мяняюцца гiстарычныя ролi i iншых удзельнiкаў справы. Гэта выклiкае, канечне, вясёлае пачуццё ў старонняга даследчыка, не зацiкаўленага ў пэўным пытаннi абсалютна, але i вельмi ўскладняе яго работу» [4].
Нагадаю не такiя ўжо i далёкiя часы, калi ў друку i iншых сродках масавай iнфармацыi мянялася вядучая роля кiраўнiкоў краiны ў Вялiкай Айчыннай вайне ў залежнасцi ад таго, знаходзiлiся яны ў Крамлi або па-за iм.
У наш час цалкам страцiла свой сэнс суцяшальная мадэль сусветнага гiстарычнага працэсу i галоўнага ў ёй месца сацыялiстычных рухаў i рэвалюцый.
Невыпадковы перагляд многiх гiстарычных сюжэтаў у сённяшнiх публiцыстычных працах. Можна пагадзiцца з вядучым маскоўскiм спецыялiстам у методыцы гiстарычнага даследавання I. Д. Кавальчанкам у тым, што публiцыстычная ацэнка неабходная для таго, каб вызначыць кола першачарговых пытанняў, якiя патрабуюць навуковага вывучэння, i фармаваць гiстарычную свядомасць. Усе ж такi аднаго публiцыстычнага асвятлення мiнулага недастаткова, каб яго глыбока даследаваць [5].
Вось чаму ёсць сэнс звярнуцца да характарыстыкi абавязкаў гiстарычнай навукi. Яна заклiкана задаволiць патрэбы грамадства i для мэт, пералiчаных у пачатку артыкула, i для фармавання гiстарычнай свядомасцi.
Якая ж форма гiстарычнай навукi здольная перадаваць выпрацаваную яе спецыялiстамi iнфармацыю людзям, а ў нашым выпадку найперш жыхарам Беларусi i беларусам, якiя жывуць за яе межамi?
2
У даступнай лiтаратуры мне не ўдалося знайсцi вызначэння гэтай навуцы. Паспрабую ўявiць яе вобраз, якi склаўся на аснове вядомага мне вопыту гiстарычнай навукi Расii i Польшчы. (Нi для кога не сакрэт, што асноўны масiў лiтаратуры па гiсторыi Беларусi i беларусаў ствараўся на рускай i польскай мовах з пункту погляду рускага i польскага этнасу.)
Што, на мой погляд, павiнна ўваходзiць у склад аформленай гiстарычнай навукi этнасу?
Бясспрэчна, методыка вывучэння гiстарычнага мiнулага. Карл Маркс, якi далёка не заўсёды памыляўся (насуперак распаўсюджанай цяпер думцы), пiсаў, што не толькi вынiк даследавання, але i шлях, якi вядзе да яго, павiнен быць сапраўдным. «Исследование истины само должно быть истинно» [6].
Давядзецца больш падрабязна спынiцца на методыцы гiстарычнага даследавання. I таму, што я займаюся ёю трыццаць гадоў, i таму, што ўсталяваная сiстэма адбiла ахвоту ў большасцi гiсторыкаў пазнаваць гэтую методыку: навошта цiкавiцца ёю, калi i так усё зразумела, як, па якiм стандарце, па якой мерцы трэба пiсаць даследаванне для арганiзацыi, што аплочвае заказ?
Але ж няведанне асноў методыкi гiстарычнага даследавання прыносiць сур'ёзныя страты пры падрыхтоўцы гiсторыкаў у ВНУ краiны ва ўмовах таталiтарызму. Методыка гiстарычнага даследавання ў савецкай гiстарычнай навуцы была зведзена да капiравання папярэднiкаў (паводле прынцыпу «рабi з намi, рабi, як мы, але не рабi лепей за нас»), да шчодрага цытавання класiкаў марксiзму-ленiнiзму, гэта значыць да тэарэтыка-метадычнага ўтрыманства (цi да тэарэтыка-метадычнага спажывецтва — можна называць па-рознаму), да спадзявання на тое, што найбольш прынцыповыя ацэнкi зробяць не гiсторыкi. Гэтыя ацэнкi будуць у партыйных i iншых афiцыйных дакументах. А цi кампетэнтныя ў вырашэннi чыста прафесiйных пытанняў, якiя патрабуюць сур'ёзнага непрадузятага вывучэння, складальнiкi гэтых дакументаў — гiсторыкаў, на жаль, не цiкавiла. Гэта i стварала, кажучы словамi Ежы Тапольскага, «гiсторыю аматарскую, а значыць, не здольную iсцi ўпоравень з метадалагiчным прагрэсам навуковай гiстарыяграфii» [7].
Карацей кажучы, у гэтым праяўлялася жорсткая структураванасць поля таталiтарнага рэжыму, яго iерархiчная падпарадкаванасць. Манаполiя на iсцiну атаясамлiвалася з манаполiяй на пасаду [8], а гiсторык набываў ролю абвiнаваўцы, хоць яшчэ французскi гiсторык Л. Феўр выступаў супраць судзейскай цi следчай ролi гiсторыка, якi не мае права асуджаць вiнаватага.
З нежадання ведаць методыку работы — аснову прафесiяналiзму — зыходзiў i нятворчы падыход да вывучэння мiнулага. Ен нараджаў каментатарства i дагматызм, iлюстрацыйнасць i фактаграфiчнасць, апiсальнiцтва i абмежаванне даследаванняў эмпiрычным узроўнем, падмену навуковага тлумачэння i тэарэтычнага сiнтэзу фактаў iх найпростым аналiзам i загадзя прадвызначанай ацэнкай (I. Д. Кавальчанка) [9].
Такi падыход да методыкi гiстарычнага даследавання заканамерны для марксiсцкага фундаменталiзму, якi абапiраецца на дагматычныя стэрэатыпы, на чорна-белае бачанне свету, на боязь новага.
Сапраўднае веданне, рэальныя гiстарычныя звесткi не атрымлiвалi попыту з боку тых iдэалагiчных аддзелаў партыйных камiтэтаў, якiя «заказвалi музыку», аказвалiся непатрэбнымi iм, а творы, дзе былi такiя звесткi, у сваёй большасцi не выдавалiся. Былi, праўда, рэдкiя выключэннi. Як шампiньёны гарадскi асфальт, такiя творы прабiвалi «асфальт» таталiтарнага дагматызму. Вось чаму нельга цалкам iгнараваць наяўнасць каштоўных даследаванняў па гiсторыi Беларусi, якiя па недагляду тых, хто быў прызначаны кантраляваць якасць гiстарычнай прадукцыi, або не без iхняга тайнага спачування цi па iншых далёкiх ад навукi прычынах абсалютна нечакана выходзiлi ў свет.
Было б несправядлiва сцвярджаць, нiбы ў Iнстытуце гiсторыi беларускай Акадэмii навук i на гiстарычных кафедрах унiверсiтэтаў i педiнстытутаў рэспублiкi былi толькi адны шчырыя прыхiльнiкi марксiсцкай догмы. Было мноства iншых — маўклiвая большасць, а можа, i меншасць, якая iшла на ўступкi. Але голасу яны, як правiла, не надавалi. Былi i такiя гiсторыкi, як, да прыкладу, нябожчык прафесар Я. М. Мараш з Гродна, якi пiсаў адно, а факты прыводзiў такiя, што iх можна iнтэрпрэтаваць зусiм не на карысць стэрэатыпных поглядаў на гiсторыю Беларусi. Напрыклад, звесткi пра колькасць унiяцкiх, каталiцкiх i праваслаўных прыходаў у нашым краi, якiя сведчылi пра масавае распаўсюджанне ў канцы XVIII стагоддзя грэка-каталiцызму, абагульнiў iменна гэты даследчык, праўда трактаваў гэта як праяўленне агрэсiўнасцi Ватыкана.
Я. М. Мараш скончыў Вiленскi ўнiверсiтэт iмя Стэфана Баторыя (прычым навучаўся ва ўмовах, якiя зневажалi чалавека: яго як яўрэя польскiя фашысты прымушалi слухаць лекцыi на асобнай «чорнай парце», у знак пратэсту супраць гэтага студэнты-яўрэi слухалi лекцыi стоячы). Слухаў ён лекцыi аб'ектыўных цi, як iх у нас называлi, «буржуазных» вучоных. I хоць пазней вучоны пiсаў марксiсцкiя працы пад густ начальства, але калi-нiкалi яго прарывала. Вось ён i прывёў падобныя факты, якiя яўна кампраметавалi афiцыйную догму пра ўяўную прыхiльнасць беларускага народа да праваслаўя заўсёды i навечна.
Тым не менш аднадумства насаджалася сiлай, а распрацоўка многiх тэм была забаронена. Не дапускалiся да друку ў Беларусi звесткi пра масавыя рускiя перасяленнi (да аднаго мiльёна чалавек за XVIII стагоддзе) у Беларусь, якiя я, па наiўнасцi, паслаў у «Весцi Акадэмii навук БССР». Гэтае недапушчэнне адбылося нягледзячы на тое, што ў маёй працы былi спасылкi толькi на рускiя афiцыйныя крынiцы.
Вяртаючыся да пытання аб методыцы гiстарычнага даследавання, нагадаю, што ў яе склад уваходзiць найперш гiстарычнае крынiцазнаўства. Гэтая навуковая дысцыплiна вывучае гiстарычныя крынiцы, але самае галоўнае — распрацоўвае метады здабывання з крынiц iнфармацыi пра з'явы i працэсы развiцця чалавечага грамадства. Сюды ўваходзiць вытлумачэнне прыроды крынiц, сiстэма прыёмаў i спосабаў iх вывучэння, а таксама агляд асноўных груп крынiц па гiсторыi гэтай праблемы (у нашым выпадку па гiсторыi беларусаў).
Што яшчэ неабходна, каб мець сфармаваную гiстарычную навуку этнасу? Публiкацыя гiстарычных крынiц, у тым лiку i даступных шырокiм колам. Апошняя ўмова ў наш час не выконваецца. Узор высокага ўзроўню археаграфii (методыкi выдання гiстарычных крынiц) — два тамы беларуска-лiтоўскiх летапiсаў у серыi «Полное собрание русских летописей» (АН СССР), якiя падрыхтаваў Мiкалай Мiкалаевiч Улашчык, выдадзены ў Маскве мiзэрным тыражом i чакаюць перавыдання ў родным краi з перекладам на беларускую мову iх прадмоў i каментарыяў. Маладаступным засталося перавыданне «Мужыцкай праўды», падрыхтаванае некалькi гадоў таму назад з выпадку юбiлею Калiноўскага Язэпам Янушкевiчам для часопiса «Маладосць».
У склад аформленай гiстарычнай навукi павiнна ўваходзiць гiсторыя гiстарычнай навукi цi гiстарыяграфiя. Яна пазнае заканамернасцi ўзнiкнення i развщця гiстарычных iдэй, дазваляе прасачыць вытокi i развiццё розных гiстарычных гiпотэз i канцэпцый — сiстэм поглядаў на з'яву, iх сувязь з развiццём грамадства. Гiстарыяграфiя ўсталёўвае новыя тэарэтычныя палажэннi i вызваляе навуку ад уяўных i аднабаковых вывадаў i заключэнняў.
Элементы ўлiку папярэдняга вопыту гiсторыкаў, гэта значыць
гiстарыяграфiчныя пытаннi, прысутнiчаюць у кожным гiстарычным даследаваннi,
напiсаным з прымяненнем прыёмаў гiстарыяграфiчнага аналiзу. Яны ўключаюць у сябе
наступныя пытаннi, якiя гiсторык ставiць перад сабой:
-- чаму неабходна яго
даследаванне менавiта сёння;
-- у якой ступенi вывучана тэма яго
даследавання;
-- што менавiта да яго вывучалася з гэтай тэмы i як;
-- як
звязана гэтая тэма з сучаснасцю;
-- што зроблена i што трэба даследаваць;
-- якiя канцэпцыi для вырашэння пытання былi прапанаваны раней;
-- з
якiх пазiцый пытанне даследавання вывучалася i якiмi метадычнымi прыёмамi;
-- кiм канкрэтна вывучалася пытанне;
-- як зробленае да аўтара
даследаванне станавiлася набыткам iншых (гэта значыць ступень распаўсюджанасцi
яго сярод спецыялiстаў, а таксама сярод шырокай грамадскасцi);
-- якiя
крынiцы скарыстоўвалiся папярэднiкамi для вырашэння пытання i якiя заставалiся
за межамi ўвагi даследчыкаў.
Гiстарычнай навуцы час ад часу неабходныя агульныя агляды гiсторыi краiны, этнасу, у якiх бы падводзiлiся вынiкi пэўнага этапу вывучэння дадзенай праблемы. У нашым выпадку такiмi можна лiчыць беларускiя i iншамоўныя працы, пачынаючы з твораў В.Ластоўскага, У.Iгнатоўскага, Я.Станкевiча, Я.Найдзюка, не выключаючы вядомых двухтомных i шматтомнага выданняў па гiсторыi Беларусi 50—70-х гадоў, якiя выпусцiў Iнстытут гiсторыi беларускай Акадэмii навук, i «Гiсторыю Беларусi» Марцэлi Касмана на польскай мове.
У склад паўнацэннай гiстарычнай навукi ўваходзяць манаграфii пра асобныя перыяды i важныя падзеi гiсторыi этнасу, па яго палiтычнай, ваеннай, царкоўнай, дыпламатычнай гiсторыi, гiсторыi яго культуры, навукi i асобных iх галiнаў, гiсторыi асобных яго класаў — без выбару — гэта значыць па гiсторыi дваранства, духавенства, гараджанаў i г. д. Сюды павiнны ўвайсцi бiяграфiчныя нарысы пра асноўных дзеячаў этнасу, незалежна ад таго, дзе яны жылi: у межах тэрыторыi пражывання большасцi этнасу цi па-за гэтымi межамi; бiяграфiчныя i геаграфiчныя слоўнiкi; бiблiяграфii, у тым лiку i бiблiяграфii бiблiяграфiй, як агульныя, так i па асноўных этапах развiцця этнасу; анатаваныя роспiсы манаграфiй i артыкулаў накшталт вядомага маскоўскага даведнiка па ўспамiнах i дзённiках, выдадзенага ў 1970—1980-я гады выдавецтвам «Книга» пад рэдкцыяй П. А. Зайанчкоўскага.
Бясспрэчна, неабходны i абагульняльныя беларускiя працы па ўсеагульнай гiсторыi, гiсторыi iншых этнасаў i краiн, найперш па гiсторыi этнасаў, якiя жылi i жывуць на тэрыторыi Беларусi: яўрэяў, татараў, палякаў, велiкарусаў, летувiсаў, латышоў, украiнцаў. Сюды ўваходзяць працы па гiсторыi ўзаемных перасяленняў i культурных уплываў. Не менш важныя для нас нарысы гiсторыi тэрыторый i этнасаў, суседнiх з намi, але абавязкова з беларускага пункту погляду, каб у нас не стварылася ўражання другараднасцi цi толькi бедаў нашага этнасу, каб не было адчування непаўнацэннасцi беларусаў. Патрэбны i нарысы гiсторыi этнасаў, якiя развiвалiся на пэўных этапах па падобнай мадэлi, напрыклад, Украiны, Грузii, Фiнляндыi, Латвii, Македонii, Шатландыi, Iрландыi, пэўных тэрыторый, падобных Вялiкаму княству Лiтоўскаму, Рускаму i Жамойцкаму цi Трансiльванii (Сямiграддзю)... Да сённяшняга дня няма беларускiх прац пра нацыянальнае адраджэнне i барацьбу за незалежнасць суседняй Украiны ў 1917 —1920 гадах, хоць там сёння перавыдаюцца крынiцы па гэтым пытаннi, у прыватнасцi, вядомае «Вiдродження нацii» аднаго з кiраўнiкоў украiнскай нацыянальнай рэвалюцыi сацыял-дэмакрата пiсьменнiка Уладзiмiра Вiннiчэнкi, не кажучы ўжо пра наяўнасць масiву замежных публiкацый крынiц i багатай эмiгранцкай гiстарычнай лiтаратуры на гэтую тэму. А мадэль пачатковага перыяду ўкраiнскай рэвалюцыi 1917 —1920 гадоў, нягледзячы на значныя адрозненнi, у многiм дзiўна нагадвае сiтуацыю 1988— 1991 гадоў у Беларусi.
Я пералiчыў далека не ўсё, а толькi асноўнае, што абавязкова прысутнiчае ў паўнацэннай гiстарычнай навуцы этнасу пры нармальным яго развiццi. Як выявiлася, у нас вельмi многага з таго, што ёсць у гiстарычнай навуцы суседзяў, проста няма. Шэраг пытанняў выпала з поля зроку вучоных цi адлюстравалася аднабакова i скажона. У вынiку гэтага пры вывучэннi жыццяпiсаў дзеячаў Беларусi даводзiлася, напрыклад, карыстацца бiяграфiчнымi слоўнiкамi Польшчы, Расii i iншых краiн. Здавалася б, гэта нармальная працэдура для вучонага, але нармальная толькi тады, калi ў яго ёсць яшчэ свой нацыянальны бiяграфiчны слоўнiк. Бо ў артыкулах слоўнiкаў пра персанажы гiсторыi Беларусi на iншых мовах падкрэслiваецца тое, што больш характарызуе тых цi iншых дзеячаў не з пункту погляду беларуса.
Мы можам карыстацца даведнiкам пад рэдакцыяй П. А. Зайанчкоўскага «История дореволюционной России в дневниках и воспоминаниях. Аннотированный указатель книг и публикаций в журналах», але ж гэты даведнiк не ўлiчвае публiкацый на iншых мовах, акрамя рускай, а значыць, не дае поўнага ўяўлення пра неабходную беларускаму гiсторыку базу крынiц. Ды i анатацыi даведнiка, вельмi каштоўныя, складзены без улiку спецыфiкi беларускай культуры i гiсторыi.
Такiх прыкладаў мноства.
Я паспрабаваў ахарактарызаваць тое, што ўключае ў свой склад сфармаваная гiстарычная навука. Што ж з пералiчанага ёсць i чаго няма ў сучаснай гiстарычнай лiтаратуры Беларусi?
3
Узнiкае пытанне: цi iснуе самастойная паўнацэнная беларуская гiстарычная навука?
Мне не раз даводзiлася выступаць па гэтым пытаннi i ў рэспублiканскiм друку, i на Беларускiм тэлебачаннi i гаварыць пра тое, што перагляду патрабуе амаль уся гiсторыя Беларусi, пачынаючы з пытанняў этнагенезу, з паходжання беларускага этнасу.
Здавалася б, агульнавядома, што нi ў кога няма права на манаполiю iсцiны ў навуцы. Аднак у нашай краiне было не так. Манапалiзацыя навукi ў Беларусi прывяла да пэўных вынiкаў. За дзесяцiгоддзi манапольнага росквiту i абсалютнай недатыкальнасцi, як кожны разленаваны манапалiст, гiстарычная навука партыйнага падпарадкавання страцiла здольнасць да канкурэнтнай барацьбы. Вось i атрымалася ў вынiку, што ў гэтай навуцы назапасiлася мноства мiфаў.
На працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў адбывалася прафанацыя гiстарычных ведаў, калi даследчыкi зыходзiлi з таго, што перадавыя рубяжы ў гiстарычнай навуцы самi сабой забяспечаны, а валавая прадукцыя можа замянiць творчасць.
Не дзiва, што ў беларускай гiстарычнай навуцы фактычна адсутнiчае тэорыя i методыка гiстарычнага крынiцазнаўства, таму што для гэтага абавязкова патрэбна навуковая крытыка крынiц, а таксама вывучэнне iх максiмальнай колькасцi па тэме. На крынiцы не зважалi або скажалi iх дзеля далёкiх ад навуковых ведаў канцэпцый. З фактамi абыходзiлiся адвольна. Гiсторыя канструявалася насуперак фактам. Рэальнасць мiнулага падганялася да фальшывых гiстарычных канцэпцый. Гiсторыя i культурная спадчына Беларусi бессаромна рабавалiся. Невыпадкова мне даводзiлася, пачынаючы з 1960-х, вывучаць i папулярызаваць бiяграфii многiх нашых землякоў, якiя ўнеслi ўклад у развiццё культуры i навукi iншых этнасаў i краiн, але забытых беларускiмi гiсторыкамi, вiдаць, паводле прынцыпу: «Што з воза ўпала, тое прапала».
А мова нашых гiстарычных сачыненняў! Яна капiравала безаблiчны, нiвелiраваны «новояз» партыйных дакументаў i газет. Бясколернасць, безыменнасць, шэрасць, а не iндывiдуальнасць сталi тыповымi для большасцi савецкiх кнiг па гiсторыi Беларусi. Параўнайце iх мову з мовай лепшых манаграфiй Мiкалая Улашчыка, у прыватнасщ, яго выдатных «Очерков по истории археографии Белоруссии периода феодализма» (М., 1975). Там даюцца, напрыклад, блiскучыя характарыстыкi вiленскiх i вiцебскiх археографаў другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Пазайздросцiць майстэрству гэтых характарыстык можа кожны публiцыст.
Другi прыклад — таксама, на жаль, выключэнне — выдатная мова манаграфii Мiхася Ткачова «Замкi Беларусi» (1977; 2-е выд. «Замки Белоруссии», 1987). Невыпадкова кнiга трапiла ў спiс найбольш цiкавых кнiг года, складзены чытачамi часопiса «Крынiца» у 1988 годзе.
Эстэтыка — гэта заўсёды стыль. Яна iндывiдуальная i закрытая для тых, каму недаступная яе сутнасць. У эстэтыцы Улашчыка i Ткачова няма спрошчаных ацэнак, таму што не гэта мэта навукi.
Магу дапусцiць, што на стандартнасць мовы большасцi прац беларускiх гiсторыкаў паўплывала iх катэгарычнае адмежаванне ад роднай мовы, ад сапраўднай, а не макетнай мастацкай лiтаратуры, ад жывапiсу, сiмфанiчнай i опернай музыкi, наогул — вузкасць iх падрыхтоўкi, вузкасць кругагляду, нягледзячы на наяўнасць у Мiнску, дзе большасць гiсторыкаў вучылiся, i буйных бiблiятэк, i фiлармонii, i опернага тэатра, i мастацкага музея. Гэта, на жаль, агульная з'ява для савецкiх iнтэлiгентаў: адсутнасць густу, якi не прымае прымiтыўнасцi.
Мой студэнт-завочнiк (дарэчы, нядрэнна ведае архiвы сваёй велiка-рускай вобласцi з найстаражытным мiнулым, але не ўмее пайсцi далей за апiсальныя характарыстыкi крынiц) паскардзiўся мне ў час лекцыi на тое, што яму трэба здаваць гiсторыю замежнай лiтаратуры:
— Вы ведаеце, колькi неабходна прачытаць для гэтага?
I паказаў мне мiнiмальны элементарны спiс самай неабходнай для адукаванага чалавека лiтаратуры.
Мне засталося толью адказаць, не абражаючы яго пры iншых студэнтах, што мастацкую лiтаратуру чытаюць i не для экзамена, i задоўга да экзамена, што яе чытаюць заўсёды.
Кажучы пра стыль савецкiх гiстарычных даследаванняў, нельга не ўспомнiць адказ Тэфi, якi гэтая дасцiпная пiсьменнiца дала на пытаннi парыжскага рускага зборнiка «Числа» у 1932 годзе пра Ленiна як асобу, пра яго дзейнасць i стыль (Тэфi i Ленiн у свой час супрацоўнiчалi ў адной пецярбургскай газеце, што дала прытулак бальшавiкам). Вось думка пiсьменнiцы:
«Лiтаратурны стыль Ленiна.
Да яго твораў, адкрыта кажучы, нiколi не прыходзiў мне ў галаву эстэтычны падыход. Думаю, што гэта гэтак жа арыгiнальна, як, напрыклад, крытычная ацэнка лiтаратурных вартасцей задачнiка Еўтушэўскага».
А Марк Алданаў у адказе на анкету звярнуў ўвагу на тое, што «Ленiн быў пазбаўлены якога б там нi было лiтаратурнага таленту. Яго стыль — даволi прыкры жаргон, на якiм у нас гадоў сорак пiсалiся i пiшуцца артыкулы ўсялякiх «Искр» i «Правд». Калi б правiльна было, што «стыль гэта чалавек» (Бюфон, дарэчы, сказаў не зусiм так), то побач з Ленiным можна было б паставiць любога з яго папярэднiкаў, супрацоўнiкаў, вучняў» [10].
Не дзiва, што гiсторыкi-ленiнцы, як, дарэчы, i спецыялiсты iншых навук, трывала засвоiлi стыль бальшавiцкiх перадавiц.
Яшчэ адна бяда беларускай гiстарычнай навукi — аднамернае, манiхейскае бачанне i мiнулага, i апанентаў у навуцы, вiдавочная рыса таталiтарнага мыслення. Па старонках гiстарычнай лiтаратуры вандруюць або злодзеi, або анёлы, прадстаўнiкi альбо рэакцыйных, альбо рэвалюцыйных класаў, хоць з часоў Фукiдзiда найбольш цiкавыя тыя гiстарычныя трактаты, у якiх паказана мiнулае ў яго багатай разнастайнасцi, няма чорна-белых схем, а найбольш паважаныя гiсторыкi — тыя, хто паважаў погляды, адрозныя ад уласных.
Пiсьменнiк М. Крышчук (Санкт-Пецярбург) iранiчна апiсаў, як стваралiся ў савецкай гiстарычнай навуцы гэтыя злодзеi i анёлы: «Адных герояў прагналi, другiх прызначылi i прывялi да прысягi. Паколькi пра iх тут жа пачалi ствараць фiльмы, кнiгi i песнi, якiя спяваў народ, то атрымалася, што iх нiбы выбралi знiзу. Адпаведную стадыю ўзгаднення i зацвярджэння прайшлi i кандыдатуры ворагаў. Iм быў нададзены той жа (толькi негатыўны) сутнасны выраз твару, што i ў герояў. З такiмi гатовымi да бою камандамi можна ўжо было пачынаць казку пра барацьбу дабра са злом, да чаго i прыступiлi. Пiсалi з канца, бо фiнал быў вядомы. Пры гэтым iмкнулiся пераканаць, што ўсе мы выйшлi з гэтай казкi» [11].
Гiсторыя Беларусi ў адлюстраваннi савецкiх гiсторыкаў заполнена мiфамi i легендамi, якi суседнiчаюць з сарамлiвым замоўчваннем сапраўдных фактаў i падзей, хоць замоўчванне, па словах Льва Талстога, гэта таксама хлусня. «Мала таго,— пiсаў ён,— каб адкрыта не хлусiць, трэба старацца не хлусiць адмоўна — замоўчваючы».
Пералiчым коратка некаторую частку гэтых мiфаў i замоўчванняў, якiя на працягу апошнiх дзесяцiгоддзяў склалiся ў савецкай беларускай гiстарычнай навуцы i з дапамогай гiсторыкаў укаранiлiся ў свядомасцi людзей.
Сярод гэтых мiфаў i замоўчванняў дастаткова назваць наступныя:
-- аб прагрэсiўнай ролi славянскага элемента ў фармаваннi беларускага
этнасу;
-- аб агульнай старажытнарускай народнасцi;
-- аб злавеснай ролi
варагаў у стварэннi Полацкага княства;
-- аб запозненым да XIII—XIV
стагоддзяў афармленнi беларускага этнасу;
-- аб заваёве Беларусi лiтоўскiмi
князямi i прыцясненнi iмi праваслаўнай царквы;
-- замоўчванне аб навучаннi
сотняў беларускiх юнакоў у заходне-еўрапейскiх унiверсiтэтах (без iх iмён
Гусоўскi i Скарына ўяўляюцца выпадковымi асобамi ў гiсторыi краю);
-- мiфы
пра iманентнае iмкненне беларусаў трапiць пад бацькоўскую апеку маскоўскiх
вялiкiх князёў i рускiх цароў;
-- пра масавыя добраахвотныя перасяленнi ў
Маскву з замоўчваннем насiльнага перасялення туды беларусаў i масавых
добраахвотных уцёкаў соцень тысяч (да мiльёна!) рускiх у Беларусь;
-- мiфы
пра прымусовае акаталiчванне i дэнацыяналiзацыю беларускiх гараджан i сялянаў
пасля Люблiнскай i Берасцейскай унiй з замоўчваннем вядомага факта найбольшага
ўздыму апалячвання якраз у пачатку iмперскага расiйскага кiравання памiж
падзеламi Рэчы Паспалiтай i паўстаннем 1830—1831 гадоў;
-- замоўчванне
насiльнай русiфiкацыi беларусаў у складзе Расiйскай iмперыi;
-- мiфы пра
адсутнасць карэннага беларускага дваранства, пра актыўную класавую барацьбу
гараджан i сялян супраць мясцовага дваранства.
Наогул роля класавай барацьбы ва ўсёй савецкай гiстарычнай навуцы вiдавочна перабольшана дзеля апраўдання Кастрычнiцкай рэвалюцыi i яе вынiкаў, каб паказаць iх заканамернасць.
Паводле дасцiпнай заўвагi М. Крышчука, з адменай ранейшай гiсторыi савецкая гiсторыя стала ананiмнай, калi выключыць з яе асобных прызначаных зверху герояў:
«Сталiнская версiя гiсторыi прынцыпова абыходзiцца без чалавека... яна бязлюдная. Народ у ёй альбо пакутуе ад цемры i прынiжэння, альбо змагаецца са знешнiм ворагам, альбо ўзнiмае асуджаныя на падаўленне бунты. Усе яго пачуццi i ўчынкi маюць строгiя сацыяльныя функцыi. Калi ён нудзiцца, то толькi ад непасiльнай сялянскай долi i салдатчыны; калi кiдаецца ў разгул, то ад той жа бесперспектыўнасцi прыгоннага iснавання; калi абураецца, то памешчыкам цi фабрыкантам; калi радуецца, то добраму ўраджаю. У астатнi час ён не думае, не адчувае, не ведае сямейнага шчасця, не задумваецца над чалавечым прызначэннем, а толькi над справядлiвым падзелам зямлi i скарачэннем рабочага дня. Духоўнае жыццё народа ў выглядзе наiўных апеляцый да Бога i веры ў замагiльнае жыццё павiнна выклiкаць у нас толькi культурную спагаду» [12].
Да мiфаў належаць таксама:
-- версiя аб тым, нiбы беларускае
дваранства падтрымала ў 1812 годзе Напалеона;
-- мiфы пра актыўную
партызанскую барацьбу супраць яго;
-- пра ўплыў дзекабрыстаў на грамадскi
рух у Беларусi, дзе да дзекабрыстаў склаўся фактычна замоўчаны сёння рух
фiламатаў;
-- пра добраахвотнае адмаўленне большасцi беларусаў ад
грэка-каталiцкага (так званага ўнiяцкага) веравызнання (з замоўчваннем злавеснай
ролi ў забароне ўнiяцкай царквы начальнiка Трэцяга аддзялення ўласнай Яго
iмператарскай Вялiкасцi Канцылярыi А. X. Бенкендорфа);
-- пра ўяўны ўплыў
Чарнышэўскага на Калiноўскага;
-- пра тое, нiбы Беларусь была пасрэдным
Паўночна-Заходнiм краем у складзе вялiкай, адзiнай i непадзельнай Расii.
У гiсторыi XX стагоддзя да гэтых мiфаў дадалiся новыя:
-- пра
ўяўную адмоўную ролю беларускага нацыянальнага руху ў жыццi Беларусi;
-- пра
добраахвотнае стварэнне бальшавiцкiм цэнтрам паслядоўна ў 1919 i 1921 гадах
ССРБ, Лiбела i БССР;
-- замоўчванне народнага характару беларускага
нацыянальнага руху супраць бальшавiзацыi краiны;
-- мiф аб сапраўдных
прычынах перакройвання бальшавiцкiм цэнтрам этнiчных межаў Беларусi, пачынаючы з
1919 i ўключаючы змены межаў у 1940 i 1944 гадах;
-- аб добраахвотным
сацыялiстычным выбары беларускага народа;
-- аб радасна ўспрынятай
сялянствам калектывiзацыi сельскай гаспадаркi;
-- аб «Саюзе вызвалення
Беларусi» i аб «нацдэмаўшчыне»;
-- аб аднароднасцi i падпарадкаванасцi
толькi КПБ супрацiўлення польскiм акупантам у пачатку 20-х гадоў у Заходняй
Беларусi;
-- аб уяўнай арганiзацыi Кампартыяй Заходняй Беларусi Беларускай
сялянска-рабочай грамады;
-- аб аднароднасцi i падпарадкаванасцi толькi КПБ
супрацiўлення гiтлераўцам у Беларусi;
-- аб рэакцыйным характары беларускай
эмiграцыi i аб многiм iншым.
Мiфаў у гiстарычнай навуцы Беларусi назбiралася дастаткова, а вось
абавязковага для паўнацэннай навукi не хапае, таму
-- няма тэорыi i методыкi
крынiцазнаўства на аснове вывучэння мясцовай гiсторыi;
-- няма
гiстарыяграфiчнага агляду;
-- няма параўнаўчага аналiзу гiсторыi развiцця
этнасаў з падобным гiстарычным лёсам;
-- слаба развiта археаграфiчная
работа. Выдаюцца не галоўныя крынiцы па гiсторыi Беларусi, а выпадковыя;
--
няма беларускага бiяграфiчнага слоўнiка, няма геаграфiчнага слоўнiка з
гiстарычнымi даведкамi пра мясцовасцi;
-- няма ўсеабдымнай бiблiяграфii
гiсторыi Беларусi хоць бы на даступных мовах.
Адным словам, як казаў Воланд Берлiёзу i Iвану Бяздомнаму:
— Ну, гэта ўжо сапраўды цiкава, што ж гэта ў вас, за што нi хопiшся, нiчога няма!
Мяркуючы па тым, што патрэбна шырокiм колам народаў Беларусi, i тым, што iм давалi i даюць савецкiя гiсторыкi, стварылася вiдавочная супярэчлiвасць.
Гiстарычных кнiг з цiкавымi для публiкi сюжэтамi i бiяграфiямi амаль няма. Замест iх на прылаўках кнiгарняў ляжаць запыленыя сачыненнi на прадыктаваную зверху тэму.
У чым жа прычыны такога становiшча гiстарычнай навукi савецкай Беларусi?
Яны даволi разнастайныя. Сярод iх можна назваць i агульныя для савецкага грамадства прычыны, пералiчаныя I. Д. Кавальчанкам: тэхнакратызм, дэгуманiзацыя навукi, недаацэнка грамадска-гуманiтарных дысцыплiн, адмiнiстрацыйнае ўмяшанне ў вырашэнне навуковых праблем, рэпрэсii супраць непажаданых рэжыму вучоных, манапалiзацыя асобнымi ўстановамi i органамi друку ўяўленняў аб сапраўднасцi навуковых ведаў i шляхах i метадах iх атрымання [13].
Насаджэнне «адзiнага», даволi нiзкага i прымiтыўнага ўзроўню гiстарычных ведаў уласцiвае бюракратычнаму апарату ў сацыялiстычных краiнах для панавання над масамi. Грамадства пазбаўляецца пры гэтым сваiх гiстарычных i нацыянальных каранёў, а масы няздольныя да ўсвядомленага i арганiзаванага пратэсту. Сталiнская i паслясталiнская сучаснасць ператваралася ў цэнтральны сэнсаўтваральны элемент гiстарычнай прасторы-часу, несупастаўляльны нi з адным другiм элементам гэтага кантынууму (неперарыўнасцi). Тыпалагiчна гэты мiф блiзкi да гiстарычнага мiфа германскага нацызму, ён быў праяўленнем разрыву з еўрапейскай культурнай традыцыяй [14]. Не выпадкова пiсаў у 1918 годзе расiйскi фiлосаф А. Iзгоеў:
«Навука чэрпае сваю культурную сiлу ў пераемнасцi навуковых пошукаў. Вось iсцiна, якую нiколi не могуць засвоiць розныя напаўадукаваныя самавукi, якiя адкрываюць даўным-даўно адкрытыя Амерыкi. Еўрапейская навука моцная менавiта тым, што яе культурная традыцыя iдзе з веку ў век. Асноўнае злачынства старога рэжыму было ў тым, што ён не даў у нас магчымасцi ўкаранiцца навуковай традыцыi, трактуючы вучоных як чыноўнiкаў самадзяржаўнай улады. У сваю чаргу i «савецкая ўлада» пажадала зрабiць з прафесараў i акадэмiкаў «сваiх чыноўнiкаў i лакеяў» [15].
Вось i атрымалася, што «правадыры» розных рангаў дыктавалi гiсторыкам свой лад дзеянняў i сваё мысленне, за што мы расплочваемся дэвальвацыяй сваёй навукi, стратай яе сусветнага ўзроўню на традыцыйных для яе пiянерных накiрунках (па словах фiзiка акадэмiка Ж. Алфёрава [16]).
Але ёсць яшчэ адна прычына, характэрная для развiцця гiстарычнай навукi нацыянальных тэрыторый, якiя ўваходзiлi ў склад СССР. Гэта навязаная з цэнтра нацыянал-бальшавiцкая iдэалогiя i атрыманая ў спадчыну ад манарха-клерыкальных дагматаў дарэвалюцыйных часоў iмперская дактрына. Згодна з гэтай дактрынай гiсторыя любой зямлi, далучанай да Маскоўскай, а пазней Расiйскай дзяржавы, разглядаецца iзалявана ад гiсторыi iншых краiн, апроч толькi новай метраполii. Гэта, па сутнасцi, яшчэ адзiн мiф, вiдаць, самы галоўны, мiф аб немагчымасцi самастойнага развiцця невялiкарускiх правiнцый вялiкай дзяржавы. Ён зводзiць гiсторыю Беларусi да гiсторыi краю Вялiкарасii. А, як вядома, краявая гiсторыя не можа быць самастойнай.
4
Узнiкае пытанне: хто i чаму выступает за захаванне фантомнай мадэлi гiстарычнвй навукi Беларусi?
Тут мы сутыкаемся са своеасаблiвай сiтуацыяй. Як вядома, на працягу дзесяцiгоддзяў прыцяснялiся асноўныя кампаненты самастойнасцi беларусаў— родная мова i родная гiсторыя.
У абарону мовы выступаюць не толькi адзiнкi i не толькi масы. Выступаюць арганiзацыi: i новыя, як Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны, i старыя, якiх цярпеў i дапускаў з даўнiх часоў рэжым, але, канечне, да пэўных межаў,— такiя, як Саюз пiсьменнiкаў.
З гiстарычнай навукай усё адбываецца наадварот. Супраць пераасэнсавання гiсторыi, пераапрацоўкi яе на здаровых, рацыянальных асновах арганiзавана выступiлi многiя гiсторыкi. У iх лiку арганiзаванае вясной 1989 года Мiнскае гарадское таварыства гiсторыкаў, у статуце якога ў якасцi задач зафiксавана крытыка «рэакцыйных i нацыяналiстычных iнтэрпрэтацый» гiсторыi. Што разумеюць спецыялiсты, выгадаваныя на Кароткiм курсе i суслаўскай рэанiмацыi, гэтага фундамента савецкай гiстарычнай школы,— вядома ўсiм. Што гiсторыкi «старога фасону» будуць абараняць тое, што яны i iх бацькi дэкларавалi дзесяццiгоддзямi, не выклiкае сумнення.
Калi ў мяне бывае дрэнны настрой i я хачу яго развеяць, то бяру ў рукi кнiгу аднаго з заснавальнiкаў згаданага таварыства У. М. Мiхнюка i яго сааўтара П. Ц. Петрыкава «Историческая наука Белорусской ССР, 80-е годы» (Мiнск, 1987) [17] i чытаю дыфiрамбы яе аўтараў у адрас гiсторыкаў рэспублiкi, якiя па ўказаннi партыi пiсалi гiстарычныя працы пра ролю КПБ, камсамола i iншых дырэктыўных арганiзацый у пасляваенным жыццi рэспублiкi, пра гiсторыю рабочага класа i перамогу калгаснага ладу ў рэспублiцы.
Але найбольш уздымае настрой пералiчэнне манаграфiй, выдадзеных толькi ў першай палове 80-х гадоў. Аўтары кнiг з гонарам падкрэслiваюць, што ў параўнаннi з iншымi часткамi краiны, дзе толькi 70—75 працэнтаў дысертантаў «выходзяць на абарону» (стыль аўтараў захоўваю), у БССР пры атрыманнi доктарскiх ступеняў абараняюць буйныя манаграфii. Якiя ж гэта? У падрадковых заўвагах побач з беларускiмi гiстарычнымi манаграфiямi высокага класа фiгуруюць i «Правда истории против фальсификаторов» (вядома — якiх), i «Торжество социалистического строя», i «Развитие демократических основ управления колхозов», i «Стахановское движение и современность», i «Социалистическое соревнование и рост творческой активности ученых», i «Научный подход в партийной работе», i «Проверено жизнью: ленинские принципы партийного руководства экономикой в действии», i «Источник нашей силы: опыт КПБ по патриотическому интернациональному воспитанию трудящихся», i «Культурно-просветительные учреждения БССР. Воспитание нового человека», i многае iншае, усяго не пералiчыць.
У. Мiхнюк i П. Петрыкаў адзначаюць, што дзве трэцiя кандыдацкiх прац [72 працы – В.Г.] па гiсторыi БССР былi прысвечаны дваццацiгадоваму перыяду (1960—1980) гiсторыi Савецкай Беларусi.
Удумайцеся ў гэтую лiчбу! Можна было б паверыць шчырасцi аўтараў, якiя пiсалi ў гады застою i заняпаду Беларусi пра яе росквiт, калi б гэта рабiлася бясплатна, як партыйны абавязак цi даручэнне, але ж не за зарплату цi спадзеючыся на яе абавязковае павышэнне пасля абароны дысертацыi i выдання кнiг па яе тэме.
Цi варта доўга гаварыць, што ўсе такiя дысертацыйныя i iншыя працы створаны ў духу не гiстарычнай навукi, а апалагетыкi дзейнасцi КПБ, варыянту багаслоўя, якое зыходзiць з прымату не Бога, а КПСС i заснавальнiкаў яе дактрыны. Месца Старога запавету занялi працы Маркса, Энгельса i Ленiна, а Новага — працы Сталiна, а пасля яго развянчання ў 1956 годзе — дакументы партыi. «Сусветная рэвалюцыя» малаадукаваным масам уяўлялася як хрысцiянскае тысячагоддзе.
Вядома з патрабаванняў Вышэйшай атэстацыйнай камiсii, што вучоная ступень доктара навук прысвойваецца за даследаванне, якое можна «квалiфiкаваць як новы перспектыўны накiрунак цi тэарэтычнае абагульненне i вырашэнне буйной навуковай праблемы».
Зразумела, чаму хваляць У. Мiхнюк i П. Петрыкаў прадукцыю iнстытута гiсторыi, у якiм яны працуюць (а П. Петрыкаў тады ўзначальваў яго). Але нельга не згадаць словы М.Я.Салтыкова-Шчадрына: «Сiстэма самаўсхвалення можа быць прычынаю сноў, бясспрэчна, даволi прыемных, а разам з тым i вельмi крыўднага абуджэння».
Працэс пазнання мiнулага iмiтаваўся. Пiсалi для сябе. Сувязь з чытачом адсутнiчала. Тармазiўся рост i катастрафiчна падаў узровень прафесiяналiзму. Узмацняўся прыток у навуку выпадковых людзей; iх задавальнялi пералiчаныя вышэй тэмы — тэмы, якiя наўрад цi выбралi б людзi, што прыйшлi ў гiстарычную навуку шукаць праўду. Вядомы культуролаг Юры Лотман жорстка сказаў з гэтай прычыны: «Навука — гэта самаўзнаўляльны механiзм... I калi механiзм самаўзнаўлення парушаны, нiякiя датацыi, сродкi, праграмы i шырокавяшчальныя кампанii не дапамогуць. Шэрасць нараджае шэрасць не па злосным намеры, а па самой сваёй прыродзе; у творчай сферы яна вельмi агрэсiўная, як i невуцтва» [18].
Даводзiцца з горыччу прызнаць, што гiсторыя Беларускай ССР i гiсторыя КПБ — гэта, у асноўным, фантомная гiсторыя. Фантомная ў тым сэнсе, што нiбы iснавала, што гэта гiсторыя чагосьцi таго, але разам з тым яна адлюстроўвала не рэальныя з'явы, а з'явы, якiя былi iлюзорнымi, не адпавядалi рэальнаму цяжкаму, часам крываваму жыццю людзей. Адбывалася, як i ў сярэднявечча, калi, па словах французскага гiсторыка М.Блока, «павага да мiнулага парадаксальна прымушала рэканструяваць яго такiм, якiм яно павiнна быць» [19].
Тут давядзецца спынiцца i паспрабаваць разабрацца ў сiтуацыi. Цi так ужо i цi ва ўсiм вiнаватыя гiсторыкi гiсторыi БССР i гiсторыi КПБ, што яны скампраметаваны руплiвым служэннем афiцыйна прызнаным iдэолагам i сваiмi навуковымi працамi, у якiх зыходныя пасылкi выводзiлiся па канчатковым вынiку?
Мой добры маскоўскi знаёмы гiсторык Уладзiмiр Барысавiч Кобрын (памёр ў 1990 г.) сцвярджаў, што аптовае асуджэнне ўсiх гiсторыкаў недапушчальнае, бо, па-першае, заўсёды былi сапраўдныя гiсторыкi (ён называў тут С.Б.Весялоўскага, свайго настаўнiка А.А.Зiмiна, нашага агульнага знаёмага, тады ўжо нябожчыка Н.Я.Эйдэльмана, я ўспомнiў М.М.Улашчыка, М.I.Ермаловiча, Г.В.Кiсялёва), а па-другое, гiсторыкам выкручвалi рукi не ў ходзе адной цi некалькiх навуковых сесiй, як бiёлагам, фiзiёлагам, мовазнаўцам, а пастаянна, паколькi ўлады чакалi ад гiсторыкаў iдэалагiчнай дапамогi ў «оболванивании» мас [20].
Я пярэчыў: гiсторыкаў, якiя захавалi свае погляды, было вельмi мала, iх выцяснялi з акадэмiчных устаноў або не дапускалi туды за тое, што яны прыпадабнялiся I.А.Бунiну, якi пiсаў: «Ходили в мире Лже-Мессии, / Я не прельстился, угадал, / Что блуд и срам — их литургии, / Их речь — бряцающий кимвал». Ды i атрымлiвалi ўлады падтрымку ад многiх гiсторыкаў для апраўдання сваей маны. Але згаджаўся са сваiм апанентам у адным: нельга абвiнавачваць у гэтай сiтуацыi адных гiсторыкаў. Нельга хоць бы таму, што гiсторыкi былi прынiжаны пагардлiвымi павучаннямi зверху, як i што iм трэба даследаваць; iх ператварылi ў чыноўнiкаў iдэалагiчных аддзелаў партыйных камiтэтаў. Iншая справа, што сярод гiсторыкаў былi i «лепшыя вучнi» Кароткага курсу, падобныя Генрыху з «Дракона» Яўгена Шварца, якi пасля знiшчэння Ланцалотам Дракона спрабаваў апраўдацца: “Калi глыбока разгледзець, то я асабiста нi ў чым не вiнаваты. Так мяне вучылi”. – На што Ланцалот яму справядлiва запярэчыў: “ Усiх вучылi. Але чаму ты аказаўся першым вучнем, скацiна такая?”
На мой погляд, iснуе процiстаянне памiж тымi, хто спасцiгае сапраўдны шлях пазнання гiсторыi (хоць такiх усё роўна меншасць), i тымi, хто спасцiжэнне гэтага шляху адмаўляе. Справядлiва з гэтай прычыны заўважае фiзiк акадэмiк Б. Раўшэнбах: «Сапраўдны вучоны можа памыляцца — ад гэтага... нiхто не застрахаваны. Бяда, калi чалавек, усё зразумеўшы, настойвае на сваiх памылках i ўкараняе iх усялякiмi спосабамi, у тым лiку i адмiнiстрацыйнымi, выкарыстоўваючы сваё становiшча» [21].
Мне здаецца, што гэтае процiстаянне чыста маральнае, этычнае. Разважаннi пра вяртанне грамадства ад класавых каштоўнасцей да каштоўнасцей агульначалавечых хаваюць ад нас разуменне таго, што вось гэтае вяртанне да агульначалавечых паняццяў маралi для многiх людзей — сапраўдная катастрофа i што гэтыя людзi будуць змагацца з усiх сiл супраць вяртання да прынятых ва ўсiм свеце каштоўнасцей. Таму што пры гэтым яны страчваюць звыклыя для iх iдэалы.
Хтосьцi сказаў, што ёсць людзi, «якiя прачыталi «Злачынства i пакаранне», ёсць людзi, якiя гэты раман яшчэ прачытаюць, i ёсць тыя, хто яго нiколi не возьме ў рукi.
Гэтаксама i ў адносiнах да гiстарычнай навукi. Ёсць гiсторыкi, якiя нiколi не зацiкавяцца метадычнымi прыёмамi напiсання навуковых прац, прынятымi ва ўсiм свеце. Гэта вышэй iх сiл. Гэта для iх — нiбы глытаць горкiя лекi. Цi не падобную сiтуацыю меў на ўвазе Пушкiн, калi пiсаў, што «дурань адзiн не мяняецца, бо час не прыносiць яму развiцця, а вопыту для яго не iснуе».
На лекцыях па педагогiцы мяне калiсьцi вучылi, што для ўсiх людзей аднолькава даступныя веды. Можа, веды i даступныя. Але жаданне мець iх даступнае далёка не ўсiм.
Ёсць людзi, якiя саромеюцца i за сябе, i за iншых. А ёсць людзi, якiя не саромеюцца таго, што робяць. Больш таго, яны не каюцца ў сваiм мiнулым i не дазваляюць прызнаваць няправiльнасць сваiх поглядаў i свайго мiнулага. Вядомы пiсьменнiк i фiлосаф лаўрэат Нобелеўскай прэмii Элiас Канэцi ў разгар другой сусветнай вайны прапанаваў меркаваць пра людзей па тым, прымаюць яны гiсторыю цi саромеюцца яе [22].
Прымаюць жа гiсторыю, зведзеную да перадгiсторыi апошнiх сямi дзесяткаў гадоў, людзi Кароткага курсу. Савецкiя гiсторыкi, як i iншыя прапагандысты, запэўнiвалi народ, што, нягледзячы на вiдавочную беднасць, яны жылi ў лепшым свеце, пра якi марыла ўсё чалавецтва. Адносная таннасць абмежаванага набору прадуктаў i тавараў першай неабходнасцi кампенсавала недахоп культуры, у тым лiку i гiстарычных ведаў. Дрэнна тое, што беларускi этнас пад уплывам гэтага страцiў сваю адказнасць за мiнулае (як за сваю родную мову i культуру). Гэта калектыўны грэх народа, ад якога яму яшчэ трэба збавiцца.
5
Нармальнаму развiццю гiстарычнай навукi ў Беларусi перашкаджае iснуючае i зараз таталiтарнае мысленне. Каб позбавiцца ад яго, неабходна павысiць агульную культуру чалавека, павысiць сталасць яго асобы i персанальную адказнасць за ўсё, што адбываецца, i гэта не ў апошнюю чаргу залежыць ад яго гiстарычнай свядомасцi, разумення свайго ўнiкальнага месца ў ланцугу падзей. Пры таталiтарызме культура замкнёная, падпарадкавана ў асноўным яго iдэалагiчным лозунгам, а для гэтага вядзецца барацьба з любой нацыянальнай культурай, акрамя ўнiфiкаванай вялiкадзяржаўнай, таму што перадумовай нацыянальных культур з'яўляецца разнастайнасць.
Iдэалогiя ж супрацьлеглая навуковым ведам адмаўляе i адсякае навуковы пошук iсцiны, паколькi яна дагматызавана (такое тлумачэнне iдэалогii ў тлумачальных слоўнiках асноўных заходнiх моваў — англiйскай, нямецкай, французскай).
Натуральна, што iдэалогiя адмаўляе ўсялякае iншадумства i, канечне ж, навуковыя веды як ерась. Як казаў Яўген Замяцiн: «Заўтра — абавязковая ерась для сёння. Сёння ж — вiдавочная ерась для ўчарашняга».
Абаронцы iдэалогii абвяшчалi любыя iнтэлектуальныя каштоўнасцi, асаблiва калi яны не даступныя для iх разумения, фальшывымi. Будучы замкнёнай, як i ўся навука ва ўмовах таталiтарызму, гiстарычная навука вымушана быць аднастайнай, просталiнейнай, схематызаванай. Успомнiце старонкi школьных падручнiкаў пра падзеi мiнулага i вы пераканаецеся, што мае словы справядлiвыя.
Нам пастаянна ўнушалi гiстарычную хлусню ў iмя светлай будучынi — раздзяленне людзей на «нашых» i «вашых». Дзейнiчаючы паводле прынцыпу «трымай злодзея», рэжым звальваў свае грахi, авантуры i злачынствы на мiфiчных контррэвалюцыянераў унутры краiны. Гэтая хлусня праецыравалася i на гiстарычнае мiнулае, каб прыпiсваць усё дрэннае папярэднiкам гэтых «ворагаў», а ўсё добрае — папярэднiкам рэжыму, нават тым, якiх ён звергнуў.
Мы фармальна прачытвалi для здачы на экзаменах «Манiфест камунiстычнай партыi», напiсаны Марксам i Энгельсам паўтара стагоддзя назад, нярэдка не ўдумваючыся ў яго сэнс. А там выразна сказана, што «жыццёвыя ўмовы старога грамадства ўжо знiшчаны ў жыццёвых умовах пралетарыяту... Законы, МАРАЛЬ (падкрэслена мною.— В.Г.), рэлiгiя — усё гэта для яго не болей як буржуазныя забабоны, за якiмi хаваюцца буржуазныя iнтарэсы» [23].
З прычыны этычнай нягрэблiвасцi многiх бальшавiкоў Уладзiмiр Вiннiчэнка, сацыял-дэмакрат, стваральнiк замежнай групы ўкраiнскай камунiстычнай партыi (верасень 1919 г.), у сваiм дзённiку летам 1920 года, калi прыехаў у Савецкую Расiю з прапановай супрацоўнiцтва, адзначыў, што тут «так без патрэбы хлусяць, крывадушнiчаюць, падманваюць, зневажаюць i iншых, i сябе, i нават самую iдэю камунiзму. Нейкая надзвычайная нягрэблiвасць у выбары сродкаў, нейкая дзiўная неахайнасць у адносiнах чысцiнi метадаў. I разам з тым прастадушная наiўнасць: як страшна лаюць iншых за хлусню, крывадушша, падман. А самi карыстаюцца гэтымi ж сродкамi ў такiх неверагодных памерах, гэтак безаглядна i цынiчна, што становiцца i смешна, i сумна, калi чытаеш iхнiя словы абурэння iншымi з прычыны тых жа самых сродкаў».
I далей Вiннiчэнка адзначаў гiстарычныя каранi гэтай з'явы:
«Рускiя рэвалюцыянеры здаўна вылучалiся пагардай да этычнай чысцiнi, час ад часу хварэлi на раздваенне слоў i спраў, на «несумленнасць з сабой» i «мазгавiзм». I бальшавiкi-камунiсты не пазбеглi гэтага, i ў iх не хапiла сiл быць чыстымi этычна, да канца паслядоўнымi, цвёрдымi i цэласнымi. А паколькi жыццё патрабуе ад iх вялiкага напружання, то нястачу сiлы, якая хаваецца ў сумленнасцi, яны папаўняюць хлуснёй i макiявелiзмам» [24].
Як не ўспомнiць словы Дзiдро з яго пiсьма да Э.М.Фальконе, стваральнiка Меднага коннiка: «Хлусня нiколi не можа прынесцi нiчога добрага: карысная сёння, яна заўсёды прыносiць шкоду ў будучынi ў процiлегласць праўдзе, якая абавязкова ўзнагароджваецца ў будучынi за нанесеную цяпер шкоду» [25]. Мы не заўважылi, што самi сваёй паблажлiвасцю, двудумствам, а значыць, хлуснёй разбэсцiлi моладзь. Пра што ўспамiнаюць былыя студэнты, калi расказваюць пра гады вучобы? Пра тое, што яны цiкавае прачыталi цi ўбачылi? Не, пра тое, як яны не хадзiлi на лекцыi цi як вывучылi адзiн бiлет i якраз гэты бiлет iм трапiўся на экзамене. Цi як iм нешта вельмi ўдала падказалi. Адзiн студэнт правiнцыйнага унiверсiтэта пытаўся ў майго сябра, фiзiка, маўляў, цi не залiшне многа той вывучаў прадметаў у Маскоўскiм унiверсiтэце.
Перагружаць сябе ведамi лiчыцца доляй няўдачнiкаў у няўменнi хiтрыць, а не шукальнiкаў ведаў.
Немагчыма ўявiць сабе, каб у студэнтаў амерыканскiх унiверсiтэтаў былi такiя «салодкiя» ўспамiны (хоць я зусiм не збiраюся iх iдэалiзаваць). Там адсяванне па непаспяховасцi даходзiць да 60 працэнтаў (так мне паведамiў прафесар эканомiкi Йейлскага унiверсiтэта ў Нью-Хейвене Джэралд Джэйнз). Таму што там падказка — гэта працэдура, якая калечыць, пазбаўляе магчымасцi стаць паўнацэннай асобай.
Адносiны памiж выкладчыкамi i студэнтамi ў ВНУ ЗША, па маiх нагляданнях, менш фармальныя, чым у нас. А вось педагогi з паўноч-наамерыканскiх ВНУ, наглядаючы за нашымi студэнтамi, адзначылi, што найчасцей яны адказваюць нiбы па даўно завучаным сцэнарыi. Такiя мысленне i паводзiны ў амерыканскай псiхалогii называюць аўтаматызмам.
Сумны вынiк сямiдзесяцiгадовай пагарды да самастойнага мыслення, iнтэлiгентнасцi, культуры, ведаў у нашай краiне. I гэта не дзiўна, калi краiнай кiравалi людзi тыпу эпiтымiкаў (згодна з псiхалагiчнымi i псiхiятрычнымi характарыстыкамi), гэта значыць людзi, глухiя да доказаў апанентаў. Эпiтымiкi выхоўвалi масы ў духу iстэрыi, рабiлi стаўку на iстэрыкаў, якiя маюць павышаную ўнушальнасць, эмацыянальную ўзбуджанасць, iнфантылiзм i даверлiвасць. Iмi вельмi лёгка манiпуляваць. Асаблiва лёгка чалавечая свядомасць паддаецца зламыснаму манiпуляванню ў пераломныя перыяды пры аўтарытарных рэжымах, калi надзiва хутка адбываецца адмаўленне ад многiх чалавечых дабрачыннасцей, што стагоддзямi выхоўвалiся ў iх не без дапамогi рэлiгii. Прыкладам гэтага можа служыць Германiя 30-х гадоў [26].
Аднак не варта гэтага перабольшваць. Адсутнасць сустрэчнага з боку грамадства iмпульсу, жадання ўспрыняць iнфармацыю можа выклiкаць адваротны эфект. Так, наданне рысаў выключнасцi Хрушчову, Брэжневу, Чарненку выклiкала з'яўленне анекдотаў i плётак. Недастаткова эфектыўнае сёння развенчванне Сталiна, бо ўплыў на гiстарычную свядомасць сродкаў iнфармацыi — не прычына, а вынiк, рэалiзацыя закладзенай у грамадскасцi патрэбы, а не фармаванне яе [27].
Наогул тыя, хто сумняваецца ў манiпуляваннi розумамi (а iнтэлiгенты заўсёды сумняваюцца), адносяцца да тыпу псiхастэнiкаў, з якiмi распраўляюцца даволi рашуча пры поўнай падтрымцы i ўдзеле iстэрыкаў [28].
Час ад часу з лiку эпiтымiкаў на паверхню нашага жыцця выплываюць асобы з праяўленнем паранаяльнай псiхапатыi, якiя спрабуюць — не без поспеху — падпарадкаваць сабе масы. Нагадаю аднаго з кандыдатаў у прэзiдэнты Расiйскай федэрацыi Жырыноўскага, якi абяцаў знiзiць заўтра ж пасля яго абрання цэны на гарэлку i прадаваць яе на кожным рагу. I ён набраў шэсць мiльёнаў галасоў! Другi чалавек гэтага тыпу — Аляксандр Няўзораў — з тэлеэкрана спяваў гiмны фiзiчнаму гвалту з чужых народаў, а да таго без усялякага жалю да моманту смерцi, фiксуючы яго для тэлеэкрана, спрабаваў браць iнтэрв'ю ў падстрэленага бандыта, якi памiраў на вачах у гледача. I гэты чалавек выдае сябе за вернiка! Якiя ж хрысцiянскiя пачуццi падобныя асобы могуць абуджаць у людзях, што не прывыклi думаць крытычна.
Таталiтарызм выхоўваў масы iстэрыкаў, якiя вераць у падкiнуты iм зверху лозунг, у любы тэкст, абы ён прагучаў у эфiры альбо быў надрукаваны, няхай самы недарэчны, накшталт дыеты, што iмгненна знiжае вагу, цi «пiсем шчасця», да якiх трэба прыкладваць чырвонцы, цi гульнi ў «супер-банк-сiстэм» з перасылкай па пошце грошай, каб адхапiць iх як мага болей за чужы кошт. Людская даверлiвасць трывалая i бязмежная... I вера ў хлусню таксама.
Падобнай верай iстэрыкаў у любую бязглуздзiцу, абвешчаную эпi-тымiкамi, энергiя незадаволеных мас можа быць пераведзена ў бяспечнае для таталiтарных вярхоў рэчышча. Гiсторыкi А. Валабуеў i С. Куляшоў прыводзяць у сувязi з гэтым адзiн прыклад: актыўную прапаганду iдэолагамi экстрэмiзму з таварыства «Памяць» тэзiса аб «масонска-сiянiсцкай змове» як галоўнай прычыне крызiсных i застойных з'яў у савецкiм грамадстве, чым адводзяць сапраўды наяўную праблему крызiсу ад магчымасцi яе вырашыць [29]; спрабуюць апраўдаць усе няўдачы мiнулага i сённяшняга дня не няжыццяздольнасцю камунiстычнага рэжыму, а наўмыснымi дзеяннямi ўнутраных ворагаў, iмкнуцца пераключыць увагу грамадскасцi з сур'ёзных праблем гаспадарчага i культурнага будаўнiцтва на распальванне нацыя-нальнай варожасцi — выпрабаваны таталiтарыстамi сродак з вопыту германскага нацызму.
Пры гэтым забываюць адно: тое, што тэорыя «масонска-жыдоўскай змовы» не новая. Гэта трансфармацыя легенды езуiта А. Баруэля, якi прыпiсваў у лонданскай эмiграцыi ў 1790-я гады ўсе беды рэвалюцыi ў роднай Францыi чыста «масонскай змове». А легенда айца Агюста Баруэля — усяго толькi трансфармацыя (надзiва) легенды аб езуiцкай змове, створанай выгнаным з ордэна Святога Iсуса Iеранiмам Загароўскiм, якi прыпiсваў усе беды XVII стагоддзя, калi ён жыў, уключаючы i страшную сваiмi вынiкамi Трыццацiгадовую вайну, сусветнай езуiцкай змове.
Той, хто вывучае гiстарыяграфiю ўсеагульнай гiсторыi, ведае, што ўсё гэта варыянты так званай палiцэйскай тэорыi гiсторыi, па якой ва ўсiх няшчасцях варта абвiнавачваць каго заўгодна, але толькi не сапраўдных вiнаватых, бо яны самi часта гэтыя тэорыi i ствараюць для свайго ж апраўдання [30]. Прыпiсванне варожай сiле нязменнасцi i ўсемагутнасцi дазваляе iстэрыкам апраўдаць уласную пасiўнасць i бездапаможнасць, яны не здольныя ўплываць на ход жыцця не тое што свайго народа, але нават на ход асабiстага жыцця. Iстэрыкi зневажальныя для любога этнасу, якi прэтэндуе на самастойны выбар шляху.
Каштоўнасцi сваёй сiстэмы эпiтымiкi ўяўляюць як абавязковыя. Хтосьцi гаварыў пра таталiтарызм, што пры iм амаль усё забаронена, а тое, што дапускаецца, абавязковае. Дапускалася адно тое, што тлумачыла ўсе падзеi да свiтанку Кастрычнiка толькi перадгiсторыяй да сапраўднай (з пункту погляду таталiтарызму) гiсторыi, што абгрунтоўвала сiстэму. Кастрычнiцкi пераварот разглядаўся як найвялiкшае дасягненне i падзея, як паваротны пункт у сусветнай гiсторыi. Празарлiвы I.А.Бунин запiсаў яшчэ ў 1918 г.: «А колькi дурняў пераканана, што ў расiйскай гiсторыi адбыўся вялiкi «зрух» да чагосьцi нiбыта абсалютна новага, да гэтага небывалага! Уся бяда (i страшная), што нiхто анiякага паняцця пра «расiйскую гiсторыю» не меў» [31].
З тым, што ў нас не маюць часта ўяўлення пра беларускую гiсторыю, таксама даводзiлася сустракацца (на шчасце радзей, чым гэтага можна было чакаць). Растлумачыць гэта можна тым, што ў папулярных i навуковых выданнях па гiсторыi Беларусi аднаўлялiся толькi асобныя моманты, асвятлялася дзейнасць толькi пэўных асоб у гiсторыi адпаведна з феадальна-камунiстычным поглядам на масы, на якiя ўплывала бальшавiцкая iдэалогiя, i на партапарат, якi ажыццяўляў феадальнае кiраванне паводле тыпу адносiн пана i мужыкоў.
Меншым народам навязвалася гiсторыя большага народа. Iх пераконвалi, нiбы толькi пасля Кастрычнiка «малодшыя браты» з дапамогай «старэйшага» змаглi дасягнуць нябачанага шчасця. Затым, у ходзе натуральнага развiцця iдэалогii нацыянал-бальшавiзму, як спалучэння бальшавiзму з рускiм нацыяналiзмам, кiраўнiцтва краiнай, пачало праецыраваць гэтую iдэю ў мiнулае. Выявiлася, што толькi далучэнне (якое пачало называцца «добраахвотным далучэннем» i нават «уз'яднаннем») земляў «малодшых братоў» уладай «старэйшага брата» давала «малодшым» адзiны шанц, адзiную надзею на выратаванне ад чужых знешнiх цi сваiх унутраных ворагаў. А такая ж трактоўка была натуральным развiццём дарэвалюцыйнай вялiкадзяржаўнай адзiнанепадзельнай манарха-клерыкальнай дактрыны, якая была цяпер трансфармавана ў духу нацыянал-бальшавiзму.
Наглядаючы сёння за дзейнасцю нашчадкаў «адзiнанепадзельнай» iдэi, якiя разглядаюць у «Политическом собеседнике» и «Славянских ведомостях» i сёння Беларусь як Паўночна-Заходнi край Расii, не варта забывацца пра тое, што iснавала i iснуе другая, iнтэлектуальная Расiя, якую
доўгiя дзесяцiгоддзi замоўчвалi нацыянал-бальшавiкi невыпадкова. Прадстаўнiк гэтай Расii М. Бярдзяеў яшчэ у 1918 годзе папярэджваў, што ўсечалавецтва раскрывае сябе толькi як нацыянальнасцi, што дэнацыяналiзацыя пад выглядам iнтэрнацыяналiзацыi (а яе насаджалi ў Беларусi ды i ў iншых нацыянальных зонах СССР) — абсалютная пустата: «Нiводзiн народ не можа развiвацца ўбок, урастаць у чужы шлях i чужы рост» [32] .
Згаданыя вышэй нацыянал-бальшавiцкiя iдэi ў гiстарычнай навуцы, як i ў палiтыцы, распаўсюджвалiся не з пачатку 30-х гадоў, як было прынята лiчыць апошнiя некалькi гадоў, а намнога раней. Яшчэ I. Бунiн (якi меў тую ж якасць, што i яго настаўнiк i ўзор паводзiн Л. Талстой,— больш жывое ўяўленне, чым у iншых, якiя ратавалiся толькi слабасцю ўяўлення, увагi, думкi [33]) запiсаў у лютым 1918-га, калi кайзераўскiя войскi наступалi на Петраград: «Чытаю артыкульчык Ленiна. Нiкчэмны i жульнiцкi — то iнтэрнацыянал, то «рускi нацыянальны ўздым» [34].
Пiсьменнiку былi непрыемныя супярэчнасцi ў артыкуле найвялiкшага тактыка ў палiтыцы пасля таго, як той чатыры з паловай гады запар заклiкаў да паражэнства i абвiнавачваў сваiх палiтычных працiўнiкаў у абаронстве.
Я памыляўся, лiчачы некалькi гадоў таму назад аднаго Сталiна i яго акружэнне вiнаватымi ў прапагандзе вялiкадзяржаўнасцi i iмперыялiзму. Тэндэнцыя да рэстаўратарства iмперскай iдэi прасочваецца, як вiдаць, з самага пачатку савецкай улады, у тым лiку i ў дзеяннях Ленiна, якi толькi эксплуатаваў нацыянальнае пытанне (дарэчы, як i ўсе iншыя пытаннi) для вырашэння канкрэтных мэтаў.
Гэтая тэндэнцыя тыповая для iдэалогii нацыянал-бальшавiзму, якая складвалася i ў цэнтры Савецкай краiны, i на яе нацыянальных ускраiнах на працягу першага паслякастрычнiцкага дзесяцiгоддзя, насуперак iдэалогii нацыянал-камунiстаў ускраiн. Нацыянал-камунiсты выступалi за адраджэнне сваiх нацый i былi радыкаламi, якiя далучылiся да рэвалюцыi, будучы ўпэўненымi ў тым, што ўсталяванне камунiстычнай эканомiкi прывядзе да знiшчэння нацыянальнага прыгнёту.
Расiйскiя нацыяналiсты, як у краiне, так i за мяжой (зменавехаўцы, еўразiйцы, скiфы i iнш.), i пэўная частка бальшавiкоў, пераважна з лiку тых партыйных кiраўнiкоў, якiя належалi да маргiнальнай iх групы, прыйшлi да бальшавiзму незадоўга да Кастрычнiка i не мелi моцнай падтрымкi ветэранаў партыi (а сярод iх найперш Троцкi, Луначарскi, Лазоўскi, Сцяклоў, Радэк i iнш.), знайшлi агульную мову [35].
Пазней iхнюю iдэю перахапiў такi ж, як i яны, маргинал у кiраўнiцтве партыi Сталiн, якi з тактычных меркаванняў i раней часам падтрымлiваў нацыянал-бальшавiцкiя iдэi — як у выпадку падтрымкi iдэi, якую праводзiлi ў жыццё Мяснiкоў i яго група Заходняй камуны ў процiвагу iдэi беларускiх нацыянал-камунiстаў стварыць Савецкую Беларусь.
Яшчэ да мяснiкоўскай авантуры ў нас нацыянал-бальшавiкi на чале з Фрунзе разагналi законна выбраны на новых выбарах I Усебеларускi кангрэс. Пазней нацыянал-бальшавiкi лiквiдавалi першую Савецкую рэспублiку Беларусi i другi яе варыянт у выглядзе Лiтоўска-Беларускай рэспублiкi. На мой погляд, лiквiдацыя Лiтбела невыпадкова супала з тым, што ў час савецка-польскай вайны 1920 года iдэю нацыянал-бальшавiзму адкрыта прызнала ўжо не адна частка РКП(б), а яе кiраўнiцтва, калi Ленiн i Троцкi клапатлiва абвясцiлi вялiкадзяржаўны патрыятызм у якасцi састаўной iдэалогii, Брусiлаў заклiкаў афiцэраў старой армii ўступаць у рады Чырвонай Армii, каб абараняць Расiю. Вось тады У. Вiннiчэнка запiсаў у дзённiку, што «нацыяналiзм пачынае адцясняць камунiзм... Арыентацыя на велiкарускi адзiнанепадзельны патрыятызм выключае асаблiвыя ўступкi ўкраiнцам» [36].
Тады ж у берлiнскай газеце «Голос России» Акiм Шэфуфан пiсаў: «Увалiўшыся да нас (у Польшчу.— В.Г.), яны прыкрылiся прыгожай тогай iнтэрнацыяналiзму. Цяпер на чале iх войск стаяць неабмежаваныя царскiя генералы. Няма «Чырвоных», ёсць рускiя войскi, Троцкi з Ленiным за спiной Брусiлава. Махаюць старой анучай патрыятызму перад носам збянтэжанага дробнага буржуа» [37].
Праяўленнi нацыянал-бальшавiзму вiдавочныя i ў дагаворы 1920 года памiж РСФСР i буржуазнай Лiтвой, згодна з якiм апошняй аддавалiся Вiленшчына, Гродна, Лiда, Ашмяны, Маладзечна, i ў рыжскiм дагаворы 1921 года, калi Заходнюю Беларусь аддалi Польшчы, i ў аднаўленнi трэцяй па лiку (калi ўлiчваць Лiтбел) Беларускай ССР у складзе толькi шасцi паветаў Мiнскай губернi.
У час барацьбы за ўладу памiж спадкаемцамi Ленiна iдэя нацыянал-бальшавiзму яшчэ не атрымала агульнай падтрымкi кiраўнiцтва партыяй. Аднак калi стала вiдавочнай нерэальнасць ленiнска-трацкiсцкай iдэi сусветнай рэвалюцыi як галоўнай мэты, надзейную карту нацыянал-бальшавiзму выцягнуў Сталiн. Ён паступова пачаў абмяжоўваць адносную самастойнасць рэспублiк. Умацаванне асабiстай улады правадыра ў партыi павяло да новай трагедыi, да новай рэвалюцыi, у якой загiнулi ў ходзе калектывiзацыi i ад масавага голаду ў вёсцы мiльёны людзей. Гэтая рэвалюцыя азначала новую фазу нацыянал-бальшавiзму, калi канчаткова склалiся запазычаныя ў вялiкадзяржаўных манарха-клерыкальных гiсторыкаў мураўёўскага палiтычнага накiрунку ўстаноўкi разглядаць Беларусь як неаддзельную частку Вялiкарасii, як яе Паўночна-Заходнi край. Распаўсюджвалася думка, сугучная дарэвалюцыйнаму хрэстаматыйнаму вершу: “Ведь не все, как Русь святая, / Так довольна и сыта / За царём своим, родная, / Как за пазухой Христа”.
Нацыянал-бальшавiзм — гэта заканамерная i эклектычная трансфармацыя вялiкадзяржаўнага шавiнiзму. У нашым выпадку гэта рэканструкцыя ранейшай гiсторыi Паўночна-Заходняга краю ў форме гiсторыi не Беларусi, а Беларускай ССР.
Калi пагадзiцца з гэтым, непазбежна ўзнiкне пытанне: каму i як ачышчаць аўгiевы канюшнi беларускай савецкай гiстарычнай навукi ад «духмянай» спадчыны нацыянал-бальшавiзму? Пытанне гэтае не простае.
6
Вышэй я пiсаў пра маральнае процiстаянне жменькi гiсторыкаў, якiя пiсалi тое, што думалi, i клалi большую частку напiсанага ў пiсьмовы стол,— i большасцi гiсторыкаў з афiцыйных гiстарычных устаноў — iнстытутаў гiсторыi i гiсторыi партыi, з кафедраў гiсторыi БССР i СССР. Меншасць гiсторыкаў вымушаны былi выкiдаць са сваiх публiкацый сапраўдныя звесткi па гiсторыi цi нават адмовiцца ад сваiх поглядаў i iсцi на iншую работу. Часам апошнi выпадак адбываўся паводле амерыканскага прынцыпу: даць яму выспятка, каб склалася ўражанне, што ён падняўся наверх — А. Грыц-кевiчу далi магчымасць арганiзаваць кафедру гiсторыi СССР, БССР i замежнай гiсторыi ў iнстытуце культуры.
А што рабiла старая гвардыя прадстаўнiкоў вядучых iдэалагiчных устаноў рэспублiкi? Яна цясней згуртоўвала свае шэрагi. I што цiкава, не адгукалася на крытыку сваiх поглядаў, якая гучала ў iх адрас пяць гадоў з боку гiсторыкаў-iншадумцаў, што працавалi i працуюць незалежна ад iдэалагiчных партыйных аддзелаў. Крытыка гучала i са старонак «Литературной газеты» i «ЛiМа», i «Спадчыны», i «Крынiцы», i «Советского славяноведения», i з беларускага тэлеэкрана. У друку з'яўлялiся водгукi гiсторыкаў на крытычныя заўвагi. Але не «старой гвардыi». Нават калi хто-небудзь з iх i публiкаваўся ў «ЛiМе» (быў i такi выпадак), то называў асобных аўтараў крытычных заўваг, але канкрэтныя заўвагi не разглядаў: вiдаць, контр-аргументаў не хапiла.
Спакой старых ахоўчых кадраў зразумелы. Яны ўтрымлiваюць i будуць утрымлiваць свае пазiцыi да таго часу, пакуль ключавыя пасты ў гiстарычнай навуцы знаходзяцца ў iхнiх руках, а яны застаюцца манапалiстамi ў стварэннi фундаментальных прац па беларускай гiсторыi i iх папулярызацыi.
Старая гвардыя гiсторыкаў непрыступная. Але ж абавязкова прыйдзе ( я ў гэтым упэўнены) час так званай верыфiкацыi, гэта значыць праверкi i пацвярджэння яе доктарскiх i кандыдацкiх дыпломаў. Няўжо аўтары дысертацый i манаграфiй тыпу «Партыйнае кiраўнiцтва развiццём прамысловасцi» цi «Дзейнасць Кампартыi Беларусi па павышэннi адукацыйнага i прафесiйнага ўзроўню сельскага працаўнiка» разлiчваюць на тое, што абароненыя iмi дысертацыi будуць нечага вартымi, калi iх ацэняць аб'ектыўныя гiсторыкi, якiя вытрымалi выпрабаваннi i спакусы (а яны, так хочацца спадзявацца, зоймуць месца ў верыфiкацыйных камiсiях)? Цi зноў будуць разлiчваць, што iх, як i раней, выратуе чужая паблажлiвасць i абыяка-васць да навуковай iсцiны?
Пакуль што незалежных ад ранейшага iдэалагiчнага панавання ўстаноў, якiя б маглi аб'ектыўна вывучаць мiнулае, няма. Пакуль што няма магчымасцi друкаваць створаныя прадстаўнiкамi iншых поглядаў навуковыя працы, таму нi пра якiя рэальныя зрухi ў падрыхтоўцы гiстарычнай свядомасцi беларусаў i казаць нельга.
Афiцыйныя гiстарычныя ўстановы Беларусi адмежавалiся нават у рамках айчыннай гiстарычнай навукi ад асноўных плыняў, накiрункаў i «тэхналогiй» сучаснай сусветнай гiстарычнай навукi; мала таго, яны аддалiлiся нават ад тых накiрункаў савецкай гiстарычнай школы, якiя, нягледзячы на гiстарычны прыгнёт, нават ўхiтрылiся даследаваць такiя цiкавыя пытаннi, як прымяненне матэматычных i сацыялагiчных метадаў у гiстарычнай навуцы, распрацоўка тэорыi i методыкi гiстарычнага крынiцазнаўства i iнш.
Гiсторыкi старога складу, якiя не авалодалi прынятай ва ўсiм свеце методыкай гiстарычнага даследавання, спадзяюцца на вяртанне да старых часоў, магчыма, праз усталяванне дыктатуры. Дыктатуру старогу парадку я магу сабе лёгка ўявiць, аднак росквiт пры ёй гiстарычнай навукi — немагчымы. Есць многа прычын, па якiх людзям старога гарту ў гiстарычнай навуцы не дасць шырокага чытача нiякi каменданцкi час (дарэчы, я забыўся, што гэтыя людзi ў шырокiм чытачу не мелi патрэбы, што яны заўсёды пiсалi для адной групы чытачоў — аддзел прапаганды ЦК КПБ).
Самая вiдавочная прычына ў тым, што аматары, якiя заселi ў «адмiнiстрацыйных iнстанцыях па справах гiстарычнай навукi», нiколi не выйграюць па «гамбургскiм лiку» у новых прафесiяналаў, што рана цi позна прыйдуць у гiстарычную навуку. Прыйдуць праз вывучэнне сучаснай, вынашанай за дзесяцiгоддзi i стагоддзi вопытнымi людзьмi методыкi гiстарычнага даследавання. Той самай, якую вывучаюць па ўсiм свеце: там, дзе даўно ўзялiся за розум. Ва ўсiм свеце лячэбнай дапамогi чакаюць ад урача, а не ад шамана, няхай нават шаман i падкаваны iдэалагiчна. Шкада толькi, што новыя прафесiяналы iдуць у гiстарычную навуку, пераадольваючы супрацiўленне калянавуковай наменклатуры, што ўсталявалася ў акасцянелых структурах навукi.
Што цiкава пры супастаўленнi творчасцi гiсторыкаў манарха-клерыкальнага накiрунку гiсторыi Паўночна-Заходняга краю дарэва-люцыйных часоў з творчасцю iх мiнскiх, гродзенскiх i iншых эпiгонаў 1930—1980 гадоў? Калi адкрытыя манарха-клерыкалы рассоўвалi межы Паўночна-Заходняга краю як найдалей на захад i паўночны захад, каб адарваць на карысць Расiйскай iмперыi (не на карысць Беларусi — баранi Божа!) нават этнiчна чужыя тэрыторыi, то iх савецкiя спадкаемцы зусiм наадварот — абмяжоўвалi зону сваiх даследаванняў толькi межамi БССР, аддаючы гiсторыкам Расii, Летувы, Латвii, Польшчы магчымасць вывучаць мiнулае тых беларускiх земляў, якiя, не пытаючыся ў iх жыхароў, далучылi чужыя. Гiсторыя тых беларусаў, якiх лёс закiнуў далёка ад роднага краю, гiсторыкаў БССР не цiкавiла. Вось гэтым, на мой погляд, гiсторыкi Бела-рускай ССР i адрознiваюцца ад гiсторыкаў Беларусi, адбеларускiх гiсторыкаў.
Мiнулае этнасу, межы пражывання якога можна адвольна, без яго дазволу, без рэферэндума, сiлай зброi перакройваць iншым дзяржавам, iншым урадам i рэжымам, можна гэтак жа адвольна трактаваць i тлумачыць — як i каму хочацца. Хоць кожнаму разумнаму чалавеку вiдавочна, што нi гiсторыю Паўночна-Заходняга краю, нi гiсторыю Беларускай ССР нельга атаясамлiваць з гiсторыяй Беларусi. Таму што няма гiсторыi Беларусi без гiсторыi Смаленшчыны, Падляшша, без гiсторыi беларусаў Латгале, Себежскага, Невельскага, Велiжскага паветаў, паветаў Заходняй Браншчыны, без гiсторыi беларускай дыяспары.
Больш таго, немагчыма вывучаць гiсторыю Беларусi без гiсторыi не толькi Вiльнi i Вiленшчыны, але i ўсёй астатняй Летувы. Таму што ў нас з Летувай адзiная гiсторыя шматвекавога iснавання Вялiкага княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага, якую штучна падзялiлi на дзве розныя гiсторыi, парасцягалi. Цi можна вывучаць гiсторыю Беларусi ў складзе Вялiкага княства (як гэта спрабавала рабiць дваццаць гадоў запар група аўтараў з iнстытута гiсторыi Акадэмii навук Беларусi, выдаткаваўшы нямала сродкаў на напiсанне розных яе варыянтаў у «паўночна-заходнiм» духу i не апублiкаваўшы вынiкаў: такое магчыма толькi ў савецкiх умовах) асобна ад гiсторыi Летувы, калi летувiскiя i беларускiя паветы i паветы са змешаным беларуска-летувiскiм насельнiцтвам уваходзiлi ў склад адных i тых жа ваяводстваў, а з канца XVIII стагоддзя i па 1918 год — у склад адных i тых жа губерняў?
Толькi ў гэтых умовах неабходная папраўка на асаблiвасцi двух этнасаў i адраджэнне iх нацыянальнай свядомасцi i вызваленчага руху з пэўных дзесяцiгоддзяў XIX стагоддзя. Уявiце сабе, напрыклад, гiсторыю Аўстра-Венгрыi, Турцыi, Швецыi ў сучасных межах гэтых дзяржаў. Аўстрыйскiя, венгерскiя, турэцкiя, шведскiя гiсторыкi i вывучаюць айчынную гiсторыю не ў залежнасцi ад вырашэнняў пэўных мiжнародных дагавораў, а так, як гэтага патрабуе iх прафесiйная падрыхтоўка — у тых межах, якiя некалi iснавалi. Венгерскiя гiсторыкi, напрыклад, вывучалi не так даўно трохтомную гiсторыю Сямiграддзя (Трансiльванii) — i нiчога!
Недастаткова вывучаць беларускую гiсторыю без гiсторыi беларусаў у свеце — i без дэмаграфiчных праблем дыяспары, i без укладу выхадцаў з Беларусi ў палiтычную, ваенную, дыпламатычную гiсторыю, гiсторыю культуры, навукi, эканомiкi, асветы, кнiгадрукавання i г. д. iншых этнасаў i краiн.
Актуальнай здаецца мне i неабходнасць рыхтаваць гiсторыкаў з новымi, нетрадыцыйнымi поглядамi, магчыма, прымацоўваючы моладзь для навучання да тых нешматлiкiх гiсторыкаў, у якiх не было спакусы выхоўваць студэнтаў на iдэалагiчных штампах. Таму што кампетэнтнасць i прафесiяналiзм грунтуюцца на лiквiдацыi структурнасцi поля, на незалежнасцi гiсторыка ад нейкага начальства, якое iснуе ў структуры, зададзенай таталiтарным рэжымам. Таму што ў гэтай структуры член карпарацыi, а не кампетэнтная асоба займае тое цi iншае месца. Таму што таталiтарная сiстэма, згодна з думкай фiлосафа Мераба Мамардашвiлi,— гэта вяртанне да дацывiлiзаванага i дабуржуазнага ладу, дзе рэстаўраваны саслоўi. Што такое клас у бальшавiцкiм разуменнi або раса ў нацысцкiм — як не саслоўе цi карпарацыя? [38].
Упэўнен, гiстарычная навука Беларусi, якая набыла неабходныя самастойныя гiстарычныя кафедры i iнстытуты i мела пэўны ўздым у 20-я гады, можа стаць нарэшце паўнацэннай навукай. Таму што паўнацэннай яна можа лiчыцца толькi пры наяўнасцi нацыянальных абагульняльных прац па тэорыi i методыцы крынiцазнаўства, па гiстарыяграфii, па балючых праблемах гiсторыi Беларусi, якiя замоўчвалiся або скажалiся ў ранейшых даследаваннях. Толькi ў незалежных ад старой iдэалогii ўмовах можна будзе справядлiва асвятлiць гэтыя праблемы, не баючыся пакрыўдзiць суседа цi «брата». Упэўнен, што з часам неабходные зрухi ў гiстарычнай навуцы Беларусi будуць зроблены. Разумею, што гэта няпроста i нялёгка. Але ж неабходна.
Литература:
1. Camin H.A. Historia jakej nam dzisiaj potreba // Po co nam
historia? Przeklad z hiszpanskiego. M/ Mroz.- (Warszawa): PIW, 1985.- S.
105-106.
2. Цыт. па: Maternicki J. Duzo mitow, malo wiedzi // Zycie
Warszawy.- 1987, 17-18. 04. - №140/- S. 3.
3. Левада Ю. Динамика социального
перелома // Коммунист, 1989, №2, с.44.
4. Алданов М. Картины Октябрьской
революции // Смена (Ленинград). 1991, 7 августа, с. 5.
5. Ковальченко И.Д.
Исследование истины само должно быть истинно. Заметки в поисках исторической
правды // Коммунист, 1989, №2, с. 86-90.
6. Маркс К. и Энгельс Ф. Соч., т. 1,
с. 7.
7. Topolski J. Zalozenia metodologiczne badan regionalnych w zakresie
historii // Dzieje najnowsze.- 1973.- T.V.- №2.- S.21.
8. Пра гэта
падрабязней гл.: Мамардашвили М. Жизнь шпиона // Искуссство кино, 1991, №5, с.
33.
9. Ковальченко И.Д. Указ. соч.
10. Самый человечный человек глазами
русских писателей-эмигрантов. Публикация Б.Аверина // Смена (Ленинград), 1991,
13 сентября, с. 2.
11. Крыщук Н. Русский вопрос, или двести лет спустя //
Нева, 1989, №8, с.146.
12. Тамсама, с. 147.
13. Ковальченко И.Д. Указ.
соч.
14. Выступленнi Г.С.Шахаўцова i М.Ю.Урнова. Историческое сознание в
современной политической культуре. Материалы «круглого стола» // Рабочий класс и
совренменный мир. 1989, №4, с. 96, 101.
15. Изгоев А. Подопытный народ (Из
сборника «Из глубин», 1918) // Новое время, 1990, №44, с. 41.
16. Алферов Ж.
Иметь провинциальную науку – бессмысленно // Известия, 1989, 10 ноября.
17.
Неўзабаве памля выхаду гэтай кнiгi пра яе крытычна адгукнуўся Нiл Гiлевiч у
“ЛiМе” (Мiж былым i наступным. Сшытак пяты.- 1989, 6 кастр.)
18. Лотман Ю.
Нет такой должности – пушкинист // Неделя, 1989, №5, с. 20.
19. Блок М.
Апология истории или ремесло историка, 2-е мзд.- М.: Наука, 1986, с. 154.
20.
Гэтыя меркаваннi апублiкаваны ў артыкуле У.Б.Кобрына “Оптовое суждение» // Моск.
Новости, 1990, 14 октября, с. 3.
21. Раушенбах Б. Презумпция нравственности
// Поиск, 1989, 14-20 декабря, №33, с. 3.
22. Канетти Э. Человек нашего
столетия.- М.: Прогресс, 1990, с. 257.
23. Маркс К. и Энгельс Ф. Соч., т.4,
с. 434.
24. Винниченко В. Из дневников // Дружба народов, 1989, №12, с.
177.
25. Дидро Д. Соч.- М., 1940, т. 10, с. 337.
26. Выступление
М.О.Караманова. Историческое сознание в современной политической культуре.
Материалы «круглого стола» // Рабочий класс и современный мир, 1989, №4, с.
95.
27. Выступление С.И.Васильцова. Там же
28. Гл. пра гэта: Петрунин В.
Сгоревшие души. Могут ли больные люди построить себе здоровое общество? // Новое
время, 1991, №25, с. 32-36.
29. Волобуев С., Кулешов С. Очищение. История и
перестройка. Публицистические заметки.- М., АПН, 1989, с. 239.
30. Tazbir J.
Policyjna teoria dziejow // Polityka.- 11.06.1988, n.24.- S.14.
31. Бунин И.
Окаянные дни // Свободы вечное преддверье. М.Горький, В.Короленко, И.Бунин. –
Сост. М.Глинка.- Л., 1990, с. 277-278.
32. Бердяев Н. Судьба России // Лит.
газета, 1990, 29 августа.
33. Бунин И. Указ. соч., с. 264.
34. Тамсама, с.
259.
35. Агурский М. Идеология национал-большевизма.- Париж, УМСА Press?
1980, с. 142-145, 260-261 и др.
36. Винниченко В. Указ. соч., с.
162-163.
37. Цыт. па кн.: Золотоносов М. «Взамен кадильного куренья…»
Булгаковедение (по преимуществу советское…) // Дружба народов, 1990, №10, с.
252.
38. Мамардашвили М. Жизнь шпиона // искусство кино, 1991, №5, с.
33.