Асiмiляцыя нацыянальных меншасцяў у БССР у 1945-1985 гг. як вынiк дзяржаўна-нацыянальнай палiтыкi

 

          Валянцiн МАЗЕЦ (Мiнск)

 

Палiтыка у галiне нацыянальных адносiнаў, што праводзiлася ў СССР у цэлым i ў БССР у прыватнасцi, у пасляваенныя дзесяцiгоддзi, у агульных рысах супадала з нацыянальнай палiтыкай перадваеннага перыяду. Гэта праяўлялася i ў барацьбе з “нацыяналiзмам”, i ў пашырэннi сферы ўжывання рускай мовы. Так, у “Матэрыялах да справаздачнага дакладу ЦК КП(б)Б ХIХ з’езду” падкрэслiвалася, што партыя лiчыла сваёй галоўнай задачай “арганiзацыю iдэалагiчнай барацьбы супраць любых праяваў нацыяналiзму” [1]. Датычылася гэта не толькi “беларускага нацыяналiзму”, але i прадстаўнiкоў нацыянальных меншасцяў Беларусi: палякаў, яўрэяў, татараў, лiтоўцаў i iнш.

Яшчэ не паспела закончыцца вайна, як “польскае пытанне” апынулася ў полi зроку партыйна-дзяржаўнага кiраўнiцтва БССР. Абумоўлена гэта ў значнай меры той сiтуацыяй, якая склалася на тэрыторыi Беларусi ў час вайны. У заходняй частцы Беларусi ў 1943 – 1944 гг. разгарнула сваю дзейнасць Армiя Краёва, якая падпарадкоўвалася эмiграцыйнаму ўраду Польшчы ў Лондане. 20 лiстапада 1943 г. кiраўнiцтвам АК быў распрацаваны план аперацыi “Бура”, у адпаведнасцi з якiм прадугледжваўся захоп ўлады у Заходняй Беларусi i Заходняй Украiне ў час адступлення фашыстаў. Дзеля рэалiзацыi гэта плана разгарнулася актыўная работа па арганiзацыi партызанскiх атрадаў. Так, калi ў пачатку 1944 г. на тэрыторыi Беларусi дзейнiчала 10 партызанскiх атрадаў АК з агульнай колькасцю 1266 чалавек, то вясной 1944 г. толькi на тэрыторыi Навагрудскае акругi ў 5 вайсковых злучэннях Армii Краёвай налiчвалася каля 7 тыс. чалавек. Летам 1944 г. асобныя атрады АК разам з Чырвонай Армiяй прымалi ўдзел у вызваленнi ад фашыстаў Вiльнi i Львова. Пасля вызвалення ад фашыстаў заходняй тэрыторыi Беларусi частка атрадаў Армii Краёвай была абяззброена органамi НКУС, а салдаты i афiцэры – iнтэрнiраваны [2].

У другой палове 1944 г. пачалося перасяленне з Беларусi ў Польшчу палякаў, “паколькi лiчылася, што яны з’яўляюцца небяспечнай сацыяльнай базай для ўзнiкнення антысавецкiх выступленняў” [3]. 9 верасня 1944 г. памiж урадам БССР i Польскiм Камiтэтам нацыянальнага вызвалення, створаным у Маскве, было падпiсана Пагадненне пра ўзаемную эвакуацыю беларусаў з Польшчы i тых, хто лiчыў сябе палякамi – з БССР у Польшчу.

У пастанове ЦК ВКП(б) “Аб палiтычнай працы партыйных арганiзацый сярод насельнiцтва заходнiх абласцей БССР” ад 20 студзеня 1945 г., у якасцi адной з галоўных задач падкрэслiвалася неабходнасць пераўтварыць тых, хто выязджаў ў Польшчу, у прыхiльнiкаў “палiтыкi сяброўскiх адносiн памiж Польшчай i Савецкiм Саюзам” [4].

Дадзеная пастанова, паводле меркавання даследчыка Анатоля Вялiкага, “вызначыла стратэгiю паводзiн КП(б)Б адносна палякаў амаль да канца 1940-х гг” i ставiла задачу “выцяснення ўсяго польскага з духоўнага, культурнага, рэлiгiйнага жыцця палякаў” [5]. На пленуме ЦК КП(б)Б, якi адбыўся ў лютым 1945 г., значнае месца адводзiлася пытанням працы партыйных арганiзацый заходнiх абласцей Беларусi сярод польскага насельнiцтва. У пастанове пленума адзначалася, што ў “заходнiх абласцях арудуюць агенты лонданскага эмiгранцкага ўраду, якiя распальваюць антысавецкiя i нацыяналiстычныя настроi сярод польскага насельнiцтва, арганiзоўваюць банды з палякаў”, аднак нягледзячы на гэта “недастаткова выкрываюцца сродкамi вуснай i друкаванай прапаганды польска-фашысцкiя нацыяналiсты як здраднiкi iнтарэсаў польскага народа” [6]. Напярэдаднi выбараў у Вярхоўны Савет СССР, што адбылiся ў лютым 1946 г., 12 снежня 1945 г. быў праведзены спецыяльны Пленум ЦК КП(б)Б.
У яго пастанове адзначалася, што “агiтацыйна-масавая работа партыйных арганiзацый павiнна насiць наступальны характар, выхоўваць пiльнасць у насельнiцтва i выкрываць усе вылазкi класава варожых элементаў, польска-нямецкiх i беларуска-нямецкiх нацыяналiстаў, якiя спрабуюць перашкодзiць паспяховаму правядзенню выбараў” [7].

У чарговы раз “польскае пытанне” ўздымалася на Пленуме ЦК КП(б)Б 3 – 6 чэрвеня 1947 г., якi разгледзеў пытанне “Пра стан i меры паляпшэння партыйна-арганiзацыйнай i палiтычнай працы ў арганiзацыях КП(б) Беларусi”. У шэрагу пунктаў пастановы Пленума, якiя датычылiся партыйна-палiтычнай работы ў заходнiх абласцях, прапаноўвалася: арганiзаваць работу па марксiсцка-ленiнскаму выхаванню iнтэлiгенцыi ; да восенi 1947 г. стварыць шырокую сетку вечаровых i нядзельных агульнаадукацыйных школ на беларускай мове. Пленум ЦК КП(б)Б палiчыў памылковым, што “некаторыя партыйныя i савецкiя органы, асаблiва Гродзенскай вобласцi, не вядуць палiтычнай работы сярод насельнiцтва, якое размаўляе на польскай мове, i, ў асаблiвасцi, сярод насельнiцтва польскай нацыянальнасцi”, а таксама абавязаў “партыйныя арганiзацыi заходнiх абласцей павысiць бальшавiцкую пiльнасць i нястомна весцi работу па выкрыццi i лiквiдацыi нацыяналiстаў усiх масцей як злейшых ворагаў народа…”[8].

Яшчэ адным са спосабаў вырашэння “польскага пытання”, на нашу думку, была перадача Польшчы часткi тэрыторыi Заходняй Беларусi, населенай пераважна палякамi. Так, напрыклад, у адпаведнасцi з праведзеным у 1944 г. падлiкам насельнiцтва, на тэрыторыi тагачаснага Беластоцкага ваяводства пражывалi: 821892 палякi, 127361 беларус i некалькi тысяч прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў.[9]. Паводле мiжнароднай дамоўленасцi ад 16 жнiўня 1945 г. памiж Польшчай i СССР, ПНР былi перададзены 7 раёнаў Беластоцкай вобласцi разам з Беластокам i 3 раёны Брэсцкай вобласцi. Праводзiўся абмен насельнiцтвам памiж СССР i Польшчай. Згодна з падлiкамi, праведзенымi Анатолем Вялiкiм на аснове архiўных дадзеных, на момант фактычнага заканчэння перасялення (чэрвень 1946 г.) зарэгiстравалася на выезд у польскiх райпрадстаўнiцтвах 545284, а выехала 241152 палякi цi тыя, хто назваў сябе палякам. Разам з тым, працэс перасялення на гэтым не скончыўся. Так, у 1958 г. у Польшчу перасялiлася 30,4 тыс. грамадзян Беларусi [10].

У лiку тых, хто выехаў у Польшчу, было 2180 настаўнiкаў, 704 iнжынерна-тэхнiчных работнiкi, 478 урачоў, 306 царкоўнаслужачых. У вынiку масавага выезду спецыялiстаў у Польшчу склалася даволi складанае становiшча з педагагiчнымi кадрамi ў Гродзенскай вобласцi. Так, у 1945/46 н.г. 765 чалавек, або 46,6% настаўнiкаў, што працавалi ў школах Гродзенскай вобласцi, зарэгiстравалiся на выезд у Польшчу. А ў шэрагу раёнах, як, напрыклад, Жалудокскi i Зэльвенскi, гэтая лiчба, паводле падлiкаў Анатоля Вялiкага, перавысiла 50% [11]. Гэта, у сваю чаргу, выклiкала скарачэнне колькасцi польскiх школ. Так, калi ў 1944/45 н. г. на польскай мове працавала 114 школ, то 1945/46 н.г. – 42, а ў 1946/1947 н.г. засталося толькi 22 польскiя школы [12]. Але i нават гэтыя 22 польскiя школы, як i “польскае пытанне” у цэлым, не давалi спакою партыйнаму кiраўнiцтву рэспублiкi. У лiпенi 1947 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б М. Гусараў накiроўвае адну за другой аналiтычныя запiскi на iмя сакратара ЦК ВКП(б) А. Жданава. Партыйнае кiраўнiцтва рэспублiкi палiчыла “неабходным давесцi да ведама ЦК ВКП(б) пра факты рэакцыйнай антысавецкай дзейнасцi польскага каталiцкага духавенства ў заходнiх абласцях БССР” [13]. Выказвалася занепакоенасць, што з 552 ксяндзоў, што выказалi жаданне выехаць у Польшчу, выехала толькi 306. Святароў абвiнавачвалi ў тым, што яны iмкнулiся ўзяць пад свой уплыў дзяцей i моладзь “як непасрэдна, так i праз бацькоў i тых настаўнiкаў, якiя выхаваныя ў духу польскага нацыяналiзму i рэлiгiйнай iдэалогii.” [14]. У запiсцы падкрэслiвалася, што ў многiх прыходах навучэнцы школ на чале з настаўнiкамi калектыўна наведваюць касцёлы, дзе ксяндзы выкладаюць iм польскую мову i “прывiваюць дзецям нацыяналiстычныя антысавецкiя погляды”. Адзначалася, што польскае каталiцкае духавенства ўзмацнiла сваю дзейнасць па далейшаму апалячванню i акаталiчванню дарослага беларускага насельнiцтва. З 246 ксяндзоў, якiя не выехалi ў Польшчу, толькi 4 прынялi на той момант савецкае грамадзянства, астатнiя лiчылi сябе грамадзянамi Польшчы.
З мэтаю змяншэння ўплыву каталiцкага духавенства ЦК КПБ намецiў шэраг мерапрыемстваў. У лiку iх прапаноўвалася:
- высяляць ў Польшчу ксяндзоў, што не захацелi прыняць савецкае грамадзянства;
- улiчваючы, што большасць насельнiцтва заходнiх абласцей, якiя спавядаюць рымска-каталiцкую рэлiгiю, з’яўляюцца беларусамi, абавязаць ксяндзоў весцi багаслужэнне на беларускай мове;
- забаранiць ксяндзам праводзiць заняткi са школьнiкамi па вывучэннi польскай мовы.

У дакладной запiсцы “Пра стан i меры па паляпшэннi палiтычнай працы сярод апалячанага беларускага насельнiцтва i насельнiцтва польскай нацыянальнасцi ў заходнiх абласцях БССР” М. Гусараў выказаў заклапочанасць, што “колькасць людзей, якiя называюць сябе палякамi за апошнiя тры гады прыкметна вырасла, нягледзячы на тое, што фактычная колькасць польскага насельнiцтва, у вынiку рэпатрыяцыi яго ў Польшчу, значна зменшылася.” [15]. Ён таксама адзначыў, што “сур’ёзныя цяжкасцi сустракаюцца ў арганiзацыi сiстэмы народнай адукацыi”, звязаныя з працаю 22-х польскiх школ. Падкрэслiвалася, што ў рэспублiцы няма нi падручнiкаў, нi кадраў настаўнiкаў, здольных весцi навучанне на польскай мове. Польскiм настаўнiкам, якiя засталiся працаваць, улады не давяралi, так як яны атрымалi “адукацыю i выхаванне ў навучальных установах панскай Польшчы, не хочуць i не здольныя у сваёй большасцi весцi выхаванне навучэнцаў у савецкiм духу…”[16].
М. Гусараў выказаў сумненне ў неабходнасцi далейшага iснавання польскiх школ, але баяўся, што адначасовае закрыццё гэтых школ можа выклiкаць негатыўны рэзананс з боку польскай грамадскасцi. Ён просiць ЦК ВКП(б) санкцыянаваць паступовае пераўтварэнне польскiх школ ў беларускiя i рускiя школы, “шляхам замены ненадзейных i неквалiфiкаваных выкладчыкаў палякаў падрыхтаванымi i праверанымi выкладчыкамi – рускiмi i беларусамi.” М. Гусараў падкрэслiваў, што “адсутнасць падручнiкаў на польскай мове, адсутнасць сярэднiх i вышэйшых навучальных установаў, у якiх выкладанне праводзiлася б на польскай мове, рабiлi польскiя школы бесперспектыўнымi, што пачынаюць усведамляць i самi бацькi.” Ён прапаноўваў замест лiквiдаваных польскiх школ ствараць рускiя, матывуючы гэта тым, “што насельнiцтва ў заходнiх абласцях, асаблiва ў гарадах i мястэчках, цягнецца да рускiх школ” [17]. Да пачатку 50-х гг. праблема польскiх школ была вырашана канчаткова – iх не засталося нiводнай.

Разам з тым, палякi, якiя жылi ў Гродзенскай вобласцi, ўзнiмалi пытанне пра магчымасць адкрыцця школаў на роднай мове. Так у сваiм звароце, накiраваным у Савет Мiнiстраў СССР, “грамадзяне каталiцкай нацыянальнасцi Ракаўскага сельсавета Радашковiцкага раёна”, патрабуючы вярнуць вернiкам будынак Ракаўскага касцёла, разам з тым заяўлялi, што ў адпаведнасцi з артыкуламi Канстытуцыi СССР “грамадзяне маюць права на адукацыю на роднай мове, а ў нас гэтае права забранае”. У лiку пытанняў, якiя часцей за ўсё задавалi лектарам Гродзенскай вобласцi ў 1973 г., было пытанне: “Чаму ў Гродна няма польскiх школ?”. Пры гэтым падкрэслiвалася, што такое пытанне з’яўлялася тыповым для ўсiх раёнаў вобласцi [18].

I толькi ў 1987 г. Мiнiстэрства асветы БССР разгледзела пытанне пра магчымасць вывучэння польскай мовы ў шэрагу агульнаадукацыйных школ рэспублiкi i накiравала адпаведную iнфармацыю ў ЦК КПБ i Савет Мiнiстраў БССР [19].

Разглядаючы адукацыйны ўзровень насельнiцтва Беларусi, прафесар В. Бандарчык адзначыў адносна нiзкi ўзровень адукацыi ў палякаў у параўнаннi з яўрэямi, рускiмi, украiнцамi i беларусамi. Гэта ён звязваў з пераважным рассяленнем палякаў у сельскай мясцовасцi [20].

Сапраўды, на працягу разглядаемага перыяду колькасць палякаў, што жылi ў сельскай мясцовасцi, нязменна пераважала над колькасцю палякаў-гараджан. Разам з тым, працэс урбанiзацыi закрануў i палякаў. Так, ўдзельная вага палякаў, што жылi ў гарадах у 1959 г., складала толькi 15,7 % ад агульнай колькасцi польскага насельнiцтва ў рэспублiцы. У 1970 г. яна павялiчылася да 27,3%, у 1979 г. – да 36,5%, а па вынiках перапiсу 1989 г. яна склала 48%. З ростам урбанiзаванасцi палякаў павялiчваўся i iх адукацыйны ўзровень, але ён быў нiжэйшы за агульнарэспублiканскi. Даволi нiзкай заставалася ў палякаў колькасць асобаў з вышэйшай адукацыяй у разлiку на 1000 занятых у народнай гаспадарцы. Так, у 1970 г. гэты паказчык быў меншы за сярэднерэспублiканскi ў 3 разы, а ў 1989 г. – у 2 разы.

Паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, каталiцкi клiр на Беларусi знаходзiўся на працягу разглядаемага перыяду пад уплывам польскага каталiцкага епiскапату i меў яскрава выражаную прапольскую арыентацыю, што пэўным чынам адпавядала распаўсюджанай тэндэнцыi атаясамлення этнiчнай i рэлiгiйнай прыналежнасцi: каталiк, значыць паляк [21]. Грунтавалася гэтае меркаванне на тым, што ў пераважнай большасцi выпадкаў набажэнствы ў касцёлах праводзiлiся на польскай мове, з Польшчы паступалi рэлiгiйная лiтаратура i фiнансавыя сродкi. Атаясамленне этнiчнай i рэлiгiйнай прыналежнасцi прасочваецца ў шэрагу заяваў, якiя падавалi ў другой палове 50-х гадоў 20 ст. вернiкi каталiцкага веравызнання ў розныя iнстанцыi, дабiваючы задавальнення сваiх рэлiгiйных патрэб.
Так, у пiсьме жыхаркi вёскi Азярцы Талочынскага раёна Ганны Станiславаўны Марынскай, накiраваным 8 жнiўня 1957 г. на iмя Старшынi Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР В.Казлова, адзначалася, што яна звяртаецца па даручэнню каля 400 “вернiкаў па нацыянальнасцi палякаў” [22].

У лiсце “Упаўнаважанаму па справах храмаў i царквы пры Саўмiне БССР” ад 21лiпеня 1958 г., вернiкi, патрабуючы дазволу адчынiць адзiн з 2-х храмаў у Мiнску, падкрэслiвалi: “Мы абшчына польскай нацыянальнасцi, каталiцкага веравызнання…” [23]. Аналагiчны характар меў зварот 4-х тысяч грамадзянаў Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласцi, якiя патрабавалi ад мясцовых уладаў выканання гарантаванага Канстытуцыяй СССР артыкула пра свабоду сумлення. У iх звароце, у прыватнасцi, адзначалася: “Мы людзi польскай нацыянальнасцi. Па веравызнанню каталiкi” [24]. Рост актыўнасцi вернiкаў, якiя патрабавалi забеспячэння гарантаваных канстытуцыяй правоў на свабоду веравызнання, даволi моцна непакоiлi прадстаўнiкоў партыйна-савецкiх органаў БССР. Пра гэта сведчыць “Даведка пра стан навукова-атэiстычнай прапаганды сярод насельнiцтва Гродзенскай вобласцi”.
Паводле падлiкаў, праведзеных лектарамi аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КПБ(б), у 1958 г. у Гродзенскай вобласцi налiчвалася прыкладна 176 тыс. каталiкоў-вернiкаў. Дарэчы, дадзеная лiчба крыху перавышала колькасць палякаў Гродзенскай вобласцi, якiя ў 1959 г. назвалi роднай польскую мову. (Паводле дадзеных перапiсу каля 160 тыс. палякаў назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi) [25]. Асаблiвую занепакоенасць у партыйных прапагандыстаў выклiкаў намер ксяндза Навадворскага прыходу правесцi перапiс грамадзян паводле iх рэлiгiйнага веравызнання: католiкi або праваслаўныя. Гэты намер яны ахарактарызавалi як “своеасаблiвую падрыхтоўку да Усесаюзнага перапiсу насельнiцтва, якi мае на мэце даказаць, што католiкаў, а значыць палякаў, пражывае ў заходнiх абласцях больш, чым праваслаўных – беларусаў” [26].
Неабходна падкрэслiць, што на той момант, як i за ўсе папярэднiя гады Савецкай улады якога-небудзь улiку колькасцi насельнiцтва паводле яго канфесiйнай прыналежнасцi не праводзiлася [27].

Захаванне, нягледзячы на ажыццёўленыя партыйна-дзяржаўнымi органамi захады па лiквiдацыi польскiх школ, адносна высокага ўзроўню этна-моўнай самасвядомасцi палякаў, пра што засведчылi вынiкi перапiсу 1959 г., у адпаведнасцi з якiмi 261,8 тыс., або 44,5% палякаў назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi [28], з’яўлялася перашкодай на шляху рэалiзацыi партыйнай палiтыкi, накiраванай на лiквiдацыю нацыянальных адрозненняў. А так як непажаданую для сябе сiтуацыю партыйныя органы звязвалi перш за ўсё з актыўнай дзейнасцю каталiцкага касцёла, то галоўныя высiлкi былi скiраваныя на далейшае абмежаванне яго ўплыву ў рэспублiцы. Так, у снежнi 1956 г. у сакрэтнай запiсцы, накiраванай у ЦК КПСС, ЦК КПБ дабiваўся забароны на пражыванне ў памежных абласцях рэспублiкi асобаў, што раней былi асуджаныя за антысавецкую дзейнасць.
А менавiта большасць ксяндзоў у папярэднiя гады былi арыштаваныя па гэтым артыкуле. Сваю прапанову партыйнае кiраўнiцтва рэспублiкi матывавала тым, што ксяндзы пасля вызвалення з месцаў зняволення па-ранейшаму працягваюць антысавецкую дзейнасць, а таксама заклiкаюць вернiкаў вучыць сваiх дзяцей толькi на польскай мове [29].

I хаця ЦК КПБ не атрымаў станоўчага адказу на сваю просьбу, ксяндзам у iх дзейнасцi чынiлiся шматлiкiя перашкоды. Не рэгiструючы вярнуўшыхся са зняволення святароў i пагражаючы чарговай iзаляцыяй, улады тым самым прымушалi iх выязджаць з Беларусi. Паводле падлiкаў У. I. Навiцкага, за 1955 – 1959 гг. з Беларусi выехала каля 30 ксяндзоў [30]. Гэта ў сваю чаргу прыводзiла да значнага скарачэння колькасцi парафiй, лiквiдацыi рэлiгiйных аб’яднанняў. Калi ў 1955 г. у БССР дзейнiчалi 152 касцёлы, то да 1 студзеня 1965 г. засталося толькi 90 парафiй са служыцелямi культу i 39 – без ксяндзоў [31].

Таблiца 1

Колькасць i ўдзельная вага палякаў у складзе насельнiцтва Беларусi [32]
Гады                                        1959       1970        1979      1989
Колькасць чалавек (тыс.)   538881   382600   403169   417720
Удзельная вага (%)                    6,7          4,3          4,2          4,1

Як сведчаць вынiкi перапiсаў, адлюстраваныя ў таблiцы 1, на працягу разглядаемага перыяду адбываецца змяншэнне ўдзельнай вагi палякаў у агульнай колькасцi насельнiцтва рэспублiкi. Яшчэ адзiн важны факт, якi падкрэслiвае заняпад польскай этнiчнай супольнасцi на Беларусi, датычыцца функцыi нацыянальнай мовы як этнiчнага сiмвала. Так, дадзеныя перапiсаў сведчаць пра паступовае знiжэнне гэтай функцыi: калi ў 1959 г. 261,8 тыс., або 44,5% палякаў назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, то ў 1970 г. – толькi 50 тыс., або 13,1%. Пры гэтым адбылося не толькi значнае скарачэнне ўдзельнай вагi палякаў, што прызналi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, але i прыкметнае памяншэнне агульнай колькасцi палякаў на 156,3 тыс. чалавек. Калi ўлiчыць той факт, што на працягу 1959 – 1970 гг. нiякiх масавых перасяленняў палякаў за межы БССР не адбывалася, то прычыны даволi значнага скарачэння колькасцi палякаў у рэспублiцы можна растлумачыць наступным чынам.
Як сведчаць вынiкi перапiсаў, колькасць палякаў, што назвалi роднай беларускую мову павялiчылася з 254,9 тыс., або 47,2% у 1959 годзе да 292,4 тыс., або 76,4% у 1970 годзе. Удзельная вага палякаў з роднай рускай мовай вырасла больш чым удвая: з 4% да 10,4%. Паколькi беларуская, а часткова i руская мовы ў сiстэме этнiчнай самасвядомасцi паступова замянялi большасцi палякам нацыянальную мову, то з цягам часу адбываўся працэс iх моўнай, а потым i этнiчнай асiмiляцыi. Скарачэнне колькасцi палякаў у мiжперапiсны перыяд 1959 – 1970 гг. было абумоўлена таксама пазбаўленнем рэгiстрацыi каталiцкiх аб’яднанняў i закрыццём касцёлаў. Так, за 1960 – 1964 гг. былi зняты з рэгiстрацыi 17 абшчын ў Вiцебскай вобласцi i 26 – ў Гродзенскай. З 1965 да 1970 г. колькасць касцёлаў у рэспублiцы паменшылася са 130 да 107 [33].

У наступныя дзесяцiгоддзi працэс этнiчнай асiмiляцыi палякаў запавольваецца i назiраецца нават невялiкi прырост колькасцi польскага насельнiцтва на Беларусi. Так, за перыяд з 1970 г. да 1979 г. ён склаў 20569 чалавек, а з 1979 да 1989 г. – на 14551 чалавек. Разам з тым, адбывалася паступовае скарачэнне ўдзельнай вагi палякаў у складзе насельнiцтва рэспублiкi з 4,3% у 1970 г. да 4,1% у 1989 годзе. Пры гэтым з 1970 г. больш выразна назiраецца рост моўнай асiмiляцыi палякаў, пераважна ў форме русiфiкацыi, што супадала з агульнай тэндэнцыяй нарастання тэмпаў гэтай з’явы ў рэспублiцы i было абумоўлена ўрбанiзацыяй польскага насельнiцтва. Так, колькасць палякаў, якiя ў 1979 г. назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi паменшылася ў параўнаннi з 1970 г. на 18,8 тыс. чалавек, або на 5,3%. У той жа час колькасць палякаў, якiя назвалi роднай рускую мову, павялiчылася амаль у 2 разы: з 39,7тыс. да 73тыс. i перавысiла лiк палякаў, што назвалi роднай польскую мову ў 2,3 разы.
Калi ў першым выпадку, з прызнаннем роднай польскай мовы, адбываецца фактычна вяртанне да паказчыкаў перапiсу 1970 г., то колькасць “рускамоўных палякаў” ў параўнаннi з 1970 г. вырасла ў 1989 г. прыкладна ў 2,4 раза.

На працягу 1979 – 1989 гг. назiраецца рост колькасцi палякаў, якiя назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi пры адначасовым павелiчэннi колькасцi тых, хто назваў роднай рускую мову. Павелiчэнне моўна-этнiчнай самасвядомасцi было абумоўлена, на нашу думку, наступнымi фактарамi. Па-першае, у кастрычнiку 1978 г. кракаўскi архiепiскап, кардынал Кароль Вайтыла быў абраны на пасаду папы пад iмем Яна Паўла II. Наведаўшы сваю радзiму з пастырскiм вiзiтам у чэрвенi 1979 г., ён падкрэслiў: “Без Хрыста немагчыма зразумець гэты народ” [34]. Пад уплывам гэтай важнай для палякаў падзеi ў пачатку 80-х гг. на Гарадзеншчыне актывiзавалася дзейнасць польскiх мiсiянерскiх арганiзацый, якiя дзейнiчалi пад патранажам Каталiцкай царквы. Акрамя гэтага, шмат рэлiгiйнай iнфармацыi паступала на Гарадзеншчыну дзякуючы перадачам польскага радыё i тэлебачання i радыё Ватыкана.
Так, у кастрычнiку 1982 г. польскiя радыё i тэлебачанне наладзiлi трансляцыю перадачы з Ватыкана пра кананiзацыю былога манаха Гродзенскага Францысканскага манастыра Максiмiлiяна Кольбе, якi загiнуў у Асвенцыме. У сувязi з гэтай падзеяй у касцёлах Гродна былi праведзеныя ўрачыстыя богаслужэннi [35]. Па-другое, пэўны ўплыў на рост самасвядомасцi палякаў у БССР зрабiла арганiзаваная ў 1980 годзе ў Гданьску “Салiдарнасць”, якая разгарнула сваё змаганне за дэмакратызацыю Польшчы i дзейнiчала пры непасрэднай падтрымцы з боку Касцёла.

Аналiзуючы нацыянальную структуру насельнiцтва Беларусi ў 20 стагоддзi, Алесь Смалянчук адзначаў, што “вельмi часта беларуская мова была роднай для многiх пакаленняў мясцовых палякаў, чыя польскасць грунтавалася пераважна на атаясамлiваннi паняцьця нацыянальнасцi з канфесiйнай прыналежнасцю да каталiцкага касцёла” [36]. Аналагiчнае меркаванне было выказана i Васiлём Бандарчыкам, высновы якога грунтуюцца на экспедыцыйных даследаваннях беларускiх этнографаў. Ён падкрэслiваў, што на Беларусi “большая частка палякаў з’яўляецца акаталiчанымi беларусамi. Сельскiя палякi роднай мовай лiчаць беларускую i не ведаюць польскую… У дадзеным выпадку канфесiйная прыналежнасць мае перавагу над этнiчнай” [37].

Вышэй адзначаныя меркаваннi пацвярджаюцца дадзенымi перапiсаў 1970, 1979 i 1979 гадоў, згодна з якiмi адпаведна 76,4; 74 i 63,9% палякаў назвалi роднай менавiта беларускую мову.

На аснове даследавання, праведзенага Iнстытутам фiласофii i права Акадэмii навук Беларусi ў 1986 – 1987 гг, яго супрацоўнiкамi была зроблена выснова пра тое, што каталiкi свядома разглядаюць каталiцкую веру як выяўленне польскага нацыянальнага духу i прыналежнасцi да польскай нацыi i ў якасцi сродку падтрымання нацыянальных звычаяў у побыце [38].

Такiм чынам, нацыянальна-культурнае жыццё палякаў у БССР у раглядаемы перыяд працякала ў даволi складаных умовах. Гэта было абумоўлена лiквiдацыяй польскiх школ i тым самым немагчымасцю атрымоўваць адукацыю на роднай мове. Нацыянальна-культурнае жыццё палякаў ад пачатку 50-х да сярэдзiны 80-х гадоў фактычна было абмежавана рамкамi рэлiгiйнай сферы, калi не лiчыць дзён польскай культуры, што праводзiлiся ў 1958, 1964, 1972 i 1976 г.. Але, як трапна адзначыў Анатоль Вялiкi, праходзiлi яны “фармалiзавана i па загадзя складзеных планах” i пад пiльным кантролем з боку партыйных органаў[39].

Сапраўды, на працягу ўсяго перыяду iснавання Польскай Народнай Рэспублiкi яе ўлады не праводзiлi ўласнай усходняй нацыянальнай палiтыкi, у тым лiку i па праблеме палякаў, што жылi ў СССР. Таму i днi польскай культуры, арганiзатары якiх ставiлi ў першую чаргу iдэалагiчна-прапагандысцкiя мэты, не маглi зрабiць iстотнага ўплыву на ўзровень самасвядомасцi палякаў у БССР.

Разам з тым i рэлiгiйная сфера зведала адчувальны ўцiск з боку ўладаў, якiя iмкнулiся злiквiдаваць i гэты асяродак падтрымання пальшчызны. Асаблiвасцю нацыянальна-культурнага жыцця “палякаў паводле пашпарту” была перавага ў шэрагу выпадкаў канфесiйнай прыналежнасцi над этнiчнай, што давала падставы для атаясамлiвання каталiк – значыць паляк. Неабходна таксама падкрэслiць адносна невысокi адукацыйны узровень палякаў у параўнаннi з адукацыйным узроўнем насельнiцтва рэспублiкi ў цэлым. Нягледзячы на адсутнасць школаў, тым не менш не адбылося поўнай моўнай асiмiляцыi палякаў.

Пасля таго, як Беларуcь была вызвалена ад нямецка-фашысцкай акупацыi, у родныя мясцiны пачалi вяртацца ацалеўшыя яўрэi, пераважна з лiку тых, хто ў пачатку вайны паспеў эвакуiравацца, а таксама тыя, што ваявалi супраць ворага ў шэрагах Чырвонай армii. Колькасць яўрэяў Беларусi за 1941 – 1944 гады, паводле падлiкаў Э.Р. Iоффэ, скарацiлася на 840 тыс. чалавек [40].

Беларускiя яўрэi пачалi актыўна ўключацца ў працэс аднаўлення гаспадарчага i культурнага жыцця рэспублiкi. У 1947 г. Iсаак Курган быў зацверджаны iнспектарам ЦК КП(б)Б, а Iсаак Чэрняк – старшым рэдактарам аддзела навукова-тэхнiчнай лiтаратуры Белдзяржвыдавецтва [41]. Самуiл Гласаў працаваў на пасадзе другога сакратара Бабруйскага абкама КП(б)Б, а Маiсей Нiсневiч – загадчыкам Бабруйскага абласнога фiнансавага аддзела. Iсай Альтшулер кiраваў Баранавiцкiм абласным аддзелам прамысловасцi, а Лазар Шайкоўскi – аддзелам камунальнай гаспадаркi Гродзенскага аблвыканкама [42].

У першыя пасляваенныя гады даволi высокай была ўдзельная вага яўрэяў сярод выкладчыкаў i студэнтаў ВНУ. Так, у 1946/1947 н.г. яўрэi складалi 65,5% выкладчыкаў Беларускага юрыдычнага iнстытута, 43,7% – палiтэхнiчнага iнстытута, 42% – iнстытута народнай гаспадаркi i 38% – Мiнскага медыцынскага iнстытута. Удзельная вага яўрэяў з лiку студэнтаў у 1947 г. складала 17,4% [43].

У 1946 г. з лiку 45332 настаўнiкаў рэспублiкi на яўрэяў прыпадала 3,3% [44].

У лiпенi 1945 г. у Мiнск вярнулася трупа Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага драматычнага тэатра. Яна часова размясцiлася ў кулiснай частцы свайго тэатра па вул. Валадарскага 5. Спектаклi ставiлi на сцэне тэатра iмя Янкi Купалы, так як уласнае памяшканне тэатра было амаль цалкам разбурана [45].

Яўрэйская трупа звярнулася да тагачаснага Старшынi Савета Мiнiстраў БССР П.К. Панамарэнкi з просьбаю аднавiць памяшканне яўрэйскага тэатра. У адказ яны пачулi: “Мы жывём у Беларускай рэспублiцы, а не ў яўрэйскай” [46]. У 1948 г. яўрэйскiя пiсьменнiкi на чале з Хаiмам Мальцiнскiм на прыёме ў П.К. Панамарэнкi, якi на той час ужо займаў пасаду першага сакратара ЦК Кампартыi Беларусi, выказалi прапанову аднавiць выпуск часопiса i кнiг на яўрэйскай мове. Але iх прапанова не была падтрымана [47]. Гэта было абумоўлена агульнай пазiцыяй ЦК КП(б)Б, якi лiчыў першачарговай задачай “арганiзацыю iдэалагiчнай барацьбы супраць любых праяваў нацыяналiзму”. У тагачасных партыйных дакументах падкрэслiвалася, што “у шэрагу гарадоў рэспублiкi ажывiлася дзейнасць яўрэйскiх нацыяналiстаў, цесна звязаных з амерыканскiмi, заходне-еўрапейскiмi сiянiсцкiмi арганiзацыямi, якiя спрабавалi адасобiць яўрэяў ад беларусаў i рускiх...
ЦК КП(б)Б выкрываў яўрэйскi нацыяналiзм, сурова пакараў тых камунiстаў, якiх зацягнула балота яўрэйскага нацыяналiзму i якiя прынiзiлiся да атрымання дапамогi з Амерыкi, да ўдзелу ў рэлiгiйна-нацыяналiстычных абшчынах” [48]. Атрыманне грашовай дапамогi або наяўнасць сваякоў за мяжой былi важкай падставай для звальнення з працы не толькi яўрэяў-камунiстаў, але i беспартыйных. Так у 1952 г. была звольнена з працы ў Вiцебскiм педагагiчным iнстытуце старшы выкладчык кафедры фiзiкi Ганна Блох, выпускнiца Маскоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, якая “мела неабходныя веды для працы ў вну i матэрыял студэнтам выкладала ў асноўным правiльна” [49]. Падставамi для яе звальнення, на думку дырэктара iнстытута Касцючэнка, было тое, што "яна не мела кантакту са студэнтамi i не карысталася аўтарытэтам сярод iх, не аказвала iм дапамогi ў вучобе, у вынiку чаго па выкладаемых Блох дысцыплiнах у iнстытуце была самая нiзкая паспяховасць студэнтаў” [50].
Сапраўднай прычынай для звальнення, улiчваючы тагачасную сiтуацыю ў рэспублiцы, верагодней за ўсё з’явiлася тое, што “ёсць даныя, што яе сям’я, а магчыма i яна сама асабiста атрымала даволi вялiкую спадчыну ад сваякоў з Амерыкi” [51].

12 студзеня 1948 г. ў Мiнску быў забiты кiраўнiк Яўрэйскага Антыфашысцкага камiтэта, выдатны яўрэйскi артыст Саламон Мiхаэлс. Пасля яго забойства ў СССР была разгорнута шырокая антысемiцкая кампанiя. 26 сакавiка 1948 г. мiнiстрам дзяржбяспекi Абакумавым у Савет Мiнiстраў СССР i ЦК ВКП(б) была накiравана дакладная, у якой адзначалася, што “у Беларусi органамi МДБ выяўлена i распрацоўваецца група, якую узначальвае член Саюза савецкiх пiсьменнiкаў Беларусi Платнер. I.М. Платнер да 1930 г. жыў у Амерыцы, дзе ўваходзiў у склад нацыяналiстычнай арганiзацыi “Паалей-Цыён” i з’яўляўся ўдзельнiкам мiжнароднага кангрэсу сiянiстаў. Агентурным назiраннем высветлена, што ўдзельнiкi нацыяналiстычных яўрэйскiх груп на Украiне i Беларусi праз Яўрэйскi антыфашысцкi камiтэт наладжвалi сувязь з яўрэйскiмi нацыяналiстычнымi дзеячамi, што прыязджалi ў Савецкi Саюз з-за мяжы” [52].

Як сведчыць дадзены матэрыял, органы рыхтавалiся да правядзення чарговай кампанii па выкрыццю “варожай буржуазна-нацыяналiстычнай арганiзацыi”.

20 лiстапада 1948 г. на паседжаннi Палiтбюро ЦК ВКП(б) было прынята рашэнне тэрмiнова распусцiць Яўрэйскi антыфашысцкi камiтэт. 25 лiстапада 1948 г. пастановаю Палiтбюро было закрыта выдавецтва “Дэр Эмес”, якое выпускала лiтаратуру на яўрэйскай мове. 8 лютага 1949 г. была прынята чарговае рашэнне Палiтбюро “Пра роспуск аб’яднанняў пiсьменнiкаў i пра закрыццё альманахаў на яўрэйскай мове”. На падставе гэтага рашэння былi распушчаны аб’яднаннi яўрэйскiх пiсьменнiкаў у Маскве, Кiеве i Мiнску. У той жа дзень сакратар ЦК КП(б)Б М.I. Гусараў накiраваў Старшынi Савета Мiнiстраў СССР Г. М. Малянкову пiсьмо, у якiм, праяўляючы “палiтычную пiльнасць”, абгрунтоўваў неабходнасць закрыцця Беларускага дзяржаўнага яўрэйскага драматычнага тэатра: “Яўрэйскi драматычны тэатр БССР да апошняга часу вёў iдэалагiчна неправiльную рэпертуарную палiтыку, у сваiх пастаноўках iдэалiзаваў патрыярхальны быт дробнабуржуазных пластоў дарэвалюцыйнага яўрэйскага насельнiцтва i ўхваляў жыццё ў капiталiстычных краiнах.

Сярод работнiкаў тэатра доўгi час распаўсюджвалiся нацыяналiстычныя настроi, нiбыта рускiя i беларусы вiнаватыя ў смерцi тысяч яўрэяў, так як не абаранiлi iх ад немцаў i дапамагалi немцам у вынiшчэннi яўрэяў” [53]. У пачатку 1949г. быў праведзены партыйны сход, на якiм было прапанавана “выкарчаваць карэннi буржуазнага касмапалiтызму, эстэцтва i фармалiзму ў яўрэйскiм тэатры” [54]. 30 сакавiка 1949 г. Беларускi дзяржаўны яўрэйскi драматычны тэатр быў закрыты, а яго дырэктар Вiктар Галаўчынер, абвiнавачаны ў бязродным касмапалiтызме, пераехаў на працу ў Вiльню [55].

У студзенi 1949 г. быў надрукаваны ў “Правде” артыкул “Аб адной антыпартыйнай групе тэатральных крытыкаў”, якi паклаў пачатак разгортванню iдэалагiчнай кампанii па барацьбе з бязроднымi касмапалiтамi.

Сакратару ЦК КП(б)Б М.Гусараву ў пачатку 1949 г. была накiраваная дакладная запiска пра стан лiтаратурнай i тэатральнай крытыкi ў БССР, у якой выкрывалiся касмапалiты. Так, у лiтаратурнай крытыцы i лiтаратуразнаўстве былi абвешчаны антыпатрыётамi-касмапалiтамi Лукаш Бэндэ, Леў Бараг, В. Гальперын, Мiхаiл Смолкiн, Айзiк Кучар i Якаў Герцовiч. Л. Бэндэ i М. Смолкiн абвiнавачвалiся ў паклёпе на Я.Коласа i Я. Купалу, В. Гальперын – у паклёпе на М.Багдановiча i М. Лынькова. Айзiк Кучар быў абвешчаны “своеасаблiвым арганiзатарам касмапалiтычнага падполля ў беларускай лiтаратуры.” У галiне тэатральнай работы акрамя Вiктара Галаўчынера ў касмапалiтызме былi абвiнавачаны мастацкi кiраўнiк тэатра iмя Янкi Купалы Леў Лiтвiнаў i тэатральны крытык Мiхаiл Модэль [56].

Касмапалiты былi знойдзены нават у галiне кiнамастацтва i музыкi. “Самым горшым вiдам касмапалiта ў тэорыi i практыцы” быў абвешчаны Вiталь Вольскi, якi “адзiн час быў немцам, затым палякам, потым яўрэям, а цяпер пiшацца беларусам”. За тое, што ўхваляў i абараняў Льва Барага, быў падвергнуты крытыцы вядомы этнограф Мiхаiл Грынблат [57]. Услед за выкрыццём касмапалiтаў загадчыкам аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КП(б)Б Гутаравым i загадчыкам сектара лiтаратуры i мастацтва ЦК КП(б)Б Войнiчам партыйнымi органамi былi зроблены адпаведныя вывады. Аддзел прапаганды i агiтацыi ЦК КП(б)Б прапанаваў:

“Вызвалiць Л. Лiтвiнава ад пасады галоўнага рэжысёра тэатра iмя Я.Купалы, пакiнуўшы яго рэжысёрам тэатра.

Вызвалiць М.Модэля ад пасады загадчыка аддзела крытыкi i бiблiяграфii i адказнага сакратара рэдакцыi часопiса “Полымя”.

Вызвалiць Л. Барага ад работы ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце.

Прыняць меры па недапушчэннi ў беларускiя газеты i часопiсы лiтаратурных работ Бэндэ i Смолкiна.

Адхiлiць ад работы па лiнii крытыкi i бiблiяграфii ў газэтах “Звязда” i “Советская Белоруссия” тт. Герцовiча i Глезера” [58].

Характарызуючы сiтуацыю, вiдавочца тых падзеяў Анатоль Рубiн, якi сам быў зняволены на 6 гадоў за распаўсюджванне яўрэйскай лiтаратуры, ў сваёй кнiзе успамiнаў адзначаў: “Атмасфера ў Мiнску была цяжкай, яўрэi былi запалоханыя, загнаныя i баялiся ўласнага ценю. Пачуццё нацыянальнай вартасцi было прыгнечана, загнана ў далёкi куток i прыцiснута рускiм ботам” [59].  Яўрэяў маглi арыштаваць толькi за тое, што яны вывучалi iўрыт i iдыш, чыталi кнiгi Шалом-Алейхема.

13 студзеня 1953 г. была распачата чарговая кампанiя па выяўленню ворагаў з лiку яўрэяў, якая ў гiстарычнай лiтаратуры атрымала назву “справа ўрачоў”. У адрозненне ад кампанii 1948–1949гг., калi яўрэяў называлi касмапалiтамi, то 1953 г. слова “яўрэй” стала сiнонiмам словаў “сiянiст” i “нацыяналiст”, што былi абвешчаны непрымiрымымi ворагамi савецкай улады. З розных месцаў БССР у ЦК КП(б)Б iшлi паведамленнi пра рост антыяўрэйскiх настрояў сярод насельнiцтва пасля паведамлення ТАСС пра ўрачоў-шкоднiкаў. 10 лютага 1953 г. МДБ арыштавала урача абласной сiстэмы Дзяржаўнага страхавання Марыю Вейцман, якую абвiнавацiлi ў сiянiсцкай агiтацыi. Пасля смерцi Сталiна, 12 жнiўня 1953 г. крымiнальная справа ў дачыненнi да М.Вейцман была спынена [60].

Як сведчаць вышэй прыведзеныя факты, 1948 – 1953 гады сталi самым змрочным перыядам для развiцця нацыянальнай культуры ў пасляваеннай гiсторыi савецкiх яўрэяў. Гэта быў час правядзення iдэалагiчных кампанiй барацьбы з “бязроднымi касмапалiтамi” i “яўрэйскiмi буржуазнымi нацыяналiстамi”. Сама прафесiйная прыналежнасць чалавека да лiку яўрэйскiх лiтаратараў, яўрэйскiх акцёраў, даследчыкаў гiсторыi, этнаграфii, фальклору яўрэяў з’яўлялася падставаю для павышанай увагi з боку Мiнiстэрства дзяржаўнай бяспекi. Вынiкам гэтай барацьбы стала лiквiдацыя лiтаральна ўсiх яўрэйскiх арганiзацый i установаў, у тым лiку i адзiнага на Беларусi яўрэйскага тэатра. Яўрэйскiя пiсьменнiкi, тэатральныя i мастацкiя дзеячы былi звольнены з працы, а некаторыя нават i арыштаваны. Магчымасць выкарыстання ў культурным жыццi мовы iдыш або iўрыт была зведзена да мiнiмуму.

Пасля такога шырокамасштабнага пагрому яўрэйская нацыянальная культура на Беларусi не магла паўнавартасна развiвацца i ў наступныя гады, фактычна стала абмяжоўвацца пераважна сфераю рэлiгiйнага жыцця, дзе захоўвалiся элементы традыцыйнай культуры. Але i ў гэтай сферы партыйна-савецкiя ўлады БССР чынiлi значныя перашкоды.

Антысемiцкая накiраванасць палiтыкi Сталiна ў пасляваенныя гады абмяжоўвала магчымасць рэгiстрацыi iудзейскiх абшчын у БССР. Некаторыя мясцовыя чыноўнiкi палiчылi, што яўрэi да вайны не праяўлялi моцнага iмкнення да рэлiгii, а пасля вайны яны зрабiлi вялiкi ўхiл у бок рэлiгiйнага фанатызму, верагодна, больш, чым якая-небудзь iншая нацыянальнасць. Звярталася ўвага, што ”пад выглядам рэлiгiйнасцi нацыяналiсты заклiкаюць яўрэяў больш шчыльна гуртавацца, аднаўляць i падтрымлiваць сувязь з замежнымi сiянiсцкiмi арганiзацыямi, весцi гутарку пра ахвярнасць яўрэйскага народа ў гады вайных, ставiць помнiкi загiнуўшым” [61].

Наяўнасць рабiна была прызнаная абавязковаю ўмоваю для адкрыцця сiнагогi, якую яўрэйскiм абшчынам выканаць было вельмi складана па прычыне адсутнасцi такой духоўнай асобы. Разам з тым, у адпаведнасцi з пастулатамi iудаiзму дазвалялася паўнавартаснае iснаванне абшчыны i ў адсутнасцi рабiна, але з гэтым улады даволi доўгi час не пагаджалiся. У кастрычнiку 1945 г. у Iнструкцыйным пiсьме №2 Савета па справах рэлiгiйных культаў адзначалася, што веруючыя, карыстаючыся недасведчанасцю работнiкаў Савета ў спецыфiцы яўрэйскага веравызнання, настойвалi на тым, што адсутнасць равiна не можа быць перашкодаю для рэгiстрацыi абшчыны [62].

Сiнагогi i мiньяны улады даволi часта разглядалi як асяродкi нацыяналiзму i сiянiзму.

У красавiку 1946 г. з дазволу гарадскiх уладаў Бабруйска iудзейская абшчына сабрала сродкi i адрамантавала разбураны дом, у якiм планавалася адкрыць сiнагогу. Але ўжо ў чэрвенi 1946 г. Бабруйскi гарвыканкам абвясцiў, што рэгiстрацыя яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны была праведзена з парушэннем працэдуры. У вынiку па рашэнню Бабруйскага гарвыканкама рэгiстрацыя абшчыны была адмененая, а адрамантаванае памяшканне гарвыканкам перадаў Бабруйскай савецка-партыйнай школе [63].

Сiтуацыя, якая склалася з рэгiстрацыяй абшчыны ў Бабруйску не была нейкiм выключэннем з правiлаў. Так, у Чэрвень пасля заканчэння вайны вярнулiся некалькi яўрэйскiх сем’яў, якiя прытрымлiвалiся iўдаiзму, але ўлады не толькi не далi iм дазволу на арэнду малiтоўнага дома, але i забаранiлi сабраць мiньян.

Iудзеi Калiнкавiчаў таксама дабiлiся рэгiстрацыi абшчыны i за свае сродкi пабудавалi сiнагогу. Абшчыну ў Калiнкавiчах узначалiў Залман Глухоўскi. У 1954 г. у складзе гэтай абшчыны налiчвалася больш 150 чалавек.

Праблемы ўзнiкалi нават пры спробе ўвекавечыць памяць яўрэяў, загiнуўшых у вынiку фашысцкага генацыду. Так, у пачатку 1946 г. гарадскiя ўлады не дазволiлi ўстанавiць помнiк на магiле расстраляных у 1942 г. вязняў Мiнскага гетта. Нягледзячы на гэта, у жнiўнi 1946 г. на брацкай магiле “Яма” быў устаноўлены несанкцыянаваны помнiк у выглядзе гранiтнай стэлы з надпiсам на iдыш: “Яўрэям – ахвярам нацызму” [65]. Па iнiцыятыве ўраджэнца Чэрвеня, вядомага ў СССР вынаходнiка Уладзiмера Фундатара ў 1946 г. была разгорнута падрыхтоўчая работа па ўвекавечаннi памяцi загiнуўшых вязняў гетта. Але дзейнасць групы Фундатара па ўстаноўцы помнiка ў Чэрвенi была прыпынена ўладамi на падставе таго, што ў краiне, у адпаведнасцi з планам, будуць устаноўлены помнiкi ўсiм ахвярам нацызму без вылучэння iх нацыянальнасцi. Сабраць сродкi для будаўнiцтва помнiка ахвярам Катастрофы яўрэi Чэрвеня спрабавалi некалькi разоў, але толькi ў 1968 г. быў устаноўлены гранiтны абелiск на месцы масавага пахавання.
Прапановы выканаць памiнальны надпiс на iўрыце або на iдыш улады адхiлiлi адразу. Нават словы “яўрэйскiя грамадзяне” прымусiлi замянiць на “савецкiя” [66]. Падобная сiтуацыя склалася i ў мястэчку Ленiн Жыткавiцкага раёна, дзе ў час вайны былi расстраляныя амаль 2 тыс. яўрэяў. Толькi ў 1973 г. на месцы iх пахавання была ўстаноўлена стэла, на якой не была пазначана нацыянальнасць ахвяраў генацыду [67].

На думку Э.Р. Iофэ, у 1953 – 1956 гг. працэс разгортвання антысемiтызму прыкметна затармазiўся. На Беларусь, пачынаючы з 1954 г. пачалi вяртацца дзеячы культуры, рэпрэсаваныя ў пасляваенны перыяд: Рыгор Бярозкiн, Гiрш Камянецкi, Iсаак Платнер, Хаiм Мальцiнскi i iнш. [68].

25 снежня 1958 г. быў прыняты Закон СССР “Аб крымiнальнай адказнасцi за дзяржаўныя злачынствы”, якi устанаўлiваў крымiнальны пераслед за “прапаганду або агiтацыю з мэтаю ўзбуджэння расавай або нацыянальнай варожасцi, а таксама i прамое або ускоснае абмежаванне правоў або устанаўленне прамых або ўскосных перавагаў грамадзян у залежнасцi ад iх расавай або нацыянальнай прыналежнасцi”. Палажэннi гэтага Закона былi ўключаны ў новы Крымiнальны кодэкс БССР, якi пачаў дзейнiчаць з 1-га красавiка 1961 г. На практыцы з 1962 да 1991 г. не прымяняўся нi разу [69]. Правёўшы масавую зачыстку яўрэйскага культурнага пласту ў 1948 – 1953 гг., партыйна-савецкiя органы ў канцы 50-х гадоў распачалi мэтанакiраваны наступ на апошнi асяродак культывацыi нацыянальнай свядомасцi i культуры яўрэяў – сферу рэлiгiйнага жыцця. У 1959 г. Камiтэт Дзяржаўнай Бяспекi пры Савеце Мiнiстраў СССР даручыў групе адпаведных работнiкаў вывучыць змест бiблii-торы i яўрэйскiх малiтоўнiкаў iудзейскага рэлiгiйнага рытуалу.
Камiсiя зрабiла наступныя высновы:

“Бiблiя-тора, кнiгi прарокаў, танах i малiтоўнiкi наскрозь прасякнуты духам ваяўнiчага нацыяналiзму, “духоўнага расiзму”. Сучасны сiянiзм надаў асноўным палажэнням яўрэйскай рэлiгii рэзка выразную палiтычную функцыю.

Менавiта гэтая рэлiгiйная лiтаратура, якую свабодна чытаюць i вывучаюць у сiнагогах, мiньянах, iешыботах, з’яўляецца сродкам прапаганды сiянiсцкiх поглядаў, у адпаведнасцi з якiмi яўрэйскi народ нiбыта з’яўляецца нацыяй i не iснуе якой-небудзь рознiцы памiж яўрэямi-грамадзянамi Савецкага Саюза i яўрэямi, якiя жывуць у Iзраiле, Амерыцы i iншых капiталiстычных краiнах” [70]. На падставе гэтых высноваў намеснiк загадчыка аддзела прапаганды i агiтацыi ЦК КПСС па саюзных рэспублiках В. Снасцiн прапануе “у мэтах спынення шкоднага ўплыву яўрэйскай рэлiгiйнай лiтаратуры на яўрэяў-вернiкаў грамадзянаў СССР лiчыць мэтазгодным у аператыўным парадку прыняць наступныя меры:
1. Рэкамендаваць Дзяржпалiтвыдавецтву, рэдакцыi часопiса “Наука и религия”, а таксама некаторым цэнтральным i мясцовым органам друку выпусцiць папулярныя выданнi i апублiкаваць шэраг артыкулаў, у якiх раскрыць нацыяналiстычны характар яўрэйскай рэлiгiйнай лiтаратуры.
2. Звярнуць увагу Усесаюзнага таварыства па распаўсюджванню палiтычных i навуковых ведаў на неабходнасць у выступленнях яго лектараў па атэiстычных пытаннях раскрыць рэакцыйную сутнасць яўрэйскай рэлiгiйнай лiтаратуры, накiраванай на прапаганду сiянiзму, падрыў дружбы народаў СССР” [71].

Высновы, зробленыя партыйнымi чыноўнiкамi ў Маскве, i датычылiся сферы культурна-рэлiгiйнага жыцця, з’явiлiся сiгналам да дзеяння мясцовых партыйных органаў у БССР. У пачатку 60-х гг. была закрыта Цэнтральная сiнагога ў Мiнску, адхiлены ад пасады кiраўнiка яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны Х.А. Фрыд, якi ў сярэдзiне 50-х гг. праявiў вялiкую актыўнасць у пытаннi пашырэння плошчы, якую займала сiнагога [72].

У сувязi з закрыццём сiнагогi Мiнская яўрэйская абшчына накiравала на iмя М.С.Хрушчова 7 снежня 1962 г. лiст са скаргай на дзеяннi Мiнскага гарсавета. Упаўнаважаны па справах рэлiгiйных культаў пры Савеце Мiнiстраў БССР, у якога апынуўся накiраваны М.С. Хрушчову лiст, як сведчаць дакументы, “пакiнуў заяву працоўных яўрэяў без разгляду i вырашэння па-сутнасцi” [73]. Не атрымалi станоўчага адказу прадстаўнiкi Мiнскай яўрэйскай рэлiгiйнай абшчыны i на сваю заяву, накiраваную 25 студзеня 1963 г. на iмя Старшынi Вярхоўнага Савета БССР В. Казлова, у якой прасiлi “зрабiць неабходнае ўказанне Пахавальнаму бюро г. Мiнска аб тым, каб паводле патрабавання сваякоў пахаваннi яўрэяў праводзiлiся на яўрэйскiх могiлках, а прымусовыя пахаваннi яўрэяў на агульных могiлках тэрмiнова спынiць” [74].

У канцы 60-х – пачатку 80-х гг. палiтыка дзяржаўнага антысемiтызму ў БССР пачынае нарастаць. Пра гэта сведчыць у сваiх успамiнах пiсьменнiк Уладзiмiр Мехаў: “Возьмем апошнiя дваццаць – трыццаць гадоў, калi краiна жыла ўжо не пад Сталiным… Але афiцыйны маральны тэрор у дачыненнi да яўрэяў не спынiўся… У названыя дзесяцiгоддзi быў выпрацаваны пастулат – пагартайце кнiгi Бягуна, Еўсеева, Раманенка, – што самой такой культуры не было i няма – яўрэйскай. Ёсць, ну, этнiчныя групы, якiя так сябе называюць – яўрэямi – i якiя звязаныя памiж сабою злым намерам супрацьстаяння ўсяму рознакаляроваму i рознамоўнаму чалавецтву” [75].

“Калi верыць БелСЭ, – падкрэслiваў Сямён Букчын, - то не жылi ў Беларусi сотнi тысяч яўрэяў, не было тут нi тэатра яўрэйскага, нi яўрэйскай культуры, нi газэт i часопiсаў яўрэйскiх, увогуле ничога не было… Усё гэта нам прыснiлася” [76]. Сапраўды, у 12-томнай “Беларускай Савецкай Энцыклапедыi” нельга знайсцi асобных артыкулаў, прысвечаных яўрэям i развiццю iх культуры.

Камiтэт дзяржаўнай бяспекi рэспублiкi пiльна адсочваў усе памкненнi яўрэяў на абуджэнне нацыянальнай самасвядомасцi i развiццё сваёй культуры. За вывучэнне i распаўсюджванне сiянiсцкай лiтаратуры па ўказанню КДБ БССР былi звольнены з працы ў 1969 г. выкладчыкi БПI Данiiл Мiнкоўскi i Якаў Слепян, начальнiк тэхнiчнага аддзелу iнстытута “Энергасеткапраект” Сямён Дэйч i iншыя [77]. Начальнiк 5-га ўпраўлення КДБ СССР Бабкоў у падрыхтаванай даведцы адзначаў, што “з мэтаю iдэалагiчнага ўздзеяння на асобаў яўрэйскай нацыянальнасцi i прыцягнення iх да сiянiсцкай дзейнасцi актыўныя нацыяналiсты арганiзоўваюць так званыя “ульпаны”, г.зн. ствараюць сетку гурткоў па вывучэннi мовы iўрыт, яўрэйскай гiсторыi i культуры, а таксама спецыяльныя летнiя лагеры толькi для асобаў яўрэйскай нацыянальнасцi”. Летнiя лагеры з’яўлялiся формаю семiнару для будучых выкладчыкаў iўрыта.
На занятках слухачам чыталi лекцыi па яўрэйскай гiсторыi i рэлiгiйных традыцыях. У 1970 г. такi лагер быў арганiзаваны на беразе Чорнага мора ў раёне Каралiно-бугаз, у якi з`ехалiся прасiянiсцкiя элементы з Кiева, Адэсы, Мiнска, Кiшынёва, Рыгi, Масквы i Свярдлоўска [78]. Пачынаючы з 70-х гг. ХХ ст. ў БССР пачалi дзейнiчаць нелегальныя гурткi па вывучэнню iўрыта, гiсторыi яўрэйскага народа i яўрэйскай фiласофii, распаўсюджваўся самвыдат, у Мiнску працаваў культурна-гiстарычны семiнар.

Разам з тым, на паседжаннi Палiтбюро ЦК КПСС 20 сакавiка 1973 г., на якiм разглядалася пытанне пра выезд за гранiцу асобаў яўрэйскай нацыянальнасцi, Л.I Брэжнеў выказаў думку пра магчымасць адкрыцця яўрэйскага тэатра, школы i выпуск яўрэйскай штотыднёвай газэты [79].

Характарызуючы рэлiгiйную сiтуацыю ў рэспублiцы за 1976 г., упаўнаважаны Савета па справах рэлiгiй пры Савеце мiнiстраў СССР па БССР А. Залескi зрабiў выснову пра некаторае знiжэнне актыўнасцi рэлiгiйнага абшчыны iўдзейскага веравызнання, зарэгiстраванай у Мiнску. Ён адзначаў, што ў 1976 г. прыкметна менш было багамольцаў у такiя рэлiгiйныя святы, як “Рош а-Шана”, “Йом-кiпур”, “Сiмхат-тора”, а максiмальная колькасць вернiкаў у сiнагоге не перавышала 300 чалавек старэйшага ўзросту.

Зыходзячы з вышэй прыведзеных фактаў можна зрабiць наступныя высновы.

Пасля шырокамасштабнага пагрому ў 1948 – 1953 гг. яўрэйская нацыянальная культура на Беларусi не магла паўнавартасна развiвацца i ў наступныя гады фактычна стала абмяжоўвацца пераважна сфераю рэлiгiйнага жыцця, дзе захоўвалiся элементы традыцыйнай культуры. Але i гэтай сферы партыйна-савецкiя ўлады БССР чынiлi значныя перашкоды. Магчымасць выкарыстання ў культурным жыццi мовы iдыш або iўрыт была зведзена да мiнiмуму.

Гэтыя негатыўныя абставiны абумовiлi пашырэнне асiмiляцыйных працэсаў сярод яўрэяў Беларусi, выклiкалi значнае скарачэнне iх колькасцi ў рэспублiцы. Як сведчаць вынiкi перапiсаў 1959 г. – 1989 г., удзельная вага яўрэяў у складзе насельнiцтва БССР скарацiлася з 1,9 да 1,1%. Культурнае жыццё беларускiх яўрэяў у пасляваенныя гады развiвалася ва ўмовах сапраўднага духоўнага генацыду. Так, на тэрыторыi БССР не працавала нiводнай яўрэйскай школы, не выдавалiся кнiгi i перыядычныя выданнi на iдыш або iўрыце. Пасля закрыцця ў 1949 г. Яўрэйскага драматычнага тэатру БССР не дапускалася стварэння яўрэйскiх культурна-асветных арганiзацый. Iстотна абмяжоўвалася дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый. Гэта ўсё негатыўным чынам адбiвалася на ўзроўнi нацыянальнай самасвядомасцi, пра што сведчыла змяншэнне ад перапiсу да перапiсу колькасцi i ўдзельнай вагi яўрэяў, што называлi роднай моваю iўрыт або iдыш.
Калi ў 1959 г. 32,9 тыс., або 21,9% яўрэяў назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, то ў 1979 г. – 15,1 тыс. i 11,2% , а ў 1989 г. – 8,6 тыс., або 7,6%. У сваю чаргу, удзельная вага тых яўрэяў, якiя назвалi роднай рускую мову, павялiчылася з 76,1% у 1959 г. да 90,2% у 1989 г.

Другая сусветная вайна i першыя пасляваенныя гады прывялi да значнага скарачэння колькасцi татараў на Беларусi. Абумоўлена гэта было тым, што шмат iх гераiчна змагалася i загiнула на франтах другой сусветнай вайны, а пасля вайны падалася ў эмiграцыю: у Польшчу, ЗША, Турцыю i iншыя краiны [80].

Пазней адбывалася паступовае, нязначнае павелiчэнне колькасцi татараў, пры гэтым удзельная вага iх у агульнай колькасцi насельнiцтва БССР заставалася аднолькавай i складала 0,1%. Пражывалi татары кампактнымi групамi, большая частка з iх у месцах традыцыйнага рассялення – на тэрыторыi Гродзенскай i Мiнскай абласцей, а таксама ў г.Мiнску. Разглядаючы становiшча татараў на Беларусi ва ўмовах савецкай улады, вядомы даследчык дадзенай праблемы Iбрагiм Канапацкi прыйшоў да высновы, што “да пачатку 1980-х татарская культура ў БССР не развiвалася” [81].

Такая выснова адлюстроўвае ў агульных рысах тэндэнцыю, уласцiвую для стану нацыянальна-культурнага жыцця прадстаўнiкоў пераважнай большасцi этнiчных супольнасцей Беларусi. Разам з тым, на працягу 1945 – 1985 гг., татары працягвалi жыць на беларускай зямлi поплеч з прадстаўнiкамi iншых этнасаў i нацыянальна-культурная сфера iх жыцця праяўлялася ў большай цi меншай меры.

Спецыфiчнай, адметнай асаблiвасцю, якой характарызавалася нацыянальна-культурнае жыццё татараў на Беларусi на працягу разглядаемага перыяду, было тое, што яно падтрымлiвалася пераважна ў рэлiгiйнай сферы. Абумоўлена гэта было ў значнай меры тым, што ў БССР не iснавала на той час нiводнай татарскай школы, не выпускалiся кнiгi i перыядычныя выданнi на татарскай мове. Ды i колькасць тых татар, што карысталiся роднай мовай у паўсядзённым жыццi, была невялiкай, лiтаральна адзiнкi з iх маглi чытаць i пiсаць на роднай мове. Але i рэлiгiйная сфера жыцця татар, як i iншых этнiчных супольнасцей Беларусi ў той час, знаходзiлася пад пiльным кантролем партыйна-дзяржаўных органаў, якiя рабiлi пастаянныя захады, скiраваныя на яго згортванне.

Паводле падлiкаў У.I. Навiцкага, у першыя пасляваенныя месяцы дзейнiчала 13 мусульманскiх абшчын у месцах кампактнага пражывання беларускiх татар [82].

Адной з першых была зарэгiстравана 26 сакавiка 1945 г. абшчына татар-мусульман у Мiнску ў колькасцi 204 чалавек на чале з 53-гадовым мулой Мустафой Хасяневiчам. Функцыянавала мячэць на вул. Дзiмiтрава-40. У чэрвенi 1945 г. дзейнiчалi таксама мячэцi у Клецку на чале з мулой Мустафой Александровiчам, у мястэчку Мiр, якую узначальваў Мустафа Муха. Без рэгiстрацыi дзейнiчала мячэць у Навагрудку, заснаваная ў 1410 г., дзе мулой быў Селiм Сафарэвiч. Тут абшчына была самай шматлiкай i налiчвала каля 1000 чалавек. Богаслужэннi ў Асмолаўскай мячэцi ў першыя пасляваенныя гады праводзiў без рэгiстрацыi мула Юсуф Халембiк. Татара-мусульманская абшчына ў Асмолаве ў 1946 г. аб’ядноўвала каля 500 чалавек. Захавалiся мячэцi таксама ў Любчы i Слонiме, але там не было мулы.

У 1947г. працавала без мулы мячэць у г. Ляхавiчах. Богаслужэннi там праводзiлi прадстаўнiкi мясцовай мусульманскай абшчыны: Адам Мiцкевiч, Давiд Мурзiч i Iбрагiм Рафаловiч. Да 1946 г. ў вёсцы Некрашунцы Радунскага раёна дзейнiчала рэлiгiйная абшчына татар-мусульман, якая аб’ядноўвала татарскае насельнiцтва не толькi Радуньскага раёна Гродзенскай вобласцi, але i з памежных тэрыторый Лiтвы. Там жа захаваўся i будынак мячэцi. Але ў сувязi з выездам у 1946 г. у Польшчу значнай часткi татарскага насельнiцтва i мулы Мухля Люта Адамавiча, якi лiчыў сябе, паводле нацыянальнасцi, польскiм татарынам, мусульманская абшчына перастала функцыянаваць, а мячэць была закрыта. Ключы ад мячэцi засталiся ў Адама Радзецкага. Да 1953 г. у Некрашунцах заставалася 31 сям’я татар, а ў суседняй Сандыкаўшчыне – 13 сем’яў.
Нягледзячы на тое, што арганiзаванага правядзення богаслужэнняў у гэтых месцах не праводзiлася, татарскае насельнiцтва падтрымлiвала i выконвала “Уразу”, святкавалi “Байрам”, па пятнiцах не працавалi i выконвалi ўсе iншыя рэлiгiйныя абрады ў адпаведнасцi з патрабаваннямi Карана [83].

Iстотна скарацiлася колькасць мусульманскай абшчыны ў в. Асмолава пасля ад’езду татараў у Польшчу: з 500 у 1945 г. да 46 у 1947 г. У гутарцы з Упаўнаважаным Савета па справах рэлiгiйных культаў па Баранавiцкай вобласцi Iвановым мула Асмолаўскай абшчыны Мустафа Александровiч расказаў, што “цяпер татары ў пераважнай большасцi не знаюць сваёй пiсьменнасцi i нават многiя з iх не могуць размаўляць па-татарску, але i пры гэтых умовах яны ўсё-ж такi захавалi сваю рэлiгiю. Захаванню рэлiгii садзейнiчала наяўнасць у абшчынах мул i iснаванне муфцii” [84]. Без рэгiстрацыi дзейнiчалi ў 1947 г. абшчыны татар-мусульман ў Мядзелi i Iўi.

Выезд большай часткi мусульманскай абшчыны Навагрудка на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу ў 1946 г. стаў падставай для лiквiдацыi гэтай абшчыны i закрыцця мячэцi. Рашэннем Баранавiцкага аблвыканкама 25 сакавiка 1948 г. абшчына была лiквiдавана, а мячэць закрыта i неўзабаве пераабсталявана пад Дом пiянераў. А ў лiпенi 1949 г. Мiнгарвыканкам прыняў рашэнне пра лiквiдацыю абшчыны татар-мусульман i закрыццi мячэцi. Нягледзячы на зварот 163 вернiкаў да Сталiна, татары-мусульмане Мiнска былi пазбаўлены сваёй святынi, якая была перададзена ў вераснi 1949 г. Рэспублiканскаму добраахвотнаму таварыству садзейнiчання флоту [85].

У маi 1948 г. Духоўнае ўпраўленне мусульман РСФСР камандзiравала намеснiка iмама казанскай саборнай мячэцi Салiхава Камарэтдзiна для знаёмства з дзейнасцю функцыянуючых на тэрыторыi БССР зарэгiстраваных мусульманскiх рэлiгiйных абшчын i для наладжвання з iмi дзелавых сувязяў. Савет па справах рэлiгiйных культаў пры Савеце Мiнiстраў СССР палiчыў гэтую паездку мэтазгоднай i прасiў не ствараць нiякiх перашкод К. Салiхаву.

Паводле звестак Упаўнаважанага па Маладзечанскай вобласцi Дзерабiна, у 1949 г. яе татары-мусульмане не ведалi сваёй нацыянальнай мовы, размаўлялi на змешанай польскай, беларускай i рускай. Рэлiгiйная абшчына ў вёсцы Даўбуцiшкi аб’ядноўвала 75 татарскiх сем’яў Смаргонскага, Валожынскага, Ашмянскага i Астравецкага раёнаў i налiчвала каля 300 чалавек. У Мядзельскiм раёне жыло 60 сем’яў татар колькасцю 248 чалавек, а ў мястэчку Iўе адпаведна 75 сямей i 343 чалавекi.

У пачатку 1953 г. функцыянавала па адной зарэгiстраванай мусульманскай абшчыне ў вёсках Асмолава Нясвiжскага i Мураўшчызна Iўеўскага раёнаў. Акрамя iх дзейнiчалi две незарэгiстраваныя мусульманскiя абшчыны ў в. Даўбуцiшкi Смаргонскага i ў в. Некрашунцы Радунскага раёнаў. Да 1953 г. у вёсцы Даўбуцiшкi засталося толькi 14 татарскiх сем’яў. На старажытных татарскiх могiлках знаходзiлася невялiкая драўляная мячэць. У гэтай мячэцi рэгулярна праводзiў богаслужэннi мула Алiй Рафаловiч. У 1948 г. ён атрымаў дазвол на правядзенне разавых богаслужэнняў. Смаргонскi райфiнаддзел на падставе гэтай даведкi устанавiў для Рафаловiча падатак як для зарэгiстраванага служыцеля культу. Кiруючыся рашэннем райфiнаддзела, мула лiчыў абшчыну зарэгiстраванай. Абшчыны аб’ядноўвала каля 200 вернiкаў з 98 сямей татар-мусульман, што жылi ў Смаргонскiм, Валожынскiм i Ашмянскiм раёнах. Праўда, актыўнасць вернiкаў была не вельмi высокай.
Так па пятнiцах мячэць наведвалi не больш як 10 – 15 чалавек, а на свяце “Ураза-байрам” у 1953 г. было 70 вернiкаў-мусульман [86].

Упаўнаважаны Савета па справах рэлiгiйных культаў пры Савеце Мiнiстраў СССР па Маладзечанскай вобласцi Клiманскi прапанаваў А. Рафаловiчу не праводзiць багаслужэннi да атрымання на гэта афiцыйнага дазволу. Старшыня Савета па Справах рэлiгiйных культаў пры Саўмiне СССР Палянскi выказаў думку, што “мэтазгодна адмовiць у рэгiстрацыi гэтай групы, так як яна не была праведзена ў свой час” [87]. Дазвол на рэгiстрацыю абшчыны мясцовымi ўладамi так i не быў дадзены.

Рашэннем Мiнскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных 15 сакавiка 1960 г. была пазбаўлена рэгiстрацыi мусульманская абшчына ў вёсцы Асмолава Нясвiжскага раёна, якая была зарэгiстраваная 9 снежня 1946 г. Падставай для прыняцця гэтага рашэння з’явiлася скарачэнне колькаснага складу абшчыны з 95 чалавек на момант рэгiстрацыi да 10 – 17 вернiкаў – у 1960 г. Акрамя гэтага, у 1953 г. адмовiўся выконваць свае абавязкi 58-гадовы мула Мустафа Александровiч.

Па стану на 1-га лiпеня 1960 г. ў БССР дзейнiчала толькi адна зарэгiстраваная мусульманская абшчына ў в. Мураўшчызна Iўеўскага раёна. Абавязкi мулы ў гэтай абшчыне выконваў Мустафа Шабановiч, якому на той час споўнiлася 52 гады [88]. Сiтуацыя заставалася нязменнай i ў наступныя дзесяцiгоддзi. Так, па стану на 1 студзеня 1965 г. ў рэспублiцы была зарэгiстраваная адна мячэць, адзiн мула, а колькасць вернiкаў была каля 250 чалавек [89].

Упаўнаважаны Савета па справах рэлiгiйных культаў пры Савеце Мiнiстраў СССР па БССР А. Залескi адзначаў: “Iстотных асаблiвасцяў у дзейнасцi мусульманскага рэлiгiйнага аб’яднання, зарэгiстраванага ў в. Мураўшчызна Iўеўскага раёна Гродзенскай вобласцi ў 1976 г. не назiралася… Моладзь амаль пагалоўна адыйшла ад мусульманскiх традыцый i звычаяў” [90].

Богаслужэннi па пятнiцах ў мячэцi наведвала ад 40 да 60 чалавек. На вялiкiя рэлiгiйныя мусульманскiя святы збiралася ад 200 да 400 вернiкаў з шэрагу раёнаў Гродзенскай i Мiнскай абласцей, а таксама з Мiнска.

Адбываўся наступ дзяржавы на гiстарычную памяць беларускiх татар i ў вынiку знiшчэння татарскiх могiлкаў – мiзараў. Надмагiльныя помнiкi ў шэрагу раёнаў рэспублiкi былi забраныя на будаўнiцтва шашы, а могiльнiкавыя палi заворвалiся i займалiся пад выпас жывёлы [91].

. Так было знiшчана святое для беларускiх татар месца – магiлы ля мястэчка Сiняўка Клецкага раёна. Яшчэ ў пачатку 1950-х гг. яно было месцам сапраўднага паломнiцтва для татар. Што гэта за магiлы, хто там пахаваны i чаму менавiта мусульмане шануюць гэтыя магiлы, нiхто з iх дакладна не ведаў, але з пакалення ў пакаленне перадавалася iм, што гэта ёсць “святое месца”, так як на гэтых магiлах нехта калiсьцi атрымаў збаўленне ад хваробаў. Магiлы на той час уяўлялi сабой каля 40 ледзь прыкметных узгоркаў, на якiх ужо не захавалася нiякiх слядоў у выглядзе помнiкаў або каменняў. Беларускiя татары малiлiся на гэтых могiлках па аднаму i цэлы дзень у час малiтвы захоўвалi пост [92].

У канцы 60-х гадоў быў знiшчаны мiзар у Мiнску, ад якога цэлай засталася толькi магiла ўдзельнiка Мiнскага антыфашысцкага падполля Х.М. Александровiча [93].

Пэўнае ажыўленне нацыянальна-рэлiгiйнага жыцця беларускiх татар назiраецца з пачатку 80-х гг ХХ ст. На малiтоўным сходзе мусульман у г. п. Iўе, якое праходзiла 24 снежня 1982 года, у мячэцi прысутнiчала 7 мужчын i 10 жанчын. Богаслужэнне праводзiў мула Мустафа Шабановiч. На пытанне “Як Вы чытаеце i разумееце Каран?”, зададзенае старшым iнспектарам В. Г. Берняковiчам, мула адказаў: “Нас гэтаму вучылi нашыя бацькi. Чытаць па-арабску мы можам толькi пры дапамозе спецыяльных сiмвалаў-значкоў”. М.Шабановiч падкрэслiў, што чытаць па- арабску ўмее не толькi ён, але i iншыя вернiкi, якiя таксама маюць Каран. Мула таксама выказаў шкадаванне, што моладзь не жадае вучыцца чытаць Каран i ўдзельнiчаць у маленнях, наведваючы мячэць толькi ў час асноўных рэлiгiйных святаў. Адной з прычынаў адыходу татарскай моладзi ад сваiх нацыянальна-рэлiгiйных традыцый было заключэнне шлюбаў з прадстаўнiкамi iншых нацыянальнасцяў.
У самога мулы Шабановiча сын i ўнук былi жанаты не на прадстаўнiцах сваёй нацыянальнасцi i некаторыя вернiкi папракалi яго за гэта [94].

Занепакоенасць мясцовых уладаў Навагрудка выклiкала дзейнасць мулы А. С. Рафаловiча, якi на працягу 1983 г. праводзiў пахаванне нябожчыкаў паводле мусульманскiх традыцый не толькi ў Наваградку, але i ў Клецкiм раёне Мiнскай вобласцi, а таксама збiраў у сябе дома вернiкаў для правядзення багаслужэння [95].

На працягу разглядаемага перыяду татары жылi пераважна ў гарадах. У 1959 г. колькасць гарадскiх татар было 5824 чалавекi, у сельскай мясцовасцi – 2830, у 1989 г. – адпаведна 10719 i 1833. Паводле перапiсу 1959 г. з 8,7 тыс. татараў 1,7 тыс., або 19,9% назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, 3 тыс., або 34,8% – рускую i 3,9 тыс, або 44,6% – беларускую. У 1970 годзе колькасць татараў павялiчылася да 10 тыс. З iх назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi 2,5 тыс. чалавек, або 24,5%, 4,1 тыс., або 41,1% – рускую, 3,4 тыс., або 34,3% – беларускую. Як засведчылi вынiкi перапiсу 1989 года, тэндэнцыя ўзмацнення русiфiкацыi засталася нязменнай. Так, з 12,6 тыс. татараў толькi 3,3 тыс., або 25,9% назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, для 6,6 тыс., або 52,4% татар роднай была руская , i для 2,6 тыс., або 20,9% – беларуская . Разам з тым, свабодна валодалi роднай мовай ў 1970 г. 8,9% татар, у 1979г. – 10%, а ў 1989 г. – 10,7%.
Пры гэтым сярод татар паменшылася ў 1989 г. у параўнаннi з 1979 г. колькасць тых, хто свабодна валодаў рускай мовай з 42,5% да 40,4% [96].

Павелiчэнне колькасцi татараў, якiя свабодна валодалi роднай мовай i назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi на фоне агульнага заняпаду нацыянальна-культурнага жыцця можна растлумачыць перш за ўсё навуковымi даследаваннямi мовы i пiсьма беларускiх татараў, што праводзiлiся як у нашай краiне, так i за яе межамi. Так у 1968 г. пабачыла свет грунтоўная манаграфiя ўраджэнца Нясвiжчыны, прафера Вiльнюскага ўнiверсiтэта Антона Антановiча на тэму “Беларускiя тэксты, пiсаныя арабскiм пiсьмом i iх графiка-арфаграфiчная сiстэма”. У гэтай манагафii былi дэталёва прааналiзаваны 23 рукапiсныя кнiгi татара-мусульманскай пiсьменнасцi ХYII – ХХ стст. У 1977 г. Вiктар Несцяровiч абаранiў кандыдацкую дысертацыю ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце на тэму “Фразеалагiзмы ў беларускiх тэкстах, пiсаных арабскiм пiсьмом”.

Матэрыялы перапiсаў насельнiцтва сведчаць, што ў рэспублiцы колькасць лiтоўцаў паменшылася з 8383 чалавек у 1959 г. да 7606 чал. ў 1989 г., колькасць латышоў заставалася фактычна нязменнай – 2631 чалавек у 1959г. i 2658 – у 1989 г. Паводле дадзеных перапiсу 1959г. 6,4 тыс. лiтоўцаў, або 77,2% ад iх агульнай колькасцi назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi, 949 чалавек, або 11,3 % - рускую i 857 або 10,2% - беларускую. У 1989 г. памяншаецца колькасць лiтоўцаў, што назвалi роднай мову сваёй нацыянальнасцi да 4,4 тыс. чал., або 57,8% ад iх агульнай колькасцi ў БССР, затое павялiчваецца колькасць тых, хто назваў роднай рускую мову: 2,1 тыс, або 27,8%. Колькасць лiтоўцаў, што назвалi роднай беларускую мову фактычна засталася нязменнай i склала 1,05 тыс. чалавек, або 13,8%.

У 1989 г. у сям’ях на рускай мове размаўлялi 18,8% лiтоўцаў i 42,5% беларусаў, на беларускай адпаведна 17,4% лiтоўцаў i 16,3% беларусаў, а на рускай i беларускай: 13,2% лiтоўцаў i 41,3% беларусаў. На роднай мове размаўлялi 50,6% лiтоўцаў [97]. На працы i ў грамадзкiх месцах 43,6% лiтоўцаў карысталiся рускай мовай, 15,9% - беларускай, на дзвюх мовах – 19,0%. У той час адпаведныя паказчыкi ў беларусаў склалi: 56,8%, 9,2% i 32,3%.

Натуральнае лiтоўскае этнакультурнае асяроддзе было найбольш прадстаўленае ў вёсцы Пеляса i мястэчках Гервяты i Вавюрка на Гродзеншчыне [98].

Паводле архiўных дадзеных, у 1948 г. у м. Вавюрка Лiдзкага раёна з 6900 жыхароў была 1000 лiтоўцаў [99].

Важнае месца ў культуры лiтоўцаў, у тым лiку i тых, што жывуць на тэрыторыi Беларусi, займае каталiцкая рэлiгiя i царква. Пасля Першай сусветнай вайны на тэрыторыi Радуньскага раёна ў вёсцы Пеляса быў заснаваны каталiцкi прыход для вернiкаў-лiтоўцаў, у склад якога ўваходзiла насельнiцтва 9 вёсак. На сродкi вернiкаў быў пабудаваны касцёл, у якiм пасля вайны да 1950 г. праводзiлiся богаслужэннi. Але ў 1950 г. ксёндз быў арыштаваны. Прыхаджане неаднаразова звярталiся ў партыйныя i савецкiя органы, як у раённыя i абласныя, так i рэспублiканскiя, з просьбаю не чынiць перашкоды пры правядзеннi богаслужэнняў i дазволiць мець свайго ксяндза, якi ведаў лiтоўскую мову. Аднак гэтыя не звароты не мелi поспеху. Так, Упаўнаважаны Савета па справах рэлiгiйных культаў пры Савеце Мiнiстраў БССР заявiў, што вернiкi-лiтоўцы ксяндза з Лiтоўскай рэспублiкi не атрымаюць па прычыне таго, што няма закона, якi дазволiў бы яго прапiсаць у iншай саюзнай рэспублiцы [100].
Пасля звароту ў Лiтоўскую каталiцкую курыю вернiкi дамовiлiся з ксяндзом Мiтрыкасам Казiсам i ён у 1958 г. прыехаў для правядзення богаслужэнняў у Пелясы. Але прадстаўнiкi мясцовых органаў мiлiцыi запатрабавалi, каб ён выехаў з раёна. Пасля гэтага 34 лiтоўцы каталiцкай абшчыны ў Пелясах ў 1959 г. накiравалi скаргу на дзеяннi мясцовых уладаў на iмя старшынi Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР Клiмента Варашылава. У сваiм лiсце яны выказалi сваё неўразуменне наконт таго, што мясцовыя ўлады пераследуюць iх рэлiгiйныя перакананнi i перашкаджаюць нармальнай працы каталiцкага касцёла Пеляскага прыхода. Пры гэтым яны адзначылi: “Мы выказваем Вам сваю глыбокую крыўду. Таму, што нас лiчаць нераўнапраўнымi грамадзянамi нашай краiны. Чаму беларусы, палякi, рускiя, татары, што насяляюць наш (Радуньскi) раён маюць магчымасць малiцца, i чаму ў гэтым адмаўляюць лiтоўцам?” [101].

Скарга, накiраваная ў Вярхоўны Савет СССР, была перасланая на разгляд Упаўнаважанаму Савета па справах рэлiгiйных культаў пры Гродзенскiм аблвыканкаме М.I. Саласянкову. Ён у задавальненнi просьбы лiтоўцаў зацвердзiць ксяндза Мiтрыкаса адмовiў.

У першае пасляваеннае дзесяцiгоддзе ў рэспублiцы даволi значна скарацiлася колькасць латышоў. Як адзначае ў сваёй манаграфii У.В. Тугай, гэта было абумоўлена выездам латышоў з сельскай мясцовасцi Вiцебскай вобласцi ў Даўгаўпiлс i Рыгу [102]. З канца 1950-х гадоў колькасць латышоў у рэспублiцы заставалася фактычна нязменнай: 2631 чалавек паводле перапiсу 1959г. i 2658 чал. – 1989 г. Менавiта ў гарадах, паводле меркавання даследчыкаў, найбольш хуткiмi тэмпамi iшоў працэс рускамоўнай асiмiляцыi прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў Беларусi. Так, напрыклад, паводле перапiсу 1970 г. рускую мову назвалi роднай ў гарадах 56% латышоў [103].

Такiм чынам, на працягу разлядаемага перыяду татарская супольнасць апынулася фактычна на мяжы поўнага этнiчнага размывання. Такая сiтуацыя была вынiкам мэтанакiраванай палiтыкi дзяржавы, скiраванай на лiквiдацыю этнiчных асаблiвасцяў. А так як у першыя пасляваенныя гады нацыянальна-культурнае жыццё беларускiх татараў найбольш актыўна выявiлася ў рэлiгiйнай сферы, то паслядоўны i мэтанакiраваны наступ дзяржавы на гэтую сферу жыцця грамадства прывёў да амаль поўнага згортвання нацыянальна-культурнага жыцця татараў. Разам з тым, нягледзячы на надзвычай неспрыяльныя ўмовы функцыянавання, татары на Беларусi здолелi захаваць сваю адметнасць, сваю мову i рэлiгiю, а шэраг яго выбiтных прадстаўнiкоў зрабiлi важкi ўклад у развiццё беларускай культуры.

На працягу пасляваеннага перыяду ў БССР адбывалася, як сведчаць вышэй адзначаныя факты, далейшае паглыбленне культурна-моўнай асiмiляцыi лiтоўцаў, латышоў i iншых этнiчных супольнасцей, чыя ўдзельная вага не перавышала 0,1% ад агульнай колькасцi насельнiцтва рэспублiкi. Гэта было абумоўлена перш за ўсё пашырэннем працэсу русiфiкацыi ў рэспублiцы, якi закрануў прадстаўнiкоў лiтаральна ўсiх этнасаў.

Такiм чынам, на працягу разглядаемага перыяду нацыянальная палiтыка КПСС i савецкай дзяржавы ў БССР характарызавалася барацьбой супраць любых праяваў нацыянальнай самасвядомасцi, якая нязменна характарызавалася як нацыяналiзм, а таксама супраць нацыянальных традыцый i звычаяў. У сферы культуры дэклараваўся клопат пра далейшы росквiт нацыянальных культураў усiх народаў СССР, але пры гэтым лiчылася неабходным умацаванне iх iнтэрнацыянальнай асновы, стварэнне агульнасавецкай культуры камунiзму праз пашырэнне грамадскiх функцый рускай мовы як мовы мiжнацыянальных зносiн шматнацыянальнай дзяржавы.


          Литература:

1. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ). Ф.4, воп. 47, спр. 179, арк.35.
2. Нарысы гiсторыi Беларусi: у 2 ч. – Ч. 2 / М.П.Касцюк, I.М.Iгнаценка, У.I.Вышынскi i iнш. Iнстытут гiсторыi АНБ.- Мн., Беларусь, 1995, с. 308-309.
3. Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi.- Мн.: НФК “Экаперспектыва”, 1996, с. 237.
4. Тамсама, с. 261.
5. Вялiкi А.Ф. Палякi ў Савецкай Беларусi: “Дваiстыя стандарты” нацыянальнай палiтыкi КПБ (1944-1991) // Этнiчныя супольнасцi ў Беларусi: гiсторыя i сучаснасць: Матэрыялы навук. канф. (Мiнск, 6-7 снежня 2001 г.) - Мн.: “Дэполiс”, 2001, с. 293.
6. Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3, 1933-1945, М н., 1985, с. 500, 511.
7. Тамсама, т.4, 1945-1955, с. 54.
8. Тамсама, с. 182.
9. Неман. 1994, №11, с. 70.
10. Вялiкi А.Ф. Змяненнi ў нацыянальна-дэмаграфiчнай сiтуацыi заходнiх абласцей Беларусi пасля падпiсання дагавора 16 жнiўня 1945 г. аб савецка-польскай дзяржаўнай гранiцы // Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусi з БССР: Гiсторыя i сучаснасць: Матэрыялы Мiжнар. навук.-тэарэт. канф. 17-18 верасня 1999, Мн. / Адк. рэд. П.I.Брыгадзiн, У.Ф.Ладысеў.- Мн.: БДУ, 2000, с. 264, 266; НАРБ. Ф.7, воп. 3, спр. 199, арк. 25.
11. Великий А.Ф. Национально-демографическая ситуация в западных регионах Беларуси, 1944-1950 гг. // Нацыянальна-дэмаграфiчныя працэсы на Беларусi.- Мн., 1998, с. 119.
12. Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi. С.333.
13. НАРБ. Ф. 4, воп. 29, спр. 543, арк. 27.
14. Тамсама, арк. 28.
15. Тамсама, арк. 39.
16. Тамсама, арк. 40.
17. Тамсама, арк. 42-43.
18. Тамсама, воп. 47, спр. 624, арк. 40.
19. Тамсама, ф. 42, воп. 7, спр. 2630, арк. 252.
20. Нацыянальныя меншасцi Беларусi: Тэматычны зб. навук. прац. Кн.1. “Канцэптуальныя пытаннi развiцця нацыянальных меншасцей Беларусi” / Нав. рэд. С.А.Яцкевiч. – Брэст-Мiнск-Вiцебск, 1996, с. 70.
21. Тамсама. Кн. 3. “Актуальныя праблемы нацыянальна-культурнага развiцця нацыянальных меншасцей Беларусi” / Нав. рэд. С.А.Яцкевiч.- Брэст-Мiнск, 1996, с. 10.
22. Тамсама, кн. 1, с. 70.
23. НАРБ. Ф.952, воп. 3, спр. 14, арк. 41-42.
24. Тамсама, спр. 20, арк. 19.
25. Тамсама, ф. 4, воп. 47, спр. 466, арк. 31.
26. Тамсама, арк. 36.
27. Тамсама, ф. 952, воп. 3, спр. 6, арк. 16.
28. Итоги Всесоюзной переписи населения 1959 г. Белорусская ССР. М., 1963, с.124.
29. Канфесii на Беларусi (кан. XVIII – XX ст.) / В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк, У.I.Навiцкi, А.М.Фiлатава; нав. рэд. У.I.Навiцкi.- Мн., ВП “Экаперспектыва”, 1998, с. 278.
30. Тамсама, с. 281.
31. Тамсама, с. 255; НАРБ. Ф. 952, воп. 3, спр. 38, арк. 84.
32. Национальный состав населения Республики Беларусь. Мн., 2001, с. 16-17.
33. Канфесii на Беларусi. С. 284, 302; НАРБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 711, арк. 15.
34. Алиция Дыбковская, Малгожата Жарын, Ян Жарын. История Польши с древнейших времен до наших дней.- Варшава, 1995, с.338.
35. Ярмусик Э.С. Римско-католический костел на Гродненщине: время перемен (80-90-е годы Хх века) // Этносоциальные и конфессиональные процессы в трансформирующемся обществе: Материалы межд. науч. конф. В 2 ч. Ч.2 / Под ред. Проф. У.Д.Розенфельда.- Гродно: ГрГУ, 2001, с. 103.
36. Смалянчук А. Нацыянальная структура насельнiцтва Беларусi ў ХХ ст.// Беларусь у ХХ стагоддзi. Вып.1, Мн., 2002, с. 163.
37. Нацыянальныя меншасцi Беларусi... Кн. 1, с. 70-71.
38. Тамсама, кн.3, с. 10.
39. Вялiкi А.Ф. Палякi ў Савецкай Беларусi... С. 296.
40. Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси: Краткий научно-популярный очерк.- Мн.: «АРТИ-ФЕКС», 1999, с. 187.
41. НАРБ. Ф.4, воп. 61, спр. 372, арк. 29.
42. Тамсама, спр. 479.
43. Лыч Л., Навiцкi У. Гiсторыя культуры Беларусi., с. 334, 339-340.
44. Смиловицкий Л. Евреи Беларуси: из нашей общей истории. 1905-1953 гг. Сб.ст. Мн.: “АРТИ-ФЕКС”, 1999, с. 229.
45. Герштейн А. Судьба одного театра. Мн.: Изд-во “Четыре четверти”, 2000, с. 35.
46. Иоффе Э.Г. Указ. соч., с. 180.
47. Мишпоха, № 6. Витебск, 1999, с.80.
48. НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 179, арк. 35-36.
49. Тамсама. Ф. 42, воп. 6, спр. 45, арк, 74.
50. Тамсама, с. 75.
51. Тамсама.
52. Iоффе Э.Г. Указ.соч., с. 176.
53. Тамсама, с. 176-177, 180-181.
54. НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 266, арк. 349.
55. Тамсама.
56. Тамсама, арк. 217-225.
57. Тамсама, арк. 229.
58. Тамсама, арк. 236.
59. Рубин А. Страницы пережитого / Мой путь в Израиль. Иерусалим, 1977, с. 141.
60. Авив, 2003, №1-2, с. 9.
61. Смиловицкий Л. Указ. соч., с. 244-245.
62. Тамсама, с. 261-262, 276-277.
63. Канфесii на Беларусi... С. 261; Смиловицкий Л. Указ. соч., с. 276-277.
64. НАРБ. Ф. 952, воп. 3, спр. 3, арк. 3-7.
65. Смиловицкий Л. Указ. соч., с. 289.
66. Тамсама, с. 246.
67. Мишпоха, 1999, №10, с. 57.
68. Иоффе Э.Г. Указ. соч., с. 186.
69. Авив, 2003, №1-2, с. 10.
70. Еврейская эмиграция в свете новых документов / Под ред. Б.Морозова. Тель-Авив. – 1998, с.36-38.
71. Тамсама, с. 39.
72. НАРБ. Ф. 952, воп. 3, спр. 5, арк. 6.
73. Тамсама, спр. 36, арк. 23.
74. Тамсама, арк. 20.
75. Спадчына, 1992, № 2.
76. Иоффе Э.Г. Указ. соч., с. 192.
77. Авив, 2003, №1-2, с. 21, 30.
78. Еврейская эмиграция в свете новых документов. С. 107-108.
79. Тамсама, с. 166-167.
80. Этнiчныя супольнасцi ў Беларусi: гiсторыя i сучаснасць. Матэрыялы навук. канф. (Мiнск, 6-7 снежня 2001/ Пад.рэд. У.I. Навiцкага i М.С.Сташкевiча.- Мн.: “Дэполiс”, 2001, с.511.
81. Тамсама.
82. Канфесii на Беларусi. С. 262.
83. НАРБ. Ф. 952, воп. 2, спр. 10, арк. 47.
84. Тамсама, арк. 48.
85. Канфесii на Беларусi. С. 262.
86. НАРБ. Ф. 4, воп. 62, спр. 348, арк. 205.
87. Тамсама. Ф. 952, воп. 2, спр. 24, арк. 53.
88. Тамсама, воп. 3, спр. 17, арк. 53.
89. Тамсама, спр. 40, арк. 2.
90. Тамсама, ф. 4, воп. 118, спр. 11, арк. 59.
91. Канапацкi I.Б., Смолiк А.I. Гiсторыя i культура беларускiх татар.- Мн., 2000, с. 184.
92. НАРБ. Ф.952, воп. 2, спр. 24, арк. 156.
93. Канапацкi I.Б., Смолiк А.I. Гiсторыя i культура беларускiх татар, с. 184.
94. НАРБ. Ф. 136, воп. 1, спр. 71, арк. 83.
95. Тамсама, спр. 76, арк. 154.
96. Мiкулiч Т.М. Мова i этнiчная самасвядомасць / Нав. рэд. В.К.Бандарчык.- Мн.: Навука i тэхнiка, 1996, с. 148-150.
97. Тамсама, с. 125-126.
98. Этнiчныя супольнасцi ў Беларусi... С.337.
99. НАРБ. Ф. 4, воп. 2, спр. 26, арк. 53.
100. Тамсама. Ф. 952, воп. 3, спр. 18, арк. 8.
101. Тамсама, арк. 9.
102. Тугай У.В. Латышы на Беларусi.- Мн., 2001, с. 129-130.
103. Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 г., т.IV, с. 192-193.

 
 
Яндекс.Метрика