Эканамічная штодзённасць БССР у 1944-1953 гг.

 

          Iрына КАШТАЛЯН (Мiнск)

 

Пасля заканчэння Вялiкай айчыннай вайны тэрыторыя Беларусi была самай разбуранай у СССР. У вынiку гераiчнай працы насельнiцтва мясцовым органам ўлады ўдалося вырашыць пастаўленую савецкiм кiраўнiцтвам складаную задачу па пераадоленнi вялiзарных страт, у першую чаргу ў зруйнаванай прамысловасцi. Менш чым за пяць гадоў былi перавышаны даваенныя прамысловыя паказчыкi. Такiя дасягненнi кантрасцiравалi са значна больш павольным рашэннем цяжкiх побытавых праблем звычайнага чалавека, якiя ў значнай меры былi справакаваны наступствамi вайны. Вызначальным стала знаходжанне магчымасцяў забеспячэння сям’i ў складаных умовах пастаяннага дэфiцыту самага неабходнага (жылля, прадуктаў, тавараў), якi прымушаў насельнiцтва выкарыстоўваць легальныя i нелегальныя шляхi здабыцця сродкаў для жыцця. Агульная эканамiчная сiтуацыя характарызавалася затрымкамi заробкаў, высокiмi цэнамi, прымусовымi дзяржаўнымi пазыкамi, павелiчэннем падатковага цiску.
Заробкi ў большасцi былi невялiкiя – 250–300 руб., выжыць дапамагалi нiзкiя камунальныя выплаты i кошты на прадукты харчавання [1].

Пры заахвочваннi шматдзетнасцi колькасць прадуктаў па картках на дзяцей была недастатковай, каб вырасцiць iх здаровымi. Усе дзецi былi збольшага распранутыя i паразуваныя, бо на iх па нормах забеспячэння не было прадугледжана атрыманне прамысловых тавараў. Часта пры вялiкай колькасцi дзяцей у сям’i быў толькi адзiн працуючы з нiзкай заработнай платай [2]. Усё гэта прыводзiла да жабрацтва тых, хто не мог сябе ўтрымлiваць: iнвалiдаў (у тым лiку пакалечаных вайной), састарэлых, дзяцей школьнага ўзросту, а таксама сельскiх жыхароў, якiя збеглi ў горад у пошуках лепшага лёсу.

Голад 1946—1947 гг.

Голад 1946–1947 гг., выклiканы засухай i неўраджаем, закрануў толькi паўднёвыя раёны БССР. Нягледзячы на гэта, сiтуацыя была цяжкай, што падкрэслiвалася наяўнасцю выпадкаў канiбалiзму з-за голаду [3]. Кiраўнiцтва СССР прадугледзела дапамогу галадаючым, але толькi ў форме пазыкi з працэнтамi (iльготнымi двума цi звычайнымi 10 % ад колькасцi з умовай вяртання з чарговага ўраджаю) [4]. Якой была дапамога, паказвае прыклад зерневай пазыкi БССР у 1947 г., якая прыйшла са спазненнем на паўгода i прызначалася з-за свайго малога памеру (500 тон ячменю i аўсу) партыйна-савецкаму апарату на ўмовах вяртання з ураджаю 1947 г. пад 10 %. У заходнiх раёнах БССР дапамогу давалi ў асноўным актывiстам сельсаветаў i калгаснiкам, чым улады спрабавалi паказаць, што для аднаасобнiкаў выратаванне толькi ў калгасах [5].

Нягледзячы на голад, выкананне планаў дзяржавы ставiлася вышэй за iнтарэсы яе грамадзян. Замест рэальнай дапамогi галадаючым iх змушалi збiраць на пазыку дзяржаве грошы, якiя не вярталiся, што яшчэ больш пагаршала становiшча насельнiцтва. Для таго, каб выканаць планы, у заходнiх абласцях Беларусi нарыхтоўшчыкi хлеба ўключалi як мага больш гаспадарак, у тым лiку серадняцкiх, у спiсы кулацкiх, каб абкласцi дзяржаўнымi пастаўкамi па завышаных нормах. Голад абцяжарыў выкананне вызначаных дзяржавай абавязацельстваў, але за iх невыкананне пагражала прыцягненне да суду [6]. Формай пратэсту сялян стала нежаданне сеяць, бо чакалi, што хлеб усё адно забяруць, i гэта адбiлася на пасяўной кампанii 1947 г.

Улады канстатавалi наяўнасць адмоўных палiтычных настрояў у БССР, звязаных з засухай 1946–1947 гг. [7]. Голад павялiчыў колькасць злачынцаў, у тым лiку дзяцей, адбыўся рост колькасцi крадзяжоў, забойстваў i iнш. Пайкова-карткавая залежнасць гараджан ад дзяржавы, адсутнасць нармiраванага забеспячэння харчаваннем сельскай мясцовасцi ўзмацнялi страх людзей перад голадам, штучна ўскладнялi крымiнальную абстаноўку [8].

Каб дастаць прадуктаў, галадаючыя ехалi ў тыя часткi СССР, дзе неўраджаю не было. У гэты час канстатуецца павелiчэнне колькасцi спраў па г. зв. дэзерцiрах з абароннай прамысловасцi, рабочых, якiя збягалi, каб дастаць ежу. У заходнiя вобласцi БССР па хлеб i бульбу людзi ездзiлi нават на падножках i дахах вагонаў. Сярод iх было шмат спекулянтаў, якiя шукалi выгаду ад перапродажу тавараў на пацярпелых ад голаду тэрыторыях [9]. Павялiчылася колькасць раскраданняў зерня, за што была ўзмоцнена адказнасць. У мэтах зберажэння дзяржаўнага хлеба ў заходнiх абласцях БССР нават выкарыстоўвалiся сiлы вынiшчальных батальёнаў [10].

У перыяд уборкi ўраджаю i хлебанарыхтовак у 1946 г. у асобных раёнах БССР (у тым лiку пацярпелых ад неўраджаю) мелi месца выпадкi падману дзяржавы з боку службовых асоб «Заготзерно», калгасаў, саўгасаў i сялян-аднаасобнiкаў пры прадстаўленнi ў вышэйстаячыя органы звестак пра ўборачныя плошчы, нарыхтаваны хлеб i iншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Асобныя работнiкi «Заготзерна» выпiсвалi фiктыўныя квiтанцыi калгасам, аднаасобным сялянскiм гаспадаркам на быццам бы прыняты ад iх хлеб, у той час як на дзяржаўныя склады ён не паступаў. Былi выпадкi, калi калгасы, саўгасы выдавалi распiскi нарыхтоўчым пунктам, а ад iх атрымоўвалi прыёмныя квiтанцыi на не здадзены дзяржаве хлеб. У мэтах спынення дадзенай практыкi ЦК КП(б)Б даў указанне сакратарам РК КП(б)Б у 1947 г. устанавiць строгi кантроль за працай нарыхтоўчых пунктаў i работнiкаў, вiнаватых у прадастаўленнi iлжывых звестак, прыцягваць да адказнасцi [11].

У 1946 г. Савет Мiнiстраў СССР i ЦК УКП(б) прынялi дзве пастановы па ўзмацненнi аховы хлеба: ад 27 чэрвеня «Аб мерах па забеспячэннi захаванасцi хлеба, недапушчэннi яго разбазарвання, раскрадання i псавання» i ад 25 кастрычнiка «Аб забеспячэннi захаванасцi дзяржаўнага хлеба» [12]. Разбазарваннем лiчылася выдача хлеба авансам, з семяннога фонду за кошт працадзён цi на грамадскае харчаванне да поўнага разлiку з дзяржавай па абавязковых пастаўках. Згаданыя пастановы выклiкалi шмат спраў супраць старшыняў калгасаў i калгаснага актыву, асаблiва ў раёнах, пацярпелых ад неўраджаю. Напрыклад, да крымiнальнай адказнасцi былi прыцягнуты старшыня калгаса iм. Кагановiча Веткаўскага раёна Гомельскай вобл. I. Г. Мiнкаў i старшыня рэвiзiйнай камiсii С. М. Мiнкаў, якiя ўзiмку 1946/47 гг. раздалi калгаснiкам 2504 кг зерня з семяннога фонду як выплату часткi запазычанасцi па працаднях [13]. Па абвiнавачаннi ў разбазарваннi зерня ў другой палове 1946 г. у БССР было прыцянута да крымiнальнай адказнасцi 345 старшыняў [14].

Аналiз асуджэнняў старшыняў калгасаў кiраўнiцтвам СССР выявiў вялiкую колькасць незаконных прыцягненняў да адказнасцi [15], у сувязi з чым была прынята пастанова ЦК УКП(б) ад 14 чэрвеня 1947 г. «Аб недапушчальных фактах частай змяняемасцi i неабгрунтаванай аддачы пад суд старшыняў калгасаў», якая прывяла да паступовага скарачэння колькасцi аддадзеных пад суд старшыняў, памяншэння тэрмiнаў iх пакарання i выратавала частку старшыняў ад дзеяння ўказа ад 4 чэрвеня 1947 г. аб адказнасцi за раскраданне дзяржаўнай маёмасцi.

Адмена карткавай сiстэмы i грашовая рэформа 14 снежня 1947 г.

Гараджане, а таксама часткова сельскiя жыхары (за выключэннем калгаснiкаў) падчас вайны былi пераведзены на сiстэму нармiраванага забеспячэння, г. зн. атрымоўвалi прадукты па картках. Iснавалi рабочыя карткi першай i другой катэгорыi, а таксама спецыяльныя карткi для служачых, дзяцей i ўтрыманцаў (самыя нiзкiя). Нормы водпуску прадуктаў па картках, а таксама цэны (пайковыя) на гэтыя прадукты былi строга фiксаванымi i iстотна нiжэйшымi за цэны на тыя ж прадукты на рынку цi ў камерцыйных крамах [16].

Недастатковасць нормаў забеспячэння па картках штурхала людзей на парушэнне законаў, што стала асаблiва характэрным з надыходам неўраджаю 1946 г. Частымi былi крадзяжы картак. Праведзеныя праверкi на пачатку 1947 г. паказалi, што многiя карткавыя бюро незаконна выдавалi хлебныя i харчовыя карткi па завышаных нормах [17]. Па картках былi i iншыя злоўжываннi – выдавалiся хлебныя карткi асобам, якiя займалiся сельскай гаспадаркай, прысвойвалiся харчовыя карткi памерлых, скрадалiся хлебныя карткi ў тыпаграфii [18].

У вераснi 1946 г. Савет Мiнiстраў СССР i ЦК УКП(б) у межах кампанii па эканомii хлеба прынялi рашэнне аб павышэннi пайковых цэн у сярэднiм у 3 разы. Для кампенсацыi адначасова знiжалiся камерцыйныя цэны на прадукты харчавання, але не так iстотна – у сярэднiм на 10–20 %. Вызначаная кампенсацыя па заработнай плаце была таксама недастатковай для нiзкааплатных катэгорый насельнiцтва, для якiх заработная плата была павышана толькi ў сярэднiм у 2 разы. Яшчэ адной асаблiвасцю было тое, што людзi, якiя атрымоўвалi вялiкi заробак, – лаўрэаты Сталiнскiх прэмiй, артысты, адказныя работнiкi забяспечвалiся прадуктамi i таварамi праз спецзабеспячэнне па танных коштах, а ў камерцыйных крамах i на рынках былi вымушаны набываць менш аплочваемыя катэгорыi, г. зн. рабочыя, служачыя. Было шмат фактаў, калi апошнiм даводзiлася прадаваць асабiстыя рэчы, каб набыць у камерцыйных крамах прадукты для хворых дзяцей [19].

З 1 кастрычнiка 1946 г. было ўведзена скарачэнне кантынгенту насельнiцтва, якое знаходзiлася на нармiраваным забеспячэннi, што выклiкала яшчэ большае незадавальненне ў грамадстве, чым павышэнне цэн. Карткавая сiстэма застаецца толькi ў гарадах, што выклiкала туды прыток працоўнай сiлы. У гарадах знялi з забеспячэння непрацуючых дарослых утрыманцаў, меркавалася i далей памяншаць колькасць забяспечваемых пайковым хлебам. Быў скарочаны камерцыйны гандаль хлебам [20].

На 1947 г. карткавая сiстэма паказала сваю неэфектыўнасць, бо дэфiцыт захоўваўся i раслi злоўжываннi. У сувязi з памяншэннем колькасцi забяспечваемых пайкамi iдэя адмены картак была папулярнай у насельнiцтва. Улады вырашылi спалучыць яе рэалiзацыю з антыiнфляцыйнай грашовай рэформай.

Але людзi баялiся новаўвядзенняў, бачачы па папярэднiх захадах, як цяжка яны могуць адбiцца на становiшчы сям’i. Ва ўмовах сакрэтнасцi правядзення рэформаў асноўнай крынiцай iнфармацыi для звычайных людзей сталi чуткi, згодна з якiмi чакалi павышэння цэн, знiкнення тавараў, кепскага курсу замены старых грошай. Напярэдаднi рэформы павялiчыўся наплыў людзей у крамы i ашчадныя касы. У канцы лiстапада 1947 г. шмат людзей iмкнулiся зняць грашовыя ўклады i ўкласцi грошы ў набыццё дарагiх рэчаў. Насельнiцтва баялася тым больш, што ва ўмовах таварнага голаду ўзмацнiлася роля грошай як сродку зберажэння, асаблiва на вёсцы [21].

Нягледзячы на чаканнi горшага, умовы грашовай рэформы для большасцi сталi шокавымi. Абмен наяўных грошай паводле Пастановы Савета Мiнiстраў СССР i ЦК УКП(б) ад 14 снежня 1947 г. на новыя грошы праводзiўся са значным абмежаваннем: дзесяць рублёў у старых грашах на 1 рубель у новых. Грашовыя ўклады ў ашчадных касах i Дзяржаўным банку пераацэньвалiся на больш iльготных умовах, чым абмен наяўных грошай: да 3 тыс. руб. абменьвалiся рубель за рубель. Былi канверсаваны ўсе раней выпушчаныя дзяржаўныя пазыкi, за выключэннем пазыкi 1947 г., i аб’яднаны ў адну, прычым абмен праводзiўся па суадносiнах 3 рублi ў аблiгацыях папярэднiх пазык на 1 руб. у аблiгацыях новай адзiнай пазыкi. Заработная плата не пераводзiлася, а заставалася ў папярэднiм памеры. Абмен усiх наяўных грошай праводзiўся толькi на працягу тыдня пачынаючы з 16 снежня.

Як кампенсуючая мера, адначасова з правядзеннем грашовай рэформы былi праведзены адмена карткавай сiстэмы на харчовыя i прамысловыя тавары, высокiх камерцыйных цэн i пераход да адкрытага продажу тавараў па адзiных дзяржаўных цэнах пры знiжэннi пайковых цэн на хлеб i крупы.

Уводзiлiся наступныя цэны на некаторыя тавары (у рублях i капейках за 1 кг у залежнасцi ад цэнавага пояса): хлеб  жытнi — 2,80–3,20; мука пшанiчная  — 7,00 – 9,00; цукар-рафiнад  — 13,50–16,50; мяса 1 гатунку  — 28,00–32,00; масла сметанковае  — 62,00–66,00; алей сланечнiкавы  — 28,00–32,00; соль  — 1,60–1,80; малако (лiтр)  — 2,50–5,00; яйка (дзесятак)  — 10,00–18,00; пiва (0,5 л)  — 7,00; iкра  — 400,00; гарэлка (0,5 л)  — 60,00; касцюм мужчынскi (двойка)  — 450,00; паўчаравiкi мужчынскiя (1 пара)  — 288,00; валёнкi  — 216,00; панчохi жаночыя  — 7,50; гадзiннiк наручны  — 900,00; патэфон  — 900,00; мыла гаспадарчае (1 кавалак)  — 5,20; газа (1 л)  — 2,00–2,50; галёшы гумавыя  — 45,00 [22].

Пайковыя цэны на хлеб знiжалiся ў сярэднiм на 12 %, на крупы – на 10 %, у параўнаннi з камерцыйнымi цэнамi памяншалiся больш чым у 2,5 раза. Замест карткавай сiстэмы прадугледжвалася норма водпуску ў адны рукi: хлеба  — не больш за 2 кг, круп i мяса  — 1 кг, алею  — 400 г, малака – 1 л, абутку  — 1 пара, запалак  — 2 каробкi, газы  — 2 л, мыла гаспадарчага  — 1 кавалак [23]. З гэтага часу на працягу разглядаемага перыяду знiжэннi цэн на тавары масавага спажывання адбывалiся штогод [24].

Улады чакалi парушэнняў у ходзе рэформаў. У асноўным iх было два вiды, звязаныя з датэрмiновым доступам да iнфармацыi аб плануемых рэформах некаторых службовых асоб: па гандлёвай сетцы – хаванне тавару ад пераўлiку, каб прадаць за новыя грошы, а замест iх унесцi старыя; па фiнансавых органах – у форме незаконных прыёмаў грашовых укладаў цi драблення iх пасля 14 снежня. Сярод парушальнiкаў апынулiся нават партыйныя актывiсты i суддзi [25].

Правяраючыя органы звярталi ўвагу на вялiкiя закупкi тавараў перад грашовай рэформай, не давяраючы тым, хто iх здзейснiў, як магчымым парушальнiкам. Напрыклад, было прапанавана звярнуць увагу на З. М. Матусава, загадчыка крамы Ювелiргандлю, якi перад грашовай рэформай скупiў залатых каштоўнасцей на суму 90 000 руб. [26]. Згаданыя вышэй парушэннi паказваюць, што ўцечкай iнфармацыi скарысталiся не шараговыя працоўныя. Большасцi насельнiцтва, якая захоўвала свае зберажэннi дома, давялося змiрыцца з прынятымi кiраўнiцтвам рашэннямi, а мэта рэформы была дасягнута – аб’ём грашовай масы значна зменшыўся не толькi ў насельнiцтва, але таксама i ў калгасаў. З адменай карткавай сiстэмы рознiчныя цэны на сельгаспрадукты знiжалiся, што пацягнула панiжэнне цэн на калгасных рынках пры ўзрастаннi памераў грашовых падаткаабкладанняў [27].

Адмена карткавай сiстэмы прывяла да яшчэ большага дэфiцыту тавараў, асаблiва ў дзяржаўных крамах, што паспрыяла спекуляцыi. Пазiтыўная прапаганда паляпшэння становiшча кантраставала з чэргамi па хлеб i цэнамi, вышэйшымi за даваенны ўзровень, нават пасля панiжэнняў. Усё гэта выклiкала незадавальненне i трывогу ў нiзкааплатных слаёў насельнiцтва, асаблiва жанчын, якiя мелi шмат дзяцей i страцiлi мужоў на вайне.

Жыллёвая праблема

Ранейшая жыллёвая праблема стала асаблiва вострай з прычыны разбурэнняў, прынесеных вайной у БССР. Аналiз архiўных матэрыялаў, зроблены А. I. Котавым, сведчыў, што ў канцы 1950 г. па БССР у зямлянках i на падсяленнi заставалiся яшчэ тысячы сем’яў калгаснiкаў, рабочых саўгасаў, леспрамгасаў i МТС [28]. Асаблiва цяжка было ў гарадах. Пераезд у горад тысячаў сялян ад калектывiзацыi i галечы яшчэ больш абвастрыў жыллёвы крызiс. Для звычайнага чалавека ўзнiкала вялiкая колькасць праблем: пераселенасць плошчаў, сваркi памiж суседзямi, спрэчкi дзяржаўных арганiзацый з жыхарамi, з якiмi часта дзялiлi адну кватэру (напрыклад, суды).

Дэфiцыт жылля быў настолькi востры, што нават з лепшым сацыяльным статусам i сувязямi было цяжка чагосьцi дамагчыся. На сярэдзiну 1948 г. пытанне матэрыяльна-бытавых умоў i ў органах мiлiцыi заставалася самым актуальным. 180 афiцэраў у г. Мiнску былi вымушаны здымаць пакоi на прыватных кватэрах, плацячы за гэта па 150–300 руб. у месяц. 625 чалавек шараговага i сяржанцкага складу мiлiцыi г. Мiнска жылi ў iнтэрнаце, якi быў на мяжы абвалу, дзе на чалавека не прыходзiлася нават 1 метра. З-за адсутнасцi жылля некаторыя былi вымушаны жыць адарванымi ад сем’яў ад аднаго года i болей, што прыводзiла да немагчымасцi матэрыяльнага забеспячэння апошнiх, сямейных разладаў i розных амаральных праяў [29].

Для атрымання жылля ўжывалiся ўсялякiя, нават незаконныя сродкi. Людзi са статусам маглi злоўжываць сваiм становiшчам, каб атрымаць жыллё. Начальнiк Радашковiцкага РА МДБ маёр Савельеў, якi дамогся рашэння Радашковiцкага райвыканкама пра перадачу шэрагу кватэр супрацоўнiкам МДБ, з’явiўся 25 красавiка 1947 г. з двума супрацоўнiкамi РА МДБ у вызначаны дом i выселiў на вулiцу з рэчамi не толькi без рашэння суда цi пастановы пракурора, але i без папярэджання дзвюх жанчын, якiя жылi там некалькi гадоў i выхоўвалi малалетнiх дзяцей. У вызваленыя такiм шляхам кватэры засялiлiся супрацоўнiкi РА МДБ [30]. Падобныя выпадкi былi не рэдкасцю. За супрацiўленне такiм дзеянням маглi прыцягнуць да крымiнальнай адказнасцi. К. В. Кляўза была асуджана на тры месяцы папраўча-працоўных работ па месцы працы з утрыманнем 25 % з заробку за тое, што абразiла супрацоўнiкаў швейнай майстэрнi спецгандлю, бо яны незаконна высялялi яе з кватэры [31].

Невiнаватага маглi абгаварыць, калi хацелi завалодаць яго кватэрай. Прыкладам з’яўляецца абвiнавачанне Л. А. Дамброўскай у «разгульным ладзе жыцця i ўтрыманнi прытона», пабудаванае на прыдуманых паказаннях маёра мiлiцыi Лiхтэрмана, якi жадаў завалодаць кватэрай абвiнавачанай. Нягледзячы на вiдавочную фальсiфiкацыю, народны суд вынес прысуд абвiнавачанай – 1 год i 6 месяцаў пазбаўлення волi. Па скарзе асуджанай разбiраўся нават Вярхоўны суд, у вынiку толькi больш чым праз восем месяцаў утрымання пад вартай Л. А. Дамброўская была апраўдана [32].

У вырашэннi жыллёвага пытання паказальная перавага меркавання партыi над рашэннямi судовых органаў. Народным судом г. Брэста 23 кастрычнiка 1947 г. было вынесена рашэнне аб высяленнi гр. Хадукiна як незаконна ўселенага ў кватэру Стральцова. Але яно не выконвалася з-за ўмяшальнiцтва кiраўнiцтва вобласцi, якое было супраць высялення гр. Хадукiна, бо апошнi быў уселены ў кватэру Стральцова ў парадку рэалiзацыi ўказання ЦК КП(б)Б аб размяшчэннi афiцэраў Савецкай Армii. У вынiку выкананне рашэння суда (хаця яно не аспрэчвалася афiцыйна) стала практычна немагчымым, бо органы МУС адмовiлiся аказваць садзеянне [33].

Жыллёвы крызiс зрабiў больш складанай праблему стаўлення да яўрэяў. Шмат iх кватэр i дамоў былi заняты кiруючымi работнiкамi рэспублiканскiх i абласных арганiзацый. Далёка не ўсе пагаджалiся вярнуць яўрэям iх ранейшыя кватэры. Людзi, якiя змагалiся за аб’ектыўны разгляд такiх спраў, часта станавiлiся ахвярамi рэпрэсiй. У 1944–1948 гг. А. Шэра, намеснiка начальнiка, а пасля начальнiка дзяржаўнага архiва Пiнскай вобл., якi па службовых абавязках выдаваў даведкi аб яўрэйскай маёмасцi на падставе архiўных звестак, пагражалi зволiць з працы за «разбазарванне жылога фонду» [34].

Пракурор Варашылаўскага раёна г. Мiнска Д. Р. Кiсель у красавiку 1949 г. быў выключаны з партыi i арыштаваны у г. Мiнску за перавышэнне службовых паўнамоцтваў у вяртаннi жылля дэмабiлiзаваным i iх сем’ям. Нягледзячы на заступнiцтва пракурора БССР i гераiчную дзейнасць падчас вайны яго прымусiлi падпiсаць паказаннi, што на глебе сваiх нацыяналiстычных поглядаў, выкарыстоўваючы правы райпракурора, ён незаконна высяляў з кватэр многiх савецкiх грамадзян, у тым лiку сем’i ваеннаслужачых, i ўсяляў у гэтыя кватэры яўрэяў па фiктыўных дакументах i пры дапамозе розных iлжэсведкаў, якiя даказвалi свае правы на такую маёмасць [35]. Д. Р. Кiсель быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення свабоды, а ў 1955 г. яго рэабiлiтавалi па палiтычных артыкулах, пакiнуўшы абвiнавачанне ў злоўжываннi службовым становiшчам [36].

Немагчымасцi знайсцi жыллё вымушала людзей жыць нават i ў не прызначаных для гэтага грамадскiх будынках. Але ўладамi такая практыка прыпынялася, бо паводле iснуючых iнструкцый дадзеныя пабудовы перадавалiся назад установам, якiм яны належалi да вайны, з высяленнем пражываючых [37].

Пашпартная сiстэма

З увядзеннем у 1932 г. у СССР пашпартоў (у 1940 г. пашырана i на заходнiя тэрыторыi, далучаныя да УССР i БССР) быў устаноўлены афiцыйны кантроль за перамяшчэннем насельнiцтва па краiне, фактычна падтрымлiвалася сiстэма вышуку небяспечных для ўлад асоб. Усе грамадзяне СССР ваўзросце ад 16 гадоў, хто пастаянна пражываў у гарадах, рабочых пасёлках, працаваў на транспарце, у саўгасах i на новабудоўлях, абавязаны былi мець пашпарты. Пяцiгадовыя пашпарты выдавалiся асобам ад 16 да 55 гадоў, а ад 55 гадоў, а таксама ардэнаносцам, iнвалiдам выдавалiся бестэрмiновыя пашпарты. Захоўвалiся часовыя пасведчаннi для асоб, якiя выязджалi ў мясцовасцi без уведзенай пашпартнай сiстэмы. У пашпартызаваных мясцовасцях пашпарт з’яўляўся адзiным дакументам, якi сведчыў пра асобу. На гэтай тэрыторыi была ўведзена абавязковая прапiска пашпартоў у органах мiлiцыi не пазней за 24 гадзiны пасля прыбыцця на новае месца жыхарства.
Таксама абавязковай была выпiска для тых, хто выбываў з межаў дадзенага населенага пункта на тэрмiн ад двух i больш месяцаў цi назаўсёды [38].

Без прапiскi немагчыма было знайсцi жыллё, працаўладкавацца, ажанiцца i г. д. Для сельскага насельнiцтва гэта значыла падвойны кантроль, бо калгаснiкi жылi без пашпартоў, што прымацоўвала iх да калгасаў. Выезд на iншае месца жыхарства мог адбыцца толькi з атрыманнем пашпарта, што рабiлася з дазволу кiраўнiцтва калгаса i сельсавета, якiя, як правiла, у гэтым былi не зацiкаўлены [39]. Падобна да калгаснiкаў бяспраўнымi сталi i рабочыя, бо ў працуючых у абароннай i вугальнай прамысловасцi, на чыгуначным транспарце забiралi пашпарты на неакрэслены тэрмiн, замест якiх выдавалiся спецыяльныя пасведчаннi [40].

Рэжымныя тэрыторыi распаўсюджвалiся да 1953 г. па СССР на 340 гарадоў, мясцовасцей i чыгуначных вузлоў, на памежную зону ўздоўж усёй мяжы шырынёй ад 15 да 200 км. З ростам горада i ўзводзеннем у iм прамысловых аб’ектаў, большая частка якiх уваходзiла ў ваенна-прамысловы комплекс, хутка адбываўся яго перавод у «рэжымную мясцовасць». Тыя, хто прыязджаў туды, павiнны былi прадстаўляць акрамя пашпарта даведку аб наяўнасцi жылплошчы i дакументы, якiя сведчылi пра мэты прыбыцця (запрашэнне на працу, даведку праўлення калгаса аб водпуску ў «сыход» i iнш.). Калi памер жылплошчы быў меншы за ўстаноўленую санiтарную норму, то ў прапiсцы маглi адмовiць [41].

Сакрэтны раздзел iнструкцыi па выдачы пашпартоў 1933 г. устанаўлiваў абмежаваннi на выдачу пашпартоў i прапiску ў рэжымных мясцовасцях для наступных груп насельнiцтва: «не занятых грамадскакарыснай працай» на вытворчасцi, ва ўстановах, школах (за выключэннем iнвалiдаў i пенсiянераў); збеглых з вёсак «кулакоў» i «раскулачаных», хаця б яны працавалi на прадпрыемствах цi былi на службе ў савецкiх установах; перабежчыкаў з-за мяжы; прыбылых з iншых гарадоў i сёл краiны пасля 1 студзеня 1931 г. «без запрашэння на працу ўстановай цi прадпрыемствам, калi не мелi пэўных заняткаў, цi хаця i працавалi ва ўстановах або на прадпрыемствах, але былi яўнымi летунамi» (тымi, хто часта змяняў месца працы) цi звальнялiся за дэзарганiзацыю вытворчасцi, г. зн. i кулакоў, прыватных гандляроў, святароў, былых зняволеных i сасланых, у тым лiку асуджаных нават за самыя нязначныя злачынствы, а таксама членаў сем’яў усiх пералiчаных груп. Выключэннi рабiлiся толькi для спецыялiстаў, без якiх не маглi абысцiся [42].

Прыкладам рэжымнай мясцовасцi ў БССР была сталiца г. Мiнск. Атрымаць там прапiску можна было рознымi шляхамi. У пашпартны стол паступалi заявы грамадзян па пытаннях прапiскi iх у якiм-небудзь раёне Мiнскай вобл. пасля таго, як iм было адмоўлена ў прапiсцы на жыхарства ў г. Мiнску. Такiя заявы, як правiла, атрымоўвалi задавальненне, калi адсутнiчалi iншыя прычыны аператыўнага характару [43]. Некаторыя прыдумлялi, што ў iх скралi дакументы, каб не высылалi з мясцовасцi, але гэта не заўсёды дапамагала [44]. Калi не было легальных магчымасцей атрымаць прапiску, то выкарыстоўвалiся сувязi ў органах унутраных спраў, давалi хабар [45]. Такiх выпадкаў было дастаткова шмат, прычым хабар iмкнулiся даць таксама пры затрыманнi органамi мiлiцыi з-за адсутнасцi прапiскi.

За пражыванне без пашпарта цi з пратэрмiнаваным пашпартам прадугледжваўся штраф у адмiнiстратыўным парадку да 100 руб., выкарыстоўвалася i папярэджанне [46]. Каб пазбегнуць штрафу за страту дакументаў, некаторыя асобы пiсалi заявы ў мiлiцыю аб iх крадзяжы [47]. Пражыванне ў рэжымных мясцовасцях асоб, якiя не падлягалi там прапiсцы, пасля таго як органамi мiлiцыi была адабрана падпiска аб выездзе цi пры папярэднiм адмiнiстратыўным пакараннi пагражала пазбаўленнем волi. Прадугледжвалася i адказнасць службовых асоб (домакiраўнiка, каменданта, дырэктара ўстановы, куды бралi на працу) i домаўладальнiкаў за пражыванне асоб без пашпартоў цi з пратэрмiнаванымi пашпартамi [48]. Указаннi мiлiцыi аб выдаленнi часам супярэчылi патрабаванням кiраўнiцтва на працы, якое магло накiраваць у суд справу аб дэзерцiрстве. Работнiку даводзiлася выбiраць найменшае зло (па справе аб дэзерцiрстве крымiнальная адказнасць была большай).
Напрыклад, 15 мая 1948 г. у г. Мiнску быў затрыманы А. Есьман, слесар, з якога была ўзята падпiска аб выдаленнi з г. Мiнска на рпацягу 24 гадзiн. 27 мая 1948 г. А. Есьман быў зноў затрыманы. Аказалася, што ён не пакiнуў горад, бо адмiнiстрацыя прадпрыемства не вызвалiла яго ад працы [49].

Пошук парушальнiкаў пашпартнага рэжыму сумяшчаўся таксама з пошукам iншых злачынцаў. У г. Мiнску ў межах працы па папярэджаннi кiшэнных крадзяжоў за 8 месяцаў 1952 г. было арыштавана 349 чал., з iх 179 было выдалена з горада ў парадку пашпартнага абмежавання [50]. Асоб такой катэгорыi шукалi нават на чыгунцы [51]. Некаторыя прыцягненнi да адказнасцi за парушэнне пашпартнага рэжыму былi цалкам незаконнымi. Напрыклад, у лютым 1948 г. быў аддадзены пад суд па названых матывах С. М. Пруднiкаў, якi быў прапiсаны ў iнтэрнаце ў г. Вiцебску, за тое, што часам заходзiў да сваёй роднай сястры ў тым жа горадзе i начаваў там [52].

Сямейныя праблемы

Вайна прынесла змены ў полава-ўзроставую структуру грамадства i дадатковыя цяжкасцi ў сям’ю. Вялiкiя страты мужчынскага складу прывялi да значнага гендэрнага дысбалансу. Адказнасць па захаваннi сям’i ўскладалася пераважна на плечы жанчын, якiх было больш, асаблiва ў вёсцы. Па дадзеных на 1947 г. сярод працаздольнага насельнiцтва вёскi ад 12 да 60 гадоў (такога па вёсцы было 46 %) жанчыны ад 16 да 50 гадоў складалi 56 %, падлеткi ад 12 да 16 гадоў – 19 %, а мужчын ад 16 да 60 гадоў было 25 % [53].

Было шмат няпоўных сем’яў i сiрот, незаконнанароджаных дзяцей ад салдат i мацi-адзiночак. Нярэдкi быў распад сем’яў па шэрагу прычын, сярод якiх – немагчымасць жыць у адным населеным пункце, бо быў патрэбен дазвол на пражыванне, на перавод на iншае месца працы, каб злучыцца з сям’ёй цi палепшыць жыллёвыя ўмовы. Эвакуацыя выклiкала дадатковыя праблемы – прывязанасць выехаўшых да эвакуiраванага прадпрыемства цi завядзенне тымi, хто застаўся ў адрыве ад сям’i, новых сем’яў. Усе вышэйзгаданыя праблемы правакавалi сыход мужчын з сям’i з разводам цi без яго. Неразведзеныя жонкi, чые мужы сышлi ў iншую сям’ю, не маглi яшчэ раз выходзiць замуж.

Адказнасць мужоў за дваяжэнства i сыход, як правiла, была ўмоўнай i не дапамагала аднаўленню сем’яў. Участковы ўпаўнаважаны РА МУС Бягомльскага раёна Глазко, знаходзячыся ў юрыдычным шлюбе i маючы адно дзiця, выкарыстаў сваё службовае становiшча i ўзяў другi шлюб з гр. Васюкевiч, аформiўшы яго рэгiстрацыяй, тады як першы не быў скасаваны. Яму далi дысцыплiнарнае спагнанне ў памеры 10 сутак за амаральныя паводзiны i прысваенне канфiскаванага самагону [54]. Былi выпадкi, калi муж атрымоўваў дапамогу на жонку i дзяцей, з якiмi не пражываў [55].

На пазашлюбныя сувязi звярталася мала ўвагi. Як правiла, выкрывалi дваяжэнцаў, якiя знаходзiлiся на адказных пасадах, бо яны павiнны былi быць прыкладам у грамадстве. Так, мiнiстр дзяржбяспекi БССР Л. Ф. Цанава звяртаў увагу сакратара ЦК КП(б)Б М. I. Гусарава на шырокавядомы дыскрэдытуючы факт аб тым, што I. Дз. Ветраў, пракурор БССР, меў дзвюх жонак [56]. Па даведцы аб стане партыйнасцi ў органах МДБ Маладзечанскай вобл. на 13 чэрвеня 1952 г. за непартыйныя паводзiны ў сям’i, мнагажэнства мелi партыйныя спагнаннi 3 чалавекi з 10 пакараных на той момант (у асноўным вымовы з занясеннем ва ўлiковую картку) [57].

Нявыплата прысуджаных сродкаў на ўтрыманне дзяцей (алiментаў) цi пакiданне бацькамi дзяцей без належнай падтрымкi цягнулi турэмнае зняволенне да двух гадоў [58]. Але адказнасць па дадзеным артыкуле Крымiнальнага кодэкса была рэдкай. Неплацельшчыка алiментаў, якi мог збегчы за межы рэспублiкi, напрыклад, па мабiлiзацыi на працы, не знаходзiлi, а адпаведныя ведамствы не iмкнулiся вырашаць гэтую праблему. Па стане на 1 сакавiка 1948 г. у органах мiлiцыi Мiнскай вобл. знаходзiлася ў вытворчасцi 32 справы. Нi па адной справе не быў абвешчаны саюзны росшук [59]. У нарсуд г. Орша ў лютым 1947 г. паступiла заява гр-кi Арнаутавай з просьбай аб спагнаннi алiментаў з яе былога мужа на ўтрыманне дзiцяцi. Заява праляжала ў нарсуддзi на працягу года i была разгледжана толькi ў лютым 1948 г. [60]. Мелi месца i iншыя падобныя выпадкi.

На плечы жанчын клаўся асноўны клопат па ўтрыманнi i захаваннi сям’i – яны кармiлi i апраналi сям’ю, займалiся жыллём, наладжвалi адносiны з суседзямi па камуналцы i iнш. Выкананне дадзеных абавязкаў ускладнялася рознымi акалiчнасцямi. Да хатнiх гаспадыняў ставiлiся як да людзей другога гатунку, фактычна як да паразiтычнага элемента (катэгорыя г. зв. утрыманцаў) – iм належаў меншы паёк, пры патрэбе iх прыцягвалi да выканання грамадскiх прац. Працу жанчынам, як правiла, прапаноўвалi нiзкаквалiфiкаваную i нiзкааплатную, а з малымi дзецьмi бралi неахвотна, пра што сведчыць прыняцце ўказа Прэзiдыўмам Вярхоўнага Савета СССР ад 19 мая 1949 г. «Аб паляпшэннi справы дзяржаўнай дапамогi шматдзетным i адзiнокiм мацi i паляпшэннi ўмоў працы i быту жанчын», якiм было ўстаноўлена, што за адмову ў прыёме мацi, якiя кормяць грудзьмi, на працу i за знiжэнне iм заработнай платы па гэтых матывах вiнаватыя прыцягвалiся да адказнасцi [61].

Дапамога па доглядзе дзяцей была малой i толькi для шматдзетных мацi, якiя мелi чацвёра i больш дзяцей (колькасць такiх павялiчылася з 1945 да 1950 г. з 45,9 да 143,1 тысячы чалавек). Працавала недастаткова садкоў – у 1945 г. на 24 тысячы дзяцей, а на 1953 г. не нашмат болей – на 36,1 тысячы дзяцей [62]. У 1950 г. па БССР было толькi 641 дактар-педыятр [63]. Па доглядзе за дзiцём прадастаўляўся непрацяглы пасляродавы адпачынак (два тыднi), пасля заканчэння якога жанчына павiнна была выходзiць на працу, шукаючы, з кiм пакiнуць дзiця.

Дзеянне савецкага заканадаўства на сям’ю было супярэчлiвым, часам негатыўным. Улады рэгулявалi планаванне сям’i праз забарону абортаў. З-за праводзiмай рэпрэсiўнай палiтыкi кулацкiх дзяцей не хацелi браць пад апеку, бо лiчылi гэта небяспечным. Дапамога шматдзетным мацi, мужы якiх былi арыштаваны як ворагi народа, не выплочвалася. Асабiстае жыццё ўлiчвалася пры складаннi характарыстыкi палiтычных i дзелавых якасцей службовых асоб, за яго маглi рэпрэсiраваць. Напрыклад, з апарата Мiнгархарчгандлю прапанавалi зволiць Л. Б. Iгнатовiч, якая пры немцах жыла ў г. Мiнску, была ў пазашлюбнай сувязi з уласаўцамi i была раней асуджана на 5 гадоў [64].

Сямейныя праблемы былi прыватнай сферай, але часта тыя, хто скардзiўся ў органы ўлады, апелявалi да вызначэння сям’i як важнага iнстытута грамадства i дзяржавы. Як правiла, прасiлi дапамогi ў дзяржавы жанчыны, якiя не маглi знайсцi iншага сродку ўплыву на збеглых мужоў i хацелi хаця б спагнаць алiменты. Нягледзячы на тое, што збiццё жонак i дзяцей было нярэдкiм у сем’ях, на гэта фактычна не скардзiлiся, хаця здаралсяi выключэннi. Оперупаўнаважанаму Лепельскага раёна Багданаву за сiстэматычныя сямейныя сваркi i збiццё жонкi было пастаўлена на вiд, а па адмiнiстратыўнай лiнii ён быў пакараны 6 суткамi арышту [65]. Былi скаргi ў партыю i ад мужчын. Напрыклад, на дырэктара iнстытута тэарэтычнай медыцыны АН БССР А. Ю. Баранавiцкага, якi спакусiў жонку Сцепаненкi, яе муж паскардзiўся ў партбюро АН БССР [66].

Уладзе было выгадна такiм чынам умешвацца ў асабiстае жыццё сваiх грамадзян. Сям’ю як ячэйку грамадства было прасцей кантраляваць, таму ў дзяржаве былi прыняты разнастайныя меры для таго, каб умацаваць яе i зрабiць немагчымым для звычайнага грамадзянiна жыць па-за нормай. Гэта датычылася i планавання сям’i. Уважлiва сачылi за бiяграфiямi адказных асоб, з кiм яны мелi блiзкiя адносiны цi бралi шлюб. Яшчэ адным крокам па абмежаваннi свабоды ў фармiраваннi сям’i ў СССР было зацвярджэнне ўказа «Аб забароне шлюбаў памiж грамадзянамi СССР i замежнiкамi» ў лютым 1947 г. [67].

Маючы патрэбу ў працоўнай сiле пры вялiкiх чалавечых стратах на вайне, улады iмкнулiся да кантролю за стабiльнасцю прыросту насельнiцтва. Гэтаму дапамагала прынятая заканадаўчая сiстэма – фактычная забарона абортаў, абкладанне падаткамi халасцякоў i маласямейных. Пры гэтым не зважалi на тое, што такiя абмежаваннi прыводзiлi сем’i да галечы i значнага пагаршэння адносiн. Складанае пасляваеннае становiшча – вострая жыллёвая праблема, цяжкая праца, няўстойлiвыя сем’i, дэфiцыт самага неабходнага штурхалi жанчын на правядзенне крымiнальных абортаў [68].

Аборты ў СССР былi забаронены на падставе пастановы ЦВК i СНК ад 27 чэрвеня 1936 г. Штучнае перапыненне цяжарнасцi дапускалася толькi ў выключных выпадках – па медыцынскiх паказаннях [69], атрымаць дазвол ад улады па iншых меркаваннях было фактычна нерэальна. Правядзенне абортаў па-за лякарнямi цi ў лякарнях, але з парушэннем устаноўленых законам для гэтага ўмоў каралася турэмным зняволеннем. Найлягчэйшай за ўсё была адказнасць самiх цяжарных жанчын: за правядзенне аборту без дазволу выносiлася грамадская вымова, а пры паўторным парушэннi закона – штраф да 300 руб. [70]. Для таго, каб абаранiць бабак-павiтух, ахвяры звычайна настойвалi на тым, што яны самi зрабiлi аборты. Як вынiк – пэўная колькасць пакалечаных жанчын, некаторыя нават памiралi падчас гэтай аперацыi, якая магла праводзiцца неквалiфiкаванымi спецыялiстамi.

Справы пра аборты вялiся дастаткова рэдка пры агульнай вялiкай колькасцi выпадкаў [71]. Умоўнасць статыстыкi МУС па абортах бачная па дадзеных Талачынскага райздрава: толькi на працягу другога паўгоддзя 1947 – першага паўгоддзя 1948 г. у лякарню паступiла 138 жанчын з выпадкамi абортаў, зробленых па-за лякарнямi. Аднак нiводнай справы ўзбуджана не было [72]. Нi органы следства, нi медработнiкi не былi арыентаваны на выяўленне фактаў крымiнальных абортаў, хаця такiя справы былi лёгкiмi для следчых. Звычайна органы мiлiцыi не падтрымлiвалi пастаянных кантактаў з лячэбнымi ўстановамi, пакуль не ўзнiкала патрэба выканання плана па хуткiм раскрыццi спраў.

Выжыванне праз здзяйсненне злачынстваў

Пасля вайны адбываецца значны рост злачыннасцi, у тым лiку таму, што частка злачынцаў, былых удзельнiкаў вайны, амнiсцiраваных вярнулася да сваёй дзейнасцi [73]. Асноўная маса грамадзян не ведала пра рэальны ўзровень злачыннасцi, бо прэса нават пра самыя гучныя выпадкi, як правiла, не пiсала. Недаiнфармаванасць выклiкала яшчэ большы страх людзей, якiя баялiся страцiць апошняе, тым больш што пасля вайны засталося шмат зброi.

Сярод разглядаемых крымiнальных дзеянняў, якiя пераважалi ў справаздачах органаў мiлiцыi, былi раскраданне сацыялiстычнай маёмасцi, спекуляцыя, самагонаварэнне, павелiчэнне колькасцi выпадкаў якiх справакавала пасляваенная галеча.

Самагонаварэнне

Барацьба з самагонаварэннем вялася не толькi ў мэтах змяншэння п’янства, а i для эканомii збожжа. Таму вiдавочны рост увагi да гэтага вiду злачынстваў пасля прыняцця адпаведных пастаноў па ахове хлеба. У 1947 г. па гэтай прычыне ў БССР было ўзбуджана каля 1 тыс. спраў, у 1948 г. iх колькасць перавысiла 5,5 тыс. [74]. Павелiчэнне колькасцi спраў было звязана ў першую чаргу з уступленнем у сiлу ўказа Прэзiдыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 7 красавiка 1948 г. «Аб крымiнальнай адказнасцi за выраб i продаж самагону». Выраб i захаванне самагону з мэтай збыту, збыт самагону, а таксама выраб i збыт у выглядзе промыслу самагонных апаратаў каралiся зняволеннем у папраўча-працоўных лагерах на тэрмiн ад 6 да 7 гадоў з канфiскацыяй усёй маёмасцi цi яе часткi. Выраб самагону без мэты продажу караўся пазбаўленнем волi на тэрмiн ад аднаго да двух гадоў з канфiскацыяй самагону i прылад яго вырабу [75].

Пазбегнуць адказнасцi самагоншчыкам дапамагала схiльнасць некаторых прадстаўнiкоў улады да п’янства. Участковы ўпаўнаважаны Крупскага РА МУС Салаўёў за час працы не закончыў нiводнай справы на самагоншчыкаў. Напрыклад, 18 красавiка 1948 г. ён узбудзiў справу супраць Каравацкага, але, распiўшы з iм 0,5 лiтра самагону, далейшае вядзенне справы спынiў [76].

Выкарыстанне жорсткага заканадаўства было адносным i залежала ад судовых органаў. Напрыклад, нарсуд Лепельскага раёна 16 лiпеня 1948 г. асудзiў А. А. Клiменцiёнак за самагонаварэнне на 6 гадоў папраўча-працоўных лагероў з канфiскацыяй маёмасцi [77]. А вось па справах аб самагонаварэннi па Вiцебскай вобл. у 1948 г., як правiла, выбiралася мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волi. Паказальны прыклад уяўляў Талачынскi раён, дзе з 15 разгледжаных нарсудом спраў па 14 справах да злачынцаў было выкарыстана цi ўмоўнае асуджэнне, цi папраўча-працоўныя работы па месцы працы [78]. Патрабаванне ўказа ад 7 красавiка 1948 г. аб канфiскацыi прылад вырабу самагону таксама часта не выконвалася [79].

Самагонаварэнне з’яўлялася дадатковай крынiцай прыбытку для насельнiцтва, у першую чаргу для беднякоў i сялян-аднаасобнiкаў. Праверка ўлетку 1948 г. працы судовых органаў Лепельскага раёна паказала, што пад суд як самагоншчыкi аддавалiся збольшага жонкi загiнулых франтавiкоў, абцяжараныя малымi дзецьмi, i суды нават пасля ўказа ад 7 красавiка 1948 г. былi вымушаны выкарыстоўваць меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волi [80].

Але такая мяккасць залежала ад суддзi i праяўлялася не заўсёды. А. Я. Шабуня 31 мая 1948 г. была асуджана на 1 год пазбаўлення волi, хаця яна была жонкай загiнулага на фронце i мела чатырох дзяцей ад 8 да 16 гадоў, яе маёмасць была знiшчана немцамi, а на набыццё хаты яна прадала апошнюю карову. Па тлумачэннi жанчыны, яна хацела вырабiць самагон, каб запрасiць калгаснiкаў скласцi хату. Трое дзяцей па вызначэннi суда былi змешчаны ў дзетдом. Праверка сярэдзiны 1948 г. адзначыла, што iзаляцыя Шабунi не з’яўлялася неабходнасцю [81].

Як i па iншых вiдах злачынстваў, органы дазнання маглi рабiць фальсiфiкацыi, iмкнучыся выканаць план. Участковы ўпаўнаважаны Плешчанiцкага РА МУС Савiч 5 мая 1948 г. пачаў крымiнальную справу супраць грамадзянкi С. З. Стралкоўскай, паколькi пры вобыску ў яе было знойдзена 3,5 лiтра самагону. Дадзеную справу Савiч сфальсiфiкаваў. С. З. Стралкоўская канфiскаваны ў яе самагон набыла ў сялян, якiя прыязджалi на рынак, для таго, каб зрабiць iмянiны дзiцяцi сваёй дачкi, а вырабам i продажам самагону не займалася. Савiч, карыстаючыся малаадукаванасцю абвiнавачанай, унёс у пратакол допыту паказаннi ад яе iмя: «Я займалася самагонакурэннем i выдаткавала мукi 3 кг i iншыя прадукты». Паказаннi сведак таксама былi запiсаны няправiльна. На падставе такiх паказанняў С. З. Стралкоўская 31 мая 1948 г. Плешчанiцкiм нарсудом была асуджана на 1 год турэмнага зняволення, але па скарзе аблсудом прысуд быў адменены, а справа пасля даследавання спынена.
Абвiнавачаная знаходзiлася пад вартай 2 месяцы 11 дзён, а меры па пакараннi ўпаўнаважанага Савiча прыняты не былi [82].

Спекуляцыя

Неабходныя колькасцi прадуктаў атрымоўвалi толькi г. Масква i iншыя сталiцы саюзных рэспублiк, пры гэтым нават у г. Мiнску не хапала хлеба. У крамы сельскай мясцовасцi хлеб завозiлi радзей чым раз на тыдзень, не кажучы пра iншыя тавары. Недахоп неабходных для iснавання тавараў прыводзiў да распаўсюджання спекуляцыi, за якую прадугледжвалася пазбаўленне волi не менш як на пяць гадоў з поўнай цi частковай канфiскацыяй маёмасцi. Пры гэтым не дапускалася адданне пад суд па абвiнавачаннi ў спекуляцыi за захоўванне i продаж прыналежных прадуктаў сельскай гаспадаркi i прадметаў масавага спажывання, калi не былi даказаны факты скупкi i перапродажу гэтых прадметаў i прадуктаў для ўзбагачэння. Таксама не павiнны былi прыцягваць да адказнасцi калгаснiкаў за продаж прадуктаў сваёй гаспадаркi цi вырабаў саматужнага промыслу (калi яны рабiлiся ў адпаведнасцi з рэгiстрацыйным пасведчаннем промыслу) [83].

Спекуляцыя квалiфiкавалася ўладамi як адзiн з самых небяспечных вiдаў злачынстваў, бо пры наяўнасцi грошай цi рэчаў для абмену ў спекулянтаў, якiя мелi сувязi ў сiлавых органах, досыць нескладана было здабыць нават зброю [84]. Нарастанне крызiснай сiтуацыi ў сувязi з неўраджаем 1946 г. выклiкала прыняцце 13 верасня 1946 г. Саветам Мiнiстраў СССР пастановы «Аб узмацненнi барацьбы са спекуляцыяй». У загадзе МУС СССР ад 23 верасня 1946 г., прынятым услед за пастановай, прадпiсвалася абвiнавачаных у спекуляцыi арыштоўваць да суда, а таксама прыцягваць да крымiнальнай адказнасцi службовых асоб, якiя спрыялi спекулянтам. Дадзеныя меры прывялi да таго, што ў вынiку колькасць зарэгiстраваных у рэспублiцы выпадкаў спекуляцыi пачала змяншацца. Калi ў 1946 г. было выкрыта 1484 выпадкi, то ў 1950 г. – 431 [85]. Выкрывалi спекуляцыю праз агентурныя дадзеныя i назiранне за спекулянтамi на рынках i станцыях чыгункi [86].

Асноўнымi вiдамi спекуляцыi з’яўлялiся скупка прадуктаў i жывёлы ў заходнiх абласцях i перапродаж iх ва ўсходнiх, закупка прадуктаў у вёсцы цi дэфiцытных тавараў у цэнтральных гарадах СССР. Спекулянтамi былi розныя людзi – ад рэальных злачынцаў да тых, хто рабiў гэта, каб не памерцi з голаду. Сярод iх быў шэраг адарваных ад свайго класа – сяляне, якiя перасялiлiся ў горад пад уплывам калектывiзацыi, iнвалiды, сем’i без кармiльца i г. д. Большасць прыцягнутых да адказнасцi не мелi пэўных заняткаў (каля 70 %) i нават маёмасцi, якую можна было б канфiскаваць па прысудзе [87].

Пры гэтым захоўвалася пэўная колькасць спраў, калi з мэтай атрымання прыбытку здзяйснялiся буйныя спекулятыўныя аперацыi, як правiла, пры дапамозе асобных работнiкаў гандлёвых арганiзацый, якiя, працуючы групай, падраблялi дакументы i прыхоўвалi некаторую частку тавараў, рэалiзуючы iх спекулянтам цi на рынку праз спецыяльных асоб [88]. Пры набыццi запчастак i iншых неабходных рэчаў закупшчыкам часта даводзiлся сутыкацца са спекулятыўнымi цэнамi, выстаўляемымi самiмi дзяржаўнымi чыноўнiкамi [89].

Крадзяжы

Змаганне з крадзяжамi, асаблiва грамадскай i дзяржаўнай уласнасцi. было адным з найважнейшых кiрункаў унутранай палiтыкi дадзенага перыяду. Скарачэнне паступленняў хлеба на ўнутраны рынак, рост цэн увесну 1947 г. прывялi да павелiчэння крадзяжоў зерня i хлебабулачных вырабаў. А дзяржава замест змагання з сапраўднай прычынай – голадам зрабiла больш жорсткiмi пакараннi. З гэтай мэтай былi прыняты ўказы ад 4 чэрвеня 1947 г. аб адказнасцi за крадзеж дзяржаўнай, грамадскай i асабiстай маёмасцi. Згодна з гэтым указам за крадзеж дзяржаўнай маёмасцi мiнiмальны тэрмiн пакарання быў вышэйшы, чым раней, а адказнасць – большай, чым за крадзеж асабiстай маёмасцi. На практыцы за раскраданне сацыялiстычнай уласнасцi пагражала ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волi, а за паўторнае злачынства – да 25 гадоў, за крадзеж асабiстай маёмасцi – зняволенне ў папраўча-працоўных лагерах на тэрмiн ад 5 да 6 гадоў, пры здзяйсненнi групай цi паўторна ўжо 6—10 гадоў папраўча-працоўных лагероў [90].

Пракурорскiя работнiкi пастаралiся паказаць важнасць дадзеных законаў i прыцягнення па iх да адказнасцi праз пэўную колькасць пратэстаў, з якiх большасць была ўнесена з-за неабгрунтаванага апраўдання цi занадта мяккай меры пакарання [91]. Напрыклад, мяккiм палiчылi прысуд па справе А. Каско (ужо раней умоўна асуджанай за крадзеж калгаснай маёмасцi), якую за крадзеж 2 кг жытнiх каласоў асудзiлi на 5 гадоў, але вызвалiлi ад адбывання пакарання па малазначнасцi злачынства i адсутнасцi небяспекi для грамадства [92].

Прыняцце ўказаў ад 4 чэрвеня 1947 г. павялiчыла колькасць спраў i асуджэнняў па БССР [93]. Нягледзячы на гэта, не было дасягнута значнага змяншэння колькасцi крадзяжоў, а па некаторых сiстэмах i ведамствах паказчыкi нават павялiчылiся. Асаблiва цяжкая сiтуацыя назiралася ў сiстэме спажывецкай кааперацыi, Мiнiстэрстве гандлю i Мiнiстэрстве лясной прамысловасцi [94]. Наяўнасць вялiкай колькасцi спраў па раскраданнях прыводзiла да нiзкай якасцi правядзення судовых пасяджэнняў, якiя часта заключалiся ў атрыманнi акта аб факце затрымання работнiцы цi калгаснiцы, якая, як правiла, адразу ж прызнавалася. На падставе гэтага без пошуку матываў здзейсненага выносiўся прысуд [95].

Большасць спраў была ўзбуджана па дробных выпадках i ўзнiкла ў калгасах з-за раскрадання зерня падчас уборкi (у трэцiм квартале 1947 г. 51,3 % прыцягнутых па гэтай катэгорыi спраў) i нязначных крадзяжоў на прамысловых прадпрыемствах. Паказальны рост колькасцi прыцягваемых да адказнасцi па дадзеным вiдзе злачынства. У параўнаннi з другiм кварталам (тады адказнасць за крадзяжы наступала па законе ад 7 жнiўня 1932 г.) у трэцiм квартале 1947 г. па БССР па калгасах было прыцягнута на 2003 чалавекi больш (павелiчэнне на 1353 % – 2 045 чал.), на прамысловых прадпрыемствах на 377 чалавек больш (рост на 380 % – 393 чал.) [96]. Вялiкая колькасць асуджэнняў за крадзеж хлеба павiнна была сведчыць кiраўнiцтву пра добры ўзровень барацьбы за захаванне дзяржаўнага хлеба. Але менавiта па гэтым вiдзе злачынства былi ўстаноўлены шматлiкiя факты неабгрунтаванага прыцягнення да адказнасцi i пазбаўлення волi, няправiльнай квалiфiкацыi дзеянняў асуджаных.
Большасць з асуджаных складалi калгаснiцы, якiя абвiнавачвалiся ў стрыжцы калгасных каласоў [97].

Дбайнасць у выкананнi ўказаў прыводзiла да парушэння законнасцi, асаблiва часта ў калгасах i сельсаветах. У шэрагу выпадкаў службовыя асобы пры незнаходжаннi раскраданняў калгаснай маёмасцi праводзiлi павальныя вобыскi ва ўсiх «падазроных» асоб цi нават ва ўсiх калгаснiкаў [98]. Iмкнучыся зняць з сябе адказнасць за растраты i раскраданнi, кiраўнiцтва магло пайсцi на абвiнавачанне ў здзяйсненнi злодзеем крадзяжу ў большых памерах, чым той зрабiў рэальна, далучыўшы да справы абвiнавачанне па iншых стратах, якiя мелiся ў гаспадарцы [99]. Абвiнавацiць i асудзiць маглi нават па падазрэннi ў ажыццяўленнi злачынства. Змаганне з неабгрунтаванымi прыцягненнямi да адказнасцi па малазначных i недаказаных выпадках крадзяжоў прыводзiла нават да спецыяльных рэкамендацый з боку пракуратуры кiраўнiцтву калгасаў – не ўзбуджаць крымiнальныя справы, а вырашаць такiя пытаннi на праўленнях калгаса i ўжываць да парушальнiкаў устаў сельскагаспадарчай арцелi [100].

Пракуратура невялiкую колькасць буйных спраў тлумачыла кепскай працай рэвiзiйных органаў, пракуратуры i мiлiцыi. Некаторыя факты раскраданняў былi знойдзены ў вынiку рэвiзiй, праведзеных Мiнiстэрствам дзяржкантролю, а таксама збору iнфармацыi МДБ (напрыклад, у сiстэме «Белзаготзерно» на 1 лiпеня 1946 г. раскрадзена было на суму каля 12 млн руб.), але матэрыялы ў органах пракуратуры БССР доўгi час знаходзiлiся ў стадыi папярэдняга следства [101].

Некаторыя дырэктары прадпрыемстваў па такiх выпадках абмяжоўвалiся дысцыплiнарнымi пакараннямi замест прыцягнення вiнаватых да судовай адказнасцi, асаблiва калi крадзеж быў дробным цi растратчык пагасiў суму недастачы. Напрыклад, дырэктар швейнай фабрыкi г. Бабруйска зрабiў заўвагу супрацоўнiцы Бяляевай за крадзеж шпулькi нiтак, а таксама супрацоўнiцы Сергiенка за крадзеж 0,60 см тканiны. Загады па гэтых выпадках не выдавалiся, каб не прыцягваць увагу праверак [102]. Часам раскрадальнiкi дзяржаўнай i грамадскай маёмасцi не толькi не прыцягвалiся да крымiнальнай i матэрыяльнай адказнасцi, а працягвалi працаваць на тым жа месцы.

Большасць крадзяжоў асабiстай маёмасцi мелi прычынай iснуючы дэфiцыт прадуктаў. Цесна звязана з выкананнем дадзенага ўказа аб ахове асабiстай уласнасцi грамадзян была барацьба па гарадах (асаблiва абласных) i чыгунках з г. зв. кiшэннымi крадзяжамi, якiя ў асноўным здзяйснялiся моладдзю да 25 гадоў, пераважна без пэўнага месца жыхарства i заняткаў [103]. Нiзкi ўзровень раскрывальнасцi спраў з’яўляўся вынiкам таго, што на працягу ўсяго 1947 г. па вялiкай колькасцi заяў i паведамленняў аб здзейсненых злачынствах у органах мiлiцыi не прымалася нiякiх мер па 4—5 i больш месяцаў i справы, узбуджаныя гэтымi заявамi, часта праз 5—6 месяцаў заканчвалiся спыненнем з-за незнаходжання злачынцаў, якiя маглi не пражываць па месцы здзяйснення злачынства. Значную колькасць фактаў здзейсненых злачынстваў органы мiлiцыi нават доўга не рэгiстравалi [104]. У той жа час i па гэтым вiдзе спраў былi выпадкi неабгрунтаванага iмкнення прыцягнуць да адказнасцi [105].

Высновы

Такiм чынам, адной з найважнейшых праблем беларускага грамадства i дзяржавы першага пасляваеннага дзесяцiгоддзя было пераадоленне вельмi цяжкiх эканамiчных наступстваў вайны. Дэфiцыт самага неабходнага стаў пастаяннай часткай штодзённасцi. Спалучэнне адмены карткавай сiстэмы, панiжэння цэн на калгасных рынках i ўзрастання памераў грашовых падаткаабкладанняў шокава паўздзейнiчала на вёску. Узнiк рэзкi дэфiцыт тавараў, асаблiва ў дзяржаўных крамах, а цэны нават пасля панiжэнняў былi вышэйшымi за даваенны ўзровень. Усё гэта выклiкала незадавальненне i трывогу ў нiзкааплатных слаёў насельнiцтва. Недахоп магчымасцей забеспячэння з боку дзяржавы паспрыяў абранню людзьмi стратэгii паводзiн, знешне арыентаваных на выкананне агульнапрынятых дзяржавай правiлаў, з выкарыстаннем самастойных, у тым лiку незаконных, шляхоў iснавання.

Ранейшая жыллёвая праблема стала асаблiва вострай пасля разбурэнняў. прынесеных вайной у БССР. Нават з лепшым сацыяльным статусам i сувязямi было цяжка чагосьцi дамагчыся. Таму для атрымання жылля ўжывалiся ўсялякiя, нават незаконныя сродкi. Дзяржава здзяйсняла афiцыйны кантроль за перамяшчэннем насельнiцтва па краiне. Асаблiва гэта адбiлася на жыхарах сельскай мясцовасцi, якiм выдавалi пашпарты толькi ў выпадку ад’езду з месца жыхарства з дазволу мясцовых начальнiкаў; рабочых, у якiх маглi забiраць пашпарты на працы на нявызначаны тэрмiн; былi ўведзены абмежаваннi на выдачу пашпартоў i прапiску для «ненадзейных» для Савецкай дзяржавы груп насельнiцтва.

Вялiкiя людскiя страты ў вайне прывялi да гендэрнага дысбалансу ў беларускiм грамадстве, павелiчэння ролi жанчыны, на якую ўскладалiся большая адказнасць за захаванне сем’яў i ўдзел у аднаўленнi рэспублiкi. Дзяржавай улiчвалiся такiя змены i прымалiся пэўныя захады для падтрымання жанчыны ў сям’i, а таксама жанчыны-працаўнiцы з мэтай стабiлiзацыi сiтуацыi ў краiне.


          КРЫНIЦЫ:

1. Романовский В.Н. Социология позднего сталинизма // Социологические исследования.- 1997.- №2.- С. 72.
2. Советская жизнь. 1945-1953.- М.: РОССПЭН, 2003.- С. 36, 67-68.
3. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ). Ф.4. Воп. 29. Спр. 602. А. 32.
4. Зима В.Ф. Голод в России 1946-1947 годов // Отечественная история.- М., 1993,- №1.- С. 44.
5. Зима В.Ф. Голод в СССР в 1946-1947 гг.: происхождение и последствия.- М.: ИРИ РАН, 1996.- С. 140.
6. Там же. Сс. 31, 33.
7. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 598. Аа. 63-68.
8. Зима В.Ф. Послевоенное общество: голод и преступность (1946-1947 гг.) // Отечественная история.- 1995.- №5.- С. 45-46.
9. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 601. Аа. 111-112; НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 602. А. 62.
10. Есть такая служба: воспоминания. Очерки. Публицистика.- Мн.: ЗАО «Бонем», 2002. – С. 75.
11. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 602. А. 10.
12. Зима В.Ф. Послевоенное общество… С. С.45.
13. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 601. А. 221.
14. Зима В.Ф. Послевоенное общество… С. 48г.
15. Зима В.Ф. Голод в СССР… С. 104
16. Зубкова Е.Ю. Послевоенное советское общество: политика и повседневность. 1945-1953.- М.: РОССПЭН, 1999.- С. 70.
17. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 686. А. 205.
18. Тамсама. Спр. 602. Аа. 230, 332.
19. Советская жизнь… Сс. 33-35.
20. Зубкова Е.Ю. Указ. соч. Сс. 70-71, 75-76.
21. Попов В.П. Сталин и проблемы экономической политики после Отечесвенной войны (1948-1953).- Изд. 2-е, исправл.- М.: Изд-во РАГС, 2002. С.34.
22. Тамсама. Сс. 49-50.
23. Денежная реформа 1947 года: реакция населения по документам из «Особых папок Сталина» // Отечественная история.- М. 1997.- №6.- С. 134-135; Попов В.П. Сталин и проблемы… С. 50; Решения партии и правительства по хозяйственным вопросам.- Т.3. 1941-1952. – М.: Изд-во полит. лит-ры, 1968. - С. 461-463.
24. Малафеев А.Н. История ценообразования в СССР (1917-1963 гг.) – М.: Мысль, 1964. – Сс. 432-433.
25. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 686. Аа. 122, 141-143.
26. Тамсама. Спр. 846. А. 17.
27. Попов В.П. Сталин и проблемы… – С. 51.
28. Котаў А. I. Некаторыя пытаннi вырашэння жыллёвай праблемы ў пасляваеннай беларускай вёсцы (1945 – 1955) // Гiстарычная навука i гiстарычная адукацыя ў Рэспублiцы Беларусь (новыя канцэпцыi i падыходы). – Усебел. канф. гiсторыкаў. – Мiнск, 3—5 лют. 1993 г.: у 2 ч. – Ч. 1. Гiсторыя Беларусi. – Мн.: Унiверсiтэцкае, 1994. – С. 228.
29. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 846. А. 9.
30. Тамсама. Спр. 601. А. 415.
31. Тамсама. Спр. 841. Аа. 144-145.
32. Тамсама. Аа. 166-167.
33. Тамсама. Спр. 686. А. 321.
34. Смиловицкий Л. Борьба евреев Белоруссии за возврат своего имущества и жилищ в первое послевоенное десятилетие. 1944-1954 гг. // Беларусь у ХХ стагоддзi.- Вып. 1.- Мн., 2002.- С. 176.
35. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 574. А. 57.
36. Смиловицкий Л. Указ. соч.- С. 176.
37. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 154. А. 468.
38. Попов В.П. Паспортная система в СССР (1932-1976) // Социологические исследования.- 1995.- №8.- С. 3.
39. Ильин В.И. Государство и социальная стратификация советского и постсоветского общества, 1917-1996 гг. Опыт конструктивистско-структуралистского анализа.- Сыктывкар: Сыктывкарский ун-т, Ин-т социологии РАН, 1996.- С. 59.
40. Попов В.П. Паспортная система… // Социологические исследования.- 1995. - №8.- С. 5.
41. Попов В.П. Паспортная система… // Социологические исследования.- 1995.- №9. – Сс.5-6.
42. Канвэер смерцi. Дакументы. Сьведчаннi. Успамiны.- Мн.: Наша нiва, 1997.- С.59.
43. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 848. А. 67.
44. Тамсама. Воп. 62. Спр. 286. А. 127.
45. Тамсама. Воп. 29. Спр. 601. А. 151.
46. Тамсама. Спр. 843. А. 443.
47. Тамсама. Воп. 62. Спр. 286. Аа. 125-126.
48. Уголовный кодекс Белорусской Советской Социалистической Республики.- Мн.: Гос. Изд-во БССР, 1949.- Сс. 24, 69.
49. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 846. А. 21.
50 Тамсама. Воп.62. Спр. 286. А. 122.
51 Тамсама. Воп. 29. Спр. 602. Ф. 91; Спр. 603. А.117.
52. Тамсама. Спр. 843. Аа. 312-313.
53. Гiсторыя Беларусi: у 2 ч.- Ч. 2. Люты 1917-2004 г. / Новiк Я.К., Марцуль Г.С., Качалаў I.Л. i iнш. / Рэд. Новiк Я.К., Марцуль Г.С.- 2-е выд.- Мн.: Выш. шк., 2006.- с. 289.
54. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 848. А. 72.
55. Тамсама. Спр. 602. А. 291 зв.
56. Тамсама. Спр. 574. Аа. 10-12, 59.
57. Тамсама. Воп. 63. Спр. 289. Аа. 322-323.
58. Уголовный кодекс... С. 41.
59. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 848. Аа. 68-69.
60. Тамсама. Спр. 843. А. 16.
61. Сборник документов по истории уголовного законодательства СССР и РСФСР (1917-1952).- М.: Госизд-во юридич. лит-ры, 1953.- С. 435.
62. Развитие народного хозяйства Белорусской ССР за 20 лет (1944 – 1963). Стат. сб. – Мн.: Беларусь, 1964. – С. 145-146.
63. Белорусская ССР за годы советской власти: Стат. Сб.- Мн.: Беларусь, 1967.- С. 378.
64. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 846. А. 17.
65. Тамсама. Спр. 843. А. 403.
66. Тамсама. Воп. 62. Спр. 293. А 370.
67. Аксенов Ю.С. Апогей сталинизма: послевоенная пирамида власти // Вопросы истории КПСС.- 1990.- №11.- С. 100.
68. Советская жизнь. 1945-1953.- М.: РОССПЭН, 2003.- С. 681.
69. Советская жизнь. 1945-1953. С. 678; Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской России в 30-е годы: город.- М.: РОССПЭН, 2001. – С. 147.
70. Уголовный кондекс… С. 40.
71. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 841. А. 15.
72. Тамсама. Спр. 843. А. 374.
73. Сборник документов… Сс. 426-428.
74. НАРБ. Ф. 4. Воп. 62. Спр. 38. Аа. 5, 11-12.
75. Сборник документов… С. 434.
76. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 848. А. 6.
77. Тамсама. Спр. 843. А. 417.
78. Тамсама. А. 39.
79. Тамсама. Спр. 841. А. 149.
80. Тамсама. Спр. 843. А. 413.
81. Тамсама. А. 414.
82. Тамсама. Спр. 848. Аа. 75-76.
83. Уголовный кодекс… С. 29, 71-73.
84. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 848. А. 7.
85. Есть такая служба… С. 79-80; Саракавiк I.А. Гiсторыя органаў унутраных спраў Беларусi: храналагiчнны даведнiк.- Мн.: Акадэмiя МУС РБ, 2003.- С. 74.
86. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 601. А. 191.
87. Тамсама. Спр. 602. Аа. 258, 338.
88. Тамсама. Спр. 843. Аа. 243-247.
89. Тамсама. Спр. 841. Аа. 109-112.
90. Сборнiк документов... Сс. 430-431.
91. НАРБ. Ф. 4. Воп. 29. Спр. 686. А. 158.
92. Тамсама. Аа. 49-50.
93. Тамсама. Аа. 168-170.
94. Тамсама. Спр. 603. А. 560.
95. Зима В.Ф. Голод в СССР... С. 117.
96. НАРБ. Ф.4. Воп. 29. Спр. 603. Аа. 359, 369.
97. Тамсама. Спр. 686. А. 225.
98. Тамсама. Аа. 58-59.
99. Тамсама. Аа. 53-54.
100. Тамсама. Спр. 843. А. 387.
101. Тамсама. Спр. 574. Аа. 35, 79.
102. Тамсама. Спр. 686. А. 141.
103. Тамсама. Воп. 62. Спр. 286. Аа. 122, 125.
104. Тамсама. Воп. 29. Спр. 686. Аа. 308-309.
105. Тамсама. Спр. 843. А. 319.

 
 
Яндекс.Метрика