У ладах з ісцінаю

 

М.Касцюк “Бальшавiцкая сiстэма ўлады на Беларусi”. Мн., ВП “Экаперспектыва”, 2000, 307 с.

          Леанiд Лыч (Мiнск)

 

У год, калi прагрэсiўныя колы беларускага грамадства ўсё глыбей задумваюцца над тым, што адбылося з iм у злашчасным 1937 годзе, значна павысiўся iнтарэс да лiтаратуры, прысвечанай даследаванню савецкiх масавых фiзiчных рэпрэсiй. Iх яшчэ прынята называць сталiнскiмi, бо нiхто iншы, як, менавiта, сам “бацька ўсiх савецкiх народаў” Iосiф Сталiн з’яўляўся iнiцыятарам нечуванага ў свеце фiзiчнага знiшчэння нi ў чым не вiнаватых людзей. Мэтай сваёй публiкацыi стаўлю ў самых агульных рысах азнаёмiць чытачоў, як той трагiчны час у лёсе нашай краiны паказаны ў названай кнiзе акадэмiка Мiхаiла Касцюка.

Так сталася, што самымi багатымi для беларускiх гiсторыкаў аказалiся 70-я – першая палова 80-х гадоў мiнулага стагоддзя. Штогод выходзiлi дзесяткi буйных манаграфiчных прац, у якiх i далёкае i блiзкае мiнулае, сама сучаснасць паказвалiся ў строгай  адпаведнасцi з устаноўкай кампартыi на гiстрычны працэс. Калi ж прыйшла гарбачоўская перабудова i пачаўся аналiз зробленага вучонымi гуманiтарных навук, стала зразумелым, што ў нас вельмi мала сур’ёзных прац, у якiх асвятлялася б сапраўдная гiсторыя Беларусi. Пазiтыўныя павевы, што пачалi адбывацца з сярэдзiны 80-х гадоў у краiне, зрабiлi рэальным напiсанне такiх прац. I гiсторыкi не марудзiлi, асаблiва ў публiцыстыцы. Матэрыялы на гiстарычную тэму мо не змяшчалi толькi выключна прыродазнаўчыя, тэхнiчныя часопiсы прыкладнога прызначэння. А ў год, калi iстотна затармазiлася наша нацыянальна-культурнае Адраджэнне (1995), ужо выйшла з друку i другая (апошняя) частка “Нарысаў гiсторыi Беларусi”, якiм накiравана на доўгi час заставацца найлепшай i самай праўдзiвай кнiгай па айчыннай гiсторыi.

Ад таго часу ў дзяржаўных выдавецтвах ажыццяўляецца вельмi строгая цэнзура i, як вынiк, многiя кнiгi па гiсторыi пiшуцца вельмi далёкiмi ад аб’ектыўнасцi. Сёння куды лягчэй выдаць кнiгу, напiсаную з пазiцый iдэалагiчных установак ЦК КПБ даперабудовачнага перыяду, чым у адпаведнасцi з патрабаваннямi аб’ектыйнага паказу гiстарычнага працэсу. З улiкам iх дазваляюць сабе пакуль што зрэдку выпускаць падобную лiтаратуру толькi некаторыя прыватныя выдавецтвы. Пайшло на такую рызыку i Мiнскае вытворчае прадпрiемства “Экаперспектыва”, выдаўшы ў 2000 годзе кнiгу добра вядомага сярод навукоўцаў краiны i за се межамi акадэмiка, доктара гiстарычных навук, прафесара Мiхаiла Касцюка “Бальшавiцкая сiстэма ўлады на Беларусi”. Усiм гэтым высокiм тытулам навукоўца ў поўнай меры адпавядаюць стандарты яго кнiгi, за выхад якой у свет многiя чытачы, несумненна вельмi ўдзячныя i аўтару, i выдаўцу.

Вынесеная ў загаловак кнiгi сiстэма ўлад, як вынiкае з абагуленых аўтарам фактычных матэрыялаў, у значнай ступенi зусiм новых для гiстарычнай навукi, пачала складвацца на Беларусi ў першыя ж гады пасля кастрычнiцкага перавароту 1917 года. Але што характэрна: фармiравалася яна не зыходзячы са спецыфiкi мясцовых умоў, а пад дыктат партыйнага цэнтра ў маскоўскiм Крамлi, што лiшнi раз сведчыць пра моцна абмежаваны дзяржаўны суверэнiтэт даваенай савецкай Беларусi. Асаблiвую шкоду апошняй бальшавiкi прычынялi ўзвядзеннем рознага роду бар’ераў на шляху развiцця палiтычнай актыўнасцi яе народа, што адмоўна адбiвалася на фармiраваннi яго нацыянальна-дзяржаўнай сваядомасцi. “Была напрацавана,- чытаем у аўтара,- адпаведная сiстэма прызначэння кадраў, як правiла, не нацыянальных, а прысланых з Цэнтра цi iншых месцаў. У гэтым заключаўся пэўны разлiк, скiраваны на раз’яднанне кiруючых кадраў i мясцовага насельнiцтва. Такая практыка бярэ пачатак з першых гадоў савецкай улады” (с. 22).

Нiчым не звязаныя з беларускай зямлёй бальшавiкi-пасланцы гатовыя былi выканаць тут любое даручэнне камунiстычнай партыi. Яны ў лiчаныя гады змаглi ператварыць Беларусь у адно з самых моцных звёнаў таталiтарызму, чаму ў кнiзе адведзены спецыяльны параграф. За дваццацiгадовы мiжваенны перыяд Масква 11 разоў прызначала ў наш край на самую высокую партыйную пасаду адданых справе камунiзму людзей, з якiх толькi адзiн быў беларускага паходжання – Васiль Шаранговiч (чэрвень 1937 – чэрвень 1938). Але сфармiраваная ў той час у СССР таталiтарная сiстэма не дала нашаму земляку хоць штосьцi карыснае зрабiць для сваiх людзей. Наадварот, яна вымусiла яго праводзiць самыя жорсткiя фiзiчныя расправы над народам, асаблiва красою нацыi – iнтэлiгенцыi.

Сваiмi шматлiкiмi працамi вучоныя гуманiтарных навук змаглi сфармiраваць у людзей погляд на сацыялiстычную форму гаспадарання нiбыта, як на самую перадавую i эфектыўную з усiх вядомых чалавецтву, якой удалося за вельмi сцiплы тэрмiн лiквiдаваць цяжкiя вынiкi першай сусветнай i грамадзянскай войнаў i дасягнуць немалаго поспеху ў павышэннi матэрыяльнага дабрабыту народа. Матэрыялы кнiгi М.Касцюка зусiм не пацвярджаюць такога. Нiзкая эфектыўнасць камандна-бюракратычных метадаў кiравання эканомiкай стала прычынай таго, што ў 1928/29 гаспадарчым годзе давялося ўвесцi картачную сiстэму на размеркаванне асноўных харчовых i прамысловых тавараў. На пачатку 30-х гадоў на Беларусi ўзнiкла патрэба тэрмiновага вырашэння на дзяржаўным узроўнi такiх невядомых для цывiлiзаваных краiн сацыяльных праблем, як жабрацтва, эпiдэмii.

Не без уздзеяння навуковай i папулярна-прапагандысцкай лiтаратуры ў многiх пакаленняў беларускага народа склалася ўражанне аб яго няздольнасцi цi страху хоць у якой-небудзь форме супрацьстаяць палiтыцы, канкрэтным практычным дзеянням бальшавiцкай таталiтарнай сiстэмы, паколькi яны нiбыта адпавядалi iнтарэсам шырокiх працоўных мас. Аўтару ўдалося адшукаць i прывесцi на старонках кнiгi даволi багата фактаў, якiя сведчаць аб непрыняццi беларускiм народам многага з таго, што гэтая сiстэма ўчыняла ў яго краi. Вельмi паказальна, што ў шэрагу лiстовак людзi заклiкалiся выступаць не супраць якiх-небудзь адзiночак-бальшавiкоў, а створанага iмi рэжыму ўвогуле.

Пераканаўчымi падаюцца разважаннi аўтара, пабудаваныя на падставе глыбокага навуковага аналiзу багатага дакументальнага матэрыялу, адносна той шкоды, якую прынесла камандна-бюракратычная машына беларускаму народу ў сферы нацыянальнай культуры. У партыi бальшавiкоў хапiла жадання выконваць свае ў прынцыпе прагрэсiўныя лозунгi ў галiне нацыянальна-культурнага будаўнiцтва, прапанаваныя ў перыяд рэвалюцыйных падзей 1917 года, только на якiя-небудзь 10-15 гадоў. Затым, дзе патаёмна, а дзе адкрыта, яна пачала праводзiць генеральны курс на зблiжэнне i злiццё культур i моў савецкiх народаў на базе мэтанакiраванага ўзрастання ролi рускага фактару ў iх духоўным патэнцыяле. Усiх, хто iмкнуўся супрацiўляцца такому курсу, залiчвалi да нацыяналiстаў у бальшавiцкiм разуменнi гэтага слова. Паводле сфабрыкаванай у 1930 годзе кiраўнiцтвам АДПУ справе “Саюз вызвалення Беларусi” было арыштавана больш за сотню буйных дзеячоў культуры, навукi i адукацыi.

Распачатая на рубяжы 20-30-х гадоў барацьба з самымi здаровымi сiламi беларускага народа не спынялася, як вынiкае са шматлiкiх прыведзеных у кнiзе фактаў, i ў больш познi час. Наяўнасць такiх фактаў цалкам пацвярджае зробленую аўтарам выснову: уся вастрыня наступу таталiтарнай сiстэмы “была скiравана на лепшых прадстаўнiкоў нацыянальнай iнтеэлiгенцыi, супрацьдзеянне iх творчасцi, падрыў у ёй гiстарычных каранёў, вынiшчэнне ўсяго, што ўзбагачала беларускую культуру. Вынiкам гэтай барацьбы стала аслабленне пазiцый нацыянальнай iнтэлiгенцыi, а з ёю i iнтэлктуальнага патэнцыялу беларускага народа. У дадзеных умовах узмацнялася русiфiкацыя” (с. 155).

Адукаваны чытач, напэўна, убачыць у тагачасных стратах у элiтарным ядры беларускага народа адну з прычын i нашых сённяшнiх цяжкасцей i наўдач у нацыянальна-культурным Адраджэннi. Для яго поспехаў у нас зараз крайне нестае нацыянальна-самасвядомых сiл, каранi якiх так бязлiтасна былi пасечаны ў час рэпрэсiй 30-х гадоў. Таму, лiчу, афiцыйныя гiсторыкi заўчасна паставiлi крыж над далейшiмм вывучэннем гэтай сапраўднай катастрофы ХХ стагоддзя ў жыццi беларускай нацыi.

Накшалт таго, як вынiшчэнне iнтелiгенцыi iстотна затармазiла развiццё беларускай нацыянальнай культуры, асаблiва яе самых прэстыжных прафесiйных пластоў, так выдаленне самых гаспадарлiвых, заможных сялян (рука не паднiмаецца напiсаць “кулакоў” у бальшавiцкiм разуменнi) са сферы сельскагаспадарчай вытворчасцi зрабiла яе няздольнай накармiць нi тады, нi сёння свой народ. Старонкi кнiгi, прысвечаныя разгулу савецкай камандна-бюракратычнай сiстэмы ў асяроддзi гэтай катэгорыi вёскi, думаю, нiкога не пакiнуць у раўнадушшы.

Як вынiкае з азнаямлення з даследаваннем М.Касцюка, камандна-бюракратычнай сiстэме ўсё ж удалося ў вельмi сцiплы тэрмiн паралiзаваць палiтычную свядомасць народа, зрабiць яго аднадушным у поглядах на многiя праблемы вялiкай дзяржаўнай важнасцi. Нягледзячы на нечуваныя людскiя страты ад масавых рэпрэсiй ў 1937-1938 гады, ён вельмi актыўна падтрымаў партыю ў час выбараў у Вярхоўны Савет СССР (12 снежня 1937 года) i Вярхоўны Савет БССР (26 чэрвеня 1938 года). За кандыдатаў блока камунiстаў i беспартыйных у абодвух выпадках прагаласавала ад 98 да 99%.

Раней пасля прывядзення такiх лiчбаў прынята было ставiць клiчнiк. Зусiм iншая адзнака даецца iм М.Касцюком: “Дасягнутыя паказчыкi ўдзелу ў выбарчых кампанiях i практычна ўсеагульнае аднадушша ў выказваннi сваiх думак шляхам галасавання – вынiк нарастаючага дыктату ў грамадска-палiтычным жыццi. Фактычна гэта быў татальны кантроль партыйна-дзяржаўных структур i карных органаў не толькi за ўдзелам грамадзян у выбарчых кампанiях, але i за выказваннем iмi шляхам так званага тайнага галасавання сваiх адносiн да афiцыйна прапанаваных кандыдатур. У гэтым бальшавiцкая таталiтарная сiстэма праявiлася адным са сваiх выразных бакоў” (с. 119).

Лiчу цалкам апраўданым, што аўтар кнiгi не абышоў сваёй увагай i асноўных мiжваенных дасягненняў беларускага народа ў эканамiчным i сацыяльна-культурным жыццi, переканаўча паказаўшы, што яны маглi б быць значна больш высокiмi, каб у краiне не панавалi камандна-адмiнiстрацыйныя метады кiравання. Асаблiва вялiкую шкоду прычынiлi яны аграрнаму сектару эканомiкi сваёй прымусовай калектывiзацыяй, масавым высяленнем заможнай катэгорыi сялянства.

М.Касцюку ў належнай ступенi ўдалося раскрыць шляхi i метады ўздзялення бальшавiцкай таталiтарнай сiстэмы на жыццё той часткi Беларусi, што знаходзiлася пад уладай Польшчы. Добра паказаны яе (сiстэмы) бясчынствы тут пасля верасня 1939 года. Выснова аўтара, што “з усталяваннем тут новых парадкаў карныя органы адразу ж прыступiлi да выяўлення асоб, якiя маглi б быць нелаяльнымi да бальшавiкоў” (с. 198) падмацавана процьмаю пераканаўых фактаў. Толькi невядома па якiх прычынах адсутнiчаюць звесткi аб рэпрэсiях сярод такой прэстыжнай катэгорыi грамадства, як iнтэлiгенцыя.

Шмат шкоды прычынiлi беларускаму народу таталiтарныя метады кiраўнiцтва ў перыяд Вялiкай айчыннвй вайны, чаму ў кнiзе адведзены спецыяльны параграф. Характэрны савецкiм рэпрэсiўным органам, камандаванню партызанскiх атрадаў недавер да людзей часта быў прычынай жорсткага i несправядлiвага пакарання iх.

Такi недавер, як можна пераканацца з матэрыялаў кнiгi, вельмi марудна пераадольваўся, а часам нават i ўзмацняўся ў пасляваенны перыяд. Асаблiва вялiкую бесчалавечнасць дапускала бальшавiцкая сiстэма ўлады да былых ваеннапалонных i тых, хто супраць свайго жадання вымушаны быў, каб толькi выжыць, працаваць на розных прадпрыемствах i ва ўстановах на акупаванай тэрыторыi. Найбольшую дыскрымiнацыю зведала на сабе насельнiцтва былой Заходняй Беларусi, паколькi лiчылася, што яно брала “менш актыўны ўдзел у параўнаннi з усходнiмi абласцямi ў партызанскiм руху” (с. 230), моцна трымалася за прыватную ўласнасць. Аўтар справядлiва лiчыць, што ўсталяваны антыдэмакратычны рэжым на тэрыторыi колiшняй Заходняй Беларусi стаў адной з асноўных прычын масавай мiграцыi яе насельнiцтва ў Польшчу.

Жаданне М.Касцюка быть максiмальна аб’ектыўным пры асвятленнi надзвычай складанай праблемы нашай нядаўняй гiсторыi абавязвала яго пасля выкрыцця заганаў бальшавiцкай сiстэмы ўлады спынiцца i на дасягненнях сацыяльна-эканамiчнага, духоўнага развiцця краiны, каб зняць зусiм рэальную крытыку ў свой адрас бачыць у мiнулым толькi адны негатыўныя бакi. З метадалагiчнага пункту гледжання гэта правiльна, але калi ўлiчыць, што названыя аспекты ў нацыянальнай гiсторыi грунтоўна паказаны ў спецыяльных даследаваннях, i таму для аўтара дадзенай кнiгi практычна не iснавала магчымасцi штосьцi новае сказаць, лагiчна было б iх не закранаць, зрабiўшы адпаведную агаворку ва ўступе. Гэта вызвалiла б ад неабходнасцi паўтараць добра вядомыя з раней выдадзенай лiтаратуры факты i прывесцi больш матэрыялаў па абранай тэме. А то што ж атрымалася: кнiга нiбыта i немалая паводле сваiх памераў, аднак у ёй не паказаны такiя самыя змрочныя ў практычнай дзейнасцi савецкай камандна-бюракратычнай сiстэмы старонкi, як масавыя расстрэлы зусiм невiнаватых людзей ва ўрочышчы Курапаты ля Мiнска, жорскiя пасляваенныя рэпрэсii ў дачыненнi да нацыянальна-патрыятычнай моладзi з лiку навучэнцаў педагагiчных тэхнiкумаў заходнiх абласцей БССР, толькi павярхоўна згадваюцца беспадстаўнае абвiнавачванне iнтэлiгенцыi ў касмапалiтызме, нiзкапаклонстве перад культурай Захаду, амаль канчатковая дэфармацыя на сярэдзiну 80-х гадоў нацыянальных асноў народнай асветы i прафесiйнай культуры.

Не сакрэт, што ў асяроддзi сучасных навукоўцаў iснуюць дыяметральна процiлеглыя погляды адносна характару сучаснай беларускай дзяржаўнасцi: адны не бачаць у ёй адрозненняў ад колiшняй камандна-бюракратычнай сiстэмы, другiя называюць яе ледзь не эталонам дэмакратыi. На жаль, сур’ёзнага разгляду гэтая архiскладаная i адначасова актуальная праблема не атрымала ў кнiзе. Але хочацца спадзявацца, калi аўтар яе даў грунтоўны аналiз дзяржаўнага механiзму на Беларусi за 1917-1990 гады, ён абавязкова зоймецца, маючы ўжо належны вопыт, даследаваннем яе (праблемы) i на рубяжы ХХ-ХХI стагоддзяў. Тэарэтычная i практычная неабходнасць у напiсаннi такой навуковай працы дыктуецца крайне велiзарнымi цяжкасцямi i складанасцямi ўзважанага прафесiйнага кiравання дзяржавай ва ўмовах яе суверэннасцi з прычыны адсутнасцi ў нашых палiтыкаў адпаведнага вопыту. Становiшча склалася такiм, што нават самы нязначны пракол можа паставiць пад пытанне далейшае захаванне дзяржаўнай незалежнасцi Беларусi. Каб такого не здарылася, навукоўцы павiнны своечасова забяспечваць палiтыкаў iнфармацыяй не толькi аб дзяржаўным развiццi краiны ў папярэднiя гады, але i на сучасным этапе.

 
 
Яндекс.Метрика