Ад Абэцадарскага да Трашчанка або эвалюцыя беларускай “дырэктыўнай гiстарыяграфii”

 

История Беларуси. В 2-х частях. Ч. 2. Под ред. Я.И.Трещенка. Могилев: МГУ, 2005.- 310 с.

          Алесь СМАЛЯНЧУК (Гародня)

 

Хваля iдэалагiчнай iстэрыi апошнiх гадоў вынесла на паверхню гiстарычнай адукацыi асобу дацэнта Магiлёўскага унiверсiтэту Якава Iванавiча Трашчанка. Напачатку гэта выклiкала толькi ўсмешкi гiсторыкаў з акадэмiчнага асяродка. Адзiн Генадзь Сагановiч адчуў небяспеку i тры гады таму на старонках “Народнай волi” звярнуў увагу, як на лабiраванне поглядаў магiлёўскага дацэнта прадстаўнiкамi дзяржаўных структур, так i на баязлiва-абыякавую паставу кiраўнiцтва Iнстытуту гiсторыi НАН Беларусi. Урэшце якраз яно i дало “пуцёўку ў жыццё” тэкстам Я.Трашчанка. Сёння мы маем ужо некалькi ягоных падручнiкаў гiсторыi Беларусi, якiя актыўна навязваюцца Мiнiстэрствам адукацыi вышэйшым навучальным установам. Апошнi з iх (История Беларуси. В двух частях. Часть 2) выйшаў з друку летам 2005 г. Сучасная сiтуацыя ў галiне гiстарычнай адукацыi прымушае больш уважлiва паставiцца да своеасаблiвага “феномену Трашчанка”.

Пiсаць звычайную навуковую рэцэнзiю на падручнiкi Я.Трашчанка немагчыма. Напрыклад, згаданая другая частка “Истории Беларуси” рэкамендаваная Мiнiстэрствам адукацыi ў якасцi “учебного пособия для студентов”, на самой справе, уяўляе сабой палiтычны памфлет. Дзеля дакладнасцi трэба адзначыць, што ў напiсаннi “пособия” апроч Я.Трашчанка ўдзельнiчалi таксама Аляксандр Вараб’ёў, Марыя Мацюшэўская i Наталля Пурышава. Яны з’яўляюцца аўтарамi II раздзела (“Установление советской социально-экономической и социокультурной системы в Беларуси”). Гэта адзiны раздзел, якi па сваёй iнфармацыйнай насычанасцi нагадвае тэкст падручнiка. Якаў Трашчанок напiсаў раздзелы I (“Становление белорусской государственности”), III (“Беларусь в годы Великой Отечественной войны и послевоенного восстановления. 1941-1953 гг.)” i IV (“Нарастание кризиса советской системы. Распад СССР и провозглашение суверенной Республики Беларусь”). Ён жа стаў аўтарам шматлiкiх “историографических отступлений”, а таксама рэдактарам выдання. Рэцэнзентамi былi прафесары Яўген Новiк i Мiкалай Сташкевiч, а таксама супрацоўнiкi кафедраў гiсторыi Беларусi Берасцейскага i Вiцебскага унiверсiтэтаў (загадчыкi адпаведна П.Рамановiч i В.Акуневiч).

“Феномен Трашчанка” ў першую чаргу цiкавы як эпiзод эвалюцыi “дырэктыўнай гiстарыяграфii”. На адной з канферэнцый Беларускага гiстарычнага таварыства Андрэй Кiштымаў задаў цiкавае пытанне: Навошта сённяшняму рэжыму Трашчанок, калi ёсць Абэцадарскi? [1]. Пытанне сапраўды вартае таго, каб на iм засяродзiцца. Як суадносяцца погляды Я.Трашчанка з характэрнымi рысамi i канцэпцыяй беларускай савецкай гiстарыяграфii? Цi аказалiся здольнымi сучасныя прадстаўнiкi “дырэктыўнай гiстарыяграфii” на мадэрнiзацыю савецкай версii мiнулага Беларусi? Дзеля адказу на гэтыя пытаннi звернемся да тэксту згаданага падручнiка.

Напачатку кнiгi Я.Трашчанок двойчы прыгадаў вядомага нямецкага гiсторыка ХIХ ст. Леапольда Ранке i ягоны прынцып распавядаць толькi тое, што было на самой справе. Я.Трашчанок нiбыта вяртаецца ў рэчышча рамантычнага пазiтывiзму пазамiнулага стагоддзя i абяцае “понять и принять то, что было на самом деле” (с. 4, 53). Аднак знаёмства з тэкстам вельмi хутка пераконвае ў максiмальнай палiтызаванасцi падручнiка. Цяжка змагацца з уражаннем, што тэкст пiсаў нават не палiтычна ангажаваны гiсторык, а нейкi палiтык. У прыватнасцi, тэкст перанасычаны камплiментамi ў адрас мудрага палiтычнага курса прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Менавiта А.Лукашэнка з’яўляецца найчасцей згаданай постаццю айчыннай гiсторыi ХХ – ХХI ст.

Адначасна Якаў Iванавiч актыўна падкрэслiвае ўласную “аб’ектыўнасць”. На яго думку, iснуюць дзве “идеологические схемы” iнтэрпрэтацыi гiсторыi паслярэвалюцыйнай Беларусi – “советская” i “националистическая”. Я.Трашчанок як сапраўдны “аб’ектыўны гiсторык” не прымае нi першай, нi другой. “Советскую” версiю ён адмаўляецца прыняць, бо ў ёй “мифологизированная... история партии фактически заместила гражданскую историю” (с. 26). Яшчэ больш рэзка рэдактар i аўтар “пособия” крытыкуе версiю “националистическую”. Калi “советская” канцэпцыя, на думку аўтара, патрабуе “серьёзной корректировки и переосмысления”, то другая “ложна по своей сути, и не отражает реального исторического процесса” (с. 30).

Якаў Трашчанок быццам уздымаецца над “идеологическими схемами” i распавядае чытачу, як “усё было на самой справе”. Прэтэнзii на звышаб’ектыўнасць некалi былi характэрныя для тыповых прадстаўнiкоў савецкай гiстарыяграфii. Толькi ў СССР “дырэктыўныя” гiсторыкi адчувалi сябе носьбiтамi “iсцiны ў апошняй iнстанцыi” альбо старанна адыгрывалi гэтую ролю. Мiж волi згадваецца Лаўрэнцi Абэцадарскi i ягоная брашура “У святле неабвержных фактаў” (Мiнск, 1969). Характэрнай рысай савецкай гiстарыяграфii было фармальнае панаванне культу гiстарычнага факта. Вось толькi месца пошуку гэтага факту i сродкi, якiмi валодаў гiсторык, вызначалiся не ў навуковых лабараторыях, а ў партыйных кабiнетах прыхiльнiкаў “адзiна правiльнай” марксiсцка-ленiнскай iдэалогii. А гэта вельмi iстотны момант кожнага гiстарычнага даследавання, бо месца (дзе шукаць) i сродкi (як шукаць) iстотна ўплываюць на селекцыю фактаў. У тагачасных працах тэарэтычныя падыходы звычайна замянялiся падборам неабходных цытат з класiкаў або з партыйных дакументаў, а “даследаванне” абмяжоўвалася пошукам фактаў, якiя пацвярджалi гэтыя цытаты. Нормай была тэарэтычная i метадалагiчная галеча гiстарыяграфii. Я.Трашчанок пайшоў далей сваiх савецкiх папярэднiкаў. Ужо Уводзiны пачынаюцца цытаваннем колiшняга Генеральнага сакратара ЦК КПСС Ю.Андропава, далей сустракаюцца цытаты з твораў У.Ленiна, Ф.Дзяржынскага, В.Кнорына ды iнш. “правiльных” палiтыкаў савецкай эпохi. Затое ў тэкстах Я.Трашчанка няма анiводнай спасылкi на сучасную беларускую ды iншыя гiстарыяграфii. Тэкст пераконвае, што на самой справе дацэнт Трашчанок займаецца рэанiмацыяй савецкiх iдэалагемаў у iх найгоршай мадыфiкацыi.

У першую чаргу гэта iдэалагема савецкай беларускай дзяржаўнасцi: “Реальное белорусское государство появилось на карте мира как советская социалистическая республика…” (с. 4). Дзеля параўнання зноў згадаем Лаўрэнцiя Абэцадарскага: “Толькi дзякуючы перамозе Кастрычнiка беларускi народ атрымаў права на самавызначэнне, аж да дзяржаўнага аддзялення, стварыў сваю рабоча-сялянскую дзяржаву...” [2]. А вось што пiсаў iншы прадстаўнiк “дырэктыўнай гiстарыяграфii” БССР 80-х гг. ХХ ст.: “...Образование Белорусской ССР было… обусловлено победой Великого Октября и торжеством ленинской национальной политики, в результате чего белорусам была предоставлена возможность не только развивать свою культуру и пользоваться родным языком, но и создать национальную государственность” [3].

Аднак тэкст “пособия” дазваляе казаць пра пэўны адыход Я.Трашчанка ад класiчнай савецкай iдэалагемы. У першых двух раздзелах падручнiка ён актыўна навязвае чытачам iдэю штучнасцi беларускай рэспублiкi. Маўляў, Беларусь нават не з’яўлялася нацыянальнай акраiнай Расеi (“Её традиционно считали лишь этнографически своеобразной областью собственно России… (с. 31)), дзеячы беларускага нацыянальнага руху не мелi падтрымкi (“Здесь национал-сепаратисты не имели никакого влияния в народных массах” (с. 31 i далей)). БНР ацэньваецца як дапаможная структура нямецкай акупацыйнай адмiнiстрацыi (с. 37), а БССР – як рэалiзацыя палiтычнай волi I.Сталiна, абумоўленая геапалiтычнымi супярэчнасцямi ў “буферном” Западном крае” (с. 33). Я.Трашчанок нават параўнаў БССР з Далёкаўсходняй рэспублiкай (с. 42). На думку аўтара i рэдактара “Истории Беларуси”, уласна беларускi народ не жадаў аддзялення ад Расеi i не iмкнуўся да дзяржаўнага самавызначэння (с. 43, 52 i далей).

Услед за савецкiмi гiсторыкамi Я.Трашчанок асудзiў дзеячаў беларускага руху як “национал-сепаратистов”, якiя нiбыта былi перакананымi працiўнiкамi народнай улады, камунiстычнай iдэi i iнтэрнацыяналiзму (с. 28 ды iнш.). Зразумела, што пры гэтым яны не карысталiся нiякiм уплывам i арыентавалiся на знешнiя антырасейскiя сiлы (Антанта, Польшча. Нямеччына). Напрыклад: “Белорусские националистические кружки никакого реального влияния в массах не имели. Белорусская социалистическая громада, хотя и громко именовала себя “партией”, сохраняла мелкокружковый, мелкоинтеллигентский характер и не сумела приобрести широкой социальной базы” (с. 22). Вiдавочна, здзеклiвасць i абсурднасць тэрмiналагiчных “знаходак” Трашчанка. Але больш цiкава тое, што ў гэтай “характарыстыцы” беларускага нацыянальнага руху заўважальная пэўная мадэрнiзацыя савецкай канцэпцыi. Беларускi рух трактуецца не проста як “антынародная дробнабуржуазная стыхiя”, а як галоўным чынам антырасейская сiла. Тэкст падручнiка прымушае згадаць пра iдэалогiю “заходнерусiзму” ў яго найбольш антыбеларускiм варыянце.

Аўтар iмкнецца даказаць, што самавызначэнне Беларусi ў першай чвэрцi ХХ ст. адбывалася насуперак волi беларускага народу. За ўсiм гэтым стаiць яшчэ адна прынцыповая iдэя беларускай савецкай гiстарыяграфiiбеларусы не з’яўлялiся стваральнiкамi ўласнай гiсторыi. У савецкi час яны трактавалiся як аб’ект уздзеяння розных сацыяльных, палiтычных i нацыянальных сiл i нiколi не ўспрымалiся ў якасцi суб’екту гiсторыi. Менавiта так трактуе беларусаў i Якаў Трашчанок. Фактычна, у ягонай iнтэрпрэтацыi гiсторыi яны (“белорусский народ”) толькi аднойчы ажыццявiлi сваю волю, а менавiта падчас прэзiдэнцкiх выбараў 1994 г. Але i ў гэтай сiтуацыi беларусы выступаюць як цалкам абесчалавечаная тэарэтычная канструкцыя. I тут можна заўважыць адраджэнне не найлепшых традыцый беларускай савецкай гiстарыяграфii. У пэўным сэнсе менавiта яна iнiцыявала “масавыя рэпрэсii” супраць гiстарычных постацей, якiя за выключэннем камунiстычных дзеячаў практычна знiклi са старонак гiстарычных прац. Адпаведна, у падручнiку Я.Трашчанка толькi аднойчы згадваюцца Вацлаў Ластоўскi, браты Луцкевiчы, “камунiсты-нацыяналiсты” А.Чарвякоў i З.Жылуновiч. А вось Янка Серада, Язэп Варонка, Раман Скiрмунт i Язэп Лёсiк згаданыя выключна як аўтары тэлеграмы нямецкаму iмператару Вiльгельму II (25 красавiка 1918 г.), г.зн. як “коллаборационисты” (с. 37).

У пошуках абгрунтавання сваiх ацэнак i суджэнняў Я.Трашчанок звычайна звяртаецца да расейскай гiсторыi. Напрыклад, “В условиях России государственная централизация осуществлялась на феодальной экономической основе… Становление абсолютизма происходило на фоне освобождения страны от монголо-татарского ига и не могло избежать влияния Золотой Орды на все стороны жизни” (с. 94); “Российская модель организации социума не раз доказывала свою адекватность отечественным условиям. Самыми жизнеспособными неизменно оказывались институты, уходящие корнями именно в местную традицию (например, артельная организация труда, народные сходы и т.д.). Да, в истории России государственная власть значила больше, чем на Западе…(с. 97)” ды iнш. Традыцыi Полацкай зямлi i Вялiкага Княства Лiтоўскага iгнаруюцца. Расейская гiстарычная адметнасць у тэкстах Трашчанка цалкам падмяняе беларускую. А дзеля разумення асаблiвасцяў савецкай эпохi ён звяртаецца да рысаў расейскага нацыянальнага характару (с. 8-12).

Хутка пачынаеш разумець, што аўтара цiкавiць не лёс Беларусi, а лёс той еўраазiйскай дзяржавы, якая напачатку называлася Расейскай iмперыяй, а потым Савецкiм Саюзам. Палiтычная гiсторыя нашай краiны для Якава Трашчанка – гэта толькi нагода, каб паразважаць пра лёс “вялiкай Расеi”, асудзiць “сепаратыстаў” i “знешнiя антырасейскiя” сiлы, якiя прычынiлiся да краху Iмперыi. Пра гэта сведчыць таксама выкарыстанне аўтарамi тэрмiна “краiна”. Ён адначасна ўжываецца як сiнонiм Расейскай iмперыi, СССР i (зрэдку) Беларусi.

Шкадаванне пра распад Iмперыi лагiчна перацякае ў тэзiс пра непазбежнасць “реинтеграции великой евразийской общности народов” (с. 3, 53, 295 ды iнш.). Гэты тэзiс рэфрэнам гучыць ва ўсiх раздзелах падручнiка. Паводле Я.Трашчанка, у авангардзе працэсу рэiнтэграцыi iдзе беларукi народ пад кiраўнiцтвам А.Лукашэнкi. “Ядром” гэтага працэсу ён лiчыць Расею, а яго найважнейшым этапам – стварэнне саюзнай расейска-беларускай дзяржавы (с. 61). “История Беларуси” паступова ператвараецца ў гiсторыю знiшчэння i адраджэння Iмперыi. За псеўдагiстарычнымi аргументамi хаваецца заклiк да лiквiдацыi незалежнай беларускай дзяржавы.

Цалкам у згодзе з канцэпцыяй “заходнерусiзму” рэдактар выдання падводзiць чытача да высновы, што ўласна беларуская гiсторыя нiколi не iснавала. Такiм чынам, Беларусь перастае быць ужо i аб’ектам даследавання. Гэта асаблiва вiдавочна пры знаёмстве з IV раздзелам кнiгi, прысвечаным гiсторыi Беларусi 1953 – 1991 гг. З 24 старонак гэтага раздзела толькi чатыры (?!) распавядаюць пра сiтуацыю ў Беларусi. Астатнiя прысвечаныя гiсторыi Расеi (=СССР) i перапоўнены аўтарскiмi разважаннямi пра “историческое величие” Сталiна i створанай iм планава-бюракратычнай партыйнай сiстэмы (с. 272), пра iнтрыгана Хрушчова (с. 272), пра дысiдэнтаў, якiя высмейвалi не толькi сiстэму, але i “само Отечество” (с. 277), пра гарбачоўскую перабудову, якая ператварылася ў дэмантаж iснуючага ладу (с. 277), пра “циничного демагога” Ельцына (с. 284) ды iнш. Аўтар старанна ўзнаўляе iдэалагемы ўжо сучаснай расейскай вялiкадзяржаўнай публiцыстыкi.

Трэба адзначыць, што iдэi “заходнерусiзму” былi неад’емнай часткай беларускай савецкай гiстарыяграфii. Як адзначаў яшчэ Мiхась Бiч, гэты “метадалагiчны гiбрыд” канчаткова аформiўся ў пасляваенныя дзесяцiгоддзi i цалкам адпавядаў устаноўкам iдэолагаў КПСС-КПБ на стварэнне выхаванага ў камунiстычна-iмперскiм духу расейскамоўнага “савецкага народу” як новай гiстарычнай супольнасцi. Пры гэтым “нацыянальныя гiстарычныя каштоўнасцi i арыенцiры былi амаль цалкам выкiнуты з айчыннай гiсторыi. Спробы аб’ектыўнай навуковай ацэнкi з’яваў i дзеячаў нацыянальнай гiсторыi заканчвалiся палiтычнымi абвiнавачваннямi i рэпрэсiямi” [4]. Аднак у савецкай гiстарыяграфii “заходнерусiзм” быў толькi дадаткам да марксiсцка-ленiнскай iдэалогii. Той жа Л.Абэцэдарскi ў сваiх вядомых працах Белорусы в Москве ХVII в. (Минск, 1957) iОчерки русско-белорусских связей второй половины XVI-XVII в (Минск, 1978) адным з першых надрукаваў звесткi пра перасяленне беларусаў у Маскву i пра iх значны ўклад у развiццё культуры гэтага горада. Вядома i тое, што чалавек, якi дзякуючы мастацкi таленавiтым эсэ У.Арлова ўспрымаецца сёння як нейкi антынавуковы кашмар i жудасны сiмвал палiтызаванасцi гiстарычнай навукi, рэзка крытыкаваў погляды галоўнага “заходнерускага” iдэолага Мiхаiла Каяловiча. А вось у падручнiку Якава Трашчанка “заходнерусiзм” адыгрывае дамiнуючую ролю.

Рэдактара падручнiка ўдала дапаўняюць малодшыя калегi. Iх з’яўленне дапамагае зразумець, што “феномен Трашчанка” нельга расцэньваць толькi як рэанiмацыю асобы, iнтэлектуальнае развiццё якой спынiлася гадоў 15 таму. Мы маем дачыненне хутчэй з пэўнай з’явай сацыяльна-культурнага жыцця, зрэшты, добра вядомай тым, што жыў у савецкую эпоху.

Аляксандр Вараб’ёў у параграфе, прысвечаным мiжпартыйнай барацьбе на тэрыторыi Беларусi ў канцы ХIХ ст. – 1920-х гг., галоўную ўвагу ўдзялiў дзейнасцi агульнарасейскiх партый. БССР i тут выглядае як частка Расеi, народ якой нiколi не падтрымлiваў “сепаратыстаў” з Беларускай сацыялiстычнай Грамады ды iншых “нацыяналiстычных” партый (с. 80 ды iнш). Наталля Пурышава, раскрываючы праблемы станаўлення беларускай савецкай культуры, заўважыла, што ў перыяд БНР культура мела “сепаратистский, антирусский характер и пыталась пробуждать в массах националистические настроения”, што, зразумела, “не встречало одобрения у населения” (с. 104). Беларусiзацыя 20-х гг. ХХ ст., на думку даследчыцы, была выключна прымусовай i мела адваротны эфект. Кiраўнiкоў гэтай палiтыкi адрознiвала “национальная ограниченность” (с. 112). Якаў Трашчанок у падсумаваннi гэтай тэмы падкрэслiў несамастойнасць беларускай культуры, для якой нiбыта “модельным узорам” стала “великая русская культура”, а таксама (у меншай ступенi) – польская i ўкраiнская (с. 148). Беларускую нацыянальную культуру ён ахарактарызаваў як “никогда прежде не существовавшую историческую новацию” (с. 149). Марыя Мацюшэўская, распавядаючы пра цяжкi стан насельнiцтва Заходняй Беларусi пад польскай уладай, здолела пазбегнуць нават згадкi пра Беларускую сялянска-работнiцкую Грамаду i пра беларускi вызвольны рух наогул. Паводле М.Мацюшэўскай, паратунак для беларусаў прыйшоў у вераснi 1939 г. разам з пераможнай Чырвонай армiяй. Зразумела, што аўтар тэксту таксама “забылася” згадаць, што гэты паход быў рэалiзацыяй сумеснага сталiнска-гiтлераўскага плана па развязванню II сусветнай вайны. Дарэчы, цалкам у адпаведнасцi з савецкай iдэалагемай гэтая вайна пачалася летам 1941 г., а не ў вераснi 1939 г.

Асвятленне лёсу Беларусi ў II сусветнай вайне зроблена Я.Трашчанком амаль цалкам у адпаведнасцi з нормамi савецкай гiстарыяграфii. Аўтар не пасаромеўся нават адкрытага паклёпу, абвiнавацiўшы С.Станкевiча, К.Езавiтава ды iнш. у тым, што iх рукi “обагрены кровью белорусского народа”. Ф.Кушаль быў названы “офицером СС”, якi “активно участвовал в расправах над мирным населением” (с. 238). Падобная хлусня ў адносiнах да беларускай калабарацыi была амаль нормай для той часткi савецкiх прапагандыстаў-гiсторыкаў, якiя рамяство даследчыка пастаянна блыталi з функцыямi пракурора. Да таго ж мелi абсалютную ўпэўненасць, што адказваць за паклёп iм не давядзецца.

Уся гiсторыя ХХ ст. бачыцца аўтару i рэдактару “пособия” як бясконцая барацьба з ворагамi народа. Гэта таксама вяртае нас да канцэпцыi беларускай савецкай гiстарыяграфii. Варта нагадаць, што гiстарычная навука ўспрымалася савецкiмi i партыйнымi кiраўнiкамi, а таксама значнай часткай гiсторыкаў (у першую чаргу, “гiсторыкамi ў пагонах”) як сродак iдэалагiчнай барацьбы з г.зв. “буржуазнымi фальсiфiкатарамi”, якiя ў Беларусi, звычайна, выступалi як “буржуазныя нацыяналiсты”. У вынiку для савецкай гiстарыяграфii было характэрным выключна канфрантацыйнае бачанне мiнулага. Многiя гiстарычныя падзеi тлумачылiся пры дапамозе вобраза ворага, якi ў залежнасцi ад канкрэтнага эпiзоду набываў сацыяльнае, нацыянальнае або рэлiгiйнае аблiчча. Ворагам № 1 у падручнiку дацэнта з Магiлёва таксама з’яўляюцца “нацыяналiсты”. Знiк толькi прыметнiк “буржуазныя”.

На працягу ўсяго падручнiка дзеячы беларускага руху характарызуюцца выключна як нацыяналiсты-радыкалы або як нацыянал-сепаратысты, якiя iмкнуцца пасеяць зерне нацыянальнай варожасцi i экстрэмiзму. У гiсторыi БССР 40 – 90-х гг. ХХ ст. Я.Трашчанок заўважыў дзве спробы “нацыяналiстычнага рэваншу”. Першую ён звязаў з калабарацыяй на акупаванай нямецкiмi войскамi тэрыторыi Беларусi ў часы II сусветнай вайны, а другую ўбачыў у спробе нацыянальна-культурнага Адраджэння ў “парламенцкi перыяд” гiсторыi Рэспублiкi Беларусь. Гэты перыяд ён характарызуе, як час “оголтелого принуждения”, “попытки реабилитации предателей-коллаборантов и даже запретов на профессии по языковому признаку”, “разгрома системы гуманитарного образования и науки” (с. 151) i г.д.

Другое месца ў намiнацыi “ворагi беларускага народу” цалкам згодна з савецкай канцэпцыяй займаюць палякi. У гэтым месцы варта спынiцца i згадаць “польскi сюжэт” у першай частцы “Истории Беларуси”, прысвечанай “дасавецкаму перыяду” [5]. Ва ўмовах адсутнасцi “беларускiх нацыянал-сепаратыстаў” ролю галоўнага ворага сталi адыгрываць польскiя памешчыкi i каталiцкае духавенства. Паводле Я.Трашчанка, першыя з iх давялi беларускiх сялян да мяжы фiзiчнага выраджэння, а другiя з дапамогай Берасцейскай унii спрабавалi духоўна знiшчыць беларусаў i завяршыць працэс паланiзацыi. Паўстанне 1863 г. у Беларусi i Лiтве разглядаецца Якавам Iванавiчам як выключна польскае паўстанне, у падаўленнi якога актыўна ўдзельнiчалi беларускiя сяляне, якiя пры гэтым кiравалiся “веками накопленной ненавистью к польскому пану”. Беларусь наогул трактуецца аўтарам як “яблоко спора в вечном росийско-польском противостоянии”. Аўтар сцвярджае, што ў гэтае супрацьстаянне “польские шовинисты” нiбыта паспрабавалi ўцягнуць усе антырасейскi настроеныя еўрапейскiя колы [6].

У другой частцы свайго падручнiка ён дамаляваў вобраз “польскага ворага” сюжэтам пра польскую экспансiю на ўсход у 1919 – 1920 гг. i абвiнавачваннем палякаў у генацыдзе палонных чырвонаармейцаў. Насуперак вядомым гiстарычным фактам пра тое, як савецкая Расея гандлявала беларускай зямлёй на перамовах у Рызе, Я.Трашчанок сцвердзiў, што менавiта яна i выратавала Беларусь (с. 50).

Аўтар i рэдактар “пособия” паспрабаваў захаваць i мадэрнiзаваць вобраз “польскага ворага” як аднаго з галоўных у беларускай гiсторыi. Пры гэтым варта задумацца, чаму гiсторыка, погляды якога вагаюцца памiж “заходнерусiзмам” i велiкадзяржаўным расейскiм шавiнiзмам, наогул хвалюе праблема паланiзацыi. Зразумела, не таму, што ў яго балiць душа за лёс беларускай культуры. Хутчэй мы маем справу з асуджэннем палякаў i палiтыкi паланiзацыi ў Беларусi толькi таму, што яны “сапсавалi” частку адзiнага “рускага народу”, вынiкам чаго i стала з’яўленне беларусаў. Падобна, што апошнi тэзiс, якi нарадзiўся яшчэ ў ХIХ ст. пад час актыўных намаганняў афiцыйных iдэолагаў даказаць легiтымнасць расейскага валодання беларускай зямлёй, i сёння з’яўляецца iдэйным падмуркам разважанняў аўтараў тыпу Трашчанка. На самой справе, антыпольскасць вялiкарасейскiх шавiнiстаў грунтавалася (i грунтуецца!) на тым, што прысутнасць палякаў i каталiцкага касцёла ў беларускай гiсторыi па меншай меры з апошняй чвэрцi ХIХ ст. iстотна перашкаджала завяршэнню русiфiкацыi Беларусi.

Таксама ўражвае iмкненне Я.Трашчанка апраўдаць савецкi таталiтарызм i дыктатуру. Разважаннi дацэнта зводзяцца да двух аргументаў. Па-першае, таталiтарны рэжым спынiў “революционную стихию”, i бальшавiкi сталi ратавальнiкамi Расеi; а па-другое, таталiтарызм адпавядаў “вековой ментальности народа с его традиционным нравственным максимализмом, склонностью впадать в крайности, вечной надеждой на строгого и справедливого правителя” (с. 215). Магчыма, Якаў Iванавiч менавiта гэтую асаблiвасць савецкага ладу меў на ўвазе, калi пасля разважанняў пра прыроду таталiтарызму заўважыў, што “многое, некритически отброшенное в 90-х гг., постепенно возвращается в нашу жизнь сегодня” (с. 215-216).

Найбольш вiдавочны адыход ад канцэпцыi беларускай савецкай гiстарыяграфii заўважальны ў адносiнах да ролi Рускай праваслаўнай царквы i праваслаўя наогул. Якаў Трашчанок рашуча асудзiў савецкае “богоборчество”, i нават назваў РПЦ у пералiку фактараў перамогi над нацысцкай Нямеччынай ( с. 255). Яшчэ больш высока ён ацанiў станоўчую ролю праваслаўя ў “дасавецкiм перыядзе” гiсторыi. У першай частцы падручнiка праваслаўе характарызавалася як “решающий фактор этнического сплочения восточных славян, консолидации древнерусской народности” [7]. Адпаведна, адыход ад праваслаўя непазбежна абарочваўся “культурной, языковой, этнической ассимиляцией” [8].

Вiдавочна спроба мадэрнiзаваць гiстарыяграфiчную савецкасць з дапамогай “заходнерусiзму” i вялiкарасейскага шавiнiзму, дапоўненымi добрай дозай праваслаўнага фанатызму. Аднак “феномен Трашчанка” не абмяжоўваецца толькi гiстарыяграфiчнымi навацыямi ў духу iдэалогii адраджэння Iмперыi. Фактычна, мы сустракаемся з такой родавай прыкметай беларускай савецкай гiстарыяграфii як iдэалагiчнае абслугоўванне правячага рэжыму. Як некалi заўважыў вядомы расейскi гiсторык Юры Афанасьеў, “партыi i савецкай дзяржаве былi патрэбныя гiсторыкi, для якiх палiтычная мэтазгоднасць была крытэрыем <…> больш важным, чым гiстарычная праўда. Прычым гэтае патрабаванне закладвалася ў падмурак i прафесiйнай адукацыi, i фармiравання маральных якасцяў асобы. Гiсторык мог лiчыцца прафесiяналам толькi ў той меры, у якой ён з’яўляўся “байцом партыi”. Падобныя абставiны нярэдка прыводзiлi да прафесiйнай i маральнай дэфармацыi” [9].

Сёння месца былой камунiстычнай iдэалогii заняла, паводле Я.Трашчанка, “взвешенная государственно-патриотическая идеология, исключающая любые проявления экстремизма – как национального, так и социально-классового” (с. 151). Менавiта сучасны варыянт г.зв. “дзяржаўнай iдэалогii”, якую Рышард Радзiк ахарактарызаваў як эклектычны збор канфармiсцкiх пазiцый у дачыненнi да ўлады [10], становiцца арыенцiрам для сучасных прадстаўнiкоў “дырэктыўнай гiстарыяграфii”. Разгубленасць першага дзесяцiгоддзя незалежнасцi, звязаная з тым, што гiсторыкаў пачалi раптам ацэньваць па iх навуковаму патэнцыялу, а не па здольнасцi даводзiць начальнiка да iдэалагiчнага аргазму, паступова прайшла. Правячы рэжым, нарэшце, стварыў доўгачаканы арыенцiр у выглядзе “дзяржаўна-патрыятычнай” iдэалогii. I многiя гiсторыкi ахвотна пачалi вяртацца да звыклай з часоў БССР ролi паслугача ўлады. Намаганнямi былых i сучасных гiсторыкаў-прапагандыстаў навуку зноў спрабуюць звесцi да ролi сродка iдэалагiчнага выхавання. Цi здадуць беларускiя гiсторыкi чарговы iспыт на сумленне i гонар? [12].


     ЗАЎВАГI:

1. Захар Шыбека, адказваючы на пытанне А.Кiштымава, заўважыў, што ў працах Я.Трашчанка, Я.Новiка ды некаторых iншых прысутнiчае фактычнае апраўданне царызму i спроба сумясцiць савецкую канцэпцыю з поглядамi, напрыклад, М.Каяловiча ды iншых прадстаўнiкоў афiцыёзу Расейскай iмперыi (IV канферэнцыя БСГ была прысвечаная аналiзу беларускай гiстарыяграфii. Гл. Гiстарычны альманах. 2004. Том 10. С. 9-10).
2. Абэцадарскi Л. У святле неабвержаных фактаў. Мн., 1969. С. 41.
3. Бродко I.А. Критика буржуазной фальсификации истории образования БССР. Мн., 1987. С. 41.
4. Бiч М. Аб нацыянальнай канцэпцыi гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Рэспублiкi Беларусь // Беларускi гiстрычны часопiс. 1993, №1. С. 17.
5. Трашчанок Я. История Беларуси. Досоветский период. Ч. I. Могилев, 2003.
6. Тамсама. С. 92.
7. Тамсама. С.67.
8. Тамсама. С. 10.
9. Афанасьев Ю. Феномен советской историографии // Советская историография. Под ред. Ю.Афанасьева. М., 1996. С. 25.
10. Радзiк Р. Дапаможнiк па дзяржаўнай iдэалогii // Беларускi гiстарычны агляд. Т. 11. Сшытак 1-2 (20-21). Менск, 2004. С. 326.

 
 
Яндекс.Метрика