Стварэнне Мiнскага гета i асаблiвасцi яго iснавання у пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны

 

Сяргей ТУКАЛА  (Мiнск)

У гады Вялiкай Айчыннай вайны Мiнск быў шматпакутным горадам. На жаль, у вынiку раптоўнага наступу нямецкай армii, вышэйшае кiраўнiцтва БССР збегла з горада, не здолела арганiзаваць хуткую эвакуацыю мясцовага насельнiцтва на ўсход, якому суджана было стаць ахвярай нацыстаў. І хаця некаторая частка жыхароў Мiнска паспела пакiнуць сталiцу, але большасць, з-за несумленнасцi i здрады вярхоўнай улады, была дэзарыентавана кiраўнiцтвам ЦК КП(б)Б i засталася ў горадзе. Прывядзем наступныя лiчбы. У першай палове 1941 года ў сталiцы БССР налiчвалася 270,4 тыс. жыхароў, з iх прыкладна 100 тыс. яўрэяў. У сувязi з пагрозай акупацыi Мiнск пакiнула 98 тыс. чалавек, у тым лiку прыблiзна 45 тыс. яўрэяў [1; 171]. У “Чорнай кнiзе” Васiля Гросмана i Іллi Эрэнбурга сцвярджаецца, што каля 75 тыс. грамадзян яўрэйскай нацыянальнасцi (разам з дзецьмi), не паспеўшы з’ехаць, засталiся ў горадзе [2; 106]. Як адзначае гiсторык Эмануiл Іофэ, беларускiя яўрэi апынулiся “в гигантском котле, который стал предвестником их гибели в ближайшем будущем...” [3; 111].

Трагедыя яўрэяў у гады вайны была часткай трагедыi ўсiх жыхароў шматпакутнай Беларусi. Нацысцкай палiтыкай Трэцяга Рэйха ўсе яўрэi, якiх Германiя лiчыла “першым ворагам”, другой па значнасцi (пасля партызан) варожай групоўкай, якая на думку прадстаўнiкоў нямецкай элiты прэтэндавала быццам бы на сусветнае панаванне, былi асуджаны на сiстэматычнае, паступовае i масавае вынiшчэнне на ўсёй тэрыторыi СССР. Дзеля гэтага гiтлераўцы распрацавалi план “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання” – фiзiчнае знiшчэнне ўсiх яўрэяў, нягледзячы нават на тое, што яны перайшлi ў хрысцiянства. Фашысты паступова здзяйснялi вырашэнне “яўрэйскага пытання”, распрацавалi жахлiвую сiстэму лiквiдавання грамадзян гэтай нацыянальнасцi. А сталiцу нашай краiны немцы абралi ў якасцi “навуковага цэнтру” па апрацоўцы метадаў хуткага знiшчэння людзей. Гэта была сапраўдная катастрофа беларускiх яўрэяў, якая пачалася ў Мiнскiм гета, буйнейшым гета – канцлагеры на тэрыторыi Беларусi, акупаванай у гады вайны нямецка – фашысцкiмi захопнiкамi.

Ужо ў канцы чэрвеня 1941 года нямецкае камандаванне абвясцiла загад, згодна якому ўсе мужчыны сталiцы павiнны былi з’явiцца на рэгiстрацыю. Жыхар Мiнска М.І. Бруднер узгадвае, што ў той час, усе, хто з’явiўся на рэгiстрацыю “были заключены в лагерь военнопленных. Через некоторое время из содержавшихся в лагере были выделены в особую группу евреи, … евреев заключили в городскую тюрьму … Из числа последних отобрали инженеров, врачей, бухгалтеров и близ лагеря расстреляли ... Освободив евреев из тюрьмы, немцы направили нас в распоряжение еврейского комитета. В еврейском комитете нам обьявили, что незамедлительно нужно переселиться в еврейский район, в так называемое гетто ...” [4; 181 - 183].

Да 15 лiпеня 1941 года рэгiстрацыя яўрэяў была закончана. У гэты ж дзень быў вывешаны загад за подпiсам Б.Кайзера (камiсар Мiнска з верасня па лiстапад 1941 года) i В. Тумаша (з лiпеня па канец 1941 года - бургамiстр горада) аб арганiзацыi яўрэйскага гета [5; 179]. У дадзеным загадзе адзначалася, што ўсе яўрэi павiнны “в обязательном порядке” перасялiцца ў гета [5; 179]. Аднак канчаткова Мiнскае гета было створана 19 лiпеня 1941 года – выйшаў загад, падпiсаны камяндантам 812 палявой камендатуры, дзе адзначалася, што “... в г. Минске выделяется специальная часть города исключительно для расселения евреев” [6; 6-7]. Цiкавыя факты на гэты конт узгадвае былы вязень Мiнскага гета Х.І. Рубiнчык: “Согласно приказу полевого коменданта переселение должно было начаться после обнародования приказа, то есть 20 июля 1941 г. и завершиться в течение 5 суток. Но на практике оно продолжалось до августа. С 1.8.41 гетто было уже оформлено ...” [5; 179 - 180].

Такiм чынам, летам 1941 года ўсе яўрэi Мiнска былi сагнаны ў гета – раён прымусовага пасялення яўрэйскага насельнiцтва. У тэрыторыю сталiчнага гета ўвайшло каля 40 вулiц i завулкаў у паўночна – заходняй частцы горада: Калгасны завулак, вулiца Калгасная, рака Свiслач, вулiца Нямiга, выключая праваслаўную царкву, Рэспублiканская, Шорная, Калектарныя вулiцы, таксама вулiца Ракаўская i Абуўная, Юбiлейная плошча, вул. Апанскага, Татарская, Замкавая, Падзамкавая i iнш. [7; 1-2]. Згодна загаду палявога камянданта, яўрэям забаранялася знаходзiцца па-за межамi гета, яны ўключалiся ў працоўныя калоны. Апошнiя маглi пакiнуць яўрэйскi жылы раён толькi са спецыяльным накiраваннем да месца працы, якое выдавалася Мiнскай гарадской управай. Права ўваходу ў яўрэйскi раён (па вулiцы Астроўскага i Апанскага) мелi толькi яўрэi, а таксама вайскоўцы нямецкiх ваенных фармаванняў i супрацоўнiкi Мiнскай гарадской управы. На грамадзян яўрэйскай нацыянальнасцi накладвалася вялiзная кантрыбуцыя памерам 30 тыс. чырвонцаў за “компенсацию расходов, связанных с переселением” [7; 1-2]. Вытрымкi з дакумента сведчаць: “... Еврейский совет г. Минска полностью отвечает за осуществление приказа о переселении евреев ... после завершения процесса переселения весь квартал, отведённый для жительства евреям, подлежит изоляции от остальной части города путём возведения стены из сухой кладки ... Порядок в еврейском жилом районе поддерживают специальные еврейские дружины порядка ... ” [6; 6-7]. Дарэчы, як падкрэслiвае былы вязень Мiнскага гета, воiн – партызан, сведка тых жудасных падзей Абрам Рубенчык: “… Все улицы, вошедшие в территорию гетто, были обнесены проволочным ограждением. Никакого кирпичного фундамента, как это предписывал приказ, не было. Установили двухметровые столбы и между ними сверху донизу через каждые двадцать сантиметров натянули ржавую колючую проволоку…” [8; 35].

Вязнi Мiнскага гета павiнны былi насiць на адзеннi спецыяльныя апазнавальныя знакi: паўкруглыя жоўтыя латы - для ўсiх; чырвоныя - для тых, каго выкарыстоўвалi на працы; зялёныя – для ўтрыманцаў i непрацуючых яўрэяў [9; 4]. Адзначым, што ў некаторых гета гэта былi шасцiканцовыя зоркi жоўтага колеру на грудзях i спiне.

Становiшча яўрэяў было проста жахлiвым: яны жылi ў нечалавечых, антысанiтарных умовах, у гета не было электраэнергii, лазнi; вязняў выкарыстоўвалi выключна на цяжкiх работах: “... разборка разрушенных зданий, чистка железнодорожных путей, рытьё ям, окопов, уборка города, чистка уборных и др., а очень часто евреи выполняли совершенно никому не нужные работы. Вырывали ямы и засыпали их снова ... ” [5; 197]. Працоўным “выдавали 200 граммов хлеба и один раз в день мутную водичку, именуемую супом” [2; 111]. Вось як апiсвае становiшча яўрэяў гета былы яго вязень Мiхаiл Трэйсцер: “ В гетто всё направлено на то, чтобы лишить человека не только чувства собственного достоинства, но и человеческого облика. Голод, холод, лохмотья, опознавательные знаки, беспросветная темень, смерть … При плотности заселения, которая образовалась во время создания гетто и поддерживалась почти до его ликвидации, в одноэтажном 2-3-х квартирном доме могло ютиться до ста человек, в небольшом 2-х этажном – до 200 – 300 ” [10; 260-262].

Спачатку на тэрыторыi Мiнскага гета здзяйснялiся расстрэлы, якiя, аднак, не мелi масавага характару. Людзей расстрэльвалi за адмаўленне выходзiць на працу, за нежаданне выконваць нямецкiя загады i г.д. Але, як нi балюча аб гэтым казаць, са жнiўня 1941 года немцы займалiся вырашэннем “яўрэйскага пытання” у сталiчным гета. Вось што паведамляла ў 1944 годзе Надзвычайная дзяржаўная камiсiя па расследванню злачынстваў нямецка – фашысцкiх захопнiкаў на акупаванай тэрыторыi Беларусi: “... В специальном лагере гетто ... немцы содержали до 100 тыс. евреев. Свидетели Бруднер М.И., Ботко Ф.Ф. ... и другие сообщили, что комендант лагеря Риддер и его помощники Готтенбах и Бенецке глумились над заключёнными, пытали и убивали их без всякого повода, травили собаками, кололи штыками и кинжалами, расстреливали ” [11; 107].

Ужо ў першы год iснавання Мiнскага гета яго вязнi пабачылi страшэнныя пагромы, бандыцкiя налёты, жудасныя аблавы. Апошнiя, дарэчы, пачалiся прыкладна праз тыдзень пасля таго, як яўрэi перасялiлiся ў гета. Падчас правядзення аблаў, гiтлераўцы iмкнулiся знiшчыць самы актыўны, здольны на супрацiўленне i рашучую барацьбу пласт насельнiцтва – маладых, здаровых мужчын. Так 7 жнiўня 1941 года была праведзена першая аблава, калi немцы знiшчылi 800 чалавек мужчын [12; 4]. Крыху пазней, 31 жнiўня таго ж года, 7-я i 9-я роты правялi новую акцыю супраць яўрэяў Мiнскага гета. Падчас гэтай акцыi “было арестовано и заключено в тюрьму в Минске около 700 евреев, в том числе 64 женщины … Еврейки были расстреляны за то, что во время проведения акции в гетто Минска оказались без еврейских отличительных знаков … Расстрелы произведены без особых эксцессов” [13; 44 - 46].

Акрамя пастаянных аблаў, вязнi гета сталi ахвярамi жудасных пагромаў, якiя па сутнасцi былi яшчэ больш страшэннымi i вар’яцкiмi. Большасць даследчыкаў лiчыць, што ў гiсторыi Мiнскага гета можна выдзелiць каля 10 пагромаў: дзённых i начных [14; 50]. З iх масавыя дзённыя адбылiся ўжо ў лiстападзе 1941 года [14; 51]. Так 7 лiстапада 1941 года (падчас святкавання 24 гадавiны Вялiкай Кастрычнiцкай рэвалюцыi) зранку немцы i палiцыя лiтоўскага, украiнскага i беларускага батальёнаў акружылi частку гета i пачалi выганяць людзей са сваiх хацiн. Партыямi па 200 – 300 чалавек iх выводзiлi ў раён вёскi Тучынка i там на месцы адразу расстрэльвалi. Па няпоўным дадзеным, 7 i 8 лiстапада ўсяго было знiшчана звыш 10 тыс. чалавек [5; 198]. 20 лiстапада 1941 года немцамi арганiзаваны другi пагром у гета, у вынiку якога каля 7 тыс. (як мiнiмум – С.Т.) мiнскiх яўрэяў былi лiквiдаваны непадалёк ад Тучынкi i на яўрэйскiх могiлках [12; 4].

Як бачым, ужо напрыканцы трагiчнага 1941 года, колькасць ахвяр Мiнскага гета у вынiку крывавых забойстваў, праведзеных аблаў, налётаў i пагромаў складала тысячы. На жаль, гэта быў толькi пачатак бязлiтаснай, цынiчнай i жудаснай палiтыцы генацыду, таму што немцы лiквiдавалi сталiчнае гета толькi ў кастрычнiку 1943 года. Сумна сцвярджаць, але праўда ў тым, што галоўны вынiк першага этапа iснавання Мiнскага гета – канцлагера з лiпеня па лiстапад 1941 года – гэта сапраўдная трагедыя беларускiх яўрэяў, апынуўшыхся пад “коламi” крывавай фашысцкай машыны, якая паглынала i знiшчала ўсё на сваiм шляху, пераўтвараючы бязвiнныя чалавечыя жыццi ў попел.

 

          Крынiцы i лiтаратура:

1. Кнатько Г.Д. Минское гетто (июль 1941 - октябрь 1943). Старонкi ваеннай гiсторыi Беларусi. – Мн., 1998
2. Гроссман В., Эренбург И. Чёрная книга. - Вильнюс, 1993
3. Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси: краткий научно-популярный очерк. – Мн., 1996
4. Преступления немецко – фашистских оккупантов в Белоруссии. 1941 – 1944. Документы и материалы. - Мн., 1963
5. Холокост в Беларуси. 1941 – 1944. Документы и материалы. – Мн., 2002
6. Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь. Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 937
7. НА РБ. Ф. 359. Воп. 1. Спр. 8
8. Рубенчик А. Правда о Минском гетто. Документ. повесть узника гетто. - Тель-Авив, 1999
9. НА РБ. Ф. 359. Воп. 1. Спр. 19
10. Трейстер М. Проблески памяти. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Беларуси в годы немецко-фашистской оккупации. Сборник научных работ.- Мн., 2005
11. НА РБ. Ф. 845. Воп. 1. Спр. 21
12. Жизнь и гибель Минского гетто (Публикация Музея истории и культуры евреев Беларуси) Авив. 2003. № 10. 19 октября
13. НА РБ. Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 936
14. Иоффе Э. Минское гетто: Основные этапы истории. Мiнскае гета. 1941 – 1943 гг.: Трагедыя. Гераiзм. Памяць. Матэрыялы мiжнар. навук. канферэнцыi. – Мн., 2003

 
 
Яндекс.Метрика