Афармленне падпольнага арганізацыйнага цэнтру ў Мінскім гета (1941 г.)

 

«Немцы думали, что евреи – это мишень. Они увидели,что мишень стреляет. Немало мертвых немцев могли бы рассказать, как воюют евреи”

          Илья Эренбург [1, с. 38-39].

 

Мінскае гета, адно з буйнейшых гета – канцлагераў на тэрыторыі Беларусі і СССР, акупаванай у гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка – фашысцкімі захопнікамі, было створана 19 ліпеня 1941 г. згодна распараджэнню камянданта 812 палявой камендатуры [2, арк. 1]. У тэрыторыю сталічнага гета ўвайшло каля 40 вуліц і завулкаў у паўночна – заходняй частцы горада: Калгасны завулак, вуліца Калгасная, рака Свіслач, вуліца Няміга, выключая праваслаўную царкву, Рэспубліканская, Шорная, Калектарныя вуліцы, Мэблевы завулак, вул. Перакопская, вул. Нізавая, Яўрэйскія могілкі, вул. Абутковая, Юбілейная плошча, 2-гі Апанскі завулак, вул. Заслаўльская да Калгаснага завулка і інш [3, арк. 6-7].

Адпаведна распараджэнню камянданта яўрэям забаранялася знаходзіцца па-за межамі гета, яны ўключаліся ў працоўныя калоны. Права ўваходу ў яўрэйскі жылы раён мелі толькі яўрэі, а таксама вайскоўцы нямецкіх ваенных часткаў. На грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці накладвалася вялізная кантрыбуцыя памерам 30 тысяч чырвонцаў [3, арк. 6-7]. Вязні гета павінны былі насіць на адзенні спецыяльныя апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя латы - для ўсіх яўрэяў; чырвоныя – для тых, каго выкарыстоўвалі на працы; зялёныя – для ўтрыманцаў і непрацуючых яўрэяў.

Становішча яўрэяў было проста жахлівым: яны жылі ў нечалавечых, антысанітарных умовах, у гета не было электраэнергіі, лазні, магазінаў; вязняў выкарыстоўвалі выключна на цяжкіх работах: «... разборка разбураных будынкаў, чыстка чыгуначных шляхоў, рыццё ям, акопаў, уборка горада, чыстка прыбіральняў і г.д, а вельмі часта яўрэі выконвалі зусім нікому не патрэбныя работы. Вырывалі ямы і засыпалі іх зноў ...» [4, с. 196-197]. Працоўным «выдавалі 200 грамаў хлеба і адзін раз на дзень мутную вадзічку, называемую супам» [5, с. 111].

Пасля стварэння Мінскага гета, немцы пачалі праводзіць паступовае, планавае і сістэматычнае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей. Ліквідацыя вязняў гета ажыццяўлялася шляхам правядзення пастаянных аблаў, начных бандыцкіх налётаў у кватэры насельніцтва гета, масавых пагромаў, лоўлі людзей на вуліцах і вывазу іх у невядомым накірунку, адкуль яны ўжо больш не вярталіся.

Падчас правядзення аблаў, гітлераўцы імкнуліся знішчыць самы актыўны, здольны на супраціўленне і рашучую барацьбу, пласт насельніцтва – маладых, здаровых, моцных мужчын. Так 7 жніўня 1941 г. была праведзена першая аблава, калі немцы знішчылі 800 чалавек мужчын [6, с. 4]. Фашысты ўрываліся ў дамы, забіралі падлеткаў, старых, жанчын. Такія аблавы практыкаваліся амаль кожны тыдзень. Крыху пазней, 31 жніўня таго ж года, 7-я і 9-я роты правялі новую акцыю супраць яўрэяў Мінскага гета, у выніку якой «было арыштавана і заключана ў турму ў Мінску каля 700 яўрэяў, у тым ліку 64 жанчыны … Яўрэйкі былі расстраляны за тое, што падчас правядзення акцыі ў гета Мінска аказаліся без яўрэйскіх апазнавальных знакаў … Расстрэлы праведзены без асаблівых эксцэсаў» [7, арк. 44 - 46].

Тым не менш, з самага пачатку існавання Мінскага гета на яго тэрыторыі паступова зараджаўся і мацнеў яўрэйскі супраціў, які ўзнік як рашучы адказ ахвяраў расізму на бязлітасную, бесчалавечную і крывавую палітыку генацыду, здзяйсняемую нямецка – фашысцкімі захопнікамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Жудасныя пагромы, вар’яцкія аблавы, расстрэлы вязняў, «паляванні» на яўрэяў, голад, страшэнныя хваробы, абмежаваная свабода перасоўвання, праследванні гестапа - у такіх складаных і цяжкіх умовах адбывалася афармленне падпольнай арганізацыі Мінскага гета – канцлагера. Калі яна ўзнікла, па ініцыятыве каго, хто быў яе знакамітымі прадстаўнікамі, якія мэты і задачы ставіў перад сабою падпольны арганізацыйны цэнтр – на гэтых мала даследаваных, недастаткова вывучаных і слаба распрацаваных аспектах мы і спынем нашу асноўную ўвагу.

Летам 1941 г. ў акупаваным Мінску пачынаецца актыўнае збіранне сіл для арганізаванага адпору нямецка – фашысцкім захопнікам. Каб уявіць сабе сапраўднае становішча, у якім знаходзіліся жыхары сталіцы, а менавіта вязні Мінскага гета, звернемся да ўспамінаў былых падпольшчыц сталічнага гета Цылі Янкелеўны Батвіннік-Луп’ян і Славы Саламонаўны Гебелевай-Асташынскай, якія ўзгадваюць наступнае: «... у жніўні 1941 г. на кватэры ў Міхаіла Гебелева (вядомага падпольшчыка – С.Т.), які пражываў у той час па Сталпецкаму перавулку ў доме №5, сабраліся таварышы Ліпская Роза, Майзлес Лена, Гебелева-Асташынская і я (Батвіннік Цыля – С.Т.), разам з Гебелевым Міхаілам мы ўсебакова абмеркавалі пытанне як нам практычна пачаць барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў. Гебелеў нам адказаў, што будзем арганізоўваць падполле як у рускім раёне (па-за межамі Мінскага гета – С.Т.), так і ў раёне гета... Гебелеў папярэдзіў таварышаў, што асабіста сувязь ён з імі (з гетаўскімі падпольшчыкамі – С.Т.) будзе падтрымліваць праз мяне (праз Славу Гебелеву-Асташынскую – С.Т.). Я ўвесь час з’яўлялася ў Гебелева сувязной як унутры гета, так і ў рускім раёне» [8, арк. 3, 14].

Адзначым, што сам Міхаіл Гебелеў меў у Мінску вялікія сувязі, да пачатку вайны працаваў намеснікам старшыні па культрабоце і сакратаром партарганізацыі арцелі «Чырвоны друкар», потым быў інструктарам Сталінскага райкома партыі [8, арк. 3]. Безумоўна, ён карыстаўся значным аўтарытэтам і павагай сярод тых, хто яго добра ведаў і быў з ім асабіста знаёмы. Больш таго, Міхаіл Гебелеў быў вельмі дальнабачным і таленавітым дзеячом, умелым арганізатарам і энергічным, рашучым, валявым, непахісным чалавекам. Канешне, дадзеныя станоўчыя якасці і далі магчымасць менавіта гэтаму выбітнаму падпольшчыку адным з першых пасля акупацыі немцамі Мінска актыўна пачаць устанаўліваць трывалыя і надзейныя сувязі з застаўшыміся камуністамі і камсамольцамі з адзінай мэтай: наладзіць арганізаваную і бескампрамісную барацьбу, накіраваную супраць гітлераўскіх акупантаў.

Першыя крокі Міхаіла Гебелева па стварэнню падпольнай арганізацыі на тэрыторыі Мінскага гета далі станоўчы эфект. Гэта быў моцны штуршок і рэальная надзея на выратаванне праз няспынную барацьбу для астатніх вязняў гета, гетаўскіх падпольшчыкаў, якія вырашылі перайсці да практычных дзеянняў.

Так яшчэ адзін былы вязень Мінскага гета, вядомы ўдзельнік яўрэйскага супраціву на яго тэрыторыі, кіраўнік падпольнай баявой арганізацыі Рыгор Смоляр у сваіх успамінах піша такія радкі: «Аднаго разу, упершыню за час маіх сустрэчаў з Нотке Вайнгаўзам (былы вязень Мінскага гета – С.Т.) у ягонай «маліне»... , мы абодва прыйшлі да аднолькавай высновы: настаў час – і мы павінны пачынаць штосьці рабіць! Заставацца пасіўнымі і бездапаможнымі перад пагрозай смяротнага прысуду нацыстаў, якая навісла над усімі намі, -- гэта было б толькі на руку «карычневым забойцам» у здзяйсненні іх брудных планаў. Аднак жа: што мы маглі зрабіць? Мы разважылі, што першым чынам трэба сабраць пэўнае кола надзейных людзей і разам падумаць пра тое, якім мог быць адказ на гэтае пытанне... Усе мусілі прыйсці на сход ужо з сваімі загадзя прадуманымі планамі...» [9, с. 35 ].

Дзеля распрацоўкі дакладнага плана дзеянняў камуністы Мінскага гета і дамовіліся склікаць у канцы жніўня 1941 г. партыйную нараду. Сустрэча адбылася 17 жніўня таго ж года па вуліцы Астроўскага недалёка ад Юбілейнай плошчы і Юдэнрата (яўрэйскага савета гета) у доме № 54 на кватэры былой супрацоўніцы ваеннай установы, жыхаркі Ленінграда Соні Пяўцовай – Рыўкінай [10, с. 213]. На нарадзе прысутнічалі ўсяго пяць чалавек: два жыхара Мінска – Хаймовіч Барыс (былы дырэктар буйной тэкстыльнай фабрыкі і афіцэр запасу Чырвонай Арміі) і Шнітман Ісай (рабочы-тэкстыльшчык); два «заходнікі» – Фельдман Меер; Смоляр Рыгор (Гірш ) – былы сакратар Беластокскага абласнога аддзялення Саюза савецкіх пісьменнікаў, выбітны, аўтарытэтны дзеяч, меў вялікі вопыт падпольнай барацьбы ў даваеннай Польшчы; і Кіркаешта Якаў - нараджэнец Адэсы, былы загадчык аддзела прапаганды Беластоцкага гаркама КП(б)Б. Але па шматлікім прычынам на сустрэчу не змаглі прыйсці такія вядомыя камуністы, актывісты яўрэйскага супраціву, як Вайнгауз Нотке (Натан) – былы работнік упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР; Добін Гірш і Александровіч Хаім [9, с. 36 ].

Удзельнікі сходу (партыйнай нарады) акрэслілі дзве, бадай, самыя галоўныя задачы: па-першае, распаўсюдзіць сярод насельніцтва лозунг – «Гета азначае смерць! Прарывайцеся скрозь агароджу гета! З гета на волю!». Па-другое, паслаць людзей, якія выдавалі за арыйцаў, у розныя раёны горада на пошукі месцаў, дзе яўрэі маглі б схавацца і такім чынам выратавацца [9, с. 37].

Партыйная нарада, абмеркаваўшы ўсе магчымыя пытанні, пастанавіла стварыць падпольную партыйную арганізацыю на тэрыторыі Мінскага гета, якая ставіла перад сабою наступныя мэты:

1) «Разбіць панічны настрой яўрэяў.

2) Наладзіць сістэматычны выпуск лістовак ( дзеля таго, каб распавесці вязням гета аб сапраўдным становішчы на фронце, і паказаць рэальныя памкненні акупантаў датычна ўсіх яўрэяў і славян ).

3) Наладзіць кантакт з камуністамі рускага раёну.

4) Устанавіць сувязь з партызанскімі атрадамі.

5) Устанавіць радыёпрыёмнік» [5, с.112 ].

Акрамя гэтага, усе ўдзельнікі сходу прыйшлі да агульнай і вельмі важнай высновы, што неабходна ўтварыць арганізацыйны падпольны цэнтр дзеля згуртавання, злучэння ўсіх актывістаў гета і вядзення рашучай, бескампраміснай барацьбы супраць галоўнага ворага і прыгнятальніка – нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

У арганізацыйны падпольны цэнтр Мінскага гета былі ўключаны наступныя асобы:

1) Якаў Кіркаешта – ён павінен быў адказваць за тэхнічныя пытанні падполля, а менавіта – набыццё радыёпрыёмнікаў і друкавальных машынак, пошук надзейных месцаў для падпольных сходак, ці паседжанняў прадстаўнікоў гетаўскага падпольнага цэнтру, арганізацыя дзейнасці сувязных гета (адыгрывалі важную ролю ва ўстанаўленні кантактаў гетаўскага падполля з пазагетаўскім – Мінскім патрыятычным падполлем і партызанскімі атрадамі).

2) Натан (Нотке) Вайнгауз – адказваў за агітмасавую, прапагандысцкую працу сярод жыхароў Мінскага гета (пазней, пасля гібелі ў пагроме 20 лістапада 1941 г. Якава Кіркаешта і Натана Вайнгауза, у склад аргцэнтра былі ўключаны вядомы ўжо нам Міхаіл Гебелеў і Мацвей Пруслін).

3) Рыгор (Гірш) Смоляр, ці «Яфім Сталярэвіч» (падпольнае імя і прозвішча) – кіраўнік арганізацыйнага падпольнага цэнтру. Ён выпрацаваў агульную структуру падпольнай арганізацыі Мінскага гета, асновай, базісам якой стала ячэйка, група, кожная складалася з дзесяці чалавек (падпольная «дзесятка»), прычым дадзеныя групоўкі павінны былі ўзначальваць вельмі надзейныя, рашучыя, смелыя і правераныя людзі, здольныя самастойна і аператыўна дзейнічаць у складаных, крытычных сітуацыях.

Падпольныя «дзесяткі» адыгралі значную ролю ў барацьбе супраць нямецка – фашысцкіх акупантаў, актывізацыі падпольнага і партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі. У яўрэйскім гета на працягу яго існавання ( са жніўня 1941 па кастрычнік 1943 г.) дзейнічалі 22 падпольныя групы ці як было згадана вышэй «дзесяткі» [11, с. 213-214 ]. Усе яны ствараліся па прынцыпу асабістага знаёмства, парад, альбо рэкамендацый. «Дзесяткі» канцэнтраваліся як у самім гета – канцлагеры, так і па – за яго межамі, па месцу работы яўрэйскіх працоўных камандаў. У Мінскім гета яны павінны былі весці актыўную працу па тлумачэнні ўзнікшага становішча, накіраваную супраць панікі, якая панавала сярод вязняў, арганізацыі слухання перадачаў з Масквы па радыёпрыёмнікам, выпуску лістовак, наладжванню трывалых сувязяў з рускім раёнам горада, які знаходзіўся па-за межамі Мінскага гета, падборам явачных кватэраў, сувязі з партызанамі і г.д.

На партыйнай нарадзе важныя заданні былі дадзены і іншым падпольшчыкам. Вось што прыгадвае Рыгор Смоляр: «Барысу Хаймовічу было даручана за любы кошт дастаць друкавальную машынку. Вайнгауз паставіў радыёпрыемнік на Татарскай вуліцы і штодзённа забяспечваў нас зводкамі Саўінфармбюро» [10, с. 213]. Акрамя гэтага, менавіта ў жніўні 1941 г. гетаўскія падпольшчыкі, актывісты яўрэйскага супраціву пачалі прыкладаць рэальныя намаганні па наладжванні першапачатковай сувязі з першымі партызанскімі атрадамі па-за межамі Мінскага гета [10, с. 213].

Як бачым, першапачатковае афармленне арганізацыйнага падпольнага цэнтру Мінскага гета адбылося 17 жніўня 1941 г. – амаль адразу пасля перасялення яўрэяў Мінска ў раён прымусовага пасялення яўрэйскага насельніцтва. Прычым, адзначым адну важную акалічнасць: арганізацыйны цэнтр быў створаны без афіцыйных указанняў зверху, прадпісанняў і дырэктыў з боку гарадскіх улад. На тое былі пэўныя аб’ектыўныя прычыны і гэтаму садзейнічалі склаўшыіся экстрэмальныя абставіны. Як слушна заўважаў на гэты конт у сваіх успамінах Рыгор Смоляр: «Рэвалюцыянеры, якія кіруюцца толькі інтарэсамі народа, павінны – у час бяды, або ў асадзе, або тады, калі яны цалкам ізаляваныя, прыслухоўвацца да свайго ўласнага сумлення. У такіх абставінах чакаць дырэктывы звыш – гэта значыць заставацца пасіўнымі і бездапаможнымі» [10, с. 43 ]. І толькі з восені 1941 г. да канца свайго існавання (кастрычнік 1943 г.) падполле Мінскага гета пачало дзейнічаць пад непасрэдным наглядам і надзейным уплывам Мінскага падпольнага гарадскога камітэта партыі, з якім гетаўскія змагары каардынавалі свае мэты і задачы і вялі сумесную барацьбу. Але гэта ўжо наступны больш драматычны этап у гісторыі падполля Мінскага гета, якому будзе прысвечаны асобны артыкул.


          Крыніцы і літаратура:

1. Еврейский народ в борьбе против фашизма. Материалы 3 – го антифашистского митинга представителей еврейского народа и третьего пленума Еврейского Антифашистского комитета в СССР. – М.: Дер Эмес, 1945
2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 359. Воп.1. Спр. 8
3. НА РБ. Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 937.
4. Справка Наума Абрамовича Коссого о массовом истреблении еврейского населения Минска . Холокост в Беларуси. 1941 – 1944. Документы и материалы. – Мн., 2002
5. Гроссман В., Эренбург И. Чёрная книга. - Вильнюс, 1993
6. Жизнь и гибель Минского гетто ( Публикация Музея истории и культуры евреев Беларуси) Авив. 2003. № 10. 19 октября
7. НА РБ. Ф. 4683. Воп. 3. Спр. 936
8. Там жа. Спр. 837
9. Смоляр Г. Менскае гета: барацьба савецкіх габраяў – партызанаў супраць нацыстаў. – Мн.: Тэхналогія, 2002
10. Смоляр Р. Антыфашысцкае падполле ў мінскім гета ( ліпень 1941 – жнівень 1942 гадоў) Полымя. 1995. № 6
11. Подпольные группы, действовавшие в гетто г. Минска в 1941 – 1944 гг. Мінскае антыфашысцкае падполле / Аўт. – укл. Я. І. Бараноўскі, Г.Дз. Кнацько, Т. М. Антановіч і інш. – Мн.: Беларусь, 1995

 
 
Яндекс.Метрика