«Наша Нiва» аб народнай адукацыi на беларусi напачатку хх стагоддзя

 

Як вядома, стан народнай адукацыi на Беларусi, якая ўваходзiла ў склад Расiйскай iмперыi, iстотна адставаў ад стану адукацыi цэнтральных губерняў па сваiх важнейшых паказчыках. Гэта тлумачылася ня толькi агульнай сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыяй Паўночна-Заходняга краю, але i выразнай русiфiкатарскай палiтыкай царскага ўраду. На Беларусi ўжо фактычна з сярэдзiны ХIХ стагоддзя не iснавала анiводнай вышэйшай навучальнай установы, i таму, улiчваючы агульны узровень адукаванасцi насельнiцтва, увага ў тутэйшым краi надавалася сярэдняй i пачатковай адукацыi. Але апошняя праз нежаданне ўладаў турбавацца аб пашырэннi культуры на нацыянальных акраiнах iснавала ў вельмi гаротным стане. Вiленская навучальная акруга, у склад якой уваходзiлi беларускiя губернi, займала перадапошняе месца сярод 15 навучальных акругоў Расiйскай iмперыi. Такое становiшча, безумоўна, турбавала прагрэсiўныя колы беларускай грамадзкасцi. Не абыйшла гэтую праблему i рэдакцыя адной з найпершых беларускiх газет «Наша Нiва» / «НН» /. Ужо ў першым нумары яна аб’вясцiла, што «служыць усяму скрыўджанаму народу». Газета пачала выдавацца з лiстапада 1906 г. у Вiльнi i выходзiла штотыдзень да жнiўня 1915 г. У ёй у асноўным друкавалiся матэрыялы аб жыццi беларускай вёскi, адстойвалiся патрабаваннi градска-палiтычнага раўнапраў’я беларусаў, права карыстацца роднай моваю, развiваць на ёй лiтаратуру i асвету. «НН» шырока i сiстэматычна асвятляла i разнастайныя пытаннi тутэйшай адукацыi, а таксама i яе цэнтральную фiгуру – народнага настаўнiка. Мусiць таму на яе забаранялася падпiсвацца настаўнiкам i вучням Вiленскай навучальнай акругi.

Паспрабуем прааналiзаваць, як на старонках «НН» за ўвесь час выдання асвятлялася жыццё i дзейнасць народнай школы i настаўнiка, ды i стан тагачаснай адукацыi. Першапчаткова зробiм статыстычны аналiз школьных матэрыялаў газеты, а потым разгледзiм найбольш цiкавыя з iх.

За два месяцы 1906 г. у пяцi нататках «НН» «фактычна ўздымалiся толькi два пытаннi, прысвечаныя адукацыi, а менавiта – аб настаўнiцкiх семiнарыях i стане народных школ. У наступным 1907 г. тэматыка матэрыялаў пашыраецца амаль у тры разы: разглядалiся пытаннi адкрыцця школ i iх матэрыяльнага стану, стварэння «вучыцельскiх» саюзаў, дзейнасць дэпутатаў-настаўнiкаў у Дзяржаўнай Думе. Але становiшча ў настаўнiцкiх семiнарыях працягвала цiкавiць больш за ўсё, таму гэтай тэме было прысвечана чатыры артыкулы з чатырнаццацi за ўвесь год.

Разам з ростам досведу i папулярнасцi газеты расце i аб’ём iнфармацыi аб стане тутэйшай адукацыi. У 1908 г. значна пашырылася ў параўнаннi з папярэднiм годам колькасць нататак на гэтую тэму. За гэты час iх налiчваецца 23: настаўнiк i царква, стаўленне сялян да адукацыi сваiх дзяцей, школьная статыстыка, матэрыяльны стан настаўнiка, звесткi аб школьнай справе па-за межамi края i iнш. Галоўнае ж месца займалi пытаннi падрыхтоўкi настаўнiцкiх кадраў для народных школ, асвятленне дзейнасцi прафсаюзаў, адносiны памiж дзяржавай i народнай школай.

У 1909 г. назiраюцца тыя ж тэндэнцыi, як i ў 1908: асвятленне разнастайных бакоў школьнай справы ў нашым краi, але тэматыка публiкацый пашыралася ў адпаведнасцi з часам. На старонках газеты магчыма было сустрэць звесткi аб настаўнiцкiх з’ездах, з’яўленне адукацыйных часопiсаў, iнструкцыi па стварэнню народных школ. Шмат увагi надавалася асвятленню грамадскай дзейнасцi настаўнiка, семiнарыям i курсам, стаўленню насельнiцтва да асветы, але больш за ўсё «НН» хваляваў гаротны матэрыяльны стан школы, аб чым адзначалася ў 7 з 22 публiкацый, прысвечанных адукацыi за ўвесь год.

У 1910 г. тэматыка публiкацый значна скарацiлася, але iх колькасць узнялася на 1/3, дасягнуўшы рэкорднай за ўсе гады выдання лiчбы – 36 артыкулаў i нататак. Як i раней, пiльная ўвага надавалася паведамленням аб адкрыццi школ (палова ўсiх публiкацый), матэрыяльным стане, грамадскай дзейнасцi настаўнiкаў i iх сацыяльнаму статусу. Асаблiвасцю з’яўляецца тое, што менавiта з гэтага часу рэдакцыя пачынае шырокае асвятленне сiтуацыi, звязанай з мовай выкладання ў школах, адначасова прапагандуючы iдэю пераводу навучання на народную, беларускую мову. Газета за 1911 г. мае ўсяго толькi 17 артыкулаў, галоўныя сярод iх як i раней: адкрыццё школ i праблемы з iмi звязаныя, матэрыяльны стан настаўнiцтва i яго месца ў грамадстве. У наступным 1912 г. «Наша Нiвa» змясцiла на сваiх старонках 20 нататак i паведамленняў аб стане беларускай адукацыi, прычым прыярытэт надаваўся пытанням адносiн сялян да школы i да настаўнiкаў. Дзесцi чвэрць усiх публiкацый займала школьнае моўнае пытанне. У апошнiм перадваенным годзе значная частка матэрыялаў «Нашай Нiвы» па праблемах адукацыi на Беларусi прыпадала на асвятленне матэрыяльтнага стану настаўнiцтва i ўмоў iх працы (трэць публiкацый). Разглядалася таксама i дзяржаўная школьная палiтыка ў iмперыi, фiнансаванне адкрыцця новых школ i др.

На 1914 г. прыпадае 32 паведамленнi па разглядаемай тэме, нават нягледзячы на тое, што ужо ў другой палове года пачалася першая сусветная вайна.Працэс адкрыцця школ у вёсках i гарадах прыцягваў найбольшую ўвагу рэдакцыi, але не заставалася яна ў баку i ад асвятлення пытання дзейнасцi настаўнiцкiх семiнарыяў, стану мовы ў школах, падзея настаўнiцкага з’езду ў Пецярбурзе. Чытач таксама знаёмiўся з настаўнiкамi-беларусамi на франтах вайны.

1915 г. быў апошнiм годам выдання «НН», у якi нягледзячы на шматлiкiя перашкоды вайсковай цэнзуры, рэдакцыя здолела данесцi пэўную iнфармацыю да свайго чытача. Дзве трэцi матэрыялаў было прысвечана настаўнiкам i школе ва ўмовах вайны.

Зараз хацелася б больш падрабязна разгледзець асноўныя праблемы школьнай адукацыi, якiя асвятлялiся ў «Нашай Нiве» напачатку мiнулага стагоддзя. З газеты вынiкае, што пастаянным, хвалюючым пытанем была падрыхтоўка настаўнiкаў праз семiнарыi. Напрыклад, шмат увагi надавалася здарэнню ў Маладзечанскай настаўнiцкай семiнарыi ў кастрычнiку 1906 г., навучэнцы якой раптоўна ў сярэдзiне навучальнага года спынiлi вучобу i раз’ехалiся па хатах. Яны папрасiлi папячыцеля Вiленскай акругi замянiць дырэктара Гадыцкага-Цвiрку, якi «ругаецца як п’яны звозчык на рынку i лезе бiцца з кулакамi ня толькi да навучэнцаў, але i да настаўнiкаў.»[1] Ён трымаў у страху ўсю семiнарыю. Пазней чытачы даведалiся, што дырэктар семiнарыi ўсё ж застаўся на сваёй пасадзе, аднак на iспытах ён паклапацiўся аб тым, каб 10 чалавек было пакiнута на другi год. «НН» пiсала i аб тым, што ў гэтай жа семiнарыi замацаваўся такi звычай: «усе пiсьма да вучэнiкоў праходзiлi праз рукi дырэктара, каторы чытаў iх.»[2] Тaды вучнi вырашылi пазбавiцца ад гэткай «апекi». Справа цягнулася доўга, але семiнарысты нарэшце дабiлiся права атрымлiваць лiсты без кантроля. Для вучобы ў настаўнiцкiя семiнарыi прымалi звычайна толькi праваслаўных. У жнiўнi 1908 г. газета паведамiла, што напраклад, у Панявежскую семiнарыю зараз маюць магчымасць паступiць i каталiкi.

Акрамя семiнарыяў iснавалi i iншыя формы падрыхтоўкi настаўнiкаў. Напрыклад, гэта былi летнiя курсы для «народных вучыцеляў», якiя стварала Таварыства «Прасьвета» ў Вiльнi. Тут чыталiся лекцыi па тэмах: «Методыка рускай мовы», «Курс школьнай гiгiены», «Аб рускай гiсторыi», лекцыi па бiялогii за плату ад 5 да 10 рублёў. Аб гэтым паведамляла «Наша Нiва» 6 чэрвеня 1908 г.

У 1908 г. былi змешчаны статыстычныя звесткi аб дзяржаўным бюджэце, у тым лiку i па народнай асвеце. «На народную прасьвету грошай давалi найменш … расходы мiнiстэрства ваеннага – 225 млн. руб., фiнансаў – 331 млн. руб., на народную прасьвету – 34 млн.руб. Мы бедныя таму, што мы цёмныя i цёмныя бо бедныя»– рабiла выснову газета[3]. Акрамя таго, у адным з нумароў змяшчаўся цiкавы падлiк, што каб ахапiць агульным навучанем увесь край, трэба адчынiць прыкладна 149 тысяч новых школ. Зразумела, што пры гэткай дзяржаўнай палiтыцы, асноўны цяжар выдаткаў клаўся на сялянскiя плечы. Большасць абшчын станоўча ставiлася да асветы i пад час плацiлi за навучанне сваiх дзяцей апошнiя грошы, але шмат хто лiчыў, што «усё роўна нашыя сыны панамi не будуць, як вазiлi гной, так i будуць вазiць»[4] i таму грошай даваць не хацелi i часцяком адрывалi дзяцей ад вучобы. Няма нiчога дзiўнага, што па падлiках шведскага статыстыка Сундберга «Колькi ў якiм краю Еўропы ёсць неграматных» за 1913 г. у Расii сярэдняя лiчба непiсменных на 10 000 жыхароў складала – 6200 чалавек, а ў Нямечыне – 5 душ.[5] Як пiсаў да рэдакцыi ў вераснi 1911 года народны настаўнiк з Гродзенскай губернi, «няма ў нас больш цяжкай рэчы, як адкрыць цi пабудаваць у вёсцы школу.»[6]

Адна з тэм, якая разглядалася на старонках газеты – цяжкае матэрыяльнае становiшча настаўнщкаў. Якуб Колас пад псеўданiмам К.Наднёманец у сваiм артыкуле «Аб народным вучыцеле» з абурэннем пiша «… колькi вучыцеляй сядзiць па турмах … пакутуе ў ссылках на далёкiх акраiнах Расii? А колькi без працы i заробку, галодных, абношэнных, змардаваных, без жаласцi выкiнутых у ахвяру нуды i пакуты? А за што? За тое, што вучыцель асмелiўся думаць iначай як прыказвае яму цыркуляр начальства, за тое, што iмкнуўся пралiць света ў цёмную вёску»[7]

Жахлiвую карцiну будзённага настаўнiцкага жыцця малюе №9 за 1908 г.: «Што гэта за школка – нi самаму паглядзець, нi людзям паказаць. Дзецi сядзяць на лаўках, што вучыцель сам неяк збiў з дошак, а кнiжак дык няма дзе пакласцi, дзе ўжо тут навучыць добра пiсаць. У класе цёмна, сыра, цесна … аж дыхаць трудна.»[8] У другой палове школы жыў настаўнiк са сваёй сям’ёй у адной каморцы, «як у катуху … тут i спяць усе, i страва варыцца, i вучыцель працуе сам па вечарах, у цеснаце, у чадзе.» На пытанне, чаму такая дрэнная школа, настаўнiк адказвае, што яна ўжо пяты год пераносiцца з адной хаты ў другую, бо сваёй не мае, а нават летась была яшчэ горшая. Часцяком, як пiсалi ў газеце, «вучыцель сам мусiць ваду цягаць i клас прыбiраць, i ў печы палiць, ды яшчэ i прыплачваць са сваёй пустой кiшэнi.»[9]. А яна сапраўды была пустой. Напрыклад, у Арлянскiм i Дубiцкiм народных вучэльнях у настаўнiкаў пасля выплаты ўсiх падаткаў засталося 192 руб. 50 кап. За год за гэтыя грошы, як паведамляе далей «Наша Нiва», цяжка прахарчавацца, а аб тым, каб выпiсаць газету цi кнiгу – няма чаго i думаць. Па iншых звестках, у Вiлейскiм уездзе вучыцелю трэба жыць за 3 капейкi ў дзень.»[10]

Як паведамляе «Нiва», ў лютым 1914 г. настаўнiкам не выдаюць па некалькi месяцаў пенсii, i далей адзначае, як бы пытае: «што яны галадаюць – то не дзiва, бо яны настаўнiкi, але за што iх дзецi i жонкi церпяць голад?»[11] Аднойчы на адрас «Нашай Нiвы» прыйшоў лiст ад былога настаўнiка, якi раззлавана пiсаў, што гадоў дваццаць таму назад настаўнiк атрымлiваў 12 руб. 50 кап. у месяц i ня енчыў, а зараз 30, i кажуць, што гэтага мала. У адказ рэдакцыя звярнулася да некаторых народных настаўнiкаў, каб тыя напiсалi аб сваiм бюджэце. У вынiку атрымалася наступная карцiна: пры сярэднiм даходзе 363 руб. 60 кап. у год, сярэднi расход складае 515 руб., а найменшы расход – «жабрацкае жыццё» – 380 руб., ды i пры тым, калi настаўнiк не жанаты, мае дармавую кватэру i палiва.[12]

Складаныя матэрыяльныя ўмовы, нагляд за асабiстым жыццём з боку дзяржавы i праваслаўнай царквы, рэвалюцыйная сiтуацыя ў краiне напачатку ХХ стагоддзя – ўсё гэта вымушала настаўнiцтва шукаць выйсця i «лепшай долi». Адным са шляхоў было стварэнне так званых вучыцельскiх саюзаў, дзейнасць якiх шырока асвятляла газета. Нумар 18 за 1907 г. паведамляў, што ў маi адбылася канферэнцыя прадстаўнiкоў нацыянальных вучыцельскiх саюзаў, у якой прымала ўдзел i беларуская дэлегацыя. На канферэнцыi была прынята праграма агульных дзеянняў.[13]

Са старонак «Нашай Нiвы» можна даведацца i аб устаноўчым з’ездзе беларускiх настаўнiкаў i стварэннi iмi «Беларускага вучыцельскага саюза» з наступнымi мэтамi :
«1. Перастройка дзела народнага абразаванiя на шырокiх, свабодных дэмакратычных пачатках дзеля народа …
2. Увод у школу абучэння на роднай беларускай мове …
3. Незалежнасць школы i вучыцеля ад рознага начальства.» [14]

Аднак на з’ездзе народных настаўнiкаў, якi адбыўся ў Пецярбурзе напрыканцы 1913 г., як з сумам паведамляла рэдакцыя газеты, нiводзiн беларус не ўзяўся за абарону народа «… ён баяўся. Векавы ўцiск забiў у iм гордасць чалавечую»[15]

Як ужо адзначалася, дзяржава з падазронасцю ставiлася да розных праяў грамадскай актыўнасцi, таму не дзiва, што «Наша Нiвa» паведамляла i аб рэпрэсiях у дачыненнi да актывiстаў-настаўнiкаў: «3 мая 1908 г. Вiленская судзебная палата разглядала справы народных настаўнiкаў Мiнскай губернii. Два гады таму некалькi вучыцелей з’ехалiся ў сяле Мiкалаеўшчыне. Па даносу аднаго чалавека прыехала палiцыя, рабiла вобыскi … забрала праграму вучыцельскага саюзу i праграму, напiсаную вучыцелямi. Вучыцеляў выгналi са службы i ўзялi пад надзор палiцыi. Да суда былi прыцягнуты 5 чалавек. З iх два ўжо ў Амерыцы. Судзiць будуць трох»[16]

Моцным кантрастам выглядае становiшча настаўнiцтва ў iншай iмперыi – Нямецкай, дзе на чарговым з’ездзе нямецкiх настаўнiкаў «iмператар Вiльгельм загадаў устроiць для вучыцеляў прадстаўленне ў сваiм тэатры i сам туды прыехаў. Нямецкiя народныя вучыцялi збiралiся ня першы раз … i цяперашнi ўрад, разумеючы, якую вагу мае свядомая i шчырая праца народнага вучыцеля, ня робiць вучыцельскiм з’ездам нiякiх перашкод.»[17]

Цiкаўныя звесткi аб настаўнiцкай актыўнасцi можна пачарпнуць з нататкi, у якой паведамлялася, што ў в.Слабада Вiленскага павету «малады i вельмi працавiты настаўнiк праз усю зiму 1908-09 гг. рабiў у тутэйшай школе лекцыi, чытаннi для народу аб розных цiкавых справах – паказваў пекныя малюнкi», а адмыслова мужыкам чытаў аб тым, якую «шкоду робiць гэты страшны вораг людзей гарэлка». У вынiку, мужчыны далi згоду, што адгэтуль пiць ня будуць, прычым яшчэ прасiлi, каб вучыцель парупiўся аб адкрыццi ў iх «Таварыства трэзвасцi».[18]

А ў лiсце ад жыхароў в. Асавы Барысаўскага павету з удзячнасцю паведамлялася, што дзякуючы старанням «вучыцеля Жоглы i iншых лепшых людзей i мы, як людзi, святкавалi Новы год не ў карчме, як гэта бывала даўней, а ў сваей школе, слухаючы спевы i дэклямацыю нашых дзетак, старанна прыгатаваных да гэтага вучыцелям i свяшчэннiкам.»[19]

Не заставаўся абыякавым вясковы настаўнiк i да iншых сялянскiх праблем, будучы вельмi патрэбным чалавекам на мужыцкiх сходах. Як пiша газета, «народ верыць вучыцелям i шмат пасылае iх у Дзяржаўную Думу, каб адваяваць зямлю i свабоду, абаранiць мужыцкае права i скiнуць ярмо цяжкага чыноўнiцкага кiравання.»[20] У Думе настаўнiкi злучылiся ў «трудавую групу» (Працавiтую Грамаду). Адказам ураду было прыняцце закону, якi абмяжоўваў правы настаўнiкаў. «Вучыцелi надта мала маюць можнасцi быць выбранымi, iм нават забаранiлi хадзiць на мужыцкiя сходкi» – чытаем у «Нашай Нiве».

Як ужо адзначалася, з 1910 году пачала ўсё шырэй з’яўляцца iнфармацыя аб сiтуацыi з беларускай моваю ў тутэйшых школах. Аўтары публiкацый прыводзiлi шматлiкiя доказы самастойнасцi мовы, пераконвалi ў неабходнасцi навучання менавiта на ёй, бо яна, у адрозненнi ад польскай цi расiйскай, дазваляе дзецям зразумець сутнасць вучэбных прадметаў. Яскравым сведчаннем гэтага можа быць выпадак, апiсаны ў нататцы Лемяша «Чужая мова»[21] На ўроку «Закона божьего» праваслаўны святар распавядае пра «благие деяния Бога». Вучнi яго не могуць зразумець: «Чаму Бог робiць благое, чаму ён благi?» Па-беларуску «благi» – кепскi, дрэнны. А па-руску – добры. У вынiку, дзецi вызубрываюць, не разумеючы сэнсу, а на пытаннi святара «Почему Бог благой?» – прыдумляюць: «таму, што пусцiў на зямлю д’ябла . Таму, што ў гэтым годзе бульба не ўрадзiла i г.д.»

Нельга абмiнуць i ваенную тэму, якая з’явiлася на старонках «Нашай Нiвы» са жнiўня 1914 г. i з цягам часу ўсё больш i больш уплывала на характар i змест паведамленняў. Натуральна, што i школа ўрэшце рэшт шчыльна звязалася з гэтымi падзеямi: мабiлiзацыя настаўнiкаў, ператварэнне школ у шпiталi, стварэнне школьных дружын дапамогi сем’ям паклiканых на вайну. Паведамлялася, што 4 000 настаўнiкаў царкоўна-прыходскiх школ забрана ў войска.[22] Усе паклiканыя на ваенную службу народныя настаўнiкi «будуць усяроўна атрымлiваць сваю пенсiю цi самi, цi iх сем’i. Месцы, на якiх яны служылi, астаюцца за iмi»[23] Газета ўжо з верасня 1914 г. пачала апавядаць аб актыўных беларускiх культурных дзеячах, паклiканых у войска. Сярод iх быў Я.Колас, «паэт- лiрык, родам з Мiншчыны, народны вучыцель»[24]

Такiм чынам, вiдавочна, што «Наша Нiвa» даволi стала i сiстэматычна, у кожным другiм альбо трэцiм нумары ўдзяляла ўвагу пытанням развiцця народнай асветы на Беларусi. За дзесяць гадоў iснавання, па нашых падлiках, было надрукавана каля 200 нататак, артыкулаў i паведамленняў, у якiх адлюстроўвалася дзяржаўная адукацыйная палiтыка. З гэтых публiкацыяў выразна паўстае, на жаль, сумная, але даволi аб’ектыўная карцiна будзённага жыцця народнай школы i народнага настаўнiка.


          Литература:

1. Наша Нiва. 1906. 16 кастрычнiка. С.4.
2. Наша Нiва. 1907, 8 чэрвеня. С.6.
3. Наша Нiва. 1908, 6 чэрвеня.С.3.
4. Наша Нiва. 1909, 16 красавiка. С.5.
5. Наша Нiва. 1913. 16 мая.С.4.
6. Наша Нiва. 1911, 1 верасня. С.4.
7. Наша Нiва. 1907. 25 мая. С.6.
8. Наша Нiва. 1908, 25 красавiка.С.6.
9. Там сама.
10. Наша Нiва. 1907, 21 чэрвеня. С.7.
11. Наша Нiва. 1914. 27 лютага. С.2.
12. Наша Нiша. 1910. 12 жнiўня. С.4-5.
13. Наша Нiва. 1911. 21 мая.С.8.
14. Наша Нiва. 1907.8 чэрвеня.С.6.
15. Наша Нiва.1914, 24 студзеня. С.1.
16. Наша Нiва.1908. 8 чэрвеня, С.6.
17. Наша Нiва. 1912, 14 чэрвеня, С.2.
18. Наша Нiва. 1909, 2 красавiка. С.10.
19. Наша Нiва. 1912, 12 студзеня.С.4.
20. Наша Нiва. 1907, 25 студзеня.С.7.
21. Наша Нiва. 1913, 31 мая.С.3.
22. Наша Нiва.1915, 9 красавiка.С.4.
23. Наша Нiва. 1914, 11 верасня,С.2.
24. Наша Нiва. 1914. 18 верасня. С.2.

 
 
Яндекс.Метрика