БНС: спроба стварэння беларускага ўраду

 

          Алег ГАРДЗIЕНКА

 

 

60 год таму, 22 кастрычнiка 1941 г., была створаная Беларуская народная самапомач (БНС), арганiзацыя, якая мусiла займацца аховай здароўя i дапамагаць жыхарам Беларусi, пацярпелым ад вайны. Аднак з цягам часу БНС на некалькi месяцаў узначалiла грамадска-нацыянальнае жыццё ва ўмовах нямецкай акупацыi.

 

Стварэнне арганiзацыi не было наватворам, падобныя арганiзацыi дзейнiчалi ў Польшчы i Летуве, Латвii i Эстонii. Ды i папярэднiкамi БНС у Беларусi былi камiтэты самапомачы, што дзейнiчалi ў Еўропе ад 1940 г.

 

Берлiн ад канца 30-х гадоў стаў цi не галоўным прытулкам беларускай палiтычнай эмiграцыi. Беларускiя палiтыкi, што прытрымлiвалiся антынямецкай арыентацыi, з немагчысцi вырашэння «беларускага пытання» СССР i Польшчай у мiжваенныя дзесяцiгоддзя, ускладалi надзеi на гiтлераўскую Нямеччыну.

 

На тэрыторыi Нямеччыны знаходзiлiся 70 тыс. беларусаў, былых жаўнераў польскага войска, што трапiлi ў палон падчас кампанii 1939 г. Дзеля аб’яднання дзесяткаў тысячаў беларусаў, расцярушаных па тэрыторыi Нямеччыны, наладжваннi над iмi апекi i дапамогi пры ўладкаваннi на працу, у лiстападзе 1939 г. пры мiнiстэрстве ўнутраных спраў у Берлiне было створана Беларускае прадстаўнiцтва (WeiBruthenische Vertauenstelle).[1] Першым старшынём быў Анатоль Шкутка, пазней – Бернард Букатка.[2] Але арганiзацыя не задавальняла нацыянальных патрабаванняў беларусаў, бо ейная функцыя была зведзеная выключна да апекi над ваеннапалоннымi, ды i фiнансава i адмiнiстрацыйна яна залежыла ад нямецкiх уладаў.

 

Улетку 1940 г. у Берлiне з iнiцыятывы юрыста Мiколы Шкялёнка быў заснаваны Беларускi камiтэт самапомачы (БКС). М. Шкялёнак здабыў дазвол на заснаванне суполак БКС па ўсёй тэрыторыi Нямеччыны, а таксама на далучаных да яе пратэктаратаў Чэхiя i Маравiя, заходняй Польшчы, Аўстрыi. Згодна са статутам камiтэт мусiў мець выключна дапамогавы характар. Першым старшынём БКС быў Андрэй Бароўскi, колiшнi прадстаўнiк рады БНР у Нямеччыне, а ў склад управы ўвайшлi Васiль Камароўскi, Аляксандар Крыт, Баляслаў Барткевiч i iнш.

 

Першапачаткова планавалася, што арганiзацыя будзе мець назву Беларускi нацыянальны камiтэт[3], i у такiм выпадку станецца галоўнай беларускай iнстытуцыяй на чужыне. Аднак нямецкiя ўлады адмовiлi ў гэтым. Iснаванне беларускай арганiзацыi з назвай нацыянальны, магло квалiфiкавацца як палiтычная арганiзацыя, што супярэчыла пакту аб ненападзе мiж Нямеччынай i СССР, заключаным 23 жнiўня 1939 г.

 

Ад лета 1940 г. склад управы БКС iстотна змянiўся. Старшынём БКС быў абраны Мiкола Абрамчык, якi пераехаў у Берлiн з Парыжу, вiцэ-старшынём – Аляксандар Калоша, сакратаром– Станiслаў Грынкевiч(мал.) Фiлiялы БКС былi заснаваныя ў Лодзi (Лiцманштаце), Познанi, Торунi, Гамбургу, Данцыгу, Празе, Мюнхене, Вене. Да канца 1942 г. БКС у Нямеччыне налiчваў каля 3 тыс.сяброў.[4] Вiтаўт Тумаш, якi жыў у той час у Берлiне i супрацоўнiчаў з БКС пiсаў: «Камiтэт зьбiраў складкi, выдаваў легiтымацыi, стараўся аказаць сябром усякую магчымую дапамогу. У Бэрлiне былi сарганiзаваныя навaт настаўнiцкiя колькiмесячныя курсы, з надзеяй, што курсанты з часам могуць паехаць у школы на Беларусi».[5] Лекцыi на курсе, дзе займалiся 30 чалавек, чыталi: Вiтаўт Тумаш, Мiкола Абрамчык, Мiкола Шкялёнак, Валянцiна Жукоўская (Пашкевiч), Станiслаў Грынкевiч. Аднак спадзяваннi былi марныя, нямецкiя ўлады папросту забаранiлi выезд настаўнiкаў у Беларусь.

 

БКС пастараўся наладзiць выданне беларускай лiтаратуры. Адной з першых, была надрукаваная брашура Мiколы Шкялёнка «Экономiчны нарыс Беларусi» (1940).[6] Улетку 1942 г. Мiколам i Нiнай Абрамчыкамi былi выдадзеныя «Сымон-Музыка» Якуба Коласа i «Ад родных нiў» Ларысы Генiюш. У 1942 г. яны выдалi «Гiсторыю Беларусi ў картах», а Нiна Абрамчык апрацавала «Беларусь у песьнях».[7] Выдавецкая справа берлiнскага БКС працягвалася i надалей.

 

Паступова БКС ператварыўся ў самадастатковую арганiзацыю: ён узяў пад апеку выданне берлiнскай газеты «Ранiца», меў выдавецтва, ды i фiнанасавыя справы iшлi нядрэнна, – улетку 1943г. на рахунку арганiзацыi было 50 тыс. рэйхсмарак. Аднак увосень 1943 г. М. Абрамчык i

 

С. Грынкевiч былi змешчаныя са сваiх пасадаў i затрыманыя пад варту. Афiцыйнай падставай для арышту сталася «па-за законная дзейнасць у арганiзацыi» – прыняцце ў склад БКС т. зв. «усходнiкаў», жыхароў Беларусi, што забаранялася. Апроч таго, Мiкола Абрамчык здзейснiў нелегальнае падарожжа на Беларусь, што было таксама адмоўна ўспрынята нямецкiмi ўладамi. Абрамчык быў «вернуты» ў Парыж, пад хатнi арышт, а Станiслаў Грынкевiч выключаны з Цэнтралi БКС.[8]

 

Незалежна ад БКС у Нямеччыне iснаваў ад 1940 г. Беларускi камiтэт самапомачы ў Генеральнай губернi з цэнтрам у Варшаве i фiлiяламi ў Бяла-Падлясцы i Кракаве. Згодна са статутам, асноўнымi формамi дзейнасцi былi сацыяльная апека i грамадска-культурная дзейнасць. Пад апошняй мелася на ўвазе таксама арганiзацыя мастацкiх калектываў, чытанне лекцый i стварэнне бiблiятэк.[9]

 

З суполак самапомачы на месцах можна вызначыць Пражскi камiтэт самапомачы, заснаваны ў 1940 г., i якi узначалiў доктар Ян Ермачэнка, колiшнi дыпламатычны прадстаўнiк БНР на Балканах, i адзiн з лiдэраў беларускага жыцця ў Празе i фундатар беларускiх праектаў. Яшчэ

 

20 красавiка 1939 г. Я. Ермачэнка i старшыня рады БНР Васiль Захарка накiравалi мемарандум Адольфу Гiтлеру, у якiм выказвалiся спадзяваннi на вырашэнне беларускага пытання з дапамогай Нямеччыны. Дакумент быў заўважаны афiцыйным Берлiнам, i Ермачэнка з Захаркам былi запрошаныя ў жнiўнi 1939 г. на адмысловую канферэнцыю ў мiнiстэрстве замежных спраў, дзе падалi праграму супрацоўнiцтва Нямеччыны i Беларусi.[10] Садзейнiчала далейшаму ўзвышэнню д-ра Ермачэнкi i добрае знаёмства з пражскiм доктарам Вагнерам (у 1939–1940 гг. калегi займалiся арганiзацыяй беларускiх лекараў у Нямеччыне). У 1941 г. доктар Вагнер быў паклiканы ў Берлiн на працу ў мiнiстэрства акупаваных заходнiх тэрыторый, але пра сяброўства са сваiм беларускiм калегам памятаў на працягу ўсёй вайны, i менавiта ягонае заступнiцтва выратавала д-ра Ермачэнку падчас фатальных падзеяў на Беларусi ў 1943 г.

 

Ян Ермачэнка ўдзяляў увагу i культурна-асветнiцкай працы. Пры камiтэце было заснаванае «Прыватнае выдавецтва Яна Ермачэнкi», якое пад грыфам «Карэспандэцыйныя курсы беларусаведы» выдала чатыры брашуры: ананiмную «Як правiльна гаварыць i пiсаць па-беларуску», «Курс беларускай мовы», «Курс гiсторыi Крывii-Беларусi» Янкi Станкевiча i «Пранцы (Сыфiлiс)»

 

Яна Ермачэнкi. Улетку 1942 г. у Празе пад грыфам Беларускага камiтэта самапомачы выйшаў падручнiк «Арытмэтыка» Зоф’i Дабрынскай.[11]

 

Палiтычная незалежнасць д-ра Ермачэнкi, добрыя стасункi з афiцыйным Берлiнам, i важкае матэрыяльнае становiшча зрабiлi выбар на ягоную карысць. У вераснi 1941 г. Альфрэд Розэнберг, даўшы згоду на стварэнне адзiнай на тэрыторыi Генеральнага абшару Беларусь арганiзацыi – Беларускай народнай самапомачы (БНС), прызначыў яе кiраўнiком Яна Ермачэнку.

 

 

2

 

Адозва аб стварэннi БНС на тэрыторыi Генеральнага абшару Беларусь (ГАБ) была выдадзеная генеральным камiсарам Беларусi Вiльгельмам Кубэ i Янам Ермачэнкам 22 кастрычнiка 1941г. (надрукаваная 28 кастрычнiка 1941 г. у «Менскай газэце»). Згодна са статутам, БНС мусiла апекавацца над насельнiцтвам, займацца аховай здароўя. Дзеля дасягнення мэты прадугледжвалася арганiзаваць iнтэрнаты, дзiцячыя садкi, прадпрыемствы. У галiне культуры БНС мела права выдаваць кнiгi, газеты, часопiсы, арганiзоўваць Дамы культуры, праводзiць iмпрэзы, вечарыны i iнш.[12]

 

Да БНС перайшла уся маёмасць, памяшканнi i супрацоўнiкi Беларускага чырвонага крыжа, створанага д-рам Антановiчам у лiпенi 1941 г.[13] Камiтэты Самапомачы стваралiся ва ўсiх цывiльных акругах ГКБ, паветах i валасцях.

 

У Баранавiчах камiтэт узначалiў Вiктар Войтанка (пазней Мiхась Тулейка), Наваградскую акругу – Павал Якуцэвiч, Слонiмскую – Рыгор Зыбайла, Лiдскую – Адольф Клiмовiч, Слуцкую – Сяргей Лiхадзiеўскi, Барысаўскую – Барыс Шчорс, Ганцавiцкую – Антон Сокал-Кутылоўскi, Менск (горад) – Леанiд Маракоў, Менскую – Юллян Саковiч, Вiлейскую – Аляксандар Калодка (затым Часлаў Найдзюк), Глыбоцкую – Янка Гiнько.

 

У студзенi 1942 г. дзеля агульнага кiраўнiцтва БНС i каардынацыi дзейнасцi на месцах была заснаваная Цэнтральная рада (Цэнтраля). У склад Цэнтралi ўвайшлi Ян Ермачэнка (старшыня), Янка Станкевiч (першы намеснiк старшынi БНС), д-р Уладзiмер Валькевiч, якi некалькi месяцамi пазней змянiў Я. Станкевiча, архiяпiскап Фiлафей (Нарко), кс. Вiнцэнт Гадлеўскi, Вацлаў Iваноўскi, юрыст Павал Свiрыд, Кастусь Мiкалаевiч, Антон Адамовiч, Сымон Кандыбовiч, Ула-дзiмер Шавель, Язэп Найдзюк, Iван Касяк, Юллян Саковiч. (Склад Цэнтралi пастаянна змяняўся)

 

Структуры БНС былi заснаваныя ва ўсiх паветах Генеральнага абшару, што знаходзiлiся пад грамадзянскiм кiраўнiцтвам i большасцi валасцей ГКБ, абсалютнай большасцi паветаў i валасцей ГАБ. У заходнiх раёнах Беларусi (найперш Лiдская i Вiлейская акругi) усталяванне камiтэтаў БНС знаходзiла значнае супрацьдзеянне з боку мясцовага польскага элемента, якi бачыў у беларусах канкурэнтаў у барацьбе за ўплыў на насельнiцтва. Апроч таго, i колькасна беларуская iнтэлiгенцыя там была меншая. Аляксандар Калодка 21 студзеня 1942 г. у лiсце да Я. Ермачэнкi пiсаў:

 

«Наша вялейская Акруга бедная на беларускую iнтэлiгенцыю, а нават i тая iнтэлiгенцыя якая ёсьць – нейкая аспалая, павольная. Трэба было б падаслаць трохi стойкiх беларусаў-нацыяналiстаў».[14] Яго наступнiк Часлаў Найдзюк паведамляў: «У Вялейцы прыступiў я да працы 18 б. месяца (лютага 1942 – А.Г.) Адразу стараўся я зладзiць ад iмя Самапомачы сьвяткаваньне 25-сакавiка, i аказалiся на гэта сiлы ўжо часткова падрыхтаваныя, але, на жаль, усё разьбiлася аб забарону Стабсляйтэра, якi сказаў, што цяпер на гэта ня час, бо вайна, а ў Вялейскай акрузе далучаецца да гэтага i клопат у зьвязку з далучэньнем 4-х раёнаў да Лiтвы. Ня ведаю, як пойдзе зладжанасьць другiх iмпрэзаў, але згары прасiў бы, каб Вы былi ласкавы парабiць у цэнтры адпаведныя захады, каб мясцовыя ўлады прыхiльна да гэтага аднесьлiся. Iз самых пачаткаў працы ў Вялейцы суджу, што праца мая ў Вялейцы будзе iсьцi цяжка, але нягледзячы на гэта я надзеюся, што многа што ўдасца зрабiць».[15] Цяжкасцi ў стварэннi БНС былi ў большасцi акругаў ГКБ, выключэнне складалi Баранавiчы, Менск, Наваградак.[16]

 

Колькасць камiтэтаў i сябраў БНС залежыла ад спецыфiкi ўмоваў у кожным рэгiёне, а таксама i ад непасрэднай дзейнасцi тых альбо iншых дзеячаў. У Слуцкай акрузе на 1 траўня 1942 г. налiчвалася 413 сябраў БНС, тады як у Баранавiцкай – 4202.[17] Лiчбы адметныя, асаблiва калi ўлiчыць, што насельнiцтва Баранавiцкай акругi перавышала насельнiцтва Слуцкай толькi ў паўтары разы. Такую разбежку ў колькасцi сябраў можна патлумачыць наступнымi прычынамi:

 

— паветы, што ўваходзiлi ў склад Баранавiцкай акругi, былi заходнебеларускiмi (г.зн. да 1939г. уваходзiлi ў склад Польскай дзяржавы), таму нацыянальная свядомасць не была знiшчаная ў тым аб’ёме, як у савецкай Случчыне.

 

— магчыма, гэта можна тлумачыць функцыяваннем на пачатак 1943 г. у горадзе камiсарыята, адмiнiстрацыйнай адзiнкi большай за акругу, што ўздымала горад над iншымi акругамi, i магло спрычынiцца да прытоку сюды iнтэлiгенцыi.

 

Аднак найбольш залежыла ад iнiцыятывы i працы мясцовай беларускай адмiнiстрацыi. Бурмiстрам Баранавiчаў быў вядомы дзеяч беларускага вызвольнага руху – Юры Сабалеўскi, якi прыклаў нямала высiлак, дзеля беларусiзацыi акругi. У горадзе дзейнiчала мастацкая школа, трохгадовая дарожна-будаўнiчая школа, настаўнiцкая семiнарыя, медыцынская школа, адмiнiстрацыйна-гандлёвая школа, бухгалтарскiя курсы.[18] (Можна адзначыць, што ўвесну 1944 г. Баранавiччына сабрала i найбольшую колькасьць дабраахвотнiкаў у Беларускую Краёвую Абарону). Першым i другiм старшынямi БНС у Баранавiцкай акрузе працавалi колiшнiя сябры Беларускага студэнцкага саюза – Мiхась Тулейка i Вiктар Войтанка. (Сябры гэтай арганiзацыi спрычынiлася да актывiзацыi беларускага нацыянальнага руху ў часе Другой сусветнай вайны).

 

Яшчэ на першым пасяджэннi Цэнтралi БНС абмяркоўвалiся пераважна надзённыя праблемы, пытанне апекi насельнiцтва i аховы здароўя. Аднак далейшыя падзеi паказалi, што БНС не будзе абмяжоўвацца выключна сацыяльнымi пытаннямi. У той час, калi ўсе iншыя нацыянальныя арганiзацыi былi забароненыя нямецкай адмiнiстрацыяй, то БНС было наканавана стаць iнстытуцыяй, што ўзначалiла беларускае грамадска-палiтычнае i нацыянальнае жыццё ў першыя гады вайны.

 

Перад вiзiтам мiнiстра усходнiх тэрыторый А. Розэнберга ўвесну 1942 г у Менск, дзеячы БНС падрыхтавалi на ягонае iмя даклад-мемарыял, дзе выказвалася занепакоенасць стаўленнем нямецкай адмiнiстрацыi да беларусаў, як пасiўных выканальнiкаў нямецкай палiтыкi. На думку беларускiх палiтыкаў, варта было «зактывiзаваць беларускi народ, улучаючы яго, як зацiкаўленага, у непасрэдную барацьбу з ворагам як на унутраным, так i на вонкавым фронце».[19] Дзеля гэтай мэты прапаноўвалася стварыць пры ГКБ Беларускае нацыянальнае прадстаўнiцтва даверу, запрасiўшы ў яго вядомых беларускiх грамадскiх дзеячаў, пры ўсiх акруговых камiсарыятах прапаноўвалася стварыць беларускiя дэлегатуры, рэарганiзаваць палiцыю, накiраваўшы яе на нацыянальны грунт, стварыць беларускi дабраахвотнiцкi вайсковы аддзел для барацьбы з партызанамi. Звярталася ўвага на неабходнасць уключэння ў Генеральны абшар Беларусь этнаграфiчных беларускiх земляў, адарваных улетку 1941 г. Прапаноўвалася таксама адчынiць на Беларусi ўсе школы на беларускай мове – нiжэйшыя, сярэднiя, найвышэйшыя,– разам з Акадэмiяй навук.[20] А. Розэнберг, якi прыляцеў у Менск 30 траўня 1942 г., праiгнараваў патрабаваннi беларусаў.

 

Тое, што не зрабiў Альфрэд Розэнберг, пачаў рабiць Вiльгельм Кубэ. 29 чэрвеня 1942 г., на пасяджэннi БНС з нагоды «дня вызвалення Беларусi» Вiльгельм Кубэ агучыў рэгулямiн Мужоў Даверу пры цывiльным кiраўнiцтве генеральнага камiсарыяту Беларусi:

«1. Галоўны Муж Давера пры асобе Генэральнага Камiсара Беларусi зьяўляецца рэпрэзэнтантам беларускага народу ягоных iнтарэсаў i пасрэднiкам памiж беларускiм жыхарствам i цывiльнай нямецкай уладай у Асобе Генэральнага Камiсара Беларусi.

2. Галоўны Муж Даверу пры Генэральным камiсарыяце Беларусi поўнiць функцыю дарадцы пры асобе Генэральнага Камiсару Беларусi.

3. Да кампэтэнцыi Галоўнага Мужа Даверу пры Генэральным Камiсарыяце Беларусi належыць пытаньнi нацыянальнага iснаваньня i разьвiцьця, культурнага i палiтычнага жыцьця i гаспадарчага парадку Беларускага народа i наогул усялякiя справы, могучыя проста цi ўскосна датычыцца беларускага народу.

4. Iншых Мужоў Даверу у Генэральным Камiсарыяце Беларусi вызначае Генэральны Камiсар на прапанову Галоўнага Мужу Даверу.

5. Да кампэтэнцыi Мужоў Даверу пры Генэральным камiсарыяце належaць справы, зазначаныя галiной iх дзейнасьцi (школьныя, палiтычныя i iнш.). Яны зьяўляюцца урадоўцамi паасобных рэфэратаў Генэральнага камiсарыяту i падпарадкаваныя Генеральнаму Камiсару.

6. Мужоў Даверу пры Акруговым Камiсарах вызначае Генэральны Камiсар Беларусi на прапанову Галоўнага Мужа Даверу пры Генэральным Камiсары Беларусi…».[21]

 

Галоўным Мужам даверу i дарадчыкам пры генеральным камiсары вызначаўся Ян Ермачэнка, ён мусiў курыраваць i аддзел палiтыкi пры генеральным камiсарыяце; аддзел школьнiцтва ўзначалiў Яўхiм Скурат, аддзел культуры – Iван Касяк, аддзел прапаганды – Антон Адамовiч. У акругах пры акруговых камiсарыятах функцыi Мужоў даверу мусiлi выконваць: Менск (акруга) – Юллян Саковiч, Менск (горад) Iван Касяк, Баранавiчы – Юры Сабалеўскi, Слонiм – Аляксандар Сiвец, Наваградак – Барыс Рагуля, Лiда – Нiкандар Мядзейка, Ганцавiчы – Антон Сокал-Кутылоўскi, Слуцк – Уладзiмер Шнэк, Вiлейка – Вiнцэнт Склубоўскi, Глыбокае – Янка Гiнько, Барысаў – Станiслаў Станкевiч.[22]

 

Была рэарганiзаваная цэнтральная рада БНС, пры ёй стваралася некалькi аддзелаў: палiтычны, вайсковы, школьны, культурны, прапаганды i аховы здароўя i iнш. Акруговыя рады БНС дублявалi структуру Цэнтралi.

 

На тым жа паседжаннi (29 чэрвеня 1942 г.), В. Кубэ абвясцiў стварэнне Беларускага корпуса самааховы (БСА) дзеля барацьбы з партызанамi. 30 чэрвеня 1942 г. на паседжаннi Цэнтралi БНС быў падрыхтаваны зварот да беларускага народа, падпiсаны Я. Ермачэнкам, В. Гадлеўскiм, В. Iваноўскiм, архiяпiскапам Фiлафеем (Нарко), У. Казлоўскiм i Ю. Саковiчам.

 

Галоўным камендантам БСА быў прызначаны Я. Ермачэнка, якi меў досвед вайсковай справы: у першую сусветную вайну быў афцiэрам царскага войска, а ў 1919-1920 гг. – ад’ютантам генерала Урангеля. У галоўную вайсковую камiсiю ўвайшлi: д-р Ермачэнка, Уладзiмер Валькевiч, Юллян Саковiч, Iван Касяк, Франц Кушаль, Мiхаiл Пугачоў, Вiктар Чабатарэвiч,– яны непасрэдна i мусiлi заняцца арганiзацыяй Самааховы.

 

Аналагiчныя камiсii стваралiся ў кожнай акрузе пры акруговых радах БНС. Беларускi вайсковы дзеяч Франц Кушаль падрыхтаваў праект арганiзацыi самааховы. Згодна з iм, корпус самааховы мусiў складацца з трох дывiзiй, якiя б размяшчалiся ў Менску, Вялейцы, Баранавiчах.[23] Аднак праект Ф. Кушаля не быў прыняты. Загад генерала Цэнера ад 4 лiпеня 1942 г. пра стварэнне БСА прадугледжваў стварэнне ў кожным павеце адзiнкi памерам ад роты да батальёна (насамрэч, па сведчаннi таго ж Кушаля, у 68 беларускiх паветах было створана 20 батальёнаў БСА), пры беларускiм камандным складзе. Аднак, у павеце падраздзяленне БСА падпарадкоўвалася каменданту паста жандармерыi, у акругах – палiцай-гебiтскаменданту, а ў Генеральным абшары Беларусь – Начальнiку палiцыi i войск СС.[24]

 

У лiпенi 1942 г. быў урачыста адчынены курс афiцэраў БСА: «У сваёй прамове Кубэ называў нашых афiцэраў сваiмi сябрамi i абяцаў iм будучыню ў беларускiм войску, якое, бязумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганiзуецца. Пасьля прамовы Кубэ д-р Ермачэнка ўзьнёс Беларускi Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй i партрэтам Гiтлера, i гэтым курс уважаўся адчыненым…Здавалася, што ўсё будзе як найлепей, усе верылi ў абяцанкi немцаў».[25] Беларускiя дзеячы бачылi ў Самаахове зародак будучага нацыянальнага войска i магчымасць далейшых саступак нямецкiх уладаў у будучынi Беларусi. Аднак ужо напрыканцы лета 1942 г. праект «беларуская самаахова» пачаў пакрыху згортвацца. Немцы, i найперш кiраўнiцтва СС i СД на Беларусi бачылi БСА як сродак барацьбы з партызанамi, i не жадалi далейшага ўмацавання не толькi Я. Ермачэнкi, якi набраў высокi палiтычны рэйтынг, але i не жадалi спрыяцць далейшаму развiццю беларускага нацыянальнага руху.

 

БСА нават пачала разглядацца, як iнiцыятыва Ермачэнкi, а не супольны праект Ермачэнка-Цэнер-Кубэ. Праўда, пакуль за Янам Ермачэнкам стаяў Кубэ, першы мог сябе адчуваць у пэўнай бяспецы. Але гэтая бяспека гарантавалася цывiльным паходжаннем БНС. Стварэнне БСА, як вайсковай арганiзацыi, пачала актыўна сабатавацца нямецкiмi палiцэйскiмi ўладамi. Быў высланы ў Берлiн «айцец» БСА генерал Цэнер, а вышэйшым начальнiкам СС быў прызначаны штандартэнфюрэр СС В. Шыман, якi, карыстаючыся дырэктывамi з Берлiну, актыўна пачаў сабатаваць iдэю Самааховы. Падчас свайго адпачынку ў Празе, Я. Ермачэнка быў пазбаўлены пасады галоўнага каменданта, галоўная вайсковая камiсiя i вайсковыя камiсii ў акругах былi распушачаныя. На змену iм прыйшлi вайсковыя рэфераты, узначаленыя адным чалавекам – рэферэнтам. Забаранялiся вайсковыя афiцэрскiя званнi, а падраздзяленнi не былi ўкамплектаваныя нi зброяй, нi вопраткай.[26]

 

3 кастрычнiка 1942 г. згодна з загадам кiраўнiцтва СС, аддзелы самааховы перадавалiся пад юрысдыкцыю павятовых пастоў жандармерыi. Гэты загад узрушыў БНС, на тэрмiновым паседжаннi Цэнтралi быў прыняты зварот да палiцыйных уладаў, дзе тлумачылася неабходнасць вяртання БСА пад юрысдыкцыю Беларускай народнай самапомачы. Прывядзём толькi адну цытату: «Дзеля карысьцi БСА аддзялiць яе ад функцыi, якую выконвае палiцыя з меркаваньняў таго самага псыхалагiчнага характару. Беларускi народ на працягу доўгага часу знахо-дзiўся пад тэрорам палiцыi польскай i бальшавiцкай. Палiцыянт зьяўляецца заўсёды ўвасабленьнем гэтага тэрору. Таму беларускiя грамадзяне падсьвядома адносяцца да службы ў палiцыi адмоўна».[27] Аднак плёну зварот не даў.

 

Нягледзячы на гэта, БНС працягвала актыўную дзейнасць, iмкнучыся ахапiць усе сферы жыцця ў Беларусi. Пад юрысдыкцыяй БНС у 1941-1942 гг. выходзiлi цэнтральныя газеты ў Генеральным абшары: «Менская газэта» (з лютага 1942 г. «Беларуская газета»), «Голас вёскi». Пачаўся i кнiгадрук. Першым кнiгай, што выйшла пад грыфам БНС, стала кнiга Я. Станкевiча «Крыўя-Беларусь у мiнуласьцi», надрукаваная накладам у 50 тыс. асобнiкаў.[28] БНС выпусцiла «Лемантар пераходны з лацiнiцы на кiрылiцу» Я. Станкевiча, зборнiк калядных песен «Ой прыйшла каляда», лемантар «Зорка», «Страявы вайсковы статут» (укладанне Вiталя Мiкулы), было падрыхтавана для друку некалькi каляндароў.[29]

 

Пра значнасць арганiзацыi сведчыць тое, што на пасяджэннях Цэнтралi нават вырашалася прызначэнне на пасаду дырэктара менскага гарадскога тэатра, i разглядалiся пытаннi праваслаўнай i каталiцкай цэркваў у Беларусi.[30]

 

На пытаннi каталiцкага касцёла варта спынiцца. Тэрыторыя Усходняй Беларусi, то бок БССР, ад 1918 г. была падзеленая мiж двума дыяцэзiямi Менскай i Магiлёўскай.

 

У хуткiм часе з-за бальшавiцкiх рэпрэсiй абедзве дыязэцii фактычна перасталi функцыяваць. Кiраўнiцтва Менскай дыяцэзii на чале з бiскупам Зыгмунтам Лазiнскiм перабралася ў Заходнюю Беларусь i заснавала на частцы парафiй менскай дыяцэзii, што адыйшлi да Польшчы, Пiнскую дыяцэзiю. Кiраўнiк магiлёўскай дыяцэзii ад 1927 г., а пазней i ад 1930 г. – Менскай, латыш Баляслаў Слосканс быў (пасля двух высылак у Сiбiр) у 1933 г. выдалены з СССР у Латвiю.

 

Тэрыторыя ж Заходняй Беларусi была падзеленая мiж трыма дыяцэзiямi: Пiнская дыяцэзiя, Ломжынская (Беласточчына i некалькi парафiй вакол Гораднi) i Вiленскае арцыбiскупства (мiтраполiя).

 

У лiпенi 1941 г. Вiленскi арцыбiскуп Рамуальд Яблжыкоўскi дастаў у Рыме дазвол на кiраванне Менскай i Магiлёўскай дыяцэзiямi (ён быў прызначаны апостальскiм вiзiтатарам для гэтых касцельных адзiнак). Ва ўсходнюю Беларусь пачалi прыязджаць польскiя i беларускiя ксяндзы. У 1942 г., калi пачалася «антыпольская» акцыя, польская касцёльная дзейнасць ва ўсходняй Беларусi была згорнутая.

 

Беларускiя дзеячы нагадалi мясцовым нямецкiм уладам пра Баляслава Слосканса, бiскупа ў Латвii, бо юрыдычна (з Рыму) ягонае кiраўнiцтва Менскай i Магiлёўскай дыяцэзiямi не адмянялася. Але нямецкiя ўлады Латвii забаранiлi Слоскансу пакiдаць межы латвiйскай акругi, i Усходняя Беларусь засталася без касцёльнага кiраўнiцтва.

 

Становiшча ў Заходняй Беларусi з нацыянальнага гледзiшча было не лепшае. З некалькiх соцен ксяндзоў святароў-беларусаў набiралася не больш за два дзясяткi. I каталiцкi касцёл вялiкi ўплыў на парафiянаў, бо значная частка святароў была звязаная з польскiм патрыятычным падполлем. З гэтым не хацелi мiрыцца беларускiя палiтыкi, найперш – вядомы дзеяч беларускага нацынальна-вызваленчага руху, сябра Цэнтралi БНС, Вiнцэнт Гадлеўскi. Яны жадалi беларусiзацыi касцёла, але рабiць гэта нармальнымi метадамi, у адрозненнi ад аўтакефалiзацыi праваслаўнай царквы.

 

На пасяджэннi Цэнтралi БНС 22 верасня 1942 г. Гадлеўскi прапанаваў заснаваць беларускую каталiцкую мiтраполiю (арцыбiскупства), наўпрост залежную ад Рыма[31] i падрыхтаваў пры згодзе БНС мемарандум на iмя Вiльгельма Кубэ. Прапаноўвалася два магчымыя варыянты далейшага становiшча каталiцкага касцёла ў Беларусi:

 

1) стварыць на Беларусi iнстытут трох генеральных вiкарных па адным у кожную з дыяцэзiй: Вiленскую, Пiнскую, Менска-Магiлёўскую (Ломжынская дыяцэзiя не бралася на ўвагу, бо ўлетку 1941 г. ейныя беларускiя парафii былi далучаныя разам з Беластоцкай вобласцю да Усходняй Прусii;

 

2) аб’яднаць беларускiя каталiцкiя парафii Генеральнай акругi Беларусь у адно бiскупства, якое б i ўзначалiў Генеральны вiкарны (прапаноўвалася кандыдатура Вiнцэнта Гадлеўскага). Увага акцэнтавалася на тое, што другi варыянт больш аптымальны для Беларусi.[32]

 

Пра далейшы лёс мемарандума можна толькi здагадвацца. На пасяджэннi акруговых прадстаўнiкоў БНС у лiстападзе 1942 г. назiральнiк над БНС з нямецкага боку д-р Вебэр абрушыўся з моцнай крытыкай на В. Гадлеўскага, параiўшы яму заняцца «складаньнем падручнiка па гiсторыi Беларусi»[33], чым займацца грамадскай працай. 24 снежня 1942 г. Гадлеўскi быў арыштаваны ў сябе ў хаце, патаемна вывезены ў Трасцянец, дзе i расстраляны. Гэта была першая расправа над сябрам Цэнтралi БНС, папярэджанне ўсiм, хто зойдзе за адведзеныя немцамi рамкi. Але ў пачатку лiстапада 1942 г. на з’ездзе акруговых i павятовых кiраўнiкоў БНС канстатавалася яшчэ пра моц арганiзацыi, i выказвалiся патрабаваннi больш актыўна дзейнiчаць у нацыянальна-культурнай сферы.

 

 

3

 

З’езд акруговых i павятовых дэлегатаў БНС з нагоды ўгодкаў заснавання арганiзацыi адбыўся 1 – 4 лiстапада 1942 г. у Менску.

 

Справаздачы выявiлi нераўнамернасць дзейнасцi структураў БНС. Лiдэрам заставалася Баранавiцкая акруга. Мiхась Тулейка, старшыня БНС у Баранавiчах адзначаў: «Беларускае насельнiцтва цалкам падтрымлiвае работу БНС i дае вялiкiя i багатыя ахвяры на адбудову Бацькаўшчыны. У акрузе налiчваецца 8 910 сябраў БНС. Лiк жадаючых уступiць у сябры вельмi значны i прыходзiцца прымаць самых лепшых i надзейных. Ёсьць 8 раённых аддзелаў, сярод iх ёсьць 81 валасных аддзелаў…БНС перарасла рамкi дзейнасцi, азначаныя ў статуце, а дзеля таго, для наданьня аўтарытэту яе далейшай працы, адчуваецца вялiкая патрэба паправы i перагляду статуту, тым больш што стары статут апрацаваны не сыстэматычна i не вызначае кампэтэнцый БНС у дачыненьнi да ўсiх уладаў».[34]

 

Найгоршае становiшча было ў Лiдскай акрузе, пра што паведамiў Вiнцэнт Склубоўскi: «У Лiдчыне найбольш, як у iншых мяйсцох, — чынны польскi элемэнт. Беларусаў да працы ў БНС ёсьць вельмi мала. Налiчваецца ўсяго 743 сябры на акругу. 95% адмiнiстрацыi ахвачана палякамi. Палiцыя таксама польская, за выняткам самой Лiды, дзе начальнiк палiцыi нямецкай народнасьцi зьяўляецца прыхiльнiкам беларусаў. У гэтым годзе школы ўжо ўсе беларускiя. Апанаваньне палякамi адмiнiстрацыi тлумачыцца тым, што ў Лiдчыну сабралася ўся польская iнтэлiгенцыя, выкiнутая зь iншых акруг. Далей выкарыстоўваецца перад нямецкiмi ўладамi той факт, што паводля польскай статыстыкi ў Лiдчыне беларусаў толькi 10%, астатнiя, як быццам, палякi»[35]. Вiнцэнт Склубоўскi прасiў кiраўнiцтва Самапомачы ратаваць становiшча i дасылаць у рэгiён беларускiя кадры. Аўтсайдэрамi ў дзейнасцi БНС былi таксама Ганцавiцкая (270 сяброў) i Глыбоцкая (1 000 сяброў) акругi. Нават Менск не вызначаўся перамогай беларускiх патрыётаў. «Значная частка тутэйшага насельнiцтва за гэтыя гады зрусiфiкаваная. Гэта адчуваецца нават на iнтэлiгенцыi, асаблiва на iнжынерах, лекарах, аграномах. Моладзь ад 17 да 25 год пакуль вельмi пасыўная, бо 23 гадоў бальшавiзм вытручваў зь яе нацыянальныя пачуцьцi».[36]

 

Але ў большасцi дзейнасць структур БНС дасягнула поспеху. (Сябрамi БНС на канец верасня 1942 г. было 20 737 чалавек).[37] Дзеячы БНС заяўлялi пра тое, што арганiзацыя даўно перасла былыя функцыi апекi насельнiцтва i аховы здароўя i патрэбна займацца палiтычнай дзейнасцю. Найбольш яскравым падаецца выступ прадстаўнiка Наваградскай акругi, акруговага начальнiка Беларускай Самааховы Барыса Рагулi: «…прадстаўнiкi Наваградскай акругi едучы на зьезд спадзявалiся, што зьезд БНС вырашыць усе прынцыповыя пытаньнi жыцьця на ўсёй тэрыторыi Беларусi. Але аднак так ня ёсьць, зьезд робiць уражаньне сходу бацькоў пачатковае школы i працуе абы адбыць час. У нашай рабоце абiваецца брак кансалiдацыi беларускае iнтэлiгенцыi, кожны разглядае нацыянальную дзейнасьць толькi са свайго асабiстага гледзiшча, няма самаадданасьцi, бракуе iдэйнасьцi ў працы. Ува ўсiх нас няма дакладнае праграмы, дакладнага пляну працы. У вынiку кожная акруга працуе па-свойму. Прыкладам непарадкаў можа служыць справа палiцыi, якая шмат дзе засьмечана палякамi, альбо зусiм знаходзiцца ў iх руках, выключна дзякуючы нашай неарганiзаванасцi». Барыс Рагуля звярнуў увагу на патрэбу сапраўднай збройнай сiлы «У вынiку акцыi арганiзацыi БСА народ страцiў да нас давер. Такога факту ня можна прамаўчаць. Зброя намi здадзена, а заставацца безабароннымi немагчыма далей. Трэба дабiцца, каб мы мелi сваю збройную сiлу, бо толькi гэтым адновiм давер народу».[38]. На тое ж самае звяртаў увагу i старшыня БНС Слонiмскай акругi Рыгор Зыбайла: «…заклiкалася шмат людзей, а пасьля былi распушчаны дамоў i шмат зь iх ужо пала ахвярай партызанскай дзейнасьцi. БСА не творыцца, давер народа падарваны».[39]

 

Ян Ермачэнка абнадзеiў прысутных, што «…адносна самааўраду, то такi прытарноўваецца ў Бэрлiне, але мы тут можам iсьцi яму насустрач. Немцы заглядаюцца на БНС, як на арганiзацыю, якая ў будучынi абдыме кiраўнiцтва беларускiх спраў».[40] Аднак агульнае ўражанне сапсаваў д-р Вебэр, якi выразiў незадавальненьне з працы БНС за мiнулы год i адзначыў, што д-р Ермачэнка зашмат займаецца беларускiмi справамi. Негледзячы на гэта выступленне, дзеячы БНС раз’ехалiся па месцах з узнятым настроем.

 

Нямецкiя палiцыйныя сiлы мелi зусiм iнакшае ўяўленне пра будучыню БНС. 5 студзеня 1943г. справа БНС абмяркоўвалася непасрэдна ў Берлiне. Па справе БНС выступiў з боку СД (галоўнага працiўнiка на Беларусi звязкi Ермачэнка-Кубэ) штурмбанфюрэр СС Гумiч. На сходзе было пастаўлена пытанне: «цi ня можа доктар Ермачэнка са сваёй БНС высунуцца ў народныя правадыры i тады ўяўляць небяспеку для нас…увогуле цi iмкнемся мы да стварэння беларускага народа i ўжо зараз павiнны садзейнiчаць гэтаму, пакольку няма яшчэ нiякага рашэння, што наогул можа быць з беларускiм народам. Прынамсi, у райхсфюрэра СС пакуль няма яснасцi па гэтым пытаннi...У сваiх выступах доктар Вагнер, прыехаўшы з Менску спадар Юрда, i доктар Вебэр казалi пра тое, што асоба Ермачэнкi цярпiмая для нас…Ермачнка не з’яўляецца палiтычным кар’ерыстам, якi мае якiясцi прыступы, хаця ён славалюбны i жадае што-небудзь зрабiць для беларускага народа. Што тычыцца нашай палiтычнай лiнii, то напрыканцы пасяджэння была дасягнутая дамоўленасць пра тое, што з нашага боку ў адносiнах да Беларусi мусiць праводзiцца пазiтыўная палiтыка без урону таму, што будзе вырашана ў будучым , так як у ваенных адносiнах вельмi важна падтрымаць беларускi народ».[41]

 

Кропкай ў справе Ермачэнкi i БНС стаў з’езд акруговых кiраўнiкоў БНС i вайсковых реферэнтаў БНС пры ўдзеле Цэнтралi БНС, якi адбыўся 4–7 сакавiка 1943 г. у Менску. На з‘ездзе быў прыняты мемарандум да нямецкiх уладаў, у якiм патрабавалася:

 

Акрэсьлiць iдэалёгiчную i структуральную падставу пабудовы Беларусi ў Новай Эўропе, прызнаючы яе незалежнасьць.

 

Неадкладна стварыць для аб’яднаных беларускiх земляў нацыянальны ўрад з Прэзыдэнтам Беларусi, старшынёй Ураду i з кiраўнiкамi наступных аддзелаў: унутраных спраў, палiтычных спраў, фiнансаў, гаспадарчага, культуры i асьветы, вайсковага, юстыцыi, аховы здароўя i сацыяльнага забесьпячэньня. Гэты Ўрад абвесьцiць аддзяленьне Беларусi ад Савецкага Саюзу i аб’явiць яму вайну, як ворагу беларускага народу, якi пасягае на ягоную незалежнасьць.

 

Адпаведна з гэтым належыць арганiзаваць уладу на мясцох.

 

Адмянiць дзейнiчаньне бальшавiцкага закону аб нацыяналiзацыi нерухомасьцi.

 

Для ўтрыманьня супакою, ладу i парадку ў краi i барацьбы з агульным ворагам,– бальшавiзмам,– арганiзаваць Беларускую Нацыянальную Армiю, i забясьпечыць яе зброяй i амунiцыяй.

 

Дазволiць сьцягнуць неабходныя нацыянальныя сiлы, якiя знаходзяцца за гранiцамi Беларусi.[42]

 

Са свайго боку БНС абавязвалася: поўнасцю выкарыстаць для мэтаў вайны рэсурсы, якiя маюцца на Беларусi, ахову дарог, выкананне ваенных паставак, знiшчэнне бандытызму на Беларусi, актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на фронце.

 

Мемарандум быў негатыўна сустрэты нямецкiмi ўладамi, i гэта паставiла крыж на арганiзацыi. Доктар Ермачэнка быў пазбаўлены пасады, абвiнавачаны ў гаспадарчых злоўжываннях (немцы пазбягалi «палiтычных» спраў), i высланы ў Прагу пад нагляд гестапа. Заступнiцтва доктара Вагнера выратавала яго ад арышту. Былi высланыя ў Лiдскую акругу сябры Цэнтралi БНС Юллян Саковiч i Леанiд Маракоў, дзе яны загiнулi ў чэрвенi 1943 г. У кастрычнiку 1943 г. выслалi з Беларусi Антона Адамовiча, у лiстападзе 1943 г. загiнуў Уладыслаў Казлоўскi, а ў снежнi гэтага года – сябра Цэнтралi i старшыня Менска Вацлаў Iваноўскi.

 

У траўнi 1943 г. загадам палкоўнiка Клепша распускалася Беларуская Самаахова[43], а 30 чэрвеня 1943 г. распускалася Беларуская Народная Самапомач, як не выканаўшая сваiх функцый.[44] На ейнае месца прыйшла Беларуская Самапомач (БСП), паводле статута меўшая «…заданьне забясьпечыць жыхарства Генеральнай Акругi Беларусi апекай i аховай здароўя».[45] За рамкi статута БСП i не выходзiла, i ўрэшце была падпарадкавана пазней Беларускай цэнтральнай радзе (БЦР).

 

БНС адыграла станоўчую ролю ў станаўленнi беларускага нацыянальнага руху за часамi нямецкай акупацыi. Арганiзацыя сканцэнтравала ў сваiх руках культурнае жыццё, сацыяльнае, iмкнулася ўплываць на грамадска-палiтычнае становiшча. БНС абуджала нацыянальную свядомасць у насельнiцтва, тое, што на працягу 20 год метадычна вынiшчалася палiтыкай саветызацыi i паланiзацыi. Праз некалькi месяцаў здабыткамi i напрацоўкамi БНС скарысталася БЦР. Аднак тады ўжо была зусiм iншая сiтуацыя i на фронце i ў Беларусi.

 

 

Дадаткi:

 

Дакументы БНС

 

(Друкуюцца з адпаведнасцi з арыгiналам)

 

Дадатак 1.

 

Статут Беларускай народнай самапомачы

 

Мэта арганiзацыi

 

БНС мае за мэту зьлiквiдаваць у Беларусi бяду-нядолю, выклiканую польскiм i камунiстычна-жыдоўскiм панаваньнем i стварыць беларускаму народу магчымасьць лепшага культурнага разьвiцьця.

 

Каб дасягнуць гэтае мэты, БНС мае права:

а) Iз згоды Генэральнага камiсара рабiць усе патрэбныя захады, каб насельнiцтва Беларусi не цярпела голаду i холаду, каб асобы, што засталiся пасля вывезеных камунiстычным рэжымам цi пасля забiтых на вайне, у якую народ Беларусi быў уцягнуты прымусова, дасталi патрэбную апеку, каб дзецi цi жанчыны, а таксама й будучыя маткi дасталi належны дагляд, каб удовы i сiроты не цярпелi бяды, каб хворыя й раненыя мелi належную апеку, каб ня было безработных у Беларусi.

б) Арганiзаваць iнтэрнаты, дзiцячыя сады, клюбы, калёнii, прытулкi, мэдычную дапамогу, Дамы культуры цi адпачынку.

в) Адкрываць свае прадпрыемствы з мэтай помачы беларускаму насяленьню забясьпечыць сваё iснаваньне.

г) Выдаваць брашуры ў беларускiх цi iншых мовах, а таксама кнiгi й пэрыядычныя часапiсы.

д) Арганiзаваць – лекцыi, лiтаратурныя вечарыны, канцэрты й тэатральныя паказы, а таксама, апекавацца над народнай музыкай, народнымi песьнямi й скокамi.

е) Закладаць свае аддзелы ўва ўсiх мястох i сёлах Беларусi.

ж) мець сваю рухомую й ляжачую маёмасьць.

 

Сябры арганiзацыi

 

Арганiзацыя складаецца зь дзейсных i пачэсных сяброў.

 

Дзейснымi сябрамi могуць быць беларусы й беларускi, якiя дасягнулi 16 год i маральна бездакорныя. Сябры абавязваюцца ў сваёй працы заўсёды памятаваць аб дабры арганiзацыi.

 

За пачэсных сяброў могуць быць запрошаныя асобы, заслужаныя ў беларускага народу або БНС. Запрашаць могуць або Цэнтраля ад iмя ўся арганiзацыя, або мясцовы аддзел ад свайго iмя.

 

У дзейныя сябры прыймаюцца беларускi i беларусак, якiя падаюць заявы й за якiх ручаецца двое дзейсных сяброў. Заява аб прыняцьцi разглядаюцца прзыдыумамi асобных аддзелаў.

 

Дзейсныя сябры дастаюць пасьветчаньне БНС i плацяць сяброўскiя складкi ў памеры:

а) уступныя 30 фэнiгаў,

б) месячныя па 20 фэнiгаў

 

Памер сяброўскiх складак iз загаду Генэральнага камiсара можа быць заменены.

 

Сябрамi БНС перастаюць быць асобы:

а) Якiя падалi ў свае аддзелы пiсьмовую заяву аб выступленьнi,

б) Якiя ня плацяць сяброўскiх складак i зносак.

в) Якiя сваiмi ўчынкамi кампрамiтуюць высокiя мэты БНС. Гэтыя асобы пастановаю Прэзыдыума аддзелаў вылучаюцца зь лiку сяброў БНС. Сяброўскiя складкi назад не зварочваюцца.

 

Фонды арганiзацыi складаюцца з:

Сяброўскiх складак.

Падарункаў ад асобных сяброў i арганiзацый

Збораў зь лекцыяў, канцэртаў, тэатральнага паказу.

Складанак i прыбыткаў ад прадпрыемстваў.

Розных iншых прыбыткаў, якiя тут не пералiчаны, але на якiя арганiазацыi, як праўная асоба, мае свае правы.

 

Органы арганiзацыi

 

На чале арганiзацыi БНС стаiць асоба, прызначаная Гаспадарственным мiнiстрам занятых усходнiх земляў. Галоўны кiраўнiк БНС паклiкае цэнтральную раду зь 10 асоб, якую зацьвярджае Гэнэральны камiсар.

 

На чале акругаў БНС стаяць кiраўнiкi, вызначаныя i зацьверджаныя Генэральным камiсарам iз згоды акруговых камiсараў.

 

Кожны акруговы аддзел БНС мае ўрад у складзе 10 асоб, якiя дзеляць мiж сабой рэфэраты.

 

Кожны раённы аддзел мае ўрад у складез iз 7 асоб, зь якiх акруговы кiраўнiк празначаець адну асобу за старшыню. Урады валасных аддзелаў складаюцца з выбару 3-х асоб, зь якiх адну старшыня раённага прэзыдыму прызначае за старшыню валаснога аддзелу БНС.

 

Усе зьмены ў складзе кiраўнiцтва БНС робяць толькi iз згоды вышшых установаў.

 

Праца кiраўнiцтва БНС адбываецца згодна iз Статутам i буджэтам, зацьверджаных у цэнтралi БНС Гэнэральным камiсарам, а ў вакруговых i раённых аддзелах – акруговымi камiсарамi.

 

Лiквiдацыя БНС праводзiцца з загаду належных дзейнiкаў вызначанай iмi лiквiдацыйнай камiсii мусяць пададзены Генэральнаму камiсару.

 

Маёмасьць па лiквiдацыi пераходзiць на культурна-асьветныя беларускiя ўстановы або арганiзацыi»

 

Менская газэта. 28 кастрычнiка 1941 г.

 

 

Дадатак 2.

 

Генэральнаму Камiсару Беларусi

 

Мэмарандум

 

Зьезд акруговых старшыняў БНС i вайсковых рэфэрэнтаў пры ўдзеле Цэнтральнай Рады БНС i прадстаўнiка ваеннай зоны Беларусi, якi адбыўся ў Менску 4, 5, 6, i 7 сакавiка 1943г., заслухаўшы справаздачу аб сучасным палажэньнi на мясцох i лiчачы, што беларускi народ ня можа ў сучасны момант быць пасыўным, а павiнен змабiлiзаваць усе свае сiлы на барацьбу за лепшую будучыню народу, уважае за свой абавязак давесьцi да ведама Нямецкай Дзяржаўнай Уладзе наступнае:

1.Беларуская iнтэлiгенцыя, ня ведаючы канкрэтнай iдэалёгiчнай падставы, на якой будзе збудаваная будучыня беларускага народу ў Новай Эўропе, ня зможа павесьцi за сабой народ i ня мае магчымасьцi супрацьдзейнiчаць варожай прапагандзе, якая цьвердзiць, што Беларусь у складзе Савецкага Саюзу была незалежнай дзяржавай з правам выхаду з Саюзу, i абяцае надалей беларускаму народу канкрэтныя формы з разьвязваньнем жыцьцёвых як гаспадарчых, эканамiчных i iншых праблемаў.

2.Адсутнасьць гэтае падставы зьяўляецца прычынай таго, што беларуская iнтэлiгенцыя паволi трацiць давер у народзе, а народ трацiць энтузiязм да справы пабудовы новага парадку.

3.Адмiнiстрацыйна-гаспадарчае жыцьцё ў сучасны момант на Беларусi знаходзiцца ў стане недастатковага апанаваньня ўсiх рэсурсаў.

У сувязi з гэтым Зьезд лiчыць неабходным запрапанаваць Нямецкiм Дзяржаўным Уладам неадкладна правесьцi наступныя мерапрыемствы, якi яна сягоньняшнi дзень яшчэ змогуць вярнуць энтузiязм у народзе для барацьбы за Новую Эўропу:

1.Акрэсьлiць iдэалёгiчную i структуральную падставу пабудовы Беларусi ў Новай Эўропе, прызнаючы яе незалежнасьць.

2.Неадкладна стварыць для аб’яднаных беларускiх земляў нацыянальны ўрад з Прэзыдэнтам Беларусi, старшынёй Ураду i з кiраўнiкамi наступных аддзелаў: унутраных спраў, палiтычных спраў, фiнансаў, гаспадарчага, культуры i асьветы, вайсковага, юстыцыi, аховы здароўя i сацыяльнага забесьпячэньня. Гэты Ўрад абвесьцiць аддзяленьне Беларусi ад Савецкага Саюзу i аб’явiць яму вайну, як ворагу беларускага народу, якi пасягае на ягоную незалежнасьць.

3.Адпаведна з гэтым належыць арганiзаваць уладу на мясцох.

4.Адмянiць дзейнiчаньне бальшавiцкага закону аб нацыяналiзацыi нерухомасьцi.

5.Для ўтрыманьня супакою, ладу i парадку ў краi i барацьбы з агульным ворагам – бальшавiзмам арганiзаваць Беларускую Нацыянальную Армiю, i забясьпечыць яе зброяй i амунiцыяй.

6.Дазволiць сьцягнуць неабходныя нацыянальныя сiлы, якiя знаходзяцца за гранiцамi Беларусi.

 

Пасьля правядзеньня вышэйпаказаных мерапрыемстваў беларускi народ гарантуе:

а) поўнасьцю выкарыстаць для мэтаў вайны рэсурсы, якiя маюцца на Беларусi,

б) поўную ахову дарог,

в) поўнае выкананьне ваенных паставак,

г) зьнiшчэньне бандытызму на Беларусi,

д) актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на фронце.

 

Старшыня З’езду

 

Галоўны кiраўнiк БНС Ермачэнка

 

Ф.908, воп. 1, спр. 5, лл. 774-775.

 

 

          Литература:

 

1. Туронак Ю., Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993. С. 31

2. Лiст Аляксандра Крыта да Аляксея Вiнiцкага ад 21.08.1967 г. Захоўваецца ў прыватным архiве Алега Гардзiенкi.

3. Лiст Вiтаўта Тумаша («Заўвагi (з памяцi) пра беларускiя ўстановы й арганiзацыi ў Нямеччыне ў гады Другое Сусветнае Вайны») да Аляксея Вiнiцкага ад 5 жнiўня 1968 г. Захоўваецца ў прыватным архiве Алега Гардзiенкi.

4. Лiст Валянцiны Жукоўскай-Пашкевiч да Аляксея Вiнiцкага. Захоўваецца ў прыватным архiве Алега Гардзiенкi

5. Лiст Вiтаўта Тумаша («Заўвагi (з памяцi) пра беларускiя ўстановы й арганiзацыi ў Нямечыыне ў гады Другое Сусветнае Вайны») да Аляксея Вiнцiкага ад 5 жнiўня 1968 г.

6. Юрэвiч Л., Беларуская кнiгавыдавецкая дзейнасць у часе II сусветнай вайны // Беларускi гiстарычны агляд. Том 7, сшытак 2 (13), 2000. С. 410

7. Лiст Валянцiны Жукоўскай-Пашкевiч да Аляксея Вiнiцкага

8. Тамсама.

9. Туронак Ю., Беларусь пад нямецкай акупацыяй…С. 32

10. Рэляцыя Яна Ермачэнкi да Альфрэда Розэнберга ад 17.1.1944. Archiw Aktau Nowych, mf aleks. T -454, R. 39\1000. (копiя)

11. Лiсты Янкi Станкевiча да Кастуся Езавiтава ад 19.07. i 31.08. 1942 // Спадчына, 1999. №5-6. С. 63-66

12. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 3а, арк. 18-19

13. Туронак Ю., Беларусь пад нямецкай акупацыяй…С. 85

14. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.4, арк.4

15. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.4, арк. 11

16. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.35, арк. 15-16

17. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 14, арк.26; спр.6, арк. 14-15.

18. Язэп Найдзюк., Да гiсторыi разьвiцьця асьветы на Беларусi. Беларуская газэта, 1943 г. 17 лютага

19. Лiтвiн А., Акупацыя Беларусi (1941–1944): пытаннi супрацiву i калабарацыi. Мн., 2000. С. 169.

20. Тамсама. С. 169-170.

21. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.64, арк. 2-3

22. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 56, арк. 7-8; Туронак Ю. Беларусь….С. 118

23. Кушаль Ф., Спробы стварэння беларускага войска. Мн., 1999. С. 44.

24. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 69, арк. 3-4

25. Кушаль Ф., Спробы стварэньня беларускага войска…С. 48

26. Лiтвiн А., Акупацыя Беларусi…С. 175-177

27. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 34, арк. 10-11.

28 . Лiсты Янкi Станкевiча да Кастуся Езавiтава ад 19.07. i 31.08. 1942 // Спадчына, 1999, №5-6. С.63

29 . "Беларуская газета". 18 сакавiка 1943 г.

30. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.1, арк. 5-8

31. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр 1, арк. 9-14.

32. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.64, арк. 7

33. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр.36, арк. 20

34. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 36, арк.10-21

35. Тамсама, арк. 10-21

36. Тамсама, арк. 10-21.

37. НАРБ, Ф. 384, воп. 1, спр. 3а, арк. 111-117.

38. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 36, арк. 10-21

39. Тамсама, арк. 10-21.

40. Тамсама, арк. 10-21.

41. Цыт. па Лiтвiн А. Акупацыя Беларусi (1941-1944)…С. 174

42. НАРБ, Ф.908, воп.1, спр.5, арк.774-775.

42. Кушаль Ф., Спробы стварэньня беларускага войска…С. 54

43. НАРБ, Ф. 384, воп.1, спр. 3а, арк. 55

44. Тамсама…арк. 107.

 
 
Яндекс.Метрика