Iнтэлiгенцыя беларусi ў эвакуацыi i на вызваленай тэрыторыi рэспублiкi (1943-1945 гг.)

 

          Уладзiмiр КУЗЬМЕНКА

 

Аўтар ужо шэраг гадоў займаецца вывучэннем праблемы «Iнтэлiгенцыя Беларусi ў Вялiкай Айчыннай вайне», вынiкам гэтых намаганняў з’явiўся выхад у свет дзвюх манаграфiй,(1) iншых публiкацый. Асэнсаванне праблемы, аднак, будзе няпоўным без асвятлення жыцця i дзейнасцi iнтэлiгенцыi рэспублiкi ў савецкiм тыле ў эвакуацыйны час i на вызваленай тэрыторыi Беларусi да сканчэння вайны. Гэта i ёсць задача дадзенага артыкула.

Вялiкая частка iнтэлiгенцыi Беларусi была закiнута ваеннымi падзеямi далёка на ўсход ад роднай зямлi, у глыб СССР. Сюды былi адпраўлены абсталяванне i кадры больш чым 120 буйных прадпрыемстваў, эвакуiраваны 60 навукова-даследчых iнстытутаў, вопытных гаспадарак, 20 вышэйшых i сярэднiх навучальных устаноў, 6 тэатраў, больш як 190 дзiцячых устаноў, шмат iншае. Iнтэлiгенцыя ў гэтай цяжкай працы па ратаванню людзей, дабра, у гэтым зыходзе на усход была разам з усiмi. А тых, хто эвакуацыяй ратаваўся ад ворага, было звыш 1 мiльёна. Па няпоўных звестках з заходнiх абласцей БССР паспелi эвакуiравацца каля 100 тыс. чал., з усходнiх — звыш 900 тыс.(2)

У глыбiнных раёнах вялiкай краiны занава наладжвалi жыццё, побыт, уключалiся ў агульны працоўны рытм, рабiлi ўсё, што патрабавалася дзеля фронту, Перамогi.

Напружана працавалi на абарону краiны iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi i служачыя эвакуiраваных беларускiх прадпрыемстваў. Большасць вывезеных прадпрыемстваў злiлася з мясцовымi, аднак каля 20 захавалi самастойнасць. Многiя вытворчасцi былi эвакуiраваны з асноўнымi кадрамi, таму была магчымасць у кароткiя тэрмiны ўводзiць iх у строй. Напрыклад, разам з абсталяваннем «Гомсельмаша» у г. Курган Чалябiнскай вобласцi прыбыло 290 рабочых, звыш 170 IТР i служачых.

Каб запусцiць на новым месцы вытворчасць, працаваць даводзiлася вельмi шмат, выключна цяжка. Праца вялася круглыя суткi. Дзеля паскарэння мантажу iнжынеры станавiлiся бетоншчыкамi, тэхнiкi — землякопамi, на аб’ектах лiтаральна днявалi i начавалi.

Вынiкi такiх намаганняў былi ўражваючымi. «Гомсельмаш» быў зманцiраваны за 30 сутак. За месяц устанавiў абсталяванне i пачаў асвойваць ваенную прадукцыю калектыў рабочых, iнжынераў i тэхнiкаў гомельскага станкабудаўнiчага завода iмя Кiрава, што эвакуiраваўся ў Свярдлоўск. У жнiўнi-вераснi 1941 г. у глыбокiм савецкiм тыле пачалi даваць абаронную прадукцыю 15 беларускiх заводаў i фабрык, а ў пачатку лета 1942 г. — ужо больш чым 60.

Аб тагачасным жыццi беларускiх вытворцаў красамоўна сведчаць успамiны В.Г.Дворкiна, галоўнага дыспетчара вiцебскай трыкатажнай фабрыкi «КIМ», якая эвакуiравалася ва Ульянаўск: «Умовы жыцця былi цяжкiмi, харчаванне дрэнным, працавалi ў 3 змены, па 12 гадзiн, а то i болей. Самi нарыхтоўвалi дровы для фабрыкi, вазiлi iх на сабе за шмат кiламетраў. Калi не было электрычнасцi — круцiлi станкi ўручную… А пасля змены, як правiла, даводзiлася iсцi яшчэ i на будаўнiцтва ўмацаванняў…Аднак мы ведалi, што ад нас… краiна чакае дапамогi, i мы не шкадавалi дзеля гэтага нi сiлаў, нi здароўя».(3)

Выдатна працавалi гомельскiя станкабудаўнiкi, выпускаючы ў Свярдлоўску рэактыўныя мiнамёты «Кацюша» i боепрыпасы да iх. Па ўспамiнах тэхнiчнага спецыялiста, былога начальнiка вытворчасцi М.С.Гедгоўда, дзеля павелiчэння выпуску прадукцыi даводзiлася пераглядаць вытворчы працэс. «Прадукцыя для нас была новай, — пiша М.С.Гедгоўд, — а галоўнае — тэмпы, тэрмiны. Вайна патрабавала пошуку новых шляхоў, новых метадаў працы…I людзi працавалi, выцiскаючы з сябе ўсе: сiлу волi, вопыт, веды… Галодныя, дрэнна апранутыя, а рабiлi цуды!… У 1943 г. карпусы «Кацюш» на нашым заводзе апрацоўвалi ўжо прыкладна ў 3 разы хутчэй…»(4)

Разам з вытворчымi калектывамi iнжынерна-тэхнiчныя спецыялiсты ўдзельнiчалi ў спаборнiцтвах па павышэнню прадукцыйнасцi працы, у барацьбе за эканомiю рэсурсаў, руху вынаходнiкаў. Так на вiцебскай аптычнай фабрыцы знайшлi замену дэфiцытным сплавам нейзiльберу i латунi, якiя патрабавалiся для асобных вырабаў. Па гэтаму спосабу толькi ў 1942 г. на фабрыцы збераглi каля 8 тон нейзiльберу i звыш тоны латунi.

У розных рэгiёнах СССР самааддана, гераiчна працавалi таксама на абарону краiны беларускiя чыгуначнiкi, будаўнiкi, iншыя тэхнiчныя спецыялiсты.

Сваю працу справе Перамогi, умацаванню савецкага тылу аддавалi i беларускiя навукоўцы, работнiкi культуры. Вядома, што ў розных рэгiёнах СССР працавала каля 100 выехаўшых з Беларусi акадэмiкаў, членаў-карэспандэнтаў АН БССР, дактароў i кандыдатаў навук, звыш 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазiтары, вялiкая колькасць работнiкаў друку, асветы, аховы здароўя.

Установы i кадры Акадэмii навук Беларусi мясцiлiся ў эвакуацыi ў Ташкенце, Самаркандзе, Казанi, Маскве. Паступова пераадольвалiся першапачатковае бязладдзе i разгубленасць, наладжвалiся сувязi, знаходзiлi падтрымку мясцовых уладаў i вышэйшых дзяржаўных структур, сродкi. У сакавiку 1942 г. у Казанi i ў лiстападзе 1942 г. у Ташкенце былi праведзены сесii АН БССР, на якiх былi вызначаны прыярытэты ў працы ў ваенных умовах.(5) У студзенi 1944 г. у Маскве адбылася юбiлейная сесiя Акадэмii навук Беларусi, прысвечаная 25-годдзю БССР.

Вучоныя сканцэнтравалiся на даследваннях, якiя маглi быць выкананы ў сцiслыя тэрмiны, вынiкi якiх маглi быць скарыстаны для патрэб фронту, народнай гаспадаркi. Члены-карэспандэнты АН БССР Б.В.Ерафееў i А.М.Розiн правялi важнае для абароннай прамысловасцi даследаванне па вызначэнню знаходжання рэдкiх элементаў ванадыя i лiцiя ў горных пародах Урала-Волжскага рэгiёна. Працуючы начальнiкам лабараторыi ва Усесаюзным iнстытуце авiяцыйных матэрыялаў, Б.В.Ерафееў удзельнiчаў таксама ў распрацоўцы i арганiзацыi вытворчасцi празрыстай бранi з арганiчнага шкла для самалётаў. Па вынiках гэтай працы ён стаў лаурэатам Дзяржаўнай прэмii СССР.

Пад кiраўнiцтвам акадэмiка А.Я.Пракапчука у г.Сталiнабадзе (Узбекiстан) была арганiзавана лабараторыя па вытворчасцi стафiлацыду, сульфатсульфiдзiну, акрыхiну i iншых вельмi каштоўных медпрэпаратаў, якiя паспяхова выкарыстоўвалiся пры лячэннi гноевых захворванняў. Прафесар С.М.Мелкiх абгрунтаваў новы метад лячэння крупознага запалення лёгкiх, якi шырока выкарыстоўваўся ў шпiталях.

Беларускiя вучоныя-медыкi i практычныя ўрачы ўносiлi свой уклад у разгром ворага, працуючы таксама ў лячэбна-прафiлактычных установах, квалiфiкавана дапамагаючы мясцоваму насельнiцтву. Шмат хто з эвакуiраваных працаваў у ваенных шпiталях глыбокага савецкага тылу, рыхтаваў маладыя кадры ў мясцовых медыцынскiх iнстытутах i вучылiшчах.

У цяжкiх умовах ваеннага часу ў 1943 г. на станцыi Сходня пад Масквой аднавiў сваю дзейнасць Белдзяржунiверсiтэт (каля 60% залiчаных на вучобу — моладзь, эвакуаваная з Беларусi),(6) а ў Яраслаўлi — Мiнскi медыцынскi iнстытут. У савецкiм тыле працавалi таксама калектывы шэрагу сярэднiх спецыяльных i iншых вучэбных устаноў Беларусi (чыгуначныя, рамесныя вучылiшчы, школы працоўных рэзерваў).

Iнтэлiгенцыя тылу сваёй працай унесла значны ўклад у мацаванне духоўных сiлаў змагароў з фашызмам, тых, хто крушыў вайсковую сiлу гiтлераўцаў на фронце, пакутаваў i бiўся з ворагам на акупiраванай тэрыторыi, каваў зброю Перамогi ў глыбiнях краiны. Агiтацыйна-масавая, прапагандысцкая, культурнiцкая дзейнасць iнтэлiгентаў пад час вайны, творчасць журналiстаў, лiтаратараў, акцёраў, мастакоў неслi ў сабе шмат савецкага афiцыёзу, непазбежных у той час бальшавiцка-сталiнiсцкiх iдэалагiчных штампаў, аднак, безумоўна, былi ўсё ж карыснымi для народа, што змагаўся з варожай навалай, сваёй выразна антыфашысцкай накiраванасцю. На выкрыццё памкненняў ворага, нялюдскай сутнасцi гiтлерызму творцы аддавалi ўвесь свой талент, запал душы.

Беларускiя журналiсты выдавалi ў савецкiм тыле газету «Савецкая Беларусь» (друкавалася ў Арле, Казанi, Маскве), агiтплакаты «Раздавiм фашысцкую гадзiну» i «Партызанская дубiнка», амаль увесь тыраж якiх рознымi сродкамi закiдваўся ў акупiраваную Беларусь, працавалi ў мясцовых газетах i часопiсах .Актыўна ўдзельнiчалi ў працы беларускiх i iншых савецкiх выданняў ваеннага часу i лiтаратары, што выехалi з Беларусi на ўсход. Публiцыстыка стала цi не галоўнай у iх творчасцi ў ваенныя гады. Бо менавiта яна найперш служыла выкрыццю фашызму, паднiмала людзей на барацьбу з iм. Вершы, артыкулы Я.Купалы друкавалiся ў цэнтральных савецкiх i беларускiх эвакуацыйных выданнях, выходзiлi ў адноўленым у Маскве дзяржаўным выдавецтве БССР, рабiлiся лiстоўкамi ў сотнi тысяч экземпляраў, трапляючы за лiнiю фронту («Не будзе беларус рабом нямецкiх баронаў», «Клiч да беларускага народа», «Беларускiм партызанам» i iнш.). Я.Колас, выехаўшы ў Сярэднюю Азiю, актыўна супрацоўнiчаў у шэрагу выданняў — «Правда Востока», «Кзыл Узбекистан», «Фрунзевец» i iншых. Толькi ў згаданых газетах ён надрукаваў каля сотнi артыкулаў, адозваў, заклiкаў, вершаў, апавяданняў. Прыкладна столькi ж адных толькi нарысаў змясцiў у перыядычным друку ваеннага часу М.Лынькоў. Да паўсотнi артыкулаў i антыфашысцкiх памфлетаў напiсаў К.Чорны, як i шмат якiя iншыя лiтаратары, супрацоўнiчаў у газеце «Савецкая Беларусь» i ў выданнi «Раздавiм фашысцкую гадзiну».

Тым не менш, вельмi значных дасягненняў у беларускай эвакуацыйнай паэтыцы, прозе, драматургii, па сапраўднаму буйных мастацкiх твораў гэтага часу адзначыць нельга. Трагiчная, палiтычна невысветленая гiбель Я.Купалы ў чэрвенi 1942 г. асiрацiла беларускую лiтаратуру. На лiтаратурны працэс жудасны адбiтак наклалi таксама страшэнныя сталiнiсцкiя рэпрэсii, сапраўднае паляванне на лiтаратараў нацыянальнага накiрунку, якiя выкасiлi шэрагi беларускiх пiсьменнiкаў, прымусiлi здранцвець, працаваць толькi на iдэалагiчны заказ, альбо зусiм замоўкнуць шмат каго з тых, хто застаўся жывым, на волi. Партыйны нагляд за лiтаратурнай дзейнасцю тых, хто ацалеў, быў пiльным, лiтаратурным працэсам iмкнулiся пастаянна кiраваць. У красавiку 1943 г., напрыклад, вядучыя беларускiя пiсьменнiкi, якiя знаходзiлiся ў Маскве, былi выклiканы ў ЦК КП(б)Б, дзе перад iмi ў чарговы раз былi пастаўлены задачы» у iх творчай рабоце» (як гаварылася ў паведамленнi сродкаў масавай iнфармацыi).(7)

Агульнай справай журналiстаў, лiтаратараў, прадстаўнiкоў iншых атрадаў iнтэлiгенцыi была праца радыёстанцыi «Савецкая Беларусь», перадачы якой вялiся з Масквы. Радыётрыбуну iмкнулiся выкарыстоўваць максiмальна. Толькi за красавiк-май 1942 г., напрыклад, па радыё было перададзена дваццаць антыфашысцкiх матэрыялаў К.Чорнага, шэраг з якiх пiсьменнiк прачытаў сам.

Плённа працавалi ў савецкiм тыле эвакуiраваныя тэатры: тэатр iмя Я.Купалы — у Томску, Вiцебскi драмтэатр iмя Я.Коласа — ва Уральску (Казахстан) i ў Арэхаве-Зуеве, Беларускi дзяржаўны тэатр оперы i балета — у Горкiм, Дзяржаўны яўрэйскi драмтэатр БССР — у Навасiбiрску, Рускi драмтэатр БССР — у Маскве.

Першы ваенны сезон для драмтэатра iмя Я.Купалы адкрыўся ў Томску 2 верасня 1941 г. Прыехаўшы сюды, артысты за кароткi тэрмiн зрабiлi дэкарацыi, пашылi касцюмы, пераклалi шэраг тэкстаў на рускую мову. Тэатр адрадзiў усе свае лепшыя спектаклi, падрыхтаваў новыя.(8) Да канца 1941 г. калектыў здзейснiў пастаноўку больш чым дзесяцi спектакляў, у асноўным ваенна-патрыятычнай накiраванасцi, а ўсяго за час знаходжання ў эвакуацыi — 25 спектакляў. У садружнасцi з Горкаўскiм оперным тэатрам iмя Пушкiна Беларускi тэатр оперы i балета паставiў класiчныя творы опернага мастацтва — «Яўгенiй Анегiн», «Кармэн», «Севiльскi цырульнiк», распачаў працу над новай операй «Алеся» — аб гераiчнай барацьбе беларускiх партызан.(9)

Аб тым, што беларускае мастацтва не стаяла на месцы, развiвалася i ва ўмовах эвакуацыi, сведчыць i дзейнасць кампазiтараў, параскiданых лёсам па розных рэгiёнах СССР. У 1941—1943 гг. Я.Цiкоцкi, А.Багатыроў, М.Аладаў, Р.Пукст, I.Любан i iншыя дзеячы музычнага мастацтва напiсалi больш за 200 твораў розных жанраў. 45 з iх былi выдадзены дзяржаўным музыкальным выдавецтвам у Маскве. Беларускiя кампазiтары садзейнiчалi развiццю музычнай культуры рэспублiк Савецкага Саюза, якiя далi iм прытулак у ваенны час. М.Чуркiн зрабiў каля 100 апрацовак таджыкскiх народных песняў, Я.Цiкоцкi апрацаваў шэраг башкiрскiх народных песняў, А.Клумаў удзельнiчаў у стварэннi музычнай драмы «Меч Узбекiстана».(10)

Канцэрты беларускай музыкi, выступленнi беларускiх ансамбляў у буйных гарадах савецкага тылу, у гарнiзонах i часцях Чырвонай Армii, на прадпрыемствах былi распаўсюджанай з’явай. Двойчы ў Маскве, у маi 1942 г. i студзенi 1943 г. адбылiся паказы беларускага мастацтва. Гледачы з вялiкiм энтузiязмам сустрэлi выступленнi вядомых артыстаў рэспублiкi, новыя творы беларускiх кампазiтараў.

Патрэбнай краiне была i творчасць мастакоў, скульптараў. Дзеячы беларускага выяўленчага мастацтва актыўна ўдзельнiчалi ў выпуску такiх iлюстраваных выданняў, як «Раздавiм фашысцкую гадзiну» i «Партызанская дубiнка», сталi майстрамi палiтычнага плаката, графiчнай антыфашысцкай сатыры. Атрымлiваючы дапамогу, падтрымку ад уладаў, мясцовых мастакоў працавалi над буйнымi творамi. Шэраг прац, створаных iмi ў эвакуацыi, дэманстраваўся на рэгiянальных i розных юбiлейных мастацкiх выстаўках. У 1943 г., напрыклад, на выстаўцы ў Маскве экспанiравалася звыш 300 карцiн. У 1944 г. была арганiзавана выстаўка ў Навасiбiрску, прысвечаная 25-годдзю БССР. Адбылiся таксама выстаўкi ў Куйбышаве, Свярдлоўску, Самаркандзе.(11)

Шмат якiя творы ўвайшлi ў скарбнiцу мастацтва Беларусi. З.Азгур, напрыклад, набыў у гэты час шырокую вядомасць i прызнанне сваiмi скульптурнымi партрэтамi герояў Айчыннай вайны — партызан, франтавiкоў.

Дзеячы беларускага кiно, кiнагрупы, што працавалi ў Алма-Аце i Маскве, стварылi ў 1942-1943 гг. два фiльмы, прысвечаныя роднай зямлi, змаганню свайго народа супраць фашызму, а таксама 14 гукавых кiнажурналаў «Савецкая Беларусь».

Беларуская iнтэлiгенцыя, апынуўшыся ў савецкiм тыле, прымала ўдзел у грамадска-палiтычных мерапрыемствах, што праводзiлiся партыйна-дзяржаўным апаратам. Скiраванасць гэтых мерапрыемстваў была найперш антыфашысцкай, i таму ўдзел вучоных, пiсьменнiкаў, журналiстаў, iншых iнтэлiгентаў у сходах, мiтынгах, iншых грамадскiх дзеях, iх выступленнi, прамовы былi шчырымi, узнёслымi, у значнай ступенi пафаснымi (чаго патрабавала тагачасная афiцыёзная традыцыя). Iнтэлiгенцыя была арганiзатарам i здзяйсняльнiкам антыфашысцкiх мiтынгаў прадстаўнiкоў беларускага народа, што адбылiся ў 1942 г. у Маскве. У пачатку 1943 г. у Маскве быў таксама праведзены спецыяльны сход прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi Беларусi (сабралася каля 500 вядомых вучоных, лiтаратараў, артыстаў, кампазiтараў, мастакоў, архiтэктараў, iнжынераў, грамадскiх дзеячоў БССР). Даклады, прамовы, што прагучалi, завяршылiся зваротам сходу да беларускага народу. Зварот быў аператыўна данесены да людзей праз сродкi друку i радыё.(12)

З удзелам беларускiх пiсьменнiкаў у самых розных аўдыторыях наладжвалiся лiтаратурныя вечары, акцёры выступалi на прадпрыемствах i ў калгасах. Iнтэлiгенцыя актыўна ўдзельнiчала ў зборы сродкаў у фонд Чырвонай Армii, рэалiзацыi ваенных займаў, у зборы цёплых рэчаў, падарункаў для воiнаў i г.д.

Аднак у гэты ж час тысячы iнтэлiгентаў з Беларусi безпадстаўна гiбелi ў сталiнскiм ГУЛАГу, на Поўначы, у Сiбiры i Казахстане, на Далёкiм Усходзе сваёй працай таксама наблiжалi Перамогу. Вось як пiша адзiн з вязняў С.Грахоўскi аб сваiм таварышы па няшчасцю, беларускiм лiтаратары А.Звонаку: «Ганяў у штольнях i штрэках вечнай мерзлаты тачкi з залатаносным пяском … стаў адменным разведчыкам-геолагам, здабываў для перамогi над фашызмам цэнтнеры i тоны золата, а яно станавiлася самалётамi i танкамi, студэбекерамi i гарматамi, снарадамi i тушонкаю. Але так i не заслужыў пасведчання работнiка тылу ў часе вайны».(13)

А.Звонаку цудам пашчасцiла выжыць, выйсцi пасля вайны з сталiнскiх лагераў, аднак горшая доля напаткала тысячы iншых сыноў i дачок Беларусi. Несучы на сабе кляймо неабгрунтаваных палiтычных рэпрэсiй, яны знясiльваюча працавалi на патрэбы вайны, фронту на лесапавалах i руднiках, на пракладцы чыгунак, у iншых месцах, выносiлi нястачы, голад i холад. Замест дзякуй яны атрымлiвалi новыя тэрмiны зняволення, здзекi i жорсткасць, бесчалавечае абыходжанне варты, заўчасна адыходзiлi ў нябыт.

Абставiны вайны вызначылi для iнтэлiгенцыi ў эвакуацыi адзiны шлях — працаваць на Перамогу, усяляк яе наблiжаць высiлкамi свайго розуму, ведаў, таленту, трывуча пераадольваючы ўсе нягоды тагачаснага жыцця. Безумоўна, на усходзе, у тыле вялiкай краiны тым, хто не трапiў пад рэпрэсiўную сталiнiсцкую машыну, было ўсё ж лягчэй, чым на Беларусi пад акупацыяй, тым больш на фронце — у сваёй большасцi яны жылi хоць i вельмi напружанымi, цяжкiмi, галоднымi, поўнымi нястач, але наблiжанымi да перадваенных працоўнымi буднямi. Жудасны лёс выпаў рэпрэсаваным. Кожнаму дасталася свая наканаванасць жыццёвых дарог.

Цяжкiмi былi жыццё i праца iнтэлiгенцыi ў першыя месяцы пасля вызвалення Беларусi. Прамысловасць, сельскую гаспадарку, установы культурна-сацыяльнай сферы даводзiлася паднiмаць з руiн. Выкасiла вайна i шэрагi iнтэлiгенцыi. Вызваленая Беларусь пакутавала на кадравы голад, паўсюдна адчуваўся недахоп спецыялiстаў.

Выпраўленню становiшча садзейнiчала рээвакуацыя, накiраванне на Беларусь спецыялiстаў з глыбiнных раёнаў СССР, наладжванне падрыхтоўкi кадраў у вызваленых раёнах. Толькi медыкаў у другой палове 1944 года ў раёны рэспублiкi было накiравана каля 1500. I ўсё ж недастача спецыялiстаў была вялiкай. Напрыклад, калi ў 1940 г. у рэспублiцы налiчвалася каля 57 тыс. настаўнiкаў, то ў 1945 г. — толькi каля 40 тыс., урачоў — адпаведна 4238 i 2643.

Iнтэлiгенцыя, спецыялiсты працавалi ў самых розных сферах грамадства, у тым лiку i сферы кiравання, у партыйна-дзяржаўна-гаспадарчым апараце БССР. Людзi з адпаведнай падрыхтоўкай, адукацыяй, даваенным, альбо набытым пад час вайны вопытам арганiзацыйнай працы, што прыйшлi ў кiруючыя органы з партызанскiх атрадаў, былi адклiканы з фронту, накiраваны ў Беларусь з савецкага тылу, сутыкнулiся з вялiзнай колькасцю праблем. Усё даводзiлася, аднак, рабiць ва ўмовах аднаўлення на Беларусi даваеннай таталiтарна-сталiнiсцкай мадэлi ўладкавання грамадскага жыцця, улады цэнтралiзаванай рэпрэсiўнай дзяржавы. Пласт кiраўнiкоў рознага ўзроўню, якi дзейнiчаў у гэты час у рэспублiцы, быў выхаваны на логiцы сляпога падпарадкавання загадам зверху, у сваёй большасцi складаўся з людзей, што аддана паверылi ў непагрэшнасць адмiнiстрацыйных метадаў кiраўнiцтва. Iмi i ажыццяўлялася, актыўна праводзiлася ажно да самых нiзоў грамадства палiтыка, якая выпрацоўвалася ў Крамлi. Менавiта ў гэты час мясцовыя кадры, што ўвабралi ў сябе яшчэ даваенныя сталiнiсцкiя ўстаноўкi па барацьбе з «нацдэмамi», а таксама кiруючыя асобы, пераведзеныя ў рэспублiку з iншых рэгiёнаў СССР, заклалi аснову для шматгадовага iгнаравання нацыянальнай спецыфiкi Беларусi. Сканцэнтраваўшыся на барацьбе з так званым «буржуазным нацыяналiзмам» у БССР, яны ў канчатковым вынiку рэзка абвастрылi працэс русiфiкацыi карэннага насельнiцтва.

Партыйна-дзяржаўным апаратам жорстка рэгламентавалася вытворчая дзейнасць, грамадскае жыццё. Культурныя асяродкi, функцыянiраванне сродкаў масавай iнфармацыi падвяргалiся татальнаму iдэалагiчнаму кантролю. У гэтых умовах не мог не дэфармавацца тып работнiка гэтай сферы. Нельга не адзначыць i вялiзныя iнтэлектуальныя страты, нанесеныя беларускаму грамадству вайной — загiнулi, не рэалiзавалiся тысячы i тысячы талентаў, на ўсiх паверхах жыцця iх месцы былi запоўнены людзьмi больш пасрэднымi.

Партыйна-дзяржаўным апаратам шэрагавая iнтэлiгенцыя, якая пабывала пад акупацыяй (найперш з раёнаў Заходняй Беларусi), усякiмi сродкамi прыцягвалася да палiтычна-iдэалагiчнага «перавыхавання». Лiчылася (часткова, напэўна, i не без падстаў), што яна «магла набрацца буржуазна-нацыяналiстычнага, прафашысцкага духу» i такое шкаленне ёй, безумоўна, патрэбнае. Праз сходы, палiтзаняткi, iдэалагiчныя мерапрыемствы рознага кшталту iмкнулiся правесцi i ўсю астатнюю iнтэлiгенцыю.З другога боку розныя групы iнтэлiгенцыi былi актыўным удзельнiкам, арганiзатарам i здзяйсняльнiкам грамадска-палiтычнага i культурнага жыцця рэспублiкi тых часоў. Штатныя лектары i прапагандысты iдэалагiчных устаноў, навукоўцы, выкладчыкi ВНУ, настаўнiкi, журналiсты ў самых розных аўдыторыях прапаведвалi афiцыйныя масава-палiтычныя ўстаноўкi ВКП(б), змагалiся з рэлiгiйным уплывам i г.д. Пашыралася, наладжвалася праца партыйных кабiнетаў, культпрасветустановаў. Перыядычны друк (у пачатку 1945 г. ужо было адноўлена выданне 9 рэспублiканскiх, 183 абласных, гарадскiх i раённых газет, 5 часопiсаў), радыёжурналiстыка, дазволеная рэжымам лiтаратура iснавалi ў зададзеных зверху рамках. Творчым асобам даводзiлася прыстасоўвацца да палiтычных абставiн тагачаснага жыцця, неяк працаваць, нават калi ў савецка-бальшавiцкую iдэю не да канца ў глыбiнi душы i верылася. Нехта быў пад уплывам гераiчнага змагання народа супраць фашызму, звязваў перамогi з сацыялiстычнай iдэяй, быў сапраўды прасякнуты ёй i не крывiў сумленнем, ставячы здольнасцi на службу прапагандзе. Так цi iнакш у ваенны час у шэрагi ВКП(б) уступiлi вядомыя пiсьменнiкi Беларусi — Я.Колас, К.Крапiва, А.Куляшоў, П.Глебка i iншыя.

Працягвалася вайна i ўсiм, чым маглi, дапамагалi фронту. У фонд абароны перадавалi грашовыя зберажэннi, розныя каштоўнасцi. Медыкi рэспублiкi, напрыклад, збiралi сродкi на будаўнiцтва ваенных санiтарных самалётаў. Актыўны ўдзел прыняла iнтэлiгенцыя ў донарскiм руху, шэфстве над шпiталямi. Былi створаны рэспублiканскiя,абласныя, гарадскiя i раённыя камiтэты дапамогi параненым воiнам. Iнтэлiгенцыя прымала актыўны ўдзел у працы камiсiй па раследаванню злачынстваў фашыстаў пад час акупацыi.

Надзённай, асаблiва важнай справай было аднаўленне,адбудова гарадоў i паселiшчаў, прамысловасцi, гаспадаркi. Паўсюдна дзесяткi тысяч людзей розных (у тым лiку i iнтэлiгентных) прафесiй карпатлiва разбiралi завалы, узнiмалi новыя сцены, рамантавалi дарогi. Iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi, кадры якiх у рэспублiцы складвалiся амаль што занава (на 1.01.1945 г. недахоп IТР вызначаўся ў 4200 чал.),(14) тыднямi не выходзiлi з прадпрыемстваў, выконваючы загад любым коштам запусцiць вытворчасць. У тым, што ў канцы 1944 г. у рэспублiцы было ўзнята з руiнаў звыш 3400 фабрык i заводаў, была вялiкая i iхняя заслуга, праца. Тэхнiчныя спецыялiсты садзейнiчалi i таму, што ў самыя кароткiя тэрмiны на тэрыторыi Беларусi было адбудавана звыш 10 тыс. км. асноўных i станцыйных чыгуначных шляхоў, аднаўляўся гарадскi транспарт.

Вялiкi ўклад ва ўздым гаспадаркi, гарадскога жыцця ўносiлi сваей працай тэхнiчныя спецыялiсты будоўляў, архiтэктары, дойлiды. Летам 1942 г. СНК БССР стварыў у Маскве з спецыялiстаў групу па будаўнiцтву. У яе функцыi ўваходзiла падрыхтоўчая праца, улiк архiтэктурных i iнжынерна-будаўнiчых кадраў. У канцы 1942 г. у Маскве адбылося пашыранае паседжанне праўлення Саюза архiтэктараў Беларусi. Абмяркоўвалiся даклады «Аб задачах архiтэктараў Беларусi ў днi Айчыннай вайны», «Аб вопыце аднаўлення гарадоў i населеных пунктаў, разбураных нямецка-фашысцкiмi акупантамi». Патрабавалася распрацоўка новых генеральных планаў забудовы пацярпелых паселiшчаў. З гэтай мэтай пры СНК БССР у маi 1943 г. была створана архiтэктурна-планiровачная майстэрня. Узначалiў яе прафесар I.Лангбард. Архiтэктары склалi схемы планiроўкi першага вызваленага абласнога цэнтра — Гомеля, райцэнтраў. У 1944-м iх праца па падрыхтоўцы праектаў адбудоў распаўсюдзiлася на ўсю рэспублiку. Створаны iмi «Эскiз планiроўкi Мiнска» быў зацверджаны ўрадам у якасцi асновы генеральнага плана горада. Складалiся праекты генеральных схемаў Вiцебска, Магiлёва, астатнiх абласных цэнтраў, распрацоўвалася планiроўка iншых населеных пунктаў.(16)

У найцяжэйшых умовах працавалi спецыялiсты сельскай гаспадаркi. Вёска была да крайнасцi знясiлена вайной, засталася амаль без мужчын. Ад даваеннай колькасцi засталiся толькi 31% буйной рагатай жывёлы, 39% коней, пасяўныя плошчы ў 1944 г. у параўнаннi з 1940 годам зменшылiся на 43%. Даваць хлеб, iншыя сельгаспрадукты фронту, краiне даводзiлася ва ўмовах аднаўлення калгаснага ладу, жорсткага адмiнiстрацыйнага кiравання вёскай.Спецыялiсты накiроўвалiся i ў сельскагаспадарчыя раёны Заходняй Беларусi, дзе пачыналiся падрыхтоўчыя работы да масавай калектывiзацыi. Усе нягоды тагачаснага вясковага жыцця аграномы, ветурачы, заатэхнiкi, iнжынеры, механiкi дзялiлi разам з сялянствам, былi для сiстэмы, вярхоўных бальшавiцкiх палiтыкаў толькi «вiнцiкамi», простымi выканаўцамi, што павiнны былi падпарадкоўвацца дырэктывам i загадам.

З вялiкiмi праблемамi сутыкнулiся на вызваленай зямлi медыкi. Тут бушавалi эпiдэмii розных iнфекцыйных захворванняў — сыпны тыф,малярыя, кароста i iнш. У адмiнiстрацыйных цэнтрах тэрмiнова стваралiся надзвычайныя супрацьэпiдэмiчныя камiсii, на барацьбу з эпiдэмiямi прыцягвалiся неабходныя сродкi, кадры, атрымлiвалася дапамога вайсковых медыкаў, цэнтральных медыцынскiх устаноў СССР.(17)

Органы аховы здароўя рэспублiкi за некалькi месяцаў правялi масавую санапрацоўку насельнiцтва, да сярэдзiны лета 1945 г. абследаваннi прайшло каля 3 млн. чал. У найбольш пацярпелыя, заражаныя раёны перакiдвалiся супрацьэпiдэмiчныя атрады i брыгады. Напрыклад, у лютым 1945 г. у Магiлёўскай вобласцi знаходзiлася 18 такiх брыгад i 4 атрады.

Напружаная праца медыкаў прыносiла вынiкi. Так, колькасць захворванняў на сыпны тыф у рэспублiцы з сакавiка па верасень 1945 г. знiзiлася ў 15 разоў. Ад каросты да лiпеня 1945 г. было вылечана каля 2 млн. чал. Былi створаны дзесяткi супрацьмалярыйных станцый i пунктаў, праводзiлася iмунiзацыя супраць брушнога тыфу, дызентырыi, iншых захворванняў.

Сiстэма аховы здароўя рэспублiкi, што аднаўлялася, аказвала вялiкую дапамогу параненым воiнам-франтавiкам. Толькi ў Магiлёўскай, Брэсцкай, Мiнскай, Вiцебскай i Гомельскай абласцях у канцы 1944—пачатку 1945 гг. былi размешчаны 54 эвакашпiталi. Беларускi навукова-доследны Iнстытут пералiвання крывi з кастрычнiка 1944 г.прыступiў да кансервавання крывi для патрэб фронта. У восень 1944 г. i за 1945 г. iнстытут нарыхтаваў 3540 л. крывi, а абласныя станцыi пералiвання крывi за 1945 г. — 4657 л. Асноўная колькасць кансервiраванай крывi была накiравана ў шпiталi.

Паступова наладжвалася праца Акадэмii навук Беларусi. Ужо ў лiпенi—жнiўнi 1944 г. у Мiнск выехалi групы супрацоўнiкаў розных iнстытутаў Акадэмii. Яны разгарнулi падрыхтоўчыя работы. У снежнi 1944 г. у Мiнск рээвакуiраваўся Прэзiдыум АН. Была амаль поўнасцю адноўлена сетка акадэмiчных навуковых устаноў, у студзенi 1945 г. у АН БССР налiчвалася 264 супрацоўнiкi. У сакавiку 1945 г. Акадэмiя правяла сваю першую пасля вызвалення рэспублiкi сесiю.

Аднаўлялiся i iншыя навукова-даследчыя ўстановы, што не ўваходзiлi ў сiстэму АН БССР. У 1945 г. на Беларусi працавалi 38 навуковых устаноў з 51, iснаваўшых у 1940 г. Усе яны займалiся вырашэннем праблем, так цi iнакш звязаных з адраджэннем эканомiкi i культуры краiны.

У цяжкiх абставiнах пачыналася праца настаўнiкаў. Большасць школаў была разбурана, не хапала падручнiкаў, абсталявання. У першы час даводзiлася прыстасоўваць да правядзення заняткаў зусiм малапрыгодныя для гэтага памяшканнi, нават зямлянкi. У Полацкай вобласцi, напрыклад, у 1944/45 навучальным годзе з 774 школ, што дзейнiчалi, 517 працавалi ў сялянскiх хатах, 43 — у зямлянках. У многiх выпадках крэйда замянялася вуглем, чарнiла — сажай. Нярэдка першакласнiкаў даводзiлася вучыць па адзiнаму на ўсю школу самаробнаму буквару, пiсалi на самай рознай паперы, што траплялася, самаробнымi ручкамi. Замест падручнiкаў даводзiлася выкарыстоўваць газеты, часопiсы. Дрэнна было з палiвам, i зiмой школы нярэдка даводзiлася зачыняць.

У пачатку 1945г. у рэспублiцы працавала 193 дзiцячыя дамы. Колькасць выхаванцаў у iх перавышала 27 тыс.(18) Клопаты аб дзецях-сiратах таксама ляглi на плечы педагогаў, выхавацеляў.

Як i iншых спецыялiстаў, настаўнiкаў не хапала, хоць на Беларусь да восенi 1944 г. iх i вярнулася з эвакуацыi больш чым 2700. У гэты час у рэспублiцы не даставала звыш 10 тыс. настаўнiкаў. Недахоп выпраўлялi падрыхтоўкай кадраў на паскораных курсах, у педвучылiшчах, педагагiчных i настаўнiцкiх iнстытутах. Ужо ў канцы лiстапада 1943 г. пачаў аднаўляцца Гомельскi педiнстытут, восенню—зiмой 1944 г. аднавiлi працу Мiнскi, Вiцебскi, Гродзенскi i iншыя педагагiчныя i настаўнiцкiя iнстытуты (да пачатку 1945 г. адчынiлiся 14 такiх ВНУ).(19)

Восенню 1944 г. у Мiнск рээвакуiраваўся Белдзяржунiверсiтэт i прафесарска-выкладчыцкi склад установы ў прыстасаваных ацалеўшых будынках сярэднiх школаў у дзве-тры змены пачаў навучанне каля 700 студэнтаў. У такiх жа цяжкiх умовах адраджалася праца калектываў Мiнскага медыцынскага i юрыдычнага iнстытутаў, БПI, Беларускага iнстытута народнай гаспадаркi, лесатэхнiчнага iнстытута, iншых ВНУ, тэхнiкумаў. Ужо ў 1944 г. на Беларусi працавалi 22 ВНУ i 66 сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Выкладчыкi разам са студэнтамi працавалi на аднаўленнi будынкаў, лабараторый, кабiнетаў i майстэрань, абсталявання, збiралi кнiжны фонд, самi стваралi падручнiкi i дапаможнiкi, укладвалi талент у распрацоўку вучэбных курсаў.

Вялiкi ўклад iнтэлiгенцыi ў аднаўленне ў рэспублiцы i iншых асяродкаў культуры. Вярталiся з эвакуацыi, узнаўлялi працу тэатры. 28 снежня 1944 г. на сцэне тэатра оперы i балета адбылася прэм’ера оперы «Алеся» Я.Цiкоцкага, якая адлюстроўвала гераiзм партызанскай барацьбы. Ваенная тэма была галоўнай i ў творчасцi мастакоў. Яны разам з грамадскасцю шмат зрабiлi па аднаўленню фондаў Беларускай дзяржаўнай карцiннай галерэi.(20) Ужо ў канцы 1944 г. у iх налiчвалася некалькi соцен работ. Галерэя была адчынена ў вераснi 1945 г. З восенi 1944 г. у Мiнску з рэгулярнага выпуска кiначасопiсаў зноў пачала працу кiнастудыя «Советская Белоруссия». У 1945 г. у рэспублiцы функцыянiравалi ўжо 8 музеяў i 2539 масавых бiблiятэк (звыш 60% даваеннай колькасцi). Людзi з радасцю вярталiся да мiрнай працы, надзённых спраў, культурных памкненняў.

У той жа час жорсткасць няскончанай барацьбы на франтах, ваеннага супрацьстаяння бакоў адкладвала своеасаблiвы адбiтак на жыццё вызваленай ад фашыстаў зямлi.У шэрагу паўднёвых i заходнiх раёнаў Беларусi яшчэ значны тэрмiн iснавала ўзброенае супрацiўленне савецкаму рэжыму з боку АК, АУН-УПА, былой БКА. Толькi ў Гродзенскай вобласцi з жнiўня 1944 г. да чэрвеня 1945 г. было здзейснена звыш 300 тэрактаў. У складзе антыкамунiстычных атрадаў i груп было нямала людзей, што ў свой час пацярпелi ад бальшавiцкiх уладаў, страцiлi родных, маёмасць. Супрацьстаянне было жорсткiм з абодвух бакоў. У гэтай барацьбе гiнула i iнтэлiгенцыя: «чырвоныя» кадры, якiя працавалi тут, накiроўвалiся сюды пасля ВНУ, тэхнiкумаў i траплялi ў рукi працiўнiкаў савецкай сiстэмы, з другога боку — людзi, што не прынялi камунiстычнага ўладкавання грамадства, апынулiся на iншым баку барыкад i скончылi жыццё ў змаганнi з фармiраваннямi НКУС. Службы Л.Цанавы актыўна знаходзiлi «класавых ворагаў» i сярод iнтэлiгенцыi, якая, здавалася б, лаяльна была настроена да рэжыму. Бо палiтычныя рэпрэсii, «паляванне на ведзьмаў» працягвалiся.

I ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкасцi, нягоды, няпростыя абставiны, людзi на Беларусi ў гэтыя першыя месяцы пасля выгнання фашыстаў знаходзiлi ў сабе сiлы да пачатку адбудовы мiрнага жыцця. Разам з усiмi на гэтых будоўлях, шляхах была i iнтэлiгенцыя.

Такiм чынам, i ў эвакуацыi, i на вызваленай тэрыторыi Беларусi iнтэлiгенцыя рэспублiкi годна iшла ў шэрагах барацьбiтоў з фашызмам, не шкадавала высiлкаў дзеля наблiжэння Перамогi. Яе веды i таленты, патрыятычны парыў у агульнанародным змаганнi з гiтлерызмам былi надзвычай карыснымi. Як i ў iншых, iснаванне адукаваных людзей, спецыялiстаў у гэты час было цяжкiм — акрамя абставiн страшэннай ваеннай калатнечы, неабходнасцi трываць змаганне з варожым нашэсцем, на гэта ўплывала ўнутрыграмадскае становiшча: даводзiлася прыстасоўвацца да ўмоў жорсткага сталiнiскага рэжыму, зжывацца з iм.

ЛIТАРАТУРА:

1. Кузьменко В. И. Советская интеллигенция в партизанском движении в Белоруссии. 1941—1944 гг. Мн., 1991; Он же. Интеллигенция Беларуси в период немецко-фашистской оккупации (1941—1944 гг.). Мн., 2001.
2. Раков А. Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974, с. 55, 56.
3. Цыт. па: Олехнович Г. И. Трудящиеся Белоруссии — фронту. Мн., 1972, с. 108.
4. Там сама, с. 123.
5. Токарев Н. В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—1945). Мн., 1988, с. 99; Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь (НАРБ), ф. 750, воп. 1, сп. 145, а. 5; сп.184, а. 1, 6—25.
6. НАРБ, ф. 750, воп. 1, сп. 183,а. 12.
7. Там сама, ф. 750, воп. 1, сп. 176, а. 27.
8. Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва (БДАМЛiМ), ф. 126, воп. 1, сп. 56, а.224, 225, 258.
9. НАРБ, ф. 750, воп. 1, сп. 180, а. 1.
10. Марцелев С. В. К духовному расцвету. Мн., 1974, с.191,192; БДАМЛiМ, ф.119, воп.1, сп.9, а. 5, 6, 11, 14, 15.
11. БДАМЛiМ, ф. 82, воп. 1, сп. 1, а. 1, 16.
12. НАРБ, ф. 750, воп. 1, сп. 145, а. 1—10.
13. Лiтаратура i мастацтва, 1996, 9 лютага.
14. НАРБ, ф. 4, воп. 41, сп. 303, а. 22.
15. Там сама, воп. 20, сп. 217, а. 14.
16. Купреева А. П. Возрождение народного хозяйства Белоруссии. Мн., 1976, с. 183; НАРБ, ф.4, воп. 20, сп. 217, а. 305—306.
17. НАРБ, ф. 4, воп. 20, сп. 217, а. 70, 71, 233, 235, 552.
18. Там сама, а. 189.
19. Там сама, а. 186.
20. БДАМЛiМ, ф. 82, воп. 1, сп. 1, а. 1—33.

 
 
Яндекс.Метрика