«Мы мабiлiзуем свае сiлы i ...тут выкуем дзяржаўную волю свайго народа»

 

          Валянцiн МАЗЕЦ


Пачалося новае стагоддзе, але, на жаль, працэс гiстарычнага развiцця беларускай дзяржаўнасцi яшчэ не прывёў да стварэння сапраўды трывалай Беларускай дзяржавы. Для таго каб вырашыць гэтае складанае пытанне, неабходна звярнуцца да гiстарычнага вопыту нашых папярэднiкаў.

Вырашыць пытанне аб дзяржаўнасцi Беларусi iмкнулiся прадстаўнiкi беларускiх арганiзацый, якiя былi на момант Кастрычнiцкага перавароту 1917г. аб’яднаны ў некалькiх цэнтрах. Адным з такiх цэнтраў на неакупаванай немцамi тэрыторыi быў Мiнск.

27 кастрычнiка 1917 г. Вялiкая Беларуская Рада, Выканаўчы Камiтэт Заходняга фронту, Беларуская Сацыялiстычная грамада i Беларуская народная партыя сацыялiстаў выдалi «Грамату да беларускага народу»: «У гэтыя днi належыць паказаць сапраўды, што змучаная пакутай беларуская рэвалюцыйная дэмакратыя не дапусцiць, каб вiхор бязладу згубiў нашу святую нацыянальную справу абароны вольнасцей i правоў Беларускага народа» (Запiскi аддзелу гуманiтарных навук. Працы кафедры сучаснага права. Менск, 1929. Т.1. С. 18). Адзiн з актыўных дзеячаў Вялiкай Беларускай Рады Язэп Лёсiк у газеце «Вольная Беларусь» так выказаў свае мэты: «Мы мабiлiзуем свае сiлы i праз нашу Вялiкую Раду склiчам сваiх абранцаў у сэрцы Беларусi i тут выкуем дзяржаўную волю свайго народу».18 лiстапада 1917 г. Выканаўчы Камiтэт Вялiкай Беларускай Рады выпусцiў адозву за № 683, у якой абвясцiў пра неабходнасць правядзення ў снежнi 1917 г. Усебеларускага з’езда ў Мiнску. Для ўдзелу ў працы з’езда Выканком запрашаў дэлегiраваць па аднаму прадстаўнiку ад кожнай арганiзацыi. (Аддзел рукапiсаў бiблiятэкi АН Лiтвы, ф. 21, спр. 2224, арк. 1)

8 снежня 1917 г. газета «Вольная Беларусь» паведамiла, што «на з’ездзе будзе iсцi гаворка пра абвяшчэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублiкi ў складзе Вiленшчыны, Мiншчыны, Магiлёўшчыны, Вiцебшчыны, Гродзеншчыны, паўночнай часткi Чарнiгаўшчыны, заходнiх паветаў Смаленшчыны». На з’езд выбiралiся прадстаўнiкi ад воiнаў-беларусаў, бежанскiх арганiзацый, валасных i павятовых земстваў, гарадскiх дум, настаўнiцкiх камiтэтаў, мясцовых Саветаў сялянскiх, рабочых i салдацкiх дэпутатаў. Кiраўнiкi Абласнога выканаўчага камiтэту Заходняй вобласцi i фронту, дарэчы, не пратэставалi супраць нормаў прадстаўнiцтва, прапанаваных Вялiкай Беларускай Радай.

Другiм значным цэнтрам дзейнасцi беларускiх арганiзацый быў Петраград. Беларусы, асаблiва тыя, хто з розных прычын апынулiся па-за межамi краю, усё часцей выказвалiся за абвяшчэнне Расii федэратыўнай рэспублiкай, выяўляючы жаданне мець свае арганiзацыi, а таксама перыядычны друк i школы на роднай мове. Прадстаўнiкi ад беларускiх губернiяў на Усерасiйскiх сялянскiх з’ездах спачатку не мелi пэўна аформленай арганiзацыi па нацыянальна-тэрытарыяльнай адзнацы даволi працяглы час. З лiку тых прадстаунiкоў i ўтварыўся Беларускi Абласны Камiтэт пры Усерасiйскiм з’ездзе сялянскiх дэпутатаў.

Камiтэт складаўся з 70 чалавек, якiя падпiсалi 17 лiстапада 1917 г. дэкларацыю, дзе звярталiся да беларускага сялянства, земстваў, думаў ды кааператываў, воiнаў-беларусаў, iнтэлiгенцыi, Саветаў сялянскiх дэпутатаў неадкладна паставiць пытанне аб самавызначэннi беларускага народа з мэтай утварэння «аўтаномна-свабоднай Беларусi, як часткi Расiйскай Федэратыўнай Рэспублiкi».

Iмкнучыся перахапiць iнiцыятыву па склiканню з’езда, Беларускi Абласны Камiтэт звярнуўся да СНК Расiйскай Рэспублiкi ў Петраградзе па палiтычную, а таксама i матэрыяльную падтрымку. Гэта было абумоўлена тым, што без дазволу петраградскiх улад з’езд правесцi было амаль немагчыма. Пры Наркамнацы было створана прадстаўнiцтва Беларускага Абласнога Камiтэта ў складзе Ф.Караткевiча i В.Селiванава. 2 снежня 1917 г. СНК пад старшынствам У.Ульянава-Ленiна прыняў рашэнне аб фiнансавай дапамозе БАКу. Кiраўнiк БАКа Я. Канчар адзначаў, што Саўнаркам выдаў пазыку БАКу ў памеры 50000 рублёў. БАКу дазвалялася карыстацца тэлеграфам i тэлефонам, а ў тэлеграме камандаванню i камiтэтам армiй Заходняга фронту, Аблвыкамзаху прапаноўвалася «не ствараць сялянскiм секцыям i Саветам нiякiх перашкод». 6 снежня 1917 г. ў газеце «Известия» былi надрукаваны «Умовы сумеснай працы» БАКа з Наркамнацам дзеля ўпарадкавання пытання аб «безоговорочном и полном самоопределении белорусского народа». Выбранаму на гэтым з’ездзе Савету сялянскiх, салдацкiх i рабочых дэпутатаў i павiнна была потым належаць краёвая ўлада.

У той жа час на Беларусi пад кiраўнiцтвам бальшавiкоў адбываўся працэс аб’яднання Саветаў рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў. Вядомы дзеяч бальшавiцкай партыi Вiльгельм Кнорын успамiнаў:

«На аснове таго, што кiруючая група работнiкаў нашай партыi ў гэты самы час складалася пераважна з таварышаў, якiя прыехалi ў Беларусь з Ленiнграду, Масквы, Рыгi, Iванава-Вазнясенска, некаторыя да гэтага часу кажуць, што Кастрычнiцкая рэвалюцыя ў Беларусi была праведзена рускiмi бальшавiкамi i пасля Кастрычнiцкая ўлада была прыезджай, чужой, рускай» (Кнорин В. Заметки к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии. Мн., 1934, С. 10).

Арганiзатары Усебеларускага з’езда спрабавалi звязацца з СНК Заходняй вобласцi, але Аблвыкамзах адхiлiў ўсе прапановы прэзiдыума з’езду, «каб дасягнуць узаемаразумення i ўстанавiць модус узаемных адносiн дзеля ўмацавання заваёваў рэвалюцыi» (НА РБ, ф. 458, спр. 22, арк. 3).

Але кiраўнiкi Аблвыкамзаха былi супраць правядзення Усебеларускага з’езда. Пра гэта сведчаць наступныя факты. 5 снежня 1917 г. з Рагачова ў Мiнск на iмя К.Ландэра прыйшла ваенная дэпеша: «Минск. Совдеп. Ляндэру. Здесь члены старого крстьянсовета задались целью самоопределить Белоруссию, организовать белорусские полки, разогнать минских большевиков, объявить власть рады. (На) крестьянском съезде мне удалось организовать всех фронтовиков, поэтому получился перевес (в) нашу сторону. Нашими стараниями отклонена просьба белорусов получить разрешение организовать войска. Примите и вы все меры порализовать созыв съезда. Рогачёв. 5 декабря/5150. Азаров», а 25 лiстапада 1917 г. Крывашэiну была накiравана наступная тэлеграма: «Минск. Исполнительный комитет совета крестьянских депутатов при военно-революционном комитете, Белорусская Рада созывает съезд пятое декабря. Прошу распоряжения. Председатель Метлицкий». Нягледзячы на «распараджэннi» i «меры» з боку бальшавiкоў, з’езд адбыўся. Дзякуючы намаганням прадстаўнiкоў Вялiкай Беларускай Рады Язэпа Варонкi i Язэпа Мамонькi, удалося дасягнуць згоды з Беларускiм Абласным Камiтэтам аб сумесным правядзеннi Усебеларускага з’езда. Кiраўнiкi беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пры наяўнасцi розных поглядаў, ставiлi перад сабою задачу выявiць волю народа ў пытаннi будавання ўласнай дзяржавы. Гэтую волю павiнен быў увасобiць у заканадаўчыя акты Усебеларускi з’езд. Звязана гэта было з тым, што сiстэма прадстаўнiцтва на з’ездзе была задумана i ажыццёўлена даволi шырока. Праўда, была прапанова адкласцi пачатак з’езда, на якую Язэп Мамонька адказаў: «Тыя, хто хоча адкласцi з’езд, мабыць, не ведаюць, як цяжка склiкаць з’езд: ад iмя ХII армii кажу я вам, мы можам аб’явiць у краiне ўладу. Калi ў Петраградзе, што бальшавiкi без з’езду аб’явiлi ўладу, то чаму мы не можам аб’явiць уладу на з’ездзе?» (Беларуская рада. 1917. № 6). На Усебеларускi з’езд сабралася 1872 дэлегаты: 1167 дэлегатаў з пастанаўляючым голасам i 705 – з дарадчым.

Тады прадстаўнiкi Аблвыкамзаха, каб сарваць работу з’езда, вырашылi дзейнiчаць з дапамогай правакацыi. Мяснiкоў, якi ў той час якраз замяняў на пасадзе галоўнакамандуючага Крыленку i знаходзiўся ў ягонай стаўцы ў Магiлёве, накiраваў у Мiнск наступную тэлеграму: « ... Западный фронт, Полукарову. Сообщите товарищам, чтобы на съезде белорусов Рады они произвели переворот умов, раскол и выяснили буржуазность ее. Это требуется. Главкомзап Мясников».

Да 17 снежня, як сведчыць А.Цвiкевiч, на з’ездзе iшла ўнутраная арганiзацыйная работа: стваралiся камiсii, фракцыi, выпрацоўвалiся даклады, рэзалюцыi, ствараўся Наказ, праводзiлiся выбары ў Прэзiдыум з’езда. На гэту падрыхтоўчую работу было затрачана многа намаганняў i часу, таму што большая колькасць дэпутатаў зусiм не мела вопыту парламенцкай работы.

Але Усебеларускi з’езд завяршыць сваю работу не змог. Згодна з пратаколам з’езду, калi на пленарным паседжаннi з’езду у ноч з 17 на 18 снежня пачалося апавяшчэнне рэзалюцыi па пытанню аб сучасным становiшчы Беларусi i формах арганiзацыi краёвай улады, у залу паседжанняў з’явiлiся прадстаўнiкi СНК Заходняй вобласцi: нарком унутраных справаў Рэзаускi i начальнiк мiнскага гарнiзону Крывашэiн. Дэлегатамi з’езда па разгледжанай раней рэзалюцыi была прынята наступная пастанова: «Усебеларускi з’езд, якi сабраўся ў Мiнску Беларускiм, абмеркаваўшы цяжкае становiшча краiны i Беларусi, замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, заваяванае Расiйскай рэвалюцыяй, i пацвярджаючы дэмакратычны рэспублiканскi лад у межах Беларускай зямлi дзеля захавання цэласнасцi Беларусi ў складзе Расiйскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублiкi, пастанавiў вылучыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета Сялянскiх, Салдацкiх i Рабочых Дэпутатаў, якому даручыць кiраванне Беларуссю аж да склiкання Беларускага Устаноўчага Сходу».

Пасля першага разгледжанага пытання дэлегаты збiралiся разгледзець i астатнiя пункты выпрацаваных рэзалюцый. Але ў гэты момант па настойлiвым патрабаваннi Крывашэiна яму было «дадзена слова для нечарговай заявы. Устанавiць змест заявы т. Крывашэiна Прэзiдыум з’езду не змог з-за таго, што Крывашэiн быў вiдавочна ў нецвярозым стане», адзначана ў Пратаколе Усебеларускага з’езду (АР БАН Лiтвы , ф. 21, спр. 871, арк. 7).

Неўзабаве ў залу пасяджэнняў былi ўведзены ўзброеныя салдаты рэвалюцыйнага палка пад кiраўнiцтвам Рэмнёва. З’езд быў разагнаны аружнай сiлай.

Неабходна падкрэслiць, што Усебеларускi з’езд меў найвышэйшую ва ўмовах таго часу ступень легiтымнасцi i законна створаныя iм пасля гвалтоўнага разгону зьезду органы мелi права пашырацца i прымаць абсалютна легiтымныя рашэннi па пытаннях, што датычылiся лёсу Беларусi i яе народа. Ён зрабiў iстотны ўплыў на далейшае развiццё беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, прымусiўшы лiчыцца з абуджэннем нацыянальнай свядомасцi беларускага народа нават i тых, хто ўсiмi сiламi спрабаваў з ёю змагацца як з перашкодай на шляху да сусветнай пралетарскай рэвалюцыi. Разгон Усебеларускага з’езду не мог ужо спынiць далейшага развiцця беларускага руху ў накiрунку стварэння ўласнай дзяржаўнасцi. У вынiку гвалтоўнага разгону I-га Усебеларускага з’езду стварыўся своеасаблiвы прававы вакуум. Легальны працэс вырашэння пытання самавызначэння беларускага народа быў спынены незаконнымi дзеяннямi кiраўнiцтва Аблвыкамзаху. Прадстаўнiкi беларускiх нацыянальных арганiзацый былi вымушаны працягваць сваю работу нелегальна.

18 снежня 1917 г. дэлегаты з’езда сабралiся на нелегальнае пасяджэнне ў клубе чыгуначнiкаў. Першым чынам быў аформлены пратэст супраць бальшавiцкага гвалту над прадстаўнiкамi беларускага народа. Потым з’езд прыняў шэраг пастаноў аб арганiзацыi ўлады на Беларусi:

«1) Лiчыць I-ы Усебеларускi з’езд разагнаным сiлаю.

2) Савет з’езду прызнаць выканаўчым органам з’езду, у абавязак якога ўваходзiць ажыццяўленне ўсiх рашэнняў i пастановаў з’езду.

3) Папоўнiць Савет з’езду дэлегатамi зямляцтв i iншых груп, дазволiць права адводу i кааптацыi.

4) Абласны камiтэт пры Усерасiйскiм Савеце Сялянскiх дэпутатаў, Маскоўская Выканаўчая Камiсiя, Вялiкая Беларуская Рада i iншыя арганiзацыi тэрмiнова спыняюць сваё iснаванне i передаюць усе свае справы i належачую iм маёмасць для карыстання Савету.

5) Цэнтральная Вайсковая Рада iснуе, як падпарадкаваны орган Савету з’езда.

6) Другi Усебеларускi з’езд склiкаецца у самы блiжэйшы час».

Згодна з пратаколам паседжання, у гэты ж дзень, 18 снежня (31 снежня) 1917 года было прынята наступнае рашэнне:

«1. Совет съезда объявить Временной Краёвой властью.

2. Принять резолюцию, выработанную Советом съезда в ночь с 17 на 18 декабря 1917 года ... .

3. Все труды съезда собрать и послать во все волости, советы и другие демократические организации, на фронт, а также опубликовать во всех газетах» (НА РБ , ф. 62, воп. 1, спр. 3, арк. 21).

Праз тры днi, 21 снежня 1917 года, Савет I-га Усебеларускага з’езда прыняў пастанову наступнага зместу:

«1. Во исполнение постановления I-го Всебелорусского съезда от 17-18 декабря 1917 года, коим вся власть в Белоруссии временно, впредь до созыва Советом 2-го Всебелорусского съезда ... вверяется Совету I-го Всебелорусского съезда, – Совет постановил:

а) признать себя таковой Временной властью;

б) дополнить свой состав представителями крестьян, рабочих и солдат пропорционально их численности и пропорциональным представительством национальных меншинств края в лице их социалистических партий;

в) немедленно выделить из своего состава «Исполнительный Комитет I-го Всебелорусского съезда», о чем и довести до сведения центрального правительства России, всех Республик Российской федерации и граждан Белоруссии» (НА РБ , ф. 62, воп. 1, спр. 3, арк. 22).

Выканаўчаму Камiтэту, якi быў абраны ў складзе 17 чалавек, даручалася тэрмiнова заняцца беларусiзацыяй Саветаў на месцах. Склад Выканаўчага Камiтэта быў наступным: Т.Грыб, Я.Варонка, Я.Серада, М.Касцевiч, С.Рак-Мiхайлоўскi, А.Прушынскi, П.Бадунова, А.Бурбiс, Л.Заяц i iнш. Па адных звестках, Выканаўчы Камiтэт узначалiў Т.Грыб, па iншых – Я.Варонка. У склад Выканаўчага Камiтэту ўвайшлi прадстаўнiкi нацыянальных меншасцяў Беларусi: М.Гутман i Зарубавель – ад яўрэяў, Мiгулiс – ад лiтоўцаў, Прыстор – ад палякаў, Злобiн – ад вялiкарусаў.

У той момант, калi кiраўнiцтва СНК Заходняй вобласцi i фронту, Аблвыканкамзаху перад пагрозай наступлення германскiх войск iмкнуцца тэрмiнова пакiнуць Мiнск, прадстаўнiкi беларускага нацыянальнага руху ў асобе Выканаўчага камiтэту Савета з’езда 19 лютага 1918 г. збiраюцца на паседжанне. Сiтуацыя дзеля рэалiзацыi iх планаў складваецца адносна спрыяльная: бальшавiкi Мiнск пакiдаюць, а немцы яшчэ не занялi горад. Кiраўнiкi Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады прымаюць рашэнне ў дадзеных абставiнах лагiчна правiльнае: «узяць на сябе ахову парадку i бяспекi ў Мiнску, а калi спатрэбiцца, то i ва ўсёй Беларусi, а таксама прапанаваць Выканкаму Савета 1-га Усебеларускага з`езду выканаць выканаць волю з`езда i ўзяць уладу ў свае рукi.»

Вечарам 19 лютага Выканаўчы Камiтэт з’езду скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэнне, апрацаваўшы першую Устауную Грамату да народаў Беларусi, у якой адзначалася:

«Выканаўчы Камiтэт Рады 1-га Усебеларускага з`езда папоўнены прадстаўнiкамi рэвалюцыйнай дэмакратыi нацыянальных меншасцяў, здзяйсняючы мэты з`езду, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусi для кiравання краем i склiкання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсякага дарослага насельнiцтва, не лiчачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем i родам.

Часовую народную уладу краю, якая ставiць сабе мэтаю абарону i зацверджанне заваёваў рэвалюцыi, будзе здзяйсняць створаны намi Народны Сакратарыят Беларусi, якi ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкi.» Народнымi сакратарамi сталi: замежных спраў i старшынёй Народнага Сакратарыята – Язэп Варонка, унутраных спраў – Iван Макрэеў, народнай асветы – Аркадзь Смолiч, юстыцыi – Е.Бялевiч, народнай гаспадаркi – Iван Серада, шляхоў зносiн – В.Рэдзька, грашовых спраў – Г.Белкiнд, забеспячэння (сацыяльнай апекi) – П.Бадунова, велiкарускiх спраў – I.Злобiн, кантролю – Пётр Крэчэўскi, поштаў i тэлеграфаў – А.Карач, кiраўнiком спраў – Лявон Заяц, спецыяльна ўпаўнаважаным па вайсковых справах – Кастусь Езавiтаў. Старшыня Народнага Сакратарыята Язэп Варонка 22 лютага, у дзень уваходу немцаў у Мiнск, паспеў распарадзiцца, каб спiс членаў Народнага Сакратарыята на нямецкай мове быў расклеены на вулiцах Мiнска.

Як сведчыць гэтая грамата, на шляху рэалiзацыi беларускай нацыянальнай iдэi быў зроблены чарговы крок. Але фармальна беларуская дзяржава не была абвешчаная. Менавiта гэтая акалiчнасць часткова перашкодзiла Аляксандру Цвiкевiчу i Сымону Рак-Мiхайлоўскаму выступiць на мiрных перамовах у Брэсце ў якасцi юрыдычна самастойнай беларускай дэлегацыi. Беларусь разглядалася на перамовах як частка Расiйскай дзяржавы, а не самастойны дзяржаўны арганiзм. Менавiта такiх поглядаў прытрымлiвалася i нямецкае камандаванне. Спадзяваннi прадстаўнiкоў беларускага нацыянальнага руху, што нямецкае камандаванне будзе вымушана лiчыцца з iснуючай у Менску беларускай уладай, не спраўдзiлiся. Акупанты ж кiравалiся правiламi ваеннага часу i аднеслiся да Народнага Сакратарыяту як да ўраду варожай дзяржавы. Таму 25 лютага 1918 г. нямецкi камендант высялiў Народны Сакратарыят з займаемага памяшкання, перадаўшы яго дзеля патрэб вайсковай музычнай каманды, быў зняты бел-чырвона-белы сцяг, канфiскаваная каса Народнага Сакратарыяту, расфармiраваны 1-ы беларускi полк.

Такiм чынам, зноў на шляху рэалiзацыi нацыянальнай iдэi беларускiя дзеячы сустракаюць даволi сур’ёзныя перашкоды. Немцы хоць i лiквiдавалi Народнага Сакратарыяту, але фактычна звялi яго працу да «таптання на месцы», як адзначаў сябра беларускага ўраду Пётра Крэчэўскi.

Пасля падпiсання 3 сакавiка 1918 г. Брэсцкага мiру незалежнiцкiя тэндэнцыi ў нацыянальным руху ўзмацнiлiся. 9 сакавiка 1918 г. была абнародаваная Другая Устаўная Грамата. У адпаведнасцi з ёю, асноўныя законы БНР павiнен быў зацвердзiць Устаноўчы Сойм Беларусi, склiканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага i прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасць i рэлiгiю. У межах Беларусi абвяшчалiся свабоды: слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, безумоўная вольнасць сумлення, недатыкальнасць асобы i памяшкання (жылля), права народаў на нацыянальна-персанальную аўтаномiю, раўнапраўе усiх моваў народаў Беларусi. Абвяшчалася адмена прыватнай уласнасцi на зямлю, якая перадавалася без выкупа таму, хто яе апрацоўвае. Лясы, воды i нетры зямлi абвяшчалiся ўласнасцю БНР. У межах беларускай Народнай Рэспублiкi устанаўлiваўся 8-гадзiнны рабочы дзень. Такiм чынам, другая Устаўная грамата ўстанавiла галоўныя пункты Канстытуцыi БНР, хоць яшчэ нiчога не сказала аб яе суверэннасцi, тэрыторыi i адносiнах да суседнiх дзяржаў. З абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублiкi незалежнiцкiя памкненнi прадстаўнiкоў беларускага нацыянальнага руху ўмацоўваюцца. Гэта было выклiкана некалькiмi фактарамi. Народны Сакратарыят звяртаецца да германскага ўраду з прапановай прызнаць акт 9 сакавiка 1918 года. Германiя адмаўляецца, бо паводле ўмоваў Брэсцкага мiру Беларусь -- акупаваная нямецкай дзяржавай частка расiйскай дзяржавы. Зыходзячы з гэтага трэба было пратэставаць супраць грабежнiцкага Брэсцкага мiру. Пратэст Беларусi, якая юрыдычна лiчылася складовай часткай Расii, нiякая з вялiкiх сусветных дзяржаваў да ўвагi не прыняла б. Таму ў асяродку беларускiх дзеячаў, згуртаваных вакол Рады БНР, выспявае задума зрабiць новы, рашучы крок на шляху рэалiзацыi нацыянальнай iдэi. Акрамя таго, незалежнiцкая плынь у Радзе БНР, аснову якой складалi Язэп Лёсiк, Алесь Гарун, Язэп Варонка, Аркадзь Смолiч i iншыя сябры Беларускай дэмакратычнай Грамады, узмацнiлася ў вынiку кааптацыi прадстаўнiкоў Вiленскай Беларускай Рады: Янкi Станкевiча, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Туркевiча, Дамiнiка Сямашкi, Антона i Iвана Луцкевiчаў. Намаганнямi фракцыi БСГ у Радзе БНР 25 сакавiка 1918 г. была прынятая Трэцяя Устаўная Грамата.

Граматаю Беларуская Народная Рэспублiка абвяшчалася незалежнай i вольнай дзяржавай. Брэсцкi мiрны дагавор, падпiсаны за Беларусь чужым урадам, паводле граматы аб»яўляўся страцiўшым моц. Зыходзячы з гэтага, урад Беларусi звярнуўся да зацiкаўленых бакоў з прапановай перагледзець умовы Брэсцкага мiру.

Граматай акрэслiвалася тэрыторыя БНР: Магiлёўшчына, беларуская частка Мiншчыны, Гродзеншчына з Гроднам i Беластокам, Вiленшчына, Вiцебшчына, Смаленшчына, Чарнiгаўшчына, сумежныя часткi суседнiх губернях, заселеныя беларусамi.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi i яе незалежнасцi з»яўлялася сведчаннем найвышэйшага уздыму Беларускага нацыянальнага руху. Але разам з тым, абвяшчэнне БНР было толькi пачаткам нацыянальна-дзяржаўнага будаўнiцтва. Для таго, каб напоўнiць устаўнымi граматамi палажэннi i iдэi рэальным зместам, неабходная была цяжкая i мэтанакiраваная праца. Галоўнае месца ў гэтай працы займала нацыянальная iдэя, якая была асновай, фундаментам пры пабудове нацыянальнай дзяржавы. Характарызуючы агульны стан грамадства пасля абвяшчэння незалежнасцi БНР, Алесь Гарун так акрэслiвае блiжэйшыя мэты i задачы: «Беларусь павiнна сабраць i арганiзаваць перш у стройную сiстэму нацыянальна-дзяржаўнай еднасцi ўсе свядомыя i творчыя сiлы. Мы яшчэ знаходзiмся ў працэсе збiрання.»

Адразу пасля ўтварэння Народнага Сакратарыята, 25 лютага 1918 г. газэта «Минские новости» паведамляла: «На имя Белорусского Народного Секретариата беспрерывно поступают заявления разных групп и обществ о признании власти избранного Секретариата Белоруссии». У гарадах, мястэчках па iнiцыятыве беларускай мясцовай iнтэлiгенцыi i духавенства ўзнiкалi гарадскiя i павятовыя беларускiя рады. Так, у Магiлёве мясцовую Раду ўзначальваў Мiхаiл Кахановiч, у Бабруйску у сакавiку 1918 года — Антон Аўсянiк, пасля яго кааптацыi ў склад Рады БНР 29 сакавiка 1918 г. Раду ўзначалiў Е.Успенскi, у Радашковiчах Раду ўзначалiў ксёндз Аўгусцiновiч. Паводле няпоўных дадзеных, мясцовыя беларускiя рады на працягу 1918 г. былi арганiзаваныя ў 13 гарадах i мястэчках Беларусi.

Устанаўленне сувязi Рады БНР у Мiнску з мясцовымi беларускiмi Радамi iшло хуткiмi тэмпамi. Газэта «Гоман» 12 красавiка 1918 года паведамляла: «З Менска паказваюць, што весцi аб прызнаннi Народнага Сакратарыяту прыходзяць амаль штогадзiну». У тым жа нумары адзначалася, што «за мiнуўшы тыдзень (напачатку красавiка) у Народнага Сакратарыяту Рэспублiкi былi дэлегацыi Барысава, Бабруйска, Слуцка, Несвiжа, Навагрудскага павету, Радашковiч, Койданава i iншых месц». Мэтай гэтых дэлегацый было ўстанаўленне з Радай Рэспублiкi цеснага кантакту i iнфармаванне правiнцыi аб працы вышэйшых органаў Рэспублiкi. У паведамленнi ад 6 чэрвеня 1918 года «Сфера ўплыву Народнага Сакратарыяту» адзначалася: «За апошнi тыдзень Народны Сакратарыят наведалi прадстаўнiкi Магiлёўскай, Вiцебскай губернiй, Гомельшчыны, Палесся, Вiлейскага павету i iншых гарадоў. З усiх месц дэлегаты прывозяць пастановы аб прызнаннi ўлады Народнага Сакратарыяту i просьбу рэгуляваць жыццё».

Такiм чынам, Народны Сакратарыят БНР атрымаў пэўную падтрымку сваёй дзейнасцi на месцах. У чэрвенi 1918 года Народны Сакратарыят прызначыў за свайго намеснiка на Гомельшчыне Ю.Няцецкага, арганiзатара беларускiх культурна-прасветнiцкiх таварыстваў на Магiлёўшчыне. Намеснiку былi дадзены правы «акружнога камiсара, усе яго чыннасцi будуць спаўняцца у згодзе i згодна з iнструкцыямi Народнага Сакратарыяту».

Урадам БНР былi таксама акрэслены задачы, якiя падлягалi неадкладнаму вырашэнню:

- надаць беларускай мове статус дзяржаўнай;

- правесцi карэнную зямельную рэформу;

- задаволiць патрэбы нацыянальных меншасцяў у рэспублiцы;

- сфармiраваць фiнансавую сiстэму;

- ажыццявiць планавы зварот бежанцаў на Бацькаўшчыну;

- адбудаваць разбураную вайной гаспадарку;

- падняць народную асвету на грунце нацыянальнай культуры.

Дзеля дасягнення адзначанай вышэй задачаў былi зробленыя наступныя практычныя крокi. У красавiку 1918 года на пасяджэннi Народнага Сакратарыята была прынятая пастанова, паводле якой беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай i абавязковай мовай Рэспублiкi. У пастанове адзначалася таксама: «Нацыянальным меншасцям дазвалялася карыстацца сваёй мовай у афiцыйных зносiнах з дзяржаўнымi ўстановамi. Усе акты, дакументы i перапiска ўрадавых устаноў павiнна весцiся на дзяржаўнай беларускай мове». Пачаўся пераход на беларускую мову ў дакументацыi прыватных устаноў, гаспадарчых прадпрыемстваў.

3 красавiка 1918 г. Народным Сакратарыятам Асветы БНР былi адкрыты курсы беларусазнаўства. Алесь Гарун адзначаў: «Дагэтуль мы вучылi шмат усяго нам зусiм непатрэбнага, толькi не вучылi свайго, бацькоўскага. Мы вучылiся забываць i зневажаць мову бацькоў i iх самых з iх звычаямi. Цяпер нам, канечна, патрэбна пазнаёмiцца са сваёю моваю ў гiстарычнай перспектыве. Нам трэба знаць звычаi нашага народу, яго песнi i казкi, яго песняроў, нашую старую лiтаратуру, на якой пiсалiся старыя акты i законы. Культура нашая, гiсторыя i геаграфiя калi выкладалiся ў школах, дык у зусiм непрыхiльным дзеля нас свеце. Курсы, вядома, не дадуць нiякiх праў, нiякай паперкi на атрыманне, нiчога не робячы, смачнага кавалка хлеба. Толькi тут – у сэрцы Беларусi -- трэба браць усё, што толькi можна» . Адзiн з сяброў Рады БНР Аляксандр Мiкiтавiч Уласаў адзначаў: «Маршалак прасветы беларускай дзяржавы павiнен далей радзець i кiраваць народнай прасветай, выдумаўшы мудрую сiстэму, каб школы беларускiя раслi, як грыбы, i Беларусь зрабiлася Еўрапейскай дзяржавай. Няхай мы i збанкрутуем, выдаючы шмат грошаў на школу, але гэтае банкруцтва ў 10 разоў вернецца праз 3-4 гады». Адкрыццё беларускiх нацыянальных школ мела вялiкае значэнне, бо школы, якiя знаходзiлiся ў чужых руках, абяссiльвалi, нiшчылi нацыю, не давалi ёй развiвацца.

I калi на пачатку 1918 года толькi на Вiленшчыне i Гарадзеншчыне дзейнiчала ўжо 89, то да канца года на тэрыторыi БНР было адкрыта да 350 беларускiх пачатковых школ.

Прымаючы Устаўныя Граматы, Народны Сакратарыят абавязаўся баранiць права i iнтарэсы грамадзян Беларускай Рэспублiкi. Як вядома, згодна з умовамi Брэсцкага мiру немцы лiчылi Беларусь часткай Савецкай Расii. Нямецкiя ўлады затрымлiвалi жыхароў Беларусi, якiя служылi раней у расiйскiм войску, не прапускалi iх на радзiму, накiроўвалi ў лагеры для ваеннапалонных. Для таго, каб ва ўмовах вайны i акупацыi абаранiць iнтарэсы беларусаў, Народнаму Сакратарыяту неабходна было давесцi акупацыйным уладам, што мясцовае насельнiцтва з’яўляецца грамадзянамi БНР. I пасля перамоў з немцамi было дасягнута пагадненне аб прызнаннi iмi рэгiстрацыйных дакументаў БНР.

Народны Сакратарыят прыняў спецыяльную iнструкцыю, згодна з якой праводзiць рэгiстрацыю грамадзян БНР, каб баранiць iнтарэсы беларусаў ад памкненняў суседзяў разглядаць Беларусь як нiчыйны матэрыял. У 1918 г. у славянскай друкарнi Язэпа Галеўскага ў Берлiне быў выпушчаны агульнаграмадзянскi пашпарт Беларускай Народнай Рэспублiкi. У лiпенi 1918 г. у сувязi з выданнем на Украiне Закона аб грамадзянстве вялiкая колькасць беларусаў у Адэсе падала заявы пра тое, што яны лiчаць сябе грамадзянамi БНР. Беларускае консульства ў Адэсе на чале са Сьцяпанам Некрашэвiчам зарэгiстравала каля 16 тысяч грамадзян-беларусаў: выдавала iм пашпарты, баранiла iх палiтычныя i маёмасныя правы.

З мэтаю дапамогi вяртанню на Бацькаўшчыну бежанцаў пры ўрадзе БНР была створана спецыяльная камiсiя. У жнiўнi 1918 г. яна атрымала дазвол накiраваць сваiх прадстаўнiкоў у месцы, дзе знаходзiлася вялiкая колькасць бежанцаў: Баранавiчы, Маладзечна, Гомель, Магiлёў. Каля 50 тысяч бежанцаў, якiя знайшлi часовы прытулак у Менску, здолелi вярнуцца ў Заходнюю Беларусь.

Ва Устаўных граматах Рада БНР абавязвалася перадаць зямлю бясплатна тым, хто яе апрацоўвае. Аднак правесцi карэнную зямельную рэформу ў iнтарэсах сялянства ва ўмовах акупацыi было немагчыма. У красавiку 1918 г. на разгляд Рады БНР Я.Варонка i Народны Сакратар Фiнансаў П.Крэчэўскi паставiлi пытанне аб выпуску беларускiх крэдытных бiлетаў... Пётр Крэчэўскi, Народны Сакратар Фiнансаў БНР, у маi 1918 года склаў праграму развiцця фiнансаў i гандлю. Згодна з праграмай прадугледжвалiся наступныя мерапрыемствы:

«1) знешнiя займы, як асновы прызнання Рэспублiкi i моцнага становiшча ўласнай валюты;

2) выпуск уласных грошаў, якiя забяспечваюцца коштам таварнага лесу;

3) падатковыя мерапрыемствы:

а) да поўнага фармiравання апарату ўлады i правядзення ў жыццё сiстэмы зыску ўсiх ставак збораў па закону прагрэсiўнага падушнага падатку ўстанавiць аднаразовы збор;

4) манаполiя на прадукцыю заводаў па выпуску спiрту з абмежаваннем продажу напiткаў у краiне згодна з фiнляндскай сiстэмай;

5) запалкавая манаполiя;

6) выпуск латарэйных бiлетаў на ўзор Варшаўскай латарэi;

7) манаполiя на продаж картаў для гульнi;

8) пры заключэннi гандлёвых пагадненняў дамагацца знiжэння да мiнiмуму пошлiны на прадметы нашага вывазу;

9) свабодны экспарт жывёлы i птушак».

Ва ўмовах ваенный разрухi i акупацыi было неабходна забяспечыць насельнiцтва прадуктамi харчавання, у першую чаргу хлебам, каб выратаваць людзей ад галоднай смерцi. 24 красавiка 1918 года Народны Сакратарыят зацвердзiў статут i асабiсты склад Беларускай Гандлёвай палаты на Украiне. «Палата мае мэтаю наладзiць абмен тавараў памiж Беларуссю i Украiнай i першым чынам арганiзаваць закупку хлеба i дапамагаць перавозцы яго i iншых прадуктаў для Беларусi», – паведамляла «Вольная Беларусь». Гандлёва-прамысловая палата складалася з 12 чалавек на чале з Пятром Крэчэўскiм. 3 верасня 1918 г. у Кiеў для заключэння гандлёвага пагаднення была накiравана спецыяльная ўрадавая дэлегацыя БНР у складзе старшынi Беларускай гандлёвай палаты П.Крэчэўскага i Народнага Сакратара гандлю i прамысловасцi Ф.Вернiкоўскага. 27 верасня 1918 г., закончыўшы сваю мiсiю, дэлегацыя вярнулася ў Мiнск. З украiнскiм урадам была дасягнута поўная згода па пытаннях тавараабмену. У абмен на ўкраiнскую муку, цукар, мыла БНР абавязалася пастаўляць лесаматэрыялы, дровы, запалкi. Усе тавары i прадукты, якiя вывозяцца з Украiны на Беларусь, павiнны былi праходзiць цераз Кiеўскую Беларускую Гандлёвую Палату на чале з Доўнар-Запольскiм i там рэгiстравацца з умовай знiжэння пошлiны i цэн на тавары. Згода Мiнiстра гандлю i прамысловасцi Украiны на рэгiстрацыю i вываз тавараў толькi цераз Кiеўскую Беларускую Гандлёвую Палату паставiлi на чаргу пытанне аб вагонаабмене i па гэтаму пункту з Мiнiстэрствам Шляхоў Зносiн была дасягнута згода.

Далейшай задачай Цэнтральнай Беларускай гандлёвай палаты у Мiнску была неабходнасць канчаткова замацаваць усе дасягнутыя пагадненнi цераз дазвол на ажыццяўленне гэтага нямецкiх акупацыйных улад. Немцы прызналi дамоўленасць, абяцаючы вызвалiць тавары ад рэквiзiцыi на чыгунцы. У Мазыры, Лунiнцы, Рэчыцы, Гомелi, Полацку i Оршы Беларуская цэнтральная гандлёвая палата збiралася адкрыць рэгiстрацыйныя пункты тавараў.

Рада БНР iмкнулася даказаць на практыцы, што беларусы – самастойны народ i маюць законнае права мець уласную незалежную дзяржаву. Па шэрагу неспрыяльных унутраных i знешнепалiтычных прычын абвешчаную Беларускую дзяржаўнасць у форме БНР беларускiя патрыёты не здолелi напоўнiць рэальным зместам. Адзiн са стваральнiкаў БНР, Аляксандар Цвiкевiч падкрэслiваў: «У змаганнi за беларускую дзяржаўнасць, як i ва ўсякай барацьбе, трэба спадзявацца перш за ўсё на свае ўласныя сiлы, на арганiзаваныя сiлы беларускага народа. Толькi беспасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольна стварыць дзяржаву i захаваць яе ў будучынi.» Гэтыя словы не страцiлi сваёй актуальнасцi i сёння, а выкарыстанне вопыту БНР будзе карысным у справе пашырэння нацыянальнай самасвядомасцi.

 
 
Яндекс.Метрика