«Зялены змiй»

 

          Леанiд СПАТКАЙ


Спрадвеку сярод нават вельмi далёкiх нашых продкаў п’янства не было. Не, сказаць, што яны зусiм не пiлi, нельга. Яны пiлi, але пiлi слабаградусныя напоi: брагу, пiва, хмяльныя мед i квас. Гэтыя напоi мелi моц прыкладна 1–6% спiрту, а апўяненне ад iх было слабым i трымалася нядоўгi час. Акрамя таго, гэтыя напоi былi, як правiла, дамашняга вырабу i напiвацца iмi, як кажуць «да смерцi», было не прынята. Нават на Русi доўгi час пўянства было не ў пашане ў простага народа. Так, напрыклад, аўстрыйскi дыпламат Жыгiмонт Гербейштэйн, якi быў у Масковii ў 1517 i 1526 гадах, пiсаў пра iснуючыя там парадкi наступнае: «Знатныя або багатыя мужы блюдуць святочныя днi тым, што па заканчэнню багаслужэнняў ладзяць пiры i пўянкi i апранаюцца ў раскошныя адзеннi, а просты народ, слугi i халопы, па большай частцы працуюць, кажучы, што святкаваць i лайдачнiчаць – справа панская. Гараджане i рамеснiкi прысутнiчаюць на багаслужэннi, па заканчэннi якога вяртаюцца да працы, лiчачы, што працуючы чалавек больш да спадобы Богу, чым лайдак, якi растрачвае свае ўласнасць i час на пўянку, гульню ды iншыя непатрэбныя рэчы. Простаму чалавеку забаронены пiва i мёд, але iм дазволена гэта пiць ў некаторыя асаблiва ўрачыстыя днi, такiя, як Народзiны Хрыста, Вялiкадня, Тройца i iншыя, ў якiя яны ўстрымлiваюцца ад працы…».(1) Значыць, яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя нават на Русi з хмяльных напояў ужывалiся пiва i мёд, прычым просты народ пiў iх вельмi рэдка – па вялiкiх царкоўных святах, або не пiў зусiм. У тагачасных беларусаў сумесная вытворчасць i ужыванне алкагольных напояў насiлi рытуальны характар i былi адной з неабходных умоў мацавання суседска-грамадскiх сувязяў. За ганебныя ўчынкi грамадства забараняла чалавеку не толькi наведваць храм Божы, але i прымаць удзел ў грамадскiх застоллях.

Такiм чынам, доўгi час ва ўсходнiх славян, i ў тым лiку i ў продкаў сучасных беларусаў, iснавалi натуральныя суадносiны памiж цвярозасцю – звычайным паўсядзенным станам i легкiм апўяненнем – станам рэдкiм, святочным або рытуальным, прычынай якога было ўжыванне ў асноўным слабаалкагольных напояў уласнага, дамашняга вырабу. Разам з тым, з X стагоддзя, пачалi знаёмiцца i з прывазным алкаголем – вiзантыйскiм вiном, але, галоўным чынам з-за яго высокага кошту, яно было даступным толькi заможным гараджанам цi магнатам, якiя, тым не меньш, як i простыя людзi, ужывалi часцей напоi дамашняга або мясцовага вырабу. Трэба ўлiчваць i тое, што i прывазныя вiны выраблялiся толькi шляхам натуральнага збраджвання i iх моц была 9-14 % спiрту. Моц жа вiна, падрыхтаванага да ўжытку, была яшчэ меньшай у 2-2,5 разы бо амаль да сярэдзiны XII стагоддзя нашы продкi, як сведчыць гiсторык У.Пахлёбкiн (2), ужывалi вiно толькi разведзенае вадой, згодна з традыцыямi Грэцыi i Вiзантыi. Грэкi ж, як вядома, разбаўлялi вiно вадой у суадносiнах 1: 3 цi 2: 5.

Штучны ж моцны алкаголь – гарэлка, што атрымлiваўся ў вынiку перагонкi, быў упершыню вынайдзены арабскiм медыкам i хiмiкам Разесам (ар-Разi), якi нарадзiўся ў 860 годзе. Еўропа пазнаёмiлася з гарэлкай у XIII стагоддзi, але да канца XVI стагоддзя гарэлка ўжывалася толькi ў якасцi лекаў або эсэнцыi i прадавалася толькi ў аптэках. У якасцi напою гарэлку пачалi ўжываць, як сведчаць гiсторыкi, у Масковii ў пачатку XVI стагоддзя. Прычым распаўсюдзiць ужыванне гарэлкi сярод народа загадаў цар Iван Васiльевiч, ён жа Iван IV, ён жа Iван Жахлiвы. У 1552 годзе Iван Жахлiвы, вярнуўшыся пасля ўзяцця Казанi ў Маскву, загадаў адчынiць тут царскi кабак. Гэта ўстанова, з якой цар пазнаёмiўся ў Казанi, вельмi яму спадабалася, i Iван IV вырашыў займець такую ж i ў сталiцы. У хуткiм часе цар загадаў наогул спынiць на ўсёй тэрыторыi сваёй дзяржавы свабодны продаж алкагольных напояў i ўсюды замест карчмы завесцi «цароў кабак», адначасова з гэтым выраб алкагольных напояў быў забаронены простаму люду: гараджанам i сялянам.

Заведзены Iванам IV кабак карэнным чынам адрознiваўся ад раней iснаваўшай карчмы. У карчме можна было i пад«есцi i выпiць – гэта было своеасаблiвае месца адпачынку, падобнае сучасным нямецкiм гаштэтам, а ў кабаку можна было толькi пiць i нiякай закускi там не iснавала. Акрамя таго, калi даходы карчмы складалiся натуральным чынам, то на кожны кабак органы дзяржаўнага кiравання вызначалi канкрэтны памер выручкi – аклад, якi павiнен быў збiрацца пры любых умовах i абавязкова з прыбыткам у параўнаннi з прошлым годам. У выпадку недабораў казна не прымала нiякiх адгаворак – нi таго, што народ пiць не хоча, нi таго, што пiць яму няма за што – казна настойлiва патрабавала вызначаную суму даходаў. Калi ж недабор усе ж адбываўся, то загадчыкаў кабакоў – кабацкiх галоў i цалавальнiкаў, а часцей за ўсё абавязаных iх выбiраць сялян i гараджан, чакаў «правёж». Аб тым, што сабой уяўляў маскоўскi «правёж», павядамляе нямецкi вучоны i дыпламат Адам Алеары, якi наведваў Маскву пад час свайго падарожжа ў Персiю i назад у 1635-1639 гадах. Ён пiсаў, што даўжнiка садзiлi ў даўгавую турму i кожны дзень выводзiлi на адкрытае месца перад канцэлярыяй, дзе цэлую гадзiну гнуткай палкай, таўшчынёй з мезены палец, бiлi даўжнiка па галёнках. Пасля такiх катаванняў даўжнiк або зноў адсылаўся ў турму, або за яго павiнен быў хтосцi паручыцца, што даўжнiк заўтра зноў з«явiцца на гэта месца i дасць сябе катаваць. Так паўтаралася да таго часу, пакуль не быў сабраны ў казну ўвесь вызначаны аклад.(3) Такiм чынам ў народу, па сутнасцi не заставалася выбару: або пiць у казенным кабаку, губляючы свае грошы, або трымацца цвярозасцi, але кабацкiя грошы дзяржава ўсе роўна выб«е катаваннем. Для большасцi насельнiцтва псiхалагiчна было больш апраўданы першы шлях, бо ў гэтым выпадку чалавек за свае грошы хоць штосьцi атрымлiваў, а не проста аддаваў iх у казну.

Чым жа была выклiкана такая палiтыка дзяржавы ў адносiнах да свайго насельнiцтва? Справа ў тым, што продаж гарэлкi стаў амаль адзiным сродкам

атрымання вялiкiх дадатковых даходаў для ствараемай iмперыi, у якую пачала переўтварацца Маскоўская дзяржава ў часы Iвана Жахлiвага. За перыяд яго царавання, за нейкiя 25 год, у склад Маскоўскай дзяржавы ўвайшлi заваёваныя тэрыторыi Казанскага i Астраханскага ханстваў, частка Паўночнага Каўказа, Паўдневы i Сярэднi Ўрал, пачаўся захоп Сiбiрскага ханства. Няспынныя войны патрабавалi вялiкiх грошай i гэтыя грошы выкачвалiся з народу пры дапамозе «гарэлачнага насосу». Цiкава, што i вялiкi рэфарматар Расii цар Пятро I значную частку грошай на свае рэформы чэрпаў таксама з кабакоў. Аб тым як Пятро I «рэфармаваў» Расiю, уводзячы дзiкае п`янства ў вышэйшых сферах расiйскага грамацтва, у тым лiку i сярод жанчын, вельмi яскрава распавядае выдатны расiйскi гiсторык В.Ключэўскi.(4)

Як i Iван IV, Пятро I набыў на беларускiх землях крывавую славу. Першы спусташаў нашу Радзiму ды й Расiю пад час 25-гадовай Лiвонскай вайны, а другi – пад час 21-гадовай Паўночнай вайны. Акрамя таго i першы, i другi дастаткова паспяхова нiшчылi i свой народ, дастаткова прыгадаць апрыччыну, цi будаўнiцтва новай сталiцы iмперыi. Так, пры Пятру I колькасць працоўнага насельнiцтва, на якое былi ускладзены асноўныя падаткi, скарацiлася на 20% толькi за кошт гiбелi людзей, а падаткi на душу насельнiцтва выраслi ў тры разы! У гэты ж час расходы на армiю сталi паглынаць не менш 70% дзяржаўнага бюджэту. Iмперыi былi патрэбны грошы i яна iх атрымлiвала спайваючы ўласны народ.

Трэцiм вялiкiм чалавекам у справе спайвання ўласнага народа стаў I.В.Сталiн, якi ў 1925 годзе, пасля 11-гадовага «сухога закону», узнавiў дзяржаўную гарэлачную манаполiю i пастаянна пашыраў вытворчасць i продаж усiх вiдаў алкагольных напояў.(5) Як i яго папярэднiкi ў кабацкай справе, Сталiн таксама будаваў iмперыю, iмперыю камунiстычную, i яму таксама былi павiнны грошы на вядзенне войнаў па захопу новых тэрыторый. Але здабываючы новыя тэрыторii Сталiн падрываў сiлы народа амаль несупыннымi знешнiмi войнамi, ў вынiку якiх да СССР былi далучаны Заходняя Ўкраiна, Заходняя Беларусь, Бесарабiя, Лiтва, Латвiя, Эстонiя, частка Фiнляндыi, Тува, Усходняя Прусiя, Паўдневы Сахалiн i Курылы, а таксама ўнутраннымi рэпрэсiямi. Так як i раней, выкачаныя з народу «алкагольным насосам», сродкi пайшлi на ўтрыманне вялiзнай армii, вялiзнага карнага апарату i вялiзнага апарату дзяржаўнага кiравання…

З увядзеннем кабакоў на Русi ў хуткiм часе змянiўся i характар спажывання спiртных напояў. З аднаго боку, распаўсюдзiлася ўжыванне моцнага алкаголю – гарэлкi, якая вызывае больш моцнае i больш працяглае ап«яненне, чым традыцыйныя для славян слабаалкагольныя пiва або мёд (згодна з медыцынскiмi даследваннямi, кроў ачышчаецца ад 250 г гарэлкi ўдвая даўжэй, чым ад 2 л пiва: для дарослага мужчыны вагой у 80 кг гэта адбываецца адпаведна за 11 i 6 гадзiн). У вынiку паўсюднага насаджэння кабакоў пiццё гарэлкi ператварылася ў своеасаблiвы абавязак чалавека перад дзяржавай. Гэта ў сваю чаргу вызвала ў часткi насельнiцтва прагу да бязмернага спажывання алкаголю, што павялiчыла смяротнасць i дэградацыю народа. А дзяржава пiльна стаяла на варце сваiх iнтарэсаў. Iснавала жорсткае правiла, так называемы «пiцейны iнтарэс», згодна з якiм любога, хто выступаў супраць спайвання народа, чакала суровая кара. Так, напрыклад, любiмы i паважаемы народам бiскуп Варонежскi Цiхан (1724–1783), якога потым Руская Праваслаўная Царква кананiзавала, увесну 1765 года ў час паганскага свята Ярылы, што суправаджалася дзiкiм п«янствам, звярнуўся да людзей з прачулай прамовай, угаворваючы iх кiнуць пiць. Людзi, паслухаўшы бiскупа, кiнулi п«янстваваць i, у душэўным парыве, разбiлi ўсе бочкi з алкагольнымi напоямi. За падрыў дзяржаўнага «пiцейнага iнтарэсу» 43-гадовы архiерэй быў звольнены Свяцейшым Сiнодам з пасады i сасланы ў манастыр.

Але i сярод народа iснавалi здаровыя сiлы, якiя супрацiвiлiся спайванню людзей. Спачатку простыя людзi i духавенства прасiлi цара знiшчыць кабакi. Затым пачаўся сабатаж арганiзацыi кабацкай справы: па сваёй волi нiхто не жадаў служыць у кабаках. Захавалiся звесткi, што ў Беларусi i на Ўкраiне, пасля далучэння iх да Расiйскай iмперыi, нiхто з мясцовых жыхароў не хацеў нi гандляваць у царскiх шынках, нi браць iх у арэнду, таму новая ўлада прымушала брацца за гэту справу яўрэяў. Акрамя пасiўных мер барацьбы з кабакамi, былi i iншыя. Так, у многiх гарадах iмперыi стваралiся таварыствы цвярозасцi, якiя праводзiлi актыўныя мерапрыемствы антыалкагольнага накiрунку. А ў 1858–1859 гадах у беларускiх i ўкраiнскiх губернях разгарнуўся шырокi сялянскi рух цвярозасцi. Гэты рух быў скiраваны супраць абдзiрання працоўнага люду пры дапамозе продажы гарэлкi нiзкай якасцi па завышаным кошце. Вынiкам гэтага руху стала адмена ўрадам вiнных водкупаў. Здавалася б, што здаровы сэнс перамог, але з 1 студзеня 1863 года ў расiйскай дзяржаве замест адмененых водкупаў, калi права гандлю гарэлкай дзяржава перадавала абмежаванай колькасцi адкупшчыкаў, быў уведзены свабодны гандаль любой асобай, якая заплацiла акцыз – падатак з продажы пiтва. Вынiкам гэтага новаўвядзення 1863 года стаў iмклiвы рост колькасцi кабакоў: прыкладна за 3–4 гады колькасць кабакоў у Расiйскай iмперыi вырасла ў шэсць разоў i стала больш 500 000. Рост кабакоў, у сваю чаргу, прывёў да таго, што ў краiне рэзка павялiчылася колькасць выпiваемага алкаголю i, як следства гэтага, рэзка ўзрасла колькасць яго ахвяр – памерлых ад ужывання гарэлкi.

Такiм чынам, iснуючы стэрэатып, што гарэлка – традыцыйны напой, а п«янства – традыцыя усходнiх славян, у тым лiку i беларусаў, гэта прапагандысцкi мiф. П«янства было сiлком навязана царскай уладай у пачатку XVI стагоддзя народам Маскоўскага царства, а потым – i iншым народам, якiя трапiлi ў склад Расiйскай iмперыi i СССР. Прыносячы вялiкi даход дзяржаве, п«янства падрывала дабрабыт i здароўе народа, што прывяло да падрыву моцы самой дзяржавы, а затым i яе распаду. Так было з Расiйскай iмперыяй, так сталася i з СССР.

Сёння «традыцыя», навязаная нашаму народу патомкам мангола-татарскага хана Мамая (з матчынага боку), маскоўскiм царом Iванам IV Жахлiвым, прывяла да жудасных наступстваў. Так, у дарэвалюцыйнай Расii найбольшы узровень спажывання алкаголю быў дасягнуты ў 1906-1910 гадах, калi штогод на кожнага жыхара iмперыi прыходзiлася, у пералiку на 100% спiрт, 3,9 л алкаголю, у тым лiку 2,8 л алкаголю было прададзена дзяржаўнага i 1,1 л – кустарнага. Натуральна, што ўсё гэта выпiвалася. Разгул гэтага п`янства парадзiлi такi магутны грамацкi антыалкагольны рух, што iмператар Мiкалай II вымушаны быў у 1914 годзе ўвесцi «сухi закон» i продаж спiртнога быў забаронены. Гэты «сухi закон» праiснаваў у Расiйскай iмперыi, а затым у РСФСР i СССР да 1925 года. У 1925 годзе духоўны нашчадак Iвана IV i Пятра I, у справе спайвання i вынiшчэння ўласнага народа, I.В.Сталiн адмянiў у СССР «сухi закон» i з таго часу спажыванне алкаголю ў краiне стала iмклiва расцi. Найбольшы ўзровень спажывання алкаголю ў СССР быў зафiксаваны ў 1980–1984 гадах, калi на кожнага жыхара краiны, незалежна ад яго ўзроста, было выраблена i, натуральна, выпiта, у пералiку на 100% спiрт, 8,6 л алкагольных напояў прамысловай вытворчасцi i не меньш за 4,3 л – кустарнай вытворчасцi. Гэта значыць, што кожны жыхар СССР, ад неўмаля да глыбокiх старых, павiнен быў выпiць за год не меньш чым па 12,9 л 100% спiрту, або каля 35 бутэлек гарэлкi! Але ж пiлi ня ўсе, значыць нехта выпiваў значна больш гэтай колькасцi.

Цяжка сказаць, колькi дакладна сёння выпiваецца алкагольных напояў у Рэспублiцы Беларусь. На аснове iснуючых дадзеных можна зрабiць выснову, што колькасць алкагольных напояў прамысловай вытворчасцi, у пералiку на 100% спiрт, складае каля 10 л на кожнага жыхара краiны. А колькi вырабляецца i выпiваецца алкагольных напояў кустарнай вытворчасцi, розных самагонак i налiвак, то пра гэта ведае толькi адзiн Бог. Прыкладныя ж падлiкi паказваюць, што на кожнага жыхара краiны прыходзiцца каля 18–19 л чыстага алкаголю. Гэта амаль у 5 разоў больш, чым найвышэйшы ўзровень спажывання ў царскай Расii i амаль у 2,5 разы больш за сусветны крытычны узровень. Вынiкам такога ўжывання алкаголю становiцца дэградацыя асобы i выраджэнне нацыi – наступствы параўнальныя з вынiкамi Чарнобыльскай экалагiчнай катастрофы.


          Литература:

1. Гербейштэйн Ж. Нататкi аб Масковii. М., Маск. Ун., 1988
2. Пахлёбкiн У.В. Гiсторыя гарэлкi. М., 1991. С. 29,30
3. Алеары А. Апiсанне падарожжа ў Масковiю i праз Масковiю ў Персiю i назад. СПб., 1906
4. Ключэўскi В.А. Сачыненнi ў 9-цi тамах., т.4, 1989, с.35–37
5. Процька Т.С. У барацьбе за цвярозасць: старонкi гiсторыi. Мiнск, 1988

 
 
Яндекс.Метрика