Жыццё мiнчан у гады нямецкай акупацыi

 

          Алег ГАРДЗIЕНКА (Мiнск)

 

1.

Пры даследаваннi жыцця насельнiцтва Беларусi падчас фашысцкай акупацыi варта ўлiчваць розныя яго аспекты. Вайна стварае спецыфiчныя ўмовы для iснавання чалавека. З аднаго боку, падчас вайсковых i карных аперацый, у якiх гiнуць сотнi i тысячы людзей, каштоўнасць чалавечага жыцця для ўлады змяншаецца, а з другога боку, жаданне жыць i выжыць у кожнага чалавека на акупаванай тэрыторыi павялiчваецца. Нягледзячы на адчуванне нестабiльнасцi i няпэўнасцi становiшча, кожны жыхар акупаваных немцамi горада цi вёскi, быў пастаўлены перад праблемай выжывання, мусiў клапацiцца аб забеспячэннi ўласных патрэбаў: працаваць, гандляваць, лячыцца, вучыцца i г.д. Адначасова акупацыйныя ўлады, зацiкаўленыя ва ўмацаваннi трываласцi свайго становiшча на захопленых тэрыторыях i эфектыўным выкарыстаннi чалавечага рэсурсу, iмкнулiся як мага хутчэй наладзiць функцыянаванне ўсiх тых iнстытутаў, якiя забяспечвалi нармальную жыццядзейнасць падпарадкаванага насельнiцтва.

Большасць жыхароў Мiнска з розных прычынаў не эвакуявалiся: гэта тлумачылася i iмклiвым наступам нямецкага войска, i непадрыхтаванасцю ўладаў да эвакуацыi, а таксама спадзяваннем на хуткае вырашэнне ваеннага канфлiкту. Кiраўнiцтва рэспублiкi i горада ўжо на трэцi дзень вайны пакiнула Мiнск. Людзi былi кiнутыя на волю лёсу, i значная колькасць жыхароў засталiся ў сталiцы. Падчас усталявання новай улады, у стане няпэўнасцi ў будучынi, мiнчане былi заклапочаны праблемамi забеспячэння ўласнага iснавання i сваёй сям’i, найперш iмкнучыся пазбегнуць голаду. Жыццё ў такi пераходны перыяд трапна паказаў Лявон Савёнак у «Дзённiку Iв. Iв. Чужанiнава». Нягледзячы на тое, што твор напiсаны ў сатырычным стылi, ён дакладна адлюстроўвае жыццё i памкненнi сярэднестатыстычнага мiнчука напрыканцы чэрвеня 1941 г.

«30 чэрвеня. Жывы пра жывое i думае. Гэтыя два днi рабiў такi-сякi запас. Прыдбаў, дзякаваць Богу, нямала. Ёсьць хлеба, ёсьць i да хлеба. Калi на добрае пойдзе дык i на пару гадкоў хопiць. Трэба сказаць не ленаваўся.

1 лiпеня. Назапашваньне трывае далей. Сёньня прывалок iз жонкаю два вядры патакi й вядро нейкага малясу. Навошта ён не ведаю, але людзi валакуць, i я не астаюся. Мо нашто i прыдасца» [1].

Спецыфiчны погляд на чаканнi беларускага насельнiцтва адносна новай ўлады — ва ўспамiнах беларускага антыкамунiстычнага дзеяча Дзiмiтрыя Касмовiча:

«Жыхары Менска, беларусы i жыды, бяз страху чакалi на прыход немцаў. Усе чакалi, што немцы прынясуць вызваленьне ад бязьлiтаснага бальшавiцка-бязбожнага тэрору Масквы. Беларускi народ чакаў на аднаўленьне беларускай незалежнай дзяржавы, жыды ж чакалi, што i яны, нарэшце, змогуць жыць у гэтай адроджанай Беларусi. Беларускi народ зжыўся з жыдоўскiм насельнiцтвам i не адчуваў да яго нiякай варожасьцi. Усе чакалi дня вызваленьня i не ўцякалi. [2].

Вiдавочна, Дз. Касмовiч значна iдэалiзаваў нацыянальную самасвядомасць мiнскага насельнiцтва, таксама як перабольшвалi жаданне мiнчан змагацца за камунiстычныя iдэалы i савецкiя гiсторыкi. Падзеi наступных месяцаў i гадоў акупацыi аспрэчылi абодва меркаваннi.


2.

Мiнск быў захоплены 28 чэрвеня 1941 г., i акупацыйны рэжым пратрываў тут роўна тры гады. Да верасня ўлада ў сталiцы, як i ў ва ўсёй Беларусi, належала ваеннаму камандаванню i палявым камендатурам. З 1 верасня 1941 г. ва ўтворанай Генеральнай акрузе Беларусь было ўведзена цывiльнае кiраўнiцтва на чале з Вiльгельмам Кубэ.

Фармiраванне сiстэмы новай ўлады на мясцовым узроўнi пачалося з першых дзён акупацыi, яшчэ да ўвядзення цывiльнага кiраўнiцтва. Ужо ў лiпенi 1941 г. палявая камендатура Мiнскага раёна выдала загад для бурмiстраў па рэгламентацыi жыцця на акупаваных тэрыторыях, якiм мусiла кiравацца адмiнiстрацыя ў гарадах. Захоўваўся былы падзел на вобласцi, раёны, воласцi. У гарадах уводзiлiся ўправы, якiя мусiлi складацца з аддзелаў рэгiстрацыi; працы; прамысловасцi, гандлю i рамёстваў; гаспадаркi, санiтарыi i iнш. [3].

Мiнская гарадская ўправа была створаная ў сярэдзiне лiпеня 1941 г. Першым бурмiстрам горада да лiстапада 1941 г. быў доктар Вiтаўт Тумаш, прывезены акупацыйнымi ўладамi з Берлiну дзеля змагання з эпiдэмiямi i хваробамi, характэрнымi для першых месяцаў акупацыi [4]. Ад канца лiстапада бурмiстрам гораду быў прафесар Вацлаў Iваноўскi. 6 снежня 1943 г., калi Iваноўскi быў смяротна паранены савецкiмi партызанамi, функцыi бурмiстра пераняў iнжынер Анатоль Комар. На працягу трох гадоў акупацыi намеснiкам бурмiстра заставаўся Адам Дэмiдовiч-Дэмiдэцкi.

У лiпенi 1941 г. пры гарадской управе былi створаны наступныя аддзелы: харчовай аправiзацыi, транспарту, прамысловасцi, гандлю, службы парадку. Цiкава, што аправiзацыйным аддзелам нейкi час кiраваў будучы прэзiдэнт камунiстычнай Польшчы Баляслаў Берут. Акрамя таго, была арганiзавана гарадская палiцыя, якую ўзначалiў Дзмiтры Касмовiч.

Ужо з першых дзён была наладжана перарэгiстрацыя насельнiцтва, адпаведны штамп выстаўляўся ў пашпарты. Гарадская ўправа iмкнулася наладзiць больш-менш нармальнае жыццё.

16 кастрычнiка 1941 г. загадам Вiтаўта Тумаша гарадская ўправа была рэарганiзавана. Падставай стала залiшняя перагружанасць аддзеламi, якiя сваёй дзейнасцю часта дублявалi адзiн аднаго. Ад гэтага часу гарадская ўправа дзялiлася на тры «групы». У першую «групу», якую ўзначалiў Адам Дэмiдовiч-Дэмiдэцкi, увайшлi аддзелы культуры, мастацтва, агульны аддзел з пададдзеламi пажарнай iнспекцыi, жыдоўскiх спраў, утрымання будынкаў, канцылярыi. Другая «група» ўключала ў сябе гаспадарчы, жыллёвы аддзелы, аддзел апекi, дзiцячых дамоў, садоў, аховы здароўя (кiраўнiк — Уладзiмер Лазарэвiч). Трэцяя «група» складалася з прамысловага аддзела, аддзелаў упарадкавання гораду, транспарту, электрастанцый, палiва (кiраўнiк —Парфiры Трысмакаў). Палiцыя не ўтварала асобнага аддзелу i непасрэдна падпарадкоўвалася старшынi гораду [5].

Варта адзначыць, што паралельна з гарадской управай ў лiпенi 1941 г. было створана Намеснiцтва Мiнскай акругi (у склад якой увайшлi Барысаўскi, Заслаўскi, Койданаўскi, Лагойскi, Мiнскi, Плешчанiцкi, Пухавiцкi, Радашковiцкi, Смалявiцкi, Чэрвенскi раёны); на чале яго стаў Радаслаў Астроўскi [6]. Намеснiцтва складалася з 14 аддзелаў: агульнага, аддзела аховы парадку, прававога аддзела, статыстычнага, галоўнай бухгалтэрыi, фiнансавага, зямельна-гаспадарчага, аддзела нарыхтовак, ляснога, прамыслова-гандлёвага, дарожнага, аховы здароўя, народнай асветы, будаўнiчага. Намеснiцтва не толькi кантралявала жыццё насельнiцтва ў акрузе, але i iмкнулася распаўсюдзiць свой уплыў i на горад. Напрыклад, дырэктары заводаў, школаў, настаўнiкi ў паветах i Мiнску прызначалiся па асабiстым загадзе Р.Астроўскага.

Загадам Р.Астроўскага ў Мiнску i Мiнскай акрузе таксама ўсталёўваўся iнстытут народных судоў. Суд павiнен быў складацца са старшынi суда — юрыста, i двух народных прадстаўнiкоў, якiя б разглядалi ўсе крымiнальныя i цывiльныя справы. Падставай для вынясення вердыкту было матэрыяльнае i працэсуальнае права, што дзейнiчала на тэрыторыi Мiнскай акругi да 21 чэрвеня 1941 г. [7].


3.

Сталiчнае Мiнскае намеснiцтва задумвалася Р.Астроўскiм як правобраз будучай беларускай аўтаномii. Але надзеi не спраўдзiлiся. Планы нямецкага цывiльнага кiраўнiцтва былi iншыя, i Радаслаў Астроўскi 15 верасня 1941 г. сваiм загадам фактычна распусцiў намеснiцтва i выехаў з паплечнiкамi ў Бранск, якi падпарадкоўваўся нямецкаму ваеннаму камандаванню.

Арганiзаваная такiм чынам сiстэма гарадской i акруговай улады дазваляла аднавiць падчас акупацыi функцыянаванне асноўных сфер жыцця грамадства, у некаторых выпадках нават на ўзор iх даваеннай дзейнасцi (так, платы за камунальныя плацяжы былi спачатку ўсталяваны на ўзроўнi 20 чэрвеня 1941 г.).

Галоўнай задачай гарадскiх уладаў стала наладжванне стабiльнай працы мiнскiх прадпрыемстваў i задавальняльных умоваў жыцця гарадскога насельнiцтва, на лаяльнасць якога разлiчвалi немцы.

Менавiта з забеспячэння ўнутранай бяспекi i выдзялення лаяльнага да ўладаў насельнiцтва, на якое можна абаперцiся, пачалося ўсталяванне новага парадку ў Мiнску. Да гэтай катэгорыi, на думку ўладаў, не маглi належаць людзi, прыналежныя да палiтычна-iдэалагiчнай элiты грамадства, заангажаваныя ў партыйнай дзейнасцi. З мэтай выдзялення дадзенай катэгорыi насельнiцтва ў першыя днi акупацыi была праведзена фiльтрацыя. Мужчынам ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў было загадана з’явiцца з дакументамi ў цэнтр гораду. Усе, хто падпарадкаваўся загаду, былi звезены ў раён Драздоў, дзе некалькi дзён утрымлiвалiся пад адкрытым небам, пакуль iшоў працэс фiльтрацыi. Адсейвалiся партыйныя i камсамольскiя работнiкi, што падлягалi вынiшчэнню.

Адначасова ў Драздах знаходзiлiся i дзясяткi тысяч савецкiх салдат, што трапiлi ў палон у часе акружэння. «Каля Драздоў я пабачыў жудасную карцiну. Дзясяткi тысяч жыхароў Менска i ягоных ваколiцаў, зьявiлiся дабраахвотна на зборны пункт, а немцы сагналi iх у лягер «Дразды», i тут яны пад адкрытым небам чакалi невядомага. Трохi далей ад iх сядзелi тысячы байцоў, якiя самi дабраахвотна здалiся немцам, бо не хацелi змагацца за сталiнскi рэжым. Яны сядзелi таксама пад адкрытым небам. Галодныя, сасьмяглыя, змучаныя, часта пакалечаныя i хворыя, у страшнай цеснаце, без нiякай людзкай дапамогi, за калючым дротам пад наглядам штыкоў. Яны сядзелi i чакалi на невядомы iхнi лёс [8].

Пасля правядзення фiльтрацыi i вылучэння партыйных i камсамольскiх работнiкаў, астатняе насельнiцтва было зарэгiстравана i распушчана па хатах. Тыя, хто не трапiў пад рэгiстрацыю, былi перарэгiстраваны пазней.


4.

Асобную катэгорыю складала яўрэйскае насельнiцтва, якое налiчвала каля 80 тыс. чал. Згодна з планамi Трэцяга Райху, яўрэi трактавалiся за ворагаў Германii i нямецкага народу i мусiлi вынiшчацца. 19 лiпеня 1941 г. нямецкiм ваенным камандаваннем быў падпiсаны загад аб стварэннi мiнскага гета.

«1. З выданнем гэтага распараджэння ў г.Мiнску выдзяляецца асобная частка гораду, выключна для рассялення габрэяў.

2. Усё габрэйскае насельнiцтва горада Мiнска на працягу 5 сутак пасля агалошання гэтага распараджэння мусiць перасялiцца ў габрэйскi раён. Калi хто з габрэяў пасля сканчэння гэтага тэрмiну будзе выяўлены па-за межамi раёна, ён будзе арыштаваны i строга пакараны. Негабрэйскае насельнiцтва, што пражывае ў гэты час у межах габрэйскага раёну, мусiць пакiнуць габрэйскi раён:

3. Перасяленцам дазваляецца браць з сабой асабiстыя рэчы. Асобы, што былi злоўлены пры крадзяжы асабiстай маёмасцi, будуць расстраляныя на месцы.

4. Габрэйскi раён будзе абмежаваны наступнымi вулiцамi: Калгасны завулак, вул. Калгасная, рака Свiслач, вул. Нямiга, выключаючы праваслаўную царкву, вул. Рэспублiканская, Шорная, Калектарная, Мэблевы завулак, вул. Перакопская, Нiзавая, габрэйскiя могiлкi, вул. Абутковая, 2-i Апанскi завулак, вул. Заслаўская да Калгаснага завулка.

5. Па сканчэннi перасялення габрэйскi жылы раён павiнны быць абнесены каменным мурам i агароджаны ад астатняй часткi горада. Сцяна мусiць быць пабудавана жыхарамi габрэйскага раёну. Для гэтага выкарыстоўваецца цэгла з нежылых цi разбураных будынкаў.

6. Знаходжанне па-за габрэйскiм раёнам мабiлiзаваным у рабочыя каманды габрэям забараняецца. Рабочыя каманды пакiдаюць габрэйскi раён толькi па адмысловым накiраванням да месца працы, якi выдаецца Мiнскай гарадской управай. За парушэнне гэтага распараджэння — расстрэл.

7. Уваход i выхад габрэяў у габрэйскi раён дазваляецца па вулiцах Апанскага i Астроўскага. Пералазiць цераз мур забараняецца. Нямецкай ахове i дапаможнай палiцыi будзе аддадзены загад страляць па парушальнiках...

...12. За канчатковае перасяленне габрэйскага насельнiцтва ў адведзены раён нясе адказнасць Габрэйскi савет горада Мiнска. Усялякае парушэнне распараджэння жорстка караецца» [9].


5.

Усталяванне ў Мiнску новага парадку прыносiла абмежаваннi ў жыццё не толькi яўрэйскага насельнiцтва. У горадзе была ўведзена каменданцкая гадзiна. Улетку (ад траўня па жнiвень) рух па вулiцах забараняўся ад 9-й гадзiны ўвечары да 5-й ранiцы. У астатнiя месяцы каменданцкая гадзiна пашыралася, i ў зiмовыя месяцы рух забараняўся ад 7-й вечара. Выключэнне складалi рабочыя, што працавалi ўвечары i ўначы, а таксама наведвальнiкi тэатра. Тут дазвол на перамяшчэнне даваў рабочы пропуск, або тэатральны квiток.

Падчас адступлення Чырвонай Армii i наступлення нямецкай значна пацярпела гарадская забудова Мiнска, былi разбураны шмат жылых дамоў i прамысловых аб’ектаў. Аднаўленне iх дзейнасцi стала першачарговай задачай гарадскiх уладаў. На 1 снежня 1941 г. у сталiцы працавалi 56 з 60-цi крамаў, што iснавалi за савецкiм часам [10]. Паступова аднаўлялiся прадпрыемствы. На снежань 1941 г. у горадзе функцыянавала 73 прамысловыя прадпрыемствы. Былi адноўленыя пiваварны завод, дрожжавы завод, хлебазавод «Аўтамат», завод «Металiст», вагонарамонтны завод, абутковая фабрыка, завод iмя Варашылава i iнш. [11]. На красавiк 1943 г. у Мiнску было ўжо 150 прадпрыемстваў, з iх 14 тэкстыльных, 20 металургiчных, 41 будаўнiчае [12].

Новая ўлада, як i папярэдняя, iмкнулася наладзiць кантроль эканомiкi на акупаваных тэрыторыях. Згодна з патрэбамi Германii дзейнiчалi прамысловыя прадпрыемствы, рашэннем адмiнiстрацыi вызначалiся заробкi i цэны. 11 верасня райхскамiсар Остланду Генрых Лёзэ выдаў загад, згодна з якiм, цэны i зарплата мусiлi быць на ўзроўнi 20 чэрвеня 1941 г. [13]. Заробкi ў Беларусi рэгулявалiся «Распараджэннем для рэгулявання заработнай платы i ўмоваў працы для мясцовых працаўнiкоў, занятых у прамысловасцi з 1 чэрвеня 1942 г.», выдадзеным Вiльгельмам Кубэ. Распараджэнне распаўсюджвалася на ўвесь абшар Генеральнай акругi Беларусь. У iм усталёўвалiся стаўкi заробкаў, якiя плацiлi на заводах. Усе работнiкi дзялiлiся на пяць асноўных катэгорый:

«Група 1-а. Чорнарабочыя — 0,80 руб. за 1 г. (чорнарабочымi зьяўляюцца нявышкаленыя работнiкi, якiя займаюцца найпрасьцейшай дапаможнай работай)

Група 1-б. Нявышкаленыя работнiкi, дапаможныя работнiкi: Вышэй за 18 гадоў — 1,00 руб. за 1 г. Нiжэй за 18 гадоў —0,80 руб. за 1 г. Нiжэй за 16 гадоў — 0,50 руб. за 1 г.

Група II. Вышкаленыя работнiкi — 1,35 р. за 1 г.

Група III. Работнiкi спецыялiсты — 1,70 руб. за 1 г.

Група IV. Работнiкi спецыялiстыя i майстры — 2,50 руб. за 1 г.

Група V. Нявышкаленыя жанчыны для тыпова жаноцкае работы —0,80 руб. за 1 г. — 0,60 руб. за 1 г.» [14].

Работнiкам-габрэям праца аплочвалася ў памеры 80% ад зарплаты 1-й цi 5-й групы, усялякая дадатковая аплата габрэям забаранялася.

Варта адзначыць, што заробкi жыхароў Мiнска, як i ўвогуле Беларусi, была невялiкiя. Начальнiк прадпрыемства атрымлiваў больш за 1000 руб, цi 100 РМ, заробак рабочага вагаўся ў межах ад 300 да 500 руб., высока квалiфiкаваныя рабочыя атрымлiвалi значна болей. Працаўнiкi ўпраў, самапомачы атрымлiвалi заробак у памеры 400-500 руб. Школьныя настаўнiкi — 250-400 руб. Прыкладна такi ж заробак быў у лекараў. Неквалiфiкаваныя работнiкi атрымлiвалi значна меней. Сярэднi заробак у Беларусi складаў 350-450 руб.


6.

Плацiлiся ў Мiнску i пенсii. Падставай для выплаты пенсiй стала распараджэнне гарадской управы. Пенсii выплачвалiся iнвалiдам працы, iх сем’ям, па старасцi i за выслугу гадоў.

«1. Пенсiя выплочваецца ў г. Менску, праз касу менскай раённай управы, з 5 да 20 чысла кожнага месяца, з 9-цi гадзiн ранiцы да 14 гадзiн акрамя выхадных дзён.

2. Падставай на выдачу пенсiй служыць выдатковы ордэр i разлiковая кнiжка, напiсаныя аддзелам апекi Менскай раённай управы за подпiсам загадчыка аддзела Сацыяльнай забясьпекi, бухгальтара i сваiм, завераныя пячаткай

3. Пры атрыманнi пенсii пенсiянер павiнен прад’явiць у касу менскай раённай управы разлiковую кнiжку, пенсiоннае пасьведчаньне i свой уласны пашпарт.

4. Касiр раённай управы павiнен распiсацца ў выдатковым ордэры, якую суму грошаў i за якi месяц выплацiў, запiсаць нумар пашпарту атрымацеля пенсii, а пенсiянер у атрыманнi грошай распiсваецца ў выдатковым ордэры.

5. Пенсiю атрымлiвае асабiста пенсiянер, а ў тых выпадках, калi пенсiянер асабiста ня мае магчымасцi атрымаць, то можа выдаць даручэнне, выдадзенае валасной управай, другой асобе на права атрыманьня пенсiй.

6. Падставай уручэння пенсii служыць распiска пенсiянера ў выдатковым ордэры.

7. Калi пенсiянер паступiў на працу, дык павiнен паведамiць у аддзел апекi Менскай раённай управы, прадставiць даведку аб часе паступлення на працу i заработнай плаце.

8. Выплата пенсii раней тэрмiна ўстаноўленага для пенсiянера нi ў якiм выпадку не вытвараецца.

9. Пасьля сканчэньня тэрмiна iнвалiднасьцi пенсiянер павiнен зьявiцца на ВТЭК без асобнага напамiнку» . [15]

Пенсiянеры Мiнска дзялiлiся на шэсць катэгорый: пенсiянеры 1-й групы (у Мiнску ў першай палове 1942 г. атрымлiвала 253 чал.), пенсiянеры 2-й групы (767 чал.), сем’i па страце кармiльца (1132 чал.), пенсiянеры па старасцi гадоў (693 чал.), пенсiянеры па выслузе гадоў (229 чал.), акадэмiчныя i персанальныя пенсii (12 чал.).

Пенсiянеры 1-й групы атрымлiвалi 72 руб.27 кап., другой групы — 91,46 руб., трэцяй — 88,28 руб., пенсiянеры па страсцi гадоў — 117,07 руб., па выслузе гадоў — 78,81 руб. [16]. Гэта былi мiзэрныя грошы. Найвышэйшыя былi персанальныя i акадэмiчныя пенсii — 475,13 руб. [17].


7.

Каб ацанiць магчымы ўзровень прыбыткаў насельнiцтва, варта звярнуць ўвагу i на цэнавую палiтыку ўладаў. Адмiнiстрацыя гораду iмкнулася рэгуляваць цэны на прадукты. Напрыклад, 1 кг сала ў краме i на рынку павiнен быў каштаваць 35 руб., масла — 35 руб., яйкi — 7 руб./дзясятак., лiтр малака —3,60 руб., свiнiна — 15 руб., алей — 20 руб. за лiтр, бульба — 50 руб. за мех. 1 кг чорнага хлеба каштаваў 1,20 руб., ялавiчына першага гатунку — 9 руб. II-гатунку — 6 руб. [18] Аднак гэта былi дэкларатыўныя цэны (заяўленыя на паперы). Рэальныя цэны былi ў шмат разоў вышэйшыя. На чорным рынку 1 кг чорнага хлеба каштаваў 3,50 РМ.

Дакладна iлюструе становiшча сярэднестатыстычнага рабочага ў акупаваным Мiнску дакумент мiнскага камiсарыята, дзе даследуецца бюджэт цi спажывецкi кошык сям’i рабочага на прыкладзе работнiка аднаго з мiнскiх заводаў.


П р ы х о д

1. Зарплата па асноўным занятку: 550,0 руб.

2. Зарплата па другасным занятку: —.

3. Iншыя даходы: —.

4. Заробак iншых членаў сям’i: 250,0

5. Продаж прадуктаў i паступленнi з уласнай гаспадаркi: 2.200.

6. Продаж рэчаў: 8.535

Усяго паступленняў: 11.535 руб.


Р а с х о д.

1. Памяшканне i камунальныя паслугi: 53,0.

2. Палiва: 80,0.

3. Харчаванне: 9400.

4. Напо: 300.

5. Гарэлка: 400.

6. Вопратка: —

7. Гiгiена: 450,0.

8. Лячэнне: —

9. Культ. выдаткi: 54,0.

10. Iншае: 20,0.

Усяго выдаткавана: 11.535 [19].

З гэтых разлiкаў (вiдавочна, вельмi адносных) можна пераканацца, што заробак рабочага не дазваляў яму забяспечыць нават харчаванне сваёй сям’i на працягу месяцу. Неабходны былi iншыя крынiцы прыбыткаў. Цяжкае матэрыяльнае становiшча гарадскога насельнiцтва спарадзiла практыку наладжвання бясплатных абедаў для бедных i маламаёмасных, чым апекавалiся фiлii Беларускай народнай самапомачы (БНС).


8.

У акупаваным Мiнску функцыянавала таксама сiстэма аховы здароўя. У першыя днi вайны быў арганiзаваны Беларускi чырвоны крыж начале з доктарам Уладзiмерам Валькевiчам, потым ягоныя функцыi часткова пераняла БНС, у функцыi якой i ўваходзiла апека над насельнiцтвам i ахова здароўя.

Аддзел аховы здароўя iснаваў пры намеснiцтве Мiнскай акругi, узначалены Валерам Анiшчанкам. Працавалi 4 стацыянарныя лякарнi i некалькi амбулаторый, паслугi ў якiх былi платныя. Прыём лекарам каштаваў 6 руб., паўторны прыём — 4 руб., прыём фельчарам — 4 руб., стаматолагам —4 руб., пламбаванне зуба — 7 руб., «экстракцыя»(выдаленне) — 5 руб., з абязбольваннем — 10 руб., налажэнне гiпсу —25 руб.

Наведванне ўрачом на даму каштавала 12 руб., дапамога акушэркi пры родах — 30 руб., прыём у хiрурга i тэрапеўта — 5 руб., рэнтген грудной клеткi — 10 руб, рэнтген страўнiка — 20 руб. Знаходжанне ў лякарнi адзiн дзень (ложка-дзень) каштаваў 10 руб. [20].

Функцыянаванне сiстэмы аховы здароўя ў часы акупацыi выконвала задачы барацьбы з магчымымi эпiдэмiямi (характэрнымi для бязладдзя ваеннага часу), а таксама забеспячэння нармальных ўмоваў жыцця гарадскога насельнiцтва як асноўнай прамысловай працоўнай сiлы. Разам з тым, стваралася ўяўленне пра «нармальнасць» умоваў iснавання жыхароў сталiцы.


9.

У часе акупацыi мiнчане жылi не толькi сваiмi сацыяльнымi праблемамi. Вялiкае значэнне мела таксама рэлiгiйнае i нацыянальна-культурнае жыццё.

Палiтыка савецкiх ўладаў мела вынiкам тое, што да 22 чэрвеня 1941 г. у горадзе не было нiводнай культавай рэлiгiйнай установы. Усе яны былi зачыненыя. У дзень уступлення немцаў у сталiцы вернiкi стыхiйна адчынiлi царкву Аляксандра Неўскага, што на вайсковых могiлках. Былi адчынены таксама Прэабражэнская царква, што на вулiцы Iнтэрнацыянальнай (цяпер не iснуе), царква св. Марыi-Магдалены на Старажоўцы, Свята-Казанская царква, Кацярынiнская царква. У Мiнску быў створаны нават адмысловы камiтэт, што займаўся рамонтам цэркваў, за бальшавiцкiм часам пераўтвораных у клубы i склады.

У першыя тыднi акупацыi нямала пасадзейнiчаў адкрыццю цэркваў iераманах Жыровiцкага манастыра Уладзiмер Фiнькоўскi, адхiлены потым апанентамi-святарамi i «праваслаўнымi экстрэмiстамi» ад рэлiгiйнай i грамадскай працы. Актывiзацыя рэлiгiйнага жыцця характарызавалася i тым, што ў ёй былi зацiкаўлены i нямецкiя ўлады, што iмкнулiся iграць на рэлiгiйных пачуццях грамадзянаў i нацыянальных пачуццях беларускiх дзеячоў. Ад канца лiстапада 1941 г. у Мiнску знаходзiўся архiяпiскап Панцеляймон, узведзены потым на пасаду беларускага мiтрапалiта. Узнавiлася праца ў касцёлах, вялiся набажэнствы ў Мiнскай катэдры, Чырвоным касцёле. У першыя месяцы акупацыi арганiзацыяй каталiцкага жыцця ў Мiнску i Мiнскай акрузе займаўся кс. Станiслаў Глякоўскi.

Разам з тым, рэлiгiйная палiтыка нямецкiх уладаў не была заўсёды паслядоўнай. Да таго ж, у вернiках-каталiках нямецкiя ўлады бачылi польскiх патрыётаў i ворагаў Трэцяга Райху, i гэтаму нямала садзейнiчалi «праваслаўныя экстрэмiсты», якiя адчувалi ў каталiцкiх святарах сваiх супернiкаў. З розных прычынаў святары, што працавалi ў горадзе — кс. Станiслаў Глякоўскi, Дзянiс Малец, Казiмiр Рыбалтоўскi, Вiнцэнт Гадлеўскi — былi арыштаваны i вынiшчаны нямецкай уладай [21]. Дзейнiчалi ў Мiнску i эвангельскiя хрысцiяне-баптысты, якiх узначальваў Антон Кецка [22], дзейнiчала суполка лютэранаў.

Царкоўна-касцёльнае жыццё было атдушынай для народу, змучанага як нягодамi нямецкай акупацыi, так i двума дзесяцiгоддзямi метадычнага вынiшчэння бальшавiкамi веры. Святары задавальнялi мiнiмальныя патрэбы вернiкаў: хрысцiлi, вянчалi, спавядалi. У царкоўных святах бралi ўдзел дзясяткi тысячаў чалавек.


10.

Акупацыйныя ўлады iмкнулiся аднавiць не толькi рэлiгiйнае жыццё гараджан, але i арганiзаваць культурнае баўленне вольнага часу. Так у Мiнску працаваў гарадскi тэатар, якi аб’яднаў пад сваiм дахам тры трупы: драматычную, оперную i канцэртную. Дырэктарам тэатра быў Янка Краўчонак, потым яго змянiў Пётр Булгак, загадчыкам лiтаратурнай часткi быў Янка Лiманоўскi, у 30- х гг. намеснiк дырэктара iнстытута лiтаратуры Акадэмii навук. Тэатр узнавiў працу 10 жнiўня 1941 г. тэатральна-канцэртнай пастаноўкай «Канцэрт» [23]. На сцэне мiнскага тэатра ставiлiся п’есы беларускiх драматургаў: Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, Янкi Купалы, Францiшка Аляхновiча. Неаднаразова ставiўся «Яўген Анегiн», а таксама оперы В.-А. Моцарта, Бiзэ, спектаклi Ф.Шылера, творы класiкаў еўрапейскай лiтаратуры Генрыха Гаўптмана i Генрыха Iбсена.

У вераснi 1941 г. быў зацверджаны рэестр цэнаў на тэатральныя квiткi. Месца ў партэры каштавала ад адной да двух марак, бакавыя месцы — 75 пфэнiгаў, месца на балконе — 1,0 марку, у ложы — 2,00 маркi [24]. 22 чэрвеня 1943 г. з-за тэрарыстычнага акту, праведзенага савецкiмi падпольшчыкамi, тэатр быў моцна пашкоджаны, i праца яго ўзнавiлася толькi ўвесну 1944 г.

Падчас акупацыi ў горадзе неаднаразова ладзiлiся i забаўляльныя праграмы: на Каляды, Вялiкдзень. Масава (з дэманстрацыямi) адзначалася свята дажынкаў, дзень усiх працоўных 1 траўня. Працаваў Мiнскi гарадскi музей, якiм кiраваў Антон Шукелойць. Вялi перадачы супрацоўнiкi радыёкамiтэту.

Здавалася, што Мiнск жыў нармальным размераным жыццём, нягледзячы на адвечныя жыллёвыя i харчовыя праблемы. Аднак гэта было не так. Адначасова iснавалi лагеры смерцi «Масюкоўшчына», «Трасцянец», у якiх былi знiчшчаны дзясяткi тысяч жыхароў Беларусi, у тым лiку i мiнчукоў. У лагер можна было трапiць за любую правiннасць i без яе.

Актыўныя дзеяннi савецкiх падпольшчыкаў правакавалi карныя захады немцаў, у якiх шмат цярпела мiрнае насельнiцтва. 17-22 красавiка 1943 г. у горадзе сiламi палiцыi i СД была праведзена карная акцыя «Чароўная флейта». Горад быў ачэплены, падзелены на некалькi сектароў, праверана 76 тыс. чалавек, мабiлiзавана на «прымусовыя працы» 1.062 чалавекi [25].

З iншага боку, савецкiя падпольшчыкi таксама метадычна вынiшчалi беларускую iнтэлiгенцыю. Былi забiты Уладзiслаў Казлоўскi, Фабiян Акiнчыц, Вацлаў Iваноўскi, Уладзiслаў Контаўт, дырэктар мiнскай школы i аўтар «Беларускага лемантара для школаў» Пётра Кiсель. Расстрэлы i забойствы вельмi яскрава нагадвалi жыхарам акупаванага Мiнску аб наяўнасцi ўмоваў ваеннага часу, дзе няпэўнасць i нетрываласць уласнага становiшча з’яўлялася асноўнай характарыстыкай iснавання чалавека.

Такiм чынам, умовы выжывання, ў якiх апынулiся жыхары беларускай сталiцы, у найбольшай ступенi залежалi ад тых мэтаў, якiя ставiла перад сабой акупацыйная адмiнiстрацыя, што, з аднаго боку, iмкнулася эфектыўна выкарыстоўваць чалавечы рэсурс для патрэбаў забеспячэння нямецкай армii, а з другога — жадала ўсiмi сродкамi выкаранiць магчымасцi для супрацiву свайму панаванню. Пры гэтым нават лаяльнае да ўлады, абыякавае да палiтыкi гарадское насельнiцтва не было застрахавана ад знiшчэння ў вынiку карных дзеянняў.


           ЛIТАРАТУРА:

1. Зь дзёньнiка Iв.Iв.Чужанiнава // Лявон Крывiччанiн. Беларусiзацыя пад N... Нью-Ёрк, 1998.
2. Дзьмiтры Касмовiч. За вольную i суверэнную Беларусь. Успамiны. Машынапiс.
3. Цыт. па Г.Кнатько. «Минск в годы оккупации». Народная газета. 1993, 1 лiпеня.
4. В. Кiпель. Пра настаўнiка, супрацоўнiка, прыяцеля. (Успамiны пра Вiтаўта Тумаша) у кн. Вiтаўт Тумаш. Выбраныя працы. Мн., 2002 (Б-ка «Беларускага гiстарычнага агляду»).
5. Дзяржаўны архiў Мiнскай вобласцi. Ф. 1050, воп. 1. спр. 1, арк. 1-2.
6. НАРБ, ф. 373, воп. 1, спр. 2, арк. 7.
7. НАРБ, ф.373, воп. 1, спр. 1, арк. 78.
8. Дзьмiтры Касмовiч. За вольную i суверэнную Беларусь. Успамiны. Машынапiс.
9. Цыт. па Г. Кнатько. «Минск в годы оккупации». Народная газета. 1993, 1 лiпеня.
10. Дзяржаўны архiў Мiнскай вобласцi, ф. 688, воп.1, спр.11, арк. 3-5.
11. ДАМВ, ф.688, воп. 1, спр. 25, арк. 21.
12. Кнатько Г. «Минск в годы оккупации». Народная газета. 1 лiпеня 1943 г.
13. ДАМВ, ф.623, воп. 1, спр. 1, арк. 123.
14. ДАМВ, ф.1039, воп. 1, спр. 210, арк. 39-42.
15. ДАМВ, ф.623, воп. 1, спр. 1, арк. 9.
16. Тамсама: ф. 688, воп. 1, спр. 90, арк. 1.
17. Кнатько Г. «Минск в годы оккупации». Народная газета. 1 лiпеня 1943 г.
18. Беларуская газета. 1942, 8 i 10 чэрвеня.
19. ДАМВ, воп. 1, спр. 115, арк. 18.
20. ДАМВ, ф. 688, воп. 2, спр. 6, арк. 15.
21. Няхай сведчанне iх веры не забудзецца. Непакалянуў, 2000.
22. Туронак Ю. Беларуская кнiга пад нямецкiм кантролем (1939-1944). Мн.: Б-ка «Беларускага гiстарычнага агляду», 2002, С.126.
23. ДАМВ, ф. 1039, воп. 1, спр. 244, арк. 36.
24. Тамсама.
25. НАРБ, ф. 4683, воп. 3, спр. 950, арк. 90-95.

 
 
Яндекс.Метрика