Захаванне архiўных помнiкаў Беларусi у першыя гады Савецкай улады

 

          Мiкалай Клепiкаў (Мiнск)

 

Восенню 1917 г. у Петраградзе i Маскве былi створаны i пачалi дзейнiчаць спецыяльныя камiсii па ахове помнiкаў мастацтва i даунiны, у тым лiку i дакументальных помнiкаў, якiя захоўвалiсь у музеях, бiблiятэках, архiвах. Народны камiсар асветы А.В.Луначарскi ў сваiх зваротах заклiкаў усiх грамадзян дапамагчы ў гэтай працы [1]. Трэба адзначыць, што на Беларусi дзейнасць у галiне аховы культурна-гiстарычнай спадчыны вельмi ўскладнялася ўмовамi ваеннага i рэвалюцыйнага часу.

Згодна Дэкрэту аб зямлi, якi быў прыняты II Усерасiйскiм з`ездам Саветаў, памешчыцкiя, манастырскiя, царкоўныя землi падлягалi канфiскацыi з усiмi сядзiбамi i прыналежнасцямi. Такiм чынам, гаворка iшла i аб помнiках культуры, якiя захоўвалiся ў сядзiбах. Сам працэс канфiскацыi ў 1917-1918 гг. суправаджаўся масавымi пагромамi [2]. На Беларусi гэта таксама мела месца. Адзiн з удзельнiкаў тых падзей М.М.Хатаевiч у сваiх успамiнах пiсаў, што ў Гомельскiм павеце непасрэдна пасля перавароту сяляне з надзвычайнай хуткасцю ажыццявiлi Дэкрэт аб зямлi, «прычым справа не абышлася без пагромаў i падпалаў шматлiкiх памешчыцкiх маенткаў i ўсялякага роду iншых эксцсаў» [3].

У iнфармацыйным лiсце Наркамзема РСФСР ад 30 студзеня 1918 г. было апублiкавана паведамленне хадакоў з Вiцебскай губернi, у якiм таксама iшла гаворка аб масавых пагромах маенткаў [4]. Напрыклад, у маёнтку Грабнiцкiх у Дрысянскiм павеце была спалена бiблiятэка, у якой налiчвалася больш за 100 рукапiсных кнiг XII-XVI стст. [5]. Менавiта ў той перыяд была разграблена i знiшчана вялiкая колькасць прыватных архiваў i асобных дакументальных помнiкаў. Што датычыцца дзяржаўных архiваў, трэба адзначыць, што iх лёс быў не меньш трагiчны. У адным з афiцыйных дакументаў таго часу адзначалася: «Як вядома, у 1917 годзе гэтыя ўстановы амаль паўсюдна былi пагромлены. Несумненна, шмат чаго выкрадзена ў былыя перыяды беспрытульнасцi» [6]. Была знiшчана вялiкая колькасць архiўных дакументаў розных устаношў Так, увесь архiў Цэнтральнага дома грамадскапрымусовых работ у Мiнску быў знiшчаны ў 1918 г. вайсковым караулам [7].

26 красавiка 1918 г. пры адзеле мастацтваў выканкама Заходняй вобласцi быў створаны мастацка-археалагiчны пададзел, галоўнай задачай якога з“яўлялась захаванне помнiкаў мастацтва i даўнiны [8]. Неўзабаве выйшла пастанова аддзела мастацтваў, якая абавязвала ўсе павятовыя Саветы прыняць энергiчныя меры па захаванню ў цэласцi ўсiх культурных каштоўнасцей, у тым лiку i архiваў.

Пасля абвяшчэння БССР гэтай дзейнасцю занялiся супрацоўнiкi музейна-археалагiчнага пададзела, створанага пры Наркамасветы рэспублiкi [9]. 26 лютага 1919 г. на пасяджэннi калегii камiсарыята было зацверджана палажэнне аб часовым камiтэце аховы архiваў [10]. Негледзячы на вялiкiя фiнансавыя цяжкасцi ваеннага часу, Наркамасветы выдзелiў 22 тыс. руб. дзеля ўратавання архiва былога Мiнскага губернскага праўлення [11].

У перыяд iснавання аб`яднанай Лiтоўска-Беларускай дзяржавы пытаннямi захавання помнiкаў гiсторыi i культуры займалася археалагiчная камiсiя. Адным з яе абавязкаў было стварэнне спецыяльных камiсiй для аховы архiваў [12]. Пры Мiнскiм губваенрэўкаме гэтай працай займалiсь супрацоўнiкi аддзела народнай асветы. Захавалась указанне Клiмавiцкага павятовага аддзела па ахове мастацкiх вырабаў, помнiкаў даунiны i архiваў ад 2 мая 1919 г. [13]. Сутнасць гэтага дакумента зводзiлась да таго, каб захоўваць усе перапiскi, справы, асобныя паперы. Забаранялася знiшчаць iх без пiсьмовага дазвалення павятовага аддзела народнай асветы. Неабходна было неадкладна прыняць на ўлiк усе архiвы (урадавыя i царкоўныя) i захоўваць iх як у валасцях, так i ў мястэчках.

У жнiўнi 1920 г., пасля абвяшчэння дэкларацыi аб незалежнасцi БССР, пры Наркамасветы Беларусi была зноў сфармiравана секцыя аховы помнiкаў мастацтва i даўнiны, якая прадоўжыла працу па выяўленню розных помнiкаў культуры i iх захаванню [14]. У паветах гэтай дзейнасцю займалiсь аддзелы народнай асветы. Так, 11 жнiўня аддзел нарасветы Слонiмскага рэўкама аддаў загад аб рэгiстрацыi ў трохдзенны тэрмiн усiх рэчаў, якiя маюць мастацкую i гiстарычную каштоўнасць. Акрамя таго, рэгiстрацыi падлягалi бiблiятэкi i архiвы [15]. Аднак усе гэтыя працы спынiлiся ў сувязi з аднаўленнем ваенных дзеянняў.

У канцы кастрычнiка 1920 г., пасля часовай эвакуацыi, аднавiў сваю дзейнасць Наркамасветы БССР. Пачаў працаваць i пададдзел аховы помнiкаў мастацтва i даўнiны. Ужо ў снежнi ў пададдзеле iснавала пасада загадчыка аховы архiваў, на якую быў прызначаны М.П.Шкляеу. У сваёй дакладной запiсцы ад 10 снежня ён выказаў iдэю аб стварэннi Галоўнага архiва [16]. Хаця iдэя была цалкам падтрымана супрацоўнiкамi Наркамасветы, каштарыс не быў зацверджаны ў сувязi з адсутнасцю сродкаў. Архiвы ж у гэты час варварскi раскрадалiсь i знiшчалiсь, нават дзяржаўнымi арганiзацыямi. Так, у снежнi 1920 г. Прэзiдыум Саўнаргаса БССР двойчы накiроўваў у калегiю Наркамасветы адносiну з патрабаваннем перадачы архiўных матэрыялаў для перапрацоўкi на папяровых фабрыках [17].

У адказным лiсце М.П.Шкляеў пiсаў: «Трэба адмовiцца ад думкi, што архiў можа з`яуляцца крынiцай якой-небудзь iншай утылiзацыi яго папер, акрамя навуковай; яны павiнны быць цалкам недатыкальныя нi для каго» [18]. Аднак, нягледзячы на супрацiўленне Наркамасветы, па патрабаванню Рабкрына была створана спецыяльная камiсiя для рашэння пытанняў аб адабраннi з архiваў «непатрэбнага матырыялу». Каштоўнасць архiўных дакументаў пачалi вызначаць прадстаўнiкi Саўнаргаса i Рабкрына. Так, 20 студзеня 1921 г. на пасяджэннi Саўнаргаса БССР слухалася пытанне «Аб забяспячэннi фабрыкi «Папiрус» старой архiўнай паперай» [19]. Згодна акту ад 26 красавiка, прадстаўнiку гэтай фабрыкi Клябанаву было выдадзена 950 пудоў архiўнай паперы.

Сродкаў для ўтварэння архiвасховiшча не было, тыму стаяла задача захаваць архiўныя фонды ў тех месцах, дзе яны знаходзiлiсь. Трэба адзначыць, што адносiны да архiўных дакументаў з боку кiраўнiкоў гэтых дзяржаўных устаноў былi зняважлiвымi. Напрыклад, камендант Дома Працы ў Мiнску (будынак былога Акружнога суда) меў намер выкiнуць вялiзарны Натарыяльны архiў на вулiцу [20]. Але часцей за ўсё, архiўныя фонды папросту прадавалiся як папера. У студзенi 1921 г. у гандлёвых крамах Мiнска выкарыстоўвалiся ў якасцi абгортачнай паперы вельмi каштоўныя старадаўнiя дакументы Бабруйскага архiва [21]. Матэрыялы розных архiваў ужывалiся таксама ў якасцi пiсчай паперы. Гэта пацвярджаецца тым, што вялiкая колькасць распараджэнняў розных урадавых устаноў, рэвалюцыйных камiтэтаў i г.д. перыяду 1918-1922 гг., якiя захоўваюцца ў Беларускiм дзяржаўным архiве, размяшчаецца на адваротнай старонцы лiста якога-небудзь старога архiўнага дакумента.

Загадчык пададдзела аховы помнiкаў М.Г.Сыркiн накiраваў лiст у Саунаркам БССР, у якiм вытлумачыў важнасць захоўвання розных архiваў. Ён абгрунтаваў неабходнасць стварэння Цэнтральнага архiва i неадкладнасць зацвярджэння каштарыса на 1921 г. [22]. У гэтых складаных абставiнах М.П.Шкляеў распрацаваў праект дэкрэта аб ахове архiўных матэрыялаў [23]. На падставе праекта 21 студзеня 1921 г. выйшла пастанова СНК БССР, у якой паведамлялась аб неадкладнай рэгiстрацыi архiваў былых урадавых устаноў у мясцовых аддзелах народнай асветы [24]. Усе арганiзацыi i ўстановы, у якiх мелiся архiўныя матэрыялы, павiнны былi прыняць меры да iх захавання. У сваю чаргу мясцовым аддзелам народнай асветы прадпiсвалася апячатаць архiвы i паведамiць аб iх пададдзелу аховы помнiкаў.

Аднак такiя меры не заўсёды захоўвалi архiвы ад рабавання. У лютым 1921 г. будынак былой Казённай Палаты ў Мiнску, дзе знаходзiлася вялiкая колькасць архiўных матэрыялаў, быў заняты 81-мi пяхотнымi каманднымi курсамi, уезд якiх «азнаменаваўся неадкладным зрывам пячатак i раскраданнем архiўнага матэрыялу» [25]. Вiнаватыя ў раскраданнi архiва не панеслi нiякай кары, як таго патрабавала пастанова СНК. Факты парушэння пастановы сустракалiся неаднаразова. Гэтыя выпадкi з`явiлiся прычынай з`яўлення ў газеце «Звязда» нататкi «Трэба праверыць архiвы» [26].

У адказным лiсце ў рэдакцыю газеты М.Г.Сыркiн пiсаў, што прычынай нездавальняючага нагляду за цэласцю архiваў з`яўляецца адсутнасць людзей i сродкаў. «Адказныя работнiкi,— пiсаў ён,— заняты пакуль адбiваннем няспынных спроб захопу «на паперу». Пакуль не будзе сродкаў, ручацца за нез`яўленне ў лаўках якiх-небудзь дакументаў : нельга» [27].

Па каштарысу, зробленаму ў Наркамасветы (па мiнiмуму), у 1921 г. на расходы ўсяго наркамата прасiлася 51.901.223.259 руб. [28]. З гэтай сумы на пададдзел аховы помнiкаў прадугледжвалася вылучыць толькi 115.468.092 руб., што складала каля 0,2% ад агульнага каштарыса, а канкрэтна на ахову архiваў — i таго меньш. Але нават такая сума не была зацверджана. У сувязi з гэтым узнiклi сур`ёзныя праблемы па захаванню культурна-гiстарычнай спaдчыны. Дзейнасць супрацоўнiкаў пададдзела ў гэты перыяд зводзiлася толькi да выяўлення старых архiваў i па магчымасцi недапушчэння iх рабавання i ўтылiзацыi.

Летам 1921 г. была праведзена рэформа Наркамасветы БССР, якая грунтоўна паўплывала на структуру, формы i метады працы органаў аховы помнiкаў гiсторыi i культуры. Аддзел мастацтваў перайшоў у распараджэнне Галоўпалiтасветы, а пададдзел аховы помнiкаў быў лiквiдаваны. Сваеасаблiвым працягам дзейнасцi гэтага пададдзела сталi розныя камiсii, якiя ўвайшлi ў састаў Акадэмiчнага Цэнтра Наркамасветы. У адпаведнасцi с загадам №15 па Акадэмiчнаму Цэнтру (АЦ) ад 17 жнiўня была створана Архiўная камiсiя для сбору архiваў i iх захавання [29]. Старшынёй яе быў прызначаны рэктар Белдзяржунiверсiтэта У.I.Пiчэта, намеснiкам старшынi —прафесар БДУ А.А.Савiч, таварышам камiсii — М.П.Шкляеу, вучоным сакратаром — Г.М.Гуткоускi. На першым этапе праводзiлася пасiльная праца па канцэнтрацыi архiўных фондаў, што выклiкалася, галоўным чынам, магчымасцю iх страты. Былi звезены ў бяспечнае месца архiвы: Дваранскi, Кантрольнай Палаты, Кансiсторскi, Слуцкага манастыра, Дырэкцыi народных вучылiшч Мiнскай губернi, Мiнскага гарадскога самакiравання, некаторыя матэрыялы з Бабрускага архiва [30].

На неабходнасць прыняцця тэрмiновых мер па ахове архiваў паказвалi пачашчаныя выпадкi варварства: узлом i раскраданне вайсковымi часцямi архiва былой Казённай Палаты [31], продаж архiваў былога Казначэйства i ўпраўлення Лiбава-Роменскай чыгункi камендантам будынка, у якiм яны знаходзiлiся [32], продаж значнай часткi архiваў Мiнскай, Брэст-Лiтоускай i Полацкай духоуных кансiсторый загадчыкам гаспадаркi НКУС [33]. Частка архiва былога Губернскага праўлення, якая захоўвалася ў будынку друкарнi, была выкiнута на вулiцу па распараджэнню адмiнiстрацыi [34]. Другая частка гэтага архiва, якую яшчэ летам перавезлi ў падвальнае памяшканне Свята-Духаўскага манастыра, цалкам загiнула. Памочнiк загадчыка пажарнай каманды, якая займала манастырскiя пабудовы, паведамiў, што «да яго звярнуўся прадстаўнiк барысаўскай фабрыкi пiсчай паперы Клябанаў i прад`явiў прапанову, падпiсаную старшынёй Саунаркама рэспублiкi Беларусь, аб выдачы яму, Клябанаву, паперы, якая знаходзiцца ў падвальным памяшканнi: архiў быў упакаваны i вывезены» [35].

Можна было б узяць пад сумненне праўдзiвасць гэтага расказа: А.Р.Чарвякоў жа сам падпiсаў 23 студзеня 1921 г. пастанову аб захоўваннi архiўнай спадчыны, у якой гаварылася аб адказнасцi за знiшчэнне архiваў перад судом Рэўтрыбунала. Аднак дакумент, знойдзены у Белдзяржархiве, сведчыць аб тым, што А.Р.Чарвякоу па прычыне, аб якой можна толькi дагадвацца, змянiў свой пункт гледжання. 24 снежня 1921 г. ён падпiсаў пастанову, якая прапаноўвала ўсiм камiсарыятам i ўстановам, у распараджэннi якiх былi архiвы «непрыгоднай да пiсьмаводства паперы, здаваць яе выключна Аддзелу Утылiзацыi пры Белкустпраме» для перапрацоўкi на новую [36]. Гэта пастанова намнога ўскладнiла i без таго цяжкае становiшча, якое стварылася ў справе захавання архiваў.

Намеснiк старшынi Акадэмiчнага Цэнтра С.М.Некрашэвiч накiраваў у калегiю Наркамасветы лiст з просьбай абмеркаваць пытанне аб неадкладнай перадачы ўсiх архiваў Акадэмiчнаму Цэнтру [37].

16 лютага 1922 г. калегiя НКА БССР прыняла рашэнне «хутка распрацаваць i ўнесцi ў Саўнаркам праект дэкрэта аб перадачы архiваў у распараджэнне Наркамасветы» [38]. Аднак цяжкае становiшча з аховай архiўнай спадчыны прымусiла прадстаўнiкоў Наркамасветы шукаць найбольш дзейсны варыянт падначаленасцi Беларускага дзяржаўнага архiва. 6 красавiка 1922 г. калегiя НКА разглядала ўжо варыянт пераходу Архiва ў распараджэнне ЦВК Беларусi [39].

Стан архiўнай справы стаў настолькi крытычным, а выказваннi супрацоўнiкаў Наркамасветы аб магчымай страце архiўнай спадчыны сталi такiмi настойлiвымi, што 4 жнiўня на пасяджэннi Прэзiдыума ЦВК БССР было прынята рашэнне аб перадачы Белдзяржархiва ў распараджэнне ЦВК. З усiх архiвасховiшчаў быў створаны дзяржаўны фонд — Цэнтральны архiў Беларусi [40]. У плане навуковай працы Цэнтральны архiў падпарадкаваўся iнспекцыi навуковых устаноуў Наркамасветы БССР. Штат працаўнiкоў Архiва павялiчыўся да 5 чалавек [41]. Становiшча з аховай архiўных фондаў заканадаўча было стабiлiзавана.

У лютым 1923 г. ЦВК Беларусi назначыў на пасаду загадчыка Цэнтраархiва З.Ф.Жылуновiча, а яго намеснiкам — М.В.Мялешку. У спiсках супрацоўнiкаў налiчвалася ўжо 9 чалавек [42].

У гэты час усiм павятовым выканаўчым камiтэтам было адпраўлена прадпiсанне №65, у якiм змяшчалася патрабаванне неадкладнага ўлiку ўсiх архiваў, арганiзацыi iх аховы i назначэння загадчыкаў мясцовых аддзяленняў Цэнтраархiва [43].

У Мiнск пачалi паступаць весткi. Напрыклад, 14 сакавiка Iгуменскi выканкам паведамiў аб тым, што ў павеце захавауся толькi архiў былога Казначэйства. «Архiвы астатнiх устаноў,— паведамлялася далей,— разграблены. Многа iх раздавалася па розных савецкiх установах для канфiскацыi са спраў i кнiг чыстай паперы» [44].

4 сакавiка 1923 г. Цэнтраархiў адправiў ва ўсе свае аддзяленнi дырэктыву, у якой былi ўказаны найблiжэйшыя задачы. Аснова iх зводзiлася да ўлiку i аховы архiваў. У пункце 4 было запiсана: «Не дапускаць самымi рашучымi мерамi да продажу i другога знiшчэння архiўных матэрыялаў. На асоб, вiноўных у гэтым, састаўляць пратаколы i аддаваць суду» [45]. Супрацоўнiкi Цэнтраархiва распрацавалi i разаслалi ва ўсе паветы Беларусi апытальныя лiсты i анкеты аб наяўнасцi архiўных матэрыялаў [46]. Акрамя таго, былi разасланы карткi для рэгiстравання ўнiкальных рэчаў i помнiкаў манументальнай архiтэктуры [47]. Такiм чынам, Цэнтраархiў на чале з З.Ф.Жылуновiчам на практыцы пачаў ажыццяўляць мерапрыемствы па выяўленню, рэгiстраванню i ахове не толькi архiваў, але i iншых помнiкаў гiсторыi.

Аднак, нягледзячы на прынятыя меры, выпадкi знiшчэння архiваў усе ж такi былi. Архiвы магiлёўскага Дваранскага сходу i магiлёўскай Духоўнай кансiсторыi былi адпраўлены на папяровыя фабрыкi ў Добруш i Шклоў [48]. У Сёмкавым Гарадку былi знiшчаны архiў i бiблiятэка Хмараў, невялiкую частку якiх удалося выратаваць [49]. У архiве Biцебскага манастыра св. Марка загiнулi старадаўнiя граматы [50]. Супрацоўнiкi Цэнтраархiва, па магчымасцi, спрабавалi не дапусцiць знiшчэння архiўнай спадчыны, па крупiнках збiралi яе ў сховiшчы.

Трэба адзначыць яшчэ адзiн вельмi важны аспект дзейнасцi Цэнтраархiва — вяртанне на Беларусь архiўных фондаў, вывезеных у час вайны. Ужо ў 1924 г. было зроблена некалькi запытау ў расiйскiя архiвасховiшчы аб наяўнасцi эвакуiраваных архiваў. Праводзiлася праца па вяртанню дакументаў Мiнскага i Бабруйскага казначэйстваў са Смаленска [51], дакументаў Iгуменскага Успенскага сабора з Разанi i архiва Мiнскай Духоўнай кансiсторыi з Калугi [52], архiўных фондаў Полацкага Сафiйскага сабора i Спаскага манастыра з Яраслаўля [53], архiва Полацкага кадэцкага корпуса з Ульянаўска [54]. Паступова высвятлялася месцазнаходжання шмат якiх беларускiх архiваў. Стан некаторых з iх патрабаваў неадкладнай рээвакуацыi i ратавання.

На канферэнцыi архiвiстаў Беларусi, якая адбылася ў 1924 г., было прынята рашэнне збiрать падрабязныя весткi аб вывезеных архiўных матэрыялах. 4 сакавiка 1925 г. Цэнтраархiў адправiў ва ўсе аддзяленнi дырэктыўны лiст, у якiм растлумачваў: «Дзеля таго, што Цэнтраархiў прыступае цяпер да працы па рээвакуацыi гэтых архiваў, Вам прапануецца даручыць адпаведнаму супрацоўнiку высветлiць, якiя архiўныя фонды былi вывезены у свой час i куды.» [55]. Сведкi аб месцазнаходжаннi архiваў пачалi збiрацца ў Цэнтраархiве БССР.

12 верасня 1925 г. М.В.Мялешка накiраваў дакладную запiску у ЦВК БССР, у якой абгрунтаваў неабходнасць утварэння спецыяльнай камiсii па вяртанню архiваў i прапанаваў звярнуцца ў ЦВК СССР з просьбай аб звароце архiўных фондаў [56]. Гэта прапанова была падтрымана i ўжо 18 верасня Прэзiдыум ЦВК СССР задаволiў хадайнiцтва ЦВК Беларусi [57]. Была створана камiсiя ў складзе прадстаўнiкоў Цэнтраархiваў РСФСР, БССР i Галоўнавукi. Ад Беларусi ў камiсiю ўвайшлi З.Ф.Жылуновiч i М.В.Мялешка.

У беларускiм Цэнтраархiве быў складзены прыкладны спiс вывезеных фондаў, сярод якiх — Лiтоўская Метрыка, архiў старажытных кнiг Вiцебскай i Магiлёўскай губерняў, архiвы манастыроў, прыватны архiў Радзiвiлаў, Баркулабаўскi летапiс i шмат iншага. Усяго ў першым спiсе налiчвалася 63 назвы [58]. Гэты спiс дапаўняўся. У iншым варыянце пералiчана ўжо 68 архiўных фондаў [59]. У Маскву i iншыя гарады Расii былi накiраваны беларускiя прадстаўнiкi для пошуку архiваў якiя знiклi. Напрыклад, iнструктар I.I.Баброўскi адшукаў 10 розных архiўных фондаў, эвакуiраваных з Беларусi ў час вайны [60].

17-18 студзеня 1926 г. у Мiнску праходзiў I-ы з`езд беларускiх археолагаў i археографаў. У сваёй рэзалюцыi з`езд прыняў рашэнне «аб звароце архiўных фондаў, што датычацца Беларусi, як, напрыклад, дакументы i кнiгi старых беларускiх архiваў, а ў тым лiку i адарваныя часткi Лiтоўскай Метрыкi, якiя раскiнуты й знаходзяцца цяпер у былых архiве Земляробства i землебудаўнiцтва, у Ленiнградскай Публiчнай бiблятэцы, у былой Археаграфiчнай Камiсii, у былым архiве Галоўнага Вайсковага Штаба, у былым Архiве Мiнiстэрства Замежных Спраў у Маскве i ў iншых архiўных установах РСФСР; а таксама й тыя архiвы, якiя былi эвакуiраваны ў час апошняй вайны, як, напрыклад, архiў Вiцебскi й Вiленскi ды iншыя архiўныя фонды» [61].

Спачатку Цэнтраархiў РСФСР не перашкаджаў звароту архiваў на Беларусь. Напрыклад, Уладзiмiрскi губаддзел дазволiў вярнуць архiўны фонд Полацкага мужчынскага духоўнага вучылiшча [62]. Смаленскае архiўнае бюро дазволiла вывезцi матэрыялы Мiнскага аддзялення дзяржаўнага банка, а Разанскае — матэрыялы Мiнскага епархiяльнага вучылiшчнага савета за 1910-1915 гг., Петрапаўлаускай царквы, Мiнскага духоўнага вучылiшча.

Аднак у далейшым узнiкла перашкода ў справе вяртання найбольш каштоўных для Беларусi архiўных фондаў. У самым пачатку 1927 г. камiсiя пры ЦВК СССР распрацавала «Асноўныя палажэннi размеркавання архiўных фондаў i матэрыялаў памiж саюзнымi рэспублiкамi». У пункце 3 праекта палажэнняў падкрэслiвалася, што сiстэматызаваныя, навукова апiсаныя архiўныя фонды i тыя, што ўвайшлi ў вучоны зварот «застаюцца непарушнымi ў сваiм аб`ёме» [63].

На пасяджэннi камiсii, якое адбылося 21 студзеня 1927 г., нягледзячы на выступленнi прадстаўнiкоў Беларусi супраць гэтай фармулёўкi, большасцю галасоў пункт 3 быў прыняты ў прапанаваным варыянце [64]. Ад гэтага часу на шляху вяртання каштоўных архiваў на Беларусь паўстала непераадольная перашкода. Пры нежаданнi вяртаць той цi iншы архiў, заўсёды можна было спаслацца на гэты пункт палажэння, што ў далейшым неаднаразова i рабiлася. Усё ж такi, нягледзячы на гэта, супрацоўнiкi Цэнтраархiва i Наркамасветы БССР працягвалi пошукi вывезеных фондаў i рабiлi захады да iх звароту ў рэспублiку.

У канцы 20-х гадоў у справе захоўвання розных помнiкаў гiсторыi i культуры ўсё часцей сталi ўзнiкаць вялiкiя перашкоды. Для таго каб больш выразна ўявiць сабе тыя цяжкасцi, з якiмi прыходзiлася сутыкацца прадстаўнiкам iнтэлiгенцыi ў справе аховы культурнагiстарычнай спадчыны, неабходна прасачыць ход палiтычных падзей, уявiць агульную атмасферу таго часу.

Яшчэ ў снежнi 1925 г. на XIV з`ездзе Кампартыi быў абвешчаны курс на iндустрыялiзацыю краiны ў якасцi генеральнай лiнii эканамiчнага будаўнiцтва [65]. На аснове рашэнняў XV з`езда (1927 г.) быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па разгортванню шырокай прапаганды iдэй калектывiзацыi сельскай гаспадаркi [66]. Правядзенне гэтых кампанiй было звязана з ажыццяўленнем культурнай рэвалюцыi, якая па сутнасцi была зведзена толькi да лiквiдацыi пiсьменнасцi.

Функцыянальна падпарадкаваная мэтам iндустрыялiзацыi, культурная рэвалюцыя адыграла вялiкую ролю ў галiне прафесiянальна-тэхнiчнай падрыхтоукi. Менавiта на гэта арыентаваў работнiкаў асветы i культуры старшыня Саунаргаса СССР В.В.Куйбышаў [67]. На II сесii ЦВК СССР IV склiкання, якая адбылася ў Ленiнградзе ў кастрычнiку 1927 г., у пастанове па дакладу А.В.Луначарскага «Аб вынiках культурнага будаўнiцтва Саюза ССР за дзесяць гадоў» адкрыта ўказвалася на неабходнасць узгаднення культурнага будаўнiцтва з задачамi iндустрыялiзацыi краiны [69]. Ад гэтага часу ў дзейнасцi розных устаноў i арганiзацый, якiя займалiся пытаннямi развiцця культуры i праблемамi захоўвання культурна-гiстарычнай спадчыны, прыярытэт набываў новы напрамак, звязаны з задачамi iндустрыялiзацыi i калектывiзацыi краiны. Гэты напрамак негытыўна адлюстраваўся на справе захавання помнiкаў.

Змены, якiя адбылiся ў дзяржаве, непасрэдна рабiлi ўплыў i на працу Цэнтраархiва БССР. У 1928 г. зноў пачынаецца выбiранне архiўных матэрыялаў розных устаноў з мэтай далейшай iх утылiзацыi i перапрацоўкi на папяровых фабрыках. Цэнтральнае архiўнае ўпраўленне (ЦАУ) звярнулася ў ЦВК БССР з прапановай забаранiць усiм арганiзацыям i ўстановам знiшчаць архiўны матэрыял без дазвалення ЦАУ. Гэта пытанне было разгледжана, i 10 жнiуня 1929 г. выйшла сумесная пастанова ЦАУ, НКЮ i НКУС БССР «Аб забароне продажу архiўных матэрыялаў i архiўнай макулатуры» (69). Аднак у пастанове гаворка iшла толькi аб забароне продажу архiўных фондаў на «вольны рынак» i адначасова адзначалася, што гэта макулатура павiнна аддавацца выключна органам Наркамгандлю для выкарыстання яе на папяровых фабрыках. Гэты дакумент заканадаўча замацоўваў знiшчэнне архiўных помнiкаў.

Можна сказаць, што налажвалася сiстэма перапрацоўкi архiўных матэрыялаў, так як Цэнтраархiвў даводзiлiся планавыя лiчбы па здачы архiўнай макулатуры. Напрыклад, у плане працы ЦАУ БССР на 1929/30 год запiсана: «З усiх архiвасховiшчаў Цэнтраархiў БССР у бягучым годзе павiнен перадаць прамысловасцi не меньш 15 тон макулатуры: Цэнтральны Архiў Кастрычнiцкай рэвалюцыi — 3 тоны; Вiцебскае, Магiлёўскае i Гомельскае аддзяленнi — па 2-6 тон; Полацкi, Аршанскi, Менскi, Бабруйскi i Мазырскi Акрархiвы i Менскi Гiстархiў — па 1 тоне, разам: 6 тон. Усяго: 15 тон» [70]. Гэты план падпiсаў новы загадчык ЦАУ А.Ёдка (З.Ф.Жылуновiч быу вызвалены з пасады).

Аднак мясцовыя аддзяленнi Цэнтраархiва старалiся гэты план перавыканаць. Так, напрыклад, загадчык Мазырскага акружнога аддзялення ЦАУ склаў спiс з 56 фондаў, «якiя будуць ачышчаны ад макулатуры», i падвёў вынiкi — «усяго 5-6 тон» [71]. Колькасць здаваемых на перапрацоўку архiўных матэрыялаў год ад году павялiчвалася. У пратаколе аднаго з пасяджэнняў работнiкаў Вiцебскага аддзялення ЦАУ адзначалася, што за тры кварталы 1931 г. «вылучана ўжо каля 7 тон, што дае 90% выканання плана» [72].

Гэтыя дакументы сведчаць аб тым, што Цэнтраархiў, у адпаведнасцi з новай палiтычнай кан“юнктурай (iндустрыялiзацыя, першы пяцiгадовы план), ператвараўся ў своеасаблiвы сыравiнны прыдатак для папяровай прамысловасцi. На сходзе работнiкаў Вiцебскага архiва, якi адбыўся

11 красавiка 1931 г. было прынята рашэнне «перабудаваць план працы так, каб вынiкi працы былi каштоўны для гаспадарчага будаўнiцтва» [73]. Выступiўшы на сходзе, супрацоўнiк архiва Вашкевiч падкрэслiў, што магчымасць працаваць у архiве з`явiлася толькi пасля звальнення З.Ф.Жылуновiча i прыезду новага загадчыка А.Ёдкi. Узяўшы потым слова, А.Ёдка адзначыў, што найбольш каштоўным у дзейнасцi Вiцебскага архiва з`яўляецца тое, што «добра пастаўлена праца з вылучэннем макулатуры i чыстай паперы».

Па сутнасцi, дзейнасць работнiкаў Цэнтраархiва ў гэты час зводзiлася да выяўлення архiўных матэрыялаў для здачы ў макулатуру. Яны таксама займалiся пошукамi дакументаў, якiя, на iх думку, маглi быць каштоўнымi для гаспадарчага развiцця i маглi дапамагчы ў вядзеннi прапаганды сацыялiстычнага будаўнiцтва [74]. Напрыклад, супрацоўнiк Вiцебскага архiва Я.Т.Дадон накiраваў 7 красавiка 1931 г. у рэдакцыю газеты свой артыкул «Чыгун трэба даць iндустрыялiзацыi», у якiм ён прыводзiў знойдзеныя ў архiве матэрыялы аб гiсторыi стварэння двух помнiкаў, прысвечаных падзеям Айчыннай вайны 1812 г. у Полацку i м.Клясцiцы. Аўтар артыкула паведамляў, што на гэтыя помнiкi спатрэбiлася 30 тысяч пудоў чыгуну. «Скарыстанне чыгуну полацкага помнiка,— пiсаў ён,— ужо не раз падымалася, але да гэтага часу патрэбны для нашай iндустрыялiзацыi чыгун стаiць у царскiх помнiках i па сённяшнi дзень. Трэба даць чыгун гэты на патрэбы iндустрыялiзацыi, i гэта будзе вельмi прыгожа» [75].

У свядомасцi людзей адбывалiся сур“ёзныя метамарфозы. Супрацоўнiкi ўстаноў, прызначаных ахоўваць культурна-гiстарычную спадчыну, сваiмi ўчынкамi садзейнiчалi знiшчэнню помнiкаў гiсторыi i культуры. Гэта было вынiкам адпаведнай iдэалагiчнай апрацоўкi, якая адлюстроўвала палiтыку партыi i дзяржавы, накiраваную на выкананне задач iндустрыялiзацыi, калектывiзацыi i культурнай рэвалюцыi.

Спробы прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi спынiць працэс знiшчэння помнiкаў не мелi поспеху. Любыя iх выступленнi душылiся. Адразу ж выяўлялася «палiтычная нясталасць» [76] усiх, хто меў дачыненне да аховы культурнагiстарычнай спадчыны. Славутая фраза «кадры рашаюць усё» мела тады злавесны сэнс. Менавiта ў той час пачалi з`яўляцца ў музеях, бiблiятэках i архiвах кiраўнiкi, якiя былi вельмi далёкiя ад iдэй захавання помнiкаў. Гэта былi паслухмяныя выканаўцы, ператвараючыя ў жыццё ўсе рашэннi партыi. Новыя людзi, «вылучэнцы», сталi самай грунтоўнай часткай савецкiх устаноў. А захаваннем культурна-гiстарычнай спадчыны займацца ўжо не было каму. Пераважная большасць прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi, тых, хто непасрэдна быу звязаны з адраджэннем культуры, мастацтва i навукi беларускага народа, хто ў самыя цяжкiя паслярэвалюцыйныя гады знайшоў у сабе сiлы змагацца за нацыянальнае адраджэнне Беларусi i захоўванне яе культурнай спадчыны, былi аб`яўлены «нацдэмамi», «ворагамi народа» i рэпрэсiраваны.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. Ленин и Луначарский: Переписка, доклады, документы. М., 1971. С. 47-48.
2. Жуков Ю.Н. Становление и деятельность советских органов охраны памятников истории и культуры. М., 1989. С. 67.
3. В борьбе за Октябрь в Белоруссии и на Западном фронте. Мн., 1957. С. 116.
4. Победа Советской власти в Белоруссии. Мн., 1967. С. 450.
5. Калубовiч А. Крокi гiсторыi. Беласток-Вiльня-Менск. Мн., 1993. С. 180.
6. Беларускi дзяржауны архiу (далей: БДА). Ф. 249. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 31.
7. Там жа. Спр. 4. Арк. 8.
8. Журнал отдела народного образования Западной области. Мн., 1918. № 4-5. С. 41.
9. БДА. Ф. 804. Воп. 1. Спр. 14. Арк. 1.
10. Там жа. Арк. 25.
11. Там жа. Арк. 29, 33, 40.
12. Коммунист. Вильнюс, 1919. 26 марта.
13. ДА Магiлёускай вобласцi. Ф. 629. Воп. 1. Спр. 6. Арк. 31.
14. Звезда. 1920. 31 августа.
15. БДА. Ф. 362. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 22.
16. БДА. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 8, 9.
17. Там жа. Арк. 5.
18. Там жа. Арк. 7.
19. Там жа. Арк. 35.
20. Там жа. Арк. 4.
21. Там жа. Арк. 20.
22. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 24, 25.
23. Там жа. Арк. 26.
24. Там жа. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 88. Арк. 20.
25. Там жа. Спр. 527. Арк. 35-37.
26. Звезда. 1921. N 125. 1 июня.
27. БДА. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 31.
28. Там жа. Ф. 93. Воп. 1. Спр. 222. Арк. 15, 16.
29. Там жа. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 65. Арк. 1.
30. Там жа. Спр. 519. Арк. 51.
31. Там жа. Спр. 527. Арк. 36.
32. Там жа. Арк. 35.
33. Там жа. Арк. 87.
34. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 2, 3.
35. Там жа. Спр. 4. Арк. 2.
36. Там жа. Спр. 3. Арк. 6.
37. Там жа. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 515. Арк. 60.
38. Там жа. Спр. 527. Арк. 32.
39. Там жа. Арк. 53.
40. Там жа. Арк. 111, 115.
41. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 8. Арк. 6.
42. Там жа. Спр. 10. Арк. 29, 46.
43. Там жа. Спр. 21. Арк. 2.
44. Там жа. Арк. 12.
45. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 45. Арк. 8.
46. Там жа. Спр. 90. Арк. 1.
47. Там жа. Спр. 45. Арк. 28, 31.
48. Спадчына. 1992. N 5. С. 46.
49. Савецкая Беларусь. 1923. N 172.
50. Савецкая Беларусь. 1924. N 253.
51. БДА. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 10. Арк. 103.
52. Там жа. Арк. 155.
53. Там жа. Спр. 8. Арк. 8.
54. Там жа. Арк. 11.
55. Там жа. Спр. 104. Арк. 9.
56. Там жа. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 525. Арк. 24.
57. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 114. Арк. 49.
58. Там жа. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 595. Арк. 24.
59. Там жа. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 114. Арк. 41-46.
60. Там жа. Спр. 183. Арк. 190.
61. Калубовiч А. Крокi гiсторыi. Беласток-Вiльня-Менск. Мн., 1993. С. 201.
62. БДА. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 183. Арк. 182.
63. Там жа. Арк. 181, 197.
64. Там жа. Арк. 79, 80.
65. Там жа. Арк. 78, 83.
66. КПСС в резолюциях: 8-е изд. 1970. Ч. 3. С. 247.
67. БСЭ. 3-е изд. 1973. Т. 12. С. 426.
68. Куйбышев В. В. Избранные произведения. М., 1958. С. 106.
69. Собрание законов и распоряжений Рабоче-крестьянского правительства СССР. М., 1927. № 61. С. 613-616.
70. БДА. Ф. 249. Воп. 1. Спр. 297. Арк. 24.
71. Там жа. Спр. 298. Арк. 3.
72. Там жа. Спр. 297. Арк. 72.
73. Там жа. Спр. 412. Арк. 155.
74. Там жа. Арк. 102-106.
75. Там жа. Спр. 412. Арк. 105.
76. Там жа. Арк. 108-109.

 
 
Яндекс.Метрика