Эмiгранцкi друк — крынiца па гiсторыi Беларусi

 

          Вольга КОВАЛЬ  (Мiнск)

 

На прыкладзе газет «Бацькаўшчына» i «Беларус»

Беларуская эмiграцыя, яе спадчына i здабыткi з’яўляюцца неад’емнай часткай гiсторыi i культуры Беларусi. У апошнiя гады праведзена велiзарная праца па вывучэнню гiсторыi эмiграцыi, аднак далёка не ўсё яшчэ высветлена i падкрэслена.

Колькасць эмiгранцкай перыёдыкi ўражвае: ужо ўлiчана больш за 360 назваў, i не выключана, што знойдзецца яшчэ нешта. Гэта — газеты i часопiсы. Некаторыя з iх былi малажывучымi, часам выходзiў толькi адзiн нумар. Некаторыя ж выходзяць i цяпер. Даволi шмат пасляваеннай перыёдыкi друкавалася на машынцы, па некалькi копiяў, цi размножвалася на рататары. Прычым, частка газетаў i часопiсаў выходзiла беларускай лацiнкай, i толькi таму, што было мала кiрылiчных друкарак.

Па зместу часопiсы можна падзялiць на некалькi катэгорыяў: грамадска-палiтычныя, лiтаратурна-грамадскiя, рэлiгiйныя, арганiзацыйныя, часопiсы скаўтаў, студэнтаў, моладзi, навуковыя, гумарыстычныя. В.Кiпель вызначае i працэнтныя суадносiны перыёдыкi. Найбольш выданняў з’явiлася ў Амерыцы i Канадзе — 41%, у Германii — 35%, а рэшта, 24%, прыпадае на Англiю, Францыю, Бельгiю, Аўстралiю i iншыя краiны свету. [1] Аднак трэба адзначыць, што перыяд да 1953 г. акрэслены крыху iншымi лiчбамi, бо ў гэты час асноўную ролю адыгрывае Германiя.

Неабходна вылучыць i галоўныя фактары, якiя абумовiлi развiццё паваеннага беларускага друку на эмiграцыi. Узнiкла патрэба палiтычна свядомай часткi эмiгрантаў у сродках выказвання сваiх поглядаў i выяўлення беларускай прысутнасцi. У пасляваенны час эмiгранцкая перыёдыка становiцца масавай крынiцай, гэта звязана з тым, што павялiчылася кола чытачоў i ўзнiкла фiнансавая база. Менавiта ў дадзены перыяд адчулася патрэба ў падручнiках i дапаможных матэрыялах для беларускiх школ, неабходна было выдаваць навуковыя працы i творы беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў, што i рабiлася на старонках друку. Газеты i часопiсы таксама дапамагалi падтрымлiваць кантакты памiж эмiгрантамi, асвятляць iх дзейнасць i выказваць беларускiя погляды на бягучыя палiтычныя падзеi.

Найбольш распаўсюджаная катэгорыя друку — гэта грамадска-палiтычныя выданнi. Асаблiвую ролю ў жыццi беларускiх эмiгрантаў адыграла газета «Бацькаўшчына», якая выдавалася з

31 кастрычнiка 1947 г. па снежань 1966 г. на беларускай мове ў Мюнхене. Яна лiчылся органам «Беларускай нацыянальна-вызвольнай думкi», мела прадстаўнiцтвы i распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялiкабрытанii, Францыi, Аўствалii, Аргенцiне, Бельгii, Новай Зеландыi i Венесуэле. З 1955 г. газета стала тыднёвiкам палiтыкi, культуры i грамадзянскага жыцця, а яе выдавецтва ўзначалiў У.Бортнiк. [2] Выданне з’яўлялася выразнiкам беларускiх палiтычных iдэалаў, вызначыла мэты беларускай дыяспары i паслужыла аб’яднаўчым фактарам рассеянай масы беларускiх эмiгрантаў. Газета была галоўнай крынiцай iнфармацыi пра грамадскае i палiтычнае жыццё эiмграцыi, стала iнфармацыйным выданнем для ўсiх беларусаў.

Выданне мела шэраг рубрык: «Па кутох эмiграцыi», «З Бацькаўшчыны», «Справы ДП», «Шукаюць», «Наш фонд» (ахвяраваннi на газету), «Паведамленнi», «Адусюль», дзе дакладна рапавядалася пра жыццё на Бацькаўшчыне ды змяшчалiся навiны эмiгранцкага жыцця. Тут сiстэматычна з’яўлялiся публiкацыi па гiсторыi Беларусi, палемiзуючы з афiцыйнай савецкай, часткова польскай гiстарыяграфiяй.

На старонках выдання можна знайсцi вершы А.Салаўя, Н.Арсеньевай, Р.Данiлеўскага, Р.Крушыны, М.Вярбы, Я.Юхнаўца, Ул.Дубоўкi, М.Сяднёва. Большасць твораў прысвечана тэме эмiграцыi ды смутку па Радзiме. Час ад часу сустракаюцца артыкулы крытычнага плану. Напрыклад, «Янка Купала — наш!» [3], дзе ўжо ў 1948 г. аўтар сумняваецца ў самагубстве паэта i сцвярджае, што Купала стаў ахвярай рэжыма.

Лiстападаўскiя нумары «Бацькаўшчыны» змяшчаюць артыкулы, прысвечаныя ўгодкам Слуцкага паўстання, дзе асвятлялiся мерапрыемствы, што адбылiся ў лагерах, выказвалiся пэўныя меркаваннi, урыўкi з успамiнаў случчакоў i г. д.

На старонках «Бацькаўшчыны», як i большасцi выданняў дадзенага часу на эмiграцыi, няма прозвiшчаў аўтараў. Сустракаюцца толькi рознага кшталту псеўданiмы: Iван Спадзявайла, Тутэйшы, Сведка, Лесавы, Лiцьвiн-Гудас Крэвас, Вiндзiшбэгердорскi, Выгнанец цi проста М.Л..

Зразумела, гэта звязана з перасцярогаю аўтараў, аднак самi выдаўцы псеўданiмы называлi «благiм звычаям» i пiсалi: «Калi мы прыгледзiмся да прэсы ўкраiнскай, польскай, балцкай цi расейскай, то пад артыкуламi, а нават дробнымi зацемкамi фiгурыруюць там амаль заўсёды сапраўдныя прозвiшчы iхных аўтараў. Калi ж узяць у рукi беларускiя газеты, то там чытач амаль не знойдзе нiводнага сапраўднага прозвiшча, хоць, скажам, усе беларусы, што пiшуць i што могуць пiсаць, яму асабiста вядомыя.» [4]

«Бацькаўшчына» была грамадска-палiтычным выданнем. Асноўным накiрункам i тэмай стаў антыбальшавiзм. Аўтары намагаюцца даць сваё абазначэнне гэтай з’яве. Разам з антыбальшавiзмам, выдаўцы падкрэслiваюць i антыфашызм. Па iх меркаванню, бальшавiзм i фашызм — гэта «проста ў розных месцах паўсталыя i крыху па-рознаму, адменнымi «нацыянальнымi формамi» прыбраныя праявы аднае й тае самае iснасцi.» [5]

Паколькi выданне з’яўляецца друкаваным органам прыхiльнiкаў БНР, можна знайсцi шэраг артыкулаў, якiя сцвярджаюць, што БНР жыве на эмiграцыi, i гэта адзiнае выйсце, каб пазбавiцца ад бальшавiцкай дыктатуры. Менавiта «Бацькаўшчына» друкавала манiфесты i дэкларацыi Рады БНР, прынятыя ў пасляваенны час. Дадзеныя дакументы поўныя заклiкаў, спадзяванняў на лепшыя часы i абурэння ў бок бальшавiкоў. У «Дэкларацыi Рады БНР» ад 29 снежня 1947 г. пiсалася : «Рада БНР абвяшчае, што не прызнае й нiколi ня прызнае БССР за форму беларускага незалежнага гаспадарства, уважаючы яе за расейска-камунiстычную фiкцыю беларускае гаспадарствавасьцi, накiнутую Масквой.» [6]

Нягледзячы на пэўныя памылкi i недакладнасцi, за якiя рэдакцыя газеты час ад часу перапрашалася, можна сказаць пра даволi прафесiйны ўзровень выдання. «Бацькаўшчына» асвятляла розныя тэмы эмiгранцкага жыцця: студэнцтва, рух скаўтаў, справы ДП, культурны бок i г. д., тут сустракалiся артыкулы па вонкавай палiтыцы, вершы ды апавяданнi, абвесткi i рэкламы. Менавiта рознабаковасць «Бацькаўшчыны» дапамагае ёй набываць усё большую i большую папулярнасць сярод эмiгрантаў розных краiнаў свету. Такiм чынам, «Бацькаўшчыну» можна смела назваць адной з асноўных сярод газетаў пасляваеннага часу.

Найбольш працяглым беларускiм эмiгранцкiм выданнем з’яўляецца газета «Беларус», якая пачала выходзiць у 1950 г. у Нью-Йорку i выходзiць паспяхова i сёння. Першы нумар яе выйшаў 20 верасня 1950 г., i з цягам часу «Беларус» стаў газетай усiх беларусаў заходняга свету. В.Кiпель у сваiх працах называе «Беларуса» «галоўнай беларускай газетай». [7] Заснавальнiкам i выдаўцом выдання было Беларуска-Амерыканскае Задзiночанне, прыхiльнiк лагеру БНР, што бачна па зместу артыкулаў. У першым жа нумары аўтары паведамiлi, хто яны i каго прадстаўляюць, акрэслiлi мэты сваёй дзейнасцi: «Хочацца крыкнуць iз гэтага вольнага краю, каб увесь шчаслiвы сьвет пачуў i пазнаў аб нас праўду, каб памог беларускаму народу ў ягонай барацьбе за ягоныя людзкiя правы, а найперш, каб гэты вольны сьвет нас зарзумеў.» [8]

У першыя гады iснавання газеты перыядычнасць выдання павялiчвалася: у 1950 г. з’явiлася 2 нумары, у 1951 — 4, у 1952 — 18, у 1953 — 22. Крыху пазней былi перыяды, калi выданне выходзiла нерэгулярна.

Тэматычны спектар даволi разнастайны.

Па-першае, «Беларус» рэгулярна змяшчаў артыкулы пра гiсторыю з’яўлення БНР, абвяшчэння яе незалежнасцi, штогод публiкавалася iнфармацыя пра святкаванне ўгодкаў Слуцкага паўстання, што даволi тыпова для беларускiх грамадска-палiтычных выданняў.

Па-другое, газета ўважлiва сачыла за ўсiмi навiнамi жыцця ў БССР. На яе старонках можна сустрэць iранiчныя словы пра свята 8 сакавiка [9] цi аналiз няшчасных выпадкаў на чыгунцы [10]. Асаблiва цiкавым з’яўляецца аналiз культурнага аспекту на радзiме, бо заўвагi аўтараў даволi трапныя. Газета ўвесь час пiсала пра паступовае знiшчэнне беларускай лiтаратуры, музыкi, мастацтва. Напрыклад, у артыкуле «Чырвоная цэнзура» распавядаецца пра жудасныя ўмовы, у якiх працуюць лiтаратары, дзе часам амаль немагчыма выказваць свае меркаваннi, бо ўсё роўна знiшчыць цэнзура. «У бальшавiкоў свая лёгiка. Яны робяць па-сталiнску: «верыць — значыць праверыць.» [11]

Падобная сiтуацыя i ў беларускай музычнай культуры, якая апiсваецца ў артыкуле М.Менскага «Без натхнення»: «Кожнаму ясна, што крызiс савецкай музыкi наагул, а беларускай у асобнасцi, мае глыбейшую прычыну, чымся недастатковая палiтычная ды iдэалагiчная свядомасць кампазiтараў. Прычына гэтая — адсутнасць свабоды творчасцi.» [12]

Часам сустракаюцца ў выданнi i водгукi на савецкую прэсу. Напрыклад, у артыкуле «З культурнага жыцця Савецкай Беларусi (паволе менскай газеты «Звязда»)» [13] распавядаецца пра тое, што беларускiя мастакi, якiя захапляюцца прыродай краю, «не апраўдваюць надзеяў партыi». Аўтар артыкулу з нотамi трагiзма таксама кажа пра крызiс, якi апанаваў беларускую культуру.

Даволi шмат месца ў выданнi займаюць лiтаратуразнаўчыя i лiтаратурна-крытычныя матэр’ялы. Аўтары газеты лiчылi, што беларуская лiтаратура адзiная, не залежна ад таго, дзе яна ўзнiкае, у «вольным свеце» цi ў БССР, таму крытыкi «Беларуса» на роўных сачылi за рознымi паэтамi i пiсьменнiкамi. [14] На старонках газеты ёсць артыкулы як пра творчасць А.Салаўя, Н.Арсеньевай, У.Хадынi, Р.Крушыны, так i пра дзейнасць В.Караткевiча, М.Танка, В.Быкава, П.Панчанка.

Некаторыя нумары «Беларуса» прысвечаныя святкаванню пэўных угодкаў. Друкавалiся матэр’ялы, прысвечаныя 5-цiгоддзю беларускай эмiграцыi ў Амерыцы [15], 10-цiгоддзю са дня смерцi Я.Купалы [16], 25-цiгоддзю з’яўлення лiтаратурнага аб’яднання «Узвышша» [17] i г. д.

Безумоўна, даволi шырока прадстаўлены артыкулы пра жыццё беларускай дыяспары. «Беларус» рэгулярна публiкуе iнфармацыю пра жыццё i дзейнасць беларускiх эмiгрантаў у розных краiнах свету, ёсць заметкi пра з’езды разнастайных арганiзацый, пра сустрэчы беларускiх эмiгрантаў розных рэгiёнаў, пра з’яўленне на чужыне беларускай мастацкай лiтаратуры, газетаў ды часопiсаў, Выданне ўважлiва сочыць за гiсторыяй беларускага замежжа, змяшчае аб’явы пра дзейнасць розных эмiгранцкiх устаноў ды арганiзацый i г. д. Зразумела, «Беларус» выкрываў злачынны характар савецкага рэжыму, таму ў 50-ыя гг., акрамя разнастайных псеўданiмаў, iншых подпiсаў не сустракаеш.

* * *

Такiм чынам, «Беларус» паступова стаў органам беларускага дэмакратычнага руху. У 50-60-х гадох у газеты быў адзiны сур’ёзны канкурэнт — «Бацькаўшчына», што мела ў Амерыцы шмат верных прыхiльнiкаў, якiя, выбiраючы выданне, аддавалi перавагу ёй. Апрача таго, «Бацькаўшчына» змяшчала матэрыялы, якiх не было ў «Беларуса», напрыклад, месячны дадатак для дзяцей «Каласкi». Асаблiва важным было тое, што газета мела сваё ўласнае выдавецтва — «Бацькаўшчына», у якiм выходзiлi зусiм розныя па змесце кнiжкi. [18] Аднак з паступовым згасаннем «Бацькаўшчыны» (галоўная прычына таго, што большасць эмiгрантаў пераехала ў Амерыку) «Беларус» у сярэдзiне 60-х гадоў стаў газетай беларусаў усяго свету. Выданне мела падпiсчыкаў ва ўсiх краiнах, дзе былi беларускiя эмiгранты — у ЗША, Канадзе, Англii, Аўстралii, Германii, Францыi, Бельгii.

Такiм чынам, газеты «Беларус» i «Бацькаўшчына» з’яўляюцца найбольш буйнымi i прафесiйнымi грамадска-палiтычнымi выданнямi на эмiграцыi. Папулярнасць iх звязаная з тым, што на старонках размяшчалiся артыкулы як пра справы дыяспары, так i пра штодзённае жыццё беларусаў у БССР. Газеты сталi адзiнай крынiцай поўнай i праўдзiвай iнфармацыi аб беларускiм нацыянальным адраджэннi i незалежнiцкiм руху на Бацькаўшчыне.


          ЛIТАРАТУРА:

1. Кiпель В. Беларуская перыёдыка ў дыяспары . Беларусiка. Мн., 1995, Кн. 5., С. 49.
2. Vokar N. Belorussia: The Making of a Nation. Cambridge, Massachussets, 1956. P.219.
3. Бацькаўшчына. 1948. N4.
4. Бацькаўшчына. 1950. N8.
5. Бацькаўшчына. 1949. N14.
6. Бацькаўшчына. 1949. N3.
7. Kipel V. Byelorussian Americans and Their Communities of Cleveland. Cleveland State University. 1982. P. 22.
8. Беларус. 1950. N1.
9. Беларус. 1950. N1.
10. Беларус. 1952. N4.
11. Беларус. 1953. N8.
12. Беларус. 1951. N4.
13. Беларус. 1952. N4.
14. Каруза С. Своим путем . Неман. 1993, N4, С.82.
15. Беларус. 1953. N1.
16. Беларус. 1952. N5.
17. Беларус. 1951. N3.
18. Езепова Т. Эсманович И. К вопросу о белорусской эмиграции. Гомель, 1995, С. 18.

 
 
Яндекс.Метрика