Iнтэлiгенцыя Беларусi на франтах Вялiкай айчыннай вайны

 

          Уладзiмiр КУЗЬМЕНКА (Мiнск)

 

1.

Вялiкiм быў унёсак у разгром фашызму пад час ваенных падзей 1941-1945 гг. iнтэлiгенцыi Беларусi, спецыялiстаў розных галiн ведаў, разнастайных прафесiй. Разам з усiм народам ёй давялося прайсцi праз усе выпрабаваннi ваеннага перыяду: вытрымаць жорсткую барацьбу з фашыстамi на акупiраванай тэрыторыi, франтавое супрацьстаянне ворагу, поўнае цяжкасцей жыццё ў эвакуацыi i ў перыяд 1943-1945 гг. — у ваенныя месяцы пасля выгнання гiтлераўцаў з беларускай зямлi.

Трэба бачыць з пазiцый сённяшняга дня той чалавечы кантынгент, пра якi пойдзе гаворка. Бо мы будзем спрабаваць разгледзець дзейнасць на франтах, у франтавым змаганнi з гiтлерызмам прадстаўнiкоў пераважна савецкай iнтэлiгенцыi Беларусi, сфармiраванай у 20—30-я гады ХХ стагоддзя. Справа ў тым, што «старая», дарэвалюцыйная iнтэлiгенцыя, iснаваўшая ў свой час у Беларусi, як пэўная сацыяльная група, у сваёй большасцi была практычна злiквiдавана ў ходзе сталiнiсцкiх рэпрэсiй. Перад вайной яна паўсюдна замянялася новымi кадрамi, якiя паскорана падрыхтоўвалiся (на пачатак 1941 г. толькi дыпламаваных спецыялiстаў у БССР налiчвалася звыш 87 тыс.чал.) [1].

Iнтэлiгенцыя Заходняй Беларусi, далучанай да БССР у 1939 г., была нешматлiкай, акрамя таго летам 1941 г. нямецка-фашысцкiя войскi iмклiва захапiлi заходнiя рэгiёны БССР i iхнiя жыхары па мабiлiзацыi ў Чырвоную Армiю трапiлi ў невялiкай колькасцi.

Таму аб iнтэлiгенцыi, якая патрапiла ў франтавыя ўмовы, у яе большасцi трэба гаварыць як аб iнтэлiгенцыi «новай» (паводле камунiстычнай тэрмiналогii), савецкай, паходзячай з цэнтральнай i ўсходняй Беларусi (дзеля дакладнасцi заўважым, аднак, што ўладамi гэта становiшча было ў пэўнай меры папраўлена ў 1944 i 1945 гг., калi «заходнiкаў» актыўна змабiлiзоўвалi ў армейскiя шэрагi).

Так цi iнакш, iнтэлiгенты, якiя праявiлi сябе ў франтавым змаганнi з ворагам, былi найперш прадстаўнiкамi маладога савецкага пакалення, людзьмi, адпаведна выхаванымi савецкай школай, вышэйшымi навучальнымi ўстановамi, службай у войску, сродкамi масавай iнфармацыi. У значнай сваёй частцы гэтая моладзь, атрымаўшая адукацыю, спецыяльныя веды, з большай цi меншай ступенню шчырасцi верыла ў савецкую iдэю, у перспектывы для сябе i краiны, якiя абяцаў правячы рэжым. Урэшце ў нябачаным дасюль светам узброеным супрацьстаяннi з фашызмам характар вайны вызначылi не бальшавiзм, не сталiншчына, а народнае змаганне з iншаземнай навалай, барацьба народаў СССР (у тым лiку i беларускага) за сваё гiстарычнае, фiзiчнае iснаванне. Менавiта ў гэтых абставiнах «i той жа калгасны паўпрыгонны мужык, той жа хлапчук-iнтэлiгент, якi страцiў бацькоў у 37-м, пачалi адважна ваяваць i гераiчна памiраць на палях баёў — не за Сталiна, вядома, а за Айчыну, за сябе, за сваiх блiзкiх:» [2].


2.

Вялiкая колькасць прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi Беларусi трапiла на вайсковую службу яшчэ да вайны. На пачатак чэрвеня 1941 г. колькасны склад Узброеных Сiлаў СССР перавышаў 5 мiльёнаў 300 тыс.чалавек [3]. (беларусаў сярод iх было каля 200 тыс.). Значная колькасць педагогаў, iнжынераў i тэхнiкаў, медыкаў, прадстаўнiкоў iншых iнтэлiгентных прафесiй ўлiлася ў баявыя шэрагi летам 1941 г., калi з Беларусi на фронт пайшло каля паўмiльёна яе жыхароў. Ужо ў першыя ваенныя тыднi за зброю ўзялiся каля 450 студэнтаў i выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, 680 — з Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута, каля 10 тыс. настаўнiкаў, тысячы iншых спецыялiстаў. У армiю i на флот у ваенныя гады пайшло нямала i з тых работнiкаў разумовай працы, што паспелi эвакуiравацца i накiроўвалiся на змаганне з ворагам з унутраных раёнаў СССР (як вядома ў савецкi тыл з Беларусi паспела выехаць звыш 1 мiльёна чалавек).

Спякотным летам 1941 года разам з iншым людам шмат iнтэлiгентаў адчайна спяшалiся ўзвесцi хоць нейкiя абарончыя збудаваннi на шляху ворага на ўсход, сваёй фiзiчнай працай, кайлом i рыдлёўкай старалiся як маглi ўмацаваць абарончыя рубяжы на Дняпры (тут працавала каля 500 тыс.чал.), пад Вiцебскам, Гомелем, затрымаць фашыстаў.

У гэтыя цяжкiя днi фармiравалася народнае апалчэнне, знiшчальныя батальёны. У iх складзе ў абароне ўсходнiх беларускiх гарадоў удзельнiчала каля 50 тыс. мясцовых жыхароў. iнтэлiгенцыя (а памiж яе прадстаўнiкоў было шмат афiцэраў запасу) складала значную частку сярод камандзiраў i палiтработнiкаў гэтых фармiраванняў. Нямала работнiкаў разумовай працы прыйшло ў апалчэнне i звычайнымi байцамi.

Гэтыя людзi гераiзмам i самаадданасцю заслужылi вечную народную памяць, бо ў страшных, катастрафiчных умовах першапачатковых буйных паражэнняў Чырвонай Армii, адступлення сваiмi высiлкамi так цi iнакш прытармазiлi варожы парыў, збiлi тэмп нямецкага нацiску, здолелi перамалоць у вайсковым змаганнi даволi значныя людскiя сiлы i тэхнiчныя рэсурсы фашыстаў.

Вось некалькi прыкладаў такой гераiчнай дзейнасцi iнтэлiгентаў.

Падраздзяленню 30-га стралковага палка ў першыя днi вайны ў баi каля вёскi Рогава, паўночней Заслаўя, адбiваць атакi фашыстаў дапамагалi вучнi старэйшых класаў Рогаўскай СШ разам з дырэктарам школы М.Ф.Собалевым. Каб было чым падпальваць нямецкiя танкi, яны налiвалi гаручую сумесь у бутэлькi, дастаўлялi на пазiцыi боепрыпасы, харчаванне [4].

Батальён народнага апалчэння з студэнтаў i выкладчыкаў быў створаны ў Горацкiм сельскагаспадарчым iнстытуце. Яго ўзначалiў загадчык адной з кафедраў М.Бараноўскi. У канцы чэрвеня 1941 г. частка апалчэнцаў вытрымала цяжкi бой з нямецкiм дэсантам. Потым, колькi хапiла сiл, стрымлiвалi атакуючага ворага перад Горкамi. Рэшткi батальёна, хто застаўся жывым, адыйшлi з баямi да Раслаўля.

Выключную стойкасць i адвагу праявiлi, абараняючы Магiлёў, апалчэнцы Магiлёўскага педагагiчнага iнстытута, iнжынернатэхнiчныя работнiкi гарбарнага, трубалiцейнага i агароднесушыльнага заводаў, шоўкавай фабрыкi. Шмат хто з iх гераiчна загiнуў, стрымлiваючы нацiск гiтлераўцаў [5,6].

У фармiраваннi Гомельскага апалчэння добраахвотнiкамi запiсалiся 33 работнiкi абласнога драматычнага тэатра, больш чым 200 настаўнiкаў. Сярод iх была i М.М.Пруднiкава, заслужаная настаўнiца БССР, якая перад гэтым праводзiла на фронт трох сыноў [7]. Гомельчанам давялося вытрымаць цяжкае змаганне за родны горад, перажыць няўдачы, страты i адступленне, але iх гераiчныя справы засталiся назаўсёды ў летапiсе Айчыннай вайны.


3.

На франтах Вялiкай Айчыннай праявiлi сябе выхадцы з Беларусi, якiя ў перадваенны i ваенны час улiлiся ў шэрагi ваеннай iнтэлiгенцыi СССР, набылi ваенныя веды i адукацыю, сталi ваеннымi спецыялiстамi. 217 ураджэнцаў Беларусi, будучы генераламi i адмiраламi, камандавалi ў гады вайны злучэннямi армii i флота. У канцы 1943 г. у складзе савецкiх Ваенна-Паветраных Сiлаў змагалiся з ворагам звыш 5300, а ў бронетанкавых i механiзаваных часцях — каля 2500 афiцэраў-беларусаў [8]. Намаганнi i здольнасцi ваенспецаў былi накiраваны на арганiзацыю i забеспячэнне баявых дзеянняў, непасрэднае знiшчэнне ў баi жывой сiлы i тэхнiкi працiўнiка, нанясення яму шкоды i iншымi спосабамi, вядзенне палiтыкавыхаваўчай работы ў войсках, квалiфiкаванае абслугоўванне тэхнiкi, забеспячэнне функцыянавання розных воiнскiх службаў.

Прадстаўнiкi ваеннай iнтэлiгенцыi, якiя непасрэдна ўдзельнiчалi ў баях, здзейснiлi на франтах мноства гераiчных учынкаў, подзвiгаў, дабiлiся высокiх баявых вынiкаў. iх справай было знiшчэнне ўварваўшыхся ворагаў, знiшчэнне фашызму сiлай зброi, i менавiта за гэту справу ўзнагароджвала iх Радзiма.

У жнiўнi 1941 г. званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна было нададзена ўраджэнцу Оршы, камандзiру артылерыйскага дывiзiёну капiтану Б.Л.Хiгрыну. Ён вызначыўся ў жорсткiм баi з наступаючымi фашысцкiмi танкамi 5 лiпеня 1941 г. на шашы Бабруйск-Магiлёў. Артылерысты Хiгрына затрымалi калону ворага на Друцi, бiлiся да канца ў гарматным процiстаяннi з фашысцкiмi танкiстамi. Калi ў адной з гармат большасць разлiку была выведзена са строю, Б.Л.Хiгрын замянiў наводчыка i падбiў 4 танкi працiўнiка. Аднак потым яго напаткала гiбель — варожы снарад прамым пападаннем накрыў гармату [9].

Такое ж высокае званне нададзена танкiсту, ваентэхнiку 2-га ранга С.А.Гарэлiку. Змагаючыся з чэрвеня 1941 г. на Паўднёва-Заходнiм фронце, гэты ўраджэнец Бабруйска неаднойчы пад агнём працiўнiка рамантаваў танкi, што выйшлi са строю, хадзiў у атакi ў якасцi камандзiра танка. 22 кастрычнiка 1941 г. у баi пад Белгарадам яго машына была падбiта i загарэлася. Акружаны ворагам, экiпаж не пакiнуў танк i змагаўся да апошняга [10].

Ёсць ураджэнцы Беларусi i сярод спецыялiстаў марской справы, што асаблiва вызначылiся ў змаганнi з ворагам.

Адзiн з iх — вiцэ-адмiрал В.П.Дрозд. У жнiўнi 1941 г. атрад караблёў Балтыйскага флоту пад яго камандаваннем зрабiў гераiчны прарыў з Талiна ў Кранштат. У вераснi 1941 г. В.П.Дрозд быў прызначаны камандуючым эскадрай Балтыйскага флоту, удзельнiчаў у абароне Ленiнграда. Восенню 1941 г. караблi флоту пад яго кiраўнiцтвам ноччу, у шторм прайшлi памiж мiннымi палямi i выратавалi, эвакуiравалi на Ленiнградскi фронт абаронцаў паўвострава Ханка. Вiцэ-адмiрал загiнуў 29 студзеня 1943 г.[11, 12].

На Балтыцы ж усеагульнае прызнанне i вайсковую славу заслужыў сваiмi справамi камандзiр падводнай лодкi Щ-310 С.Н.Багарад. Зiмой 1944-45 гг. немцы спрабавалi вывезцi па моры свае часцi, якiя блакiравалi на ўзбярэжжы савецкiя войскi. Багарад атрымаў заданне: не прапусцiць фашысцкiя транспарты. Щ-310, прарываючы моцную ахову працiўнiка, за 2 паходы патапiла 7 варожых транспартаў водазмяшчэннем у 40 тыс. т. Усяго экiпаж С.Н.Багарада патапiў 9 транспартаў i 1 баявы нямецкi карабель [13].

Сваiмi неўмiручымi подзвiгамi праславiлi Беларусь i шмат якiя афiцэры-лётчыкi.

Двойчы Героем Савецкага Саюза стаў ураджэнец Буда-Кашалёўскага раёна П.Я.Галавачоў. Пачаўшы вайну ў чэрвенi 1941 г., ён удзельнiчаў у абароне Адэсы, Сталiнградскай бiтве, вызваленнi Данбаса, Крыма, Беларусi, ва Усходне-Прускай i Берлiнскай аперацыях. Здзейснiў 457 баявых вылетаў, удзельнiчаў у 125 паветраных баях, збiў 30 варожых самалётаў, адзiн з iх таранiў. [14].

Беларус i адзiны ў свеце лётчык, якi за час сваёй баявой дзейнасцi таранiў аж 4 варожых самалёты. Гэта Б.У.Коўзан. Усяго на яго рахунку 380 баявых вылетаў, 127 паветраных баёў, 28 збiтых самалётаў працiўнiка [15].

6 лiпеня 1943 г. на Курскай дузе свой бессмяротны подзвiг здзейснiў ураджэнец Сенненскага раёна Вiцебскай вобласцi, гвардыi старшы лейтэнант А.К.Гаравец. Апынуўшыся адзiн супраць 20 нямецкiх бамбардзiроўшчыкаў, ён адважна атакаваў iх i збiў 9 з iх. Аднак жывым з гэтага бою ён не вярнуўся. Герой Савецкага Саюза А.К.Гаравец — адзiны ў свеце лётчык, якi збiў у адным баi столькi самалётаў [16].

Яшчэ адзiн легендарны герой Курскай дугi, лётчык-штурмавiк В.I.Жэлнiн, нарадзiўся ў Касцюковiчах, ваенную спецыяльнасць атрымаў пад час вучобы ў 1937-1940 гг. у Варашылаваградскiм авiяцыйным вучылiшчы. 22 чэрвеня 1943 г. ён быў падбiты над цэллю, чыгуначнымi саставамi на станцыi Паныры, недалёка ад Курска. Самалёт гарэў, на iм заставалася яшчэ поўная бомбавая нагрузка. У гэтай крытычнай сiтуацыi Вiктар Жэлнiн зрабiў свой выбар —абрушыўся на эшалон з танкамi i iншай тэхнiкай немцаў, пратаранiў яго [17].

Герой Савецкага Саюза, ураджэнец Оршы, лётчык-знiшчальнiк М.Л.Часнык за час вайны здзейснiў 685 баявых вылетаў, знiшчыў 27 варожых самалётаў. 7 лiпеня 1944 г. быў збiты i прайшоў пякельнымi кругамi варожага палону, дзе працягваў барацьбу. Мiкалай Часнык — адзiн з удзельнiкаў паўстання вязняў у фашысцкiм канцлагеры Бухенвальд [18].

Высокiх баявых дасягненняў дабiўся i шэраг марскiх лётчыкаў, выхадцаў з Беларусi. Вось толькi некалькi прыкладаў такiх здзяйсненняў, за якiя iх выканаўцы атрымалi найвышэйшую тагачасную савецкую ўзнагароду. Я.Г.Навiцкi, лётчык-штурмавiк Балтыйскага флоту, затапiў варожы баявы карабель, кананерскую лодку, 4 транспарты, 6 катэраў, знiшчыў 32 танкi, звыш 30 гармат. М.У.Барысаў, якi таксама дзейнiчаў на Балтыцы, патапiў 9 i пашкодзiў 2 транспарты працiўнiка, патапiў нямецкi лiнкор «Шлезiен». 23 красавiка 1944 г. у бессмяроцце ўвайшоў капiтан I.Б.Катунiн, якi служыў на Паўночным флоце. Над морам, на падыходзе да цэлi яго штурмавiк быў падбiты зенiткай. Палаючым самалётам герой пратаранiў варожы транспарт i патапiў яго [19].


4.

Разам з ваеннай iнтэлiгенцыяй, кадравымi афiцэрамi армii i флоту, у кiраўнiцтве баявымi падраздзяленнямi, палiтыкавыхаваўчай рабоце ў вайсковых часцях, у iншай дзейнасцi на фронце, патрабаваўшай ведаў i квалiфiкацыi, актыўны ўдзел прымалi тысячы грамадзянскiх спецыялiстаў, якiя сталi камандзiрамi i палiтработнiкамi розных рангаў. Значная колькасць работнiкаў iнтэлектуальнай працы з Беларусi ваявалi радавымi, праяўляючы ўзоры доблесцi i адвагi.

У розны час i на розных франтах беларускiя настаўнiкi, iнжынерна-тэхнiчныя работнiкi, навукоўцы, медыкi, сельскагаспадарчыя i iншыя спецыялiсты здзейснiлi шэраг гераiчных учынкаў, якiя заслугоўваюць ушанавання.

Настаўнiк з Краснаполля I.Ф.Ваксман вызначыўся 26 лiстапада 1943 г. пры фарсiраваннi Дняпра каля Запарожжа. Артылерыйская батарэя пад яго камандаваннем у баях за захоплены плацдарм падавiла 15 варожых агнявых кропак, адбiла 10 контратак гiтлераўцаў, знiшчыла танк i больш за 100 салдат i афiцэраў працiўнiка. Настаўнiк з Калiнкавiцкага раёна Я.Р.Маскаленка вызначыўся ў лiпенi 1944 г. пад час дэсантнай аперацыi пры вызваленнi Пiнска. Разам з iншымi байцамi ён высадзiўся на бераг Пiны i трымаў абарону ў цэнтры горада, двое сутак адбiваў атакi ворага. Гомельчанiн, настаўнiк Д.Н.Пенязькоў свой подзвiг здзейснiў у Германii пры фарсiраваннi Одэра. 22 красавiка 1945 г., калi яго рота спрабавала ўзяць вышыню, першы дасягнуў яе вяршынi, устанавiў сцяг i працяглы час адзiн утрымлiваў занятую пазiцыю, знiшчыў кулямётным агнём некалькi дзесяткаў ворагаў.

Камандзiр мiнамётнага ўзвода, былы эканамiст I.А.Крумiнь вызначыўся пры фарсiраваннi Дняпра ў Лоеўскiм раёне. 15 кастрычнiка 1943 г. пасля пераправы праз рэчку ён быў паранены ў жорсткiм баi, але працягваў выконваць атрыманае заданне. I.А.Крумiнь карэктыраваў агонь савецкай артылерыi, якая знiшчала агнявыя кропкi працiўнiка, садзейнiчаючы захопу плацдарма.

Выпускнiк Мар’iнагорскага сельскагаспадарчага тэхнiкума А.I.Чарныш, камандуючы ротай, вызначыўся ў Беларускай аперацыi. Пад яго кiраўнiцтвам байцы каля Кiраўска знiшчылi каля 170 i ўзялi ў палон 27 гiтлераўцаў. 29 чэрвеня 1944 г. рота зайшла ў тыл ворага i адрэзала яму шлях да адступлення па дарозе Бабруйск-Мiнск. На гэтым рубяжы давялося вытрымаць 14 варожых спроб прарвацца, атак нямецкщх танкаў i пяхоты. Тут рота знiшчыла звыш 200 i ўзяла ў палон каля 80 фашыстаў. А.I.Чарныш загiнуў у гэтым баi [20].

Заатэхнiк С.Д.Карыцкi на фронце знаходзiўся з чэрвеня 1941 г. Геройскi загiнуў 20 верасня 1944 г. каля мяжы з Чэхаславакiяй. Эскадрон, якiм ён камандаваў, першым уварваўся ў вёску Паляны, захапiў 2 варожыя батарэi, шмат iншай тэхнiкi, адбiў да 10 контратак ворага, некалькi разоў адкiдваў фашыстаў у рукапашным баi, пакуль не прымусiў тых уцякаць. Але камандзiр кавалерыстаў з гэтага змагання жывым не выйшаў [21].


5.

Добра валодалi тэхнiкай, зброяй, праяўлялi доблесць i адвагу ў баях даваенныя тэхнiчныя спецыялiсты, надзеўшыя ваенныя шынялi. Геройскi загiнуў 27 чэрвеня 1944 г. пры лiквiдацыi варожай групiроўкi пад Вiцебскам камандзiр танкавага ўзвода П.А.Крыванос. У крытычны момант ён бранёй свайго танка закрыў ад варожага агню танк камандзiра палка. Паранены працягваў кiраваць узводам у баi. У гэты ж дзень ад атрыманых раненняў ён памёр. Штурман далёкаразведвальнай авiяэскадрыллi, былы тэхнiк з Лепеля А.В.Казлоў здзейснiў 247 баявых вылетаў, знiшчыў 14 нямецкiх самалётаў. У сакавiку 1944 г. мужны лётчык быў збiты варожым агнём, атрымаў цяжкiя раненнi. Пасля ампутацыi ног рыхтаваў папаўненне, працаваў iнструктарам у авiяцыйным вучылiшчы [22]. Л.В.Буткевiч вызначыўся як снайпер. У баях за Каўказ, Кубань i Крым ён знiшчыў 327 варожых салдат i афiцэраў, з супрацьтанкавага ружжа падавiў 22 кулямётныя кропкi, падрыхтаваў 125 снайпераў [23].

Тэхнiчная адукацыя, прафесiйныя навыкi i веды на дарогах вайны знаходзiлi шырокае ўжыванне. Наладжвалiся i рамантавалiся баявая тэхнiка, сродкi сувязi, вялiся будаўнiчыя работы, мацавалiся рубяжы, наводзiлiся пераправы. i ўсё — у жорсткiм процiстаяннi з ворагам, вельмi часта ў самым пекле боя. Вось некалькi прыкладаў дзейнасцi ў гэтым накiрунку прадстаўнiкоў тэхнiчнай iнтэлiгенцыi.

Выпускнiк Мiнскага архiтэктурна-будаўнiчага тэхнiкума А.I.Радкевiч у кастрычнiку 1943 г. камандаваў асобным iнжынерным батальёнам. Пры фарсiраваннi Дняпра ў раёне Крэменчуга забяспечваў дэсантна-паромную пераправу. Пад варожым агнём яго намаганнямi была паспяхова наладжана хуткая пераправа каля 20 тыс.байцоў, 83 танкаў, 368 гармат, 20 гвардзейскiх мiнамётаў, 566 машын i трактараў [24].

Галоўны iнжынер Вiлейскага абласнога аддзела шасэйных дарог В.Я.Малькоў у 1944-м адказваў за шляхi зносiн 3-га Беларускага фронта, працаваў начальнiкам франтавой магiстралi. Яго падраздзяленнi пад бамбёжкамi i артналётамi рамантавалi дарогi, узводзiлi масты i пераправы праз дзесяткi вялiкiх i малых рэк [25].

Супрацоўнiк Акадэмii навук Беларусi, кандыдат тэхнiчных навук А.I.Iвiцкi на фронце стаў начальнiкам маскiровачнай службы 1-й Паветранай армii. Характарыстыка, якая была складзена на яго камандаваннем ў пачатку 1943 г., сведчыла: «Дзякуючы асабiстай энергii i старанню Iвiцкага было пабудавана каля 50 падманных аэрадромаў... Аэрадромы, што дзейнiчалi, амаль не мелi страт, дзякуючы маскiровачным работам, якiя на iх былi праведзены» [26]. У больш познi час А.I.Iвiцкi ўзначалiў тэхнiчнае аддзяленне Аддзела аэрадромнага будаўнiцтва армii. Ён шмат што зрабiў па ўкараненню новых снегауборачных машын, механiзмаў па будаўнiцтву сховiшчаў, склаў даведнiк па снегаачыстцы аэрадромаў.


6.

У жорсткае процiстаянне з ворагам уступiлi з першых дзён вайны i медыкi Беларусi. Галоўнай iх задачай была дапамога параненым i хворым воiнам, квалiфiкаванае iх лячэнне. Свае прафесiйныя функцыi нярэдка даводзiлася выконваць у самым пекле боя, прынараўлiвацца да абставiн.

Брэст адным з першых буйных гарадоў на заходняй мяжы быў падвергнуты жорсткай бамбардзiроўцы з паветра, артылерыйскаму i мiнамётнаму абстрэлу. Медыцынскiя работнiкi Брэсцкага гарнiзона i гарадскiх лячэбных устаноў трымалiся, аднак, мужна, здолелi арганiзаваць дапамогу параненым чырвонаармейцам i камандзiрам, цывiльнаму насельнiцтву. Шмат хто з iх прыняў непасрэдны ўдзел у змаганнi з атакуючым ворагам, адважна бiўся з фашыстамi, ратаваў параненых таварышаў. Сярод iх — гераiня Брэсцкай абароны, выпускнiца Мiнскага медыцынскага тэхнiкума В.П.Харэцкая, загiнуўшая, прыкрываючы раненых.

Гераiчна дзейнiчалi медыкi рэспублiкi i ў iншых месцах, баях, разам з усiм народам церпячы цяжкасцi i нястачы лета 1941 г., перажываючы горыч няўдач. Пад Мiнскам i Вiцебскам, на Дняпры, на Гомельскiм накiрунку, усюды, баронячы родную беларускую зямлю, яны самааддана выконвалi свае прафесiйныя абавязкi, ратавалi людзей, трапiўшых у бяду. Ужо на працягу першага тыдня вайны для ўдзельнiкаў баёў на Беларусi былi разгорнуты эвакашпiталi на 12800 ложкаў, тысячы месц у бальнiцах, арганiзоўвалiся медсанатрады. Медыкi-патрыёты, рызыкуючы асабiстым жыццём, у самых цяжкiх абставiнах, да апошняй магчымасцi змагалiся за выратаванне параненых i хворых.

Калi вораг знаходзiўся на подступах да станцыi Жлобiн, чыгуначнiкi абсталявалi санiтарныя «лятучкi» i накiравалi iх да лiнii фронта. Санiтарную службу ўзначалiла ўрач чыгуначнай бальнiцы А.К.Лапцева. Пры яе непасрэдным удзеле была арганiзавана першая медыцынская дапамога параненым, iх эвакуацыя [27].

Аб умовах тагачаснай працы медыкаў яскрава сведчаць успамiны медыцынскай сястры Н.А.Патапавай-Цяраевай, якая вольнанаёмнай служыла на пачатку вайны ў 224-м медсанбаце. Вось вытрымка з яе расповядаў аб баях за Магiлёў:

«Калi мы перавозiлi раненых з медсанбату, нас абстрэльвалi самалёты i нямецкiя «зязюлi» з гарышча дамоў. Iншы раз траплялi пад такiя абстрэлы, што здавалася нiхто з нас i параненых не ацалее... У ноч з 25 на 26 лiпеня медсанбат ужо знаходзiўся ў Магiлёве... У гэту ноч нiхто з нашых медработнiкаў не спаў. Параненых было вельмi шмат. Урачы рабiлi аперацыi, выдалялi з ран асколкi... Ранiцай даведалiся, што... вораг акружыў санчастку. Параненых, якiя не маглi рухацца, паклалi на павозкi, а тыя, хто мог iсцi i трымаць зброю, пайшлi з намi ў бой... Успамiнаю твар аднаго салдата. Калi я падпаўзла да яго, яго вялiкiя чорныя вочы выяўлялi неймаверныя пакуты. Я яму бiнтавала рану. Навакол iрвалiся мiны, i салдат упрошваў мяне: «Сястра, мiлая, схавайся. З-за мяне загiнеш...» [28].

Не менш гераiчна дзейнiчаў у пачатку вайны i старшы медыцынскi персанал. На перадавой, цi ў непасрэднай блiзкасцi ад яе ўрачы аказвалi квалiфiкаваную дапамогу тым, хто ў ёй меў патрэбу, шукалi шляхi ўдасканалення лячэння.

Кандыдат медыцынскiх навук, старшы навуковы супрацоўнiк эксперыментальнай лабараторыi Акадэмii навук БССР I.А.Бiрыла перад вайной першым у свеце ва ўмовах клiнiкi паспяхова прымянiў артэрыяльнае нагнятанне крывi з мэтай ажыўлення людзей, што знаходзяцца ў стане шоку, агонii i клiнiчнай смерцi. З пачаткам ваенных дзеянняў вучоны далучыўся да воiнскiх часцей, каб аказваць хiрургiчную дапамогу параненым, зведаў неверагодныя цяжкасцi адступлення. На франтавых дарогах ён не забыўся, аднак, пра свой метад, слова ў навуцы. 18 лiпеня 1941 г. пад час жорсткiх баёў за Смаленск ён паслаў у Маскву, да свайго калегi У.А.Нягоўскага, лiст:

«...Пiшу з слабай надзеяй, што лiст трапiць да Вас... Калi Вас не прызвалi, то неабходна ажыццявiць арганiзацыю хiрургiчнай групы па прымяненню артэрыяльнага пералiвання крывi, аб якой я з Вамi некалькi разоў гаварыў... Сам я знаходжуся ў адным з палявых шпiталяў. Становiшча i ўмовы працы не дазваляюць заняцца гэтым пытаннем... Вашы меркаваннi па гэтаму пытанню прашу паведамiць мне» [29].

У адным з цяжкiх баёў I.А.Бiрыла трапiў у палон, пад канвоем зноў апынуўся на беларускай зямлi, цудам пазбег смерцi i, калi выратаваўся, зноў лячыў людзей. У.А.Нягоўскi ў 1943 г. на чале брыгады ўрачоў выехаў на фронт. Скарыстоўваючы метад I.А.Бiрылы, яны выратавалi некалькi дзесяткаў цяжкапараненых, што знаходзiлiся ўжо на самым краю жыцця.

Ва ўмовах хуткага прасоўвання ворага вывезцi параненых байцоў i камандзiраў не заўсёды ўдавалася. Шмат якiя медыцынскiя работнiкi i тады не кiдалi ў бядзе сваiх падапечных, з дапамогай мясцовага насельнiцтва стваралi падпольныя шпiталi.

Пад час баёў за Барысаў асаблiва жорсткiя сутычкi разгортвалiся ў раёне вакзала. Начальнiк урачэбнага ўчастка чыгуначнай станцыi П.Вусцiн выносiў з бою параненых воiнаў i размяшчаў iх у памяшканнях амбулаторыi. Калi ж горад быў захоплены, усiх iх тайна трымалi i лячылi, выдаючы за цывiльных, у будынку былога радзiльнага дома [30, 31, 32].

У канцы чэрвеня 1941 г. у Лагойскай раённай бальнiцы засталося каля 200 параненых чырвонаармейцаў i камандзiраў. Медперсанал бальнiцы на чале з урачом М.Н.Анiсiмавай таксама здолеў падмануць гiтлераўцаў, выдаць сваiх пацыентаў за мясцовых жыхароў. Падпольны шпiталь функцыянаваў у Лагойску працяглы час, аж пакуль не перабазiраваўся ў партызанскi атрад [33].

Больш чым 150 параненых воiнаў схаваў i выратаваў ад расправы фашыстаў медыцынскi персанал Уздзенскай раённай бальнiцы. Лячэнне i догляд параненых узначальвалi медыкi Т.Г.Зайцава i Э.А.Раецкая. [34] Такiм жа чынам сотнi чырвонаармейцаў i камандзiраў былi выратаваны медработнiкамi ў Мiнску, Вiцебску, Магiлёве, Слонiме, Грэску i iншых населеных пунктах.

З Беларусi на франты вайны трапiлi многiя тысячы медыцынскiх работнiкаў. Звыш 100 чалавек з прафесарска-выкладчыцкага складу i каля 3000 выпускнiкоў i студэнтаў Мiнскага медыцынскага iнстытута аказвалi медыцынскую дапамогу воiнам-франтавiкам. Галоўным паталагаанатамам фронта быў прафесар Ю.В.Гулькевiч, санiтарным iнспектарам фронта — П.В.Астапеня, паталагаанатамiчную лабараторыю армii ўзначальваў А.Т.Каравiкоў. Шмат хто працаваў старшымi ўрачамi палкоў, вядучымi хiрургамi медыка-санiтарных батальёнаў, узначальваў палявыя рухомыя шпiталi, праявiў сябе ў эвакашпiталях [35].

На фронт пайшлi i многiя выкладчыкi, выпускнiкi i студэнты Вiцебскага медыцынскага iнстытута. Галоўным тэрапеўтам Карэльскага фронта быў прафесар М.А.Ляс, кансультантам шэрагу шпiталяў — прафесар В.А.Морзан. З баямi ад Тулы да Карпат прайшоў старшы ўрач кавалерыйскага палка Я.М.Мядзведскi. Ва ўмовах манеўраных баёў ён аператыўна арганiзоўваў урачэбную дапамогу параненым, за што быў узнагароджаны некалькiмi ордэнамi i медалямi [36].

Ураджэнка Магiлёўшчыны М.В.Блiзнякова ў 1933-м скончыла Ваенна-медыцынскую акадэмiю, стала дасканалым хiрургам, начальнiкам шпiталя дывiзii. У франтавых шпiталях здзейснiла мноства складаных аперацый, узнагароджана ордэнамi Ленiна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркi [37].

Не шкадуючы сябе, ратавалi людзей на перадавой, пад агнём многiя i многiя медыкi з Беларусi, што выконвалi абавязкi санiтараў, санiнструктараў, медыцынскiх сясцёр i фельчараў розных падраздзяленняў ваенна-медыцынскай службы.

Вось некалькi слоў пра гераiзм адной з такiх асоб —С.В.Голухавай, узнагароджанай мiжнароднай адзнакай Чырвонага Крыжа, медалём iмя Флорэнс Найцiнгейл. На Калiнiнскiм фронце яна была старшай аперацыйна-хiрургiчнай медсястрой медыкасанiтарнага батальёна. Здаралася, суткамi працавала ў аперацыйнай, ратуючы людзей. Даводзiлася i выносiць параненых з поля боя. У кастрычнiку 1942 г. у жорсткiх баях за горад Белы дзяўчына з’яўлялася на самых небяспечных участках, змагаючыся за жыццi воiнаў. За двое сутак адважная медсястра дапамагла звыш 40 параненым, вынесла iх з-пад агню. Калi несла свайго апошняга, побач разарвалася мiна. Са шпiталю яна выйшла без левай рукi, быў выдалены правы лакцявы сустаў, назаўсёды засталася ўкарочанай правая нага. Але ў страi медыкаў С.В.Голухава засталася [38].


7.

Знайшла прымяненне на фронце i прафесiя кiнааператара. Яго праца, накiраваная на тое, каб сродкамi кiно ўмацаваць веру людзей у перамогу над фашызмам, падсiлкаваць iх духоўна, а таксама стварыць кiнадакументы аб вайне, мела вельмi важнае значэнне. Беларускiя кiнадакументалiсты з камерай i аўтаматам у руках прайшлi тысячы кiламетраў франтавымi i партызанскiмi дарогамi. М.Бераў здымаў савецкае контрнаступленне пад Масквой, эпiзоды ўзяцця Мажайска, баi пад Барадзiно i Гжацкам, вызваленне Вiцебска i Мiнска, Вiльнюса i Гродна, бiтвы за Кёнiгсберг i Пiлаў. У.Цяслюк удзельнiчаў у 18 баявых вылетах, пад час якiх карыстаўся як кiнакамерай, так i кулямётам, замяшчаючы стралкарадыста.

Вялiзны багаж франтавых здымкаў меў У.Вейнеровiч, ён жа тройчы лятаў да партызан. Праца яго была адзначана Дзяржаўнай прэмiяй СССР i ўрадавымi ўзнагародамi. Шмат зрабiлi таксама на баявых здымках С.Школьнiкаў, М.Капкiн, М.Сухава, О.Рэйзман. Кадры, знятыя беларускiмi аператарамi, увайшлi ў кiнафiльмы «Разгром немцаў пад Масквой», «Народныя мсцiўцы», «Бiтва за нашу Савецкую Украiну», «Вызваленне Савецкай Беларусi» i iншыя.

Некаторыя з дзеячоў беларускага кiно загiнулi, выконваючы прафесiйныя абавязкi. Аператар 3-га Украiнскага фронту М.Капкiн у 1943 г. падарваўся на мiне. М.Сухава, трапiўшы да партызан, была смяротна паранена ў маi 1944 г. пад час прарыву блакады ў Полацка-Лепельскай зоне. Памiраючы на руках таварышаў, яна паспела сказаць, дзе схавана адзнятая ёй кiнаплёнка [39, 40, 41, 42].

Важкiм быў уклад iнтэлiгенцыi ў антыфашысцкую агiтацыйнамасавую, выхаваўча-палiтычную работу, што праводзiлася ў франтавых умовах. Самую розную iнфармацыю даносiлi да франтавiкоў, насельнiцтва прылеглых раёнаў армейскiя лектары i дакладчыкi, прапагандысты i палiтработнiкi.

Шмат iнтэлiгентаў з Беларусi прыйшло i ў ваенны друк. У жнiўнi 1941 г., калi нямецкiя танкi наблiжалiся да Гомеля, быў сфармiраваны журналiсцкi эшалон-друкарня, якi, адыходзячы разам з войскамi, некаторы час забяспечваў выданне ў прыфрантавой паласе «Звязды», «Советской Белоруссии», агiтплакатаў, лiстовак. Упраўленнем палiтычнай прапаганды Заходняга фронту з лiпеня 1941 г. выдавалася газета «За Савецкую Беларусь» (адказны рэдактар — пiсьменнiк М.Лынькоў). Яе рэдакцыя часта перакiдвалася з аднаго ўчастка фронту на другi, як мага блiжэй да межаў Беларусi (тыраж актыўна засылаўся на акупiраваную беларускую зямлю). У 1942 г. са складу рэдакцыi газеты «За Савецкую Беларусь» была выдзелена група журналiстаў, якая з сакавiка гэтага года пачала выпускаць газету «За Свабодную Беларусь» (орган палiтупраўлення Калiнiнскага фронту). З вясны 1942 г. у прыфрантавой паласе журналiстамi пачала рабiцца i такая беларуская газета, як «Вiцебскi рабочы» (усiмi сродкамi яна таксама распаўсюджвалася на Беларусь).

Шмат журналiстаў, лiтаратараў з Беларусi працавала ў розных iншых франтавых газетах, а таксама ў друку армiй, дывiзiй, палкоў. На Паўночна-Заходнiм фронце, працуючы ў армейскай газеце «Знамя Советов», напiсаў этапны для беларускай лiтаратуры твор, паэму «Сцяг брыгады» А.Куляшоў. Непасрэднымi ўдзельнiкамi баёў былi многiя маладыя пiсьменнiкi i паэты. У хвiлiны зацiшша яны бралiся за пяро, выплёскiвалi перажытае, думкi i пачуццi на паперу. «Акопныя вершы» — менавiта так паiменаваў свае франтавыя творы П.Прануза. А вось што пiсаў у Маскву А.Стаховiч: «Пачынаючы з 7 лiпеня, я ў няспынных баях. 10 лiстапада мяне ўзнагародзiлi ордэнам Чырвонай Зоркi. Хочацца больш пiсаць, гаварыць з народам». [43].

Шмат хто з iх назаўсёды застаўся маладым, спачыўшы далёка ад дома. Уладзiмiр Рагуцкi загiнуў пад Ленiнградам, пад Сталiнградам — А.Гейнэ, А.Жаўрук, Х.Шынклер. З.Астапенка, якi цудам вырваўся з сталiнiсцкiх засценкаў i дабраахвотнiкам падаўся на фронт, склаў галаву ў Высокiх Татрах. [44]. Рэпрэсаваны яшчэ ў 1933 г. i высланы за межы Беларусi М.Нiкановiч у 1942 г. трапiў у дзеючую армiю, а ў 1944 г. прапаў без вестак на тэрыторыi Чэхаславакii. [45]. А.Коршак напаткаў смерць ва Усходняй Прусii, а М.Сурначоў — пры штурме Берлiна.

(Дзеля гiстарычнай праўды патрэбна нагадаць i пра iншае. У той жа час нехта з лiтаратараў, якiя знаходхзiлiся ў тыле, набываў вядомасць у аф-ш-цыйных прапагандысцкiх структурах, прыстасоўваўся дп правiлаў гульнi ў эшалонах улады, у афiцыёзным культурнiцкiм асяроддзi, толькi выкарыстоўваючы франтавую тэматыку. На гэты конт даволi трапна аднойчы выказаўся П.К.Панамарэнка:

«Вядома нямнога пiсьменнiкаў, якiя сапраўды ўдзельнiчаюць у франтавых справах. Ёсць такiя, якiя выязджаюць раз цi два не далей канцылярыi франтавых упраўленняў, цi ў раён, дзе некалькi месяцаў таму былi немцы, i лiчаць дастатковым, бо гэта давала iм права напiсаць пад артыкулам цi радком ля прозвiшча «Дзеючая армiя», хоць армii i яе дзеянняў яны i ў вочы не бачылi. Потым гэтыя людзi ездзяць усюды i распiсваюцца: «паэт-франтавiк» цi «удзельнiк баявых паходаў Чырвонай Армii».) [46]

У агiтацыйна-выхаваўчай працы на фронце былi задзейнiчаны i мастацкiя, артыстычныя сiлы. Беларускiя артысты, творчыя ўстановы якiх былi эвакуiраваны ў савецкi тыл, стварылi шэраг франтавых канцэртных брыгад. Яны з поспехам выступалi на перадавой, у розных радах войскаў, у шпiталях i г.д. Тры артыстаў Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, напрыклад, яшчэ ў чэрвенi 1941 г. была арганiзавана франтавая брыгада. У 1942 г. яна перарасла ў сапраўдны франтавы тэатр. Артысты з вайсковымi часцямi прарабiлi вялiзны шлях па ваенных дарогах, дайшлi аж да Усходняй Прусii, далi ўсяго звыш 2500 канцэртаў, пераважна на перадавых. На розных франтах дзейнiчалi таксама артыстычныя брыгады БДТ-1 i БДТ-2, Беларускага тэатра оперы i балета, Рускага драматычнага тэатра, некаторых iншых творчых устаноў. [47, 48, 49]. Працаваць нярэдка даводзiлася i пад адкрытым небам, захiнаючыся ад непагоды. Артысты бывалi пад бамбёжкай, абстрэламi, некаторыя з iх загiнулi [50]. Тыя, што асаблiва вызначылiся, былi ўзнагароджаны баявымi ордэнамi i медалямi.


8.

Побач з гераiчным, узлётам чалавечага духу да подзвiгу, самаахвярнай працай на вайне было i iншае — здрада i подласць, маладушнасць, палахлiвасць i дэзерцiрства, жаданне за любы кошт выжыць, чалавечая неразборлiвасць. На фронце было ўсё i ўсялякае. Не мiнула гэта i беларусаў-франтавiкоў, у тым лiку i з асяроддзя iнтэлiгенцыi. Тых, хто схiбiў, знаходзiла пакаранне адпаведных рэпрэсiўных савецкiх органаў [51, 52]. Здаралася, аднак, што ў рэпрэсiўныя жорны траплялi людзi i не заслужана, цярпелi амаль нi за што. Сярод iх былi тыя, хто не ва ўсiм згаджаўся з афiцыйнай прапагандай, хто меў неасцярожнасць сумнявацца ў перавагах савецкай грамадскай сiстэмы, асобных яе праяўленняў, у прыватнасцi, калгаснага будаўнiцтва. Нават спробы абмеркаваць прычыны нашых няўдач у першыя месяцы вайны служылi для рэпрэсiўных органаў асновай для пазбаўлення волi, жыцця тых, на каго даносiлi за «антысавецкую агiтацыю» [53].

Нехта ў такiх абставiнах гiнуў ад бязлiтасных рук сваiх жа суайчыннiкаў, сыходзiў у нябыт, нехта з несправядлiва асуджаных, здаралася, атрымлiваў ад лёсу шанец пацвердзiць свой патрыятызм, даказаць, чаго ён варты на самай справе.

Беларускi лiтаратар Р.С.Бярозкiн быў арыштаваны перад вайной у Мiнску. У канцы чэрвеня 1941 г., калi да сталiцы Беларусi падыходзiлi немцы, калону палiтзняволеных павялi на ўсход. Пад бамбёжкай з часткай палiтычных вязняў канваiры расправiлiся, аднак некаторым, у тым лiку i Р.С.Бярозкiну, удалося ўцячы. Дваццацiтрохгадовы юнак не стаў хавацца, а накiраваўся ў ваенкамат. З лiпеня 1941 г. i да канца вайны ён франтавiк - радавы, камандзiр аддзялення разведкi, аўтаматчыкаў на танках. Прайшоў Сталiнград i Курскую дугу, вызваляў Кiеўшчыну, бiўся за Карпаты i на Сандамiрскiм плацдарме, пад Берлiнам i Прагай. Атрымаў два ордэны, чатыры медалi. Быў паранены. Аднак пасля Перамогi забралi адбываць усё той жа стары тэрмiн — дзесяць гадоў за «антысавецкую агiтацыю» [54; 55; 56; 57].

Ураджэнец Быхаўскага раёна авiятэхнiк-франтавiк А.С.Курсакоў у 1942 г. па iлжываму даносу атрымаў дзесяць гадоў лагераў, але з этапу ўцёк зноў жа на фронт, змянiўшы прозвiшча. Без дакументаў трапiў пад следства, потым — у штрафную роту, у самае пекла пад Сталiнград. Адзiн з нямногiх штрафнiкoў выжыў, быў пераведзены ў мiнамётчыкi, дабраахвотнiкам пайшоў у разведку. Шэсць баявых узнагарод на рахунку А.С.Курсакова — 3 ордэны i 3 медалi. Аднак у 1949-м i яго прымусiлi адбываць атрыманы калiсьцi тэрмiн зняволення [58].

У франтавым змаганнi з фашызмам беларускi народ панёс значныя страты. За перамогу давялося заплацiць вялiкай крывёй. На франтах Вялiкай Айчыннай вайны загiнулi сотнi тысяч нашых землякоў. Страты не заўсёды выклiкалiся сiлай, вайсковымi магчымасцямi ворага. Сярод сваiх хапала бяздарных кiраўнiкоў, камандзiраў-самадураў, якiя не шкадавалi салдацкiх жыццяў. Падзеi на розных этапах вайны пацвярджаць гэта. У прыватнасцi, пасля вызвалення Беларусi моладзь прызыўнога ўзросту без належнай падрыхтоўкi мабiлiзоўвалася ў дзеючую армiю i паспешлiва кiдалася ў бой. Не шкадавалi i таму, што да ўсiх, хто патрапiў пад фашысцкую акупацыю, ставiлiся з падазронасцю. Бяссэнсава загублены былi дзесяткi тысяч такiх маладых, не падрыхтаваных у ваенных адносiнах салдат у Польшчы, пры штурме Кёнiгсберга, у Берлiнскай аперацыi [59] (у тым лiку i з асяроддзя iнтэлiгенцыi; на жаль крынiцы не дазваляюць прывесцi нейкую статыстыку на гэты конт, як i лiчбы аб агульных стратах iнтэлiгенцыi Беларусi ў франтавым змаганнi з ворагам).

Такiм чынам, у час Вялiкай Айчыннай вайны iнтэлiгенцыя Беларусi дэлегiравала ў шэрагi франтавых барацьбiтоў з фашызмам, у Савецкiя Узброеныя Сiлы вялiкую колькасць байцоў. Яе прадстаўнiкi кiравалi ў бiтвах з ворагам баявымi злучэннямi i iшлi па дарогах вайны звычайнымi салдатамi, здзяйснялi подзвiгi, тысячамi гiнулi дзеля перамогi над карычневай чумой, якая пагражала iх роднай зямлi i ўсяму свету. Атрымаўшы адукацыю, з’яўляючыся спецыялiстамi сваёй справы, iнтэлiгенты былi i здатнымi воiнамi. Iх ваенныя, тэхнiчныя, медыцынскiя i iншыя веды ў ваенным працiстаяннi фашызму былi незаменнымi, надзвычай карыснымi ў змаганнi. Шмат хто з гэтых людзей знаходзiў у сабе здольнасцi, талент, сiлы i для духоўнага падмацавання ўсiх тых, хто ўступiў у смяротную барацьбу з фашызмам. Барацьба, надзвычай няпростае, цяжкае жыццё, iснаванне людзей у гэтыя ваенныя часы нашмат ускладнялiся праяўленнямi сталiншчыны, якая да iнтэлiгенцыi, у прыватнасцi, заўсёды мела вельмi пiльную ўвагу. Пераадоленне гэтых абставiн было справай ужо мiрнай будучынi.


          ЛIТАРАТУРА:

1. Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2. (1921-1966). Мн., 1967, С.299.
2. Лiтаратура i мастацтва, 1995, 17 сакавiка.
3. Великая Отечественная война. 1941-1945. Энциклопедия. М., 1985, С.8.
4. БДМГВАВ, фонды, iнв. №7769.
5. НАРБ, ф. 4289, воп. 1, сп. 10, а. 6, 11.
6. НАРБ, ф. 4289, воп.1, сп.3, а. 10, 11, 22, 24.
7. Андрющенко Н. К. Народное ополчение Белоруссии. Мн., 1980, С. 21, 22.
8. История Великой Отечественной войны Советского Союза. 1941-1945. В 6 т. Т. 3. М., 1961, С.222.
9. Солдатами были все. Мн., 1972, С.138.
10. Герои Советского Союза — могилевчане. Мн., 1965, С. 46-47.
11. Маладосць, 1962, №10, С.120.
12. Советская Белоруссия, 1965, 24 апреля.
13. Буров А. В. Твои герои, Ленинград. Л., 1970, С.566, 614.
14. Навечно в сердце народном. Мн., 1977.
15. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. Т. 4. Мн., 1997, С.244.
16. Мень Г. История одного подвига. Мн., 1964.
17. Сцяг камунiзма (Касцюковiчы), 1984, 7 красавiка.
18. Навечно в сердце народном. Мн., 1977.
19. Беларускi дзяржаўны музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны (БДМГВАВ), фонды, iнв. N н/в 7443/7.
20. Навечно в сердце народном. Мн., 1977.
21. Великий освободительный поход. М., 1970, С. 169.
22. Архiў Iнстытута гiсторыi НАНБ, ф. 15, воп. 1, сп. 32, а. 63.
23. Навечно в сердце народном. Мн., 1977.
24. Навечно в сердце народном. Мн., 1977.
25. Святло камунiзма (Маладзечна), 1984, 18 студзеня.
26. Токарев Н. В. Военные судьбы. Сотрудники АН Беларуси —участники Великой Отечественной войны. Мн., 1995, С.6.
27. Скринников М. И. Солдаты стальных магистралей. Мн., 1989, С.16.
28. Солдатами были все. Мн., 1972, С. 279, 282.
29. Советская медицина, 1962, №6, С. 142.
30. Андрющенко Н. К. На земле Белоруссии летом 1941 года. Мн., 1985, С.107.
31. Великая Отечественная война. 1941-1945. Энциклопедия. М., 1985.
32. Звязда, 1988, 13 кастрычнiка.
33. Неман, 1978, № 3, С. 139, 141.
34. Подвиги их бессмертны. Мн., 1978, С. 115.
35. Шишко Е. И., Ключарев А. А., Курбако А. И. Минский ордена Трудового Красного Знамени государственный медицинский институт. Мн., 1991, С. 178.
36. Здравоохранение Белоруссии, 1971, № 7, С. 47.
37. Работнiца i сялянка, 1974, № 8, С. 5.
38. Работнiца i сялянка, 1978, № 3, С. 16.
39. Неман, 1975, № 5, С. 191.
40. Марцелев С. В. К духовному расцвету. Мн., 1974, С. 193.
41. История белорусского кино (1924-1945). Мн. 1968, С. 213-214.
42. Вечерний Минск, 1997, 5 декабря.
43. Саченко И. И. И штыком, и пером. Мн., 1979, С. 4.
44. Лiтаратура i мастацтва, 2000, 8 верасня.
45. Лiтаратура i мастацтва, 1997, 11 красавiка.
46. Звязда, 1998, 26 лютага.
47. Пейсахович А. Я. Культурное строительство в Белорусской ССР в 1943-1945 гг. Мн., 1961, С. 34.
48. НАРБ, ф. 4, воп. 47, сп. 3., а. 102, 116, 120, 123, 124.
49. НАРБ, ф. 4, воп. 47, сп. 32, а. 154.
50. Вечерний Минск, 1997, 30 июня.
51. Военно-исторический журнал, 1992, №11, С. 26-27.
52. Военно-исторический журнал, 1993, № 1, С. 34-35.
53. Скарулiс С. «Я ведаю, вы расстраляеце мяне...» // Полымя, 1994, № 8.
54. Лiтаратура i мастацтва, 1993, 9 красавiка
55. Лiтаратура i мастацтва, 1993, 10 лiпеня.
56. Лiтаратура i мастацтва, 1994, 1 лiпеня.
57. Лiтаратура i мастацтва, 1998, 3 лiпеня.
58. Магiлёўская праўда, 1993, 23 верасня.
59. Беларускi гicтарычны часопiс, 1995, №2, С. 15, 23.

 
 
Яндекс.Метрика