Беларусь на маршрутах мадэрнiзацыi. ХIX-XX вв

 

          Захар ШЫБЕКА

 

Усё больш узрастае разуменне, што свет знаходзiцца на вадападзеле двух эраў. Ён iмклiва мяняецца. Як гэты працэс лепей абазначыць? На сёняшнi дзень, здаецца, няма больш ёмкага паняцця, як «мадэрнасць» з яго неверагодна шырокiм ахопам праблем (прагрэс, ревалюцыя, рэформы, гнуткасць). Таму мадэрнасць можа выступаць тэрмiнам цi сiмвалам дынамiзму сучаснага жыцця, а таксама iмклiвай мадэрнiзацыi свету, якая распачынаецца на нашых вачах.


1.

Адчуванне глабальных перамен спалучаецца з непакоем, што ўсё рухаецца занадта хутка. А ў Беларусi гэты непакой дапаўняецца нават адчаем, што мы безнадзейна адстаём. Нашу краiну, зразумела, нiяк не назавеш сучаснай. I таму нiшто так не хвалюе, як цяперашняе становiшча i будучыня Беларусi. Але калi мы так думаем, то i ў несучаснай краiне ўсё роўна становiмся грамадзянамi сучаснымi, мадэрновымi. Чаму? Ды таму, што мадэрнiзм - гэта спосаб мыслення, яго звернутасць у будучыню. Мадэрнасць глядзiць у будучыню, спадзяецца на яе, плануе яе, мадэлюе, будуе яе. I ў гэтым сэнсе мы не адрознpваемся ад iншых еўрапейцаў.

Бег часу зараз настолькi паскорыўся, што прымушае ўглядацца ўперад. Чалавецтва нiбы перасела з коньскага воза на хуткасны аўтамабiль. Калi раней можна было спакойна глядзець назад, паглядваць па баках, то зараз такая магчымасць iстотна зменшылася. Не будзеш глядзець наперад — апынешся на абочыне цывiлiзацыi.

Гiсторыкi, у адрозненне ад iншых, усё ж углядаюцца ў будучыню праз мiнулае. А таму ў iх ёсць шанц убачыць болей. Найноўшая гiсторыя можа служыць своеасаблiвым бiноклем. А таму звернемся да высвятлення асноўных тэндэнцый мадэрнiзацыi ў нашай найноўшай гiсторыi. Можа гэта неяк дапаможа канкрэтызаваць нашы ўяўленнi аб месцы Беларусi ў свеце, яе будучынi.

Калi пачынаецца мадэрнасць? Яна iснавала заўсёды. Аднак асаблiва прыкметна стала нарастаць у Заходняй Еўропе з ХYII ст. Мяжой перамогi яе ў гэтым рэгiёне можна лiчыць канец ХYIII — пачатак ХIХ стагоддзяў, калi большасць заходнiх краiн ажыццявiла буржуазныя мадэрнiзацыi. Мадэрнiзацыя Беларусi з пераменным поспехам праходзiла ў ХХ стагоддзi. Гэты працэс не завершаны дагэтуль.

Маршруты мадэрнасцi пралягалi праз рэвалюцыi. Паводле шведскага сацыёлага Ёрана Тэрборна, у розных частках свету барацьба памiж прыхiльнiкамi i працiўнiкамi мадэрнасцi адбывалася па-рознаму.

1. У выпадку Еўропы сiлы абодвух бакоў былi ўнутранага паходжання. Узнiкалi ўнутраныя рэвалюцыi цi грамадзянскiя войны, што бралi пачатак ад класавых канфлiктаў i параджалi ў далейшым усемагчымыя iзмы: абсалютызм, сацыялiзм, лiбералiзм.

2. Iншы ўзор уяўляў сабой Новы Свет. Тут ворагi мадэрнасцi былi першапачаткова на другiм баку акiяна: у Брытанii адносна ЗША, у Iспанii i Партугалii адносна Паўднёвай Амерыкi.

3. Трэцi маршрут да мадэрнасцi быў уласцiвы каланiяльнай зоне. Тут мадэрнасць прыйшла звонку. Пазней яна стала зброяй супраць каланiзатараў.

4.Быў i чацвёрты шлях, шлях мадэрнiзацыi пад знешнiм уплывам. Ён быў уласцiвым тым краiнам, якiя пад пагрозай iмперскiх дзяржаў пачыналi мадэрнiзацыю па ўласнай iнiцыятыве [1]. Прыкладам могуць служыць рэформы Муцухiта ў Японi i рэформы Пятра ў Расii.


2.

Якiм жа шляхам iшла мадэрнiзацыя ў Беларусi? Адказаць на гэта пытанне не так проста ўжо таму, што згаданыя чатыры маршруты трэба разглядаць як iдэальныя тыпы. У канкрэтным жыццi мадэрнiзацыя магла ажыццяўляцца ў двух i болей варыянтах. А, па-другое, Беларусь настолькi своеасаблiвая краiна, што не ўкладваецца нi ў адзiн з прапанаваных маршрутаў мадэрнiзацыi. Адразу можна з упэўненасцю сказаць, што чацвёртым маршрутам мы не iшлi. Для мадэрнiзацыi пад знешнiм уплывам патрабавалася магутная ўлада, а свайго «iмператара» Беларусь займела толькi нядаўна. Спадзяваннi ж, што ён стане нашым Пятром Вялiкiм, здаецца, не спраўджваюцца. Не былi ўспрыняты нават лепшыя прыклады мадэрнiзацыi сучаснай Расii. Так што, чацвёрты маршрут адпадае.

Магчыма, што мадэрнасць прыйшла да нас звонку, i мы шлi да яе трэцiм маршрутам? Прызнаўшы гэта, мы прызнаем адначасова свой каланiяльны статус, сваю каланiяльную залежнасць ад Расii. Але цi так гэта? Цi была Беларусь калонiяй? Адзiнага меркавання на гэты конт няма. Чаму? Адказ на ўзнятае пытанне залежыць ад палiтычнай пазiцыi чалавека, яго нацыянальнай самасвядомасцi. Многiя рускiя мiгранты ды i зрусiфiкаваныя беларусы лiчаць Беларусь неад’емнай часткай Расii. Для iх у вынiку разбораў Рэчы Паспалiтай у канцы ХYIII ст. беларускiя землi ўз’ядналiся з расiйскiмi, а не былi захоплены. Значыць — i гаворкi пра калонiю, на iх думку, не магло быць.

Нацыянальна свядомыя жыхары Беларусi займаюць супрацьлеглую пазiцыю, а таму схiльныя лiчыць, што Беларусь, некалi самастойная дзяржава ў форме ВКЛ, была калонiяй Расii. Праўда, пры гэтым не ўсе могуць патлумачыць, што яны разумеюць пад паняццем «калонiя». У большасцi выпадкаў калонiя атаесамляецца са стратай нашай дзяржаўнасцi, з захопам нашых земляў Расiяй у канцы ХYIII ст. Але цi дае гэта падставу называць Беларусь калонiяй. Палякi, да прыкладу, пазбягаюць гэтага вызначэння. Яны кажуць пра «Польшчу пад расiйскiм заборам», бо немагчыма ўявiць сабе эканамiчна i культурна развiтую Польшчу расiйскай калонiяй.

А Беларусь, выходзiць, можна? Выходзiць, можна, бо ў дадзеным выпадку мы самi сябе прынiжаем. Адкуль такое пайшло? Ад бальшавiкоў. Гэта яны ў свой час стварылi вобраз адсталай, забiтай i лапцёжнай Беларусi, якую ленiнцы нiбыта ўратавалi ад царскага каланiяльнага ярма. А калi гэтая iдэя адпрацавала i страцiла палiтычную актуальнасць, адмовiлiся ад яе.

Пасля вайны савецкшя вучоныя пачалш ўжо гаварыць пра братэрскшя адносшны памшж беларусамi i рускiмi i пра сярэднi ўзровень капiталiзму ў Беларусi пры царызме. Пра яе каланiяльнае становiшча не сталi i ўспамiнаць, бо гэта падрывала гонар савецкай дзяржавы як спадкаемнiцы царскай iмперыi. Так што калонiя — гэта бальшавiцкая выдумка, гэта марксiстоўскi тэрмiн, якi зусiм недакладна вызначае месца Беларусi ў мадэрнай гiсторыi. Але як тады вызначыць прынiжанае становiшча Беларусi ў складзе Расiйскай iмперыii? Ёсць вельмi добрае вызначэнне Янкi Купалы —»забраны край» у сэнсе падпарадкаванай, непаўнапраўнай тэрыторыi, але не калонii.

Пасля абвяшчэння незалежнасцi беларускiя палiтыкi зноў загаварылi пра Беларусь як калонiю Расii, як краiну якая ўрэшце вызвалiлася з-пад расiйска-савецкага каланiяльнага ярма. Рабiлася гэта таксама пераважна ў палiтычных мэтах, каб як мага больш дыстанцавацца ад Расii i падкрэслiць вялiкую цану незалежнасцi. Спасылалiся i на гiстарычныя падставы. Тэрмiн «калонiя» звязваўся са стратай нашай узноўленай у 1919 г. дзяржаўнасцi ў форме Беларускай Народнай Рэспублiкi, з паўторным захопам расiйскiмi бальшавiкамi ў 1919-1920 гг. нашых земляў, з татальнай русiфiкацыяй у пасляваенны перыяд. Але ж у эканамiчных жа i культурных адносiнах савецкая Беларусь нiчым не ўступала савецкай Расii, а таму i не была калонiяй у поўным сэнсе гэтага слова. Як i пры царызме, яна заставалася нераўнапраўнай, падпарадкаванай тэрыторыяй, «забраным краем», але не была калонiяй.

Калi прытрымлiвацца навуковай тэрмiналогii, то пра БССР трэба гаварыць не як пра калонiю, а як пра дзяржаву-сатэлiт. Варта разумець, што тэрмiн «калонiя» —не навуковы, а публiцыстычны. Ён выкарыстоўваецца i будзе выкарыстоўвацца ў палiтычных мэтах, бо больш зразумелы на ўзроўнi масавай свядомасцi. I калi у публiцыстычных творах гэта яшчэ дапушчальна, то у навуковых працах — зусiм не. Аднак i ў навуковай сферы на гэты конт, на жаль, дапускаецца недакладнасць: каланiяльная палiтыка расiйскiх улад калi-некалi выдаецца за фактычны каланiяльны статут Беларусi. Па сутнасцi ж, каланiяльная палiтыка не прынесла на беларускiх землях чакаемых вынiкаў. Жыхары Беларусi нязменна даказвалi пануючай рускай нацыi сваю паўнавартасць, а Беларускi край так i не стаў каланiяльным прыдаткам (ускраiнай) Расii.

Метраполiя, звычайна, навязвала мадэрнасць адсталым калонiям звонку. Цi навязвала Расiя мадэрнасць Беларусi, як, да прыкладу, Францыя сваёй калонii — Алжыру? Навязвала, толькi не здабыткi еўрапейскай мадэрнасцi, а рускую мову, дэспатызм, iншыя еўразiйскiя каштоўнасцi. Што тычыцца эканомiкi i культуры, то тут яна не мела iстотных пераваг. Усе аграрныя рэформы пачыналiся ў Расii з беларускiх, а не з рускiх губерняў. Народная гаспадарка падцарскай Беларусi была самадастатковай i развiвалася ў адпаведнасцi з унутранымi запатрабаваннямi. Эканамiчная самадастатковасць трымалася ў значнай ступенi на беларускай працавiтасцi, яўрэйскiм прадпрымальнiцтве i польскай дасведчанасцi (адукаванасцi).

У складзе СССР Беларусi навязвалi савецкую iдэалогiю i зноў жа — рускую мову. Да ведаў i адукацыi жыхары Беларусi цягнулiся самi. Пасляваенная iндустрыялiзацыя прайшла ў значнай ступенi коштам германскiх рэпарацый i ўнутраных назапашванняў. Расiя змагла навязаць нам толькi буржуазны манархiзм у ходзе адмены прыгону i правядзення сталыпiнскай рэформы, а пазней — сацыялiзм. Гэта значыць, для Беларусi былi ўласцiвы толькi некаторыя элементы каланiяльнай мадэрнiзацыi i то, пераважна, ў iдэалагiчнай сферы.


3.

На жаль, наша навейшая гiсторыя складвалася такiм чынам, што Расiя не тое што навязвала, але стрымлiвала эканамiчную мадэрнiзацыю Беларусi, выступала асноўным ворагам мясцовых прагрэсiўных сiл беларускага грамадства. Пасля захопу беларускiх земляў тут былi ўведзены горшыя формы прыгоннага права. Эканамiчная дыскрымiнацыя каталiкоў i iўдзеяў, адсутнасць дзяржаўных заказаў iстотна стрымлiвалi iндустрыялiзацыю канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Савецкая iндустрыялiзацыя ў даваенны перыяд таксама слаба закранула Беларусь. Ворагам прамысловай мадэрнiзацыi Заходняй Беларусi ў той час выступала часова i Польшча.

Беларусь пазбавiлася ад знешняга фактара стрымлiвання толькi пасля другой сусветнай вайны. Толькi ў пасляваенны перыяд наша краiна стала iндустрыяльнай i урбанiзаванай. I толькi тады адбылося гэта ўпершыню ў значнай ступенi пад уплывам Расii. Беларусь пасля вайны iмклiва мадэрнiзавалася, але мадэрнiзавалася па-савецку. Гэта была савецкая мадарнiзацыя.

Эканамiчная мадэрнiзацыя па-савецку была, дарэчы, вельмi папулярнай перад вайной i пасля вайны ва ўсiм свеце. Эфект ад дзяржаўнага рэгулявання эканомiкай выклiкаў зайздрасць заходнееўрапейскiх палiтыкаў. У 1945 г. еўрапейцы не верылi ў амерыканскi лад жыцця i былi ў захапленнi ад Савецкага Саюза. У еўрапейскiх краiнах мэтанакiравана сталi пашыраць дзяржаўнае рэгуляванне, дзяржаўны сектар эканомiкi i нават уводзiць планаванне. Францыя, Галандыя, Нарвегiя, Японiя выконвалi пасляваенныя пяцiгодкi. Узнiкла надзея на новую сацыяльную сiстэму, на новую мадэрнасць па прыкладу Савецкага Саюза. Аднак савецкая мадэль мадэрнiзацыi хутка абанкруцiлася, таму што ўступiла ў супярэчлiвасць з дынамiзмам рынка i сацыяльнымi запатрабаваннямi працаўнiкоў. Гады халоднай вайны канчаткова выявiлi заганнасць мадэрнiзацыi па-савецку i перавагу мадэрнiзацыi паамерыканску, якую зараз успрымаюць i еўрапейцы i большасць iншых краiн свету.

Бальшавiкi пайшлi на мадэрнiзацыю Беларусi, бо былi ўпэнены, што яна будзе iх вечнай вотчынай. Але пасля абвяшчэння незалежнасцi рэспублiкi Расiя зноў страцiла зацiкаўленасць у беларускай мадэрнiзацыi. Прычыны таго —вiдавочныя. Нашай усходняй суседцы выгадна мець аслабленую i эканамiчна залежную Беларусь, каб выкарыстоўваць яе ў якасцi транспартнага калiдора i своеасаблiвага абароннага шчыта сваiх заходнiх межаў.

Такiм чынам, Беларусi, як i Новаму Свету найбольш уласцiвым быў другi маршрут мадэрнiзацыi. Працiўнiкi мадэрнiзацыi нашай краiны, як i ў свой час ЗША, краiн Лацiнскай Амерыкi, знаходзiлiся пераважна за яе межамi. Цi не таму праблемы беларускай мадэрнiзацыi так хвалююць ЗША i так iмi падтрымлiваюцца?

Не трэба скiдваць з рахунку i ўнутраных ворагаў мадэрнiзацыi. Спачатку — гэта рэакцыйная частка шляхты, сялянства, а потым — камунiстычная элiта. Унутраная барацьба за мадэрнiзацыю набывала ў Беларусi цiкавую i ўнiкальную адметнасць. Гэтая барацьба не праходзiла тут у яскрава выяўленай форме класавай барацьбы, як у заходнееўрапейскiх краiнах. У аснове барацьбы за мадэрнасць ляжала не нейкая iдэя, нейкi «iзм», а ўсходняя або заходняя палiтычная арыентацыя жыхароў Беларусi. Першая, усходняя, звязвалася з працiўнiкамi мадэрнiзацыi, другая, заходняя, — з абаронцамi мадэрнiзацыi. У ХIХ ст. такая барацьба вялася памiж прыхiльнiкамi расiйскай i польскай арыентацыi, а пазней, з канца ХIХ ст., — памiж барацьбiтамi за незалежнасць i мадэрнiзацыю Беларусi i сiламi, што iмкнулiся да кансервацыi старых парадкаў i яднання з Расiяй. У сувязi з такой адметнасцю барацьба за мадэрнiзацыю праходзiла не ў форме рэвалюцый, як на Захадзе, а ў форме антыцарскiх паўстанняў 1795, 1831, 1863 гадоў, вулiчных антыўрадавых шэсцяў i сутычак у 90-х гадах мiнулага стагоддзя.

Грамадзянскiя войны на беларускiх землях, у адрозненне ад Захада, таксама не мелi выразнага характара. Але ж на падставе рознаполюснай палiтычнай арыентацыi жыхароў Беларусi i ў гады першай, а затым i ў гады другой сусветных войнаў унутранае супрапрацьстаянне набывала элементы грамадзянскiх ваенных канфлiктаў. Беларускiя бальшавiкi ваявалi з беларускiмi эсэрамi у 1917-1921 гг., а беларускiя партызаны з беларускiмi палiцыянтамi ў 1941-1944 гг. Беларускае грамадства дагэтуль дзелiцца на прыхiльнiкаў усходняй i заходняй арыентацыi. Так што, мадэрнiзацыя Беларусi, несумненна, адбывалася i адбываецца адпаведна першаму маршруту, цi адпаведна еўрпейскаму ўзору.

А, увогуле ж, гэтая мадэрнiзацыя праходзiла складанымi, заблытанымi i часам супярэчлiвымi маршрутамi i галоўным чынам таму, што краiна не мела ў навейшы перыяд сваёй гiсторыi надзейнага i незалежнага кiраўнiцтва. А таму i агульная асаблiвасць мадэрнiзацыi Беларусi выяўляецца ў запаволенасцi.

 

          ЛIТАРАТУРА:

1. Ёран Тэрборн. «Еўропа сёння i заўтра». Мн.:— 1997, с.7-9.
2. Гл. Шыбека З. «Гарады Беларусi». Мн., 1998.

 
 
Яндекс.Метрика